Бітва пад Загаллем*
Названая падзея папярэднічала больш вядомай бітве пад Лоевам і была найважнейшай у гісторыі Хойнікшчыны часоў казацка-сялянскай вайны 1648 – 1651гг. Памяць пра яе доўга захоўвалася ў назве ўрочышча Казацкая грэбля ды ў сямі вялікіх курганах з рэшткамі пахаваных казакоў і сялян. Існавалі яна, падобна, яшчэ ў пачатку ХХ ст.
Сённяшняя невялічкая вёска Загалле, што раскінулася на левым беразе ракі Віць (прыкладна за 10 км ад Хойнік), у сярэдзіне XVII ст. была мястэчкам і цэнтрам невялічкага староства з вёскамі Старое Загалле, Клевы, Гноеў, Казялужы, Небытаў на самым ускрайку Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага, каля мяжы павета Оўруцкага Каралеўства Польскага.
Менавіта ў Загаллі польны гетман літоўскі князь Януш Радзівіл вырашыў размясціць частку войск, каб не дапусціць новага пранікнення казакоў украінскага гетмана Багдана Хмяльніцкага на землі ВКЛ. Абоз (лагер), умацаваны парканам – агароджай з завостраных паляў, налічваў каля 1700 чалавек шляхты і наёмнікаў на чале з пісарам літоўскім Уладзіславам Валовічам. Апошні часова перадаў камандаванне Валерыяну Фаленцкаму.
Б. Хмяльніцкі, з свайго боку, хацеў, каб Я. Радзівіл “бавіўся ў сваім краі, не даючы падтрымку палякам”, а таму накіраваў на Беларусь Ілью Галоту, а потым яшчэ палкоўніка Галавацкага.
У палкоўніка Ільі (Эліяша) Галоты, пасланага Хмяльніцкім на Беларусь з булавой наказнога гетмана, была некаторая перавага ў людзях: 3000 запарожскіх і данскіх казакоў, да якіх далучылася яшчэ каля 2000 украінскіх і беларускіх сялян (у іх ліку Міхед з Савічаў, Хведар з Перыза (Спярыжжа), Багдан з Брагіна, Фурс з Бабчына, Пётр з Мокіша; двое апошніх былі падданымі адпаведна князя Іераміі Вішнявецкага, ваяводы рускага, які ўзначаліў вайну супраць казакоў на Украіне, і пана Катарскага). Але коннікаў сярод іх – не больш за 70 чалавек. Палкоўнік Пеняк з людзьмі і гарматамі мусіў прыйсці на дапамогу пазней, пераправіўшыся праз Прыпяць у раёне Бабічаў (пазнейшага Барбарова)...
Ад Чарнобыля казакі Галоты на чаўнах паплылі ўверх па Прыпяці і высадзіліся паблізу Краснаселля* (ніжэй: сучасны краснасельскі краявід; вёска адселена ў 1986 г.), адкуль мясцовыя сяляне правялі іх лясамі і балотамі пад самае Загалле за дзве-тры гадзіны да світання 17 чэрвеня 1649 г.
І. Галота разумеў, што не маючы конніцы і гармат, нельга даваць бой у чыстым полі, як і праводзіць аблогу сярод белага дня. Небяспечна было таксама страчваць час у чаканні дапамогі ад Пеняка. Таму пад покрывам начы ён, падзяліўшы войска, вырашыў знянацку ўдарыць на загальскі абоз з трох бакоў, асабліва на ўязную браму, дзе паркан быў яшчэ недабудаваны. Тут, аднак, здарылася нечаканасць: пры падыходзе да варты ў кагосьці з казакоў адвольна стрэліў самапал, нібы вось так нягодна апраўдваючы сваю назву. Узнялася трывога. Галота, спадзеючыся на плячах варты ўварвацца ў Загалле, кінуў на штурм усё войска. Варту часткова перабілі, часткова загналі ў мястэчка. Але здарылася чарговая трагічная недарэчнасць, калі казакі, не адрозніўшы ў цемры сваіх ад чужых, пачалі біцца з сваімі...
