Пятница, 29.03.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Да пытання пра назву вёскі Пагоннае
(лістапад 2007 г.)   
       У ходзе палемікі з настаўніцай-гісторыкам Т. У. Ярмольчык дырэктар раённага краязнаўчага музея М. С. Скрыпчанка даводзіў, нібы тапонім Пагоннае ўтвораны ад слова "гоні” [ЛС. 26. ІІІ. 2005]. Сваё меркаванне са спасылкай на В. А. Жучкевіча аўтар паўтарыў і ў матэрыяле, спецыяльна прысвечаным гісторыі вёскі [ЛС. 15. Х. 2005].
     Задумаемся: чаму гоні або палосы ворыўнай зямлі працягласцю да 100 м існавалі паўсюдна, а назва Пагоннае – адна на ўвесь раён, і чаму вёска не займела назву Гоні (Гоны), калі яна паўстала на месцы ці паблізу ад таго ворыва? Не. Усё ж лагічней будзе  зноў вярнуцца да слова "пагон” і паспрабаваць ад яго вывесці тапонім. Але штó яно азначала, акрамя "вольнага, нікім не кантраляванага месца”?
      У выданні "Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў. Тапаграфія. Гідралогія.” І. Я. Яшкіна [Мінск, 2005. С. 460.] сказана, што так называліся і месца прагону жывёлы на пашу, і сама паша або выган, і абгароджанае ці неабгароджанае месца для адпачынку жывёлы ў полі або ў лесе, і след, сцежка на лузе, на полі, і луг, які знаходзіўся паміж двума балотамі, і інш. Відавочна, ні адно з гэтых значэнняў не пасуе да назвы вёскі.
       А ці не называлася словам "пагон” нешта ўнутры самога паселішча? Высветлілася, што так яно і было. Паводле А. І. Лакоткі, пачатак усяму паклала "Устава на валокі”, выдадзеная каралём Жыгімонтам Аўгустам у 1557 годзе. Замест падымнай (падворнай) павіннасці яна ўводзіла ў дзяржаўных уладаннях павіннасць цэлым паселішчам. Акрамя іншага, "Устава” спрыяла распаўсюджванню вулічнай планіроўкі ў сельскай мясцовасці і, што асабліва важна для нашай тэмы, развіццю таго тыпу забудовы двара, пры якім жылыя і іншыя памяшканні (хата, сенцы, камора, варыўня), а таксама павеці і хлявы ставіліся ў адну лінію. Такая забудова і называлася пагоннай. З цягам часу зямельныя надзелы сялян (валокі і паўвалокі – адпаведна 21,36 га і 10,68 га) дзяліліся паміж сынамі і ўнукамі. Забудова ўшчыльнялася, пагоны ставіліся страха да страхі, а калі рабіць гэта ўздоўж вуліцы не было магчымасці, то пагоны сыноў і ўнукаў паслядоўна ставіліся за бацькоўскім пагонам, і забудова выцягвалася больш, чым на сто сажаняў (сажань – 2,13 м) [Беларуская мінуўшчына. 1993. № 3 – 4. С. 70]. Хутчэй за ўсё менавіта планіроўка вылучала Пагоннае сярод вёсак рэгіёну тады, калі яно атрымала сваю назву. У энцыклапедыі "Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць” [Мінск, 2005. Т. ІІ. С. 452 – 453] адзначана: "Планіровачна складаецца з 6 паралельных паміж сабой вуліц, арыентаваных з ПдУ на ПнЗ”. Схематычная планіроўка адрознівае вёску ад іншых населеных пунктаў таксама на сучаснай карце [гл. ніжэй: Общегеографический атлас. Республика Беларусь. Гомельская область. Минск, 2003. С. 31]. Думаецца, валочная памера (аграрная рэформа), хоць і пачалася ў нашых мясцінах пазней, але сапраўды надоўга вызначыла аблічча многіх паселішчаў, не выключаючы і Пагоннае – цэнтральную сядзібу саўгаса ў ХХ ст.
