Среда, 24.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

     Аляксей НЕНАДАВЕЦ
       д. ф. н., прафесар
                                                                                          З УЛАСНЫХ ПАЛЯВЫХ ЗАПІСАЎ ЗАМОЎНАЙ ТВОРЧАСЦІ

     Мне даводзілася бываць на гэтых палескіх землях мноства разоў. І не толькі па навуковых ці службовых справах. Часта завітваў да сяброў і знаёмых, якіх на Хойнікшчыне ў мяне таксама засталося надзвычай многа. Іншая справа, што нехта ўжо выехаў у чыстыя ад радыяцыі раёны Беларусі, некага ўжо ўвогуле няма сярод жывых, але самыя адданыя роднай зямлі так і засталіся на сваіх падворках, у сваіх паселішчах.
    Яшчэ памятаю, што з першай сваёй вандроўкі – яшчэ студэнцкай – пачаў звяртаць увагу на замовы ад бяссонніцы ці ад “бяссоння”, як іх называлі самі інфарматары. Таму, калі ўзяўся перакладваць свае сшыткі і паасобныя карткі, пажаўцелыя ад часу, і паспрабаваў вылучыць найбольш характэрныя і важныя замовы, то набралася ў мяне такіх вуснапаэтычных твораў недзе каля сотні! З аднаго толькі раёна [з двух: Хойніцкага і Брагінскага (вв. Буркі, Мікулічы, Пажаркі). – С. Б.], па адной толькі тэме!
    У сялянскай справе важна было адпачыць. Не выспішся як след, не адыйдзе цела пасля напружанай дзённай працы, не расслабіцца яно, то яшчэ ў такім стане нейкі дзень-два выцягнеш, але потым ужо давядзецца звяртацца да варажбіта-знахара ці зашэптваць бяссонніцу самому сабе. Найчасцей шапталі самі, але часта сустракаліся і такія сведчанні, што хадзілі да знахароў і знахарых, каб яны дапамаглі, каб яны выручылі. Праўда, з такой вось канкрэтнай назвай “Ад бяссонніцы” зафіксавана намі ўсяго адна замова. “Спаць кладуся, з крыжам пасцялюся. Крыж нада мною. Крыж пада мною. Бог са мною. Амінь” (в. Віць).
    Затое вельмі многа замоў прысвечана таму стану, калі чалавек толькі збіраўся легчы спаць, ці ўжо клаўся і шаптаў магічныя словы пра сябе. “Лажуся спаць, кладу пячаць. Хрыстом храшчуся, Хрыстом малюся. Хрыстом урага адольваю, Хрыстом накрываюся і прыказываю: “Храніцель мой, пакравіцель, храні мяне на краваці з вечара да паўночы, а з паўночы да белага света. А Ісус Хрыстос, храні мяне да канца века. Амінь” (“Перад сном”, в. Клівы); “Спацькі кладуся, на Бога здаюся. Крыж пада мной. Бог нада мной. Анёлы мае, станьце пры мне – што вам будзе. то няхай тое будзе і мне. Ва імя Айца, Сына і Святога Духа. Амінь” (“На сон”, в. Буркі); “Добрай ночы вам, куркі, рабыя рабушкі, чорныя чарнушкі, белыя бялушкі, красныя краснушкі, сівыя сівушкі, жоўтыя жаўтушкі. Я к вам не гуляць прыйшла, а крыксы-плаксы раба божага (імя) прынясла. Вам з імі шчабятаць, а рабу божаму (імя) крэпка спаць. Амінь” (“Замова на сон”, в. Руднае); “Зара-зараніца, красная дзявіца. Першая зара – вячэрняя, другая – палуночная, трэцяя – ранішняя. Дасі, Госпадзі, сон (імя). Спасі яго, Госпадзі, ад ліха і ад ліхога часу” (“Загавор на сон”, в. Мікулічы); “Хаджу па гары Сінай. Сам Гасподзь са мной. Прашу Божай Маці, штоб дапамагла на сон закласці. Калі ў жывых, дак знайшоў, а ў мёртвых – пацяраў. Я – з словамі, Гасподзь Бог – з помаччу. Хто ўзяў, дык зараз аддай!” (“Замова на сон”, в. Губарэвічы); “Лажуся спаць на Сіянскіх гарах. Тры ангела па баках стаяць. Адзін – прысні, другі – прысні, трэці – усю праўду скажы. (Загадаць жаданне). Лажусь спаць на гары соннай. Гасподзь са мной. Што я задумала, загадала, каб усё гэта ва сне ўвідала. Калі да – саснісь вада. Калі нет – то саснісь хлеб” (“Замова на сон”, в. Дворышча); “Спаць кладуся – крыж пада мной. Сам Гасподзь Бог нада мной. Анёльчыкі мае, станьце каля мяне. Што Гасподзь даў вам, тое ж самае дайце і мне. Прачыстая Маці, дай салодкага сну паспаць і здаровай устаць” (“Замова на салодкі сон”, в. Руднае); “Я іду к пакою, Божа, вочы мне закрый і любоўю будзь са мною – я віноўны перад табою. Дай грахам маім спасення, целу – сон, а душы – спакой. Амінь. (Паўтарыць тры разы)” (“Замова для добрага сна”, в. Поташня).
