Памятаем, з якім нецярпеннем чакаўся выхад у свет першай кнігі энцыклапедыі "Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць” (далей – ГіВБ). Яно і нядзіўна, бо падобных выданняў у нас раней не было. Так, у раённых кнігах "Памяць” (на жаль, не ў хойніцкай) з канца 1990-х гг. з’явіліся матэрыялы з гісторыі паселішчаў, але яны рыхтаваліся ў спешцы і былі вельмі ўжо лаканічныя. У 2001 г. А. І. Атнагулаў выдаў "Хроніку Убарцкага Палесся” – адзін з найбольш удалых на сённяшні дзень досведаў напісання гісторыі адміністрацыйнага раёна (Лельчыцкага), а яшчэ праз тры гады выйшла манаграфія "Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе” гісторыка В. Л. Насевіча, натхнёнага як замежнымі публікацыямі на вясковую тэму, так і кніжкай "Была такая вёска” старэйшага беларускага калегі М. М. Улашчыка. Гэта – капітальнае даследаванне гісторыі вёскі XIV – сярэдзіны XX ст. на прыкладзе невялікай папуляцыі ў сучасным Лагойскім раёне, з якой паходзілі продкі самога аўтара. Хацелася, аднак, даведацца пра гісторыю вёсак нашага рэгіёна.
І вось у 2004 г. з’явіўся том, прысвечаны першым 11 раёнам Гомельскай вобласці, уключна з Брагінскім і Калінкавіцкім. Уражанне ён выклікаў не самае лепшае, бо ў кнігах "Памяць”, пры ўсіх недахопах, інфармацыя артыкулаў была больш вывераная. Тое ж пацвердзіў і выдадзены ў 2005 г. другі том, які ўвабраў у сабе матэрыялы пра паселішчы Хойніцкага, Мазырскага, Нараўлянскага, Рэчыцкага, Лоеўскага і пяці астатніх раёнаў.
Узяць артыкул пра Хойнікі. Зноў даводзіцца абвяргаць сцвярджэнне, нібы ў XVI ст. паселішча належала да Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства. Гэтая памылка, якой усё не могуць пазбыцца некаторыя навукоўцы, грунтуецца на звестках карты ВКЛ, складзенай у канцы XVI ст. Томашам Макоўскім, надрукаванай упершыню ў 1603 г. і перавыдадзенай у 1613 г. (на вытворнай ад яе карце Алексіса Жубэра Жаліё, выдадзенай у Парыжы каля 1685 г., памылковая мяжа Рэчыцкага павету праведзена яшчэ больш выразна; гл. ніжэй абодва фрагменты з "Вялікага гістарычнага атласу Беларусі" Т. 2. Мінск, 2013). Але тыя звесткі супярэчаць дакументам павятовых архіваў, як, здараецца, нязгодныя яны і паміж сабой. Сапраўды, ці можна сабе ўявіць, каб, напрыклад, Брагін належаў да Рэчыцкага павету, а Астраглядавічы да Кіеўскага, калі абодва паселішчы, як і Хойнікі, здаўна былі ў складзе адной воласці – Брагінскай, пакуль не сталіся ўладаннямі розных асобаў? А такая сітуацыя як раз і паказана на згаданай карце. Ці, магчыма, памылка з'явілася з-за бяздумнага запазычання інфармацыі аўтараў XIX – пачатку XX ст., якія пісалі аб прыналежнасці Хойнік да Рэчыцкага павету ў іх час, каб геаграфічна зарыентаваць сваіх чытачоў.
На самой справе большая частка Хойнікшчыны – гэта тэрыторыя Кіеўскага ваяводства спачатку Кіеўскага, а пазней, у XVII ст. Оўруцкага павету. У Рэчыцкім жа Хойнікшчына ўпершыню апынулася ў 1793 г., калі адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Тады павет увайшоў у Чарнігаўскую губерню (намесніцтва), а пасля 1796 г. – у губерню Мінскую. Наколькі супярэчліва аўтар ГіВБ вызначае адміністрацыйную прыналежнасць населеных пунктаў і рэгіёнаў ілюструе яго тэзіс з першага тому: у 1564 г. Брагінская воласць увайшла ў склад Мазырскага павету (да рэформы 1565 – 1566 гг. не існаваў) Кіеўскага ваяводства, а потым – Мінскага ваяводства (і гэта няпраўда). У матэрыяле пра Хойнікі, сяло Брагінскай воласці, такія звесткі адсутнічаюць. Інакш кажучы, тут мы маем справу з аўтарскай самадзейнасцю без апоры на крыніцы. Што да мяжы, якая раздзяляла Мазырскі і Кіеўскі паветы пасля 1569 г., дык яна праходзіла паміж Хойнікамі і Настоллем, а мяжа Кіеўскага і Рэчыцкага паветаў – на поўначы ад Вялікага Бору.
