Суббота, 20.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

     Наталля Багамольнікава,
     к. ф. н., дацэнт

                                                                                                Пра што гавораць нам тапонімы
     Тапонімамі называюць уласныя назвы розных геаграфічных аб’ектаў: мораў, рэк, азёр, балот, ручаёў, каналаў, гарадоў, сёл, вёсак, пасёлкаў, вуліц, плошчаў, завулкаў, астравоў і г.д. (ад элін. topos ‘месца’ і onyma ‘імя’). Тапонімы займаюць асобнае месца ў лексічнай сістэме любой мовы. З’яўляючыся індывідуальнымі найменнямі, яны выконваюць не толькі сваю адрасную функцыю. Гэта словы, якія абазначалі раней пэўнае паняцце. Даследчыкі тапаніміі прыйшлі да агульнай думкі, што ні адна назва не з’яўляецца выпадковай, што кожны геаграфічны аб’ект атрымлівае найменне па той адметнай прымеце, якая яго адрознівае ад іншых. Тапонімы, такім чынам, своеасаблівыя знакі, якія ўтрымліваюць звесткі пра духоўную і моўную культуру людзей, захоўваюць памяць пра далёкае мінулае, часта не зафіксаванае ў пісьмовых помніках, знаёмяць з культурай і гаспадаркай народаў. “Міналі стагоддзі, колькасць тапонімаў на зямным шары няўхільна расла, і зараз ужо ніхто не ў стане іх падлічыць” [5, с. 3]. Адзначанае стала прычынай паўтаральнасці найменняў. Аднолькавыя назвы сустракаюцца не толькі на абсягах розных славянскіх і неславянскіх тэрыторый, але нават і ў адміністрацыйных межах вобласці, раёна, аднаго сельскага савета. У якасці прыкладаў прывядзём онімы Брэст (гарады ў Беларусі і Францыі), Парыж (французскі горад і вёска на Віцебшчыне), Магілёў (Беларусь) і Магілёў Падольскі (Україна), Бушаўка (в. у Марозавіцкім с/с, п. у Чабатовіцкім с/с Буда-Кашалёўскага раёна, в. у Дуброўскім с/с Рэчыцкага раёна), Волга (рака ў Расіі і п. у Свірыдавіцкім с/с Рэчыцкага раёна).
     Сярод тапонімаў ёсць старажытныя і тыя, што ўзніклі пазней, яны існуюць і сёння і ўяўляюць сабой сталую нацыянальную каштоўнасць на тэрыторыі ўсходніх славян. Некаторыя запазычаны з іншых моў, але ўтвораны па законах беларускай мовы, яны сведчаць пра кантакты тагачаснага насельніцтва з іншымі этнасамі. У іх можа захавацца агульнае вядомае нам слова і слова, якое даўно выйшла з ужытку разам са знікненнем прадметаў і паняццяў або заменай іх іншымі словамі. Такія словы адносяць да рэліктавых тапонімаў, што захоўваюць старажытны пласт лексікі, таму нам сёння незразумелыя. Аналіз тапонімаў дае цікавыя звесткі пра жыццё нашых продкаў: як і калі яны засяліліся, якія былі ў іх тыпы паселішчаў, чым займаліся, як асвойвалі землі, што на іх вырошчвалі, якая была навакольная прырода . Напрыклад, на Гомельшчыне ў Светлагорскім раёне існавалі вёска і хутар Маргі. У аснове назваў знаходзілася старажытная лексема морг у значэнні ‘мера зямельных плошчаў у Вялікім княстве Літоўскім, адпаведная 0,75 га’. Мясцовае найменне вёскі Звесніца (афіц. Дзвесніца), што ў Акцябрскім раёне, захоўвае архаічнае слова весь ‘сяло, вёска’. Шматлікія ўтварэнні тыпу Восаў (варыянт Осаў) матываваныя архаізмам оса ‘асіна’. Недасведчанасць у вобласці тапанімікі (навукі, якая вывучае шляхі ўзнікнення тапонімаў, заканамернасці і асаблівасці іх функцыянавання) прыводзіць да аматарскага тлумачэння паходжання тапонімаў, менавіта таму Восаў і падобныя інш. звязваюць з прадстаўніком фауны восамі.
