Суббота, 27.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Не стой, Юр’е, над вадою,
Не трусі, Юр’е, барадою,
Барадою,
Бо горка вада пад табою.
Етай вады напіціся,
Дзевяць урагоў атравіці,
Дзесятага – цябе, Юр’я.
Што ў Тульгавічах арыгінальнае, дык гэта абрад провадаў русалкі. Па-першае, было некалькі груп і ў кожнай свая русалка. Русалку прыбіралі “ў карчах” (кустах) за канавай (так прасцей называюць рэчку Віць), дзе расло шмат папараці, з якой рабілі зялёнае ўпрыгожанне для русалкі, – вянок і “хвост”. Абавязкова распускалі валасы, таму і з’явілася выслоўе “Кашлатая, як русалка”. Па-другое, постаць русалкі сваім убраннем з папараці нагадвае Маю, звесткі пра ваджэнне якой захаваліся ў Лельчыцкім раёне. Толькі русалку вялі не дваром, а сялом: хто сваю на могілкі, хто ў поле. Па-трэцяе, з купальскім абрадам супадае такі атрыбут, як вогнішча. Да поля неслі шост з саломай, там яе запальвалі, а потым скідалі на зямлю і скакалі праз агонь. Па-чацвёртае, дзеянні з убраннем русалкі нагадваюць дзеянні з убраннем Куста на Пінскім Палессі – яго расцягвалі. Лічылася, што гэтую папараць трэба кідаць ў гарод, на капусту, каб яна ўрадзілася добрай. Праводная песня “Правяду русалку да грушкі” ўяўляе сабой класічны тэкст, пазбаўлены якіх бы та ні была варыяцый. Тым не менш быў адзін цікавы момант пад час запісу русальнай песні. Жанчыны пачалі:
Правяду я русалку да бору,
Сама вярнуся да дому.
Раптам здзіўлена спыніліся: раней яны не звярталі ўвагі на тое, што песня вядзецца як вясельная. А потым дапелі да канца.
Здаецца, няма на Палессі вёскі, дзе б не спявалі жніўнай песні пра “бяду” жнейкі, у якой “свякруха з плоту ўпала ды крапіву паламала”. Іранічныя і гумарыстычныя творы былі эмацыянальна-псіхалагічнай падтрымкай працаўніцы, як і песні, дзе ідэалізавалася жніво, постаці жнеяк, прылада працы – сярпочкі залатыя. Аб суровай праўдзе гарачай пары жніўная песня, запісаная ад розных выканаўцаў:
Ой, жала я жыта пры дарозе,
Павесіла калыску на бярозе.
Ой, жала я жыта пры даліне,
Павесіла калыску на яліне.
Вісіць мая калысачка, а я бачу,
Плача мая дзяціначка, а я чую,
Ой, пайду дзіціначку падгадую.
Сігналам да палудня (10–11 гадзін) слугавала песня “А ўсе людзі палуднаюць”, заканчэння – “Дзякуй богу за палудзень”. Як і ўсюды, у Тульгавічах існаваў талочны звычай. Па заканчэнні жніва рабілі дажынкавы вянок і з песняй “У нашага пана дажыначкі, // Дась нам пан гарылачкі” накіроўваліся да гаспадарчага двара.
Вельмі добра распрацавана ў Тульгавічах вяселле. Пра яго нам расказалі Валянціна Пятроўна Цалко (55 гадоў), Алена Фёдараўна Галай (1913 г.н.), Ульяна Ільінічна Акуленка (1905 г.н.), Ганна Данілаўна Лапуста (1913 г.н.), якія адгулялі не адно вяселле, і іншыя жанчыны. Звычайна яны каменціравалі, за якім абрадавым момантам замацавана тая ці іншая песня: выбірай любую – усе яны сэнсава, змястоўна, эмацыянальна, вобразна арганізуюць абрадавы рух. Калі, напрыклад, жаніх едзе “па маладую”, гучыць песня “В леску, в леску на сучку // Да вісела калысачка на кручку”. У ёй малады Колечка просіць баяраў падкінуць яго так высока, каб здалёк убачыць сваю Галечку. Ля варот нявесты яму забараняюць: “Не вярні каня к цесцю в двор”, але дарэмна – смелы юнак ужо ля парога. Пакуль не выйшла цешча, спяваюць: “Пышна цешча, пышна, // Проціў зяця не вышла”.
