Суббота, 20.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

       Наталля Панкова
                                                              Прыказкавае багацце Хойнікшчыны

     Час бяжыць хутка. Жыццё віруе і часам здзіўляе нас сваімі нечаканымі паваротамі. Мы нават не паспяваем заўважаць, як хутка ўдасканальваюцца тэхнічныя сродкі, нікога не здзівіш зараз і наяўнасцю ў доме камп’ютэра і інтэрнета. Змяняюцца і жыццёвыя каштоўнасці. І ўсё ж, на нашу думку, ёсць нешта вечнае, што з’ядноўвае людзей розных эпох і пакаленняў. Гэта тая мудрасць, якая назапашана дзядамі і прадзедамі, і якую мы, асабліва ў маладосці, неасабліва і ўспрымаем, але, пасталеўшы, нечакана для сябе сутыкаемся з жыццёвымі сітуацыямі, якіх можна было б пазбегнуць, прыслухайся мы, напрыклад, да народных выразаў: Замуж ісці – нада знаць: позна легчы, рана ўстаць; Закінь наперад – ззаду знойдзеш; Лішняга і свінні не ядуць і інш.
     Што ж гэта за такія мудрыя выразы? Называюць іх па-рознаму: прыказкі, прымаўкі, або проста – прыказкавыя выразы. У навуковай літаратуры існуюць розныя азначэнні гэтых паняццяў. Некаторыя навукоўцы лічаць, што прыказка – гэта “шырока ўжываемы ў гутарковай мове ўстойлівы народны выраз-афарызм, які ў завершанай, сціслай, найчасцей вобразна-паэтычнай форме і пераважна ў пераносным сэнсе, абагульняючы шматвяковы вопыт народа, выказвае катэгарычнае меркаванне пра тыя або іншыя гаспадарчыя, сацыяльна-гістарычныя і бытавыя з’явы, характарызуе і ацэньвае іх, павучае і дае практычныя парады” (1, 8). У той жа час, азначальнымі прыметамі прымаўкі называюць звычайна тое, што яна выказвае думку няпоўна, не служыць абагульненнем з’явы, а толькі вобразна характарызуе яе, падкрэслівае які-небудзь характэрны яе штрых. Між іншым, размежаванне гэтых паняццяў, відаць, у большай ступені важна самім навукоўцам, чым людзям, якія іх штодзённа ўжываюць у сваім маўленні.
     Намі былі прааналізаваны прыказкі і прымаўкі, запісаныя студэнтамі і выкладчыкамі ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” падчас фальклорнай практыкі ў гэтым рэгіёне (матэрыялы падаюцца ніжэй). Пра што ж прыказваюць у Хойніцкім раёне? Калі сказаць зусім коратка – пра жыццё. Пры гэтым большасць пыказкавых выразаў носіць павучальны характар, бо вельмі важна было навучыць моладзь разумна жыць, а гэта значыць, на думку нашых продкаў, рабіць дабро (“Закінь наперад, ззадзі знойдзеш”), не ўмешвацца ў справы іншых людзей (“Не суй носа ў чужое проса, бо куры адклююць”), добра працаваць (“Грэе не шуба, а праца”), быць асцярожным у словах (“Еш боршч з грыбамі, а язык дзяржы за зубамі”), разборліва ставіцца да выбару мужа (жонкі) (“Краса да вянца, а дурань да канца”), не браць чужога (“На чужы каравай рот не разяўляй”) і інш.
     Як адзначаюць многія даследчыкі малых фальклорных жанраў (а прыказкі і прымаўкі адносяца менавіта да іх), гэтыя выразы адрозніваюцца звышінфарматыўнасцю, што пацвярджаюць і прааналізаваныя намі выслоўі. Калі больш канкрэтна, то найбольш шырока прадстаўлены сярод запісаных выразаў прыказкі і прымаўкі пра ўнутрысямейныя адносіны. Паводле народных ўяўленняў, стварэнне сям’і – справа сур’ёзная і неабходная: “Замуж не ісці – людзям на пагаворку”, але часта пры гэтым маладых людзей папярэджвалі: “Не спяшы замуж: калі плоха – нагаруешся, а калі добра – нажывешся”. Ну а калі пажаніліся…. Тут ужо як пашчасціць: “Не патрэбны і клад, калі ў сям’і лад”, “Няма лучшага прыяцеля, як жонка” або “Муж не вуж, а кроў высмакча”, “Паганая жонка – мужу чорная заслонка”, “Жонка не рукаво – не адпораш”. Выхаванню дзяцей у сям’і таксама адводзілася значнае месца, бо, як слушна заўважалі людзі, “Сумеў дзяцей нарадзіць, дык сумей і навучыць”, а “Таму, хто ў дзяцінстве не шанаваў бацьку і маці, не давядзецца пазнаць пачоту ад свайго дзіцяці”.
    Акрамя таго, у прыказках і прымаўках Хойніцкага рэгіёна выяўляюцца погляды народа на рэчаіснасць: “Добра ўсё умець, ды не ўсё рабіць”, “Куды іголачка, туды і нітачка”. Далучаюцца да гэтай групы выразы, у якіх прасочваецца прадвызначанасць лёсу нейкай звышнатуральнай сілай: “Каму пашанцуе, той і ў лапцях танцуе”, “Сваю долю канём не аб’едзеш” і інш.
    Даволі вялікі пласт сярод запісаных складаюць прыказкі і прымаўкі, у якіх ухваляецца працавітасць (“Дзе пасееш густа, там ніколі не будзе пуста”, Пад ляжачы камень вада не цячэ”), гасціннасць (“Госцю гадзі да й сябе глядзі”), розум (“Разумнай галаве дастатачна два слоўцы”), здароўе (“У здаровым жываце і долата прападзе”) і іншыя станоўчыя якасці чалавека.
     Ну а што тычыцца заган, то народ высмейвае п’янства (“П’янаму і мора па калена”), гультайства ( “У няўмечкі не баляць ні ручкі, ні плечкі”), дурасць (“Вырас да неба, а дурны, як трэба”) , сквапнасць (“Жадны за капейку задавіцца”) , ілжывасць (“Ты яго маслам маж, а ён дзёгцем смярдзіць”), карацей кажучы, усё тое, што перашкаджае нармальна жыць і працаваць.
     Ну і ў асобную групу вылучаюцца розныя назіранні за прыродай, што з’яўляюцца свайго роду метэаралагічнымі і агранамічнымі ведамі, набытымі многімі пакаленнямі: “Сей на Пахом, возьмеш усяго мяхом”, “Прыйшоў Пятрок, адарваў першы лісток”, ”З бальшой хмары дажджу не бывае”.
     Варта адзначыць таксама, што некаторыя выразы, на нашу думку, страцілі ўжо сваю актуальнасць, напрыклад такія, як “Бабе дарога ад печы да парога”, “На ўраджай не ўпавай, а жыта сей” (на Беларусі быў звычай, калі арандатар пакідаў месца, то павінен быў усё роўна засеяць жыта), “Да Юр’я сена павінна быць і ў дурня” і некаторыя іншыя. І ўсё ж не варта пакідаць іх па-за ўвагай, бо гэтыя выслоўі захоўваюць памяць аб мінуўшчыне і даюць нам уяўленне пра жыццё і побыт продкаў.
     Як бачым, прыказкі і прымаўкі, запісаныя ў Хойніцкім раёне, нясуць інфармацыю пра штодзённае жыццё, працоўную дзейнасць, быт і светапогляд народа, яны вучаць маладое пакаленне мудрасці. Акрамя таго, яны пацвярджаюць філасофскую скіраванасць народнага мыслення, высокую ступень паэтычнага асэнсавання навакольнага свету і вызначэння свайго месца ў ім.
     1. Грынблат, М. Прыказкі і прымаўкі / Прыказкі і прымаўкі ў дзвюх кнігах, кн. 1./ Рэд. А.С. Фядосік. – Мінск: Навука і тэхніка, 1976. – 560 с.

ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ
Лішняга і свінні не ядуць.
П’янаму і мора па калена.
Добра ўсе ўмець, ды не ўсё рабіць.
Чужы дурань – смех, а свой дурань – грэх.
Каму пашанцуе, той і ў лапцях танцуе.
Куды іголачка, туды і нітачка.
Пакуль жаніцца, дык загаіцца.
Яблыка ад яблыні далёка не падае.
Ведае кошка, чыё сала з’ела.
Ці пнём па галаве, ці галавой аб пень.
Жонка не рукаво – не адпораш.
Была б шыя – хамут знойдзецца.
Ты яго маслам маж, а ён дзёгцем смярдзіць.
Свет настаў, што ні палажы, ні пастаў.
Раней бацькі ў пекла не лезь.
На чужы каравай рот не разяўляй.
З ваўкамі жыць – па-воўчы выць.
Хто каго любіць, той таго і губіць.
Дзе чорт не зможа, туды бабу пашле.
Якія самі – такія і сані.
Пад ляжачы камень вада не цячэ.
Госцю гадзі, да й сябе глядзі.
Хто позна ходзіць, той сам сабе шкодзіць.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Мельнікавай Марыі Ягораўны, 1925 г.н.

Замуж ісці – нада знаць: позна легчы, рана ўстаць.
Закінь наперад – ззаду знойдзеш.
Не суй носа ў чужое проса, бо куры адклююць.
Краса да вянца, а дурань да канца.
Замуж не ісці – людзям на пагаворку.
Не спяшы замуж: калі плоха – нагаруешся, а калі добра – нажывешся.
Грэе не шуба, а праца.
Не патрэбны і клад, калі ў сям’і лад.
Няма лучшага прыяцеля, як жонка.
Муж не вуж, а кроў высмакча.
Паганая жонка – мужу чорная заслонка.
Жонка не рукаво – не адпораш.
У здаровым жываце і долата прападзе.
У няўмечкі не баляць ні ручкі, ні плечкі.
Запісана ў в. Віць
ад Судзенка Вольгі Васільеўны, 1952 г.н.
(нарадзілася ў г. Данецк),
студэнткай Судзенка Н. (2002 г.)

Вырас да неба, а дурны, як трэба.
Жадны за капейку задавіцца.
Сей на Пахом, возьмеш усяго мяхом.
Прыйшоў Пятрок, адарваў першы лісток.
З бальшой хмары дажджу не бывае.
Бабе дарога ад печы да парога.
На ўраджай не ўпавай, а жыта сей.
Да Юр’я сена павінна быць і ў дурня.
Запісана ў в. Слабажанка (раней Княжыца, Княжыцкая слабада)
ад Корбіт Вольгі Іванаўны, 1914 г.н.,
студэнткамі Шамонінай В., Валодзькінай Н., Тукуновай Н.