    Вельмі трапна ахарактарызаваў тапонімы М. І. Надзеждзін: “Назвы – мова Зямлі, а Зямля ёсць кніга, дзе гісторыя чалавецтва запісана ў геаграфічнай наменклатуры”. Зразумець значэнне ўласных назваў – нялёгкая задача. Для “расшыфроўкі” тапонімаў патрэбны спецыяльныя веды, так як тапаніміка знаходзіцца на стыку розных дысцыплін, найперш, гісторыі, археалогіі, геаграфіі, дыялекталогіі, этнаграфіі, фальклору. Так, сучасная афіцыйная назва г. Хойнікі для нас сёння мала зразумелая, аднак яе мясцовыя варыянты Хвойнікі, Хвайнікі, Хвойнічак [7, с.310] гаворыць аб тым, што пасяленне ўзнікла ў мясцовасці, дзе пераважна раслі хвоі. Гістарычныя дадзеныя сведчаць аб этнічным кантакце, уплыве польскай мовы, калі тэрыторыя ў свой час знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай.
     “…анімічныя адзінкі – у гісторыі, а гісторыя – у анімічных адзінках “, – сцвярджае даследчыца Г. М. Мезенка [6, с.14]. “Таму збор анамастычнага матэрыялу, яго вывучэнне і лексікаграфічнае апісанне па-ранейшаму застаецца для мовазнаўства, у тым ліку і беларускага, адной з актуальных і навукова важных задач” [4, с.4]. Актуальнасць збору і захавання матэрыялу дыктуецца і ўмовамі нашага рэгіёна, у якім за постчарнобыльскі перыяд быў адселены 271 населены пункт, з іх – 21 быў у мяжы Хойніцкага раёна.
    Тапонімы ў залежнасці ад выдзеленых імі аб’ектаў падзяляюцца на віды: айконімы (назвы населеных пунктаў), гідронімы (назвы водных аб’ектаў), урбанонімы (назвы ўнутрыгарадскіх аб’ектаў), мікратапонімы (назвы дробных геаграфічных аб’ектаў). Паміж гэтымі відамі ёсць шмат агульнага: спосабы намінацыі і ўтварэння, структура, яны актыўна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, пераходзячы без змен ці са зменамі з аднаго віда ў другі.
      У межах дадзенага артыкула прааналізуем мадэлі намінацыі айконімаў Хойніцкага раёна.
                                                       Лексіка-семантычны аналіз айконімаў Хойніцкага раёна
    Для нашчадкаў мы павінны захаваць спадчыну продкаў, таму будзем разглядаць назвы існуючых населеных пунктаў, зніклых і адселеных, якія знаходзяцца пад крылом цішыні (апошнія ў тэксце пазначаюцца зорачкамі).
     Многія айконімы Хойніцкага раёна ўтвораны ад агульных геаграфічных слоў-тэрмінаў, што характарызуюць асаблівасці тапаграфіі і навакольнага ланшафту.
