Четверг, 25.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
З мінулага папрыпяцкіх вёсак 
(лістапад 2008 г.)
     Аб некаторых сёлах нашага рэгіёна першыя пісьмовыя звесткі больш інфарматыўныя, чым тыя, што маюць дачыненне да Хойнік. Яно і нядзіўна. Людзі ахвотней асядалі не ў забалочаных мясцінах, а там, дзе зручней весці земляробчую гаспадарку – на берагах паўнаводных Прыпяці, Дняпра і прытокаў. Гэтыя населеныя пункты раней узнікалі, хутчэй траплялі да розных уладальнікаў, а інфармацыя пра іх – у гістарычныя крыніцы.
     У артыкуле "Зніклыя паселішчы, зніклыя назвы” задавалася пытанне: калі тульгавічанам адзначаць 500-годдзе сваёй вёскі – у 2008 ці ў 2011 годзе? Аднак, святкаваць юбілей ужо позна. З аднаго боку, гэта прыкра, але ўрэшце і добра, бо дзякуючы гісторыкам XIX ст. і нам стаў вядомы каралеўскі ліст яшчэ ад 24 мая 1506 г. Тэкст самай ранняй на сёння згадкі пра населены пункт Хойніцкага раёна мусім прывесці на мове арыгінала:
      Александръ божю милостью корол полский
    Воеводе киевскому князю Ивану Львовичу Глинъскому. Бил намъ чоломъ дворенинъ нашъ князь Василей Мунча и поведил перед нами, штож отчину его неприятел нашъ великий князь Московский забрал и посел, и не мает ся на чомъ поживити. И онъ просил в насъ села в Мозырскомъ повете на имя Тулеговичов [Тулеговичъ], а поведал нам, штож с того села дани грошовое и медовое и бобровъ и куницъ всего того – десят копъ* грошей нам даивали. Ино и твоя милость о томъ намъ поведил, ижъ тая речь такъ есть, какъ он намъ поведал. Ино мы з ласки нашое за его к нам верную службу тое село Тулеговичи со всим с тым ему дали, какъ на насъ держано, и твоя бы милость ему в то увязанье далъ…(Акты Литовско-Русского государства. Вып 1. Т. 2. (13901529)./Сост. М. Довнар-Запольский. Москва, 1897. С. 119 – 120).
    Праз два гады былы верны слуга караля далучыўся да мяцяжу князя Міхала Глінскага, а пацярпеўшы паражэнне, уцёк у Маскву. Тульгавічы аддадзены былі гаспадарскаму дзяку Васку Пятровічу. Як вынікае з апісання Мазырскага замка 1552 г., ужо ў 1512 г. імі ў якасці выслугі валодалі навагрудскія зямяне Заройскія, якія напярэдадні складання дакумента прадалі сяло з пятнаццаццю чалавекамі пану Герасіму Калантаю (АрхивЮЗР. Ч. VII. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России.  Киев, 1886. С. 644). 
 
 
      У хойніцкай кнізе "Памяць” пададзена інфармацыя, паводле якой у 1570 – 1580 гг. папрыпяцкія вёскі Аравічы, Баршчоўка, Масаны належалі Міхайлаўскаму (Залатаверхаму) манастыру ў Кіеве. Маем пра тыя паселішчы і больш раннія звесткі. У памятным запісе 1526 г. ігумена Макарыя сказана, што на карысць згаданага манастыра "зъ Масановича земле две ведре меду идетъ**, а каля "Борщовки поле Михаиловское звечное”. Да таго ж ігумен "купилъ есми у Марка (усё ж: Макара) Орменина Киевского две службе, у-въ Оревицкои волости*** Лысковщину а Погоны, дани идетъ: чотыри кади меду, а осмьдесятъ грошеи серебра, бочка рыбы; а далъ есми за тое 5 копъ грошеи и сорокъ копъ грошеи Литовское личбы” (Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. (1506 – 1544). С.-Петербург, 1848. С. 167 – 168). Аднак, у 1543 г. кароль Жыгімонт I Стары выдаў грамату, у якой чытаем: "Били намъ чоломъ игуменъ Филаретъ зо всими чернцы манастыря святого Михаила Золотоверхого, у Киеве, и поведили передъ нами, ижъ которыи две службе людеи, на Припяти, у Воревичохъ, на имя Лысковщину и Погонную купилъ игуменъ святого Михаила небожчикъ Макареи за сто копъ грошеи Литовское монеты у толмача [перакладчыка] нашого Макара Орменина… ”. Навошта зноў білі чалом, калі службы і так належалі манастыру? Справа ў тым, што праз нейкі час пасля набыцця прывілей на ўладанне і прадажныя лісты ваявода кіеўскі Андрэй Неміровіч "до скарбу своего взялъ”, а прызначаны пазней ігумен Падапрысвет "мешкавши съ полгода у манастыри, и утекъ прочь, и великие шкоды церкви Божьи починилъ, и тыи листы зъ собою побралъ, або ихъ неведомо где поделъ”. Але дзякуючы сведчанню спраўцы ваяводства Кіеўскага Андрэя Сангушкавіча і кіеўскіх зямян, неаднаразова бачыўшых арыгіналы дакументаў, кароль пацвердзіў манастыру яго права на валоданне Лыскаўшчынай і Пагонным (Тамсама. С. 394 – 396).
 