Абрад звядзення свечак адбываецца пад песню:
Прыступі, свацця, прыступі,
У цябе свяча і ў мяне,
У цябе дзіця і ў мяне,
Да звядом свечкі ў пучкі,
Да звядом дзяцей да кучкі.
Мір з мірам міраваліся –
Два сваточкі цалаваліся.
А ў хаце – пра баяраў: “Драгануліся сені, // Як баяра селі”. Асобная песня ад імя жаніха, якой просяць маладую за стол. Спяваюць пра брата, які не хоча аддаваць “чужой чужаніцы сваёй роднай сястрыцы”, але ўрэшце мусіць гэта зрабіць. І тады чуе ад дружак папрок: “Татарын, братко, татарын, // Прадаў сястрыцу задарам”. Пасля “продажу” знакам пераходу нявесты ў новы род становіцца абрад завівання. “Здагадайся, Галечку, // Чаго маці ў клець пашла?” – выводзяць жанчыны. А маці выходзіць з караваем і ўласна завіваннем, сярод якога жаночы галаўны ўбор – “шалковае чапчышча”. “Вяночкі маі, квіточкі маі, // Гдзе мне вас подзіваці?” – смуткуе нявеста і працягвае: – Ці папаліці, ці пасмаліці, // Ці дзевачкам отдаці?” Усё аддавалася сяброўкам, а дачка прасіла ў маці масла “да намазаці косы”. Завіванне разумелася як акт магічнага надзялення маладой “шчасцем-долею”. На заканчэнне песні жадалі: “Ой, будзь багата, як зямля, // Ой, будзь здарова, як вада, // Ой будзь прігожа, як ружа”.
Наступны абрадавы момант – падман жаніха. Праўда, дружкі потым каюцца, што замест прыгожай нявесты пасадзілі каля яго старую бабу, і вядуць справу да ладу: “Ой, як бабачка сунься, // Калі Галечка прысунься”.
Шэраг песень прымеркаваны да вельмі важнага абрадавага акта – выпякання, дзяльбы і выкупу вясельнага каравая. Аб калектыўным характары падрыхтоўкі каравая сведчыць запрашальная песня:
Нашая маці па суседачках ходзіць,
Па суседачках ходзіць да суседачак просіць:
– Суседачкі мае, да хадзіце ка мне
К маему дзіцяці каравая саджаці.
Згодна з песнямі, у яго сярэдзіне “доля-шчасце”. Пры дзяльбе каравая пазначаюцца і часткі пасага. Маці, напрыклад, даруе дачушцы дванаццаць кароў. На развітанне падводзяцца вынікі, што каму застаецца: маці – сенцы, камора, хата з вугламі, дачцэ – скрыня, карова, скрыня з кубламі. Прыехаўшыя за нявестай спяваюць:
Ой, сватку, сваточку,
Пусці ў хатачку.
Мы шкоды не зробім,
Мы лаўкі не зломім.
Мы сядзем за печку,
Да вып’ем па кубачку,
Да забяром тваю дочку.
Звычай “пярэзвы”, калі бацькі праз тыдзень пасля вяселля наведваюць дачку, таксама знаходзіць мастацкае ўвасабленне ў песнях: “Да знакома та хата, // Куды Галечка ўзята”. Толькі, гаворыцца, і сама маладзіца загадзя пасылала галубчыкаў запрасіць родных на гасціну і хвалявалася, “чаму ені ко мне не едуть, // Да свій род не ведуть”.
Па словах Аўдоцці Чарняк з Глінішчаў, раней вяселле працягвалася тры-чатыры тыдні з перапынкамі, галоўным чынам, у суботу і нядзелю. Цікавыя моманты: перад дзявочым вечарам, у пятніцу, на бяседу збіраліся старэйшыя. Пасля таго, як яны расхадзіліся, пачынаўся дзявочнік. Ён працягваўся і ў суботу. Асобны момант – рытуальны плач нявесты на ганку да прыезду жаніха. Потым яе паднімалі з кален, маладых вялі ў хату і саджалі за рознымі сталамі. Перад гэтым дзяўчаты пад песні надзявалі нявесце вянок. Выкуп нявесты адбываўся наступным чынам: яна выпівала сваю чарку віна, накрывала яе хусткай, перадавала жаніху, той клаў на хустку грошы, і чарку з грашыма вярталі на стол да нявесты. Цэрэмонія паўтаралася з удзелам дружкі і княжага, якія давалі свой выкуп за нявесту.