     Не сакрэт, што многія замовы вельмі нагадваюць па сваім змесце звычайныя малітвы. Нават інфарматары гэтага ні ў якім разе не хавалі, а, наадварот, называлі свае творы “Малітвамі”, каб такім чынам лішні раз падкрэсліць іхнюю магутнасць і чараўнічасць. “Крэстом крышчуся, на крысту спаць кладуся. Ангелы стаяць па баках, Божая Маці – у галавах. Беражэ-ахоўвае душу маю. Амінь, амінь, амінь” (“Малітва на сон”, в. Бабчын); “Кладзёмся спаць – агонь пагас. Крыж пада мной, Бог нада мной. Ангелы па баках, храніцелі ў галавах. Ангелы-храніцелі, спасіце душу грэшную. Крыжом крашчуся – злога духа не баюся. Амінь” (“Малітва на добры сон”, в. Мокіш); “Да ўваскрасіць Бог, разыйдуцца ўрагі яго, да бяжаць ад ліца яго ненавідзяшчага, як гіне дым. Да знікае так, як воск, ад ліца яго, ды пагібнуць бесы ад ліца любяшчага Бога і знаменуючыся крэсным знаменіем і да возвеселяцца, прапаведуючы, каб радаваліся, беса сілаю гасподняю праганяючы. Бога прызываю і яго ж заклікаю на прагнанне ўсялякага супастата. Усім людзям светлым і чыстым, працавітым і сумленным кожны дзень радасці давай, каб яны спалі, каб адпачывалі, а бяссонніцы ніколі і нідзе не зналі. Не выспяцца, не адпачнуць, то і працы не займуць. Амінь, амінь, амінь” (“Малітва перад сном”, в. Глінішча); “У руцэ тваёй, Госпадзі, Ісусе Хрысце – Сыне Божый, предаю дух мой. Ты же мя благослові, ты же мя помілуй і жывот вечный, і сон добрый даруй мне. Амінь” (“Малітва на ясны сон”, в. Клівы); “Спаць лажуся, крыстом сцялюся, плашчаніцай накрываюся, на Госпада Бога спадзяваюся. Прачыстая Маці ў галавах, двое ангелаў па баках. Сцеражыце маю душку з вечара да паўночы, з паўночы – да свету. Ад свету – да веку” (“Малітва на крэпкі сон”, в. Рудакоў); “Спаць кладуся, на Бога здаюся. Бог над намі, а крыж пад намі, ангелы каля нас, сцеражыце нас. Амінь. (Паўтарыць тры разы і тры разы перахрысціцца)” (“Малітва ка сну”, в. Віць); “Лажуся я спаць – свяча дагарэла, галовачка ацяжалела, кудры лезуць на глаза. Вы, глазкі-бедняжкі, вы хочаце ўснуць. Ёсць ворат у рубашкі, прэждзе надабна яго рассцягнуць. Стань тут, перад іконаю, я буду пасцель слаць. Не спяшы біць паклоны і Багародзіцу чытаць. Прыляцела божая сіла, падушку перакрысціла і сама перакрысцілася. Ахраніся, ангел божы, ахраніся ад сатаны. Ангел устане і заплача із-за левай стараны” (“Малітва на тое, каб сон удаўся”, в. Пажаркі); “Лажусь на божую печаль. Дай, Божа, ноч пераначаваць у радасці, у радасці і светлага белага дня даждаць. Амінь” (“Малітва да сну, каб нішто спаць не перашкодзіла”, в. Буркі).
     Зрэдку думалі, асабліва маладыя, у якіх кіпела-віравала кроў і не давалі спаць пачуцці, пра тое, як і ў сне сустрэцца-спаткацца з мілаю ці, наадварот, з мілым: “Месяц малады, у цябе рог залаты. Ты ўвесь свет абыйдзі і мне пару знайдзі. З кім мне век векаваць, з кім мне жыць і гора не знаць, і каб яго ў сне павідаць” (“Замова на сон, каб любага ў ім убачыць”, в. Глінішча); “Лажусь пад панядзельнік – прыснісь зялёны ельнік. У зялёным ельніку я і любоў мая” (“Замова на сон, каб з мілым спаткацца”, в. Буркі); “Святы Іван Прадцеча сядзіць на залатым троне. Ён сядзіць і чужыя сны разбірае, паганыя ў добрыя пераварочвае. Перавярні, святы Іван Прадцеча, і мой: каб таго, каго хацелася і жадалася, у сне сёння ўбачылася” (“Каб прысніўся сон з мілым”, в. Мокіш).
      Здаралася, што хацелі ўбачыць сон прадказальны, відушчы, паводле якога потым можна было меркаваць, разважаць аб сваім будучым, аб уласным лёсе, нейкіх надзвычай важных падзеях. “Нядзеля з панядзелкам, аўторак з серадою, чацвер з пятніцаю. А табе, субота, дружкі няма. Во табе хлеб-соль, а мне дай вешчы сон (чытаць на хлеб і соль, якія потым на ўсю ноч пакласці ў галаву, пад падушку)” (“Замова на вешчы сон”, в. Бабчын); “Субота з нядзеляю, нядзеля з панядзелкам, панядзелак з аўторкам, аўторак з серадою, серада з чацвяргом. А пятніца мая. Калі я ў сне нешта не прадам, а яно страціцца, змарнуецца, то і жаданне маё ніколі не збудзецца. Калі ж знайду, вярну ці куплю, то ўсё чыста добра збудзецца. (Гэтыя словы паўтараюцца сем разоў, перад тым, як засынаеш)” (“Замова на прадбачлівы сон”, в. Паташня).
