Пятница, 26.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 Адміністрацыйная прыналежнасць Хойнікшчыны ў XVI – пачатку XX ст.
     У пачатку XVI ст. Хойнікі і большая частка пазнейшага раёна належалі да Брагінскай воласці*, а немалая яго ўскраіна на паўночны захад і захад прыкладна ад лініі Куравое Небытаў – Настолле Барысаўшчына – Тульгавічы, разам з усходнімі часткамі угоддзяў названых паселішчаў, была ў складзе воласці Мазырскай Вялікага Княства Літоўскага. З "Aktu ograniczenia hrabstwa Brahińskiego", пададзенага ў 1776 г. да кніг Мазырскага гродскага суда панам Алаізіем Ракіцкім, вынікае, што ў Брагінскую воласць не ўваходіла і частка Хойнікшчыны на поўдзень ад астравоў Дронькі і Кажушкі. Да якой воласці належала яна, пакуль асобныя паселішчы не былі раздадзеныя прыватным асобам і манастырам? Пэўна ж да Беласароцкай. Ліст караля Жыгімонта Старога кіеўскаму армяніну, талмачу татарскаму Макару Івашкавічу 1516 г., пацвярджальная грамата Міхайлаўскаму (Залатаверхаму) манастыру ў Кіеве 1570 г. (апошняя удакладняе памятны запіс ігумена Макарыя 1526 г. і каралеўскую грамату 1543 г.), засведчылі тую прыналежнасць для Аравічаў, Баршчоўкі, Масаноў і Пагоннага, а ў апісанні Чарнобыльскага замка 1552 г. да Беласароцкай нядзелі Чарнобыльскага павета (да рэформы 1565 1566 гг. паветамі маглі называць звычайныя вялікія воласці) аднесеныя сёлы Масановічы, Кажушкавічы і Дронькі.  Выглядае так, што ўся тэрыторыя Хойніцкага раёна здаўна належала да Кіеўскай зямлі або княства, у 1471 г. пераўтворанага ў аднаіменнае ваяводства.
 
 
    Паводле адміністрацыйнай рэформы 1565 – 1566 гг. мяжа Кіеўскага павету вызначана наступным чынам:
    "…по Припети, Мозырскою границою до Брагиньское границы, а Брагиньскою границою до Днепра, по левои стороне пущаючи волость Речицкую, до Любеча…
   …а Словешнею доловъ ажъ до Припети, по правои стороне поветъ Киевъскии, а по левои Мозырскии, а черезъ реку Припеть, оставуючи полеве Речицу со всими границами, а поправу Брягинь со всим поветомъ Киевским ажъ до Днепра…".
    М. К. Любаўскі, на падставе гэтых звестак, меркаваў, што Брагінская воласць аднесена да Мазырскага павету. З ім пагадзіліся А. Ябланоўскі і П. Р. Кляпацкі.  Магчыма, названым даследчыкам падаўся неверагодным вялізны абшар Кіеўскага павету. Аднак, беларускі гісторык М. Ф. Спірыдонаў слушна сцвярджае, што воласць належала ўсё ж да апошняга. Запіс "Брягинь со всим поветомъ Киевским" у тым пераконвае. І ў грамаце Фенны Любецкай 1568 г. запісана, што Хойнікі, Астраглядавічы і Навасёлкі "у повете Киевскомъ лежачие…".
    Канчаткова прыналежнасць Брагінскай воласці ў XVI ст. вызначана напярэдадні Люблінскай уніі 1569 г. Указам караля Жыгімонта Аўгуста Кіеўскае ваяводства было далучана да Польскай Кароны (гл. вышэй карту з першага тому "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі" (ВГАБ), складзеную на падставе звестак М. Ф. Спірыдонава; памылка: Высокае насамрэч месцілася, як і сёння, каля Рудакова. Міхаіл Фёдаравіч, пэўна, у гэтым не сумняваўся, але выдаўцы...).
 
    Уладальнік Хойнік пан Шчасны Харлінскі, паляк з паходжання, мог сустрэць гэта не інакш, як з прыхільнасцю. Урэшце тое ж давялося прызнаць і русінам князям Вішнявецкім – уладальнікам Брагіна. А вось заходняя Хойнікшчына ў складзе Мазырскага павету, ці тое з волі самой тамтэйшай шляхты (Г. Літвін), ці пад уплывам сенатара і мазырскага старасты князя Мікалая Радзівіла Рудога (Т. Баранаўскас, У. Падалінскі), была пакінутая ў Вялікім Княстве і, выведзеная з межаў Кіеўскага, сталася часткай Мінскага ваяводства.
    Падчас размежавання Мазырскага павету ВКЛ і Кіеўскага ваяводства Кароны Польскай у 1622 г. Брагінская воласць ужо, мусіць, належала да Оўруцкага павету апошняга, няхай і не быўшага пакуль, на думку ўкраінскага гісторыка М. Р. Крыкуна, ні паўнавартым земскасудовым, ні гродскасудовым паветам. Як зазначана ў земскіх кнігах кіеўскіх (не оўруцкіх), паны камісары разам з сялом кіеўскага біскупства Кажушкавічамі залічылі да Кароны сёлы пана Мікалая Харлінскага Навасёлкі, Храпкаў, Дворышча, мястэчка і вёску Хойнікі, сяло Вялікі Бор і сёлы Брагінскай воласці за рэчкай Сычоўкай, а сяло і двор Тульгавічы, сяло Барысавічы (Барысаўшчына) адпаведна паноў Лавейкаў і Храпавіцкага, сяло і двор Загалле "з усімі вёскамі і грунтамі" пана Лозкі, сяло і двор Настолле пана Іскарастынскага, "іншыя прылегласці і грунты" аж да мяжы ўгоддзяў сяла Маканавічы князёў Жыжэмскіх, што ў Рэчыцкім павеце, – да павету Мазырскага ВКЛ** (ніжэй пададзена карта з другога тому ВГАБ для канца XVIII ст.).
   З канца XVII ст. у крыніцах згадваецца włość Chojnicka з вёскамі пераважна паўночнай часткі былой Брагінскай. Што праўда, тая "воласць", у адрозненне ад апошняй, да другой паловы XIX ст. ніколі не была адміністрацыйнай адзінкай у складзе павета. Так названы звычайны прыватны маёнтак.
 