Абсалютна недарэчным з’яўляецца таксама наступны ўрывак: "Пад 1528 г. [Хойнікі] упамінаюцца ў пісьме намесніку Рэчыцкаму С. Палазовічу і намесніку Горвальскаму Б. Шалуху аб спрэчных землях паміж Рудабельцамі і Хвайнічанамі”. Але пры чым тут Хойнікі?! Рудыя Белкі – гэта сучасны раённы цэнтр Акцябрскі, а Хвойня – вёска ў Лучыцкім сельсавеце сумежнага Петрыкаўскага раёна. На вядомай аўтару ГіВБ карце "Беларусь в конце ХVI в." з кнігі М. Ф. Спірыдонава (1993 г.), аднаго з найбольш кампетэнтных у нашай краіне спецыялістаў па гісторыі перыяду, паміж гэтымі паселішчамі адсутнічаюць якія іншыя, а таму і зямельныя спрэчкі выглядаюць зусім натуральнымі. Да нашых жа Хойнік занадта далёка. Лепш уявіць сітуацыю можна, звярнуўшыся да карты "Мазырскае староства ў першай палове ХVI ст." В. Насевіча, які абапіраўся на матэрыялы картатэкі М. Спірыдонава (Атлас гісторыі Беларусі Мінск, 2004. С. 42; тамсама карта "Рэчыцкі павет у канцы XVI ст.”, а на С. 31 – "Мазырскі павет у канцы XVI ст.” самога М. Спірыдонава), або да сучаснай больш-менш падрабязнай карты Гомельскай вобласці.
Хто б мог падумаць, што ў выданні, якое мусіць утрымліваць выключна даследаваныя факты, або, калі такіх па тэме яшчэ няма, – непасрэдна архіўныя звесткі, з’явіцца выпадковая інфармацыя, невядома кім і калі даведзеная. Менавіта такое ўражанне стварае найбольш ранняя звестка пра пабудову царквы ў Хойніках. Запазычана яна з "Описания церквей и приходов Минской епархии” (Минск, 1879. Вып. VIII. С. 139.), дзе сказана: "В церкви хранится древняя богослужебная книга (?) от 1705 года, т. е. от времён построения Хойникской церкви князем Игнатием Шуйским, что видно из находящейся в той книге надписи".
Па-першае, што азначае пытальнік пасля слова "кніга"? Па-другое, да 1720 г. Хойнікамі валодаў князь Дамінік Шуйскі, потым нядоўга трымаў у арэндзе біскуп Юзафат Парышэвіч, а з сакавіка 1721 г. аблытаны даўгамі маёнтак пераняў сын князя Дамініка Мікалай. Князь Ігнацы стаў уладальнікам пасля смерці брата ў 1725 г. Магчыма, у тым годзе і адбылася падзея. Меркаваная памылка ў 20 гадоў магла з’явіцца як з-за недакладнага прачытання ўказанага года аўтарам "Описания" (рукапіснае "2"лёгка прыняць за "0"), так і з-за простай неахайнасці. Асабліва, калі ўлічыць, як у гэтым выданні падаюцца назвы вёсак: Слобода Княжичъ (трэба: Слабада Княжыца), Моплище (Маклішча), Руданов (Рудакоў), Волотец (гэта Варацец аскеркаўскі, а Варацец прозараўскі запісаны правільна), Маланы (Масаны), Рудин (Радзін), Клевъе (Клевы/Клівы), Козелулень (Казялужы/Казялужжа), Пуданов (Пудакоў), Велешин (Велетин/Веляцін), Дронск (Дронкі/Дронькі), Малетов (Малешаў/Малішаў), Поселига (Паселічы). Адсюль вынікае, што "Описание" нельга выкарыстоўваць як аўтэнтычную крыніцу па нецаркоўных пытаннях, але толькі ў спалучэнні з іншымі, больш грунтоўнымі.
