Суббота, 27.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

     Ала Партнова,
​        
к. ф. н.

                                                                           Лексіка-семантычныя асаблівасці 
                                                                             вясельнай лірыкі Хойнікшчыны

    Творчасць – гэта дзейнасць, у вынiку якой з’яўляецца нешта новае, тое, чаго раней нiколi не было. Творчасць – найвышэйшая форма чалавечай жыццядзейнасцi. Творчасць звязана са здольнасцю чалавека нестандартна мыслiць. Зараз большасць людзей лiчыць, што творчасць – гэта дар выбраных. Менавiта таму большасць з нас не пiша, а слухае музыку, не ставiць спектаклi, а ходзiць у тэатры, не стварае палотны, а наведвае вернiсажы. Значыць, мы не ствараем, а ўспрымаем. Цi мала гэта? Не, таму што патрэба спасцiгаць навакольны свет праз прызму творчасцi – гэта таксама творчасць, здольнасцю да якой надзелены кожны чалавек, паколькi яна дае магчымасць рэалiзацыi непаўторнасцi чалавечай асобы. Зусiм iншае пытанне: цi кожны сучасны чалавек унутрана матываваны да творчасцi? «Жыццё – тэатр, а людзi ў iм – акцёры», – казаў вялiкi Шэкспiр. Так, мы гуляем у жыццi, але саромеемся гэтага, бо баiмся здацца «анамальнымi». I дарма: галоўны вораг творчасцi – страх адхiлiцца ад агульнапрынятых норм. Дастаткова ўспомнiць, што адным з найбольш эфектыўных метадаў выхавання творчых здольнасцей чалавека з’яўляецца сiнектыка – ператварэнне знаёмага ў дзiўнае: чалавек iмкнецца ўбачыць добра знаёмае з iншага боку. Цi не давадзiлася вам пры наведваннi незнаёмых мясцiн адчуваць, што вы калiсьцi ўжо тут былi? Напэўна. Але мы мала каму прызнаемся ў гэтым: не зразумеюць. Адкуль у чалавека такая здольнасць? Цi не гэта «памяць продкаў», праявы мiфалагiчнага абстрактна (мiнулае)-канкрэтна (сучаснае)-абстрактнага (будучае) мыслення, якое вызначае лёс чалавека i яскрава праяўляецца ў вуснай народнай творчасцi?
      Гомельшчына багатая на народных песняроў i простых людзей-носьбiтаў багатай духоўнай спадчыны. Не з’яўляецца выключэннем i Хойнікшчына, народная творчасць якой была прадметам вывучэння навукоўцаў яшчэ ў XIX стагоддзі (узгадаем працы Ч. Пяткевiча). На сучасным этапе фальклорнага развiцця назiраецца яскрава выражаная тэндэнцыя “згасання” казачнай традыцыі, нешматлікімі з’яўляюцца і ўзоры наратыўнага няказкавага фальклору, асабліва легенды і паданні. Цi выпадкова гэта? Як гэты факт уплывае на выбар сучасным чалавекам спосабаў пабудовы свайго жыццёвага шляху?