       Што можна сказаць пра час узнікнення вёскі?
   У згаданай энцыклапедыі сцвярджаецца, нібы Пагоннае вядомае з XVIII ст. і адміністрацыйна належала да Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства. Але ў "Архиве Юго-Западной России” [Киев, 1871. Ч. 1. Т. 4. С. 78 – 80] апублікаваны прывілей караля Яна Сабескага ад 30 сакавіка 1688 г., паводле якога вёскі Малочкі, Рудка і Падгоннае (Podhonne), размешчаныя ў Оўруцкім павеце Кіеўскага ваяводства і раней прыналежныя Міхайлаўскаму манастыру ў Кіеве, аддаваліся "на вечныя часы” (пры ўмове нясення вайсковай службы) шляхцічу Стэфану Крыніцкаму. Справа ў тым, што згодна з умовамі "вечнага міру” 1686 г. паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, левабярэжная Україна і Кіеў заставаліся за апошняй, і Крыніцы, дзедзічны маёнтак С. Крыніцкага "z tej strony rzeki Irpieni”, дасталіся Міхайлаўскаму манастыру. Кароль жа кампенсаваў шляхцічу яго страту падараваннем былых манастырскіх вёсак.
     Як бачым, сам кароль або яго дарадцы не сумняваліся ў тым, дзе знаходзілася Пагоннае. Вядома гэта і сучасным гісторыкам, у прыватнасці М. Ф. Спірыдонаву, які паўднёвую мяжу Рэчыцкага павету часоў Рэчы Паспалітай праводзіць на поўначы ад вёскі Вялікі Бор [Атлас гісторыі Беларусі. Мінск, 2004. С. 42]. Што да літары "д” ў назве паселішча, ужытай у дакуменце, то яна – не інакш апіска. Тэрмін "падгон”, паводле слоўніка І. Я. Яшкіна, азначаў тое самае, што і "падлесак” і ў нашым выпадку наўрад ці мог стаць асновай утварэння тапоніма.
   Гэтак, не маючы больш поўнай інфармацыі, але улічыўшы сувязь назвы Пагоннага з правядзеннем валочнай памеры і адсутнасць яго сярод прыналежных у 1570 – 1580 гг. Міхайлаўскаму (Залатаверхаму) манастыру Аравічаў, Баршчоўкі і Масаноў [гл.: Памяць. Хойніцкі раён. Мінск, 1993. С. 26], час узнікнення вёскі можна пакуль асцярожна аднесці да пачатку – сярэдзіны XVII ст.*
*На сёння вядома больш. Гл. ніжэй.       
Куфэрак прасцей адчыняўся
(люты 2011 г.)
    Тэма паходжання назвы вёскі Пагоннае закраналася ў публікацыях раённай газеты 1997, 2005, 2006, 2008 гадоў. Былі выказаныя тры версіі. Настаўніца гісторыі СШ № 4 Тамара Уладзіміраўна Ярмольчык меркавала, што назва паходзіць ад слова "пагон” у значэнні "вольнае, нікім не кантраляванае месца”. Паводле дырэктара раённага краязнаўчага музея Міхаіла Савельевіча Скрыпчанкі, пагон тут ні пры чым, у аснове ж назвы гоня (гоні) – паласа (палосы)  ворыўнай зямлі даўжынёй прыкладна да 100 м, якую праходзілі цяглая жывёліна і араты, пакуль не спыняліся на адпачынак. Аўтар гэтых радкоў, адрынуўшы гоні, прывёў дадаткова некалькі значэнняў слова "пагон” з працы І. Я. Яшкіна [Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў. Тапаграфія. Гідралогія. Мінск, 2005. С. 460.], сярод якіх "паша або выган”, але быў перакананы, што ні адно з іх не пасуе да назвы вёскі. Таму, задаўшыся пытаннем "а ці не называлася словам "пагон” нешта ўнутры самога паселішча?”, спыніўся на пагонным тыпе забудовы двара, пры якім жылыя і гаспадарчыя будынкі (хата, сенцы, камора, варыўня, павеці і хлявы) ставіліся ў адну лінію. Калі б назва з’явілася з узнікненнем паселішча, дык яно і слушна. Але…
      Мусім яшчэ раз звярнуцца да значэння "паша”. Тым болей, што І. Я. Яшкін канстатаваў яго прысутнасць роўна для слоў "пагон” і "пагоны” ў суседнім з нашым Рэчыцкім раёне.
