Пятница, 26.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
      Мяне вывелі ў спальню салон-вагона, пакінулі аднаго, каб я "серьёзно подумал” і "начал всё рассказывать”. Тут яшчэ болей мяне ўразіла раскоша аксамітавых сцен і столі, мяккіх карпэтаў падлогі, шырокіх скураных кушэтак… Усё проста крычала: якія царскія выгоды для "слуг народа” ў параўнанні з убогай дашчана-цвярдой і цеснай няўтульнасцю для "гаспадароў краю”.
     Гадзіны праз дзве-тры мяне прывялі назад. І дзеля таго, што я "не загаварыў”, Каравін спыніў допыт:
     – Ну, добра, – сказаў ён. – Пра ўсё гэта мы яшчэ пагаворым. Будзем мець час… Ведаеце, у чым вы абвінавачваецеся?
     – Не, не ведаю.
   Ён адгарнуў лёгкую шэра-сіняватую вокладку, якая ляжала перад ім на стале, і паволі пачаў чытаць: "…в принадлежности к белорусской антисоветской националистической организации Альтруистов, которая ставила своей целью подготовку контрреволюционного восстания для свержения советской власти и отторжения Советской Белоруссии от СССР”. Ад сябе дадаў:
    – Нам ведама, што вы – кіраўнік гэтай арганізацыі, якая дзейнічала на тэрыторыі Хойніцкага, Брагінскага, Лоеўскага і некаторых іншых раёнаў, дзе гэтымі днямі праведзеныя арышты вашых саўдзельнікаў.
   Каравін паклаў з майго боку стала два экзэмпляры прачытанага ім машынапіснага тэксту і прапанаваў мне падпісаць іх унізе, пад словамі "Обвинительный акт мне объявлен”. Кожны экзэмпляр абвінаваўчага акту я перачытаў і ў патрэбным месцы падпісаўся.
    Па дарозе ў Гомель
    Пасля допыту мяне павялі ў суседні вагон, у купэ, у якім я спаткаў маіх блізкіх сяброў – Я. Кузьменку, А. Сталовіча і Я. Лантаса.
   Па дарозе да гэтага купэ, у тым жа вагоне, я ўбачыў шмат іншых знаёмых і незнаёмых мне людзей. Усе купэ вагона, дзе яны сядзелі, былі адкрытыя да праходу. У праходзе, пры вокнах ад станцыі, стаялі канваіры.
    Арыштаваныя былі падзеленыя на групы, ізаляваныя адна ад аднае, і канваіры не дазвалялі ім пераходзіць з купэ ў купэ ці хоць бы перамаўляцца паміж сабою.
    Наш вагон – сярэдні. Спераду ад яго – яго салон-вагон, ззаду – вагон для жаўнераў.
    Неўзабаве да іх дачапілі колькі таварных, і цягнік крануўся ў дарогу.
    Пад ягоны гул т грукат, упаўголаса ці шэптам, каб нас не мог чуць канваір, мы пачалі гутарыць. Кожны з нас расказваў пра акалічнасці арышту, хто і дзе арыштаваны. З гутарак высветлілася, што Каравін па прыбыцці з жаўнерамі на станцыю Хойнікі і мабілізацыі сабе ў дапамогу раённых ГПУ і міліцыі ў Хойніках, Брагіне і Лоеве, 19-га мая зранку дзве групы накіраваў у Брагін і Лоеў, а трэцюю ўначы з 20-га 21-е – у Бабчын і іншыя пункты Хойніцкага раёна. Я. Лантас (які як сябра цэнтра ўвосені 1929 г. быў камандзіраваны з Бабчына на навуку ў Брагінскі кааператыўны тэхнікум, дзе былі сябры арганізацыці) расказваў, што ў Брагіне 19-га ГПУ і міліцыя пад заканчэнне лекцый з’явіліся ў тэхнікум. Яму ўдалося ўцячы. Ён спяшаўся ў Бабчын, каб папярэдзіць аб арыштах, але на мяжы Хойніцкага раёна, на дарозе каля сяла Астрагляды быў пераняты і арыштаваны.
   Арыштаваных у нашым вагоне было 47 асобаў – студэнтаў, настаўнікаў, службоўцаў, былых вайскоўцаў і сялян. З Хойніцкага раёна я блізу ўсіх знаў асабіста. З Брагінскага і Лоеўскага "незнаёмых”, пра якіх я толькі чуў (ці нават і не чуў) назвалі Я. Лантас і Я. Сталовіч. Гэта былі (чые імёны я дагэтуль памятаю): з Хойніцкага раёна – Яўген Сталовіч, Васіль Рудчанка, Адам Зелянкоўскі, Мікола Новік, браты Васіль і Апанас Курыленкі (усе з Бабчына), Янка Кузьменка (Паселічы), Васіль Лантас (старэйшы брат Яўгена - Хойнікі), Алесь Грыгаровіч і Яворскі (Барысаўшчына; ці мо ўсё ж – Загалле? – С. Б.), Сцяпан Кузьменка, Валянцін Турчын і Міхаіл Курыленка (Стралічаў), Пятро Дзянісенка (Рудакоў); з Брагінскага раёна – у пераважнай большасці студэнты кааператыўнага тэхнікума з Яўгенам Лантасам, рэшта – з сёлаў Крыўча, Вуглы і інш.; найлепш запомніліся партызанскі кіраўнік у 1919 – 20 гг. на абшары Брагінскага, Лоеўскага і Камарынскага раёнаў Язэп Валасенка з сынамі (адзін з якіх – студэнт Брагінскага тэхнікума, а другі – Кіеўскага універсітэта) і былы эсэр Канчар; з Лоеўскага раёна – Лявон Балой, сакратар раённага суда, перабежчык з Заходняй Беларусі.