     Як вядома, у сусветнай педагогiцы i псiхалогii iснуе два падыходы да тлумачэння працэсу структуравання жыццёвага шляху [2]. Айчынныя аўтары (напрыклад, С. Л. Рубiнштэйн, Б. Р. Ананьеў) падкрэслiвалi, што асоба свядома вызначае свае адносiны да жыцця i свядома рэгулюе працэс жыцця. Другi падыход (А. Адлер, К. Роджэрс i iнш.) пабудаваны на ўпэўненасцi ва неўсвядомленым выбары жыццёвага сцэнарыя, якi «пiшацца» на раннiх стадыях развiцця дзiцяцi. На наш погляд, памiж гэтымi падыходамi няма супрацьстаяння, паколькi замежныя псiхолагi iмкнулiся пранiкнуць у “перадгiсторыю чалавека”, падкрэслiваючы, як i айчынныя спецыялiсты, вялiкую ролю бацькоў у фармiраваннi жыццёвых ўяўленняў дзiцяцi. Як ні дзіўна, але ўсё яшчэ даволі добра ўтрымліваюцца ў памяці інфарматараў звесткі па каляндарна-абрадавай і сямейна-абрадавай паэзіі. Цi выпадкова гэта? Думаецца, што не. Жыццёвы сцэнарый, якi фармiруецца на падставе раннiх жыццёвых уяўленняў i суадносiцца са сцэнарыем, знаёмым дзiцяцi з казкi, апавядання, легенды, “запускаецца” ў дзiцячым узросце. Таму вельмi важна, каб сцэнарый быў “шчаслiвым”. Мысленню чалавека ўласцiва мiфалагiчнасць, i гэта ў некаторай ступенi тлумачыць той факт, што зараз казкi, паданнi, легенды з жанраў вуснай народнай творчасцi перабралiся ў сферу пiсьмовай лiтаратуры i трывала замацавалiся там (аб чым сведчыць вялiкая колькасць падобных твораў у розных галiнах мастацтва). Магчыма, на сучасным этапе развiцця фальклору “яўная мiфалагема” казачнай традыцыi саступiла месца “скрытай мiфалагеме” сямейнай i каляндарнай абраднасцi, у якой сцвярджаюцца мiфалагiчныя па сваёй сутнасцi маральныя правiлы, што вызначаюць напрамак жыццёвага шляху чалавека.
     Лёс чалавека – гэта шлях з мiнулага праз сучаснасць у будучыню. Паразважаем: цi шмат у чалавечым жыццi рэальнага, какрэтнага? Мiнулае i будучае – гэта тое, чаго цi ўжо, цi яшчэ няма. Значыць, гэта сфера абстрактнага. Канкрэтнай уяўляецца толькi сучаснасць, якую можна структурыраваць у адпаведнасцi з пажаданым напрамкам. А калi сучаснасць звязана не толькi з табой, а яшчэ i з блiзкiмi людзьмi, дзецьмi… А ты ведаеш, што лёс чалавека вызначаецца задоўга да яго з’яўлення на свет i абумоўлены лёсам i паводзiнамi яго бацькоў… Цi не адсюль факт устойлівага захавання ў народнай памяці i цiкавасць вучоных да тэарэтычнага асэнсавання звестак па сямейна-абрадавай паэзіі?
     Не толькi лiтаратары, але i лiнгвiсты могуць знайсцi шмат цiкавага для даследавання ў фальклорным матэрыяле. Як лёс чалавека ўяўляе сабой перапляценне яго абстрактных уяўленняў i канкрэтных дзеянняў, так i моўная структура тэкстаў сямейна-абрадавай паэзii вызначаецца заканамернасцямi функцыянiравання ў iх дзвюх семантычных груп лексiкi: слоў з абстрактным значэннем i слоў з канкрэтным значэннем. Паспрабуем прааналiзаваць гэтыя заканамернасцi ў тэкстах вясельнай абраднасцi Хойнiцкага раёна.
     Як вядома, назвы пораў года – гэта абстрактныя назоўнiкi, якiя ў пэўным кантэксце могуць пераходзiць ў разрад прыслоўяў. Традыцыйна канец шчодрай на ўраджай восенi i пачатак зiмы лiчылiся тым часам, на якi прыпадала найбольшая колькасць вяселляў: «свадзьбы не гулялі ў пасты, у Піліпаўку ваўкі жэняцца. Гулялі ў мясаедства» (запісана ў в. Вялікі Бор ад Харошка Галіны Аляксееўны, 1951 г. н., студэнткамі Беспалай М. А., Харошка Н. В.); «пасля Ражаства було й вяселле» (запісана ў в. Вялікі Бор ад Харошка Праскоўі Данілаўны, 1915 г. н., студэнткамі Шаціла Н., Куляшовай В.); «свадзьбу няможна было святкаваць у пост, на Пятро. А так усё ўрэмя харошае, тады ўжэ i свадзьбу гуляюць» (запiсана ў в. Клiвы ад Гардзiенка Марыi Пятроўны, 1919 г. н., студэнткамi Максiмчык А., Дыба Г, Сухой Ю. (2003 г.); «абычна свадзьбы гулялі ўвосень, но і летам і зімой тожа можна, толькі ў пост не гулялі» (запісана ў в. Алексічы ад Рашанок Таццяны Іванаўны, 1930 г. н., і Рашанка Віктара Васільевіча, 1930 г. н., перасяленцаў з в. Маклішча, студэнткамі Нямковіч А., Зайцавай А., Новікавай І. (2003 г.); «не гуляем вяселле на пасты. Да Пасхі тры нядзелі не гуляюць, на Піліпаўскі пост перад Калядамі не гуляюць, а ўжо на Троіцу, па Пасху, па самі Каляды - дык ось тады» (запісана ў в. Навасёлкі ад Чэкан Васіліны Андрэеўны, 1916 г. н., студэнткамі Клочка А., Руковіч В.).
