Пятница, 26.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                               Гайдамакі ў нашых краях
    Цюркскае слова "haydamak" утрымлівае значэнні "нападаць", "рабаўнік", "угоншчык". У XVIII ст. на Украіне і Беларусі так называлі ўдзельнікаў узброеных атрадаў, што налічвалі ад некалькіх чалавек да тысячы і нападалі на панскія маёнткі, лацінскія касцёлы і кляштары, уніяцкія цэрквы і манастыры, на яўрэяў і на заможных жыхароў мястэчак незалежна ад канфесійнай прыналежнасці. Зачынальніцай руху гайдамакаў была запарожская казацкая бедната (галота), з асяроддзя якой звычайна выходзілі кіраўнікі – атаманы і ватажкі. Потым ужо да яе далучаліся сяляне і парабкі.
    Гісторыкі канстатуюць бясспрэчна антыфеадальны характар Калііўшчыны (1768 г.) – найбуйнейшага паўстання за ўсю гісторыю гайдамацкага руху; бяруць пад увагу сацыяльны склад самых згуртаванняў і тое, што дзеянні гайдамакаў нярэдка падштурхоўвалі да ўзброеных выступленняў сялян, у тым ліку суседніх рэгіёнаў, як гэта здарылася ў 1754 – 1756 гг. на Каменшчыне Мазырскага павету – уладанні віленскага капітула; што пры магчымасці гайдамакі знішчалі дакументы з зафіксаванымі ў іх сялянскімі павіннасцямі і правамі на шляхецкую або царкоўную ўласнасць, як адбылося ў выпадку з Юравіцкай езуіцкай рэзідэнцыяй у 1748 г., калі былі спаленыя таксама паперы падпарадкаванай ёй Мазырскай місіі. Усё так і гэта нібы дазваляе ўвесь стыхійны рух назваць антыфеадальным.
   Але гайдамаччына працягвалася некалькі дзесяцігоддзяў і выглядае занадта разнароднай, каб яе можна было кваліфікаваць агулам. У пераважнай жа большасці гэта былі не звязаныя між сабой дробныя выступленні, якія мелі за мэту хіба адно – рабаўніцтва. Да прыкладу, – напады гайдамакаў у
1750 г. на вёскі, што знаходзіліся "за некалькі міль ад Лоева" і належалі ротмістру ашмянскаму Францішку Антонію Ракіцкаму, у 1751 г. на Нароўлю маршалка мазырскага Рафала Алаізія Аскеркі, Брагін таго ж Ракіцкага і Бабічы (на карце Бабіца – будучы Барбароў) харунжага мазырскага Багуслава Леапольда Аскеркі. Прынамсі, у першых двух выпадках рабаўніцтва суправаджалася забойствамі. Як раз падобныя гайдамацкія ватагі, разам з узброенымі атрадамі мясцовых сялян, паны Халецкія выкарыстоўвалі ў барацьбе супраць… князя А. Радзівіла за валоданне маёнткамі Хальч (Веткаўшчына) і Жлобін. Якая ўжо там "антыфеадальная" накіраванасць! Заходзілі гайдамакі-рабаўнікі і на Хойнікшчыну. У наваколлі адселенай вёскі Тульгавічы калісьці было вядомае ўрочышча Гайдамацкая горка.
