Пятница, 26.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

   Да паходжання іконы Пресвятой Богородицы,
                                                        именуемой Благодатное Небо                                                                            

     Дзесяць гадоў таму, у сувязі з нібыта 300-гадовым юбілеем з’яўлення названай іконы ў Хойніках, Уладзімір Сямёнавіч Далгалычанка пісаў: "Как свидетельствуют старожилы, ещё в дореволюционное время икона "Благодатное Небо" постоянно хранилась в Покровской церкви и являлась главной святыней не только Хойникского прихода, но и соседних волостей*. В праздничные дни [“у хвэст” на мове нашых даўніх землякоў – С. Б.] перед образом Божьей Матери совершались молебны, возглашались многолетия фундаторам-князьям Трубецким [!] и Шуйским. К иконе собиралось множество народа с молитвой и прошением или благодарением за полученную милость. Многие верующие люди удостоверяли факты её святости и чудотворной силы" (В. Семёнов. С поклонением и любовью. // Ленінскі сцяг. 26. III. 2005).
    Праз пяць гадоў журналіст Алена Смусянок ізноў звярнулася да тэмы: "На хойникской земле икона появилась в 1705 г. Она была подарена семейством князей Трубецких церковному приходу в знак благодарности за сватовство к княгине Агафье [адкуль гэтае імя і чаму адразу ўжо княгіня, а не яшчэ князёўна?! – С. Б.], дочери удельного князя Игнатия Шуйского. Князь [відавочна, Трубяцкой, не Шуйскі – С. Б], посетив нашу землю, был глубоко удивлён наличием четырёх синагог, двух костёлов и лишь одной маленькой старой церквушки. Трубецкой построил собор [!] в честь Покрова Божьей Матери и подарил храму богатейший иконостас. В середине 17-го [аўтар, відавочна, мела на ўвазе XVIII, а не XVII – С. Б.] века собор переоборудован поляками в католический костёл [!]" (Храни нас "Благодатное Небо". // Хойніцкія навіны. 24. III. 2010).
    Цікава заўважыць: У. С. Далгалычанка і А. Смусянок нямала матэрыялаў пісалі па-беларуску, але як толькі размова аб праваслаўі, яны перайшлі на рускую мову. Ці не таму, што апошняя найбліжэй да царкоўнаславянскай, а беларуская  мова ўяўляецца хойніцкім майстрам пяра тут аніяк непрыдатнаю?..
      Што да зместу "юбілейных" зацемак.
      Адкуль узяты 1705 год, ад якога адлічваюцца нібыта юбілейныя даты?
    У "Историко-статистическом описании Минской епархии" (Санкт-Петербург, 1864. С. 305  306; гл.: [А]) сказана, што драўляную Пакроўскую царкву ў Хойніках фундаваў у 1705 г. князь Ігнацы Шуйскі, а ў "Описании церквей и приходов Минской епархии" (Ч. VIII. Речицкий уезд. Минск, 1879. С. 138 – 139; гл.: [В]) удакладняецца, што сведчыць пра гэта запіс у адной з богаслужэбных кніг, якія захоўваліся ў царкве. Кім і калі ён зроблены? Хоць прыведзеная інфармацыя і запазычана з архіву Мінскай Духоўнай Кансісторыі, але за дакументальную яе прыняць немагчыма.
    Рэч у тым, што ўладальнікам Хойнік недзе з 1697 г. і да самай смерці ў 1720 г. быў князь Дамінік Ян Шуйскі, потым яго сын Мікалай і толькі з 1725 г. другі сын – Ігнацы. 3 1698 да 1715 г. Хойніцкі маёнтак трымаў у пасэсіі і актыўна ім кіраваў пан Зыгмунт Шукшта, потым да 1716 г. – князь Станіслаў Шуйскі, да 1721 г. – біскуп Юзафат Парышэвіч. Фундаваць царкву ў чужым маёнтку ні адзін пасэсар не будзе (кажу гэта выключна таму, што З. Шукшту [прачыталі: Служка!]  і Ю. Парышэвіча чамусьці спрабавалі выдаць за ўладальнікаў Хойнік, якімі яны ніколі не былі.). А з самых Шуйскіх у 1705 г. гэта мог зрабіць толькі князь Дамінік. Або пры перапісванні зроблена памылка і 1705-ты год пададзены замест 1725-га. Тады фундатарам сапраўды мог выступіць князь Ігнацы**.
