Четверг, 25.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Хойнікшчына і Брагіншчына ў актах Оўруцкіх

       Сярод дакументаў Оўруцкага гродскага суда, хоць і рэдка, а ўсё ж сустракаюцца звесткі пра людзей Хойніцка-Брагінскага рэгіёна.
    Н
апрыклад, скарга ад 4 чэрвеня 1694 г., пададзеная ў суд панам Казімірам Яроцкім, на адміністратара Хойніцкага маёнтка – спадчыннага ўладання князя Канстанціна Шуйскага, пісара літоўскага, – пана Яна Здзітавецкага. У крыніцы паведамляецца, што харугва ваяводзіча інаўроцлаўскага пана Шчавіньскага ў лістападзе 1693 г. стала на зіму ў Хойніках. Але, згодна з воляй і на загад гетмана вялікага кароннага Ст. Ябланоўскага, яшчэ да пачатку хойніцкага кірмашу яна выправілася пад Хвастаў супраць казакоў белацаркоўскага палкоўніка Сямёна Палія. 12 лютага 1694 г. бацька падаўца скаргі Себасціян Яроцкі, мечнік перамышленскі, разам з іншай шляхетнай чэляддзю прыехаў у Хойнікі дзеля закупкі правіянту на ўтрыманне вышэйназванай харугвы. Уладкаваўшы справы, С. Яроцкі спыніўся на ноч у вёсцы Валокі (сёння вул. Катоўскага райцэнтра) у хатніх сенцах удавы Казачыхі, "ні перад кім не быўшы вінаватым". Але пераначаваць ціха і мірна яму не давялося. У мястэчку сярод людства раптам пачаліся беспарадкі, справакаваныя нібыта з'яўленнем тут Тышэвіча і Тура, збеглых слуг пана Палубінскага, які і сам быў не ў ладах з законам і адышоў "за Днепр". Ахвяраю іх стаў С. Яроцкі. Яго, невінаватага, ішоўшага па вуліцы, не распытаўшы замест вінаватых схапілі, моцна збілі, пасля чаго абаронца спакою ў мястэчку Я. Здзітавецкі памылкова, "як таго злачынцу і здрадніка", узяў пад варту і трымаў у замкавай турме ў жалезных аковах і ў лютым холадзе ледзь не тры месяцы, ажно пакуль не вярнулася харугва і пацярпелы не быў апраўданы. (АЮЗР. 1868. Ч. 3. Т. 2. С. 285 – 287).
    Іншы дакумент, асноўная частка якога датаваная 23 чэрвеня 1697 г., уяўляе сабой скаргу ад імя князя Дамініка Шуйскага, харунжага брэсцкага, маёнткаў Хойніцкага і Загальскага дзедзіча, і эканома яго маёнтка капітана Фрыдэрыка Левенфатэра, пададзеную ўпаўнаважаным панам Янам Савінскім. Абвінавачваліся скарбнік мазырскі пан Марцін Рэйтан і яго слуга пан Цыпрыян Пятровіч, падстараста глухавіцкі.
     А адбылося вось што. 24 красавіка пан Ф. Левенфатэр паслаў быў слуг сваіх, паноў Мацея Більскага, Юрыя Гнатоўскага, Стэфана Маркевіча, Аляксандра Галаскага і іншых баяр з уладанняў пана харунжага (у інвентары 1698 г. М. Більскага няма, астатнія ж названыя "астраглядаўскімі зямянамі") на попіс або агляд апалчэння Кіеўскага ваяводства. Ц. Пятровіч, пасланы з той жа мэтай панам Рэйтанам, далучыўся да іх. У дарозе ён, затуманіўшы розум лікворам, пачаў чыніць розныя эксцэсы. Як павярнулі да Шаломак (на паўднёвы захад ад Оўруча; тамсама і наступныя ўкраінскія