Пятница, 19.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

       Алена Воінава,
       к. ф. н., дацэнт

                                                                             Жывёлагадоўчая лексіка ў гаворках Хойніцкага раёна
     Адной з самых актуальных і цікавых праблем беларускага мовазнаўства з’яўляецца аналіз дыялектнай лексікі, рознабаковае даследаванне разнастайных лексіка-семантычных груп. Усходняе Палессе, куды ўваходзіць і Хойніцкі раён, як вядома, – унікальная тэрыторыя з адметнай гісторыяй, культурнымі і моўнымі асаблівасцямі, якая адыграла істотную ролю ў фарміраванні беларускага этнасу, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры. Менавіта гэтым фактарам тлумачыцца наяўнасць многіх старажытных з’яў на тэрыторыі Усходняга Палесся ў галіне матэрыяльнай і духоўнай культуры.
    “Вывучэнне мовы, лексікі праз гісторыю культуры, матэрыяльнай і духоўнай, уяўляецца вельмі перспектыўным. Безумоўна, узбагачэнне тут мае ўзаемазалежны характар. Веданне этымалогіі слова, яго структуры дапамагае глыбей пранікнуць у гісторыю названай рэаліі, зразумець яе быццам знутры” [1, 20].
    Як вядома, з даўніх часоў асновай гаспадарчай дзейнасці беларусаў з’яўлялася земляробства, якое было цесна звязана з жывёлагадоўляй – адным з важнейшых заняткаў беларусаў, таму аб’ектам нашага даследавання з’явіліся найменні, якія ўжываюцца для абазначэння жывёлагадоўчай дзейнасці, што выкарыстоўваюцца ў гаворках Хойніцкага раёна. Менавіта жывёлагадоўля забяспечвала гаспадарку прадуктамі харчавання, сыравінай для промыслаў, давала арганічныя ўгнаенні, без якіх немагчыма прадуктыўнае земляробства. З старажытных часоў у насельніцтва Беларусі асноўнае месца займала буйная рагатая скаціна, а таксама авечкі, козы, свінні, хатняя птушка, такі ж пералік можна зрабіць і па сучасным Хойніцкім раёне. Лексіка-семантычная класіфікацыя жывёлагадоўчайчай лексікі можа быць прадстаўлена наступным чынам:
     І. Агульныя назвы жывёлы: ата'ра ‘вялікі гурт авечак’ Вялікі Бор; ста’да ’статак кароў’: Цяпер стада саўсім малое. Веляцін; гурт ‘статак буйной рагатай жывёлы, авечак’: Гурт кароў ідзе, трэба дамоў ісці. Судкоў;
     1. Назвы буйной жывёлы: бык’ самец каровы’: І быка гадавалі колісь. Паселічы; буга'й ‘тое, што бык’: Як бык карову пакрываў, то бугай называўся. Вялікі Бор; вол ‘кастрыраваны бык, якога скарыстоўваюць на сельскагаспадарчых работах’: Раней на валах пахалі, цяпер конь Бібікі Маз.; жарабя’ ‘конь да пэўнага ўзросту, якога яшчэ не выкарыстоўвалі ў сельскагаспадарчых работах. Жарабя – маленькі конік. Стралічаў; лашаня’ [лаша’дка] ‘жарабя’: Лашаня заўсёды за кабылай бегае. Судкоў; конь ‘буйная свойская жывёла, якая выкарыстоўваецца для перавозкі грузаў і людзей’: Каня запрагалі і ездзілі. Пудакоў; каро’ва свойская малочная жывёліна’: Карову ўжо цяжка дзяржаць: і сена нада ёй, і даіць нада. Казялужжа;
     2. Назвы дробнай хатняй жывёлы: аве’чка ‘свойская жвачная жывёла, якая дае воўну, мяса; самка барана’: Многа каго дзяржалі: кароў, коз, коней, у каго і авечкі былі. Судкоў; каза’ ’свойская жывёла, якую трымаюць дзеля малака і шэрсці’: Каза малако лячэбнае дае. Паселіча; казлі’ца ’маленькая каза: Казліца, калі шчэ маленькая, а як вырасце – так каза. Вялікі Бор; казля’няты ‘казляняты’: Калі маленькія, то казляняты.Веляцін; ко’зка ’казлёнак’: Козак паіла. Езапоў;