      Існуе ліст караля Жыгімонта І Старога, пісаны ў Вільні і датаваны яшчэ 14 (24) мая 1516 года. Варта падаць урывак:
     "… Бил нам чолом арменин киевскии, толмач [перакладчык] н(а)шь татарскии Макар Ивашкович и поведил перед нами, што мы перво сег(о) дали были ему землю пустовскую у Киевском повете в Белосороцкои волости на имя Лемешовщину, и пан воевода киевскии, пан Андреи Немирович, доведавши ся тог(о), иж тая земля шкодно отдати от замку н(а)шог(о), и против тог(о) дал ему в тои же волости Белосороцкои селище на имя Лынсковщину а землицу нагонную, со всим с тым, што здавна к тому прислухало, и листъ пана Андреев Немировича на то перед нами вказывал, и бил нам чолом, абыхмо ему тое селищо и землицу потвердили н(а)шим листом на вечность.
    Ино мы, з ласки н(а)шое… для его к нам верное службы, которую ж он нам заслуговал пилне ездячи до Орды частокрот в делех н(а)ших и земских и на его чоломбите то вчинили: тое селищо Лысковщину и землицу нагонную с пашными землями, и з сеножатми, и з лесы, и з бортною землею, и с озеры, и з реками, и з езы [пабудовы з колляў для лоўлі рыбы], и з ловы звериными и пташными, и со всим с тым, што к тому с стародавна прислухало, потвержаем сим на(ш)им листом вечно ему самому и его жоне, и их детем и напотом будучим их щадком. А он мает нам с тог(о) земскую службу служити[Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 9 (1511–1518). Vilnius: Žara, 2002 [2004]. № 204].
     Што зямліца тая гэтак "нагонная”, як і "пагонная”, засведчана ў памятным запісе 1526 г. ігумена Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя, які "купилъ есми у Марка (папраўдзе: Макара) Орменина Киевского две службе… Лысковщину а Погоны, дани идетъ: чотыри кади меду, а осмьдесятъ грошей серебра, бочка рыбы; а далъ есми за тое 5 копъ грошей и сорокъ копъ грошей Литовское личбы”, ды ў грамаце 1543 г. караля Жыгімонта Старога, у якой сказана: "Били намъ чоломъ игуменъ Филаретъ зо всими чернцы манастыря святого Михаила Золотоверхого, у Киеве, и поведили передъ нами, ижъ которыи две службе людей, на Припяти на имя Лысковщину и Погонную купилъ игуменъ святого Михаила небожчикъ Макарей за сто копъ грошей Литовское монеты у толмача нашого Макара Орменина [Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. (1506 – 1544). С.-Петербург, 1848. С. 167 – 168; 394 – 396].
    Прыведзены вышэй дакумент засведчыў, што пагонная забудова двароў (яе наяўнасць, зразумела, не выключаецца) да паходжання назвы вёскі дачынення не мела, бо спачатку пагоннай азначана нейкая "зямліца”, пустка, падараваная каралём талмачу Макару разам з селішчам Лыскаўшчынай, верагодна, дзеля выпасу жывёлы.
