Среда, 15.05.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Ад крывацячэння
Пераказаць тры разы:
– Ішоў дзед праз калінавы мост. Мост пахіліўся, дзед паваліўся. Кроў запяклася, рана зажылася.
Ад вывіха-ўдара
Гаварыць тройчы на балючае месца, у канцы падуць тры разы. Спачатку перахрысціцца:
– Першым разам, божым часам, Госпада Бога ўмаляючы. Святыя ўгоднікі божыя. Прыходзьце кіеўскія, пячэрскія прыпадобнікі божыя. Прыходзьце мне на помач, рабе божай (імя), удары-звіхі на мхі, на балоты, на ніцыя лозы адпраўляць.
Ад зубнога болю
На маладзік загаварваецца:
– Месяц ты, месяц. Сярэбраныя твае рожкі, залатыя твае ножкі. Зайдзі ты, месяц, знімі маю зубную боль, занясі пад аблокі. Мая боль не малая, не цяжкая, а твая сіла магучая. Мне болі не перанясці. Вось зуб, вось два, вось тры – усе твае. Вазьмі маю боль.
Ад скулы
Скула-скуляніца, ты мая сястрыца. Тут табе не сядзець, касцей не ламаць. Сядзела дзеўка на камені, белы кужаль прала, ятрасці адмаўляла. Калючыя, балючыя, ветраныя, прыстрэчныя, угаданыя – усякія.
Ад рожы
Ты рожа, рожа. Ты вазрасла і да цела грэшнага прыйшла. Хутчэй жа расці да расцвітай. Звяўшы, з твару прападай.
У канцы падуць на твар тройчы.
Ад урокаў
Паперадзе пачытаць малітву “Вотча наш”, а потым прамовіць такія словы:
– Вадзіца-царыца, ішла ж ты лугамі і крутымі берагамі, жоўтымі пяскамі. Шоўкавую траву падымала і руду абмывала. Там Прачыстая Божа Мацер рукі мыла. Я ваду брала і рабу божаму помач давала.
Ад ліхарадкі
У трасцы, як захочацца чаго-небудзь хвораму, то трэба даць, не шкадуючы, няхай есць, пакуль не зрыгае, а затым тымі рыгамі пляснуць хвораму ў вочы і сказаць:
– Якая госць, такая чэсць.
Ад начніц
Пад галоўку пакласць ножыка, і так казаць тры разы. Перад кожным разам перахрысціцца:
– Госпаду Богу памалюся, Святой Матухне Прачыстай пакланюся. Прачыста Маці, да помачы стаці. У раба божага (імя) крыксаў, плаксаў шаптаці. Ідзі ты, крыксівіца, ідзі ты, плаксівіца, ідзі ты, недрамота. Печ-матухно, калышы маё дзіцятухно. А стол-бацько, дазірай маё дзіцятко. За гарою крамяною бегла рэчка траскуча, піскуча, ляскуча. Туды яна кліча, туды яна шчэ несакоту, недармоту, а маяму (імя) наспаціся, нагуляціся, ніякім ачыцам не паддаваціся: не падманным, не пудгаворным, не спешным, не пацешным, не падуманым, не пагаданым, не ветраным, не насланым. Як жа маці радзіла, на белы свет пусціла, красатою надзяліла, ніякіх ачыц не дапусціла: ні падуманых, ні пагаданых, ні ветраных, ні насланых, ні падманных, ні падгаворных, ні спешных, ні пацешных.
Ад грыжы
Узяць драч, пажадана, каб ён быў без ніякіх лісцеў або які-небудзь сук і гаварыць:
– Як етаму дрэву ніколі на пне не стаяць, каранёў на тым пне ніколі не пускаць, лісцеў на ім ніколі не распускаць, так каб у етага раба божага (імя) грыжы ніколі не буваць ні цялесныя, ні галаўныя, ні ўнутраныя, ні пупавыя, ні наружныя, ні ядравыя – ніякія. Каб гэтая грыжа па касці не хадзіла, касцей не ламіла, галоўкі не паліла. Адкаціся, адыміся ты, грыжа мая, памаленечку, паціхенечку, рассыпіся ты дробненька, памалюсеньку, на макавыя зярняткі, і каб ніколі не бываць табе ні пад поўняй, ні пад маладзіком, ні пад схадком, па ету порачку, на раннюю ці на (вячэрнюю) зорачку.
