Пятница, 26.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Прывілей зямянам Круневічам 1568 года
(верасень 2006 г.)
      У кнізе "Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна” А. М. Зелянкоўскі і У. Ф. Ісаенка паведамілі, што з 1568 г. Алексічамі валодалі Багдановічы-Круневічы, а ў вёсцы на той час было 19 двароў (С. 26).
     Копія дакумента, з якога браліся звесткі, на той час даўно была апублікаваная ў серыйным выданні "Архив Юго-Западной России” (АрхивЮЗР) [Ч.VII. Т. I. Киев, 1886. Акты о заселении Юго-Западной России. С. 222 – 225]*, а арыгінал значна пазней – у суверэннай ужо Літве [Литовская метрика. Книга записей 51 (1566 – 1574). Вильнюс, 2000. С. 177 – 179]. Як высветлілася, ён утрымлівае таксама іншыя цікавыя факты з гісторыі нашага рэгіёну.
    Абапіраючыся на навейшую публікацыю, перш за ўсё адзначым, што гэта прывілей караля Жыгімонта  Аўгуста, дадзены 10 ліпеня 1568 года зямянам Кіеўскага павету Філону, Паўлу, Кандрату, Сямёну, Іосіфу. Філіпу, якія мелі не падвойнае прозвішча Багдановічы-Круневічы (так у "АрхивЮЗР”), а былі сынамі Багдана Круневічамі. Раней з ласкі каралеўскай пану Філону Сямёнавічу Кміце, аршанскаму старосце, быў аддадзены "замокъ…Чорнобылскии на вечност” замест уладанняў яго Брацлаўскіх і Вінніцкіх, што былі зрабаваныя татарамі. Але "ку  Чорнобылю великою прилеглостю прилегли сут именечка тых Круневичов”  і цяпер ім са сваімі жонкамі і дзецьмі не было куды падзецца, бо давялося б трапіць пад уладу Ф. Кміты, а яны ж – зямяне каралеўскія. Таму "за волею и росказанемъ” манарха, ваявода віленскі,  канцлер Вялікага Княства Літоўскага пан Мікалай, сын Юрыя,  Радзівіл даў ім "до воли и ласки… господарьское на хлебокормлене у волости… Мозырскои две сельцы на имя Оводовичи и Олекшичи...”                                   
      Неўзабаве падараванне было ўзаконена прывілеем, паводле якога "…Круневичи сами, жоны, дети и потомки их мужского рожаю тые села Оводовичи и Олекшичи, в которых ест служоб деветнадцат и пол, з людми  там оселыми, з данью грошовою и медовою, з дяклы пенежными и житными, овсяными и сенными, и зо всими платы, доходы и пожитки, якимъколвекъ имем назваными, с тых сел приходячими, з кгрунты и з землями оселыми и пустыми, оремыми и неоремыми, з боры, гаи, лесы, з островы, з сеножатми, застенками, болотами, зъ зарослями, с кустовемъ и с проробками, з ловы зверинными и пташими, з озеры, з ловы рыбными и з бобровыми гоны, и зо всимъ” атрымлівалі ленным правам на вечнасць. Быць леннікам азначала за маёнтак "службу земскую военную служити и заступовати.., яко и иные рыцерство, земяне, шляхта…” каралю і Айчыне.
      У крыніцы сказана, што Вадовічы (сучасны Калінкавіцкі раён) і Алексічы разам складалі 19 з паловай службаў. Для пачатку XVI ст. адна служба – гэта 2 – 3 дымы (двары), але для 1568 г. – ужо толькі 2 дымы. Такім чынам, у двух сёлах  тады налічвалася 39 двароў. Аўтары матэрыяла ў кнізе "Памяць” адкінулі паўслужбы, а рэшту падзялілі на два, каб было пароўну. Ці не таму, што сёння вёскі належаць да розных раёнаў і не хацелася нікога пакрыўдзіць? Так Алексічы і "атрымалі” свае 19 двароў. На самой жа справе мы не ведаем дакладную колькасць дымоў у кожным сяле на той час. Немагчыма нават упэўнена сказаць, якое з іх было большым, таму што праз стагоддзі паселішчы маглі напаткаць самыя нечаканыя, але, на жаль, невядомыя нам лёсы.