     Зусiм iншыя асацыяцыi выклiкае гэты перыяд пры семантычным аналiзе наступнага выказвання: “У нас не гулялі свадзьбу толькі ўвосень, а гулялі летам, пасля жніва. Казалі, калі ўвосень свадзьба будзе, дак нешчаслівая сям’я будзе” (запісана ў г. Хойнікі ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г.н., (перасяленка з в. Дворышчы) студэнткамі Салаўёвай Т., Вайновіч К. (2001 г.). Магчыма, тут восень звязваецца ў думках людзей з паступовым замiраннем прыроды перад зiмовым “вечным” сном.
     Заўважым, што сэнсаваўтваральнымi ў тэкстах усiх iнфарматараў з’яўляюцца словы з абстрактным значэннем: вяселле (свадзьба), увосень, пост, Піліпаўка, мясаедства, Ражаство, Пятро, урэмя, летам, зімой, жнiво, нешчаслiвая, сям’я. Агульнапрынята лiчыць, што працэс “бытавога” мыслення чалавека, не звязанага з iнтэлектуальнай працай, не прадугледжвае шмат абагульненняў, разважанняў i iмкнецца да канкрэтыкi. Значыць, у маўленнi сэнсаваўтваральнай павiнна быць канкрэтная лексiка. Варта дапусцiць, што пры апiсаннi абрадаў за знешняй прастатой хаваецца глыбокi фiласофскi i магiчны сэнс, якi ў нейкай ступенi “выходзiць на паверхню” пры з’яўленнi ў абраднасцi хрысцiянскай сiмволiкi, заснаванай на абстрактнай лексiцы: “Перад свадзьбай мы даўжны, як кажуць, прачысцiцца чыстай вадой. Цэрква далёка ад нас, но ў дзярэўнi быў свой святы бацька. Ён чытаў малiтвы, ета загаворваў чыстую ваду з калодцу i аблiваў нас ураннi на галодны жалудак. Вада ачышчала ад цёмнага i нядобрага” (запiсана ў в. Вялiкi Бор ад Навуменка Ганны Мiкалаеўны, 1937 г. н., Навуменкі Аляксандра Аляксандравiча, 1940 г. н., студэнткамi Навуменка Н., Новiкавай I., Смiрновай Н. (2003 г.).