     На арэалы расліннага свету ўказваюць назвы п. Баравіца ў былым Аравіцкім с/с (зараз не існуе), Вялікі Бор ( ад бор’густы сасновы лес, расце на высокім месцы), в. Берасцечка (памянш.-ласк. ад бяроста ‘бярозавая кара’), в. Восаў (Осаў) (ад оса ‘асіна’), п. Дуброва, в. Дубровіца (сукупнасць дубоў; аснова прадуктыўна ўжываецца ў тапаніміі як характэрная асаблівасць мясцовасці), в. Звяняцкае (мясц. Звіняцкае) (ад расліны звяняткі), п. Зялёны Гай (ад гай ‘невялікі лісцёвы лес’, спалены ў час Вялікай Айчыннай вайны), в. Карчовае (Карчоў) (ад корч), в. Лісцвін, вар. Ліствін (ад лісце), п. Лясок (узнікла каля або сярод невялікага лесу), в. Хвашчоўка (патранімічная ад назвы травяністай расліны хвошч), вв. Хвойнае, Хвойная Паляна (ад хвоя, узніклі ў хваёвым лесе). Утваральныя асновы гэтай групы – у асноўным найменні агульных лясных масіваў, радзей – парод дрэў і іх частак, раслін. Адзінкавы онім Грачыхіна суадносіцца з назвай сельскагаспадарчай культуры грэчкай (наўмысна не прыдумаеш! С. Б.) (раней Багуславец). Назвы фауны матывуе апелятыў каза (в. Казялужжа, вар. Казялужа).
     Айконімы Хойніцкага раёна прадстаўлены матывавальнымі асновамі, што адлюстроўваюць найбольш характэрныя асаблівасці рэльефу мясцовасці: в. Высокае (уверсе, вышэй адносна якіх-н. іншых аб’ектаў), в. Глінішча (характарызуе грунт мясцовасці, гліністая), п. *Града (ад града, значэнні розныя, але найбольш распаўсюджаны ‘цвёрдая паласа зямлі сярод забалочанай мясцовасці’, ‘узвышаная паласа сярод раўніны’), в. Забалацце (цяпер у мяжы г. Хойнікі), в. Загалле (узніклі за балотам, галам), вв. Маклішча, Мокіш (цяпер не існуе) (вакол пераўвільготненыя, забалочаныя месцы), в. Перавессе (заснавалася ў месцы паміж паніжэннямі, але ёсць і іншая версія, згодна з якой назва сведчыць аб старажытным спосабе лоўлі птушак пры дапамозе перавесаў ‘вялікіх сетак’ [5, с. 280]; спаленая ў час Вялікай Айчыннай вайны ), в. Плоскае (цяпер не існуе, пабудавалі на плоскім месцы, раўніне), п. Рабец ( адлюстроўвае знешні выгляд паселішча або ландшафту: ‘пярэстае, з плямамі іншага колеру’). (папраўдзе паселішча пераняло назву згаданай тут яшчэ ў XVI ст. рачулкі Рабец – прытоку р. Віць.– С. Б.)
     У даследаванай мясцовасці асобныя айконімы звязаны з жыццём і дзейнасцю чалавека. У назве в. Буда (цяпер не існуе) знаходзіўся аднайменны агульны назоўнік, які абазначаў ‘невялікае жыллё для часовага пражывання, лясная старожка’. У такіх будах жылі ў лесе буднікі. Яны займаліся вытворчасцю паташу, дзёгцю, смалы, драўлянага вуглю. На Гомельшчыне гэтая лексема прадуктыўна азначаецца адноснымі прыметнікамі, што ўказваюць на блізкае размяшчэнне аб’ектаў каля іншых населеных пунктаў (Буда Галоўчыцкая, Буда Казіміраўская, Буда Красноўская, Буда Лельчыцкая, Буда Люшаўская, Буда Петрыцкая). Аб вытворчасці паташу сведчыць айконім Паташня. У аснове назвы в. Варацец нам бачыцца анімізацыя апелятыва ворат ‘прылада для карчавання лесу, перавозкі бярвёнаў’. З рускай лексемай изба ‘хата’ суадносіцца найменне в. Ізбынь (мясц. Ізбунь). Адзінкі вымярэння занатаваны ў назвах Пагоннае (ад гоні ‘вузкая і доўгая паласа раллі’) і Валокі (уст. валока ‘участак зямлі 24 га, каля 20-і дзесяцін, цяпер у мяжы г. Хойнікі). Тыпы паселішчаў