    Версію, выказаную ў тэлефоннай гутарцы нашым земляком, ураджэнцам Пагоннага, а сёння мінчанінам Уладзімірам Аляксандравічам Грахоўскім, паводле якой, назва вёскі нейкім чынам звязана з бабровымі гонамі [Пагоны; пар.: Паставы, нібыта ад слова "стаў” – сажалка, запруда], цяжка прыняць. Хоць бы дзеля таго, што ў пераліку ўгоддзяў (гл. вышэй) гоны бабровыя, як не дзіўна, нават не згаданыя…
   Такім чынам, Тамара Уладзіміраўна Ярмольчык, раней пачаўшы, найбольш да разгадкі тэмы і наблізілася. "Куфэрак” (г. зн. праблема паходжання назвы адной з буйнейшых адселеных вёсак) адчыняўся прасцей, чым мы тое ўяўлялі.
   
*Падобная версія (ад гоні "вузкая і доўгая паласа раллі”) прыведзеная ў навейшым матэрыяле "Пра што гавораць нам тапонімы” Н. А. Багамольнікавай [Хойнікшчыны спеўная душа. Народная духоўная культура Хойніцкага краю. Фальклорна-этнаграфічны зборнік. Мінск, 2010. С. 290].
   З гэтай жа публікацыі можна даведацца, што найменне вёскі Грачыхіна "суадносіцца з назвай сельскагаспадарчай культуры грэчкі” [С. 289], а не з прозвішчам старшыны М. А. Грачыхіна, які ў 1943 г. загінуў на Хойнікшчыне, але нарадзіўся ў Днепрапятроўскай вобласці Украіны, дзе і атрымаў ад продкаў фамільнае імя. Цікава, што тлумачэнне сапраўднай назвы вёскі – Багуславец – у названай працы аўтару, дацэнту ГДУ імя Ф. Скарыны, не падалося вартым увагі. Але ў іншай, якая пабачыла свет у тым самым годзе [Структурныя змены і працэс перайменаванняў у айканіміі Гомельшчыны // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. 2010. № 4(61)] чытаем: "У 70-я гады зафіксаваны адзіны выпадак перайменавання назваў вызначанай тэматыкі (маецца на ўвазе скасаванне тапонімаў "рэлігійнага характару"  С. Б.): в. Багуславец стала Грачыхіна (Х.). 9-га кастрычніка праваслаўныя святкуюць з'яўленне Сергію Раданежскаму Божай Маці ў суправаджэнні апосталаў Пятра і Іаана Багаслова (у народзе  свята Багуслаў). Мы ж мяркуем, найменне хутчэй за ўсё адантрапанімічнага паходжання, ад славянскага імя Багуслаў 'слава Богу', суфікс -ец мае памяншальнае значэнне (невялікае па памерах)" [С. 10].
    Аўтар слушна не пагадзілася з познепабытовай, неадэкватнай версіяй вывядзення  назвы Багуславец ад наймення праваслаўнага свята. Па-першае, таму што назва была нададзена чарговаму фальварку ў гонар пана Багуслава Аскеркі, даўняга ўладальніка маёнтка Алексічы або Новы Двор, пры заснаванні яго яшчэ ў канцы XVIII ст. Па-другое, на той час яго жыхары належалі да парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якая гуртавалася вакол касцёла ў Юравічах.  Па-трэцяе, прыходская Алексіцкая Свята-Мікалаеўская царква, бліжэйшая да Багуслаўца, недзе ад 1728 г., калі маёнтак  належаў пану Антонію Вольскаму, стала ўніяцкай. Па-чацвёртае, праваслаўныя вернікі нашага рэгіёна Рэчы Паспалітай наўрад ці што ведалі пра з'яўленне Сергію Раданежскаму. Не забываем, – размова ідзе пра часы, калі толькі-толькі адбыўся другі падзел і нашыя землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Духавенства расійскае, якое б даводзіла нешта ў сваіх казанях мясцовым вернікам у такія глухія ваколіцы яшчэ не прыйшло.

С. Бельскі

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024