Среда, 24.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

   Зянон Пяткевіч (польск.: Zenon Pietkiewicz; 27 мая 1862, фальварак Прушын (сучасная Хойнікшчына; фрагмент карты якраз часу нараджэння гл. ніжэй), Рэчыцкі павет – 3 ліпеня 1932, Варшава) – польскі пісьменнік, публіцыст, этнограф. Брат Чэслава Пяткевіча.
   Сын Генрыка Пяткевіча і Паўліны Кшыжаноўскай. Вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, апякаў яго дзядзька – Антоні Пяткевіч (пісьменнік Адам Плуг). Спачатку паступіў на факультэт матэматыкі і прыродазнаўчых навук, але скончыў курс на юрыдычным факультэце. З 1885 года працаваў у “Газеце Радамскай”.
  У 1887 – 1912 гадах супрацоўнічаў з газетай “Prawda”, дзе вёў калонку аб правінцыйным жыцці пад назвай “На гарызонце”. Там ім быў надрукаваны крытычны артыкул “Янка Купала. Адвечная песня”, дзе сцвярджалася, што беларускай літаратуры няма і што Купала – “інтэлігент, які пераапранаецца ў пастуховую скуру”. Пасля рэзкага водгуку на рэцэнзію З. Пяткевіча ў “Нашай ніве” апошні даслаў у рэдакцыю “Нашай нівы” ліст, у якім (на беларускай мове!) пісаў, што яго няслушна зразумелі: “Калі я сказаў, што няма яшчэ беларускай літаратуры, то значыць, што няма яе мінуўшчыны, але я веру ў будучыню жывога народу. Беларуская літаратура яшчэ творыцца, расце з гэтага народу”.
  У 1889 – 1893 гадах пісаў для “Штоднёвага аглядальніка”. В 1891 – 1897 гадах выдаваў штомесячны часопіс “Бібліятэка Варшаўска”. У 1900 годзе рэдактар варшаўскага часопіса “Эканаміст”.
    Удзейнічаў у сацыялістычным руху як сябра польскай сацыялістычнай партыі “Пралетарыят”. Пасяліўшыся ў Лодзі, працаваў дырэктарам Таварыства заахвочвання сацыяльнай работы, актыўна адначасова сапрацоўнічаў з “Кур'ерам Варшаўскім”. З 1913 года супрацоўнік варшаўскага часопіса “Залаты Рог”.
    Пахаваны на Старых Павонзках ў Варшаве.


Творы
Drogi wodne w Królestwie Polskiem i ich znaczenie gospodarcze [Text] / Zenon Pietkiewicz. –Warszawa: Nakł. Tow-wa warszawskiego akc. handlu i żglugi, 1914. – 60 с.
Zrzeszenia wiejskie – dźwignia kultury i dobrobytu ludności wiejskiej [Text]: spółki, związki i kółka roln. / Zenon Pietkiewicz. – Warszawa : [s. n.], 1907.
«Ogniwa» [Text]: myśli o naszej teraźniejszości / Zenon Pietkiewicz. – Варшава: Тип. Ф. Богуцкого, 1914. ― 187, [2] с.
Wykształcenie fachowe w życiu ekonomicznem [Text] / Zenon Pietkiewicz. – Warszawa : [s. n.], 1892* Odb. z «Bibl. warsz.». Szkice społeczne [Text] / Zenon Pietkiewicz. – Warszawa : [s. n.], 1898
Sachalin [Text] / Vlas Mihajlovič Doroševič; W. Doroszewicz; Przeł. z ros. Zenon Pietkiewicz. – Warszawa : [s. n.], 1899.
Siły i środki ludu naszego [Text] : zarys warunków ekonomicznych ludności włościańskiej w Królestwie Polskim / Zenon Pietkiewicz. – Warszawa : [s. n.], 1905. – 262 с.
Stan przemysłu w Królestwie polskiem wedlug danych z. r. 1910 zawartych w VIII roczniku przemysłu i handlu Królestwa polskiego [Text] / Zenon Pietkiewicz. – Варшава: Тип. Богуславскаго, 1912.
Pietkiewicz Z. Lud Polesia Litewskiego // Tygodnik Powszechny. 1884. № 22. S. 346 – 347; № 23. S. 360 – 362; 1885. № 1. S. 10 – 12; № 3. S. 42 – 43; № 4. S. 58 – 59; № 5. S. 76 – 77; № 6. S. 91 – 92; № 7. № S. 108 – 109; № 8. S. 118 – 119; № 10. S. 151, 154; № 11. S. 171 – 172; № 12. S. 186 – 187.
Зянона Пяткевіча, які правёў дзяцінства ў беларускай глыбінцы, займала матэрыяльная культура беларусаў. Ён неаднаразова звяртаўся да беларускай тэмы, так з'явіліся працы «Аб Палессі» (1882), «Народ Літоўскага Палесся» (1883 – 1885) і інш.
Літаратура
Andrzej Kempa. Sylwetki łódzkich dziennikarzy i publicystów // Oficyna Bibliofilów, Łódź 1991, s. 32
Polski Słownik Biograficzny, t. 26 (W. Rukóyżo)
Słownik dziennikarzy polskich 1661 – 1945. Pod redakcją Wacława Zuchniewicza. – Warszawa., Prasa Polska, 1983
Адам Мальдзіс. Адам Плуг // Падарожжа ў XIX ст. – Мн., 1969
Літвіновіч А. Палешукі і іх традыцыйная культура ў публікацыях З. Пяткевіча // Духоўная культура Палесся. Матэрыялы канф. Гомель, 1996.