захоўваюць айконімы Гнездзенка (ад гняздо ‘ адзіная хата, пачатак засялення’), Засценак (засценак ‘пасёлак ці хутар дробнай шляхты’, ёсць і іншыя значэнні [8, с.76-77]), в. Краснаселле (‘вялікае прыгожае сяло’), в. Навасёлкі (‘новае сяло, новае месца пасялення’), в. Паселічы (‘месца, прыгоднае для пасялення). Даволі прадуктыўныя ва ўтварэнні айконімаў на Гомельшчыне апелятыў слабада і яго вытворныя слабодка, слабажанка. У Хойніцкім раёне маюцца падобнага тыпу два найменні: в. Кажушкаўская Слабада (вар. Слабодка), в. Слабажанка (раней Княжыца, Княжыцкая Слабада). Насельніцтва слабод карысталася льготамі і было вызвалена ад павіннасці. На месца, дзе раней быў двор, указваюць онімы п. Двор (цяпер не існуе) і в. Дворышча (раней там стаяў двор). Адзначаная лексема ўжывалася ў розных значэннях: ‘адміністрацыйны цэнтр пэўнай мясцовасці ў дзяржаўных маёнтках’, ‘дом, хата’, ‘месца пад жылым домам і гаспадарчымі пабудовамі’, ‘панская сядзіба, фальварак’, ‘месца, дзе стаялі пабудовы’ [8, с.58]. Паселішчы ўзнікалі каля месцаў залежы руды і яе апрацоўкі. Гэтым тлумачыцца матывацыя назваў вв. Рудзенька (цяпер не існуе), Руднае. На рамёслы (выраб верхняга адзення з аўчыны) арыентуе онім Кажушкі.

     Утваральныя асновы адзінкавых айконімаў Хойніцкага раёна звязаны з духоўнай культурай насельніцтва: в. Новапакроўск (ад праваслаўнага свята Пакровы, побач, непадалёку з населеным пунктам Пакроўск), узроставай характарыстыкай людзей: в. Бабчын (ад баба), часам узнікнення: в. Старч (цяпер не існуе).
     Розныя віды онімаў існуюць у онімнай прасторы не ізалявана, а ўзаемадзейнічаюць паміж сабою, утвараючы сістэму. Паміж імі ўстанаўліваюцца разнастайныя адносіны, якія дазваляюць пры ўтварэнні тапонімаў задзейнічаць амаль усе класы ўласнай лексікі. Матэрыял паказвае, што ў гэтай групе вядучае месца займаюць адыменныя тапонімы, у прыватнасці, ад імёнаў, прозвішчаў, мянушак (ці антрапонімаў) шматлікіх лексіка-тэматычных асноў. Антрапонімнае паходжанне ў іх выяўляюць спецыфічныя суфіксы прыналежнасці -ын- (-ін-), -ына (-іна), -аў- (-оў-),-еў-, -ава (-ова), -ева, патранімічныя -ічы- (-ічы), -авічы (-овічы), - евічы (сяліліся родам), спадчыннасці -шчына, -аўшчына (-оўшчына), -аўка (-оўка), -еўка і інш.: вв. Алексічы (мясц. Алешнікі, ад вольха), Амелькаўшчына, Аравічы, Аўрамаўская (цяпер Хвойная Паляна), Баршчоўка, Барысаўшчына, Бераснёўка (цяпер не існуе), Веляцін, Гарошкаў, Губарэвічы,. Дронькі, Езапоў, Іванаўка, Каралін, Каранёўка, Карпілаўка, Клівы, Ламачы (цяпер не існуе), Людзвін, Малішаў (мясц. Малешаў, Малішава), Малочкі, п. Міхалёў (пазней Нарыманаў, не існуе), Масаны, Небытаў (ад дахрысціянскага асабовага імя Небыш), Пікуліха (транстапанімізацыя мянушкі), Пудакоў, Пятраш, Радзін, Рашаў, Рудакоў, Рудыя (у аснове мянушка сям’і першапасяленцаў рудыя, рыжыя; цяпер не існуе). п. Смірноў, вв. Стралічаў, Тульгавічы, Тунеўшчына, Уласы, Храпкаў, Чамкоў. Прадуктыўнасць у дадзеным выпадку адантрапонімнага ўтварэння тлумачыцца старой сістэмай сельскай гаспадаркі і такой яе прыкметай, як раздробленае землеўладанне. Найменні пасяленняў увекавечылі прозвішчы, імёны, мянушкі ўладальнікаў зямель і іх састаўных частак, двароў, дворышч, імёны галавы родаў або сем’яў [4, с. 73].
