Четверг, 25.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Ліхтэрня або Лентэрня 
(кастрычнік 2006 г.)
     Гартаючы падшыўку раённай газеты пяцігадовай даўнасці ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы, натрапіў на матэрыял краязнаўца з Віцебску К. С. Карнелюка "Была сядзіба Ліхтэрня...” (нумар "ЛС" за 3. ІІІ. 2001). Аўтар, паводле яго слоў, даўно працуе над "Слоўнікам назваў зніклых паселішчаў Беларусі”. Напэўна, тут можна казаць і пра зніклыя назвы, бо некаторыя вёскі і пасёлкі, згаданыя віцебчанінам, працягваюць існаваць, хоць і завуцца па-іншаму. Напрыклад, вуліца Чырвонаніўская г. Хойнікі, а раней пасёлак Чырвоная Ніва – гэта, як піша сам аўтар, даўнейшая сядзіба Ліхтэрня, перайменаваная ў 1930 годзе.
     Звестка, як лёгка зразумець, узятая з кнігі Я. Н. Рапановіча "Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці” (Мінск, 1986. С. 100, 181). Але ў выданні "Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць”, галоўным аўтарам якога выступіў былы дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі С. В. Марцэлеў, пад назвай Чырвоная Ніва пададзены ажно два паселішчы – у Брагінскім і Хойніцкім раёнах (адпаведна: Мінск, 2004. Т. 1. С. 115 і 2005. Т. 2. С. 429). Як тут быць?
     Нічога пакуль не магу сказаць пра мінулае брагінскай Чырвонай Нівы (Малажынскі с/с, 12 км ад Брагіна, 40 км ад чыг. ст. Хойнікі). Пэўна, Я. Н. Рапановіч не яе меў на ўвазе, калі паставіў кропку з коскай перад узятай у дужкі Ліхтэрняй, бо пачаў ужо пісаць пра хойніцкую Чырвоную Ніву. І вось пра апошнюю ў "Списке населённых мест Минской губернии” (Сост. В. С. Ярмолович. Минск, 1909. С. 105.) паведамляецца як пра аднадворны хутар з назвай Лентэрня і 28 жыхарамі, размешчаны ў Хойніцкай воласці за 1 вярсту ад яе цэнтра. Апрача гэтага, мне яшчэ толькі двойчы даводзілася сустракаць згадкі пра нашу Чырвоную Ніву, але і іх дастаткова, каб засумнявацца ў слушнасці формы Ліхтэрня. У аднадворскай рэвізіі 1845 г. яна названа фальваркам Лентэрні (яны) паноў Прозараў, у якім жыў Вікенці, сын Марціна, Стэфановіч [НГАБ у Мінску. Ф. 333. Воп. 9. А. з. 587. А. 69 адв.], а ў шляхецкай рэвізіі 1811 г. запісана, што фальварак Linterny з вёскай хойніцкай Забалацю ў маёнтку тых жа паноў трымаў арэндным правам ротмістр Берасцейскага павету Ваўжынец Балашэвіч [Тамсама. А. з. 263. А. 3].
     Зразумела, што не даведаўшыся пра старую назву брагінскага паселішча, нельга адмаўляць існаванне тапоніма Ліхтэрня наогул, але сугучнасць яго з Лентэрняй (Лінтэрняй) і значнае падабенства абрысаў рукапісных "х” і "н” нявольна падштурхоўваюць да такога меркавання.
Паходжанне тапоніма Лянтэрня
(красавік 2007 г.)
    У папярэднім матэрыяле пра колішнюю назву пасёлка Чырвоная Ніва (сёння – раён вуліц Чырвонаніўскай і Новабудаўнічай г. Хойнікі) мною выказана меркаванне, нібы тапанімічная форма Ліхтэрня магла з’явіцца ў "Слоўніку…” Я. Н. Рапановіча з-за недакладнага прачытання рукапіснай крыніцы, у выніку якога "н” было прынятае за "х” (ЛС. 4. X. 2006). Відавочна, яно памылковае. Я проста не дапусціў магчымасць таго, што аўтар, прафесійны мовазнаўца, які і Хойнікі ў кнізе 1986 г. запісаў Хвойнікамі, а раён Хвойніцкім, паспрабаваў абеларусіць "чужую” назву, зыходзячы як быццам з бясспрэчнага тэзіса: першапачатковыя формы тапонімаў ствараюць мясцовыя жыхары і, што натуральна, абапіраючыся на ўласную моўную традыцыю. Не выключана таксама, што гэта было зроблена раней, у часы беларусізацыі, бо ў "Беларуска-расійскім слоўніку” М. Байкова і С. Некрашэвіча (Менск, 1925. С. 159) мы сустракаем тэрмін "ліхтарня – светоч, фонарь”. Але на пачатку XX ст. у рускамоўным выданні "Список населённых мест Минской губернии (Минск, 1909. С. 105) назва паселішча гучала яшчэ як "Лентерня”. Па-беларуску яе можна перадаць (не перакладаючы) формай "Лянтэрня”.
     Нагадаем, што ці не ўпершыню звесткі пра паселішча сустракаюцца ў рэвізіі 1811 г., калі фальварак Лінтэрны з вёскаю хойніцкай Забалацю маёнтку паноў Прозараў, трымаў арэндным правам Ваўжынец Балашэвіч. Што значыць гэтая назва і ў сувязі з чым яна нададзена фальварку?
