Пятница, 26.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
                                                                                           Яўрэі даўняй Хойнікшчыны
     Названая тэма  вельмі сур’ёзная, бо хто яшчэ ў такой ступені, як яўрэі, спрычыніўся да развіцця ў нашым рэгіёне рамёстваў і гандлю ў мінулым ды ператварэння Хойнік у сапраўднае, а не толькі паводле назвы, мястэчка? Але тады адразу ўзнікае пытанне: чаму яўрэйская праблематыка не знайшла амаль ніякага адлюстравання ў даваеннай частцы кнігі "Памяць”, як адсутнічае яна і на старонках раённай газеты? Паспрабуем хоць часткова запоўніць непрыемны прабел, разгледзеўшы тыя кароткія звесткі пра яўрэйскае насельніцтва рэгіёну ў XVIIXVIII стст., якія  ўдалося адшукаць на сённяшні дзень.
     У артыкуле "Хойники – моя любовь и боль[Мишпоха. 2005. № 16] М. Міляўскі слушна заўважыў, што яўрэі пасяліліся ў Хойніках даўно, але дакументальна гэта пацвярджаецца не з сярэдзіны XIX ст., а значна раней. Напрыклад, у хроніках яўрэйскіх аўтараў Мейера з Шчэбжэшына і Натана Гановера "святая грамада Брагін” згадваецца яшчэ ў часы "хмяльніччыны”, г. зн. у сярэдзіне XVII ст. А Хойнікі і Брагін – гэта, па сутнасці, адзін рэгіён.
   У "Люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага і Жытомірскага паветаў Кіеўскага ваяводства ад 25 студзеня 1683 г.” сказана, што ў мястэчку Хойнікі налічвалася 7 яўрэйскіх дымоў, у Брагіне – 8, у Чарнобылі – 2 [Архив Юго-Западной России (АрхивЮЗР). Киев, 1886. Ч. 7. Т. 1. С. 502]. Цікава, хоць і нядзіўна: у тагачасным Брагіне агульная колькасць двароў была ўдвая большая, чым у Хойніках, а яўрэйскіх – амаль роўная, у Чарнобылі двароў утрая болей, яўрэйскіх – утрая меней. Відавочна таму, што Брагін, асабліва ж Чарнобыль часцей наведвалі казакі і вось у такія, вельмі неспакойныя часы, колькасць яўрэйскага насельніцтва значна скарачалася. Магчыма, тут гаворка не пра ўсіх яўрэяў, а пра хрысціян, якіх заўсёды было няшмат. Бо ж – "Люстрацыя падымнага...", не пагалоўшчыны.
    У рэвізіі Хойніцкага маёнтка (2 красавіка 1716 г.) паведамляецца, што ў мястэчку жыло 26 яўрэяў, адзін з якіх "poszedł precz", а дзевяць не мелі ўласных дамоў [НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 139 адв.; гл. ніжэй]. Напэўна ўвагу рэвізораў прыцягнулі не ўсе жыхары-яўрэі, а толькі плацельшчыкі пагалоўшчыны. Нездарма ў паймённым пераліку згадана толькі адна жанчына – Нохіміха, верагодна, удава, гаспадарка мужа якой працягвала функцыянаваць. Пагалоўшчынай называўся дзяржаўны падатак, велічыня яго пачаткова складала 1 злоты з чалавека ("з галавы”) у год, а ў XVIII ст. – больш за 2 злотыя (як падушны падатак у Расіі; у Рэчы Паспалітай хрысціяне, за выключэннем іншаземных гандляроў, абкладаліся падаткамі "з дыма” – з двара). Чынш на карысць уладальніка маёнтка, вызначаны інвентаром 1721 г., складаў 5 злотых з кожнага яўрэя-гаспадара, для тых, хто плаціў  з каморы крыху больш 1 злотага, для самых жа бедных – 19 грошай [Тамсама. А. 122].