     Асобныя онімы матываваны гідронімамі, этнонімамі (назвамі народаў), самімі айконімамі.Так , назва р. Віць, л. пр. Прыпяці (ад віць ‘сырое месца, дрыгва’) перадаецца в. Віць (раней Гноеў), в. Чахі (ад чэхі), вв. Загальская Слабада (побач в. Загалле), Кажушкаўская Слабада (каля в. Кажушкі), в. Лісцвінская Слабада (вар. Ліствінская Слабада, ад в. Лісцвін, вар. Ліствін, цяпер Мархлеўск), Навакухнаўшчына (ад в. Кухнаўшчына, назва страчана).
      Не ўсе айконімы тэрыторыі раёна выяўляюць празрыстую матывацыю, сустракаюцца і са скрытай, гіпатэтычнай. Напрыклад, назва в. *Сінцы магла ўтварыцца ад прозвішча, мянушкі, ад лексемы сінь, сінец у значэнні ‘выхады вокіслу жалеза ў забалочанай мясцовасці як другаснай прыкметы нафтаноснасці’ ці ад назвы расліны сінюхі, якая ўтварыла на мясцовасці зараснік. Няясна матывацыя і наймення Куравое. Мяркуем, што словаўтваральная аснова магла характарызаваць сам населены пункт (абкурвацца дымам, пылам) або яго жыхары займаліся выкурваннем смалы. У мяжы г. Хойнікі знаходзіцца в. Чырвоная Ніва, якая мела першапачатковую назву Ліхтэрна. Ёсць звесткі (чые звесткі? адкуль?.. С. Б.) , што ў вёсцы раней жылі продкі немцаў-арандатараў, якія, відаць, наладзілі вытворчасць ліхтэрняў – ліхтароў (ад ням. Licht ‘святло, асвятленне’). Па іншай версіі, асновай магло быць галандскае слова lichter ‘невялікае судна, прызначанае для пагрузкі, разгрузкі, перавозкі грузаў па рэках’[5, с. 227].
     У Хойніцкім раёне выяўляецца група айконімаў новага часу, што ўзніклі пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, падчас масавых перайменаванняў або ссялення хутароў, узбуйнення вёсак. Яны складаюць дзве семантычныя мадэлі.
     Дамінуе група, якая характарызуецца выкарыстаннем нетрадыцыйнай для айканіміі дарэвалюцыйнага перыяду лексікі. У асноўным гэта словы з ідэалагічнай нагрузкай, ці словы-сімвалы, словы-ідэалы ( іх яшчэ пазначаюць мемарыяльнымі): п. Акцябр (раней Папоўшчына, цяпер не існуе), п. Будаўнік (раней хутары Паўлаўскі і Юраўскі, цяпер не існуе), п. Новы Шлях (цяпер не існуе), п. Пальміра (гэта дарэвалюцыйны тапонім! – С. Б.), в. Партызанская (раней Аўрамаўская), п. Першамайск (цяпер у мяжы г. Хойнікі), п. Сокал (цяпер не існуе). Сярод іх вылучаецца падгрупа састаўных, радзей складаных айконімаў з азначальным кампанентам чырвоны: пп. Чырвонае Возера (вар. Краснае Озера, раней Кліндупаўка, паходзіла ад мянушкі; цяпер не існуе), пп. Чырвоная Зара, Чырвоная Ніва (раней Ліхтэрна, мясц. Красная Ніва, цяпер у мяжы г. Хойнікі), Чырвоны Араты (раней Двор, мясц. Красны Араты, цяпер не існуе), Чырвоны Рог (раней Данілаў Рог, мясц. Красны Рог), Чырвонамайск (спалены ў час Вялікай Айчыннай вайны). Такія распаўсюджаныя на Гомельшчыне найменні маюць варыянты з лексемай красны.