 
   Гэткае становішча захоўвалася да другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г., калі Хойнікшчына стала часткай Рэчыцкага павету Чарнігаўскай губерні (намесніцтва), а з 1796 г. – таго ж павету Мінскай губерні Расійскай імперыі. У дарэформенны час пра падзел на воласці нічога не вядома. А пасля рэформы 1861 г. і да бальшавіцкіх эксперыментаў пачатку 1919 г. тэрыторыя раёна знаходзіліся ў межах розных валасцей Рэчыцкага павету Мінскай губерні:
Аўцюцэвіцкай (Бераснёўка, Старч);
Дзёрнавіцкай (Аравічы, Баршчоўка, Дронькі, Краснаселле, Малочкі, Масаны, Пагоннае, Радзін, Уласы, Чамкоў);
Маладушскай (Амелькаўшчына, Ізбынь, Рашаў);
Мікуліцкай (Бабчын, Варацец, Веляцін, Высокае, Губарэвічы, Звяняцкае, Каралін, Карпілаўка, Лісцвін, Мокіш, Плоскае, Пудакоў, Рудакоў, Рудыя, Чахі);
Хойніцкай (Хойнікі, Барысаўшчына, Берасцечка, Валокі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Гноеў (Віць), Дворышча, Дубровіца, Дэлістаў, Забалаць, Загалле, Загальская слабада, Казялужжа, Карчовае, Клівы, Куравое, Людзвін, Лянтарня (Чырвоная Ніва), Малішаў, Навасёлкі, Настолле, Небытаў, Паселічы, Паташня, Рудзенька, Руднае, Стралічаў, Суткоў, Храпкаў, Юзэфаў);
Юравіцкай (Азярын (у межах Глінішча), Алексічы, Багуславец (Грачыхіна), Буда, Глінішча, Засценак, Кажушкі, Каранёўка, Ламачы, Ломыш, Маклішча, Міхалёў (Нарыманаў), Кухнаўшчына, Рабец, Рудня Тульгавіцкая, Слабада Кажушкаўская, Слабада Княжыца (Слабажанка), Тульгавічы, Тунеўшчына, Хвойнае).
   Далейшае вывучэнне тэмы адміністрацыйнай прыналежнасці Хойнікшчыны, магчыма, дазволіць узнавіць больш дакладную яе карціну, а нават і скласці адпаведныя карты.

    *Супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі А. Б. Доўнар у прыватнай перапісцы (жнівень 2010 г.) у тым сумняваўся, дапускаючы, што ў згаданыя часы Хойнікі маглі не ўваходзіць у Брагінскую воласць, а быць асобным уладаннем. Ці слушна гэта? Тагачасныя Хойнікі – паселішча ў даволі глухім месцы, таму не прыцягнулі б увагу самі па сабе ні караля з дарадцамі, ні шляхціча-чалабітніка, каб адбылося іх яму падараванне. Нездарма ўва ўсіх дакументах яны выступаюць не асобна, а разам з Астраглядавічамі, ды і маёнтак часта называны не Хойніцкім, – Астраглядавіцкім. Але паміж Хойнікамі і Астраглядавічамі знаходзілася брагінскае сяло Лісцвін…
    П
эўна і тое, што ад пачатку воласці ў ВКЛ былі адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе ваяводстваў і паветаў, а таму мусілі мець суцэльныя тэрыторыі ды агульныя (няхай сабе і няпэўна вызначаныя) адна з адной межы. Вось жа даўняя Брагінская воласць не магла быць тэрытарыяльна разарваная Астраглядавічамі, і не якісьці прыватны Хойніцкі маёнтак (такога яшчэ не было), а яна межавала з поўначы і захаду з валасцямі Рэчыцкай, Мазырскай і Беласароцкай (або спачатку з Чарнобыльскай).
     **Сітуацыя, бадай, унікальная: тэрыторыя сённяшняга г. Хойнікі ў раёне вул. Настольскай і канца вул. Пралетарскай, якая пачынаецца паблізу яго гістарычнага цэнтра "на Замку", да 1569 г. была часткай Мазырскага павету, тады як самыя тагачасныя Хойнікі належалі да павету Кіеўскага, пасля ж абедзьве паловы апынуліся яшчэ і ў розных ваяводствах – Мінскім і Кіеўскім, ды ў розных частках федэратыўнай дзяржавы – адпаведна ў ВКЛ і ў Кароне.

С. Бельскі

Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. (1506 – 1544). С.-Петербург, 1848
Акты, относящиеся к Южной и Западной России. Т. 1 (1361 – 1598). С.-Петербург, 1863; Т. 12 (1675 – 1676). 1882
Архив Юго-Западной России. Киев, 1868. Ч. 3. Т. 2; 1871. Ч. 1. Т. 4; 1886. Ч.7. Т. 1; 1910. Ч. 2. Т. 3; 1911. Ч. 8. Т.6

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024