Пятница, 29.03.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 Кіпрыян Трафімавіч Ярмольчык
 (нар. у 1871* г. – пам. перад Вялікай Айчыннай вайной)

    У 2005 годзе да Усерасійскага конкурсу даследчых работ школьнікаў была прапанаваная праца дзесяцікласніцы з Краснаярску Таццяны Аляксандраўны Ярмольчык. Прысвечана яна нашым землякам з вёскі Мокіш бацьку і сыну Ярмольчыкам.
   Першы з іх, Кіпрыян Трафімавіч (нар. у 1871 г. – пам. перад Вялікай Айчыннай вайной), у 1907 – 1912 гг. быў дэпутатам III Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі. Прычым адзіным, абраным па сялянскай курыі ад Рэчыцкага павету Мінскай губерні, г. зн. ад сучасных Брагінскага, Лоеўскага, Нараўлянскага, Хойніцкага, ледзь не поўнасцю Калінкавіцкага і Рэчыцкага, часткі Светлагорскага і, падобна, невялічкіх частак Мазырскага ды Жлобінскага раёнаў.
    А пачалося з таго, што аднойчы "зверху” на Мікуліцкую воласць прыйшла разнарадка на пасылку двух хлопчыкаў вучыцца. Бацька аднаго, Сцяпана Кругліка, каб не пасылаць сына, як здавалася, "у невядомасць”, адкупіў яго кадоўбчыкам мёду. Малога ж Кіпрэйку на падводзе, па размытай дажджамі дарозе, павезлі набірацца ведаў. Потым, праз шмат гадоў, Кіпрыян Трафімавіч прызнаваўся: "У мяне, як у сляпога кацяняці, вочы прарэзаліся…”
    Пасля навучання К. Т. Ярмольчык атрымаў месца настаўніка пачатковых класаў у родным Мокішы. Як сведчаць нашчадкі, ён заўсёды шмат чытаў, ніколі не адмаўляў аднавяскоўцам у напісанні розных папер – скаргаў, прашэнняў, лістоў… Зразумела, што ад сялянскай працы настаўнік таксама не быў свабодны, меў дзве каровы, двое коней, конную малатарню, 10 дзесяцін зямлі**, дык і за плугам мусіў хадзіць. Але, чалавек адукаваны, ён выпісваў шмат спецыяльнай літаратуры, таму гаспадарку сваю даглядаў узорна, ахвотны быў да ўсяго новага і карыснага. Напрыклад, у ягоным двары, адзіным на ўсю вёску, гадаваліся індыкі і індакачкі. Паміж 1929 і 1933 г., ужо быўшы калгаснікам***, заклаў у Мокішы вялікі фруктовы сад ды забяспечыў яго лесаахоўнай паласой, чаго раней ніхто, акрамя паноў, не ведаў і не рабіў. І жонка Марына Сазонцеўна, родам з Астраглядаў, па-за хатнімі заняткамі ды працай ў полі, выконвала ў вёсцы і акрузе ролю своеасаблівай "хуткай дапамогі” – прыняла трыста дванаццаць родаў без адзінага выпадку смерці парадзіхі або немаўляці****.
     Наогул, гэтая сям’я Ярмольчыкаў у Мокішы ўважалася за вельмі культурную. І прычынай тут не адно вучонасць гаспадара. У адрозненне ад іншых хат, падлогі ў іх былі засланыя не даматканымі посцілкамі, а пакупнымі, хоць і простымі, дыванамі. Яшчэ ў хаце Ярмольчыкаў вісеў гадзіннік з боем – вялікая рэдкасць для тагачаснай беларускай глыбінкі, дзеля чаго суседзі часцяком заходзілі да іх не так даведацца аб дакладным часе, як лішні раз паглядзець на цуд і паслухаць бой. Да таго ж, бацькі паклапаціліся, каб усе трое з іх дзяцей атрымалі адукацыю і, як вынік, сыны Дамецій, Уладзімір сталі адпаведна інжынерам-землеўпарадкавальнікам і авіяцыйным (!) інжынерам, дачка Ларыса – настаўніцай.
     Вось жа такі чалавек і галава такой сям‘і стаў дэпутатам Дзяржаўнай Думы*****. Згодна са сваімі поглядамі, увайшоў у "працоўную групу”******. Апошняя была створана 28 красавіка 1906 г. на сходзе дэпутатаў ад сялян, рабочых і інтэлігенцыі І-й Думы. Мела друкаваны орган "Известия крестьянских депутатов”. Праграма групы прадугледжвала ўсталяванне "народаўладдзя”: стварэнне агульнанароднага зямельнага фонду шляхам ліквідацыі памешчыцкага і іншага, як бы мовіць, непрацоўнага землеўладання, усеагульнае выбарчае права, ліквідацыю саслоўяў, нацыянальных і рэлігійных абмежаванняў, прыняццё законаў аб недатыкальнасці асобы, жылля, перапіскі, свабоду слова, друку, сходаў і інш. Ідэі, як бачым, вельмі прагрэсіўныя. Але ў III-й Думе "трудовики” атрымалі ўсяго 13 (у іншых крыніцах – 14) месцаў супраць 107 (потым 97) у І-й і 104 у ІІ-й Думах, а значыць нічога змяніць у жыцці краіны не маглі і не толькі з-за супрацьдзеяння самадзяржаўнай улады…
     Дэпутацтва К. Т. Ярмольчыка ў Думе істотна паўплывала на жыццёвы шлях яго старэйшага сына Дамеція Кіпрыянавіча (1893 – 1937). Сама напярэдадні Першай сусветнай вайны Д. К. Ярмольчык паспеў скончыць гадавыя курсы землеўпарадкавальнікаў у г. Мінску. У 1914 г. прызваны на вайсковую службу, а ў 1916 г., як чалавека сярэднеадукаванага, з добрай спецыяльнасцю, яго накіравалі ў 2-ю Пецяргофскую школу прапаршчыкаў, якую ў тым жа годзе скончыў і атрымаў адпаведнае званне. Наступна ён быў пасланы на Румынскі фронт, стаў падпаручнікам. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на палкавым мітынгу быў абраны камандзірам дабраахвотнага чырвонагвардзейскага будаўнічага палка. Вярнуўшыся дадому, у 1918 г. прызначаны начальнікам міліцыі Рэчыцкага павету.
     У 1919 г. Д. К. Ярмольчык быў арыштаваны органамі УНК (ВЧК) у г. Рэчыцы па падазрэнні ва ўдзеле ў Стракапытаўскім мяцежы, але праз восем сутак вызвалены. Да 1933 г. працаваў на пасадзе землямера ў Валочыску, Люціне, Ліджыбоцы, Жмерынцы, а пасля – інжынерам-землеўпарадкавальнікам 31 дыстанцыі пуці ў г. Чарнігаве. Тут 19 кастрычніка 1937 г. яго арыштавалі зноў і ўжо ніколі не адпусцілі. У прысудзе Тройкі пры Чарнігаўскім упраўленні НКУС УССР Д. К. Ярмольчык абвінавачваўся ў правядзенні "а/с (антисоветской) агитации, направленной против колхозного строительства, выражении сочувствия врагам народа Тухачевскому и друг., восхвалении фашистского строя, дискредитации Советского Правительства”. Падчас следства арыштаванага дапытвалі пра ягонага бацьку – дэпутата ІІІ Дзяржаўнай Думы. Следчы, між іншым, быў перакананы, што ўся яна "состояла из помещиков и кулаков” і не разумеў, як мог "пройти в эту Думу крестьянин-бедняк (а ён жа, насуперак сведчанню арыштаванага сына, быў серадняком!)” Ярмольчык? Відавочна, што дэпутацтва бацькі і служба ў царскай арміі самога Д. К. Ярмольчыка былі сапраўднымі прычынамі яго арышту і наступнага расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці 28 лістапада 1937 г.
      Рэабілітаваны наш зямляк пастановай Прэзідыума Чарнігаўскага абласнога суда толькі 30 лістапада 1957 г.