     Асабліва часта ў замовах жанчыны прасілі сну дзецям, якія і самі не маглі заснуць, і іншым адпачываць не давалі. Усе ведалі, што гэта дзіцячыя справы і малых не прымусіш сябе весці па-іншаму, але ўсё ж паўплываць неяк спрабавалі. Такія творы маглі быць просценькімі па зместу і па сваёй форме і, тым не меней, ім надавалася ўсёроўна магічная значнасць. “Прашу я, Госпадзі Божэ, усіх святых і ангелаў малых, наце вам хлеб-соль, а вы дайце маёй (дачцэ ці сыну) сну даволі. (Чытаецца тры разы на кавалачак хлеба, а потым той хлеб выкідваецца на вуліцу курам)” (“Дзіцячая замова на сон”, в. Мікулічы); “Серада ў серадзе, Божая Матухна ў Марылі наперадзе. Божа Матухна на камень ступіла, камень той праваліўся, а Ісус Хрыстос нарадзіўся. На тым месцы Марыля спаць лажыцца і нікога не баіцца. Амінь” (“Замова дзецям на добры сон”, в. Веляцін); “Перахрысціць дзіця і пры гэтым гаварыць наступныя словы: “У краватку кладуся, на бачок павярнуся і нікога не баюся. Маці Божая пры мне, што Мацеры Божай, тое і мне. Амінь”. (У канцы зноў трэба перахрысціць дзіця. Яно пасля гэтага засне спакойна. Сон будзе роўным і глыбокім)” (“Замова на ноч дзіцяці”, в. Губарэвічы); “Па чыстаму полю Маці Прачыстая Марыя хадзіла, сынка свайго будзіла. – Сынку мой, сынку, ці не можаш ты ўстаці, гэтаму дзіцяці (імя) сон-спакой даці. Той пагадзіўся, хуценька ўстаў і рабу божаму (імя) сон крэпкі і моцны даў” (“Замова на дзіцячы сон”, в. Пажаркі); “У ложачак свой кладуся, на бачок павярнуся, нікога ў свеце не баюся. Мацер Божая пры мне, тое, што Мацеры Божай, тое дай і рабу божаму (імя). (Перахрысціцца ў пачатку замовы і ў яе канцы)” (“Дзецям на сон добры і крэпкі”, в. Віць).
     Замовы маглі называцца і па-іншаму. Гэта, мабыць, залежыла яшчэ і ад таго, як дзіцячая бяссонніца ўспрымалася ягонымі бацькамі. Матуляй – у першую чаргу. Яно і зразумела. Бо ж не спалі малыя, у асноўным, начамі і гэтаму ўдзялялася найбольшая ўвага. На тое, што дзеці не засыпалі днём, ніякай увагі не звярталі. Не паспала днём, дык дабярэ сваё ноччу. Затое, калі ноччу крычала-выпрамлялася, не давала спакою, то ў адзін голас сцвярджалі, што на яго напала хвароба і ад яе неабходна як мага хутчэй пазбаўляцца. Замовы таксама называлі гэтым характэрным словам – “крыксы” ці “плаксы”. Іх і лічылі найбольш эфектыўнымі ў барацьбе з дзіцячай бяссонніцай. “Першым разам, добрым часам прашу Госпада Бога, божай памашчніцы зары-зараніцы. Гасподняя памашчніца, памагаеш ты Госпаду Богу, памажы і мне. А вы, крыксы-плаксы, ідзіце на быстрыя воды, на нізкія лозы, дайце спакой дзіцяці (паўтарыць тры разы). А потым яшчэ паўтараецца дзевяць разоў і па другому заходу: “Другім разам, добрым часам прашу Госпада Бога, божай памашчніцы зары-зараніцы і г.д…” (“Калі не спіць дзіця (ад крыксаў-плаксаў)”, в. Рудакоў); “Добры вечар, сястрыцы-сварыцы! Гэта я к вам прыйшла (імя), крыксы-плаксы свае прынесла. Вам тут ніколі не хадзіць і не гуляць, у (імя) не бываць. (Загаварваецца перад кожным вуглом у хаце)” (“Загавор дзіцяці ад крыксаў-плаксаў”, в. Глінішча).
     У традыцыйным значэнні замовы для дзяцей нічым не адрозніваліся ад гэткіх жа самых твораў, адрасаваных толькі дарослым “пацыентам”. “Ножкі дзіцяці складваюць і на падэшвах абгарэлай запалкай вычэрчваюць крыжык і пры гэтым прамаўляюць: “Арыды і макарыды, арыды і макарыды, уйміцеся самі і ўгаварыце ў раба божага (імя) начніцу і палуночніцу, каб яна век не была і не шчупала. Век па веку, адныне давеку будуць мае словы крэпкія і загаворыстыя, і ім ад мяне і боскіх сілаў – ключ і замок. Амінь” (“Замова малым дзецям ад бяссонніцы”, в. Буркі); “Добры вечар, куркі! Мы не гуляць прыйшлі, а сваю бяссонніцу прыняслі. Вам, куркі бялушкі, чарнушкі, рабушкі, жаўтушкі, весялушкі сакатаць-сакатаць, а маленькім дзеткам у калысачцы спаць. Амінь” (“Ад бяссонніцы маленькім дзецям”, в. Дворышча); “Дзіця на досвітку носяць па вуліцы і звяртаюцца да зары, гаворачы тры разы запар: “Куры белыя, куры серыя, куры рабыя, вазьміце ад (імя) крык і неспакой, а дайце яму ўгамон”” (“Ад бяссонніцы дзіцятку”, в. Губарэвічы).
     Удалося запісаць і варыянт даволі рэдкай замовы гэтага накірунку. Яна так і называецца “Дзіцячая (ад начной мачы)”: “Святая нядзелька, прыступіце, памажыце. Ішоў Гасподзь дарогай шырокай. – Куды, Госпадзі Божа, ідзеш? – Іду шырокай дарогай к румянаму целу (імя). – Прыступіце, памажыце, Божа. Столікі пазасціланыя, госцейкі пазадзяваныя, прыступіце, памажыце і к сіняму мору занясіце. Амінь” (в. Руднае).