Наша Ніва. 16 верасьня 1910 г. № 38

 

Наша Ніва. 11 лістапада 1910 г. № 46

 

          Анатоль Літвіновіч
                                                         УСХОДНЯЕ ПАЛЕССЕ Ў ПРАЦАХ З. ПЯТКЕВІЧА
    Усходняе Палессе з даўніх часоў выклікала цікавасць у гісторыкаў, этнографаў, фалькларыстаў, мовазнаўцаў і іншых спецыялістаў. Сярод яго даследчыкаў асабліва выдзяляюцца этнографы і фалькларысты браты Чэслаў і Зянон Пяткевічы, большая частка навуковай спадчыны якіх прысвечана рэчыцкаму палессю – рэгіёну, дзе яны нарадзіліся і пэўны час жылі. Але калі пра Чэслава Пяткевіча і яго творчасць мы цяпер ужо шмат ведаем, дзякуючы выхаду ў свет кнігі Рэчыцкае Палессе [2], то пра Зянона Пяткевіча мала хто чуў не толькі сярод паспалітых чытачоў, але нават і спецыялістаў.
    Творчая спадчына Зянона Пяткевіча слаба даследавана сучаснымі фалькларыстамі і этнографамі. Паколькі шматлікія творы гэтага даследчыка былі надрукаваныя ў польскіх выданнях, то па аб’ектыўных прычынах для нас яны цяпер недаступныя (напрыклад, выдання “Gazeta Polska” за 1884 – 1885 гг. у бібліятэках Беларусі няма). Упершыню сярод беларускіх даследчыкаў пра жыццёвы і творчы шлях З. Пяткевіча было згадана ў нашым артыкуле “Палешукі і іх традыцыйная культура ўпублікацыях З. Пяткевіча” [1], у якім мы таксама ў пэўнай меры ахарактарызавалі важнейшую яго працу “Народ літоўскага Палесся”.
   Аднак усіх аспектаў (фізіка-геаграфічная, кліматычная, моўная, этнаграфічная і іншыя характарыстыкі Палескага краю) аналізу яго навуковай творчасці па шэрагу прычын (абмежаваная колькасць старонак і інш.) мы не закранулі, і таму наш сённяшні зварот да артыкулаў даследчыка заканамерны.
    Нарадзіўся Зянон Пяткевіч у 1862 г. у фальварку Прушын Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 60 80-я гг. ХІХ ст. ён працаваў у перыядычным выданні Prawda(Праўда). Сярод прац З. Пяткевіча найбольшую цікавасць выклікаюць дзве: «Народ літоўскага Палесся», надрукаваная ў часопісе TygodnikPowszechny (Усеагульны тыднёвік) за 1884 – 1885 гг. і Палессе ў эканамічных, маральных, этнаграфічных, тапаграфічных і іншых адносінах(1884 1885), апублікаваная на старонках Gazety Polskiej (Польскай газеты).
   У першай публікацыі аўтар параўноўвае беларусаў Усходняга Палесся і ўкраінцаў [3, 362], дае магчымасць лепш пазнаёміцца не толькі са станоўчымі, але і з адмоўнымі якасцямі і рысамі характару жыхароў дзвюх частак Усходняй Славіі.
   У пачатку артыкула “Народ літоўскага Палесся” даследчык спыняеццана геаграфічных і прыродна-кліматычных асаблівасцях Палесся, вызначаеяго тэрытарыяльныя арыенціры. Беларускае Палессе З. Пяткевіч называелітоўскім, украінскае – валынскім. Даўнейшыя межы Палесся, зазначаецца тут, былі куды больш шырокія, чым пры жыцці аўтара публікацыі. У літоўскае Палессе ўваходзяць наступныя паветы: Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі, Бабруйскі, частка Ігуменскага і Слуцкага Мінскай губерні, а таксама частка Кобрынскага, Пружанскага і Слонімскага Гарадзенскай губерні. Такім чынам, беларускае Палессе ён называе Літоўскім. Безумоўна, на гэта ёсць свае прычыны. Спасылаючыся на польскага пісьменніка І. Крашэўскага, З. Пяткевіч прыводзіць фрагмент з яго кнігі “Успаміны Валыні, Палесся і Літвы” (1840): “Піншчына сама называлася літоўскім Палессем” [1*] [3,346], г. зн. пінчукі настолькі звыкліся, зжыліся з найменнем Літва, ліцвіны, што нават самі сябе пачалі называць ліцвінамі.