Справка о реабилитации Ермольчика Д. К.

Из архивного уголовного дела на Ермольчика Д. К.

Протокол допроса Ермольчика Д. К.

Приказ о расстреле Ермольчика Д. К.

Акт о расстреле Ермольчика Д. К.

**Альбо ў 1870?
**Цікава, што надзельнай ў яго было толькі тры дзесяціны. Відавочна, астатняя была куплена.
***На адным з допытаў Д. К. Ярмольчык сведчыў: з калгаса імя Кастрычніка яго бацьку ў 1933 г. выключылі, як толькі даведаліся аб дэпутацтве ў Думе і ахвяраванні ім менавіта тады у Бабчынскую царкву Евангелля з уласным подпісам. А яшчэ раней, у 1929 г., ён, з невядомых прычын, арыштоўваўся на некалькі сутак хойніцкімі ўладамі – не то міліцыяй, не то ГПУ.
****Калі мужа абралі дэпутатам і сям’я пэўны час жыла ў Пецярбургу на вуліцы Кірачнай у доме № 30 (які захаваўся да сёння), кв. 36, Марына Сазонцеўна актыўна наведвала сястрынскія альбо фельчарскія курсы, а ўспамінаючы тыя часы неяк сказала: "Унучка мая, я цара бачыла …”

*****Зрэшты, у IV-ю Дзяржаўную Думу, пры ўсіх сваіх якасцях, ён бы не прайшоў. У "Списке землевладельцев Минской губернии 1911 г.” па Рэчыцкаму павету сустракаем толькі тых асобаў, якія валодалі 20 і болей дзесяцінамі зямлі. Яны і ўдзельнічалі ў выбарах.

******Ёсць звесткі, што К. Т. Ярмольчык уваходзіў у "Русскую национальную фракцыю"  (Боиович М. М. Члены Государственной Думы. Портреты и биографии / М. М. Боиович, – Москва, 1913)

 

Па матэрыялах Т. А. Ярмольчык падрыхтаваў С. Бельскі

 
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024