      Паводле Я. Будоўскага (продкі з нейкай Буды?), у Хойніках да імя чалавека нярэдка дадавалі назву вёскі, адкуль ён прыехаў [Великоборские евреи.//Мишпоха. 2001. № 10]. Тое самае мы бачым і ў дакументах канца XVIIXVIII ст. Прыстаўкі да імёнаў некаторых местачковых яўрэяў указваюць на навакольныя паселішчы: Лейба Стралічаўскі, Хаім Вялікаборскі,  Шмуль з Юркавічаў, Бенямін  з  Юравічаў, Лейба  з  Алексічаў, Іцка Гальміч  з  Лісцвінавічаў, Ёсь  Настольскі. Часовыя  або  сталыя  прозвішчы  ўтвараліся таксама ад імя бацькі ці іншага мужчынскага продка: Герш Баруховіч, Моўша Гіршовіч, Якаў Лейбавіч, Мендэль Абрамовіч, Іцка і Ёсь Гіршовічы, Невах Нохімавіч, Яшка Пярцовіч, Абрам Хаімавіч, Іцка Моўшавіч. Або ад назвы прафесіі – Нохім Цырулік (тое, што і цырульнік; прозвішчы Пярцовіч (у форме Пярцоўскі) і Цырулік прысутнічалі ў нашым рэгіёне яшчэ зусім нядаўна), Рафель Кравец (гэта прозвішча,  бо ж  з вялікай літары). Былі людзі, якіх называлі проста: Шайка*, Гдаль, Шмуйла, ці яшчэ дадаючы да  імя ўласнага род заняткаў   Айзік арандатар, Іцка кравец. Відавочна, тапанімічныя, патранімічныя і прафесійныя  прозвішчы створаныя не самымі іх носьбітамі, а мясцовымі адміністратарамі, бо першыя і так добра ведалі хто чый сын, адкуль прыйшоў і чым займаецца (злева на здымку яўрэйская карчма).
    На пачатак красавіка 1765 г., калі ў Оўруцкім павеце Кіеўскага ваяводства быў праведзены зноў жа не ўсеагульны, а "пагалоўны” перапіс яўрэйскага насельніцтва, колькасць падаткаплацельшчыкаў вядомая таксама і па асобных паселішчах, што знаходзіліся на тэрыторыі Хойнікшчыны, Брагіншчыны, Лоеўшчыны і Нараўляншчыны [АрхивЮЗР. Киев, 1890. Ч. 5. Т. 2. Дополнения. С. 710 – 712]. Пададзім хоць бы няпоўны, адно па нашых мястэчку і вёсках, спіс. 
  Хойніцкі кагал складалі людзі з мястэчка Хойнікі (domy – 30, głowy – 101), з вёсак Валокі (głowy – 2), Паселічы (7), Рашаўцы (7), Астраглядавічы (7), Стралічаў (10), Руднае (5), Навасёлкі (7), Дворышча (5), Храпкаў (10), Вялікі Бор (5), Дубровіца (4), Карчовае (8), Краснаселле (15)…
    Да брагінскага кагала, акрамя яўрэяў з мястэчка Брагін (domy – 64, głowy – 260), належалі жыхары вёсак Гарадзішча (głowy – 6), Сялец (6),.. Мікулічы (19),  хутара Еўлашы (3),  вёсак Звяняцкае (12), Рудакоў (5),  хутароў Бабчын (6), Мокіш (6), вёсак Губарэвічы (7),.. Высокае (2), Лісцвін (9), Веляцін (11)… 
     Сярод прыналежных да чарнобыльскага кагала названыя іудэі з вёсак Баршчоўка (10) і Радзін (3).
     У веснавым перапісе 1778 г., засведчана значнае скарачэнне колькасці яўрэяў на Хойнікшчыне [АрхивЮЗР. С. 301 – 303]. Відавочна, гэта было наступствам Калііўшчыны (1768 г.) – найбуйнейшага за ўсе дзесяцігоддзі гайдамацкага руху паўстання казакоў і сялян, якое вызначалася выключнай жорсткасцю ў дачыненні да яўрэяў і шляхты (злева: яўрэі-мянялы; справа на гравюры XVIIІ ст. яўрэй Лейба, на заднім плане панскія або ўрадавыя служкі б'юць нязгоднага яўрэя; у тлумачальным тэксце Лейба са скрухаю кажа аб страце Палестыны ды скардзіцца, што адсутнасць у Рэчы Паспалітай рэдзькі і часнаку можа прымусіць яўрэяў есці свініну).