    Яшчэ, дзеля ілюстрацыі, можна прывесці ўрывак з паказанняў арыштанта Івана Падалякі ў Кіеўскім гродскім судзе ад 20 кастрычніка
1750 г.: "… гайдамакі, з паміж сябе абраўшы мяне, Івана Падаляку, за ватажку, ішлі каля Яснагародкі [належала князям Шуйскім, родзічам дзедзічаў Хойнік і Астраглядаў] аж да Дняпра.., насупраць Любеча выйшлі на бераг Польскага панства і там у лесе селяніна здыбалі [г. зн. злавілі], які вязаў дранку, на імя Сцяпан, з сяла якогась ксяндзоў цыстэрцыянцаў Кімбараўскіх, каторае сяло гадоў таму сем як зрабавалі сяляне з Любеча; той Сцяпан узяўся дабраахвотна правесці гайдамакаў на Брагін; ідучы да Брагіня каля млыноў, што завуцца Гарадзішчам, здыбалі аднаго чалавека, з імя і прозвішча невядомага, які таксама ўзяўся дабраахвотна праводзіць, і пайшлі да Брагіня; у Брагіню ўначы зрабавалі двух яўрэяў: сукмані [вопратку], маніста, серабро і грошы забралі; кожнаму гайдамаку ў цвёрдай манеце дасталася па дзесятку рублёў, а ў дробнай манеце маскоўскай – па пяць рублёў і шэсць грывень; тую дробную манету ўсюаддалі правадніку Сцяпану, а шэлягі – другому і таго адправілі; той жа Сцяпан з Брагіня  праводзіў  іх да дому свайго бацькі  і, там накарміўшы, у бацькі пакінуў грошы, а сам павёў іх да сваіх паноў, да Кімбараўкі [сёння ў межах Мазыра], але калі паведаміў ім, што ў ваколіцах Кімбараўкі няма вялікіх лясоў, то вярнуліся і ўдаліся да Масаноў; там у яго міласці [гэта выраз судовага пісара, а не гайдамака; яго патрабаваў тагачасны этыкет] пана Грузевіча* ўзялі рублёў шэсць і яго самога, з якім пайшлі да ракі Прыпяці і, пераправіўшыся, прыйшлі да Старых Шэпелічаў; там узялі чалавека Пятра і яўрэя, а Сцяпана і пана Грузевіча перад Прыпяццю адправілі; з тым Пятром пайшлі да Рудак [у дакументах 1683 і 1688 г. названыя разам з вв. Малочкі і Пагоннае], там узялі Вакулу; з тымі трыма дабраахвотнымі праваднікамі ішлі да Хабнага; недаходзячы яго нагнаў іх верхам на кабыле Пракоп, брат Вакулы, просячы, абы Вакулу адпусцілі, а яго ў гайдамакі прынялі; Вакула, аднак, пайсці не захацеў, але, прыйшоўшы пад Хабненскі мост, дзе Вакула і Пятро ўпарта патрабавалі ісці да места дзеля здабычы, я, ватажка, на трэці раз ледзьве здолеў іх прагнаць; Пракоп жа быў на зрабаванні Хабнага і далей з імі пайшоў…" [Архив Юго-Западной России. Киев, 1876. Ч. 3. Т. 3. Акты о гайдамаках (1700 – 1768 гг). С. 529 – 530].
   Зразумела, што ў Рэчы Паспалітай уся шляхта наогул, а асабліва ўрадоўцы дзяржаўнага і павятовага ўзроўняў ставіліся да гайдамакаў, як да "валацугаў і гультаёў", звычайна прымалі меры дзеля іх арышту і пакарання. Напрыклад, 20 верасня 1750 г. у Оўруцкі гродскі суд асабіста з’явіўся возны генерал Кіеўскага ваяводства пан Андрэй Святкоўскі. Ён паведаміў, што 14 жніўня т. г., у адказ на занепакоенасць прывялебнага ў Богу ксяндза Габрыэля Касцюшкі, прыёра канвенту Кімбараўскага, у кампаніі годных даверу людзей, паноў Дамініка Пухоўскага і Яна Арлоўскага, быў у Хойніцкім замку ў мясцовага губернатара [тут: кіраўніка ключа] пана Мікалая Страчынскага. Дык вось у Хойніках вознаму пашанцавала і ён здолеў арыштаваць краснасельскіх падданых М. Страчынскага сялян Саўку Лутчанку, Лук’яна Кананенку, Ігната, войтавага сына, Селівона, Іванавага ўнука, Цімоха і Івана Панчанкаў і "іншых", а таксама Кулешыка, слугу пана Загароўскага. Іх абвінавачвалі ў гайдамацтве; менавіта – у нападзенні на Малочкі і ў зрабаванні мясцовага яўрэя-арандатара Бені Ізраэлевіча, у якога забралі 20 тыс. грывень польскіх. Прычым, атаманам гайдамакаў з Краснаселля быў вышэйпамянёны Кулешык. М. Страчынскі, ад імя паноў сваіх [верагодна, князёў Шуйскіх] арышт падданых "прыхільна прыняўшы.., ad decisionem causae (да заканчэння судовай справы) затрымаць паабяцаў…" [Тамсама. С. 511 – 512].