   А вось князі Трубяцкія дачынення да гэтага наогул не мелі. Галоўнае таму, што былі падданымі Расіі, Хойнікі ж у пачатку XVIII ст., як і раней, – гэта тэрыторыя Рэчы Паспалітай, ды і мясціна даволі глухая; як яны маглі сустрэцца з Шуйскімі?! Сватанне князёўны было б праблематычным таксама з-за розніцы ў веравызнаннях. І ўсе пяць дачок князя Дамініка пабраліся шлюбам з іншымі людзьмі – з падданымі Рэчы Паспалітай, панамі П. Пеплоўскім (Ядзьвіга), Ст. Спінэкам (Крыстына), Выжыцкім (імя пані невядомае), М. Аранскім (Канстанцыя) і М. Кучынскім (Людвіка). Князь Мікалай памёр беспатомным. Адзіная дачка князя Ігнацыя, Анеля [ніякая не Агафья!], каля 1759 г.,  ужо пасля смерці бацькоў, выдадзена апекунамі замуж за князя Войцеха Шуйскага, скарбніка кіеўскага. Пра гэта даўно вядома з класічнага твору Юзафа Вольфа (Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od czternastego wieku. Warszawa, 1895, S. 529 – 530). Таму не мог князь Трубяцкой пабудаваць у Хойніках "собор", як у сярэдзіне XVIII ст. не было і пераабсталявання апошняга ў  касцёл. Дарэчы, прынамсі да 1751 г. маёнткам валодаў князь Ігнацы Шуйскі – адзін з меркаваных фундатараў  усяго толькі сціплай драўлянай Пакроўскай царквы, а не сабора. Адкуль узяліся "палякі" – захопнікі і перабудоўшчыкі царквы?..
   Стваральнікі міфа, той жа Тарасій Дашук, на "архивные записи" якога спаслаўся У. С. Далгалычанка, усяго гэтага не ведалі, а таму непазбежна "селі ў лужыну". Чаго вартае адно словазлучэнне "удзельны князь" для XVIII ст. ды яшчэ ва ўмовах Рэчы Паспалітай! Яно адразу выдае фальшыўку. Альбо тое, як, паводле А. Смусянок, князь Трубяцкой быў вельмі здзіўлены "наличием четырёх синагог, двух костёлов...". Нават у XIX ст., пры існаванні "мяжы аселасці" для яўрэяў і забароны жыць па-за межамі гарадоў і мястэчак, уведзеных расійскімі ўладамі, крыніцы падаюць звесткі пра тры сінагогі ў Хойніках. Пра чатыры, што праўда, пісаў Ізраіль Фішман, але – для пачатку XX ст. Ну.., няхай і чатыры, але ў XVIII ст. хойніцкі кагал быў у шмат разоў меншы (гл. матэрыял "Яўрэі даўняй Хойнікшчыны"). Што да "двух костёлов". У пачатку XVIII ст. у Хойніках існавала толькі капліца, філіі яшчэ не было, а парафіяльны касцёл і тады, і пазней знаходзіўся ў Астраглядах. Мураваныя касцёл і капліцу Уладзіслаў Прозар фундаваў толькі ў канцы 1850-х – пачатку 1860-х гг., але яны былі сканфіскаваныя (гл. "Прозараўскія мясціны ў Хойніках" у раздзеле "Адметныя мясціны; страчаная духоўная спадчына; недарэчнасці"). Разам са згадкай чатырох сінагог сюжэт пра "два касцёлы", такім чынам, выдае час, на ідэалогіі і пэўных рэаліях якога грунтуецца міф – канец XIX або пачатак XX ст.
    З'яўленне ў гэтай неверагоднай тэме постаці князя Трубяцкога можна растлумачыць хіба так. У 1886 – 1901 гг. мінскім губернатарам быў князь М. М. Трубяцкой, а  Пакроўская царква, якая перастала быць "маленькой старой церквушкой", бо ўладкавалі яе ў вялікім нэагатычным будынку адабранага ў 1865 г. у католікаў касцёла, і ў 1879 г. не мела годнага іканастаса. Пра тое сведчыць "Описание церквей и приходов...": “Иконостас по своему достоинству не соответствует капитальности храма: он довольно ветхий, простой столярной работы". Відавочна, мясцовае духавенства праз сваё царкоўнае начальства звярнулася да губернатара па дапамогу і царква атрымала ўрэшце "богатейший иконостас". Пазней ужо "в знак благодарности" быў створаны той смешны сваімі супярэчнасцямі міф пра сватаўство і радство, падараванне іконы "Благодатное Небо", пра пабудову "собора" кн. Трубяцкім і перабудову яго ў касцёл "палякамі" (трэба ж неяк апраўдаць нэагатычную архітэктуру праваслаўнага храма, які бачым злева на здымку!)***. Паводле афіцыйных звестак, у Хойніках найбольш шанаваным быў іншы абраз, пра які ў "Описании..." сказана: "Как особенную драгоценность храма составляет Икона Божией Матери, небольшого размера, в серебряной ризе, пожертвованная в сию церковь Государём Императором Александром в 1869 году...". Падобныя ахвяраванні расійскія манархі практыкавалі ў выпадках, калі цэрквы ўладкоўвалі ў касцёльных будынках. Так здарылася ў Вялікім Боры і ў Юравічах****
   Дарэчы, у апублікаваным варыянце кнігі Д. Л. Вінаградава "Хойнікшчына: Легенды*****, падзеі, людзі", пасля яе рэдагавання ў райвыканкаме, адначасова з'явіліся звесткі пра абедзьве найбольш шанаваныя сярод хойніцкіх прыхаджанаў іконы Маці Божай – рэальная, прысутная ў аўтарскім рукапісе, і міфічная, якой у аўтара няма. Вось і працуй, чалавеча, на карысць роднага краю пасля гэткіх фокусаў...

