Станіслаў Залэнскі (Załęski) (11. 9. 1843, Кракаў – 23. 8. 1908), польскі гісторык. У 1857 уступіў у ордэн езуітаў. Вывучаў філасофію ў калегіуме Старой Весі (1861 – 64) i тэалогію ў калегіуме Кракава (1867 – 69). Прафесар польскай літаратуры (з 1864) і лацінскай мовы (з 1869) у Цярнопальскім калегіуме. У 1871 – 74 i 1876 – 79 прапаведнік і супрацоўнік часопіса "Przegląd Lwowski". У 1875 – 76 праводзіў даследаванні ў архівах Францыі. У 1879 – 81 прафесар літаратуры і гісторыі Польшчы калегіума ў Цярнопалі. З 1881 прапаведнік у Кракаве, супрацоўнічаў з часопісамі "Misji Katolickе" i "Przegląd Powszechny". У 1885 – 92 суперыёр езуіцкага калегіума св. Барбары ў Кракаве, у 1893 – 95 – калегіума ў Новым Сончы. У 1894 – 95 даследаваў архівы ў Рыме. Пасля жыў у Новым Сончы, у 1899 – 1902 суперыёр калегіума ў Львове, пасля зноў у Новым Сончы. Аўтар шматлікіх прац па гісторыі езуітаў у Рэчы Паспалітай. Галоўная праца – “Езуіты ў Польшчы” ("Jezuici w Polsce", т. 1 – 5, Кракаў, 1900 – 06), утрымлівае багаты архіўны матэрыял па гісторыі ордэна езуітаў у ВКЛ, іх касцёлах і калегіумах у Полацку, Нясвіжы, Менску, Гародне, Пінску, Берасці, Юравічах і інш.