паселішчы), прыналежных пану Рэмігіяну Сурыну, стольніку жытомірскаму, "на вёсцы шумеў моцна, а потым за слугой стольніка гнаўся да самага двара, страляў і з шабляй бегаў, чым увёў у канфуз пані стольнікавую і іншых". Выхваляўся і пагражаў яшчэ, што казакоў Паліевых будзе лавіць і вязаць. Пра гэта стала вядома казакам, якія пана М. Більскага, пры вазах быўшага ў Хайчы Малой, nic sobie niewinnego і ў вышэйзгаданым эксцэсе ўдзелу не браўшага, схапілі, адвялі да мястэчка Норынска і трымалі там пад вартай цэлыя суткі. Вызвалілі яго паплечнікі за выкуп толькі пасля вяртання з мястэчка Вяледнікі, дзе праходзіў агляд.
     Але на гэтым прыгоды не скончыліся. Як пачулі казакі, што слугі паноў шляхты вяртаюцца, то дагналі іх каля вёскі Шаломкі, збілі і абрабавалі: грошы князя Дамініка, аддадзеныя на захаванне А. Галаскаму, 20 талераў бітых забралі, а таксама два мушкеты коштам у 10 талераў, дзве шаблі коштам 15 злотых ды яшчэ нямала дробных рэчаў. Не сунімаўся і Ц. Пятровіч. Лаханскага (названы Саханскім, але такога прозвішча сярод астраглядаўскіх зямян-баяр ніколі не было.
С. Б), ні ў чым не вінаватага, ён, "як быццам свайго слугу”, паваліўшы на зямлю, біў… Пазней, калі ўжо ўсе вярнуліся да сваіх гасподаў, Ф. Левефатэр, будучы ў кляштары айцоў-дамініканаў у Астраглядавічах, абурыўся тым, што Ц. Пятровіч сябе старэйшым над яго слугамі паставіў, біў іх ды з яго віны казакі на слуг напалі і абрабавалі. Ц. Пятровіч, там жа ў кляштары за шаблю схапіўшыся, пачаў пана эканома зневажаць і срамоціць, замах на яго здароўе і годнасць публічна такім спосабам учыніўшы.
     У дакуменце ёсць яшчэ звестка пра тое, як 17 ліпеня 1697 г. князь Дамінік, па дамоўленасці з панам ваяводам Патоцкім, адправіў правіянт для жаўнераў яго драгунскай харугвы ў вёску Губаровічы. Даручэнне выканалі хойніцкі войт Грышка з кушняровым парабкам. Аддаўшы груз, яны заначавалі ў тамтэйшага яўрэя-арандатара. Ц. Пятровіч, як даведаўся пра начаваўшых пасланцоў князя Шуйскага, так без якой-колечы нагоды і рацыі ўзяў з сабой дзесятак сялян губарэвіцкіх і напаў на карчму; тых жа людзей "sine omni misericordiae et timore Dei (без усялякай міласэрнасці і страху перад Богам) біў, вязаў і тыранізаваў. Каторы той войт ад такога цяжкага і неміласэрнага збіцця, ведае Бог, ці доўга жыць будзе…" – занатаваў судовы пісар (Тамсама. С. 353 – 356).
    Справы ў тыя часы вяліся падоўгу і адказчык з пацярпелым маглі памерці або загінуць раней, чым бываў задаволены пратэст. Таму абвінавачванне, здаралася, выстаўлялі сямейнай пары і ад імя такой самай пары. 7 кастрычніка 1715 г. пан Міхал Камароўскі, падстараста і слуга пана Аляксандра і пані Людвікі з Чыхроўскіх Бандынэлі, войскіх мельніцкіх, падаў скаргу на пана Антонія і пані Ганну з Грабоўскіх Аскеркаў, маршалкаў Мазырскага павету за тое, што:
   
