Среда, 24.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Калі ўпершыню маглі быць згаданыя Хойнікі?
(10. IX. 2011)
       Да Дня беларускага пісьменства 2010 у шэрагу іншых навінаў пабачылі свет кнігі "Хойнікшчыны спеўная душа” і "Хойнікшчына. Легенды, падзеі, людзі”. У абедзьвюх па пытанню, вынесенаму ў загаловак артыкула, старшыня райвыканкама А. В. Бічан захоўваў, так бы мовіць, "традыцыйную"* пазіцыю, аддаўшы перавагу 1512 году, а намеснік старшыні аблвыканкама В. В. Барысенка** і пісьменнік Д. Л. Вінаградаў*** прынялі 1492 год, бо апошняй даты трымаюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Як тут быць? Які юбілей адзначаць у 2012 г. – 500-гадовы або 520-гадовы?
    Нагадаем, акадэмічныя гісторыкі адмаўляюць 1512 г. таму, што ў акце абмежавання Брагінскай воласці, пазначаным адпаведным годам, пра Хойнікі звестак няма. Востраў Хойнічак і чысты рог Хвойнічок – не паселішчы, а далёкія ад Хойнік два розныя ўрочышчы. І з гэтым сцвярджэннем нельга не пагадзіцца. Але прызнаць 1492 год вельмі цяжка, а хутчэй дык і наогул немагчыма (асноўная аргументацыя ў матэрыяле "Аб часе падаравання Хойнік пану Сямёну Палазовічу" ). У лісце 1532 г.**** Хвойнікі, Астраглядавічы і Навасёлкі названыя ў шэрагу маёнткаў, падараваных пану Сямёну Палазовічу як самым каралём Жыгімонтам Старым, так і яго бацькам Казімірам ды братам Аляксандрам (гл. партрэты названых каралёў мастака Яна Матэйкі: паслядоўна – бацька, сын старэйшы, сын малодшы), памерлым адпаведна ў 1492 і 1506 г. Дакумент аб падараванні Хойнік невядомы, таму дапушчаны 1492 г. – апошні няпоўны год жыцця караля Казіміра. Канстатуюць: так прынята ў гістарычнай навуцы. Добра. Але чаму тады ў паказальніку да генеральнай карты "Беларускія землі ў XVI ст." першага тома "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі", заснаваным на матэрыялах картатэкі М. Ф. Спірыдонава, год 1492-гі пададзены адно для Хвойнік, а для Астраглядавічаў і Навасёлак  1532-гі  той, якім датаваная сама згаданая крыніца?
   Гэткую непаслядоўнасць можна вытлумачыць хіба тым, што аўтары памылкова ўважалі цэнтрам маёнтка С. Палазовіча Хвойнікі. Аднак, яшчэ ў часы Абрагамовічаў, напрыклад, у тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1628 г., апошні названы Астраглядавіцкім. І на картах XVII – XVIII стст., змешчаных у другім томе таго самага атласа, Астраглядавічы пазначаныя ажно ў дванаццаці выпадках (нават Брагін толькі ў дзесяці!). Хойнікі – ні разу, хоць з другой паловы XVII ст., пры князях Шуйскіх, бясспрэчна яны былі цэнтрам маёнтка, даўгі якога абмяркоўваліся на пасяджэннях Радамскага і Люблінскага трыбуналаў.
   Што яшчэ не дазваляе пагадзіцца з супрацоўнікамі ІГ НАН? Перад усім, нельга ўпэўнена настойваць на 1492 годзе, абапіраючыся на адзін, хоць і вельмі каштоўны, дакумент. У названай вышэй публікацыі намі засяроджвалася ўвага на тым, што з васьмі маёнткаў, якія імкнуўся вярнуць сабе князь Дзмітрый Відэніцкі, толькі Хвойнікі, Астраглядавічы і Навасёлкі знаходзіліся ў Брагінскай воласці, а апошняя яшчэ і ў 1509 г., калі аддавалася каралём у пажыццёвае валоданне князю Міхаілу Збаражскаму, заставалася тэрытарыяльна адзінай. Інакш кажучы, акрамя Брагіна, у каралеўскіх лістах 1509 і папярэдніх гадоў іншыя паселішчы воласці згадваць не было ніякай патрэбы. Яна з’явілася пазней.
       Недзе ў канцы 1511 г. князь М. Збаражскі біў чалом да караля, жадаючы атрымаць Брагінскую воласць "на вечнасць”. Вось тады, мяркуем, манарх, каб не аддаваць цэлую воласць аднаму няхай і вельмі заслужанаму роду, папярэдне вылучыў з яе два-тры сяла (Навасёлкі маглі быць заснаваныя пазней) і падараваў іх Сямёну Палазовічу*****. Адначасова ўзнікла неабходнасць правесці абмежаванне воласці, што і выканаў каралеўскі дваранін Іван Кміціч, засведчыўшы ўсё актам ад 7 (17 н. ст.) сакавіка 1512 года. З гэтага дакумента вынікае, што на захадзе і поўначы мяжа ўладання М. Збаражскага прайшла ад вострава Жэрдзен (у ваколіцах вёскі Жэрднае на Брагіншчыне), каля астравоў Дронькі і Кажушкі праз "сяло Лісцвін брагінскае****** (усе тры ў сучасным Хойніцкім раёне) ў накірунку "сяла брагінскага Дамаміркі” (Лоеўшчына). Хойнікі засталіся па-за ёй, а вось Астраглядавічы ўнутры. Магчыма, пан Фёдар Палазовіч, хоць і названы ў акце камісарам (відавочна, кіраваў Брагінскім маёнткам) М. Збаражскага, "зволил противитсе” абмежаванню абараняючы интарэсы не князя, а свайго сына Сямёна. Угоддзі брагінскіх сёл Бабчын, Губаровічы, Лісцвін, Глухавічы суседзілі з хвойніцкімі, астраглядаўскімі і навасёлкаўскімі, а ў такіх выпадках непаразуменні не былі рэдкасцю. Пра гэта сведчаць і пазнейшыя шматлікія спрэчкі князёў Вішнявецкіх з панамі Харлінскімі.
    Пасля абмежавання кароль Жыгімонт Стары выдаў князю М. Збаражскаму ліст******* на "тую волостку Брягин з местом и с корчмами, и з мытом, и з городищом, и со всими селы, и з людми, кром тых сел, што первеи того кому у тои волости будем дали, и з землями пашными и бортными, и з сеножатми, и з лесы, и з дубровами, и съ хмелники, и з боры, и з ловы звериными и пташими, и з езы, и з реками, и з речками, и з бобровыми гоны, и с озеры, и съ ставы, и съ ставищи, и з млыны, и з их вымелки, и з данми грошовыми и медовыми и куничными, и с тивунщиною, и со всим правом и панством, так долго и широко, как тая волостка, которую ж он держал, Брягин, з давных часов в собе ся мела и ныне мает, потвержаем сим нашим привилием вечно и навеки непорушно ему самому и  его жоне, и их детем и напотом будучимъ их счадком. Волен то он и его справедливыи наследки прибавити, розширити и замок собе справити, и место осадити и къ своему вжиточному обернути и лепшому обернути, как сам налепеи розумеючи. (Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 9 (1511–1518). Vilnius: Žara, 2002 [2004]. P. 240 – 241).
     Ясна, чаму ў лісце 1509 г. агаворка "кром тых сел…” не патрабавалася, а зараз яна стала жыццёва неабходнай. Гэта азначае адно: мы не можам тэарэтычна датаваць першую згадку пра Хойнікі ў пісьмовых крыніцах часам, ранейшым за 1511/1512 г. (тут дарэчы падаць менавіта такі, "акадэмічны” год). У супраціўным выпадку давялося б абвінаваціць каралёў Аляксандра і Жыгімонта ў тым, што яны агулам на працягу двух дзесяткаў гадоў (скажам, ад 1492) заставаліся абыякавымі да ўнутранага стану Брагінскай воласці, чаго на самой справе не было. Рэальна ж Хойнікі, як вядома на сённяшні дзень, найраней згаданыя ў дакуменце 1532 года.
    Здабыць плён у далейшым вывучэнні праблемы, на нашу думку, можна хіба азнаёміўшыся з дакументамі паветаў Кіеўскага ваяводства, у складзе якога тэрыторыя Хойнікшчыны была з XV ст. да 1793 г. Захоўваюцца яны пераважна ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў Кіеве. Фонды РДАСА ў Маскве, AGAD у Варшаве таксама, мусіць, утрымліваюць акты павятовых судоў нашага рэгіёна. На жаль, з фондаў НГАБ у Мінску можна выкарыстаць дакументы адно Мазырскага павету, да якога належала меншая частка Хойніцкага раёна.
 