     Вядома ж, на працягу свайго жыцця чалавеку даводзілася хварэць на многія хваробы, залежыць ад іх і таму, адпаведна, таксама ратавацца, выкручвацца, а, найпрасцей, – адмольвацца ці адшэптвацца. І зноў жа, пры дапамозе замоў, на якія патрыярхальны селянін ускладваў асаблівую надзею-спадзяванні. На Хойнікшчыне намі зафіксаваны вуснапаэтычныя творы з даволі рэдкімі, нават па адных ужо назвах, хваробамі. Напрыклад, наступная – “Ад сібіркі”: “Ішла сібірка з Сібіры. Ішла да нас – на Белу Русь. Я цябе, сібірка, угаварываю, угаманіваю, каб ты тут не радзілася і не расхадзілася. (Прамовіўшы, трэба ў абавязковым парадку тройчы плюнуць цераз левае плячо)” (в. Поташня). Або вось гэтая – “Ад чумкі”: “О, святы Іосіф! Ты, маючы сабаку, тую, якая спасла цябе пры сне ат халдзеяў. Ты, хто дабіўся святога сану і святога вянца, спасі ад смерці і пагібелі і майго сабаку-пса. Адна сляза і ўваскрасіць яго. Амінь” (в. Бабчын).
    Праўда, спрактыкаваныя людзі і тут знаходзілі своеасаблівае выйсце: папрыдумвалі агульныя замовы, якія дапамагалі ад усіх чыста хвароб і ў даследчыкаў нават атрымалі назву універсальных за такую сваю характэрную ўласцівасць. Дастаткова было прашаптаць таемна-магічныя словы – і любы нядуг вымушаны быў адступаць на задні план. “Маладзік малады, ў цябе рог залаты. Табе – на добрае стаянне, а мне – на добрае здароўе. (Дзьмуць на ваду тры разы, абмыць руку, якой бярэш ваду. Пасля гэтага ваду выліваюць у нейкую пасудзіну і нясуць на скрыжаванне дарог, каб выліць там. Пры гэтым яшчэ прамаўляюць абавязкова: “Хто мне хваробу даў, той яе сабе і ўзяў”)” (в. Глінішча); “Ішоў Пётр мяжою, а Павел – другою. Пётр астанавіўся, Павел азірнуўся, і ў (імя) боль на сваё месца ўстанавіўся. Святы Спас, спасі нас у любы час, ва ўсякую мінуту. Я – словам, Бог– з помашчу, вазлюбі мой дух. Амінь” (“Ад усіх хвароб”, в. Мікулічы); “Мацер Божая, Царыца нябесная, устань на помач (імя) ад усякага скучання, ад улякання, ад пужання, ад удару, ад усялякай балезні. Вазлюбі мой дух. Амінь” (“Ад усіх чыста хвароб, каб чалавеку ніколі не балелася”, в. Губарэвічы); “Добрай раніцы, царыца-вадзіца, божая памачніца! Цякла ты з істока і з палустока і прамывала ніцыя лозы, белыя камні, сырыя карані. Ах вы, ручаёчкі-браточкі, прамывалі вы ніцыя лозы, белыя камні, сырыя карані, прамыйце ў (імя) сто касцей, сто жыл, сто паджылкаў, белае цела, красную кроў. А не возьмеце, не прамыеце, то на вас пойдзе сам Ісус Хрыстос, Маці Прачыстая – дзева чыстая, з агнявым мячом, з вострым кап’ём. Яна пабядзіць усіх ведзьмакоў і чараўнікоў, злыя вочы і злых языкоў. Не сама я сабою, Прачыстай святою прашу. Не сваімі словамі, а Гасподнімі думамі. Гасподзь Бог дапаможа. Амінь” (“На ўсе хваробы і на ўсе выпадкі жыцця”, в. Клівы).
    Падчас нашых вандровак па раёне даводзілася запісваць не толькі замовы ад бяссонніцы, ад усемагчымых хвароб, але і ад розных адмоўных сацыяльных праяў жыцця вяскоўцаў таксама. Здавён павялося, што чалавеку працы вельмі давалася ў знакі п’янства. І не так яшчэ селяніну, як сялянцы, жанчыне, гаспадыні, жонцы. Менавіта слабой палове даводзілася потым і аплочваць прапітае ці ўкрадзенае, і на сваіх плячах і целе адчуць фізічнае ўздзеянне падвыпіўшага гаспадара. Агаворымся яшчэ – тады мы мэтанакіравана адшуквалі замовы такой тэматыкі. Калі пачалі займацца гэтым, то аказалася, што яны вельмі рэдка сустракаемыя. Мала гэтага, далёка не кожны інфарматар, які ведаў такі твор, пагаджаўся нам яго пераказаць пад запіс, тлумачачы гэта тым, што замова, перададзеная выпадковаму чалавеку, адразу ж страціць сваю магутна-чараўнічую сілу. Падаем найбольш характэрныя прыклады. “Як адлучыўся Іюда ад Хрыста, так няхай адлучыцца раб божы (імя) ад віна. Амінь. Амінь. Амінь” (“Ад выпіўкі”, в. Поташня); “Свяшчэнніку ў школе не чытаці, жыду ў царкве не працаваці, рабу божаму Івану гарэлкі не знаці. Дзевяць царквей, дзесятая памашчніца, Божая Маці начальніца. Амінь” (“Ад мужа-выпівохі”, в. Мокіш); “Неба