Не мае падставы сцвярджэнне аўтара ГіВБ пра пабудову ў 1863 г. мураванай Пакроўскай царквы "на месцы старой драўлянай". Звесткі 1860 г. і 1865 г. адпаведна праваслаўных архіепіскапа Міхаіла Галубовіча ды брагінскага благачыннага Максіма Ярэміча пераконваюць у тым, што мураваны будынак у цэнтры мястэчка першапачаткова ўзводзіўся як касцёльны, драўляная ж царква стаяла тады недзе ў іншым месцы (гл. матэрыял "Прозараўскія мясціны ў Хойніках" ў раздзеле "Адметныя мясціны..."). І сядзібны дом Аўраамавых пабудаваны ў пачатку XX ст. не ў цэнтры Хойнік, якім тады была Базарная плошча (каля "Замка"), а за паўвярсты ад яго на месцы былой сядзібы Валокі (Увалокі).
Нямала памылак у вызначэнні часу, умоўна кажучы, першай згадкі пра населеныя пункты. Да прыкладу, для Рудакова і Краснаселля названа XVIII ст., для Звяняцкага і Чахоў – XIX ст., для Мокіша – 1844 г., хоць Чахі фігуруюць у акце Оўруцкага гродскага суда 1687 г., сяло Веляцін, востраў Рудакоў, "дварэц" Высокае запісаныя яшчэ ў грамаце 1574 г., складзенай для князёў-братоў Аляксандра і Міхаіла Вішнявецкіх. Краснаселле, як высветлілася, мела пачатковую назву Кузцоўцы (Кузніцоўцы?) або "село Кузцовское" (1556 г.), а "люди кузцовские", прыналежныя да маёнтку князя Дзмітрыя Любецкага і жонкі яго Фенны, згаданыя ў судовай скарзе ад 24 кастрычніка 1550 г. Назву "село Красносельское" або "Красноселе" атрымала пры панах Харлінскіх; у выпісцы 1603 г. з гродскіх кніг Кіеўскага ваяводства чытаем тлумачэнне ўсяго: "...з ыменем его млсти п. Харлинского (Мікалая) Кузницовцами, новопрозываемым Красноселем...". Пазней тое сяло, разам з Мокішам названае ў сувязі з бітвай пад Загаллем 1649 г. Звяняцкае ж, як і Валокі, – у "Люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага і Жытомірскага паветаў” 1683 г. Адзін Варацец, хутар Яна Канецпольскага, сапраўды згаданы ў 1687 г. Але яшчэ ў 1581 г. названа аднаімённае паселішча Шчаснага Харлінскага. І пазней, як ужо зазначана, існавалі два Варатцы – прозараўскі (былы Харлінскага) і аскеркаўскі (былы Канецпольскага).
Нібыта з XVIII ст. вядомыя Дворышча, Дронькі, Малочкі, Стралічаў і Храпкаў. Але Дронькі (няхай і не сяло, а востраў) разам з востравам Кажушкі і сялом Лісцвін прысутнічаюць у абмежавальным акце 1512 г., а Малочкі – у прывілеі 1671 г. Слабоды Стралічаў і Паселічы, паводле А. Ябланоўскага, значацца сярод уладанняў паноў Харленскіх ужо ў 1581 г., Дворышча і Храпкаў – у 1600 г., Карчовае і Рашаў вядомыя не з XIX ст., а адпаведна з 1600 і 1618 г. Да XIX ст. аўтар энцыклапедыі памылкова аднёс першыя звесткі пра Грачыхіна (Багуславец), Віць (Гноеў), Клівы, Плоскае, Руднае, Уласы. Але Гноеў падараваныя каралём Стэфанам Баторыем пану Давыду Есману яшчэ ў 1585 г. Клівы (Клевы) згаданыя ў рэвізіі Мазырскага стараства 1560 г. Інфармацыя пра Багуславец найраней сустрэлася нам у лацінамоўных метрычных кнігах Юравіцкага касцёла пад 1794 г. Вёскі Казялужжа і Небытаў вядомыя з 1618 г. Плоскае названае як аднадворнае паселішча ажно ў 1581 г., а Руднае як wieś Rudki або wieś Rudnaja – адпаведна ў 1600 і 1623 г. Уласы вядомыя, прынамсі, з 1600 г., Лясок існаваў не з 1920-х гг., бо згаданы як селішча Лыскаўшчына ажно ў 1516 г., калі нават Пагоннае было толькі "зямліцай пагоннай".
Сяло Тульгавічы ў 1506 г. было падаравана не "царкоўнаму служачаму”, а будучаму ўдзельніку мяцежу князя Міхала Глінскага князю Васілію Мунчы. І гэта на сёння самая ранняя згадка пра населены пункт Хойніцкага раёна. Сёлы Аравічы, Баршчоўка, Масаны вядомыя не з 1570-х гг., Пагоннае не з XVIII ст., бо ўсе яны названыя ў памятным запісе 1526 г. ігумена Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя. Блізкі да іх Радзін вядомы ў пісьмовых краніцах не з XIX ст.; ужо ў 1563 і 1581 г. ён належаў кіеўскаму Пячорскаму манастыру.