Тым часам на дапамогу варце падаспеў драгунскі ротмістр В. Фаленцкі, co na miejscu półkownika był. Закіпеў адчайны бой, у якім Фаленцкі быў двойчы паранены ў грудзі, але яго конніца здолела зрабіць вылазку. Яе ўдара казакі не вытрымалі. Левае крыло, атакаванае чатырма коннымі харугвамі пад камандай казацкага ротмістра-татарына Ісмаіла Смольскага, першае кінулася на ўцёкі ў бліжэйшыя лясы і балоты, дзе, як сведчыў І. Смольскі ў лісце да Я. Радзівіла ад 20 чэрвеня 1649 г., “іх шмат палегла”. Пад націскам пяхоты шатландца Джона Донавая паддаліся і казакі, што знаходзіліся ў цэнтры. Адбегшы ад агароджы, яны “заселі ў ляску, іх ледзьве штурмам узялі і пад корань пасеклі, і нашых шмат палегла” (апошняя заўвага Смольскага датычыла жаўнераў).
Заставаліся толькі войскі правага крыла, дзе знаходзіўся і смяротна паранены куляй у жывот Ілья Галота. Яны адступілі ад Загалля, страціўшы штандар і амаль 500 чалавек аднымі забітымі. Іх становішча не было б зусім безнадзейным, калі б своечасова падыйшлі доўгачаканыя чарнобыльцы палкоўніка Пеняка з гарматамі. Але тыя стаялі ажно ў Вадовічах, а даведаўшыся пра першыя вынікі загальскай выправы, нават адступілі.
Казакі Галоты ўмацаваліся ў лесе, пабудавалі засекі. Сюды ж адступілі ўсе, каму пашчасціла выратавацца. Паспрабавалі наладзіць з ротмістрам Смольскім, які камандаваў апошнім штурмам, перамовы аб выхадзе без зброі і штандараў, але прапанова была адхілена. На працягу дня (да заходу сонца) казакам давялося вытрымаць некалькі штурмаў, у якіх узялі ўдзел спешаныя драгуны – з Загальскага абозу і прысланыя стольнікам літоўскім Вінцэнтам Гансеўскім з Рэчыцы.
Апоўначы большая частка галотаўцаў уцякла ў бліжэйшае балота. Ураніцу жаўнеры авалодалі табарам, зламаўшы супраціў ужо нешматлікіх абаронцаў. Паміж забітымі знайшлі і дабілі яшчэ жывога палкоўніка Галоту (паводле іншых звестак, гэта зрабілі самі казакі “за тое, што хлопцаў добрых загубіў”), пасля чаго, як пісаў І. Смольскі, “пайшлі ў пагоню, не маглі іх заспець, бо адыходзілі ўсё лесам, але ж удзень некалькі іх схапілі і дагэтуль іншых знаходзяць, што разбегліся па лесе. Харугвы (тут: сцягі) узята тры. Трупаў налічылі тысячу, на чатыры курганы, а на пяты яшчэ збіраюць па розных месцах...”.
Вядома, што ўсіх курганоў было насыпана сем і пахавана ў іх каля 1600 сялян і казакоў. Страты войск ВКЛ былі значна меншыя, але і ў харугвах ды падхаругвах Валовіча, Фаленцкага, Донавая, Смольскага, Дазельніцкага, Куноўскага і Лавецкага яны вылічваліся сотнямі жыццяў.
Сёння на Хойнікшчыне не засталося наземных помнікаў з тых далёкіх часоў, дык ці не заслугоўваюць усе, хто загінуў у даўняй бітве на берагах Віці (без рызыкоўнага падзелу на “сваіх” і “чужых”), ушанавання ў выглядзе памятнага знака на відным месцы ў в. Загалле? Тым болей, што набліжаецца 360-годдзе гістарычнай падзеі.
Дзе знаходзіліся курганы?
У “Описании церквей и приходов Минской епархии” чытаем: “В полуверсте от Загалья, по дороге, ведущей к Хойникам, находится большой курган, недалеко от него были два меньше, которые разрыты при устройстве дороги, причём были найдены одни человеческие кости. От сего места в одной версте существует тоже четыре кургана; а при деревне Козелужье находится целая группа курганов. Предполагается, что это могилы от времён нашествия Батыя”.
Манголы, пэўна ж, ніякага дачынення да з’яўлення курганоў не мелі; нашы лясы і балоты пры адсутнасці хоць якога гарадскога паселішча іх не прываблівалі. Група з 11 насыпаў паміж вёскамі Храпкаў і Казялужжа – гэта адзіны ў раёне, як мяркуюць, сярэднявечны могільнік, зруйнаваны мясцовым сельгаспрадпрыемствам у 1981/1982 годзе. А вось колькасць астатніх і знаходка ў двух раскапаных толькі чалавечых рэшткаў робяць іх сувязь з нашай тэмай вельмі рэальнай. Сёння тыя курганы ўжо не існуюць, але апісанае месцазнаходжанне іх у напрамку Хойнік адпавядае размяшчэнню казацкіх флангаў.