     Чытач можа меркаваць сам. Паводле рэвізіі 1811 г. у сяле Вадовічы аднаіменнага маёнтка Паўла, сына Леапольда, Аскеркі налічваўся 31 двор [НГАБ у Мінску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 262. А. 378 – 387]. Рэвізія 1834 г. паказвае, што сяло Алексічы, якое належала да маёнтка Новы Двор (яго часам працягвалі называць Алекшыцамі або Алексічамі) Антонія, сына Фларэнцыя, Аскеркі мела 22 двары [Ф. 333. Воп. 9. Спр. 347. А. 1408, 1416 – 1423]. Хоць гады і розныя, але перавага, умоўна кажучы, усё ж за Вадовічамі. Тым не менш, пераносіць яе на 1568 год нельга, бо, па-першае, вельмі нязначны рост колькасці двароў за два з паловай стагоддзі наводзіць на думку не так пра ваенныя ліхалецці ды спадарожныя ім голад і эпідэміі, як пра перасяленчыя мерапрыемствы паноў Аскеркаў, што валодалі тымі ж Вадовічамі (магчыма, і Алексічамі), прынамсі, ад часоў пісара ВКЛ і каштэляна навагрудскага Антонія (каля 1670 – 1734 гг). Па-другое, зусім ужо дзіўныя суадносіны колькасці жыхароў двух паселішчаў для пачатку XX ст. сустракаем у "Списке населённых мест Минской губернии” (Сост. В. С. Ярмолович. – Минск, 1909). Калі ў Алексічах засведчаная наяўнасць 76 двароў з 587 жыхарамі, дык пра сяло ці вёску Вадовічы няма ніякай інфармацыі наогул; у маёнтку Вялікія Вадовічы ў 2-х дварах жыло 65 чалавек, у фальварку Малыя Вадовічы ў 1-м двары – 19 чалавек, ва ўрочышчы Вадовічы ў 1-м двары – 6 чалавек.
 
 
       Штó гэта адлюстроўвае: рэальны стан справаў (скажам, вышэйзгаданыя перасяленні) або недастатковую паўнату крыніцы? У іншых выпадках буйныя  паселішчы, кшталту ранейшых Вадовічаў, у "Списке…” не прапускаліся, таму схіляемся да першага. Тым болей, што на ваенна-тапаграфічнай карце Мінскай губерні 1850 г. вёска Вадовічы таксама адсутнічае. У дарэформенныя часы Аскеркі маглі перасяляць сем’і сваіх падданых не толькі ў межах аднаго маёнтка, але і з маёнтка ў маёнтак, асабліва калі паны-бацькі дзялілі ўладанні паміж сынамі, або калі пра перадзел дамаўляліся самі спадчыннікі. На пачатку XX ст., калі прыгон застаўся ў мінулым, ужо не пан, а зямельны голад прымушаў свабодных беднякоў высяляцца з вёсак, у якіх яны нарадзіліся і выраслі, ды браць у арэнду аддаленыя пусткі. Дарэчы, адзін позна ўтвораны маёнтак Людаміра, сына Эмілія, Аскеркі, што знаходзіўся за 5 вёрст ад в. Ужынец, называўся Новай Зямлёй і збываў прадукцыю ў Малыя Вадовічы (за 10 вёрст) таго самага ўладальніка [Ф. 325. Воп. 2. Спр. 474. А. 3; сельскагаспадарчы перапіс 1916 г.].
        Вернемся да прывілея. Каштоўнымі ўяўляюцца звесткі пра межы падараваных Круневічам угоддзяў.
       "Яко ж для лепшое ведомости границу тых обудвух сел з реестру ревизорского… уписати есмо велели. То ест напервеи починает ся от границы Зачапское от речки Вебца болотом Чалем в речку Вит-витю уверхъ в речку Хобянку, Хобянкою внизъ до озера Грибна, от Грибна до озера Буича, от Буича болотом в речку Смоловицу, Смоловицою уверхъ в речку Вебец, Вебцом уверхъ опят до тое ж границы Зачанское, откол ся граница почала. Широкост кгрунту тых сел от Вебча до речки Вати, удолжъ на две мили, а поперок от Вебца до границы Юревское на милю”.