     Лацінскае слова "lanterna” і вытворныя ад яго італьянскае "lanterna”, французскае "lanterne”, англійскае "lantern”, а таксама крыху перайначанае ў польскай мове даўнішняе запазычанне "latarnia” азначалі тое самае, што і беларускае "ліхтарня” ў названым вышэй слоўніку М. Байкова і С. Некрашэвіча (агульнаўжыванае сёння слова "ліхтар”, як польскае "lichtarz”, мела значэнне "падсвечнік”). Галоўным жа для адказу на пытанне з’яўляецца тое, што існуе яшчэ архітэктурны тэрмін "lanterna”. Так называецца круглая ці шматгранная ў сячэнні надбудова з аконнымі праёмамі над дахам, як і зашклёная частка даху, прызначаная для натуральнага верхняга асвятлення памяшкання (залы) або купала.
     Відавочна, будынак з лянтэрнай (на здымку гэтай капліцы яна размешчана паміж дахам і купалам) дамінаваў над іншымі ў тым панскім фальварку, быў найбольш прыкметным з боку "Замка” і мястэчка, з-за чаго паселішча і атрымала сваю назву. Калі мець на ўвазе, што яна нададзена людзьмі, якія штодня ўжывалі пераважна польскую мову, пачатковай формай мусіць быць Лянтэрня (Lanternia). Пазней пры запісе з чыіхсьці слоў па-польску і па-руску яна перайначвалася. Так з’явіліся варыянты Linterny, Лентерни, Лентерня. Ліхтэрняй, на маю думку, паселішча мог назваць чалавек з адукацыяй філолага, зацікаўлены ў беларусізацыі і толькі ў XX ст.
      Зразумела, апошні тэзіс нельга лічыць даказаным, але ён і небеспадстаўны.
Зноў пра назву "Лянтарня" або Канец пакутам
 (люты 2011 г.)
      Летась да Дня беларускага пісьменства пабачыла свет  кніга "Хойнікшчыны спеўная душа. Народная духоўная культура Хойніцкага краю. Фальклорна-этнаграфічны зборнік" (Мінск, 2010). Адным з яе аўтараў выступіла дацэнт ГДУ імя Ф. Скарыны Н. А. Багамольнікава. У матэрыяле "Пра што гавораць нам тапонімы" яна выказала па тэме літаральна наступнае [С. 290]: "У мяжы г. Хойнікі знаходзіцца в. Чырвоная Ніва*, якая мела першапачатковую назву Ліхтэрна. Ёсць звесткі, што ў вёсцы раней жылі продкі немцаў-арандатараў, якія, відаць, наладзілі вытворчасць ліхтэрняў – ліхтароў (ад ням. Licht ′святло, асвятленне′). Па іншай версіі, асновай магло быць галандскае слова lichter ′невялікае судна, прызначанае для пагрузкі, разгрузкі, перавозкі грузаў па рэках′; спасылка на кнігу В. П. Лемцюговай "Тапонімы распавядаюць” [Мінск, 2008. С. 227]".
      Прыведзеная "іншая версія" ў нашым выпадку выглядае недарэчнай, а вось адносна пражывання ў наваколлі Хойнік немцаў і аб тым, у якой  форме выступала і з якой мовы паходзіла першапачатковая назва будучай Чырвонай Нівы варта дадаць некалькі слоў.  
    Папярэдне заўважым, што ў ГДУ вельмі плённа даследуецца тэма нацыянальных меншасцяў на Гомельшчыне. Асабліва актыўна гэтым займаецца дацэнт катэдры гісторыі Беларусі В. П. Пічукоў. Але вывучэнню падлягае, галоўным чынам, сітуацыя, што існавала ў XX ст. У лінгвістаў жа, як заўсёды,  узнікаюць праблемы з храналагічнай прывязкай іх высноваў і дапушчэнняў.   
     Двойчы  даводзілася  ўжо пісаць пра тапонім Лянтэрня/Ліхтэрня (польск. Latarnia) [гл. вышэй]. Што новага? Не ведаем крыніцы, з якой бы вынікала, што ў тым фальварку XIX ст. жылі немцы, але, пэўна, не яны надалі яму назву. Паводле Юзафа Антонія Ролле, які працаваў з запісамі самога Караля Прозара, у ліпені 1794 г. абозны хаваўся ад расійскіх вайскоўцаў на ўскрайку пушчы ў леснічоўцы, званай мясцовымі жыхарамі latarnią.  А як гэта зусім блізка ад Хойнік, дык хутка месца яго сховішча  наведаў паліцэйскі камісар (або "жаўнеры” М. Дубецкага са спасылкай на Зофію Аскерчанку) і сыну сенатара Рэчы Паспалітай, заросламу, апранутаму па-сялянску ў сярмягу, але з пісталетамі ў кішэнях і са стрэльбай за плячом, давялося тэрмінова ратавацца [Dr. Antoni J. Opowiadania historyczne. Serya trzecia. T. 1. Karol Prozor, ostatni oboźny litewski. Warszawa, 1882. S. 33]. Магчыма, былую леснічоўку К. Прозар і ператварыў у фальварак дзеля ўласных добрых успамінаў. Адно бясспрэчна: назва абумоўлена не вытворчасцю ліхтароў, а тым, што святло леснічоўкі і пазнейшага фальварка добра відаць з боку мястэчка, тым болей, што побач тады не было ніякага іншага жытла.
      Дарэчы, на ваенна-тапаграфічнай карце Мінскай губерні 1850 г. (гл. здымак) па-руску запісана "Ф. Лянтарня", г. зн. так, як назвалі паселішча афіцэрам-картографам мясцовыя жыхары пры іх апытанні.
      Здаецца, нарэшце пакуты з высвятленнем паходжання тапоніма скончыліся. 

      * Усё ж не вёска, а пасёлак, бо ўзнікла на месцы былога фальварка не раней, як у 20-я гг. XX ст.
С. Бельскі
 
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024