Пажадана чытаць увечары.
Ад валасня
Узяць тры жытных пустых каласкі, палажыць на балючае месца, дзе валасяніца, паліваць цёплай вадою і казаць тройчы:
– Ліхія валасы, выходзьце на каласы.
Потым, памянуўшы пра каласы, то будзе на іх так, як валоссе, што выйдзе з той балячкі. Трэба так зрабіць тройчы перад усходам сонца, на захадзе сонца і назаўтра зноў, пакуль зноў не ўзыйдзе сонца. І гэта абавязкова рабіць тройчы.
Ад каўтуна
Трэба дзевяць разоў пераказаць:
– Каўтун здымаюць і на ваду кідаюць. Пасабі, Божа, памажы, Прачыстая Маці, каўтуна (імя) рабу божаму выгавараці. Каўтун-каўтунішча, дурнішча, ад чаго ты ўзяўся? Ці ты з падзіўку, ці ты з пасілку, ці ты з цяжолага падымання, ці ты з цяжкага падыхання. Я цябе ўмаляю. Я цябе зсылаю на сінія моры, на буйныя ветры. Там табе столікі пазасціланы, кубачкі паналіваны, там табе піценне і ядзенне, там табе піць і гуляць. Да (імя) патрэбы не маць, спакой яму даваць.
Ад шалёнства
Гаварыць тры разы над малачаем, сок таго малачая даецца потым хвораму:
– Ацец наш Аўрам усё поле ўзараў. Жана яго Сара па полю хадзіла, цвяты еты садзіла. А хто іх капаў, таму Бог памагаў.
Ад хваробы глаз
Дзевяць разоў шаптаць: тройчы вечарам, тройчы ўтрам, тройчы зноў вечарам. Дуеш тры разы на глаза і пальцам кіўнёш. За кожным разам трэба перахрысціцца:
– Першым разам, добрым часам Госпаду Богу памалюся, Святой Прачыстай пакланюся. І прашу я твае вялікай міласці, Матка Прачыстая, ачысці рабу божаму быстры вочкі, штоб яно ў вачах не калола, не парола, не смаліла, не паліла, не шумела, не гуло і галавы не ламіла. Другім разам, добрым часам папрашу я вялікага Юр’я. Ехаў святы Юры на сівым кані і вёў за сабою трох хартаў. Першы харт белы, другі харт чорны, трэці харт руды. І прашу я твае вялікія міласці, святы Юры, вялікі Ягор’я, завялі сваім хартам ад раба божага бяльмо злізаць і сагнаць і руду, і луну, і туман з яго быстрых вачэй. Первы руды як лізнуў – руду злізнуў. Другі чорны як лізнуў – і луну, і туман злізнуў, трэці белы як лізнуў – бяльмо злізаў, сагнаў і сцёр. З яго быстрага вочка на ніжнюю вейку слязою сыйшло і скацілася.
Ад спуга
Тройчы пераказаць на вадзе і тройчы дзьмухнуць і плюнуць. І той вадой памачыць усе суставы, а малых дзетак купаць. Перахрысціцца:
– Госпаду Богу памалюся, усім святым пакланюся. Гавару, выгаварваю рабу божаму (імя) купкі-перакупкі, перакупкі, перапалкі і жэньскія, і мужчыньскія, кашачыя, свінячыя, цялячыя, курачыя, парасячыя, каціныя, мышыныя, вуціныя і коньскія, кароўськія, авечыя, чалавечыя. І з буйныя галавы, з белага цела, з ліца румянага, і з сустаў, і з палусустаў выдымаю і высылаю на сіняе мора. На сінім моры прыстол стаіць. На тым прыстоле сядзяць тры дзявіцы. І чытаюць, і выпісуюць, і па сінім моры рассыпаюць. Мора скалыхаецца – пужання мінаецца. Няхай мора буяя, няхай раб божы (імя) гуляя.