 у 1708 г. А. Аскерка захапіў землі з сенажацямі ў урочышчы Тварова(-е), адпісаныя брагінскай царкве св. Мікалая яшчэ князямі Вішнявецкімі, і, не маючы на іх ніякіх правоў, прыўласніў, а вёскі Глухавічы, Губаровічы, Сцяжарнае, Пучын, Мокіш, Еўлашы, што належалі да прыходу названай царквы, у ваяводстве Кіеўскім, павеце Оўруцкім размешчаныя, адабраў і да царквы ў вёсцы Губаровічы, прыватным чынам сялянамі тамтэйшымі збудаванай, самавольна далучыў;
   
 у 1711 г. таксама ўгоддзі з сенажацямі, але прыналежныя да хутароў Рудых, якімі мясцовыя сяляне здаўна карысталіся, адабраўшы, загадаў араць, засяваць, касіць аж да самай ракі Брагінкі, рыбу лавіць, бортныя дрэвы руйнаваць і "іншыя пажыткі ўсялякія браць і на свой пажытак абарачваць";
   
 22 верасня 1715 г. А. Аскерка, сабраўшы натоўп сялян губарэвіцкіх, узброеных косамі, сякерамі і стрэльбамі, пад камандай свайго падстарасты пана Траскоўскага паслаў на сенажаці, з даўніх часоў прыналежныя да вёсак Бабчын, Рудакоў і хутара Чахі, ды ўсё, што там было назапашана і належала як пану Бандынэлі, так і яго падданым, папаліць загадаў. У выніку, сена, у "styrty i stogi" складзенае, вазоў на тысячу і болей, папалілі, ні сцябла не пакінуўшы, а ўбогія сяляне А. Бандынэлі, якія з-за браку сена не мелі чым карміць худобу зімой, вымушаныя былі ад яе пазбавіцца (АЮЗР. 1871. Ч. 1. Т. 4. С. 378 – 379).
                                                                
     Згаданае вышэй урочышча Тварова(-е), як крыніца дадатковага, хоць і незаконнага прыбытку, вабіла суседзяў-свавольнікаў і надалей. 2 мая 1720 г. пан Ян Леўкоўскі падаў скаргу ад імя сужэнства Бандынэлі ўжо на пана Зыгмунта і пані Гелену з Паткоўскіх Шукштаў, падстоліх ковенскіх. З. Шукшта таксама не прымусіў сябе доўга чакаць. 10 жніўня т. г. асабіста з’явіўшыся (comparens personaliter) у суд, падаў сведчанне за подпісамі некалькіх шляхцічаў, якія на ўласныя вочы назіралі ў мястэчку Брагін жахлівую карціну: прыходскія могілкі Свята-Мікольскай царквы, зруйнаваныя на загад пана Бандынэлі, а разам косці і чарапы, раскіданыя паўсюдна. Сцвярджалася, што гэтае блюзнерства адказчык учыніў, каб вызваліць месца пад італьянскі сад (ogród włoski). Дарэчы, возны (судовы выканаўца) Марцін Паўлюкевіч, адзіны з шасці сведкаў, замест аўтографа пад абвінавачваннем krzyżyk położył (Тамсама. С. 401 – 402).
    Праз год, 11 жніўня 1721 г. у Оўруцкім судзе перад службоўцам панам Міхалам Сінгаеўскім з’явіўся асабіста пан Міхал Ябланоўскі, слуга А. Бандынэлі, падкаморага дэрбскага. Абвінавачваліся сужэнства Шукшты, айцец Якуб Бярнацкі, уніяцкі настаяцель глухавіцкі, а таксама сяляне Мікіта, Касьян і Ўлас Канавалы з сяла Глухавічы.
     Пацярпелі ўласнасць, а праз тое і людзі, брагінскай царквы св. Мікалая ды пана А. Бандынэлі. У гэты раз была адабраная зямля ўва ўрочышчы Дзяканаўскае, падараваная царкве ўсё тымі самымі князямі Вішнявецкімі. Калі 2 жніўня т. г. айцец Якім Давідовіч, праваслаўны настаяцель брагінскі, выехаў касіць сена ўва ўрочышча, паны Шукшты падбілі Я. Бярнацкага, дадаўшы яму ў дапамогу людзей, каб Давідовіча адтуль сагнаў. Айцец Бярнацкі з названымі Канаваламі, а яшчэ і больш за дзесятак сялян далучыўшы да крыміналу, наехаў на дзяканаўскую сенажаць і айца Давідовіча za brodę porwawszy, pięścią bił, tłukł, za włosy na ziemię obaliwszy, targał, włosy wyrwał (на ўрадзе іх паказвалі, як рэчавы доказ), pokrwawił, з сенажаці сагнаў і касіць не даў, а яшчэ хацеў звязаць і да панскага двара адвезці. Работніка Трахыма, падданага А. Бандынэлі з вёскі Бабчын, які прыйшоў збіраць свой засевак ля Глухавічаў, пані падстоліна ковенская зусім нявіннага збіць загадала.
     4 жніўня т. г. паны Ян Сакальскі, возны генерал ваяводства Кіеўскага, А. Бандынэлі, Ян Паўлоўскі і Ян Банькоўскі былі ў Бабчыне, дзе бачылі селяніна Трахыма, кіямі збітага і скалечанага, смяротна (letaliter) хворага, а таксама вялебнага айца Я. Давідовіча, пакрываўленага і пабітага (Тамсама. С. 407 – 409)