      Пасля першага ўжо прачытання гэтага тэкста ў мяне з’явілася ўражанне, нібы тут мы сутыкаемся з памылкамі і каралеўскага пісара, і сучаснага літоўскага перапісчыка, які рыхтаваў крыніцу да выдання. Першы памыліўся нязначна, замяніўшы ў назве ракі Віць "і” на "а”, хоць вышэй перадаў яе дакладна, ды ў назве рэчкі Рабец у чацьвёртым выпадку – "ц” на "ч”. Гэта ўсё называецца апіскамі і ні нашто сур’ёзна не ўплывае. А вось сучаснаму даследчыку, падрыхтаванаму ў галіне палеаграфіі, не зашкодзіла б звярнуцца і да геаграфіі рэгіёнаў, пра якія гаворыцца ў дакументах. Тады б у апісанні не зявілася нейкая "Зачапская” або "Зачанская” мяжа замест "Загалскои” (Загальскай)**. Адпаведна балота без дрэваў і хмызняку было б названае не "Чалем”, а "Галем " (Галам, Галом), і ў назве рэчкі Рабец літара "Р” не ператварылася б у "В”.
     Згаданыя памылкі ў літоўскім выданні здзіўляюць толькі таму, што зрабіў іх прафесійны крыніцазнаўца, а ўвогуле яны даволі пашыраныя нават сярод навукоўцаў, якія працуюць  з кірылічнымі рукапісамі. Напрыклад, даследчыца з Мінску ў пераліку паселішчаў, прыналежных да Юравіцкай каталіцкай парафіі, Вадовічы, Кажушкі і Крышычы запісала адпаведна Радовічамі, Канушкамі  і Крыніцамі, а пад пяром расійскага гісторыка з сусветным імем Брагін, у замку якога ў 1603 г. Лжэдзмітрый I "прызнаўся” князю Адаму Аляксандравічу Вішнявецкаму, што ён сын Івана IV Грознага, цудам уратаваны ад смерці ў Углічы, ператварыўся ў "Брачин”. І гэта не памылкі друку, бо ва ўсіх выпадках пераблытаныя выключна літары, падобныя сваімі абрысамі. Аўтары свядома запісалі назвы менавіта так. Але каштоўная крыніца паўторна, а значыць, і для больш шырокага кола чытачоў убачыла свет, і калі ўдалося разабрацца ў памылках, дык акрэслім мяжу "кгрунтов” Вадовічаў і Алексічаў сучаснаю моваю: пачыналася яна ад мяжы Загальскай ад рэчкі Рабца, ідучы балотам Галам у рэчку Віць (у тэксце дакумента быў перанос, таму пісар падвоіў назву), далей уверх у рэчку Хобянку, Хобянкай уніз да возера Грыбна[-га?], ад Грыбна да возера Буіча, ад Буіча балотам у рэчку Смаловіцу, Смаловіцаю ўверх у рэчку Рабец, Рабцом уверх зноў да той мяжы Загальскай, адкуль і пачалася. Шырыня грунту тых сёл ад Рабца да рэчкі Віць уздоўж на дзве мілі, а ўпоперак ад Рабца да мяжы Юравіцкай на мілю**.
       На "Специальной карте Европейской России”, якая адлюстроўвае сітуацыю другой паловы XIX – пачатку XX ст., рэчка Хобянка падпісана так, быццам ні то ўпадае ў Віць на паўднёвым усходзе ад Старча, на поўначы ад Хвойнага, ні то з’яўляецца вярхоўем рэчкі Тур’я. Нявольна хочацца думаць, што ў XVI ст. Тур’я на ўсім працягу магла называцца Хобянкай, бо інакш незразумела, як з Хобянкі можна было патрапіць у возера Грыбна, а адтуль у возера Буіч (сёння – Буеч)  у наваколлі Абухаўшчыны, што на самым поўдні Калінкавіцкага раёна. Тур’я ў крыніцы не згаданая, а абмінуць яе пры апісанні заходняй мяжы ніяк немагчыма. Што рака працякае на ўсход ад Вадовічаў і яны застаюцца як бы па-за мяжою, можна растлумачыць большай зручнасцю агульнага межавання па рэках, а паміж Вадовічамі і Юравічамі ракі няма – мясцовасць занадта высокая. Больш пэўныя высновы можна зрабіць толькі пасля спецыяльнага вывучэння гідраніміі Хойніцка-Калінкавіцкага памежжа,  даўнейшыя бо карты не вельмі падрабязныя, а, здараецца, – і памылковыя. Да прыкладу, на карце ВКЛ 1613 года з бліжэйшых рэк пазначаныя толькі Przipiec, Wiedrzycz, Borysthenes nunc (цяпер) Niepr і Brahin (Брагінка – пазнейшая форма? Па аналогіі з Ашмянкай, назва якой мае балцкую аснову, а таму першаснай формай яе магла быць толькі Ашмена/Ашмяна. Папярэднікам назвы Брагінка ці не выступаў гідронім Брага?).