Ад дабра дабра не ішчуць (шукаюць).
Ад сумы ды ад турмы не заракайся.
Абяцанка-цацанка, а дурню радасць.
Ад работы коні дохнуць.
Адзін у полі не воін.
Адна галава добра, а дзве – лепш.
Апетыт прыходзіць у час яды.
Бачыць вока, ды зуб не іме.
Беражонага Бог беражэ, а не беражонага сцеражэ.
Біць б’юць, а плакаць не даюць.
Бачылі вочы, што бралі, а цяпер няхай хоць павылазяць.
Блізка відаць ды далёка дыбаць.
Бясплатны сыр толькі ў мышалоўцы.
Бачыць – яшчэ не мець.
Без труда не выцягнеш і рыбку із пруда.
Бог даў, Бог узяў.
Бог рогі накіне і іх насіць будзеш.
Будзе дзень і будзе пішча.
Балючую душу гарэлкай не сагрэеш.
Багатаму чорт дзяцей калыша.
Воран ворану вока не выклюе.
Вось табе бабуля і “Юр’еў дзень”.
Век жыві, век вучыся, а дурнем памрэш.
Воўк не авечка, у хлеў не загоніш.
Воўка ногі кормяць.
Вырас пад неба, а дурань як трэба.
Гарэлка не вада, многа не вып’еш.
Гавары, да пары гавары.
Гора таму, хто б’е ў хамут.
Гора таму, хто п’е наяву.
Гусь свінне не таварыш.
Гадка з’есці, жалка кінуць.
Гарэлку піць – людзей смяшыць.
Добрыя вочы трапілі і ўночы.
Добрае бачыцца здаля.
Дурнога салаўя – дурная песні.
Дурны прыклад заразлівы.
Добра гаварыць, калі не баліць.
Добрая мысля прыходзіць апасля.
Знаў бы прыкуп – жыў бы ў Сочы.
З’еш і вала дык адна хвала.
З міра па нітцы – голаму сарочка.
Запас бяды не чыніць.
За дурною галавою няма нагам спакою.
За морам і цялушка палушка.
Здолеў жаніцца, здолей і перахрысціцца.
За двума зайцамі пагонішся ніводнага не зловіш.
Залез у нерат: ні ў зад, ні ў перад.
Збылася мара ідыёта.
Згубіўшы галаву па валасах не плачуць.
Калі топішся за саломінку схопішся.
Кожны сам шукае сабе сялёдачную галоўку.
Клін клінам выбіваюць (вышыбаюць).
Куды ні кінь – усюды клін.
Касі, каса, пакуль раса. Раса спадзе – каса ўпадзе.
Колькі воўка не кармі ён усяроўна ў лес паглядае.
Кожнаму овашчу свой фрукт.
Колькі вяровачцы не віцца, канец заўсёды будзе.
Курыца не салавей, высока не ўзляціць.
Курыца не пціца, а Польша не заграніца.
Кожная курыца пад сябе грабе.
Куды ноч туды і сон.
Колькі ні гавары, а ты ўсё дагары.
Капейка рубль беражэ.
Кажух ляжыць, а дурань дрыжыць.
Кожны кулік сваё балота хваліць.
Куды ні кінь – усюды клін.
Любіць як душу, а трасе як грушу.
Муж і жана адна сатана.
Мялі, Ямеля – твая нядзеля.
Мякка сцелеш ды мулка спаць.
Мая хата з краю, нічога не знаю.
Не падмажаш – не паедзеш.
Не знаеш броду – не лезь у воду.
Не лезь наперад бацькі ў пекла.
Не дай Бог свінне рогі, а мужыку панства.
Не ў свае сані не садзісь.
Не ўсё кату Масленіца, наступіць і Пост.
Не грыб, не лезь у каробку.
Не кажы “Гоп!” пакуль не пераскочыш.
Няма ума лічы калека.
Няма таго, што раньш було.
Не ўсё тое золата, што блішчыць.
На халяву і трэска смашная.
Нязваны госць хужэй татарына.
Ну, і нос! Тром рос, а аднаму дастаўся.
Няхай адсохне тая рука, якая сабе дабра не жадае.
На чужы раток не накінеш платок.