   Можна згадзіцца з думкай З. Пяткевіча, што рознага кшталту змяненні найбольш закранулі літоўскае Палессе. Гэта і не дзіўна, бо яго абшары у ХІХ ст.найбольш падпалі пад эканамічныя ператварэнні: тут актыўна пачалі будавацца чыгуначныя шляхі, дарогі, праводзіцца асушэнне балот і інш. У тых ці іншых частках гэтага рэгіёна Беларусі, як правільна зазначае даследчык, насельніцтва адрознівалася ў гістарычных, этнаграфічных і іншых адносінах. Ён ахарактарызаваў важнейшыя моўныя (лексічныя, граматычныя, фанетычныя) асаблівасці палескіх і, верагодна, часткова непалескіх гаворак.
  Закранаючы песні палешукоў, аўтар адзначае, што арыгінальныя песні дакладна малююць характар палескага люду: яны кранальныя, плачлівыя, хаця і манатонныя. Палешукі ведаюць і вясёлыя творы, якія, аднак, удаецца чуць радзей. І тут жа падае вядомую на Беларусі песню Было ў бацькі тры сыны. Шмат песень у насельнікаў Палесся, поўных досціпу, якім уласцівы глыбокі роздум аб долі селяніна. Даволі яскрава лакальныя асаблівасці выяўляюцца ў песні Гдзе ты едзеш, мой каханы?:
   – Гдзе ты едзеш, мой каханы?
   – На ярмарэк до Пружаны.
   – А што везеш, мой каханы?
   – Вязу жонку до праданя.
   – Чалавечэ дурнаваты,
   Нашто жонку прадаваты?
   – Ой, сам Бог відзіць з неба,
    На падатак грошэй трэба! [*2] [2, 346].
    Больш разнастайную мелодыю, на яго думку, маюць песні, якія спяваюцца мужчынамі. Песні ж, якія выконваюць жанчыны, вылучаюцца большай аднастайнасцю. Прадстаўніцы прыгожага полу спяваюць нярэдка мноства песень на адну і ў дадатак плачлівую і манатонную мелодыю. Даследчык змяшчае тры песні, спетыя жанчынамі на адну і тую ж мелодыю. Гэта наступныя: “Ты каліна, каліначка”, “Пайду кала лугу”, “Дарогаю шырокаю”.
     З. Пяткевіч указвае на шэраг станоўчых якасцей і рыс характару палешукоў, напрыклад здольнасць да паэзіі і музыкі. Фантазія ў палешукоў развіваецца з маладых гадоў. Асабліва развітым паэтычным уяўленнем вылучаюцца дзяўчаты. Садзейнічаюць гэтаму зімовыя вячоркі. Там пры лучніку праводзяць хлопцы і дзяўчаты доўгія вечары, расказваючы ўсялякія апавяданні, небыліцы і паданні. У мясцовых насельнікаў можна таксама заўважыць здатнасць да ігры на скрыпцы. З. Пяткевіч прыводзіць характэрны прыклад. Адзін селянін, маючы агрубелыя ад працы рукі, дабіўся ў ігры на гэтым інструменце такога майстэрства, што пачаў здабываць чыстыя, прыемныя тоны, нават з пэўным адценнем. Некаторыя ж прадстаўнікі мужчынскага полу здзіўляюць сваёй ігрой на дудах, скручаных з маладой вярбы [3, 347]. Пяткевіч указвае на вялікую любоў палешука да свайго роднага кутка: Ён так прывязаны да сваёй зямлі і шчуплай хаты з нізкімі і маленькімі аконцамі, што ні за якую б цану на свеце не пакінуў гэтага ўсяго[3, 362].
    Закранаючы матэрыяльную культуру і побыт, даследчык канстатуе, што яны патрабуюць жадаць лепшага. Што тычыцца адзення, то яно не вылучаецца разнастайнасцю. Зімовае мужчынскае, напрыклад, складаецца з кашулі, штаноў, світы і ў сцюжу кажуха. Даўней жа ў вялікім ужытку, зазначае аўтар, былі скураны пояс (папруга) з калітой на грошы, губка, крэмень і крэсіва [3, 361]. Ля каліты вісеў на раменьчыку нож і дрот (пратычка).