На харошыя роды
Гэта шапталі жанчыны ў час родаў некалькі разоў:
– Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Божай Маці пакланюся. Прачыста Божа Маці з прастола ўставала, рабе божай (імя парадзіхі) дзіцятка адмаўляла, сустаўчыкі адмукала. Божа Маці да цэркаўкі ішла, залатыя ключы нясла, срэбныя замочкі адмыкала, царскія вароты адчыняла. Вы, замочкі, адмыкайцеся, царскія вароты, адчыняйцеся, рабе божай (імя) сустаўчыкі адчыняйце. Гара, разайдзіся, камень, раскаціся, жалеза, растапіся, шкло, разбіся, вада, разліся, дубок, развейся, маладзенец маладзенькі на гэты свет з’явіся. Як хлопец – то на коніку. Як дзевачка – то на рыбінцы.
Прысушка
Узяўшы ў руку яблык ці ігрушу, ці якую іншую садавіну, трэба выйсці да сонейка раніцай ці адвячоркам у маладзікову сераду. Трэба, гледзячы на садавіну, казаць:
– На востраве, на Сакалоні стаіць дуб. А на тым дубу – дванаццаць кокатаў, а пад тым дубам – дванаццаць галубоў. Прашу я вас і ўпрашваю. На сінім моры ляжыць камень. Пад тым камнем ляжыць дашка, а пад той дашкой ляжыць мая таска. Вазьміця той камень, падніміця тую дашку і выньця адтуль маю таску і аддайця яе Варутунькі.
Нагавораную такім парадкам садавіну трэба перадаць хлопцу.
Как свадзьбу расстроіць
Шукаюць гарохавы стручок з дзевяццю гарошынамі і кладуць тайна ў воз, дзе будзець сядзець маладая, пад салому і прыказваюць:
– Дзевяць гарошын, а дзясятая нявеста, не строньце, коні, воза.
Пасля гэтых слоў коні з места не сойдуць і парвуць збрую, і калёсы замараюць, аглоблі і з двара не выедуць, пакуль не знойдуць гарошыну.
На захаванне любові
Калі мужык ходзіць па другіх, узяць рубашку, ці там штаны, ці што, падраць на касічкі, змераць ад галавы да ног і тады ў сваю пасцель палажыць і загаварыць:
– Ехаў Бог праз чыста поле на сівым коніку. Конік прыстаў, а муж (імя) любіць стаў. Стань, Бог, на помач.
На ўдачу ў судзе
Узяць шматок саломы, палкі ці трэскі з гарэлай ці патушанай хаты і казаць:
– Госпадзі, цябе ж адстаялі ад пажара, а ты ж адстой мяне ад суда. Як салома (ці палкі) гэтыя немы, так штоб суддзі панямелі.
Да суда гэтыя рэчы пакласці на парозе і пакінуць на час суда. Акрамя таго, недалёка ад парога ў столь трэба ўтыркнуць нож, пакуль ты будзеш там сядзець. Прыйдзеш ад суда, тады нож вытыркнеш.
Запісана ў в. Слабажанка
ад Корбіт Валянціны Міхайлаўны, 1934 г.н.,
студэнткай Шваб І. (1993 г.)
Ад звіху
Ехаў цар Давыд на белай кабыліцы з Богам ваяваць. А ты, звіх, не будзь ліх, касцей не ламі, сэрца не тужы, жывата не сушы.