Да вянчання за сталом толькі выпівалі. Пад час абеду рытуальнай стравай была каша, за якую змагаліся дружкі і ўсе госці.
У нядзелю трэцяга тыдня адбывалася парадыйнае вяселле з травесційным пераапрананнем, калі ролю жаніха выконвала старая, а нявесты – стары. Сапраўдныя маладыя на гэтым “вяселлі” звычайна не прысутнічалі. Да пярэзваў прымеркаваны звычай “страляць зайца”. Па сутнасці, гэта міні-прадстаўленне з пераапрананнем, “стрэльбай”, песнямі. Адну з жанчын апранаюць “зайцам”. Перад “паляваннем” спяваюць:
На зайца, свахі, на зайца,
Вох, уб’ём, свахі, да зайца
Маладому Колечку на шубку,
Маладому Колечку на шубку,
Маладой Галечцы на шапку.
Тут мае жанчынкі крыху паспрачаліся, каму на што “заяц”, можа, маладому на шапачку, а маладой на варатнік, ці яшчэ як, а потым махнулі рукой – усё, маўляў, роўна.
Прысутныя ганяюцца за “зайцам”, нарэшце, страляюць у яго і “забіваюць”. “Заяц” канае, усе крычаць: “Доктара! Доктара!” Прыбягае “доктар”, нешта робіць, і “заяц” пачынае зноў скакаць. Запальваюць куль саломы, “заяц”, а за ім усе астатнія скачуць праз агонь. На момант запісу гэты звычай быў вядомы ў жывым бытаванні. Заечая тэма можа спалучацца з лісінай, напрыклад: “Да казаў жа нам зайчык, // Што хлеба акрайчык. // Да казала нам ліска, // Што гарэлачкі міска”.
Застаецца дадаць, што сірочае вяселле адрозніваецца ад звычайнага песенным рэпертуарам і патрабуемым абрадам эмацыянальным настроем. Сіроцкія песні складаюць асобную групу вясельных. Яны вельмі шчымлівыя, прасякнутыя спачуваннем да нявесты, сімвалам якой выступае бярозка без парастка:
Маладая да бярозанька,
Чаго ў цябе да пянькоў многа?
Чаго ў цябе да пянькоў многа,
А парастачка да ніводнага?
Маладая да Аленушка,
Чаго ж да ў цябе бацькоў многа?
Чаго ж да ў цябе бацькоў многа,
А роднага да ніводнага?
У вёсцы Глінішча ёсць свае знаўцы вясельнага рэгламенту. Адна з іх Дар’я Нікіцічна Шарамела (1911 г.н.) – выдатны выканаўца вясельных песень. Сярод іх “Ужо, Марылечка, ты ў мамкі хадзіла”, “Выйдзі, Марылечка, на дарогу” (перад ад’ездам нявесты з роднага дома), “Выйдзі, свякроўка, паглядзі” (сустрэча нявесткі), “У саду салавейка гняздо ўе”, “А сват на парог лезе”, “У нашае печы ды шырокія плечы” (на вынас каравая), “Да што хацелі, тое зрабілі” (нявесту апранаюць маладзіцай), “Упіўся, дружко, упіўся” (выкуп нявесты), “У нашага свата”, “Ой, сваце, сваце” (велічанне свата), “Каля цесцевага двара да каменная гара”, “Ой, сваце, свацечку, пусці ў хацечку” (прыехалі за нявестай). Калі нявеста сірата, ёй спявалі: “Як пашла Маша да бога-цара // Мамку шукаць, на вяселле зваць”.
Вельмі падрабязна, яскрава, вобразна расказала пра вясельны абрад Любоў Рыгораўна Чарняк. Яна адзначыла такія назвы этапаў, як змовіны, пірагі, баяры, перапіванне маладой, дзеляць каравай, маладую завіваюць, крошкі (на трэці дзень), гульня ў “зайца”, перадала слоўныя і песенныя этыкетныя дыялогі, у тым ліку дыялогі-спрэчкі. Вось як, напрыклад, перакідваліся лаянкай дружкі са свахамі, пакуль баяры зноў, пасля вянчання, перапівалі маладую.