     3. Назвы хатніх птушак: індзю’шка ‘вялікая свойская птушка сямейства фазанавых, якую разводзяць для атрымання мяса’: Індзюшак у нас мала хто дзяржаў. Кязялужжа; гу’ска ‘самка гуся’: Гуска з гусянятамі недзе сышла. Езапоў; гу’сі ’свойская вадаплаўная птушка з доўгай шыяй’: Гусей раней больш дзяржалі. Казялужжа; гусяня’тка ’птушаня гусі’: Гусяняткі з гускай выпасваюцца. Пудакоў; качаня’ты ’птушаняты качкі’: Качаняты меньшыя ростам, ну і не такія паваротлівыя, як гусі. Стралічаў; ка’чка ‘свойская вадаплаўная птушка’: Качкам вода нада. Паселічы; квакту’ха ‘курыца, якая выседжвае або выводзіць куранят’: Квактуха з вывадкам па двары всегда ходзіць. Езапоў; ку’ра ’дамашняя птушка, якую разводзяць для атрымання яек і мяса’: Куры грады ўсе паграблі. Казялужжа;
    4. Назвы частак тулава жывёлы: падчаровак, падпу’ззя ’жывот у свойскай жывёлы’: Ну, падчаровак ў свіней, кароў шчэ е. Вялікі Бор; З падпуззя абы-якое сала. Веляцін; лыч ’выцягнутая пярэдняя частка галавы ў свінні’: А ў свінні гэта лыч называўся. Паселічы; лапа’тка ‘плоская шырокая косць трохвугольнай формы ў верхняй частцы спіны’: Во свінню біла – лапатку сабе аставіла. Стралічаў; сцёгны ‘частка нагі жывёлы ад тазасцегнавога да каленнага сустава’: У сцёгнах сама болей мяса. Пудакоў; палендрыца ‘частка свіной тушы каля хрыбта’: Самае лепшае мяса – каля хрыбта – паляндрыца. Вялікі Бор; шарфік ‘частка тулава ад галавы да лапатак’: Ад шыі да тулава – то шарфік’. Судкоў.
     ІІ. Назвы жывёлы па дыферэнцыруючых прыкметах:
    1. Па ўзросту: падсві’нак ‘шасцімесячны парсючок’: Падсвінкаў добрых дзяржала. Судкоў; апо'як ‘маладое цяля да двухмесячнага ўзросту’: Пака двух месяцаў нет, то то апояк. Стралічаў; не’цель ‘карова, якая яшчэ ніводнага разу не цялілася’: У нас карову, якая шчэ не цялілася, называюць нецель. Вялікі Бор; пярвя’чка ‘маладая карова, якая яшчэ не цялілася’: Мая карова шчэ пярвячка, першы раз цяліцца будзе. Веляцін; трэця’чка ‘трохгадовая карова’: У мяне дома тожа трэчяцка – то карова, якой тры гады. Дубровіца;
    2. Па масці: вараны' прым. ‘чорны (пра масць каня)’: Каня варанога цяжко было ўбачыць – мала іх было. Казялужжа; гне’ды прым. ‘карычневая масць жывёлы’: Коні гнедыя буваюць. Паселічы; красна-рабы прым. ‘масць – сукупнасць чырвонага і белага колераў’: Коні шчэ бываюць у яблыках, рабыя, чорна-рабыя, красна-рабыя. Пудакоў; ра’бы [рабы’] ‘масць, якая ўяўляе сабой наяўнасць плямаў рознага колеру на скуры жывёлы’: Коні шчэ бываюць у яблыках, рабыя, чорна-рабыя, красна-рабыя. Езапоў.
    Ш. Назвы захворванняў жывёл: бе'шанство ‘інфекцыйная хвароба, якая паражае цэнтральную нервовую сістэму, вадабоязь: У лесе жывотныя бегалі, так бешанством заражаліся ў лесе ад жывотных лясных. Паселічы; парэ’з ‘пасляродавая траўма, пры якой карова перастае есці, даваць малако’: У каровы пасля ацёла парэз бывае вялікі. Езапоў; ро’жа ‘інфекцыйная хвароба жывёлы, якая характарызуецца запаленнем скуры’: А пры рожы выбіваюцца на целе свіней красныя плямы. Казялужжа; я’шчэр ‘вострая заразная хвароба свойскай жывёлы’: Балела, як жа. Яшчэр быў, клешчом маглі заразіцца. Веляцін.