*Галоўнай святыняй у нашым рэгіёне была і застаецца юравіцкая цудатворная ікона Маці Божай Міласэрнай – апякункі Мазырскага Палесся.
**Заўважым, што тут гаворка выключна пра фундацыю Пакроўскай царквы, а не аб падараванні іконы Божай Маці. У раённай кнізе "Памяць", аднак, сутыкаемся з кур'ёзам і ў пытанні фундацыі: маўляў, царква пабудавана пры І. Шуйскім у... 1763 г. (С. 27) Але і князь Ігнацы і нават яго жонка, Людзьвіка са Збароўскіх,  да таго часу памерлі. У самвыдатаўскай брашуры А. М. Зелянкоўскага "Па залах Хойніцкага гісторыка-краязнаўчага музея"  гэтай памылкі няма і наогул нічога не сказана пра фундацыю князя Шуйскага. Хто і як яе стварыў? Магчыма, гэта зроблена ўжо ў мінскай рэдакцыі. Чаму не спадабаўся хоць бы 1705 год? Ці не таму, што ў "Памяці" князь Ігнацы названы "сынам" князя Мікалая, а той  стаў уладальнікам Хойнік нібы аж у 1721 г.? (папраўдзе: у 1720 г.)  Пра Пакроўскую царкву ёсць згадка 1863 г., хоць фундатар названы іншы Уладзіслаў Прозар. Дык пільныя рэдактары і прыдумалі шкодную, але збольшага лагічную падробку: проста адкінулі падзею на сто гадоў раней, у часы Шуйскіх, – хто там будзе разбірацца! 
Дзея гэтага тэатра абсурду мела працяг: у чэрвені 2010 г. пра фундацыю 1763 г. напісаў Ю. Татарынаў – аўтар папулярнай кніжкі "Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях", а пасля тая небывальшчына паўторана ў відэароліку "Поездка в Хойники к отцу Владимиру" (гл. ніжэй). Гэтак і  ствараюцца інфармацыйныя "аўгіевы стайні", калі ў нейкай працы з'яўляюцца самазваныя сааўтары. Які "геракл" (чытай: камунгас) або якія аматары суботнікаў ва ўмовах рынкавай эканомікі тыя "стайні" будуць чысціць?.. 
***Прычым губернатар пра ўсё гэта, пэўна, ніколі і не даведаўся, бо прызначалася яно выключна для ўнутранага карыстання (адукаваны чалавек мог западозрыць аблуду). Магчыма, "гісторыю" іконы ўжо пры "богоборческой власти", як мог, прыдумаў сам Тарасій Дашук – асоба з прычту Пакроўскай царквы, аўтар нейкіх "архивных записей". Ды і самая ікона, паводле людзей дасведчаных,  новапісаная...
****"В 1868 г. Государём Императором Александром Николаевичем подарена в Юревичскую церковь икона в серебряной вызолоченной ризе – Св. князя Александра Невского" [икона была торжественно встречена в 1868 г. на второй день Троицы, который с того времени празднуется особо]" (з "Описания церквей и приходов Минской епархии" 1879)
*****Таго, што ў кнізе няма ні аднае легенды, рэдактары ў Хойніках і ў Мінску нібыта не заўважылі (на здымку: магчыма пра гэта і казаў аўтар у гутарцы з  У. Ф. Багінскім, сямейную легенду якога з рукапісу кнігі "прыбралі". Застаецца адзінае выйсце парупіцца, каб выдаць кнігу прафесара Багінскага...)

С. Бельскі
(сакавік 2015 г.)

[А]

[В]

*****

*****
У гэтым відэароліку агучваецца ўсё той жа міф пра ікону Пресвятой Богородицы,
именуемой "Благодатное Небо". Але перадача яе ў Пакроўскую царкву пазначана
ўжо не пачаткам XVIII-га, а XIX-ым стагоддзем. 

Pietkiewicz Czesław
Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego
Materiały etnograficzne
Warszawa, 1938*

*Заўважым, што ў размове між кабетамі аб святых – ані згадкі пра хвэст у Хойніках і ікону Маці Божай Благодатное Небо;
і гэта пры тым, што яна нібыта "являлась главной святыней не только Хойникского прихода, но и соседних волостей"!
Вельмі не хацелася б думаць, што міф створаны... пасля адраджэння ў Хойніках праваслаўнай грамады ў 1986 г.,
бо ж вядома, хтó да гэтага найбольш спрычыніўся. (С. Бельскі)
Тая ж самая тэма ў відэароліку недзе з 10.45. Тут для 1700 г. названая нейкая князёўна Марыя Шуйская.
 А згаданы крыху раней нібыта "лик Богоматери" на дрэве ў Губарэвічах і праваслаўныя святары
 трактуюць як праяву язычніцкіх уяўленняў-пачуццяў тутэйшага люду. 

 

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024