бяскрайняе, звёзды міргаючыя, усмірыце ад віна, злога зелля і запоя. Усемагутны месяц, адваражы (імя) ад запоя, віна і зелля. Сонца ўсёмагутнае, спалі запойную страсць у (імя), усміры і ўкраці смагу і жаднасць у (імя) да запою, віна і зелля. Вецер ціхі, вецер буйны, уймі запойную страсць у (імя). Хоць моцны і крэпкі чортаў напой, сатанінская замова, але мая замова, мае словы мацнейшыя і лепшыя. Амінь” (“Ад моцнага выпівання”, в. Віць); “У імя Атца, Сына і Святога Духа, амінь. Запой і віно зялёнае, адступіцеся ад раба божага (імя) у цёмныя лясы, дзе людзі не ходзяць і коні не бродзяць, і птушкі-салавейкі не спяваюць. Амінь” (“Замова ад частага выпівання”, в. Бабчын); “Свят-свяціцель, душэўны мучыцель, атраві водкай мужа, каб ён не піў, на водку не глядзеў, за віно не браўся, нячыстай сілы не баяўся, а ваду піў, сямейку сваю весяліў, да печы падыходзіў і пячаль-смутак адводзіў. Хлеб будзе есці, а смутак да сябе не будзе несці. Амінь. (Тры разы прагаварыць на бутэльку са спіртным, калі раніцай аддаваць яе мужу піць, то перад гэтым яшчэ тройчы пабоўтаць)” (“Забабон ад алкагалізму”, в. Руднае); “Зайсці ў свінушнік і ў тым месцы, дзе стаяла свіння, сабраць салому ці што ёсць іншае ў гурбу, потым прынесці на гэтае месца бутэльку гарэлкі (можна віна альбо піва ці самагону) і прагаварыць тры разы: “Свіння і тая водкі не выпівае, а памыі паядае. Так і ты, раб божы (імя), водкі не пей і праз яе ніколі не хварэй”. З той бутэлькі даць выпівоху выпіць і ў яго адразу ж ахвота спадзе” (“Ад алкагалізму”, в. Клівы); “Калі мужык, які пакутуе запоем, заснуў і каб пасля гэтага назаўсёды перастаў выпіваць, то зрабіце наступнае: падрыхтуйце кусок воску і, калі ён пачне зноў піць і закусваць, умудрыцеся прылаўчыцца і зрабіць так, каб мужык гэты воск укусіў, а яшчэ лепей, каб праглынуў. Калі чалавек зноў засне, то над ім прагаварыце наступныя словы: ”Зара-зараніца, красная дзявіца, сама маці і царыца. Светлы месяц, ясныя звёзды, вазьміце ў мяне бяссонніцу, бездрамотніцу, паўночніцу. Сярод ночы прыйдзі да мяне, хоць краснаю дзявіцаю, хоць маці-царыцаю, забяры з мяне і звядзі з мяне акаянную сілу. І дай мне спасаву руку, Багародзіцын замок. Ангел мой, архангел мой, сахрані душу маю, скрапі сэрца маё. Вораг сатана, адыйдзі назаўсёды ад мяне. Крастом крашчуся, крастом аграджуся, крастом ангела прыклікаю, крастом атганяю лукавага. Ва імя Айца, Сына і Святога Духа. Амінь”. (Пасля яшчэ трэба зашыць кавалачак замоўленага воску выпівоху ў вопратку і ніколі нікому не гаварыць пра гэта, каб яно назаўсёды заставалася таямніцай)” (“Замова ад алкагалізму”, в. Мікулічы).
     Ёсць катэгорыя замоў, якая павінна была адмаўляць выпівох не проста ад частага выпівання, але выводзіць іх з хранічнага запою. Такія замовы лічыліся найбольш моцнымі, хоць па нейкіх сваіх мастацкіх асаблівасцях, вобразнасці не вылучаліся сярод іншых. Нашы інфарматары аднагалосна сцвярджалі, што такія вуснапаэтычныя творы прамаўляліся над няшчаснымі людзьмі толькі спрактыкаванымі, вопытнымі знахарамі. “Сам Гасподзь на небе, а цар – на зямлі, а мядзведзь – у лесе, а мярцвец – у зямлі. Мёртвыя ляжаць, ляжаць яны – не выпіваюць, не ядзяць. Няхай мядзведзь гарэлку выпівае, а Васілёк – і ў рот не бярэ” (“Замова ад запою”, в. Губарэвічы); “Чабрэц-траву сабраць на Іванаў дзень, кінуць у спіртное і прагаварыць: ”Багародская трава, Багародзіцы галава, уразумі раба божага (імя), каб хмяльное ніколі не піў, стаканы не хапаў, брагі-водкі не глытаў. Як слова – так і справа. Амінь” (”Замова ад запою”, в. Глінішча); ”Ва імя Айца і Сына і Святога Духа. Зямля – ты мая маці, прыкажы мне рабу божаму (імя), ад сяго ўгоддзя ўзяць добрую траву зарахіль. Табе, маці зямля, на стаянне, а мне для рабоў і рабынь, для лішэння іх ад выпівання. Каб гэты раб божы (імя), пра віно не думаў, вачыма на яго не глядзеў, вуснамі не чуў і адбягаў ад віна. Як тошна паміраць, так бы ташнілася рабу божаму (імя). Адныне і да веку. Амінь” (“Замова ад запою”, в. Рудакоў).