    ІV. Назвы месца выпасу хатняй жывёлы: балаця’нка ’балоцістае месца для выпасу жывёлы’: На балацянку кароў гналі, ну это места, дзе было балота многа. Судкоў; вы'ган ‘месца, куды выганяюць пасвіцца свойскую жывёлу’: Кароў на выган гоняць. Паселічы; вы'пас ‘тое, што выган’: Скаціну гоняць на выпас. Вялікі Бор; дубня’нка ‘месца ў лесе для выпасу жывёлы’: Ну куды кароў гналі, ведама, у лес. Лес з дубам то это дубнянка. Туды кароў гналі пастухі. Партызанская; каша’ры ‘месца для выпасу жывёлы, абмежаванае агароджай’: Калі агарожана месца, то называецца кашары. Ламачы; па’збішча [па’стбішча] ‘месца для выпасу жывёлы па-за межамі вёскі; магло знаходзіцца ў лесе або рове’: Луга няма, поля тожа няма, балаты кругом былі, у нас па лесе, па равах паслі, ета і пазбішчэ было. Карчавое.
    V. Назвы пабудоў і іх частак для ўтрымання хатняй жывёлы: хлеў ‘памяшканне для жывелы і хатніх птушак’: Хлеў – такі бальшы сарай. Іванаўка; сенні’к, сяльні’к ‘месца ў хляву, дзе захоўваецца сена’: Сяльнік – ето пад крышай места, де сена ляжыць. Тульгавічы; кату’х ’адгароджанае ў хляву месца, куды кладуць корм для жывёлы’: Катух – маленькі вугал, атмежаваем достачкамі. Дубровіца; Катух радам з вакном, там свіней дзержым. Партызанская; карму’шка ‘аддзелены вугал у памяшканні свойскай жывёлы, дзе ляжыць невялікая колькасць корму’: У кармушку карове сена лажылі на вечар, на раз. Хвойнае; кура’тнік ’памяшканне для курэй’: У куратніку курэй дзяржым. Дубровіца; клу’ня ‘гаспадарчая пабудова для свойскай жывёлы’: В клуні каровы жылі, там шчэ кармушка іе. Тульгавічы; свіню’шнік, свіна’рнік ‘памяшканне для ўтрымання свіней’: Калі свінні ёсць, то ў свінюшніку дзержым’ Вялікі Бор.
    VІ. Назвы кармоў: фура’ж ‘корм для свойскай жывёлы і птушак’: У сарай і фураж складалі. Партызанская; лупа’йкі ‘бульбяныя ачысткі, якімі кармілі жывёлу’: Картошку рэзалі і етымі лупайкамі скаціну кормілі. Казялужжа; мякі’на ‘корм для жывёлы, прыгатаваны з адыходаў, якія застаюцца пасля абмалоту і ачысткі зерневых, бабовых культур і лёну’: А свінней мякінай кармілі, то грачанай, то шчэ якой. Іванаўка; по’йла ‘рэдкі корм для каровы – сумесь мукі, вады і вотрубей’: А пойла з мукі дзелаецца і карове даём. Ламачы; рэ’зка ’рэзаная салома, якая ішла на корм жывёле’: А як у калхозе, рэзку нарэжуць. Карчавое; свіня’чае ‘корм для свіней’: Не лі туды. то свінячае. Вялікі Бор.
     Жывёлагадоўля заўсёды з’яўлялася адным з асноўных заняткаў беларусаў, які адыгрываў вялікую ролю ў паўсядзённым жыцці, таму жывёлагадоўчая тэрміналогія ў генетычных адносінах амаль уся належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду, запазычаныя лексемы складаюць зусім невялікую колькасць [3].
     Увасобіўшы ў сабе старажытныя светаўяўленні, народныя веды і калектыўны вытворчы вопыт, жывёлагадоўчая дзейнасць арганічна ўваходзіла ў аграрны каляндар беларусаў. Будучы неад’емнай часткай беларускай традыцыйнай культуры, народныя звычаі, абрады, звязаныя з жывёлагадоўляй, выконвалі важныя функцыі фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, працоўнага і маральнага выхавання маладога пакалення, перадачы яму жыццёвага вопыту і добрых традыцый сваіх продкаў. Такім чынам, жывёлагадоўчыя найменні, зафіксаваныя на тэрыторыі Хойніцкага раёна, прадстаўляюць сабой разнастайную ў лексіка-семантычных адносінах групу і з’яўляюцца часткай матэрыяльнай культуры беларусаў.

     Літаратура:
1. Сендровиц Е. М. О месте экстралингвистических факторов в изучении заимствований // Вестник Московского ун-та. Сер. 9. Филология. – 1989. № 4. – С. 16-22.
2. Цітоў В. С. Народная спадчына: Матэрыяльная культура ў лакальна-тыпалагічнай разнастайнасці. Мн., 1994.
3. Станкевіч А. А. Лексіка іншамоўнага паходжання ў беларускіх народных гаворках. Гомель, 1996.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024