На чужы каравай рот не разявай.
Не бяры чужога і не бойся нікога.
Не было б шчасця ды няшчасце памагло.
На чужым няшчасці свайго не пабудуеш.
Няма мазгоў – свае не ўставіш.
Натуральная сляза, што Божая раса.
Ні Богу свечка, ні чорту качарга.
На вкус і цвет таварыша нет.
Не пакідай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння.
Па вусах цякло, а ў роце не было.
Пасля дракі кулакамі не машуць.
П’яніца праспіцца, а дурань не здзівіцца.
Пакуль гром не гране, мужык не перахрэсціцца.
Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.
Прыйшла бяда – адчыняй варата.
Прымачы – хлеб сабачы.
Пісаў пісака, не прачытае чытака.
Падлецу ўсё к ліцу.
Рэшатам вады не наносіш.
Раней сядзеш, раней выйдзеш.
Рыхтуй сані летам, а калёсы зімой.
Рука руку мые.
Работа не воўк – у лес не ўцячэ.
Растаўляй карман шырэй.
Рыба гніе з галавы.
Смашная, жоначкі, каўбаса, а калі на дурніцу ды і зусім.
Скупы плоціць двойчы.
Сядзіш, як сарока на суку.
Сядзіш, як мыш пад венікам.
Сядзіш, як грыб пры дарозе.
Суня мяне Божа, куды мне не трэба.
Семера аднаго не ждуць.
Сем з ложкай, адзін з сошкай.
Сем бед – адзін атвет.
Свой біся, ругайся, а чужы не мяшайся.
Сем раз адмерай, адзін атрэж.
Свой сваяка бачыць здаляка.
Стары ды малы розум аднолькавы маюць.
Слова не верабей, выпусціў не зловіш.
Стыд не дым, вочы не выесць.
Спераду кінеш, ззаду знойдзеш.
Свая сарочка да цела бліжэй.
Сонца свеціць ды не грэе.
Свая ноша не цяжкая.
Табе, мамка, навука: калыхала мяне, калыша і ўнука.
Табе гора, а дурню радасць.
Твая турбота, што мёртваму прыпарка.
Уваляўся ў вялікую славу, як свіння ў гразь.
У чужым воку і сарынку бачыш, а ў сваім і бервяно не відно.
У кожнай бочцы затычка.
У чужым супе і рак рыба.
У закрыты рот камар не заляціць.
У няўмелага рукі не баляць.
У сямі нянек дзіця безносае.
Хто ў полі не воін, той дома не гаспадар.
Хочаш жыць – умей вярцецца.
Хто рана ўстае, таму Бог дае.
Хто болей спіць, той меней з’есць.
Хто першы ўстаў, таго і тапачкі.
Хутка вароны лятаюць ды ніколі дома не бываюць.
Чалавек шукае, дзе лепей, а рыба – дзе глыбей.
Чакай Пятра – сыру з’ясі.
Чыя б кароўка мычала, а твая б маўчала.
Чула звон, ды не знаеш, дзе ён.
Чым дабру прападаць, няхай бруха лопне.
Чорт сто лапцей сарваў, пакуль да пары сабраў.
Чакай пакуль рак свісне.
Што рускаму добра, то немцу смерць.
Што малы зносіць, а п’яны з’есць – тол адзін.
Што пасееш, тое і пажнеш.
Што ў цвярозага на ўме, тое ў п’янага на языку.
Як сіраце жаніцца, дык і ноч кароткая.
Яблычка ад яблані далёка не коціцца.
Якая дошка такі і клін, які бацька, такі і сын.
Як зяць за парог, дык цёшча за яйца.
Язык, што тое памяло: і пабрэша, аббрые.
Язык мой – вораг мой.
Я не людзі, але ж і ты не чалавек.
Яшчэ і марац адмарозіць палец.
Запісана ад Генаш В.С., 1946 г.н.,
ураджэнкі в. Алексічы Хойніцкага р-на

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024