Свахі:
Перша дружка сучка,
А другая патаскушка,
А трэцяя па часах ходзіць,
Да вечара сына родзіць.
Дружкі ў адказ:
Мы вас, свахі, не цураемся,
Мы з вамі, свашкі, пакумаемся.
Адну возьмем да й за куманьку,
А другую да й за бабаньку,
А трэцюю – ля дзіцяці
Палотна паласкаці,
Тую воду хлябаці.
Свахі:
Бегла сучка паўз тын…
Дружкі:
Брашыце, свахі, брашыце,
А плот язык чашыце.
Усе гэтыя рытуальныя спрэчкі не больш, як прадстаўленне, патрабуемае абрадам, такая ж важная частка, як і велічанні. Пад час дзяльбы каравая пры адорванні маладых зноў завязваліся дыялогі з ініцыятывы сватоў. “А што падарыце? А можа, цёлачку? А можа, бычка?” – пытаюцца яны. Госці адказваюць традыцыйнымі зычэннямі-выслоўямі:
Дарую тую цяліцу, што скача з печы на паліцу (г.зн. котку).
Дарую курку к петуху, каб пацалавала нявестка свякруху.
Дарую каліну і дуба, штоб жылі люба.
Дарую поле за калгасным садам, каб не адвярнуліся ніколі задам.
Дарую мірнае неба і кахання колькі трэба.
Свой этыкет маюць у Глінішчах хрэсьбіны. Яны святкуюцца, калі дзіця прывозяць з царквы. Запрошаныя госці уваходзяць у хату са словамі: “Прыміце тавары загранічныя”. “Тавар” – хрэсьбінная каша, якую родныя павінны выкупіць. Часам, жартуючы, прыносяць у каструлі ката, труса або цукеркі. Рэцэптура кашы – пшано, мёд, манка. Першая каша бабіна. Баба ацэньвае сваю кашу і перадае яе па кругу – хто больш дасць. Нарэшце кашу выкупляюць. Настае чарга кумавай кашы, а потым кумы. На заканчэнне бабіна прамова, у якой яна зычыць усё добрае дзіцяці.
Высветлілася, што ў добрым стане знаходзяцца ў Тульгавічах і Глінішчах тэксты замоў. У Тульгавічах імі падзялілася з нашымі студэнткамі Алена Міхайлаўна Кандрусевіч. Адна замова – універсальная, “ад усякага зла нядобрага”, у якой звяртаюцца да Госпада, каб ён аградзіў Божай сілай і “гаварашчым крастом”. У другой – вельмі арганічна спалучаюцца хрысціянскія і старадаўнія язычніцкія элементы, называецца імя заклінальніка (Алена) і імя той, замаўляе (Каця). Замова мае складаную рытмаформулу і рыфмоўку. Прывядзем тэкст цалкам:
Госпаду богу памалюся,
Святой Прачысці пакланюся.
Прачыстая Божа маці,
Памажы Каці
Прыстрэты вырваці
З касцей,
З машчэй,
З румянага ліца,
З гарачачнай крыві,
З жоўтага мозга.
Не займай на макава зерне.
Не маімі губамі,
Гасподнімі славамі
І бязгучнымі слязамі.
І зары-заранічкі,
Божы завушнічкі,
Памажыце Аленцы.
Раскацісь, раскацісь, раскацісь
Па крутым берагам,
І па нізкім вадам,
І па жоўтым пяскам.
Амен.
Зусім простая замова на спыненне крыві: “Ішлі тры калечкі // Чараз тры рэчкі, // Секлі, рубалі, // Кроў замаўлялі”. Заўвага Алены Міхайлаўны: “Дунуць, плюнуць цераз левае плячо тры разы”. Тут цікавае слова “калечкі”, відаць, семантычна звязанае з вандроўнымі спевакамі-багамольцамі, сярод якіх сапраўды былі сляпыя і знявечаныя. Яны ўвайшлі ў гісторыі пад назвай “калекі перахожыя” або “калікі перахожыя”, апошняя сустракаецца ў рускіх былінах і духоўных вершах.