Дзіўна, аўтар ГіВБ карыстаўся матэрыяламі рэвізіі 1795 г. (напрыклад: Ф. 333. Воп. 9. Спр. 58), але не менш патрэбную справу 59 чамусьці праігнараваў. У іншым выпадку не атрымалася б так, што названыя ў ёй Куравое (Слабада Куравая), Рудзенька, Слабажанка (Слабада Княжыца), Хвойнае запісаны ў XIX ст., як і Дубровіца, вядомая з перапісу яўрэйскага насельніцтва 1765 г.
Сустракаецца ў энцыклапедыі і атаясамліванне аднаімённых ці з сугучнымі назвамі паселішчаў розных рэгіёнаў або розных частак аднаго рэгіёна. З такой менавіта прычыны "пашанцавала” хойніцкаму Малішаву, які вядомы нібыта яшчэ з XV ст. Але ён хутчэй за ўсё пераблытаны з паселішчам Малешаў (Малішаў), што знаходзіцца паміж Туравам і Давід-Гарадком, бо толькі апошняе пазначана на карце М. Спірыдонава, хоць на ёй было дастаткова месца і для нашага.
Хойніцкае сяло Малешаў адпісана Шчасным Харлінскім сыну Мікалаю ў 1600 г. Але ў інвентары Астраглядаўскага маёнтка 1698 г. Малешаў разам з Карчовым і Гарошкавам ды нейкімі Мікалаеўкай і Клешчаўкай пазначаны як wsi puste. У 1721 г. населеная вёска Карчовае яшчэ не згадваецца, аднак, вядома што там, як у Навасёлках і за мілю ад Вялікага Бору існаваў млын. Пра вёску Малішаў з яе 15 дварамі сялян і 10 дварамі баяр (тут: асабіста вольных чыншавікоў) ёсць інфармацыя ў рэвізіі 1795 г.
Нешта падобнае, мяркуем, здарылася і ў выпадку з Барысаўшчынай. Складаецца ўражанне, быццам на яе перанесеныя звесткі, знойдзеныя ў крыніцах XVI ст. пра Барыскавічы (Барысавічы) ў сучасным Мазырскім раёне. У каралеўскім прывілеі 1580 г. шляхцічу Стэфану Лавейку названыя маёнткі Барысавічы, Патачышча, Тульгавічы, Зіновішча і Гарбавічы. Тульгавічы тут безумоўна нашыя, але атаясаміць Патачышча з Паташняй, як і Барысавічы з Барысаўшчынай цяжка: не маглі ў тыя часы маёнткі цясніцца на такой невялікай тэрыторыі! Побач яшчэ мястэчка Загалле – будучы цэнтр староства, да якога ў XVII – XVIII стст. належалі вёскі Старое Загалле, Гноеў, Клевы, Казялужы, Небытаў. Прынамсі з пачатку XIX ст. на яго землях вядомая і шляхецкая аколіца Паташня (назву запазычыла ад папярэдняй буды?). А вось мазырскія Барыскавічы, Зімовішчы і Гарбавічы (усе змешчаныя на карце М. Спірыдонава) знаходзяцца на дастатковай адлегласці, каб быць асобнымі маёнткамі аднаго ўладальніка. Бясспрэчна наша Барысаўшчына выступае пад назвай "sioło Borysewicze"у размежаванні Мазырскага павету ВКЛ і Кіеўскага ваяводства Кароны 1622 г., калі яна належала мазырскаму войскаму пану Храпавіцкаму з жонкай.
Наш пасёлак Града, які знаходзіўся паміж Дронькамі, Пагонным і Аравічамі (тэр. Дзёрнавіцкай вол. у парэформенны час) у ГіВБ атаясамлены з вёскай Града Юравіцкай воласці (Калінкавіцкі р-н), а хойніцкі пасёлак Дуброва (тэр. Юравіцкай вол.) – з аднаімённай вёскай* Дзёрнавіцкай воласці, што на Нараўляншчыне. Адпаведна на іх перанесеныя звесткі пра вёскі з XIX ст., як быццам аўтару невядома, што пасёлкі ўзнікалі на былых фальваркавых землях і час заснавання іх рэдка выходзіў за мяжу XX ст.