     У матэрыялах iнфарматараў па вясельнай абраднасцi выразна прасочваецца хрысцiянская сiмволiка лiчбаў, якiя дзеляцца на тры (сiмвал адвечнасцi жыцця): «тры сваты було…», «брала я шэсць дружак», «гулялi свадзьбу тры днi» (запiсана ў в. Вялiкi Бор ад Навуменка Ганны Мiкалаеўны, 1937 г. н., Навуменкі Аляксандра Аляксандравiча, 1940 г. н., студэнткамi Навуменка Н., Новiкавай I., Смiрновай Н. (2003 г.); «вяселле заўжды было ў суботу» [шосты дзень тыдня], «на трэці дзень гулялі “цыгане зайца”» (запісана ў в. Віць ад Судзенка Вольгі Васіл’еўны, 1952 г. н., (нарадзілася ў г. Данецку) студэнткай Судзенка Нінай Міхайлаўнай (2002 г.); «перад тым як ехаць у цэркву, абходзiлi тры разы мацi з бацькам» (запiсана ў в. Клiвы ад Гардзiенка Марыi Пятроўны, 1919 г. н., студэнткамi Максiмчык А., Дыба Г, Сухой Ю. (2003 г.); «у царкве маладых… абводзяць вакруг стала з іконай тры разы» (запісана ў в. Навасёлкі ад Чэкан Васіліны Андрэеўны, 1916 г. н., студэнткамі Клочка А., Руковіч В.); у сваты «iдуць кросны бацька, матка маладога, сам хлопец», бацькi благаслаўляюць дзяльбу каравая «тры разы», «на трэці дзень бабы ўсе прыбіраюцца ў цыганак…» (запісана ў в. Валокі (цяпер г. Хойнікі) ад Краўчанка Ксені Паўлаўны, 1936 г. н., (нарадзілася на Украіне, з 1947 г. жыве ў в. Валокі) студэнткай Жмачынскай Н.); «у сваты ідуць хросны бацька маладога, два чалавекі з радні, чацвёрты – жаніх», у першы вечар вяселля, калi шукаюць маладую, «выводзяць трох дзяўчат…», бацькi благаслаўлялi маладых «тры разы» па просьбе (якая вымаўлялася «тры разы») трох баб («роднай сястры, крышчонай маці, дзяны – жонкi роднага брата»), пры «прадажы» маладой «сват ложыць два разы грошы. Дважды дружкі адмаўляюцца. На трэйці раз больш грошай ложыць. Дружкі згаджаюцца», «галоўныя сваты…спявалі: “Ацец, маці, благаславіце каравай падзяліці”. Ім у адказ: “Бог благаславіць”. І так тры разы», свахi «тры разы пяюць песню, тры разы зводзяць свечкі і тройчы цалуюцца» (запісана ў в. Алексічы ад Бандарчук Алены Станіславаўны, 1928 г. н., студэнткай Смусянок Н.); пры сватаннi «свечкі тры разы паляць і тры разы тушаць на парозе», песня пры завiваннi маладой «пяецца тры разы», «у дванаццаць часоў ночы дзеляць каравай… на тры часткі», «просім каравай дзяліць…адзін раз кажа, фтарой раз, трэці раз» (запісана ў г. Хойнікі ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г. н., (перасяленка з в. Дворышчы) студэнткамі Салаўёвай Т., Вайновіч К. (2001 г.).
     У вясельных тэкстах значна радзей сустракаюцца лiчбы, якiя дзеляцца на два (прычым, яны з’яўляюцца сiмвалам парнасцi): «як маладую з дому адпраўлялі, радзіцелі ёй…дзве булкі хлеба давалі ілі спецыяльна такія піражкі пяклі. Пара етых піражкоў» (запісана ў в. Судкова ад Лагвінец Аляксандры Кузьмінішны, перасяленкі з в. Дворышча, 1940 г. н., студэнткай Касцюковай М. (2003 г.); толькi парныя жанчыны (тыя, якiя шчаслiва жылi з адным мужам) мелi права пячы каравай, завiваць маладую; «пякуць два караваі», якiя нясуць «два хлопчыкі, нежанатыя, падростачкі»; «цёшча далжна яешню нажарыць з дзесяці яец» (запісана ў в. Валокі (цяпер г. Хойнікі) ад Краўчанка Ксені Паўлаўны, 1936 г. н., (нарадзілася на Украіне, з 1947 г. жыве ў в. Валокі (цяпер г. Хойнікі) студэнткай Жмачынскай Н.). Адметна, што лiчбы, кратныя тром (як сiмвал жыцця) i двум (як сiмвал пераходу ў iншы стан, свет), з’яўляюцца аднолькава сэнсаўтваральнымi ў пахавальнай абраднасцi: тры, дзевяць (час, калi душа памерлага знаходзiцца на зямлi) i сорак (момант, пасля якога душа чалавека пераходзiць у iншы свет).