Як і паўсюдна на Беларусі, пазаабрадавыя песні складаюць у Хойніцкім раёне большую частку фальклорнага рэпертуара. Вось тут можна ўпэўніцца, што песня, а менавіта пазаабрадавая, сапраўды не ведае межаў. З вуснаў нашых інфармантаў гучалі традыцыйныя беларускія песні, добра вядомыя на абшарах нашай краіны, побач з імі тыя, якія характэрны для палескага рэгіёна, да іх далучаюцца творы, агульныя з Украінскім Палессем, і песні, запазычаныя з рускага фальклору, галоўным чынам, познетрадыцыйныя – песні і рамансы літаратурнага паходжання, “новыя” балады, “жорсткія” рамансы. Рускія творы амаль не паддаліся асіміляцыі, захоўваючы лексіка-семантычныя прыкметы свайго этнічнага паходжання.
У фалькларыстыцы ўсталявалася думка, што носьбітамі фальклорнай традыцыі з’яўляюцца пераважна жанчыны. А хто і калі спецыяльна даследаваў фальклорны рэпертуар палескіх мужчын? Жанчыны больш камунікабельныя, збіральнікам лягчэй кантактаваць з імі, чым з мужчынамі, таму і заставаліся тыя, за рэдкім выключэннем, па-за ўвагай нашых практыкантак. Так здарылася, што дзве студэнткі жылі ў сям’і пастуха (1936 г.н.). Мы не ведаем яго прозвішча, у дзённіку ён фігуруе як “наш гаспадар”. Ад яго і суседа, Мікалая Аляксеевіча Мар’янскага (1930 г.н.), было запісана колькі песень, склад якіх у пэўнай ступені характарызуе мясцовы рэпертуар у разрэзе. Тут і элегічная любоўная “Ой, сівы конь бяжыць” пра дзяўчыну, што так спадабалася хлопцу, і вельмі для нас каштоўная балада “Ішоў казак дарогаю” на тэму “сем загадак для дзяўчыны”, якая, зразумела, іх паспяхова адгадвае, і найпапулярнейшая заўзятая “Біла менэ маты берэзовым кнутом” (“кнутом” – мясцовы варыянт, звычайна спяваюць “прутом”), і жартоўная “Ой, да прадай, бабушка, бычка”, і тужлівая “Вецер вее, да вецер павявае, // Да маці ў дочкі да й пра жыццё пытае”, а ў той тры горачкі – “свякруха й лютая”, “дзяціна малая”, “мілы раўнівы”. Наступную песню варта працытаваць цалкам, каб убачыць, у якім новым атачэнні паўстае вандроўны радок “Толькі відна дуба зелянога”:
Туман, туман па сінему мору,
Туман палягае, туман палягае.
За туманам жаркага сонца,
Сонейка не відна.
Толькі відна зяленага дуба,
Дуба верхавіна, дуба верхавіна.
Пад тым дубам красная дзеўка
З хлопцам гаварыла.
– Не жаніся, удалы малойчык,
Хоць адзін гадочак, хоць адзін гадочак.
Падрасту я, красная дзеўка,
Хоць н’адзін вяршочак.
Не паслухаў удалы малойчык
Узяў ды ажаніўся, узяў ды ажаніўся.
Не ўзяў жа ён красну дзеўку,
А ўзяў удавіцу.
Рознымі шляхамі траплялі ў Тульгавічы рускія песні пра “Кацю-Кацюшу, купецкую доч”, цыганачку (“Запрагай-ка, дзедзька, лошадзь серую, лахматую”), вязня (“Сонца ўсходзіць і заходзіць”), і ўсе яны знайшлі водгук у сэрцах выканаўцаў-мужчын.