З захаду не нападалі – перашкаджала р. Віць і нязручна нізкі рэльеф. Гэта значыць, што правы фланг, дзе быў І. Галота і дзе знаходзілася брама з недабудаваным парканам, – з паўночнага боку Загалля, бо казакі маглі прыйсці непрыкметна адно з поўдня. Цікава заўважыць, што па сведчанню ротмістра І. Смольскага, казакі правага крыла ўмацаваліся ў лесе “паблізу агароджы”, а потым уцеклі ў бліжэйшае балота, якое ад іх засекі было ледзьве за 60 крокаў. Сапраўды, найбліжэй балоты падступаюць да Загалля з поўначы (на здымку сучасны краявід).
Цэнтр размяшчаўся з усходу, г. зн. з боку Хойнік, а левы фланг – з поўдня, адкуль казакі і прыйшлі.
Зразумела, адкуль нападалі, туды і адступалі, а пераможцы звозілі целы забітых у больш зручныя для масавых пахаванняў месцы, прыблізна роўна аддаленыя ад маршрутаў адступлення казакоў правага і левага флангаў. Так і выцягнуліся курганы ў напрамку ад Загалля да Хойнік...
*Дзіўна, але ў былым (у цяперашнім для 7 класа сюжэт адсутны...) школьным дапаможніку "Гісторыя Беларусі" для 8 класа (аўтары В. А. Белазаровіч, І. П. Крэнь, Н. М. Ганушчанка) бітва пад Загаллем чэрвеня 1649 г. не згаданая наогул, а замест яе паведамлялася пра нейкую паразу трохтысячнага загону казакоў Іллі Галоты ад паспалітага рушэння (!) ўвесну (?) таго года пад Рэчыцай (гэта не пра паразу аддзелу палкоўніка Галавацкага). За 70 кіламетраў ад месца рэальнай падзеі! Прысутнічае тая бітва "пад Рэчыцай" або... "на Прыпяці" (!) і ў адной з метадычных распрацовак да ўрокаў, якія ахвотна змяшчае на сваіх старонках "Беларускі гістарычны часопіс".
**Л. С. Абэцэдарскі ў свой час запісаў, што казакі І. Галоты дабраліся да Краснаселля, пайшоўшы ўніз па Прыпяці, аднекуль з-пад Мазыра. Гэтая памылковая звестка была запазычана аўтарамі хойніцкай кнігі "Памяць", на яе неасцярожна працягваюць абапірацца і дагэтуль.
Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648 – 1658 рр. – Т. 1: (1648 – 1649). – Київ, 2012
Kotłubaj Ed. Życie Janusza Radziwiłła. – Wilno i Witebsk, 1859
Мицик Ю. Полковник Ілля Голота і битва під Загалем 1649 р. // На службі Кліо. – Київ, 2000. С. 176 – 189
Падрыхтаваў С. Бельскі
Вітальд Бярнацкі
Бітва пад Загаллем
У сярэдзіне чэрвеня 1649 г. Б. Хмяльніцкі адправіў у Літву палкоўніка Іллю Галоту, якому даў “харугву, булаву і бубен”. В. Кахоўскі называў Іллю Галоту бязлітасным жаўнерам і “неспакойнай (шалёнай) галавою”. Рэестравы казак, ён стаяў поруч з Хмяльніцкім ад самага пачатку паўстання. Яго намеснікам (“старшым”) быў нейкі Кісель. Зімою 1649 г., калі запарожскі гетман праводзіў мірныя перамовы з польскімі камісарамі, дайшло да пагрому на загад Хмяльніцкага, які казакі на чале з брацлаўскім палкоўнікам Данілам Нячаем учынілі каталіцкай шляхце ў Кіеве. Нібыта Ілля Галота браў актыўны ўдзел у праліцці хрысціянскай крыві, калі казакі, паводле Якуба Міхалоўскага, “ляхаў адных топяць, другіх па-тыранску сякуць, шляхту абодвух палоў, дзяцей, ксяндзоў, рэшту касцёлаў абабраўшы і спустошыўшы, шукаюць ляхаў і пад зямлёй”.