      У хойніцкім кагале: мястэчка Хойнікі (24 domy, 54 głowy), вёскі Дубровіца (2 чал.), Вялікі Бор (3), Карчоў (3), Карчоў Малы (2), Паселічы (2), Храпкаў (2), Навасёлкі (4), Рашаўцы (2), Дворышча (5), Стралічаў (4), Руднае (3), Астраглядавічы (5), Багушы (2), Шчарбіны (2), Краснаселле (3), Уласы (3). Дакумент склаў і падпісаў Пётр Багрыноўскі, а пацвердзілі хойніцкі рабін (духоўны кіраўнік грамады) Лейба, квартальныя Моўша Гершковіч і  Літман Неваховіч.
   Брагінскі кагал: мястэчка Брагін (31 двор, 90 чал.), вёскі Гарадзішча (4 чал.), Сялец (3), Дублін (3), Цюцькі (3), Рудня (3), Удалёўка (2), Буркі (3), Кавалі (3), Дымамерка (2), Ясяні (2), Іллічы (4), Спярыж(-жа) (2), Сувіды (2), Галкі (4), Бабчын (4), Глухавічы (3), Хатуча (3), Рудакоў (5), Лісцвін (5), Веляцін (4), Звяняцкае (6), Еўлашы (5), Губарэвічы (2), Мокіш (2), Мікулічы (6), Шкураты (4), Унігаўка (8), Вербкавічы (2). Падпісана стражнікам Станіславам Радзішэўскім, пацверджана брагінскім рабінам Оўшэем Іцкавічам, квартальным Оўсеем Сайковічам, школьнікам (прыставам) Борухам Мендэлевічам. 
          У чарнобыльскім кагале: жыхары вёсак Радзін (4 чал.), Баршчоўка (5).
     Падаўленне гайдамацкіх выступленняў і канчатковая ліквідацыя Запарожскай Сечы не ў апошнюю чаргу спрычыніліся да таго, што ў люстрацыі 1784 г. зноў канстатаваны паступовы рост колькасці ў нашым рэгіёне жыхароў-яўрэяў [АрхивЮЗР. С. 391 – 392].
     Мястэчка Хойнікі (domy – 25, głowy – 67; прычым, камісары кароннага скарбу дадалі да гэтай лічбы яшчэ 25 "głow, ukrytych w Nastole, wiosce”; здаралася і такое!), Вялікі Бор (3 чал.), Карчоў (2), Малае Карчова (хрысціянін), Паселічы (4), Храпкаў (6), Навасёлкі (7), Дворышча (3), Рашаўцы (хрысціянін на шынку), Малішаў (5), Руднае (хрысціянін), Астраглядавічы (4), Багушы (2), Шчарбіны (хрысціянін), Краснаселле (6), Уласы (2), Стралічаў (6), Дубровіца (3).
     У мястэчку Брагін (47 двароў, 152 чал.),.. у вёсках Бабчын (2 чал.), Мокіш (3), Губаровічы (3), Рудакоў (3), Лісцвін (хрысціянін), Веляцін (хрысціянін), Звяняцкае (3)…
       У чарнобыльскім кагале ў вёсцы Радзін – хрысціянін, Баршчоўка – 7 głow (справа на здымку сінагога).
      Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі яўрэям было забаронена жыць па-за межамі гарадоў і мястэчак, чым і тлумачыцца колькасная іх перавага ў XIX – пачатку XXст. сярод жыхароў Хойнік іншых нацыянальнасцей.

 

       *У 1830 гг. экспарцёрамі гарэлкі з бровараў Уладзіслава Прозара ў Хойніках, Гарадзішчы і Ёлчы былі бацька і сын  Лейба і Абрам Шайковічы [НГАБ. Ф. 694. Воп.7. А. з. 831. А. 9]. Яны ж былі першымі тады ў гэтым бізнэсе на ўвесь Рэчыцкі павет Мінскай губерні.     

 

 С. Бельскі

 

 

З люстрацыі падымнага Оўруцкага павету 1683 г.

Рэвізія 1716 г.

Перапіс красавіка 1765 г.
Перапіс 1778 г.
Перапіс 1784 г.
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024