Каб у каровы было малако
Нагаворваюць на ваду, на крапіву. Гэтай вадой падойнік параць. І на стары камень:
– Ва імя Айца і Сына і Святога Духа. Амінь! Ёсць слаўнае акіян-мора. І на тым слаўным акіян-моры ёсць бел востраў. На тым на белым востраве ёсць белы камень. На тым белам камне сядзіць Прачыстая Багародзіца, Маці Божая на прэстолі сваім. І як ты, Прасвятая Багародзіца, іспусціла мора і рэкі, і азёры з аднаго месца, з-пад белага камня, так ты, Прасвятая Багародзіца, іспусці малако із маея мілыя жывоціны, із каровы (назваць па колеры шэрсці), із розных шарсцей, із яе вымя. Ва імя Айца і Сына і Святога Духа. І ныне і прысно і ва век вякоў. Амінь.
* * *
Калі карова згубіла малако, схадзі на сем рэк, вазьмі ваду ў адну бутылку. Прыдзі дамоў, запалі свячу і абыйдзі карову тройчы. Потым гэтай вадой абмый вымя і кажы:
– Есть царь лесной, есть царь земной, есть царь водяной и небесный царь, всем царям царь. Благослови, Господи, меня, раба божия (имя), и крестьянский мой живот. Взята сия вода не ради хитрости, не ради мудрости, а ради божией милости. Был бы милый мой живот крестьянский здрав и цел и доила бы по-прежнему и больше прежнего во сто раз, и бежало бы молочко по титечкам утром и вечером, всегда и ныне и присно и во веки веков. Аминь.
Ад барадавак
Палажыць на прышчы скуру дравеснай лягушкі. Здымаюць яе праз некалькі часоў, кажучы:
– Еслі ты, нячысты, не можаш знайсці кожы, то счэзні з маёй рукі (ці з таго масца, дзе ёсць барадаўкі).
Перад сустрэчай з чалавекам, якога баішся
Сказаць тры разы свайму анёлу-ахоўніку, які знаходзіцца за правым плячом:
– Ангел-храніцель, самкні ўста, асляпі глаза.
Ад хвароб
Чытаць трэба на маладзік тры разы, праз кожны раз сплёўваць праз левае плячо:
– Месяц, месяц малады, у цябе рог залаты. У моры ты купаешся, і не іспужаешся. Адам і Ева – першыя жыхары на зямлі, у вас што балела? – Нет, нічога ў нас не балела, і ў мяне, раба божага (назваць імя), таксама каб нічога не балела. Амінь.
Каб прысніўся вешчы сон
У ноч з пятніцы на суботу кладуць ля галавы хлеб-соль і, задумывая жаданне, кажуць:
– Нядзеля з панядзелкам, аўторак з сарадою, чацвер з пятніцай, а табе, субота, дружкі няма. Вось табе хлеб-соль, а мне дай ясны сон.
Ад укуса змяі
Як я сяду зарою, ды пад сонцам ясным, яны ўкажуць мне дуб, а ў дубе гняздо, а ў тым гняздзе змяя Шкарубея. Выні свой яд і падкрапіўны, і падплечны, і часовы, і мінутны, і паўмінутны. Вынь свой яд. А не вынеш, то будзе Міхаіл-архангел наказываць кнутом драцяным. Амінь.
Ад крыві
Спачатку чытаецца малітва “Ойча наш”, потым калі прачытаеш малітву, сама замова:
– На моры, на акіяне, на востраве Буяне там хатка стаяла, у той хатцы тры сястры жылі. Яны раны замалівалі, кроў астанаўлівалі. Ох, рана, зажывіся, кроў супыніся. Амінь.
Чытаць патрэбна да тых пор, пакуль не спыніцца кроў.
Ад ушыбу
Загаварваюць тры разы:
– Госпаду Богу памалюся, Прачыстай пакланюся. Зоры-зарніцы, божыя памочніцы, прыступіце, ад удару загаварыць дапамажыце. Удар, удар, выйдзі з косці з малой і бальшой. Здзесь удару не бываць, косці белай не ламаць, краснай крыві не сушыць, ад болю аслабаніць, раба божага (імя) здароўем нядзяліць.