   Упэўнена можна сцвярджаць, што ў часы адноснага спакою не падтрымлівалі гайдамакаў і добрапрыстойныя жыхары сёл і мястэчак. 31 чэрвеня 1750 г. ад імя пана Мацея Дзядовіча-Трыпольскага, падсудка земскага кіеўскага, у Оўруцкі суд звярнуўся пан Станіслаў Васілкоўскі, прысяжны субдэлегат гродскі кіеўскі, які абвінаваціў губернатара Оўруцкага староства пана Станіслава Быстрыцкага ў тым, што ён адмовіўся прыняць у турму гайдамака Астапа Луцкага і не загадаў выканаць над ім смяротны прысуд. Апошні быў złapany (схоплены) ў мястэчку Хойнікі і не адміністратар, а менавіта грамада Хойніцкага ключа асудзіла яго "на горла". Рашэнне было прызнана слушным, бо як заявіў субдэлегат, следствам высветлена, што А. Луцкі на працягу ажно шасці гадоў "у гультайскіх эксцэсах жыццё праводзіў" [Тамсама. С. 464 – 466]. Чым можна растлумачыць пазіцыю С. Быстрыцкага? Магчыма, бояззю пацярпець ад гайдамацкай помсты. Асабліва, калі яго двор знаходзіўся па-за межамі павятовага Оўруча. Раней бывала, што сёй-той з мясцовых шляхцічаў, а нават і урадоўцаў падтрымліваў сувязі з казацкімі атаманамі і выдаваў ім рашэнні шляхецкіх сходаў [напрыклад, падольскі чашнік Шумлянскі – палкоўніку Сямёну Палію ў 1702 г. Гл.: АЮЗР. Киев, 1868. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679 – 1716 гг). С. 436 – 440]. Усё, каб выратаваць свой маёнтак ад разрабавання!
    Гайдамаччына – не інакш тое, у што вырадзіўся казацкі рух на Украіне да сярэдзіны XVIII ст. Менавіта казацкі, бо і вышэйзгаданая Калііўшчына, стыхія якой ахапіла Кіеўскае ваяводства, Брацлаўшчыну, Падолію, Валынь, сярод удзельнікаў якой абсалютна пераважалі сяляне, ніколі не набыла б такога размаху без казакоў. Нагадаем: у 1709 г. расійскі ўрад, за ўдзел запарожцаў у паўстанні пад кіраўніцтвам К. Булавіна і за дапамогу шведам у кульмінацыйны перыяд Паўночнай вайны, скасаваў Запарожскую Сеч. І хоць у 1734 г. была створана гэтак званая Новая Сеч, казацкі рух няўхільна працягваў дэградаваць. У шматлікіх выпадках, з пункту гледжання якой бы эпохі і ідэалогіі ні ацэньваць характар апошняга, яго праявы падаюцца ўжо звычайным бандытызмам. Выступленні гайдамакаў былі падаўленыя войскамі Расіі і Рэчы Паспалітай і спыніліся назаўсёды толькі пасля канчатковай ліквідацыі Запарожскай Сечы ў 1775 г.

* Пра Грузевіча, уладальніка Масаноў і Баршчоўкі, ёсць звестка яшчэ ад 1683 г., а жыхары Масаноў і Паташні з такім прозвішчам названыя ў хойніцкай кнізе “Памяць”.

С. Бельскі 

 

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024