     Неяк зусім выпадкова ўдалося разгаварыць старэнькую жанчыну з невялічкай вёсачкі Руднае, і яна пачала прыгадваць, як некалі яе клікалі да жанчын-парадзіх, і яна была бабкай-павітухай, самай спрактыкаванай і вопытнай ва ўсім чыста наваколлі. З гонарам прамаўляла яна, што калі б усіх дзяцей, якіх ёй давялося прыняць за сваё жыццё, сабраць у адно месца, дык была б вялізная вёска. Паціху-паціху бабулька і нагаварыла мне пару замоў са свайго надзвычай важнага і такога неабходнага занятку. “Багародзіца Дзева, радуйся! Багатая Марыя, Гасподзь з табой. Слаўна ты ў жонах і благаславён плод чрэва Твайго, яко Спаса, нарадзіла ўсіх душ нашых. Маці Прачыстая Багародзіца, Дзева Цудоўная Марыя, прашу я цябе, раба твая (імя). Як ты Сына свайго нарадзіла, Ісуса Хрыста, так нарадзі мяне, рабу Госпада (імя). Аднаві маю кроў і жылы, і суставы, і косці мае. Каб як у маладога дзіцяці, храсткі адрадзіліся, так і лек у рабы божай (імя) аднавіўся і вазрадзіўся з нараджэннем маім. Амінь” (“Замова на здароўе маці пасля цяжкіх родаў”, в. Руднае); “Каб удала зацяжарыць, то трэба дастаць курынае яйка з двума жаўткамі, зварыць яго і спажыць у ежу. Пры паяўленні крывацёку ў цяжарных найперш звяртаюцца да знахароў і шаптуноў, якія ці непасрэдна загаворваюць кроў, ці папярэдне нашэптваюць на хлеб, які і даюць есці цяжарнай. Хворую, акрамя таго, абводзяць тры разы вакол стала” (“Парады, якія даюць цяжарным маладым жанчынам, каб яны лягчэй цяжарылі і ведалі, да каго звяртацца за першай дапамогай пры пільнай патрэбе”, в. Руднае).
     Прыгадваецца і тое, як выявілася для мяне наступнае: найбольш часта сустракаемыя замовы, як думалася раней, – ад замаўлення хворых зубоў. На самой справе, цяжка знайсці чалавека, у якога б яны не балелі. Але аказалася крыху па-іншаму – на Хойнікшчыне запісаў ці не сама болей замоў ад грыжы. Ніяк не мог даўмецца спачатку – чаму ж гэта так? Потым, калі пасталеў сам, калі пачаў разважаць у многім па-іншаму, то прыйшоў да простай высновы: яно і на самой справе так, бо ж людзі займаліся пастаянна цяжкай, знясільваючай фізічнай працай, дзе не заўсёды ўдавалася адпачыць, пабыць у спакойным стане дзень-другі. Калі і выпадаў такі перыяд, то гэта калядныя святы, глыбокай зімою. А ўвесь астатні гадавы цыкл быў надзвычай напружаным, дзе ўсё было прадумана і запланавана зараней, а потым яшчэ і нечаканыя, непрадбачаныя карэктывы, унесеныя ці сацыяльным жыццём, ці прыроднымі катаклізмамі, ці, як мы ўжо згадвалі, шматлікімі хваробамі саміх працаўнікоў. Выжыльваліся, надрываліся і як заканамерны вынік – пакутавалі грыжай, якая вельмі часта даводзіла да заўчаснай смерці, да перарванага жыццёвага шляху. Продкі па-наіўнаму спадзяваліся, што і ад гэтай хваробы, як і ад усяго іншага, таксама можна, няхай сабе і з пэўнымі цяжкасцямі, выратавацца: вымаліць сабе ранейшае моцнае здароўе, ці зрабіць так, каб хоць ніколі і нічога не балела. “Дуб на моры, месяц на небе, а ў месяца два браты ўмесце не сыходзяцца. Каб гэта грыжа разышлась, размялась па бабіне, па гарошыне, па калатніне, каб яе ветрам здула, каб у гэтага чалавека (імя) грыжы болей не было. Амінь” (“Замова ад грыжы”, в. Віць); ”На Сіяньскай гары стаіць сасна, пад той сасной – Маці Марыя гуляла, ад грыжы замаўляла і загрызала, і на дванаццаць сукоў заклювала, і Ісуса Хрыста на дапамогу заклікала. Ісус Хрыстос і (імя) памагаць стаў. Амінь” (“Замова ад грыжы”, в. Бабчын); “Ідзе грыжа скорбная, успыльчывая, шчокі медныя, зубы жалезныя, нос валавяны, вочы булатныя, меддзю падпаясалася. Ідзе грыжа, лясы з карнямі рве і рабу божую (імя) сушыць. Ідзі ты, грыжа, у чыстае поле, там ты разыграйся, там ты разгуляйся, не сушы болей рабу божую (імя). Няхай мае словы будуць крэпкія, як замкі. Амінь. Амінь. Амінь” (“Замова ад грыжы”, в. Мікулічы); “Грызь Марына па межах хадзіла, травы сабірала, грызь замаўляла (пагаворную, падзіўную). Як гэтаму суку не адрастаць, так у (імя) грызі не аджываць (урочнай, насланай і г.д.). Не мой дух – Гасподні. Госпадзі, палюбі мой дух. Амінь, амінь, амінь” (“Замова ад грыжы”, в. Дворышча); “Не сама я сабою, а гасподняю душою. Загаварваю (імя) грызіцу, буркацішчу падзіўную, падумную, паглядную, прыгаворную. Не сама сабою, Маці Прачыстаю зарою, сам Бог прыступіць, мой дух прылюбіць (тры разы прачытаць замову, трымаючы хворага чалавека за правую руку). Амінь. Амінь. Амінь” (“Ад грыжы”, в. Мокіш); “Сама маці дзіця радзіла, сама мукі прынімала, не сама грыжу загрызала. Загрызала бабулька з меднымі губамі, з стальнымі зубамі, каб век грыжы не было. Векі павекі і ты не давекі. Амінь, Амінь, Амінь. (Паўтарыць замову тры разы, раз за разам, не перапыняючыся)” (“Замова супраць грыжы”, в. Клівы); ”Грыжа, грыжа, ты