    На пачатковых этапах сямейнай абраднасцi, калi жыццёвы сцэнарый быў яшчэ зусiм невядомы, “закрытасць” iнфармацыi падтрымлiваецца i на граматычным узроўнi фразы: славесная формула мела папераджальны сэнс з умоўнай сiнтаксiчнай будовай, куды ўваходзiлi дзеясловы, якiя абазначалi нерэальнае дзеянне (абвеснага ладу ў форме прошлага множнага лiку i будучага часу адзiночнага лiку): калi (не)…, то(дык). Пазней, у працэсе сватання, калi па-ранейшаму нерэальны жыццёвы план становiцца пажаданым, у тэкстах пачынаюць ужывацца “канкрэтна-абстрактныя” пары назоўнiкаў i дзеясловаў (дэперсанiфiкаваная форма абвеснага ладу цяперашняга (будучага) часу множнага лiку – персанiфiкаваная форма загаднага ладу адзiночнага лiку):

Ой, мы ж цябе, Танечка, завіваем,
Шчасцем, долею надзяляем!
Будзь багата, як зямля,
Будзь здарова, як вада.
(Запісана ў г. Хойнікі ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г. н., (перасяленка з в. Дворышчы) студэнткамі Салаўёвай Т., Вайновіч К. (2001 г.).
Сват-сваточку,
Пусці ў хату.
Мы шкоды не зробім,
Лаўкі не зломім.
А ў нашага свата
З вярбы-лазы хата,
Печ яго пабялёная,
А чэсць яго пахвалёная.
(Запісана ў в. Алексічы ад Бандарчук Алены Станіславаўны, 1928 г. н., студэнткай Смусянок Н.).
    

      “Пiлi i елi з аднаго посуду, патаму што мы крэпка любiлi адзiн аднаго i гэта значыла, што мы згодны дзялiць жыццё ўсё на дваiх. Усё. Многа жалалi за сталом: “А я сваiм маладым жылаю шчасце-долю i век доўгi i мяшок грэчкi, штоб маладая маладому насiла яечкi” (першы сват), “Дарую каробку глiны, штоб пазвалi на хрысцiны!”, “Дарую шчасце i любоў i каробку буракоў, штоб не любiла чужых мужыкоў!”
(Запiсана ў в. Вялiкi Бор ад Навуменка Ганны Мiкалаеўны, 1937 г. н., Навуменкі Аляксандра Аляксандравiча, 1940 г.н., студэнткамi Навуменка Н., Новiкавай I., Смiрновай Н. (2003 г.).
      Лексiчны склад тэкстаў па-ранейшаму вызначаецца багаццем абстрактнай i паўабстрактнай лексiкi (шчасце, доля, (будзь) багата, зямля, (будзь) здарова, вада, шкода, чэсць, век, хрысцiны), сэнс якой мяняецца з адмоўна-папераджальнага на станоўча-пажадальны.
      Наступны этап рэалiзацыi канкрэтнага i абстрактнага ў працэсе мыслення чалавека адлюстроўвае структура славеснай формулы, якая суправаджае абрад выпякання i дзяльбы каравая:
 

Каравай, каравай,
Уставай, уставай,
Маладых прывітай.
(Запісана ў г. Хойнікі ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г. н., (перасяленка з в. Дворышчы) студэнткамі Салаўёвай Т., Вайновіч К. (2001 г.).
Ой, стану я каля печы
Караваю сцярэчы,
Каб яму ўгадзіці…
(Запісана ў в. Шыічы Калінкавіцкага р-на ад Драка Марыі Дзмітрыеўны 1915 г. н., (перасяленка з в. Кажушкі Хойніцкага р-на) студэнткай Кірпічэнка В. (2000 г.).
Печ наша рагоча,
Караваю хоча.
А прыпячак стогне,
Караваю не ўздохне.
(Запісана ў г. Хойнікі ад Еўжанка Любові Аляксандраўны 1930 г. н., перасяленкі з в. Настолле (цяпер г. Хойнікі) Хойніцкага р-на, Новак В. С.).
 

      У сiнтаксiчнай будове тэкстаў сустракаюцца як абстрактныя (часткова персанiфiкаваныя) формы загаднага ладу адзiночнага лiку i iнфiнiтыву, так i канкрэтызаваныя (персанiфiкаваныя) асабовыя формы дзеяслова. Можна дапусцiць, што першапачаткова неўсвядомлены жыццёвы сцэнарый будучай сям’i паступова канкрэтызуецца ва ўяўленнях людзей.