Пры ўсёй важнасці мужчынскага ўкладу ў справу захавання фальклорнай спадчыны сапраўднай культурнай каштоўнасцю палескай вёскі з’яўляюцца жанчыны з іх універсальным рэпертуарам ад пяшчотнай калыскавай паэзіі да тужлівых хаўтурных галашэнняў. Што такое ў рэшце рэшт гісторыя? Адбываюцца і адыходзяць у нябыт вялікія і малыя падзеі, але зноў і зноў узнаўляецца Падзея культурная – той момант выканання фальклорнага твора, пад час якога пачынае сведчыць пра сябе сапраўдная гісторыя беларускага народа – духоўная, унутраная, багатая на безліч духоўных крыніц, – і падрабіць іх немагчыма. Так, толькі ад адной Любові Рыгораўны Чарняк з Глінішчаў запісаны разнастайныя фальклорныя творы – казкі, жарты, анекдоты “Як мужык з жонкай паспрачаліся”, “Як зяць па цешчы галасіў”, “Як мужык на тым свеце празрэў”, “Як дзяжу спавядалі”, “Як поп цыгана наняў”, загадкі пра вулей з пчоламі, рукавіцу, яйка, калодзеж, вілы і граблі, язык у роце, месяц, лямпачку, колас, вецер, 16 прыказак, шэраг прыпевак, расказ пра вяселле на восем старонак з цікавымі этнаграфічнымі дэталямі і песнямі, 23 песні, галоўным чынам пазаабрадавыя. Сярод іх, як тут лічыцца, любімая песня Івана Мележа “У канцы грэблі шумяць вербы”, рэкруцкая “Ідуць хлопцы дарогаю, запылённыя глаза”, для кадрылі – “Ой, за гаем, гаем зеляненькім”. Кардынальна адрозніваюцца ад анекдотных стасункі цешчы і зяця ў вясельных песнях, 17 з іх праспявала Аўдоцця Чарняк:
Зяць у госці цешчу просіць,
Залатыя масты мосціць,
Ды і сцежачкі мяце,
Ды і цёшчу ўжо вядзе.
Ды і свекрыві “нявестка жадана”, яна ўспрымае маладых разам: “Калі месяц, то мой сынок, // А калі сонца, то мая нявестка”.
Багаты і разнастайны фальклорны рэпертуар Алены Мацвееўны Лук’яненка (1916 г.н.), Дар’і Мікіцічны Шарамела (1911 г.н.), Аўдоцці Яўхімаўны Кудрыцкай (1905 г.н.) і іншых жанчын старэйшага пакалення.
Цягнуцца за імі маладзейшыя Галіна Ліпніцкая (1964 г.н.), Тамара Рубан (1970 г.н.) ды інш.
Вядома, заўважаецца ўзроставая дыферэнцыяцыя фальклору; але бачна і другое – натуральная пераемнасць традыцый, адкрытасць дзяцей і падлеткаў да ўспрымання мясцовай культуры. Возьмем вёску Ломыш. Красамоўны факт: носьбітамі фальклору тут з’яўляюцца розныя пакаленні сям’і і роду. Запісы вяліся ад Лідзіі Фёдараўны Варсянка (1927 г.н.) і Марыі Варсянка (1972 г.н.), Аксінні Іванаўны Юхно (1930 г.н.), серафімы Андрэеўны Юхно (1949 г.н.) і Ганны Юхно (1970 г.н.), Марфы Васільеўны Барысенка (1908 г.н.), Галіны Міхайлаўны Барысенка (1929 г.н.) і Вадзіма Барысенкі (1970 г.н.), Марыі Антонаўны Суханос (1947 г.н.) і Святланы Суханос (1969 г.н.).
І ўжо не здзіўляе, што ад дванаццацігадовай Валі Валошынай можна запісаць не толькі дзіцячы фальклор, але таксама калядку, няхай сабе просценькую, і частку вясельнага абраду з такімі дэталямі, якіх не было ў аповедах дарослых інфармантаў: “Нявеста абвязвае сенам свёкра і свякруху вакол пояса. Усе выходзяць на вуліцу, бяруцца за рукі і бягуць па вёсцы. Страляюць са стрэльбы, чалавек падае – “зайца” забілі. На слон кладуць “зайца”, лечаць яго. Як устае, ён танцуе, прыгае цераз агонь. Тады ламаюць слон. На свадзьбе хто-нібудзь выварачывае кажух, адзявае, сыпе жыта на маладых, б’е папругай і ламае ложку”.
Багаты і невычэрпны фальклор Хойніцкага раёна. Дзе вы цяпер, нашы цудоўныя спявачкі і расказчыцы? Каго ўжо няма на гэтым свеце, хто назаўсёды з’ехаў з роднай вёскі... Але застаюцца ў фальклорным архіве вучэбна-навуковай лабараторыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта вашы песні, казанні, прыказкі, загадкі – часцінкі душы і сэрца. Шматкаляровай і аб’ёмнай будзе наша ўласная гісторыя, калі мы навучымся цаніць і зберагаць духоўную культуру кожнага куточка беларускай зямлі.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024