*Кім створана тая "традыцыя" цяжка сказаць. Але ці не ўпершыню 1512 год названы ў артыкуле "Хойнікі", змешчаным у "Беларускай савецкай энцыклапедыі" (Мінск, 1974. Т. XI. С. 70. Аўтар Ф. В. Ахрэмчык).
**Пазней, ужо ў электронным варыянце кнігі "Хойнікшчыны спеўная душа" для выступлення  В. В. Барысенкі была зроблена папраўка на 1512 год...
***Дзеля таго, каб у чытачоў не засталося сумневаў у падараванні Хойнік яшчэ каралямі Казімірам і Аляксандрам, аўтар нядобрасумленна працытаваў крыніцу, спыніўшыся перад словамі "і нашымі" (урывак з прывілея гл. ніжэй)
**** Лист писаныи князю Дмитру Романовичу Виденицкому до пана воеводы киевского абы именя розные по Семену Полозовичу зосталые ему яко зятю его поступилъ
Жикгимонт Божю милостю корол
Воеводе киевъскому, державцы свислоцкому пану Андрею Якубовичу Немировича. Жаловалъ нам дворянинъ нашъ княз Дмитреи Романовичъ Виденецкии о томъ, што жъ которые именя мелъ державца речицкии тесть его, небожчикъ панъ Семенъ Полозовичъ наимя Ухобное, Углядковичи, Белыи Берегъ, Виточов, Мартиновичи, Хвоиники, Остроглядовичи, Новоселки а двор с пустовщинами у замку Киеве и на месте, и во Вручомъ. И тые деи онъ вси именя свои держалъ за даниною и листы отца нашого Казимера, короля, и брата нашого Александра, королеи ихъ милости и нашими, то пакъ деи твоя милост по животе его тыи вси именя къ своимъ рукамъ побралъ безвинне и ему, зятю его, поступити ихъ не хочешъ. А онъ як отца нашого Казимера, короля, такъ тежъ и брата нашого Александра, короля его милости, и наши листы твердости на вси тые именя в себе маеть и очъкольве бы онъ и тых твердостеи на то в себе не малъ, а одинакъ же бы не малъ без воли нашои тых именеи к своимъ рукамъ брати. Для чого жъ мы послали дворянина нашого Ивана Васильевича Выштравъку и приказуемъ тобе, ажо бы еси тых именеи со всимъ с тымъ князю Дмитру поступилъ, съ чим будешъ побралъ перед тымъ дворяниномъ нашимъ конечъно, пакъ ли же бы еси не дбаючи о тое росказанье нашое, тыхъ всихъ именеи ему ся поступити не хотелъ. Мы казали тому жъ дворянину нашому во вси тыи именя князя Дмитра моцъно увязати. А кгды дасть Богъ у паньстве нашом, великом князстве литовъскомъ, будемъ, окажемъ к сему на тые именя листы твердости перед собою положити, онъ ихъ мает тогды перед нами положити…