    У славесных формулах вясельнай абраднасцi многiя неадушаўлёныя канкрэтныя назоўнiкi набываюць сiмвалiчнае, абстрактнае значэнне: напрыклад, каравай («на вяселле пяклі каравай. Прыходзіла хросная матка, прыносіла з сабой дяжу і гаварыла: “На шчаслівую долю” (запісана ў в. Віць ад Судзенкi Вольгі Васільеўны, 1952 г. н., (нарадзілася ў г. Данецку) студэнткай Судзенка Нінай Міхайлаўнай (2002 г.); “пры рашчыне цеста для каравая жанчыны прыгаварвалі: “Каравай родзіць у полі, а сям’я - у долі” (запісана ў в. Стралічаў ад Закалоднай Соф’і Васільеўны, 1922 г. н., студэнткай Шавялёвай Н. (2003 г.); каса, чобаты, гарбуз (“толькі мне жаль русае касы, дзявочае красы”; “А дзе ж тыя чобаты, дзе зяць даў? А за тыя чобаты дачку ўзяў…”; “Калі не сагласна (дзеўка замуж), то…давалі гарбузу”; запісана ў в. Шыічы Калінкавіцкага р-на ад Драка Марыі Дзмітрыеўны 1915 г. н., (перасяленка з в. Кажушкі Хойніцкага р-на) студэнткай Кірпічэнка В. (2000 г.); кальцо, ёлачка (“на роспiсi кольцамi абменьвалiся”; “на свадзьбу ўкрашалi ёлачку. Ставiлi яе на стол у хлеб”; запiсана ў в. Клiвы ад Гардзiенка Марыi Пятроўны, 1919 г.н., студэнткамi Максiмчык А., Дыба Г, Сухой Ю. (2003 г.); кажух, на якiм “маладыя сядзелі на куту…, бо ім трэба размнажацца” (запісана ў в. Валокі (цяпер г. Хойнікі) ад Краўчанка Ксені Паўлаўны, 1936 г.н., (нарадзілася на Украіне, з 1947 г. жыве ў в. Валокі (цяпер г. Хойнікі)) студэнткай Жмачынскай Н.), у якi пераапранаецца сваха («вяселле ў хаце маладой кончылась, ідуць у хату к маладому…Сваха выварачвае кажух, адзявае яго, завязваецца рушніком, надзяе мужчынскую шапку»; запісана ў в. Алексічы ад Бандарчук Алены Станіславаўны, 1928 г.н., студэнткай Смусянок Н.), “кажух быў сімвалам багацця і шчасця” (запісана ў г. Хойнікі ад Гардзейчык Надзеі Ульянаўны, 1929 г. н., студэнткай Санцэвіч В. (2003 г.). Адушаўлёныя канкрэтныя назоўнiкi набываюць ў тэкстах сiмвалiчнае, абстрактнае значэнне праз прыём падмены i пераапранання, ужыванне якога рэалiзуе галоўную для сямейнай абраднасцi функцыю абярэгу: напрыклад, цыгане (“на трэці дзень бабы ўсе прыбіраюцца ў цыганак і ходзяць па радне, дзе куру схопяць, дзе яйкі. Кажуць: “Ой, дай я табе...пагадаю”. Папрыходзяць, пакруцяць тыя куры, навараць з крупнай картопляй бульллён і зноў гуляюць. Гэта называлася хадзіць у цыганы”; запісана ў в. Валокі (цяпер г. Хойнікі) ад Краўчанка Ксені Паўлаўны, 1936 г. н., (нарадзілася на Украіне, з 1947 г. жыве ў в. Валокі (цяпер г. Хойнікі)) студэнткай Жмачынскай Н.).
      У вясельнай абраднасцi цудоўным чынам спалучаецца нябеснае i зямное, духоўнае i цялеснае, абстрактнае i канкрэтнае. Напрыклад, у тэксце, якi пасля благаславення маладых бацькамi спяваюць пры “прадажы” маладой дружкі, зусiм няма «ўзвышанай» абстрактнай лексiкi, што быццам бы не адпавядае ўсхваляванасцi моманту:
 

Брат з сястрою сядзіць
Да за ручаньку дзяржыць.