   Нягледзячы на першае, не самае лепшае ўражанне аб Палессі і палешуках (хаты чорныя, нізкія, нярэдка пахіленыя, з малымі аконцамі, карэнныя жыхары апрануты бедна, дзеці абшарпаныя, брудныя), усё ж пры больш працяглым азнаямленні з мясцовымі насельнікамі, іх жыццём і побытам меркаванне мяняецца ў лепшы бок.
   Такім чынам, з публікацыі З. Пяткевіча паўстае складаны, нават у нечым супярэчлівы, але ў цэлым станоўчы і сімпатычны вобраз палешука. З аднаго боку, жыхар Палесся вельмі працавіты, з другога – у гаспадарцы вельмі нядбалы [3, 361] (гэта датычыць не толькі знешняга і ўнутранага выгляду гаспадарчых і хатніх пабудоў, але і адзення [3, 361]). З аднаго боку, яму уласціва жыццяздольнасць (працавітасць, вынослівасць, жыццёвая мудрасць, аптымізм, схаваная энергія і інш.) [3, 362], з другога – слабае здароўе (не вельмі спрыяльныя для яго развіцця і жыцця геаграфічныя, прыродна-кліматычныя, сацыяльныя, бытавыя ўмовы жыцця). З аднаго боку, паляшук мае развітае пачуццё ўласнай годнасці, патрэбнасць павагі да сябе, з другога – невялікія запатрабаванні да свайго побыту, жылля і адзення. З аднаго боку, ён гаваркі, лёгка ўступае ў размову з іншымі і з’яўляецца часта нават свайго роду красамоўцам, з другога – маўклівы (асабліва людзі пажылога веку), на яго твары, зазначае даследчык, адбілася нейкая глыбокая задуменнасць [3, 362]. З аднаго боку, паляшук часта умее з’яву (rzecz) ахарактарызаваць гумарыстычным і разам з тым трапным спосабам, з другога – на ўсё глядзіць як бы абыякавым вокам [3, 362]. З аднаго боку, дабрадушны, г. зн. за сардэчныя, цёплыя адносіны да сябе плаціць той жа манетай, з другога – помслівы, асабліва калі яму нанеслі нейкую крыўду, несправядліва з ім абышліся [3, 362]. Мясцовы жыхар умее шанаваць памяць сваіх бацькоў, дзядоў, верна прытрымліваецца іх старажытных звычаяў і забабонаў (“Як нашы бацькі рабілі, так і мы будзем рабіць”) [3, 362], г. зн. шмат у чым з’яўляецца кансерватарам. Разам з тым ён не з’яўляецца кансерватарам у самым кепскім значэнні гэтага слова, г. зн. такім, які цалкам адхіляе ўсё новае, прагрэсіўнае (у другой палове ХІХ ст. новыя з’явы еўрапейскай і сусветнай цывілізацыі паступова пранікалі як у гарадскія, так і ў сельскія населеныя пункты гэтага кутка Беларусі).
   Паляшук Усходняга Палесся мае тую супольную рысу з украінцам, што часам можа вельмі доўга гаварыць, ужываючы мноства выразаў, не звязаных між сабой. Такі спосаб маўлення з’яўляецца зразумелым толькі селяніну, які слухае размову свайго субяседніка, на якую адказвае такім жа чынам [3, 362]. “Гэта нейкая лянота гаварыць, – піша З. Пяткевіч. Аднак гэта не значыць, што паляшук не можа выказацца ясней. Наадварот, ён умее падбіраць трапныя (jędrne) выразы, якія дакладна перадаюць змест размовы [3, 362].
    Такім чынам, З. Пяткевіч, грунтоўна вывучыўшы Палескі край, здолеў глыбока і ўсебакова яго ахарактарызаваць, даць сваю ацэнку насельнікам Палесся, іх багатай традыцыйнай культуры. Якое б першапачатковае ўражанне ні склалася ў чытачоў аб палешуках у апісанні З. Пяткевіча (праца “Народ літоўскага Палесся”), у цэлым яны паказаны жыццяздольнымі, станоўчымі і ўпэўненымі ў сабе людзьмі, гаспадарамі сваёй зямлі. Вельмі важна тое, што гэты рэгіён чытачы ўбачылі праз прызму яго ўраджэнца, жыхара.