Ад спугу ў сне
Загаварваюць на нач тры разы:
– На сінім моры – вышка, на той вышцы – дуб, на тым дубе – дванаццаць вяровак, на тых вяроўках – дванаццаць анёлаў. Яны пяюць, васпяваюць, злога духа з раба божага (імя) выганяюць, з галавы, рук, ног, касцей цела. Згінь у ноч, як і ў дзень. Госпадзі, мне на помач. Амінь.
Ад скулы
Загаварваюць на ваду тры разы і даюць выпіць:
– Першым разам, лучшым часам памажы, Госпадзі, у раба божага (імя) скулу выгаварыць. Пятнаццаць скул знаю, усе выгаварываю. Скулу-рожу, скулу ліца, скулу падбітую, падстрэленую, вогненную, вадзяную, сібірскую, волчую, калючую, залатушную, падрыўную, падліўную, прастудную, каўтунную. Сыдзіце вы ў раба божага (імя) з галавы, з ліца, з рук, з ног, з плеч, з грудзі, з вушэй, з вачэй, з усяго цела і ісці вам за сіне мора. Там тры анёлы ходзяць. Адзін воду носіць, другі кроў угаманяе, трэці ліцо амывае, у раба божага (імя) скулу выгаварывае. Амінь.
Ад зглазу
Загаварваюць тры разы:
– Першым разам, лучшым часам памажы, Госпадзі. Стань ты, Госпадзі, мне на помач, на радасць. Зара-зарніца, красная дзявіца, усему свету памочніца, памажы мне, угаварываць урок, прыгавор прыдуманы, пацешны, паспешны, пасланы, насланы, мужчынскі, жаночы, хлапочы, старочы. На гары стаяла груша, на той грушы Маць Прачыста ад аднога канца, ад аднога айца, ад адной мацеры, нічым не заведала, толькі рабу божаму (імя) урок выгаварвала і ссылала на крутыя горы, на ніцыя лозы. Рабу божаму (імя) дзень работаць, ноч спаць і ўрока-прыгавора не ведаць. Яшчэ ўгаварваю з касцей, з машчэй, з жыл, з пажыл, з буйнай галавы, з яркіх вачэй, з чорных брывей, з краснай крыві, з белай касці, каб па касці не хадзіла, касцей не ламіла, сэрца не знабіла, крыві не сушыла. Стань на сваё месца, як Прачыстая Маць у залатым крэсле, рабу божаму (імя) на помашч і на радасць. Амінь.
Ад звіху
Нужна нітка з сукна. Чытаць замову дванаццаць раз. У канцы ніткай з дванаццаццю вузламі перавязаць хворы сустаў. Калі чытаюць замову, сустаў гладзяць і крэсцяць:
– Ва імя Айца і Сына і Святога Духа.
Потым чытаецца малітва “Отча наш”, а потым ужо і весь загавар:
– Ішоў святы Пётр, спатыкнуўся, сустаў на сустаў натыкнуўся, кроў на кроў нашла, жылу на жылу навяла. (У гэты час над хворым месцам завязваецца вузялок). Святы ісцэліцель, памагі рабу божаму (імя) у лячэнні (называецца хворае месца: рука, нага і г.д.).
Ад рожы
Загаварваюць тры дні па дзевяць разоў:
– Госпадзі, Ісусе Хрысце, Святая Багародзіца, я прашу вас, дапамажыце. Рожа калючая, рожа свярбучая, выйдзі з рабы божай (імя) з касці, з машчы, ідзі на балота. Там ты калі, там ты гары і краснату, і ламату давай. Угаварваю, ідзі вон, а здзесь, у раба божага, не калі, не ламі, не гары. Амінь.
Ад грыжы
Загаварваюць дзевяць разоў на ўсход сонца:
– Грыжа, грыжа, не грызі косці ўнутры раднога жывата і не вазврашчайся нікагда.
Калі гаварыш гэтыя словы, трэба пагрызці зубамі тое месца і папляваць на палена дзевяць разоў.
