Четверг, 25.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

      С. Бельскі                                                       
                                                                                                       Аб часе падаравання Хойнік пану Сямёну Палазовічу

                                                                                                                     (31 ліпеня 2010 г.)
    У адказе на запыт пісьменніка Д. Л. Вінаградава да акадэмічнага Інстытуту гісторыі годам найранейшай згадкі пра Хойнікі ў пісьмовых крыніцах названы 1492. Растлумачана таксама, што 1512 г., запазычаны з абмежавальнага акту “hrabstwa Brahińskiego”, да будучага раённага цэнтру дачынення не мае, бо Хойнічкам (Хвойнічкам) у ім названае нейкае ўрочышча, а не паселішча. Другая заява, відавочна, слушная.
    А вось першая… Адкуль узяты год 1492? У дакуменце кнігі запісаў № 17 Літоўскай метрыкі, на які спаслаліся супрацоўнікі ІГ НАН, такой даты няма і быць не магло: тая кніга ўтрымлівае звесткі 15301536 гг. Гэта ўсяго хіба дапушчэнне, заснаванае на факце, што ў 1492 г. памёр кароль Казімір IV і на пасад узыйшоў яго сын Аляксандр, а пра іх даніны Сямёну Палазовічу апавядаецца ў лісце 1532 г. яшчэ аднаго сына Казіміра Жыгімонта Старога.
     Нагадаем хоць урывак самога дакумента*.
“Лист писаныи князю Дмитру Романовичу Виденицкому до пана воеводы киевского абы именя розные по Семену Полозовичу зосталые ему яко зятю его поступил
Жикгимонт Божю милостю корол
Воеводе киевскому, державцы свислоцкому пану Андрею Якубовичу Немировича. Жаловалъ намъ дворянинъ нашъ княз Дмитреи Романович Виденецкии о томъ, што жъ которые именя мелъ державца речицкии тесть его, небожчикъ панъ Семенъ Полозовичъ наимя Ухобное, Углядковичи, Белыи Берегъ, Виточов, Мартиновичи, Хвоиники, Остроглядовичи, Новоселки а двор с пустовщинами у замку Киеве и на месте, и во Вручомъ. И тые деи он вси именя свои держалъ за даниною и листы отца нашого Казимера, короля, и брата нашого Александра, королеи ихъ милости и нашими…”.
     Змест гэтага ліста і сапраўды правакуе аднесці прывілей на Хвойнікі да часоў Казіміра і Аляксандра, а Жыгімонт, маўляў, ці пацвярджаў яго, ці змяняў умовы валодання (напрыклад, “да волі гаспадарскай”, “да жывата”, “на вечнасць”). Аднак, упэўнена тое можна сцвярджаць, калі б размова вялася пра які адзін маёнтак. Іх жа ў пераліку цэлых восем, акрамя гарадскіх двароў. Высвятляецца, што не “вси именя” былі атрыманыя ад адных і тых жа каралёў. Напрыклад, з пералічаных вышэй “добраў”, Глядкавічы (Углядкавічы) С. Палазовічу мог падараваць толькі сам Жыгімонт Стары, бо вядомы адпаведны прывілей ад 10 красавіка 1508 г., у якім чытаем:
“Жикгимонт Божю милостю корол и великии княз
Бил нам чолом пан Сенько Полозовичъ и просил в нас именеи небожчика князя Василевых Дашковича тыхъ, которые после его спали были на зърадецъ нашых князеи Львовичовъ Глинских в Киевском повете на имя Гостомлян, а в Житомирскомъ повете на имя Ставка, а во Вруцкомъ повете на имя Глядковичъ, и тежъ двора в замку Вруцкомъ же зъ местцомъ князя Василева Дашковича. Ино мы, для его службы, тым его пожаловали...” [Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 8 (1499 – 1514). Vilnius, 1995. № 307].
      Як бачым, да 1508 г. С. Палазовіч аб маёнтку Глядкавічы, двары ў Оўруцкім замку “зъ местцомъ” хіба марыў, бо імі валодаў князь Васіль Дашковіч, а пасля смерці апошняга – князь Іван Львовіч Глінскі, брат і хаўруснік знакамітага бунтаўніка князя Міхала, а таму для караля ды дзяржавы – здраднік. І гэта першы контраргумент, які не дазваляе схему акадэмічных гісторыкаў выкарыстаць у нашым выпадку. Калі Глядкавічы падараваныя пазней, чым памёр Казімір, а нават і Аляксандр, дык чаму ж Хвойнікі менавіта каля 1492 г.?!
       Другі контраргумент ужо не ўскосны, а хутчэй наўпросты.
     З васьмі пералічаных маёнткаў толькі Хвойнікі, Астраглядавічы і Навасёлкі (яны, верагодна, нашыя, не ўкраінскія, бо названыя паслядоўна) размяшчаліся ў Брагінскай воласці. А воласць  тая, паводле дакумента пад назвай “Прыход и росход пенезеи з розных мест до скарбу приношоных” ад 13 мая 1496 г., як і ўсе дзяржаўныя ўладанні, кіравалася намеснікам, сабраўшым “до скарбу” дзве капы грошай [Тамсама. Kniga Nr. 6 (1494 – 1506) Vilnius, 2007. № 597]. Калі 8 ліпеня 1506 г., яна была аддадзена каралём Аляксандрам двараніну Данілу Дзедкавічу дзеля выбрання належных яму 230 коп грошай [Тамсама. № 32], а 6 снежня 1506 г. новы манарх Жыгімонт Стары зноў вярнуў яе дзяржаве, замяніўшы на двухгадовае трыманне  карчмы ў Чаркасах [Tамсама. Kniga Nr. 8. № 87, 165], дык “волостка Брагинъская” ўся цалкам прыбыткі свае аддавала  або каралю, або ўзнагароджанаму двараніну. Яшчэ  і ў прывілеі ад 25 кастрычніка 1509 г. князю Міхаілу Васілевічу Збаражскаму  воласць заставалася адзіным уладаннем:
“Жикгимонт Божю милостю корол
Билъ намъ чоломъ князь Михаило Васильевичъ Збаразскии о томъ, што есмо перъво сего дали ему волость нашу Брягин держати з людми и зъ данью грошовою и медовою, и куничъною, и бобровою, и со всимъ по тому, какъ первеи сего тая волость на насъ держана, до нашое воли. И тыми разы бил нам чолом, абыхмо таки тую волость нашу Брягин ему дали держати до его живота.
Ино мы, з ласки нашое, за его веръную служъбу и тежъ для его чоломъбитья, то вчынили: тую волость нашу Брягин дали есмо ему деръжати… как тая волость на насъ держана, до живота его…” [Tамсама. № 584].
      І толькі ў тэксце прывілею 1514 г.**, урывак з якога працытаваны яшчэ ў магістарскай дысертацыі М. К. Любаўскім, засведчана, што не ўся Брагінская воласць аддавалася  князю М. Збаражскаму на вечнасць “з местом и с корчмами, и з мытом, и з городищом, и со всими селы и з людми”, а “кром тых сел, што первеи того кому у тои волости будем дали” [Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. Исторические очерки. Москва, 1892. С. 239].