Сілы Галоты ацэньваліся ў 3000 казакоў з Канеўскага палка, сярод іх толькі 50 – 60 на конях. Улічваючы сялянства, якое “паўсюль пры іх гуртавалася”, разам выходзіць каля 7000 чалавек. Верагодна, Галота павінен быў ісці на Магілёў і там арганізаваць моцную армію сярод мясцовага насельніцтва. Гэтыя 3000 запарожскіх казакоў, “усе амаль служывыя і як на падбор мужык у мужыка, вельмі мужныя”, меліся ўтварыць афіцэрскі корпус гэтай самай арміі; сярод іх трэба было выбраць сотнікаў, есаулаў і палкоўнікаў. Мабілізаваўшы значныя сілы, Галота мусіў рушыць “аж да Вільні” “і нацыю шляхецкую губіць”.
Казакі адправіліся чаўнамі ўверх па Прыпяці, высадзіліся пад Красным сялом (в. Краснаселле на Хойнікшчыне) і пасля пераходу праз балоты і лясы, які доўжыўся цэлую ноч, 17 чэрвеня перад світаннем атакавалі полк Уладзіслава Валовіча, які стаяў пад Загаллем, на левым беразе ракі Віць. У адсутнасць цяжка хворага палявога пісара літоўскага полк узначалілі драгунскі ротмістр Валерыян Фаленцкі і камандзір пяхоты Джон Донавай.
Полк Валовіча налічваў каля 1700 жаўнераў (1000 казацкай конніцы, 400 драгунаў і 300 пяхоты).
Паводле Г. Віснера, у бітве ўдзельнічалі:
3 казацкія харугвы Ўладзіслава Валовіча (200 коней), казацкая харугва Джона Донавая, казацкая харугва Валерыяна Фаленцкага, 2 нявызначаныя харугвы (напэўна, казацкія), драгунскі карнэт Фаленцкага (200 порцый), драгунскі карнэт Донавая (200 порцый), рота пяхоты Куноўскага (100 порцый), рота пяхоты Лавянецкага (200 порцый).
Як паведамляе Шчасновіч, вершнік казацкай харугвы Ісмаіла Смольскага, ліцвіны за тыдзень “да гэтай сутычкі мелі пэўныя звесткі, што гэты Галота павінен быў на іх напасці”. Таму камандзіры Загальскага палка адправілі пасланцоў у Рэчыцу да Рыгора Мірскага з просьбаю дапамагчы. Напэўна, 15 чэрвеня з Рэчыцы выйшла драгунская харугва, якая налічвала 102 кані (“драгунаў з розных ротаў выйшла да Загалля”), верагодна, з харугвы Мацея (?) Гансеўскага і Эльсніца. 18 чэрвеня выправілі “пана Есмана з харугвай пана Раманоўскага і пана Мялешкі (?) і 50 драгунаў”, трэцяя каазацкая харугва (Ян Даўгяла?) выйшла хутчэй за ўсё 19 чэрвеня.
Полк Галоты праводзілі мясцовыя сяляне, аднак заспець ліцвінаў знянацку не ўдалося. Казацкі палкоўнік даслаў наперад больш за дзесятак казакоў, якія, ціха крадучыся, хацелі раптоўным нападам захапіць літоўскую палявую варту. У тую ноч службу несла харугва Фаленцкага. Адзін з запарожцаў чамусьці стрэліў з самапалу (або аддзел казакоў, які праводзіў схоплены па дарозе селянін пана Загароўскага, заўважыў нейкі шараговец, які піў усю ноч, відаць, дзесьці пад лагерам). Ліцвіны адказалі агнём. Літоўскі авангард, “з казакамі добра схапіўшыся”, вытрымаў іх першую атаку, але пад націскам праціўніка “ў горад потым загнаны быў”, аж пад самы паркан, які яшчэ быў недабудаваны. У той час як харугва Фаленцкага сышлася з казакамі, ліцвіны “узяліся за справу” і стрымалі наступ ворага. Тады палкоўнік Галота пашыхтаваў у тры штурмавыя калоны, якія на світанні атакавалі шанцы Загальскага абозу. Ліцвіны адбілі штурм аддзелаў Галоты. Харугвы, як раіў ротмістр Смольскі, выйшлі ў поле і стрымалі калоны праціўніка. У той час як пяхота і драгуны на чале з Донаваем, заняўшы добрую пазіцыю, накрылі казакоў агнём з мушкетаў, Смольскі на чале чатырох конных харугваў ударыў у левую калону палка Галоты і разбіў, нягледзячы на дапамогу казацкага цэнтру, левае крыло праціўніка. “Выскачыўшы ў поле, узялі казакоў на шаблю: было іх дзве тысячы”. Правае крыло, “якое in loco commodiori [у зручнейшым месцы] каля самых балотаў і хмызоў” стала, здолела ў гэты час абкапацца. Двухразовую атаку літоўскай пяхоты, умацаванай чэляддзю, адбілі. А затым паспела падмацаванне з Рэчыцы – 100 драгунаў. Як пісаў у сваім лісце каралю Яну Казіміру польны гетман ВКЛ князь Януш Радзівіл, “Прыйшла на дапамогу драгунская рота, камандзіраваная з лагеру, якую мужна за два разы прывёў нейкі Сарноўскі, капітан-лейтэнант пана Гансеўскага, узмоцненая на даручэнне Закена панам Эльшніцам ”.