У дарогу
Мацер Божая, благаславі мяне ў пуць, а сама са мною будзь. Я ў пуці, спасіцель уперадзі, Мацер са мной, святыя анёлы за мной. Ангел насустрач, Гасподзь на пуці, а наш айцец Мікалай-чудатворац са мной будзе заўсёды ўперадзі. Я ў пуць пайшла, Госпада Бога з сабой узяла. Ангелы-храніцелі ўперад забягаюць, мне пуць расчышчаюць. Спасі, Госпадзі, і памілуй рабу божую (імя) ва векі вякоў. Амінь.
Запісана ў в. Хвойнае
ад Торахавай Лукер’і Дзмітрыеўны, 1918 г.н.,
студэнткай Катлабай Г. (2000 г.)
Ад зубнога болю.
– Маладзік малады, твой рог залаты. Ты хадзіў па ўсім свеце, а ці быў ты на тым свеце?
– Быў.
– А ці бачыў маю бабу?
– Бачыў.
– А ці баляць у яе роце косці?
– Не.
– Так няхай і ў раба божага (імя) таксама навек зубы занямеюць і ніколі не баляць.
Ад удару
Першым разам, добрым часам прашу Бога і духа святога. Ішоў Хрыстос праз калінавы мост. Ішоў з двума апосталамі. Мост зламаўся, рабе божай (імя) удар балець суняўся. Ты, удар, перастань балець, па касцях не хадзі, косці не ламі, сініх жыл не сушы, рыжага мяса не крышы. Костачка да костачкі, сустаў на сустаў, штоб балець перастаў. Я – словам, а Гасподзь Бог – з помашчу. Амінь.
Ад рожы
Рожа-ражыца, красная дзявіца. Па полю хадзіла, краскі збірала, к рожы прыкладала. Згінь, прападзі. У імя Айца і Сына і Святага Духа. Амінь.
Ад залатніка
Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Божай Мацеры пакланюся. Ты, Прачыста Божа Мацер, прыступі залатніка ўгаварыць. Залатнік ты мой, залатнічку, ты божы мой чалавечку, з чаго ж ты ўсхадзіўся, з чаго ж ты разыграўся? Бабка пуп завязала, залатніка на месца ўстаўляла. Стань на месцечку, на залатым крэслечку. Там залатнікі п’юць і цябе, залатніка, з нецярпеннем ждуць.
Прысушкі
Лягу я, раба божая, памалюся, устану я, благаслаўлюся, памыюся я расою, вытруся я прастольнаю пеляною, пайду я з дзвярэй у дзверы, з варот у вароты, выйду я ў чыстае поле, стану я на сырую зямлю, пагляжу я на ўсходнюю старану. Як краснае сонейка ззяе, прыпякае мхі і балоты, чорныя гразі, так і ты прыбягай ка мне, прысыхай, раб божы, ка мне, рабе божай. Вочы ў вочы, сэрца ў сэрца, мыслі ў мыслі. Спаць бы ён не засыпаў, гуляць бы ён не гуляў, а ўсё б ка мне прыбягаў. Амінь.
Запісана ў в. Слабажанка
ад Кірусенка Марыі Сцяпанаўны, 1921 г.н.,
студэнткай Мельнік Л. (1993 г.)
От разлучницы
По утру встает солнце красное, а как ночь придет – луна нежная, безмятежная, и никогда они не встречаются. Оба разом не появляются. Так и суженый мой (имя) пусть не встречается, никогда с ней не слюбляется. Так сказала я, так и сбудется.
От сглаза дитя
С улицы водица, с дитя лиховица. От кого взялось, тому передалось. Кто со злобою колючею, тому слезою горючею.
Говорить заговор и мыть лицо ребенка, брать воду, желательно освященную и лить ее на пол.
На здоровье
Водица-царица, она мне очень пригодится. И от кори, от болезни, от злых людзей, от напрасных речей. С гуся вода, а с меня, раба божьего (имя) худоба.
Каб дзеці спалі
Першым разам, лепшым часам Госпаду Богу памалюся, прачыстай Божай Маці пакланюся.