адкуль прыйшла? Грыжа, грыжа, ты з лесу прыйшла. Грыжа, грыжа, ты навошта мучаеш рабу божую (імя)? Грыжа, грыжа, ты ў лес ідзі, грыжа, грыжа, грызі там асіну і дубовую кару. Амінь” (“Замова ад грыжы”, в. Губарэвічы); “Первым разом, добрым часом помогі мне, Божэ, рабе божай (імя) грыжу ўгаварыць. Грыза-згрызішча, ідзі ты на сучышча. Гэтаму суку карней не пускаць, і ў рабы божай (імя) грыжы ні ў якім разе не бываць. Амінь” (”Замова ад грыжы”, в. Рудакоў); “Грызь-грызяўка, паганая казяўка (імя), тут табе ў (імя) жываце не бываць, па жывату не хадзіць, касці не ламіць, сэрца не таміць. Урочная, падзіўная, ідзі на шырокія бары, на жоўтыя пяскі. Там пабывай, пагуляй, у (імя) жываце не бывай. Амінь” (“Замова ад грызі”, в. Віць); “Ад дзіцячай грыжы. І спавівая бабушка, прыгаворвае бабушка, у Прасвятой Багародзіцы просіць грыжу ўмаўляці ў (імя). Заядаці меднымі шчакамі, жалезнымі зубамі. Так умаўляю ў рабы божай (імя) грыжу. Амінь” (“Ад дзіцячай грыжы”, в. Мокіш); “Госпаду Богу памалюся, Святой Прачыстай Маці пакланюся. Стань, Госпадзі, на помач рабе божай (імя). Высылаю, выгаворваю грызь намоўную, прыгаворную і высылаю, выгаворваю цябе, грызь, у чыстае поле. У чыстым полі – белы камень на сорак сажанёў шырыні і на сорак даўжыні. На том камені Ісус Хрыстос дубовай тросцю падпёрты: хто ж Ісуса Хрыста з белага каменя скіне? Ты, змей чарадзей? Ты, змяя-чарадзейніца? На мяжы гара стаіць, абломлены залаты какаток і сярэбраны. На тых какатах залатое яблычка і сярэбранае. Як тым яблычкам без пары не абкаціцца, так у (імя) грызі не бываць і пад нутро ёй не падначвацца. Больш болі не сдаваць, пасланыя, прыгаворныя. Млад месяц на небе перакрыў айцец Фядосій. ІсусХрыстос жыватварашчым крастом усё чыста засцерагае, а Маць Прачыстая ворага ніякага не падпускае. Амінь” (“Замова ад насыльнай грыжы”, в. Клівы).
    С
устракаліся і больш арыгінальныя замовы, з багатым наборам вобразна-выяўленчых сродкаў. “Кіла-кіліца, красная дзявіца, тут табе не садзіцца, тут табе не ляпіцца. Садзіцца табе, ляпіцца табе сярод цёмных лясоў, крутых берагоў, сыпучых пяскоў, гдзе людзі не ходзяць, пціцы не лятаюць. Там табе садзіцца, там табе ляпіцца, а з раба божага (імя) удаліцца. У імя Атца, Сына і Святога Духа. Амінь. Амінь. Амінь” (“Ад грыжы”, в. Паташня); “Суку, мой суку, прэкрасный мой суку. Як табе, суку, не адрастаць, так мёртвым людзям з магілы не ўставаць. Так у раба божага (імя) не бываць ні ўрочнай, ні малошнай, ні падзіўнай, ні падзімай, ні вадзяной, ні касцяной, ні галоднай, ні ўнутранай, ні ўстрэчнай, ні папярэчнай. Амінь” (“Ад грыжы”, в. Рудакоў); “Грызь-грызінка, твая матка – сірацінка ў чыстым полі дзіця нарадзіла, тонкім лыкам адрэзала. Грызь, не грызі жывот (імя), ідзі на мхі, на балоты, а ў (імя) не мучай жывот. Амінь” (“Ад грыжы”, в. Мікулічы); “Ранняя зорачка, божая памашчніца. Угаворваю рабу божаму грыжу. Як гэтаму суку на карэнні не стаяць, так і ў жывату раба божага грыжы не бываць. Угаворваю малочную, жаночую, мужчынскую. Па касцях не хадзіць, косці не ламаць. Грыжа, выходзь з нутра на сметніцу! Выходзь на талкавішча! З талкавішча – на могілкі. Там мая мамка памерла. Як мне з мамкай не гаварыць, так і табе, грыжа, у жываце не хадзіць і болі ніколі і ніякай не тварыць. Амінь” (“Ад грыжы”, в. Глінішча); “Гаварыць трэба дзевяць разоў раніцою на ўсходзе сонца: “Грыжа, грыжа, не грызі косці ўнутры роднага жывата і не прыходзь болей ніколі”. Гаварыць гэтыя словы і адначасова пагрызці зубамі тое месца і папляваць дзевяць разоў на сучок (дрэва ці нешта драўлянае)” (“Замова ад грыжы”, в. Буркі); “Спачатку прашаптаць малітву “Отча наш”. Потым узяць крэм і над ім прашаптаць тры разы, кожны раз сплёўваючы цераз левае плячо. Словы павінны быць наступныя: кіла-кіліца, красная дзявіца, тут табе не садзіцца, тут табе не ляпіцца. Садзіцца табе, ляпіцца табе сярод цёмных лясоў, крутых берагоў, сыпучых пяскоў, гдзе людзі не ходзяць, гдзе пціцы не лятаюць. Там табе ляпіцца, а з рабы божай (імя) грыжы ўдаліцца. У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амінь. (Грыжу мазаць крэмам безымянным пальцам на ноч, і да раніцы не ўставаць з ложка)” (“Замова ад грыжы”, в. Віць); “Як таму дрэўцу ў суставах не бываць і мясу на нём не нарастаць, так у младзенца (імя) грыжы не бываць, цела не ламаць, косці не ламаць. Я грыжу вымаўляю з жоўтых касцей, із чорнае крыві, з віскоў, з валаскоў у младзенца (імя). Ты – мышка, я – кошка, я грыжу выгрызаю і вон выкідаю” (“Замова ад грыжы”, в. Клівы); “На чорным моры стаяў дуб зялёный, а ў тым дубе – дупло, а ў тым дупле – гняздо, а ў тым гняздзе – яйцо, а ў тым яйцэ – зай, што тую грызь выгрызай! Амінь” (“Ад грыжы”, в. Бабчын).