Да не хоча папусціці
Да чужой чужаніцы
Свае роднае сястрыцы.
- Не гніся, дружок, не гніся,
Кладзі залаты, садзіся.
Кладзі залатой, шчэ й другі, -
Вялеў (імя маладога) малады.
Чаго, дружок, падзьмуўся?
Мо, дома грошы забуўся?
Пастаў коніка на мяжы,
А сам па грошы пабяжы.

Пудкі, дружок, пудкі,
Загналі чэрці ў суткі (малы куток).
Хто йдзе, той пытае,
Чыя чупрына матае.
За етыя грошы,
Да сват нехарошы,
Вазьмі свае грошы,
Да ійдзі на рынак,
Да купі сабе мыла,
Да памый свае рыла,
Штоб жонка любіла,
Да дзеткі пазналі,
Да бацькам назвалі.
(Запісана ў в. Алексічы ад Бандарчук Алены Станіславаўны, 1928 г. н., студэнткай Смусянок Н.).
 

      За кошт шырокага ўжывання канкрэтнай лексiкi змест набывае знiжана-грубаваты, iранiчны (што падтрымлiваецца на марфемным узроўнi: наяўнасць значнай колькасцi слоў з памяншальнымi суфiксамi) сэнс, якi яскрава дэманструе прадметнасць i самаiронiю як прынцыпы адносiн простага чалавека да рэчаiснасцi. Калi жыццёвы план маладых акрэслiваецца, то абстрактнае вераванне змяняецца крытычна-прагматычным поглядам на свет, якi прымаў iснаванне веры ў разумна-абмежаванай меры: «на чацверты дзень працягвалi гуляць. Калi заходзiла сонца, нам вытаплiвалi печку ў банi. Давалi толькi адно палаценца. На чацверты дзень нам ужо можна було пераадзець другую адзежу. I пасля пачыналася ўжо сямейнае жыццё. Сталi займацца цяжкай працай, пачалося змаганне за хлеб» (запiсана ў в. Вялiкi Бор ад Навуменка Ганны Мiкалаеўны, 1937 г. н., Навуменкі Аляксандра Аляксандравiча, 1940 г. н., студэнткамi Навуменка Н., Новiкавай I., Смiрновай Н. (2003 г.); «а пасля свадзьбы ўжо пачыналася паслявясельная частка. Маладыя пачыналі працаваць і рабілі ўсё, што патрэбна» (запісана ў в. Вялікі Бор ад Кушнер Любові Іванаўны, 1922 г. н., студэнткай Сачанка А.).
       Найвышэйшай формай праграмiравання жыццёвага шляху чалавека з’яўляецца арганiзацыя дзейнасцi праз гульню. «Каралева дзяцiнства», гульня з’явiлася як рэалiзацыя патрэбы чалавека ўздзейнiчаць на свет. Гульня для дарослых – гэта спосаб пранiкнення ў сферу дзяцiнства i творчасцi, калi праз магiю дзеяння i слова спасцiгалася сутнасць жыцця. Нездарма гульня – гэта аснова абраднасцi (у тым лiку i сямейнай). Абрадавыя гульнi адрознiвалiся ад сучасных дзiцячых або дарослых гульняў перш за ўсё сваiм сiнкрэтызмам: яны былi групавыя, сюжэтныя, ралявыя з абавязковымi правiламi. Магiчная моц гульнi ў складзе абраду заключалася ў сумеснасцi, традыцыйнасцi i паўтаральнасцi дзеянняў: «На вяселле запрашалі гасцей як маладыя, так і іх бацькі. Вяселле пачыналася заўсёды ў суботу вечарам у хаце маладой. Прысутнічаюць у гэты дзень толькі дружкі і радня маладых. Гуляюць, гасцююць. У гэты вечар сваты шукаюць маладую. Выводзяць трох дзяўчат (адна з іх маладая), накрытых посцілкай. Малады павінен быў знайсці яе. Але гэта было як гульні. Вянчаюцца маладыя ў нядзелю. У хаце маладой. У панядзелак вечарам гуляюць “зайца” ў хаце маладога» (запісана ў в. Алексічы ад Бандарчук Алены Станіславаўны, 1928 г. н., студэнткай Смусянок Н.).