      Па другой мадэлі ўзніклі наступныя айконімы: пп. Калініна (у гонар М. І. Калініна; цяпер у мяжы г. Хойнікі), Леніна (у гонар У. І. Леніна; у Стралічаўскім с/с раней Смолаў, цяпер не існуе; у былым Рудакоўскім с/с зліўся з в. Мокіш), в. Мархлеўск (у гонар Ю. Ю. Мархлеўскага, дзеяча польскага і міжнароднага рабочага руху, публіцыста; раней Лісцвінская Слабада), п. Нарыманаў (у гонар Н. К. Нарыманава, савецкага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча, пісьменніка, публіцыста; раней Міхалёў).
      Прааналізаваныя айконімы Хойніцкага раёна ў лексіка-семантычным аспекце выяўляюць тыпы матывацыі, характэрныя не толькі для Усходняга Палесся, але і ўвогуле для тапанімічнай прасторы Славіі.
      Спіс населеных пунктаў Хойніцкага раёна, адселеных у выніку аварыі на ЧАЭС:
в. Аравічы, в. Бабчын, в. Баршчоўка, в. Варацец, в. Гнездзенка, п. Града, в. Дронькі, в. Кажушкі, в. Краснаселле, в. Лясок, в. Малочкі, в. Масаны, в. Навакухнаўшчына, в. Новапакроўск, в. Пагоннае, в. Радзін, в. Сінцы, в. Кажушкаўская Слабада (Слабодка), в. Уласы, в. Хвашчоўка, в. Чамкоў (усяго 21 пункт) [2, с. 196, 198] .
      Спіс умоўных скарачэнняў
Афіц. – афіцыйная, в. – вёска, г. – горад, грэч. – грэчаскі, л. пр. – левы прыток, мясц. – мясцовы, п. – пасёлак, памянш.-ласк. – памяншальна-ласкальнае, р. – рака, с/с – сельскі савет.
     Літаратура:
1. Багамольнікава Н. А. Айканімія Гомельшчыны: Слоўнік / Н. А. Багамольнікава, А. А. Станкевіч; навук. рэд. В. П. Лемцюгова. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2003. – 392 с.
2. Багамольнікава Н. А. Тапанімія Гомельшчыны: структурна-семантычная характарыстыка : манаграфія / Н. А. Багамольнікава; навук. рэд. А. А. Станкевіч; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2008. – 242 с.
3. Жучкевич В. А. Топонимика Белоруссии [Текст ] / В. А. Жучкевич. – Мн.: Наука и техника, 1968. – 184 с.
4. Лемцюгова В. П. Беларуская айканімія. Лінгвістычны аналіз назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці [Тэкст ] / В. П. Лемцюгова. – Мн.: Навука і тэхніка, 1970. – 155 с.
5. Лемцюгова В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды / В. П. Лемцюгова. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.
6. Мезенка Г. М. Беларуская анамастыка / Г. М. Мезенка. – Мн.: Вышэйшая школа, 1997. – 119 с.
7. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомел. вобл.: нармат. давед. / Н. А. Багамольнікава [і інш.]; пад агул. рэд. В. П. Лемцюговай. – Мн.: Тэхналогія, 2006. – 382 с.
8. Яшкін І. Я. Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія / І. Я. Яшкін; рэд. д. філ.н. М. В. Бірыла.– Мн.: Навука і тэхніка, 1971. – 256 с.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024