Пра Маклішча і Міхалёў (з 1929 г. Нарыманаў) ёсць звесткі 1796 г., а не толькі сярэдзіны XIX ст. і пазней. Двор Міхалёў, да якога належалі вёскі Старч, Муціжар і Маклішча, атрымаў сваю назву ад імя ўладальніка – Міхала, сына Багуслава, Аскеркі. Старч названы ў радаводнай справе Аскеркаў у ліку паселішчаў, прыналежных Багуславу, а той памёр яшчэ ў канцы XVIII ст. І Глінішча вядомае не з XVIII ст., бо ў 1658 г. ім валодаў мазырскі харунжы Рыгор Круневіч, што засведчана ў дакуменце Літоўскай метрыкі. Раней, чым у XIX ст., з’явілася Тульгавіцкая Рудня: ў кнігах Юравіцкага касцёла яна згадана пад 1790 г. Берасцечка вядомае ў крыніцах не з другой паловы, а прынамсі з 40-х гг. XIX ст.
Алексічы ў 1568 г. знаходзіліся ў валоданні братоў Круневічаў, а не Ф. Кміты, а Судкоў, насуперак энцыклапедыі, у інвентары 1721 г. адсутнічае. Верагодна, ён пераблытаны са Стралічавам. У шляхецкай рэвізіі 1811 г. побач з Паташняй названа аколіца Сачкоў (Шацкоў?), якая знаходзілася ў межах Загальскага староства, г. зн. на казённых землях. Суцькоў пазначаны на генеральнай карце для канца XVIII ст. у другім томе Вялікага гістарычнага атласа Беларусі.
У матэрыяле пра Лісцвін канца XIX ст., акрамя вёскі і фальварка, згадана аднаімённая аколіца, а ў дачыненні да Мархлеўска сказана, нібы заснаваны ён у пачатку XX ст. Але ж Мархлеўск – гэта і ёсць былая аколіца Лісцвін, якую Я. Н. Рапановіч чамусьці запісаў у сваім слоўніку "слабадой”. Нам засценак (тут: адпаведнік аколіцы) Лісцвін сустрэўся ў метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла 1876 г., а ў запісах А. М. Зелянкоўскага – пад 1874 г.
Вёска Дворышча Вербавіцкага с /c Нараўлянскага р-на ўскосна атаясамлена з хойніцкай, бо на 1811 г. названа ўладаннем Прозараў. Але апошнія, у адрозненне ад сваіх суседзяў, паноў Аскеркаў і Горватаў, ніколі не мелі "добраў” на Нараўляншчыне.
Каралін (былы фальварак Карнэліянаў) у Паселіцкім с/с, угоддзі якога ў парэформенны час маглі належаць толькі да Мікуліцкай воласці, атаясамлены з аднаімённым фальваркам воласці Юравіцкай (у межах Калінкавіцкага р-на, на паўднёвы захад ад Тунеўшчыны), а пасёлак Чырвоны Араты (Двор = фальварак Карчовае) у тым жа Паселіцкім с/с зблытаны з аднаімённым пасёлкам, створаным пры землеўпарадкаванні сяла Губарэвічы. Абодва Чырвоныя Аратыя пазначаныя на тапаграфічнай карце Генштаба РККА 1929 – 1934 гг.
Жыхарам Чырвонай Нівы, Настолля і Будаўніка (няхай у апошнім усяго адзін двор!), мяркуем, крыўдна будзе даведацца, што іх паселішчы, як названая побач Пальміра, сёння "не існуюць".
Пэўна, у гэтым крытычным матэрыяле названыя хіба тыя памылкі, якія мы былі ў стане заўважыць, абапіраючыся на ўласныя звесткі. Мяркуем, аднак, іх дастаткова, каб прызнаць доўгачаканую энцыклапедыю не вельмі надзейнай, хоць і небескарыснай наогул. Відавочна, выданне атрымалася б больш грунтоўным, калі б яго рыхтаваў не адзін спецыяліст (сёння, на жаль, нябожчык), а цэлая група і пры абавязковых кансультацыях з гісторыкамі раёнаў, якім яно прысвечана.
*У гэта цяжка паверыць, але нараўлянская Дуброва пераблытаная з Дубровай… Крукавіцкай воласці Рэчыцкага павету (сённяшняя Петрыкаўшчына), а тая, у сваю чаргу, – з таксама петрыкаўскай, але Капаткевіцкай воласці Мазырскага павету Дубровай! Такім чынам, аўтар падаў памылковую інфармацыю ажно пра чатыры аднаімённыя паселішчы трох адміністрацыйных раёнаў вобласці.
С. Бельскі
†Астатнія абнаўленні гл. на адпаведных старонках тарашкевіцкай вікі.