       Сюжэт перш за ўсё вызначаўся прагматычнай накiраванасцю, якая магла запраграмiраваць жыццёвы шлях маладых «на дабро» праз сцвярджэнне спрадвечных маральных устояў. Так, гулянне «зайца» або «курэй» выконвала аберагальную функцыю праз прыём падмены маладых i, тым самым, падман злых духаў: «Госці ідуць у хату “есці зайчаціну”. У гасцей твары сажай вымазаны. З гасцей выбіраюць маладога і маладую. Садзяць маладых на кут, вешаюць вянок цыбулі на маладую» (запісана ў в. Алексічы ад Бандарчук Алены Станіславаўны, 1928 г. н., студэнткай Смусянок Н.); «на трэці дзень булі “куры”. Перадзяваліся і на каню ездзілі к тым, хто буў на вяселлі, збіралі курэй. Тады ў маладой етых кур варылі і прадаўжалі гулянне. На “курах” выбіралі камічных жаніха і нявесту» (запісана ў в. Вялікі Бор ад Харошка Галіны Аляксееўны, 1951 г. н., студэнткамі Беспалай М. А., Харошка Н. В.). А “пярэзвы” сцвярджалi неўмiручасць спрадвечных законаў гасцiннасцi ў адносiнах памiж людзьмi: “ета пярэзва, еслі перазываюць. Напрымер, вот свадзьба да пярэзва, дак я гатоўлюся, а тады перазываю к сабе етых людзей. Да ўжо тожа ўгашчаю. Гуляюць. Вот такое вот” (запісана ў в. Судкоў ад Варанецкай Марыі Іванаўны, 1927 г. н., студэнткай Касцюковай М. (2003 г.); «колісь булі “перазовы”, у нас казалі “пярэзвы”. Калі я була на вяселлі, то даўжна була перазваць маладых, матку, бацьку ў госці» (запісана ў в. Вялікі Бор ад Харошка Галіны Аляксееўны, 1951 г. н., студэнткамі Беспалай М. А., Харошка Н.В.); «пасля вяселля ўжо на другую нядзелю ездзяць адзін да аднаго ў госці. Гэта называлася перазовы» (запісана ў в. Навасёлкі ад Сацуры Кацярыны Яўменаўны, 1944 г.н., студэнткамі Клочка А., Руковіч В.).
       Людзi жэняцца, каб працягнуць род чалавечы. Таму вяселле бацькоў – гэта першы этап, пачатак жыцця будучага чалавека. Вясельныя традыцыi прадвызначаюць жыццёвы сцэнарый, якi карэкцiруецца кожным чалавекам на працягу ўсяго жыцця ў адпаведнасцi з абставiнамi i тымi маральнымi нормамi, якiя былi выхаваны ў сям’i. Сям’я адыгрывае значную ролю ў працэсе дасягнення чалавекам акмеалагiчных вяршынь, бо на працягу жыцця рэалiзуецца праграма, закладзеная ў дзяцiнстве. Гэта добра разумелi нашы продкi. Таму працэс «праграмiравання на поспех» пачынаўся задоўга да з’яўлення чалавека на свет. Гульня, заснаваная на магii дакладна падабранага слова, – вось аснова сямейнай абраднасцi.

Лiтаратура
Богоявленская, Т. Б. Психология творческих способностей. – М.: Академия, 2002. – 305 с.
Деркач, А. А. Акмеология: Пути достижения вершин профессионализма/ А.А. Деркач, Н.Я. Кузьмина. – М., 1993. – 201 с.
Лексіка Палесся ў прасторы і часе/ Рэд. В.У. Мартынаў. – Мiнск: Навука і тэхніка, 1971. – 216 с.
Словарь символов и знаков/ Авт.-сост. Н. Н. Рогалевич. – Минск.: Харвест, 2004. – 512 с.

Выкарыстаны матэрыялы з архіва кафедры беларускай культуры i фалькларыстыкi
Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф.Скарыны.

 

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024