 
    Прыведзеныя ўрыўкі дазваляюць спыніць дыскусію аб пачатковай форме назваў вёсак Аравічы і Пагоннае¹. Паставіць на пісьме ажно дзве запар галосныя літары, каб паведаміць, што службы знаходзіліся ў Аравіцкай "воласці”, аўтару запіса 1526 г. было не менш цяжка, чым жыхару вёскі, беларусу, тое ж самае вымавіць. Так з’явілася паміж галоснымі "въ”. А ў грамаце 1543 г. пісар злучыў яго з назваю. Наўрад ці нашыя Аравічы ён пераблытаў з украінскім сялом Варовічы (Варэвічы) ў Оўруцкай воласці, апошнія бо – далекавата ад Прыпяці.
    Тое, што Пагоннае спачатку іменавалі Пагонамі****, здымае пытанне аб паходжанні назвы: як і меркавалася, не ад "гоні”, але  ад "пагона”. Потым, як мы бачылі, згадана служба Пагонная. Магчыма, адразу тут стаялі пагоны бацькі і аднаго ці двух сыноў, бо ў першай палове XVI ст. службу, г. зн. адзінку абкладання павіннасцямі сялян-даннікаў, складалі 2-3 дымы. А маглі жыць і чужыя між сабой людзі. З цягам часу служба вырасла ў сяло Пагоннае. Такім чынам, адпаведная забудова не абавязкова была звязана з правядзеннем "валочнай памеры” (гл.: ЛС. 25. XI . 2006), існавала і раней, у тым ліку, у маладворных паселішчах, якія не мелі вуліц. Але выглядае так, што яна рабілася ўзорам для новых пасяленцаў.
     На заканчэнне заўважым, што востраў Кажушкі згаданы яшчэ пад 1512 годам у "Акце абмежавання Брагінскай воласці"*****, сяло Кажушкаўцы або Кажушкавічы – пад 1552 г. у апісанні Чарнобыльскага замку, а сярод вёсак Папрыпяцця, якія ў 1581 (магчыма, яшчэ ў 1563) і 1628 г. належалі Пячэрскаму і Свята-Мікалаеўскаму (Пустынскаму) манастырам у Кіеве, А. Ябланоўскі назваў Аравічы, Радзін (Radyn, Rudyn) у першым выпадку, Дронькі (Drony, Drunki)***** – у другім.
 
*Капа раўнялася 60 грошам.
**Тут гаворка не пра сяло, а пра чалавека Масановіча; у апісанні Чарнобыльскага замка 1552 г. (АрхивЮЗР. С. 558) ужо ў множным ліку – Масановічы; у крыніцы 1569 г., паводле А. Ябланоўскага, – Масаны, якія тады і ў 1628 г. належалі панам Радзімінскім.
***Воласць то была не Аравіцкая, а Беласароцкая; мелася на ўвазе, што службы – паблізу больш вядомых тады Аравічаў. Цікава, у другой палове XIX ст. цэнтр гэтай воласці (Дзёрнавічы) – таксама на Нараўляншчыне.
****Паводле формы аднатыпны з Пагонамі і тапонім Валокі. Вёска ўзнікла там, дзе былі намераны валокі зямлі, а не пралягаў, як на думку некаторых мясцовых жыхароў, нейкі волак. Адкуль і куды той волак – навокал адны балоты і лес! І чаму назва выступае назоўнікам множнага ліку? Гэта яшчэ раз пацвярджае старую ісціну: пры вывучэнні гісторыі карыстацца фальклорнымі звесткамі  трэба вельмі асцярожна.  
*****Раней, у 1512 г. – востраў Дронкі (НГАБ. Ф. 1728. Воп. 1. Спр. 19. А. 1049 адв.).                                                                                                         
¹Высветлілася, што аб назве Пагоннага дыскусію спыняць зарана; гл.: Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 9 (1511–1518). Vilnius: Žara, 2002 [2004]. № 204, а таксама дадатковы да першага артыкула матэрыял "Куфэрак...”.
С. Бельскі
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024