     У выпадку з ракою Віць апісанне прымушае думаць, што яна ніколі не называлася Гаранкай, як тое падавалі даследчыкі сядзібы і парку паноў Ястшэмбскіх у Барысаўшчыне, а следам за імі паўтаралі і начытаныя мясцовыя жыхары. Магчыма, блытаніна з назвай выклікана тым, што маёнтак Барысаўшчына на рацэ Віць памылкова атаясамлены з аднаіменным маёнткам у якой іншай мясціне. Прынамсі, адзін такі прыклад вядомы мне з уласнага досведу. Р. Афтаназы, жадаючы напісаць пра панскі двор у хойніцкай Барысаўшчыне (аб гэтым сведчаць карта ў яго кнізе і малюнак сядзібнага дома, выкананы ў 1891 г. І. Врублеўскім у шэрагу іншых – Астраглядаўскага, Рудакоўскага, Ужынецкага, Хойніцкага), але не маючы на тое гістарыяграфічнага матэрыялу і ніколі сам тут не быўшы, выкарыстаў звесткі "Польскага слоўніка геаграфічнага...” пра Барысаўшчыну... паноў Воўк-Ланеўскіх, што знаходзілася ў Глускай воласці Бабруйскага павету па-над ракою Пціч.  Але, магчыма, Гаранка была невялічкім ручаём, які ўпадаў у Віць паблізу Барысаўшчыны, а пазней пры пабудове канала быў ім паглынуты…
     Цікава было даведацца, што ў XVI ст. існавала рэчка Рабец, назву якой атрымаў фальварак з 1-м дваром і 15-цю жыхарамі на 1909 г., 11-цю – на 1916 г., прыналежны Антонію, сыну Фелікса, Лаўрыновічу і меўшы пад пасевам 114 дзесяцін зямлі [Ф. 325. Воп. 2. Спр. 474. А. 19], а ў савецкія часы – пасёлак, што працягвае існаваць і сёння. Зрэшты,  невялічкі маёнтак мог з’явіцца значна раней XIX ці XX ст., бо ў 1675 г. мазырскім маршалкам быў Ян Рабецкі, мясцовыя ж пасады займала шляхта, якая мела ў павеце зямлю. А сучасны выгляд таго, што калісьці было рэчкай Рабцом – балота каля Слабажанкі і Рабца, штучнае возера за Дубровай – вельмі нагадвае балота з возерам у Хойніках – усё, што засталося ад рэчкі Квесі, забалочанай ужо некалькі стагоддзяў таму.
    Нарэшце, уражвае азначаная ў крыніцы "широкост кгрунту" Вадовічаў і Алексічаў –  2 мілі (15, 596 км) з поўдня на поўнач, ад Рабца да Віці і 1 міля (7, 798 км) з усходу на захад, ад Рабца да Юравіцкай мяжы. Цяжка сабе ўявіць, аднак, якая частка таго вялізнага абшару была асвоеная ў другой палове XVI стагоддзя.

      *Гэта запіс, які 24 снежня 1721 г. падаў у Кіеўскі гродскі суд ксёндз Войцех Янкоўскі, міністр Оўруцкай рэзідэнцыі езуітаў. Раней тое ж двойчы рабіў пан Казімір Аляксандр Круневіч: 18 сакавіка 1637 г. у Кіеўскі і 18 ліпеня 1671 г. у Лідскі гродскі суд.
    **Так атрымалася, што публікацыя ў "АрхивЮЗР ” стала даступнай мне значна пазней, чым новая, літоўская. Але назвы рэк і межаў ў ёй, як высветлілася,  дакладныя – Рабец і Віць, Загальская і Юравіцкая. Выдавала бо дакумент Кіеўская археаграфічная камісія, супрацоўнікі якой былі не толькі больш уважлівыя да гістарычнай геаграфіі, але і тапанімія нашага рэгіёну была ім бліжэйшая ды лепш вядомая.
С. Бельскі
 
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024