ЗАЎВАГІ
*1. Дадзеная думка І. Крашэўскага можа сведчыць пра тое, што продкі цяперашніх пінчукоў прымалі, верагодна, актыўны ўдзел у ваенна-палітычным і дзяржаўным жыцці Вялікага Княства Літоўскага (напрыклад, наваградскае і пінскае войска заваявала ў 1264 г. балцкія тэрыторыі Нальшчаны і Дзяволтву; цесныя адносіны з Пінскам падтрымлівалі Міндоўг і Войшалак, на гэта ўказваюць гістарычныя дадзеныя і мясцовыя тапонімы).
*2. Верагодна, гэта песня бытавала ў ваколіцах Пружан, Ружан, Слоніма, пра што сведчыць не толькі геаграфічная назва, але фанетычныя і лексічныя асаблівасці мовы.

ЛІТАРАТУРА
1. Літвіновіч А. Палешукі і іх традыцыйная культура ў публікацыях З. Пяткевіча // Духоўная культура Палесся. Матэрыялы канф. Гомель, 1996.
2. Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе / Уклад., прадм. У. Васілевіча. Пер. зпол. Л. Салавей і У. Васілевіча. Мн., 2004.
3. Pietkiewicz Z. Lud Polesia Litewskiego // Tygodnik Powszechny. 1884.№ 22. S. 346–347; № 23. S. 360–362; 1885. № 1. S. 10–12; № 3. S. 42–43; № 4.S. 58–59; № 5. S. 76–77; № 6. S. 91–92; № 7. № S. 108–109; № 8. S. 118–119; №10. S. 151, 154; № 11. S. 171–172; № 12. S. 186–187.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024