     Іншая справа, маёнтак Хабнае. Вядомы прывілей другога з манархаў ад 26 кастрычніка (4 лістапада н. ст) 1493 г.:
“Самъ Александръ Божю милостю великии княз литовскии

… Билъ нам чоломъ ключникъ киевскии Сенько Полозович и просил у нас именя в Киевъскомъ повете въ Завъшкои волости на имя Хабное и людеи 10 потугов… А дали есмо тое имене вечно ему и его жоне, и их детемъ, и его ближнимъ, и потом будучымъ, и щадкомъ их” [Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 3 (1440 – 1498). Vilnius, 1998. № 27].
      Калі ўзяць пад увагу хоць бы прыведзеныя факты, дык адразу робіцца незразумелым, чаму “першай згадкай у пісьмовых крыніцах г. Хойнікі трэба лічыць 1492 год” (цытата з акадэмічнага адказу Д. Л. Винаградаву)?
     Але ў 1512 г. бацька ўладальніка названых сёл Фёдар Палазовіч “зволил противитсеправядзенню абмежавання воласці дзяржаўцам трахтамірскім і дымірскім, дваранінам каралеўскім Іванам Андрэевічам Кміцічам, бо з’явілася рэальная пагроза, што князь, чаго добрага, захоча прыгарнуць да сябе “на вечнасць” і сынавы маёнткі. Прынамсі, Астраглядавічы апынуліся ўнутры мяжы, прызначанага Збаражскаму ўладання.
      Калі яны маглі быць атрыманыя? Мяркуем, не раней, чым М. Збаражскі пачаў рабіць захады дзеля пераўтварэння асабістага пажыццёвага ўладання ў вотчыну для сваіх нашчадкаў
. Апошняе азначала б, што цэлая воласць у Кіеўскім ваяводстве аддадзена аднаму толькі роду. Але ж каралеўскі зямельны фонд небязмежны, а слуг-чалабітнікаў шмат. І манарх, перад тым, як даць права на ўласнасць М. Збаражскаму, мог забяспечыць гэткім самым правам хоць бы на пару-тройку сёл у даволі глухім паўночна-заходнім куце ўжо асаджанай людзьмі часткі Брагінскай воласці яшчэ аднаго добрага слугу – Сямёна Фёдаравіча Палазовіча. Тым болей, што паўночная яе частка да самай мяжы з Рэчыцкай воласцю яшчэ не была асвоена і рабіць гэта ў будучыні зручней з бліжэйшых Хвойнік. 
      Узяўшы пад увагу, што І. Кміціч склаў акт абмежавання Брагінскай воласці ўжо 7 сакавіка 1512 г., можна меркаваць: падараванне Хойнік і Астраглядаў С. Палазовічу адбылося недзе ў самым канцы 1511 ці ў пачатку 1512 г. Тым часам можна было б датаваць і першую згадку пра Хойнікі
, але адпаведны дакумент невядомы…
      Што да адказу гісторыкаў з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Іх спыталі пра Хойнікі, то яны і падалі звестку, знойдзеную М. Ф. Спірыдонавым пры складанні карты Беларусі XVI ст. Пытанні аб часе набыцця ўкраінскіх маёнткаў, нараўлянскага Белага Берага і аб Брагінскай воласці як адзіным уладанні  засталіся неяк у баку. Вось і стварылася ўражанне, нібы ўсе тыя маёнткі нададзеныя кожным з трох каралёў, чаго на самой справе не было.
      Між іншым, можам упэўнена сцвярджаць, што даследаванне гісторыі Хойнікшчыны пакуль не ўваходзіла ў планы акадэмічных вучоных. У супраціўным выпадку, як растлумачыць даволі дзіўную сітуацыю: ім больш за дваццаць гадоў вядома імя, хутчэй за ўсё, першага ўладальніка Хойнік (асобна ад Брагіна і большай часткі воласці) С. Палазовіча, а ўва ўсіх навейшых энцыклапедыях і даведніках у такой ролі выступаюць князі Вішнявецкія? Дарэчы, у тых жа даведніках няма ніякіх звестак і пра самога “Полаза Русака, слаўнага казака”, як назваў яго храніст Марцін Бельскі за перамогі над крымскімі татарамі ў 1508 і 1511 г. (найбольш актыўную чыннасць у стварэнні казацкіх фармаванняў на мяжы стэпу выказаў у 1520гг).