Тады зноў пяхота і спешаная літоўская конніца “некалькі разоў на штурм ішла”. Урэшце з надыходам цемры бітва спынілася. Казакі біліся заўзята і не намерваліся прасіць літасці: “Былі такія зацятыя, што ніводзін жыцця не прасіў, а шмат з іх нават дабраахвотна шыі выцягвалі на смерць”. У ноч з 17 на 18 чэрвеня казакі знайшлі дарогу праз балоты непадалёк ад сваіх пазыцыяў і вырваліся з пасткі.
Самога Галоту, “якога ў акопе падстрэленага напалову знайшлі semiwiwum [напаўжывога], у сумятні дабілі нашыя”, затое Кісель уцёк; на пляцы засталося нібыта 1600 забітых паўстанцаў, якіх пахавалі ў шасці або сямі курганах. Паводле іншай версіі, падстрэленага літоўскім жаўнерам Галоту дабілі самі казакі, “ці то каб немучаўся, ці за тое, што людзей загубіў, але, як нашы яго знайшлі, ён яшчэ дыхаў”. Магчыма, так і было, бо як пісаў Вільгельм Баплан: “Кара, якая можа зваліцца на [казацкага] правадыра, прыводзіць да асцярожнасці ў ягоных паводзінах. Калі вядзе іх [казакоў] на вайну, ён стараецца, каб яны не зазналі няўдачы і каб падчас няўдалых сутычак адзначаліся спрытам і адвагай, бо калі хто зробіць нейкую памылку і акажацца баязліўцам, забіваюць таго як здрадніка”.
Пераможцы зазналі значныя страты: 216 забітых і параненых. Параненыя былі ротмістры Фаленцкі (“дзвюма кулямі ў грудзі цяжка”), Лавянецкі, Куноўскі і Лажэцкі.
З гэтай перамогі так цешыўся князь Альбрыхт Станіслаў Радзівіл, вялікі канцлер літоўскі: “Таксама ў Літве, пад Загаллем у Беларусі, высеклі пад корань некалькі тысяч казакоў, а іх правадыр, Галота, які за заслугі дамагаўся ад Хмяльніцкага Княства Літоўскага, або нашымі, або самымі казакамі быў забіты. На пахаванне атрымаў кол, а замест жалобнай працэсіі – груганоў”.
На світанні некаторыя конныя харугвы на чале са Смольскім пайшлі ў пагоню за збеглай варожай пяхотай. Аднак іх нялёгка было дагнаць, бо паўстанцы ўцякалі, разбягаючыся па лясах. Нягледзячы на гэта, ліцвіны злавілі больш за дзесяць казакоў. Сярод схопленых быў Сільвестр Дубіна, пісар палкоўніка Іллі Галоты. Шляхціч з Наваградскага ваяводства, С. Дубіна жыў пад Кіевам. Служыў у харугве кіеўскага ваяводы. Узімку 1649 г. падчас пагрому, які казакі на загад Хмяльніцкага ўчынілі ў Кіеве польскай шляхце, пан Дубіна, ратуючы сваё жыццё (“жыццё сваё сальвуючы”), наняўся разам са сваім чаляднікам у запарожскае войска. Стаў пісарам у палку Іллі Галоты, які рушыў на Літву. Падчас бітвы пад Загаллем у ня надта зразумелых абставінах перайшоў на літоўскі бок…
Паводле кнігі: Вітальд Бярнацкі. Паўстаньне Хмяльніцкага:
Ваенныя дзеяньні ў Літве ў 1648 – 1649 гг. // ARCHE.
1 – 2. 2008. С. 125 – 130

†Не дачакаліся. Засталося спадзявацца на "цуд" у 2014 годзе...††
††Дарэмна ўсё: і да 365-годдзя нічога не адбылося, бо ўсе занятыя выключна сельскай гаспадаркай і "добраўпарадкаваннем". Сёння, у 2019 г. адзначаем 370-годдзе самі ў думках сваіх.
С. Бельскі