     Не здзіўляе і той факт, што па аналогіі са шматлікімі дзеяннямі, умовамі і акалічнасцямі, людзі імкнуліся любым чынам пазбавіцца ад грыжы, выгрызаючы яе. Лічылі, што раз яна ўгрызаецца ў любое, у самае здаровае і чыстае цела, не баючыся нікога і нічога, то і ад яе можна пазбавіцца менавіта такім шляхам. Хвароба, якая рэзала, калола, мучыла чалавека, таксама была асуджана на гэткія ж пакуты. Яе і запалохвалі, і лякалі, і забівалі, але найчасцей – адсылалі ў нейкія глухія мясціны, якія ў продкаў цвёрда асацыіраваліся з нежыццёвай прасторай, дзе заўсёды валадарылі гэткія ж самыя чорныя і непажаданыя сілы. Адпаведна, туды сумленнаму вяскоўцу шлях быў замоўлены і забаронены. Там мог пабываць ці пабірацца толькі чорны, зласлівы знахар, які меў на думцы ўчыніць нешта благое астатнім. Гэта ведалі з даўніх часоў, так засталося і ў адвечнай традыцыі. Сустракаліся выпадкі, калі, чытаючы ці прамаўляючы такія вуснапаэтычныя творы, інфарматары паварочваліся да далёкага лесу або балота спіною. А то і наадварот – тварам. “Першым разам, божым часам Госпаду Богу памалюся, Святой Прачыстай пакланюся, ранняй зары папрашу: “Зоры-зараніцы, божыя памачніцы, прыдзіце, памажыце рабе божай Таццяне грызь угаварыце. Грызь-грызішча, ідзі на дубовае пнішча, ідзі на дубовы сук, а не на Таццянін пуп. Я – з словам, а Гасподзь – з помаччу. Амінь” (“Ад грыжы”, в. Глінішча); “Ты – грызь, ты – грызь, ты – грызь, а я – каза (тры разы). Я цябе поедам паем. Так ты сук-яловік, як табе ад грызі, так, каб у цябе грызі ніколі не было.
    (Замову прамаўляць тройчы плюнуўшы на яловы, а калі яго не было паблізу, то на любы, сук)” (“Ад грызі”, в. Пажаркі); “Ты – грызь, ты – грызь, а я – каза. Я цябе адразу паем (тры разы паўтарыць). Так ты, сук-ялоўнік, як цябе атныне нету, так каб у цябе грыжы атныне не было. (Гаварыць замову тройчы плюнуўшы на сук у сцяне)” (“Замова ад грызі”, в. Руднае); “Як на тым суку отрасці не бываць, так у етага младзенца (імя) грызі не бываць ірвотныя, паспешныя, малочныя, падзіўныя, прыгаворныя, намоўныя, жаночыя, хлапечыя, мужчынскія, дзявоцкія. Грызь грызача і кусача, я ж у цябе, у младзенца (імя) выкалываю і выгрызаю, каб у етага младзенца грызі не бываць, дзе загырчаю, там табе і прападаць. Ні я выгаварываю, выгаварывае Ісус Хрыстос сваім духам і святам (дзень). Амінь” (“Ад грызі”, в. Віць); “Рыжа-грыжа, добрая ты маладзіца, не грызі майго цела. Як у полі каменне, а ў лесе – паленне. Амінь” (“Замова ад грыжы”, в. Рудакоў).
    І ўсё ж асноўную ўвагу нашы продкі заўсёды звярталі не на жывёл і вядзенне гаспадарчых спраў, хоць ніколі не забываліся і пра гэта, а на самога чалавека. Найперш – на жанчыну. На жанчыну-маці, жонку, сястру. Ведалі сапраўдную іхнюю ролю ў жыцці. Канешне, у многім яна была па традыцыі заніжана, звужана, але гэта з-за таго, што не жадалі мужчыны прызнаваць верх “слабой” палавіны ў многіх гаспадарчых і хатніх справах. А калі гаворка заводзілася пра дзяцей, то тут прыціхалі ўсе чыста, нават самыя ярасныя прыхільнікі таго, што менавіта мужчыны цягнуць на сабе ўвесь жыццёвы воз, на іхніх плячах ён трымаецца, а калі толькі пахіснуцца ці адвярнуцца, дык усё адразу і абрынецца, не ўстаіць. Затое рэальнасць жыцця сведчыла пра адваротнае. Вопытныя, умудроныя жыццём бабкі-павітухі ніколі не забываліся, што жанчына перад родамі ці пад час іх вельмі слабая, і яе ў гэты час, як ні ў які іншы, неабходна падтрымліваць, даваць спакой, надзею на добрыя адносіны, многае дараваць, не паднімаючы крыку-гвалту, лішні раз не чапляючыся і не спрабуючы ў абавязковым парадку разбіраць нейкія спрэчныя сітуацыі.

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024