*Публікацыя: Андрій Блануца. Земельні надання  Сигізмунда І Старого на Українські землі Великого Князівства Литовського // Україна в Центрально-Східній Европі. 2008. № 8. С. 69 – 70. (арыгінал: Російський державний архів давніх актів. Ф. 389 (Литовська метрика). Оп. 1. Од. зб. 17. Арк. 251 зв. – 252)
**У 2004 годзе дакумент быў выдадзены Кшыштафам Пяткевічам: LIETUVOS METRIKA. Knyga Nr. 9 (1511–1518). Užrašymų knyga 9 / Metryka Litewska. Księga Nr 9 / 9 księga wpisów / Księga-kontynuacja (1508–1518). Wydał K. Pietkiewicz (Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu). Vilnius: Žara, 2002 [2004]. P. 240 – 241

Высвятляецца, што раней; сёння (26. XI. 2019) аўтару матэрыяла гэта вядома дакладна 3 чэрвеня 1504 г. Прывілей на Хойнікі і Астраглядавічы, выдадзены каралём Аляксандрам [гл.: АGAD. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 3, 4, 200. Sygn. 2. S. 78]. Усё адбылося яшчэ да пана Данілы Дзедкавіча і тым болей да князя М. В. Збаражскага. Відавочна, не адно асабіста зацікаўлены С. Палазовіч, але і каралеўскія дарадцы заўважылі неасвоеную частку Брагінскай воласці на поўнач ад Хвойнікаў ажно да межаў воласці Рэчыцкай. Гэта ўсё і вырашыла, бо зямлі для каралеўскіх падараванняў, чым далей, усё больш бракавала. У ІГ НАН Беларусі, аднак, мяркуюць, што кароль Аляксандр хіба пацвердзіў ранейшае падараванне караля Казіміра. Інакш кажучы, трымаюцца раней выказанага дапушчэння – 1492 г. Пераконвае ў гэтым акадэмічных гісторыкаў запіс "И тые деи он вси именя свои держалъ за даниною и листы отца нашого Казимера, короля, и брата нашого Александра, королеи ихъ милости и нашими…" у дакуменце 1532 г. Дзіўна, але ім не хочацца зважаць на тую акалічнасць, што пад "вси именя" падпадае і названае першым у спісе 1532 г. Ухобное (гл. вышэй), да падаравання якога Сямёну Палазовічу кароль Казімір, мы гэта бачылі, дачынення не меў. С. Палазовіч атрымаў яго (Хабное) у 1493 г. непасрэдна ад вялікага князя Аляксандра. У дакуменце няма звестак, нібы гэта пацвярджэнне ранейшага падаравання, тым часам як у іншых выпадках яны прысутнічаюць. І ў запісе 1879 г. (гл. ніжэй, іл. 3) людзьмі, якія прачыталі і скапіявалі арыгінал прывілею, сказана, што добра Хойнікі і Астраглядавічы, падараваныя С. Палазовічу, выдзеленыя з Брагінскай воласці, а значыць, раней нікому асобна ад яе не належалі. І яшчэ. Чаму для размешчаных у больш глухой мясціне Хвойнікаў у картатэцы М. Ф. Спірыдонава, якой карысталіся ўкладальнікі першага тому "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі", пазначаны 1492 г., а для згаданых у той жа самай крыніцы Астраглядавічаў, Навасёлак і Белага Берага – 1532 г.?..

Іл. 1 [7012, індыкт 7 (; земля) пададзены... прапісной літарай g (не дзявяткай жа),
таксама сёмай, але ў лацінскім альфабэце]

Іл. 2

Іл. 3

Іл. 4

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024