П(и)сан y Кракове под лет(а) Бож(е)(г)(о) нарож(е)(н)(я) 1000 пят|сот 32 м(е)с(я)ца марта 3 ден, инъдикт 5

Михаило писаръ

        Публікацыя: Андрій Блануца. Земельні надання  Сигізмунда І Старого на Українські землі Великого Князівства Литовського //
Україна в Центрально-Східній Европі. 2008. № 8. С. 69 – 70
(арыгінал: Російський державний архів давніх актів. Ф. 389 (Литовська метрика). Оп. 1. Од. зб. 17. Арк. 251 зв. – 252)
*****Натуральна, М. Збаражскаму разам з мястэчкам дасталася і больш цывілізаваная, чым пану Палазовічу, частка воласці. У наваколлі Астраглядавічаў землі былі ўжо асвоеныя, непадалёк месціліся іншыя сёлы, а на поўнач ад Хвойнікаў ажно да самай мяжы з Рэчыцкай воласцю, якая праходзіла крыху на поўдзень ад Маканавічаў, "тая волостка Брягин” яшчэ не мела ніводнага паселішча; на ўсходзе бліжэйшым сялом была Дамамірка. Глухамань, дый годзе! Заснаванне ці не большасці з вядомых пазней сёл нашага рэгіёну – заслуга ўжо не брагінскіх намеснікаў, а асобных ўладальнікаў Хойнікаў і Астраглядавічаў. Вось жа Сямён Фёдаравіч Палазовіч, або Полаз Русак, быў першым з іх.
******Пра юбілей гэтага паселішча, дата першай згадкі якога вядома дакладна (17. III. 1512), у нас чамусьці і не ўспамінаюць.
*******У сваёй магістарскай дысертацыі, выдадзенай у 1892 г., расійскі гісторык М. К. Любаўскі датаваў яго 1512 годам. Польскі даследчык Кш. Пяткевіч у 2004 г. апублікаваў адпаведную кнігу Літоўскай Метрыкі, але пазначыў дакумент 21. XII. 1514 года.  
 
На сёння (26 лістапада 2019 г.) дакладна вядома, што адбылося гэта 3 (13) чэрвеня 1504 г. Маецца на ўвазе прывілей на Хойнікі і Астраглядавічы, выдадзены пану Сямёну Фёдаравічу Палазовічу каралём Аляксандрам на вечныя часы за вайсковыя заслугі [гл.: АGAD. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 3, 200]. Відавочна, не адно асабіста зацікаўлены чалабітнік С. Палазовіч, але і каралеўскія дарадцы заўважылі неасвоеную частку Брагінскай воласці на поўнач ад Хвойнікаў ажно да межаў воласці Рэчыцкай. Гэта ўсё і вырашыла.
Такім чынам, сёлета мы прапусцілі ўжо 515 угодкі падзеі.
С. Бельскі
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024