Запісана ў в. Хвойнае
ад Асадчай Соф’і Пятроўны, 1928 г.н.,
студэнткай Барыш Н.
Ад зглазу дзіцяці
Па галовачке светлай, па спінке прамой, па жывоціку беламу, па ножкам рэзвым яечка катаецца, зглаз ды хвароба на яго матаецца, збярэцца ўся немач да крупіцы, хто паслаў яе – к таму вернецца, хто заставіў дзіця мучыцца, той ад порчы злой жгутам скруціцца.
Гаварыць, качаючы па цельцу дзіцяці курынае яйка. Потым кінуць яго ў агонь і спаліць.
Перад дарогай
Чытаюць 3 разы пасля выхаду з хаты:
– Стану я, благаславясь, стану я, перакрэсцясь. У чыстым поле сонца ўзыходзіць, сам Гасподзь Бог Ісус Хрыстос выходзіць, крэст на галаве выносіць і благаслаўляе ўсё-ўсё паветра. Благаславі, Гасподзь, ад пулі, ад штыка, ад гарачага ружья ў дарогу, у дарожачку! Амінь.
Запісана ў в. Навасёлкі
ад Анікейчык Надзеі Аляксандраўны, 1925 г.н.,
студэнткай Фяськовай Т.
Ад зубной болі
– Маладзік, ясеню, дзе ты быў?
– На небі.
– Што ты бачыў?
– Мёртвых.
– Што яны робяць?
– Панямелі і ляжаць.
– Няхай мае зубы панямеюць і не баляць.
Запісана ў в. Кірава Жлобінскага р-на
ад Прыходзька Аляксандры Пятроўны, 1937 г.н.
(перасяленка з в. Пагоннае Хойніцкага р-на),
студэнткай Емяльянавай В. (2005 г.)
На вогнік
Дзевяць вугалькоў раскладваюць на тры кучкі, замаўляюць уранку, калі толькі запаляць дровы ў печы. Бяруць па чарзе вугалёк з кожнай кучкі, абводзяць ім каля рота, дзе звычайна ўсхватваецца вогнік, і кідаюць вугалёк. Першы раз кідаюць у печ за дровы, другі – праз плячо на хату, трэці – у кружку з вадой. Пры гэтым прыказваюць:
– Вагнішча, вагнішча, ідзі на старое папялішча.
Ваду выліваюць там, дзе зачыняюцца дзверы.
Запісана ў в. Рабец
ад Жыгадла Анастасіі Мікалаеўны, 1918 г.н.,
студэнткай Мележ Н. (1994 г.)
Ад ікоты
Гаварыць тры разы:
– Йокалко, йокалко, выйді за вароты, каго ўстрэцішь – таму ў рот.
Ад страху
Пакрэсціць окны і дверы са славамі:
– Схадзіў Гасподзь с небес, нёс з сабою крэст ад усіх сабак, ад злых валкоў, ад усіх злых людзей. Амінь.
Ад бяды
Палажыць у агонь часнок і сказаць:
– Хай уберажэ ад зглазу, прагоніць мучэння, преступлення, несправядлівасць, беззаконія. Спасі і сахрані, Гасподзь. Амінь.
Ад ворагаў
Плюнуць 3 разы праз левае плячо:
– Праз парог пераступлю, гадзюкаю выпалзу, усім врагам рот затыкну. Я не іду, а еду чорным волам, каб у ўсіх маіх урагоў язык быў колам. Амінь.
Ад апёкаў
Гаварыць над абпечаным месцам тры разы і перакрэшчваць гэта месца:
– Ва імя Айца і Сына і Святога Духа. Свет да ўтра, а ат утра да свету, а абпечанае да слоў. У векі вякоў. Амінь.
Ад барадавак
Гаварыць на маладзік. Выйці на ўліцу ці выцягнуць руку ў акно, і, паказываючы маладому месяцу барадаўкі, сказаць:
– Дзе твае цацкі?
– А вот маі цацкі.
Пасля каждага раза сплёвываць чэраз левае плячо.

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Май 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024