     Такія вось сумныя тэмы з мінулага нашага краю ўтрымліваюць актавыя кнігі Оўруцкага гродскага суда.
    Напрыканцы засяродзім увагу на тым, што ў прыведзеных дакументах гаварылася пра падараванні зямельных угоддзяў брагінскім цэрквам князямі Вішнявецкімі, а гэта, безумоўна, супярэчыць характарыстыцы іх А. М. Зелянкоўскім як "найболей ярых праваднікоў каталіцызму" (Па залах Хойніцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Хойнікі, 1995. С. 5). На жаль, М. С. Скрыпчанка пайшоў у гэтай справе яшчэ далей, спаслаўшыся на твор "феадала Шчэнскага": "Вішнявецкія пры дапамозе Ватыкана акаталічваюць і апалячваюць сялян. Яны пры дапамозе гайдукоў рабуюць цэрквы, забіваюць папоў, выганяюць манахаў, а хто супраціўляецца, сякуць шаблямі. Забараняюць размаўляць на беларускай мове" (Ленінскі сцяг. 13. ІІІ. 2002).
     У арыгінале крыніцы пад назвай "Zdanie o narodzie Ruskim” чытаем: "Ale hajdukami cerkwie brać, pozwami na Trybunał trapić, popy łopać, czerńce wyganiać; to się nie zgadza z wolą i nauką Zbawiciela naszego: raczej one słowa nań padną: szukasz swego pożytku, a nie Chrystusowego" (Документы, объясняющие историю Западнорусского края и его отношение к России и Польше. СПб., 1865. С. 220).

     Дзе ж тут Вішнявецкія і Ватыкан, дзе словы "рабуюць", "забіваюць", "сякуць шаблямі", "забараняюць размаўляць на беларускай мове"? Па-першае, гэтая мова тады называлася выключна "рускай". Па-другое, які сэнс забараняць карыстанне ёй у сітуацыі, калі аніякай іншай людзі не ведалі?! Навошта ж беспадстаўна аглупляць улады альбо асобаў мінулых часоў, няхай сабе і несправядлівых шмат у чым? Гісторыя не матэматыка, тут далёка не ўсё можна адразу праверыць, таму нямала залежыць ад маралі самога аўтара. На жаль, не кожны, хто ўзяўся пісаць на гістарычныя тэмы, адчувае адказнасць перад чытачом, асабліва калі выступае не так гісторыкам, як ідэолагам уладнага рэжыму. Заўважым, што не нейкі "феадал Шчэнскі", а стараста дабрамільскі, візненскі і масціцкі Шчасны Гербурт, сам рыма-католік, пратэставаў супраць гвалтоўных дзеянняў ў дачыненні да праваслаўных перамышленскага уніяцкага біскупа Афанасія Крупецкага, ды ўважаў за лепшае адабраць у яго катэдру, пакуль не дайшло да трагедыі, г. зн. да расправы з ім вернікаў.
    
Аўтар артыкула ў "ЛС" не заўважыў, што твор Шчаснага Гербурта пазначаны 1613 г., а ў той час часткаю Брагіна разам з шэрагам вёсак сучасных Брагінскага і Хойніцкага раёнаў (што праўда, не самымі Хойнікамі) валодаў князь Адам Вішнявецкі – актыўны прыхільнік і абаронца праваслаўя ў Рэчы Паспалітай, сябра Львоўскага праваслаўнага брацтва. Гэта ў яго Брагінскай сядзібе ў 1603 г. знаходзіўся прэтэндэнт на маскоўскі царскі трон, але ніхто з арганізатараў будучай "дзімітрыяды” не баяўся, што апошні скампраметуе сябе сувяззю з "ярым прапаведнікам каталіцызму і уніяцтва". І памёр князь Адам у 1622 г. праваслаўным. Вішнявецкія – надта разгалінаваная радзіна. І калі князь Адам быў паслядоўным праваслаўным вернікам, дык князь Іерамія, народжаны праваслаўным, стаў пазней гэткім жа гарлівым католікам. Нельга казаць агулам пра ўсіх Вішнявецкіх: яны пры дапамозе гайдукоў...

    Спадзяёмся, гэтыя апошнія заўвагі будуць успрынятыя адэкватна. Дарэчы тут прывесці і паслядоўна сфармуляваныя афарызмы элінскіх філосафаў Платона і Арыстоцеля адносна сваіх настаўнікаў, данесеныя да нас пазнейшай лацінскай традыцыяй: Amicus Socrates, amicus Plato, sed magis amica veritas (Сакрат – сябра, Платон – сябра, але найверная сяброўка – ісціна).

Архив Юго-Западной России.
Часть III. Том II.
Акты о козаках (1679 – 1716).
Киев, 1868

Архив Юго-Западной России.
Часть I. Том IV.
Акты об унии и состоянии православной церкви

с половины XVII века (1648 – 1798). Киев, 1871

Падрыхтаваў С. Бельскі

 

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024