    У далейшых гутарках мы зноў вярнуліся да пытаня – адкуль ідуць арышты? Дзе шчыліна ў нашай канспірацыі? Пісьмовай дакументацыі мы амаль не вялі Унутраную сувязь мелі выключна жывую і вусную. Высачылі нас пры распаўсюджванні адозваў і лозунгаў, якія мы клеілі на тэлеграфныя слупы па дарогах, на сцены і дзверы "сельпо”, клубаў і розных установаў, клалі ў сялянскія вазы на рынках і кірмашах? Не, не падобна на тое. Хутчэй за ўсё шчыліна дзесьці ў іншым месцы.
    – Ці не здаецца вам, – звярнуўся я да сяброў, – што ў нашым асяроддзі можа быць здраднік або падасланы правакатар?
    – Зусім не выключана, – згадзіліся яны. – Але выкрыць яго, калі гэта наогул мажліва, не будзе так лёгка.
    Цягнік ішоў усю ноч. Плаўнае калыханне вагона, манатонны гул колаў, бяссонная папярэдняя ноч перамаглі ўзбуджанасць і хілілі да сну.
    Раніцою 22-га мая цягнік прыйшоў у Гомель. На ўзбоччы перона нас вывелі з вагона, пастроілі па чацвёра ў калону, абступілі жаўнерамі. Начальнік канвою выйшаў уперад і прачытаў сваю"малітву” (якую мы пачулі ўпершыню, а пазней чулі яе на ўсіх этапах, штодня ў лагерах пры вывадзе на працу і з працы, дзеля чаго і завучылі на памяць).
    – Внимание, колонна! По пути следования не растягиваться. Не разговаривать и не подавать никаких знаков. Не оглядываться назад и не смотреть по сторонам. Шаг вправо, шаг влево будут считаться попыткой к побегу и без предупреждения будет применено оружие…
    На слове “оружие”шчоўкнула колькі дзесяткаў затвораў. (Гэта канваіры, прыўзняўшы ўгору рулі стрэльбаў, заганялі ў іх з абоймаў патроны.)
    – Шааа-гом ааарш – закончыў “малітву” начканвою.
    І менш люднымі вуліцамі нас пагналі ў ГПУ…
                                                                                                 *****
   Акрамя іншага, Я. Калубовіч пісаў: “Урадавай статыстыкі “раскулачаных” не было. Дзеля таго мы пачалі разважаць так. У Хойніцкім, Брагінскім, Лоеўскім і суседніх раёнах беларускага Палесся – усюды, дзе мы бачылі на ўласныя вочы – у кожным сяле, “раскулачвалі” кожны 5-15 двор, ці ў сярэднім не меней за 10% двароў. Мы ўзялі таксама пад увагу 20% хутароў, якія шмат дзе раскулачваліся ўсе пагалоўна, бо хутар, паводле камуністычных паняццяў – гэта ж і ёсць “кулацкая” гаспадарка…”
    Канкрэтна мы ведалі, што з Хойніцкага раёна на Котлас увосень 1929 г. і ранняй вясною 1930 г. адышлі 2 эшалоны “раскулачаных”. У кожным эшалоне 30 таварных вагонаў, а ў вагон з рэчамі ўціскалі па 40 асобаў, 1200 у адным эшалоне, 2400 – у двух. (Характэрная дэталь: у другім эшалоне былі бацькі загадчыка Хойніцкага раённага аддзела народнай асветы Караткевіча, які не змог выратаваць іх ад ссылкі. Ён прыехаў на станцыю Хойнікі развітацца з бацькамі. І, калі выскачыў з вагона, у якім яны сядзелі, зламаў нагу, пасля чаго быў яшчэ звольнены з пасады за… “сувязь з кулакамі”) [С. 39]
                                                                                                            ------------
   Дакладныя разлікі Я. Калубовіча і яго сяброў ці не зусім, але ахвяраў рэпрэсій было шмат і ў 1929 – 30 гг. У хойніцкай жа кнізе “Памяць” за ўвесь перыяд  (!) сталінскіх “чыстак” грамадства ад непажаданых асобаў названа 238 імёнаў…
     (На крыжовай дарозе. Творы з эміграцыі. Менск, 1994. С. 15 – 27)
* Яўген, сын Тодара і Марыі Калубовічаў, нарадзіўся ў мястэчку Ціхінічы на Рагачоўшчыне 5 сакавіка 1910 года. Тут закончыў пачатковую школу, пасля – сямігодку ў Рэчыцы і Бабчынскі педагагічны тэхнікум у Хойніцкім раёне. У маі 1930 г. быў арыштаваны за ўдзел у тайнай маладзёжнай арганізацыі альтруістаў (альтруізм – бескарыслівае служэнне людзям, гатоўнасць ахвяраваць дзеля іх асабістымі інтарэсамі). Тры гады пакарання адбыў у канцэнтрацыйным лагеры на Далёкім Усходзе.
Увесну 1933 г. Я. Калубовіч вярнуўся ў Беларусь, нават уладкаваўся настаўнікам пачатковай школы. Але ў красавіку 1934 г. быў звольнены. Хойніцкі РАНА прапанаваў яму непасрэдна звярнуцца ў Наркамат асветы БССР. Але – як? Урэшце дапамаглі добрыя дачыненні бацькі, бухгалтара Стралічаўскага бровара, з дырэктарам саўгаса Юрачкам, Апошні, стары камуніст, сябра Таварыства паліткатаржанаў, напісаў ліст да старшыні ЦВК БССР А. Чарвякова, якога добра ведаў з маладых гадоў. Дзякуючы гэтаму, Я. Калубовіч з 1934/35 навучальнага года працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Мінску ды вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце. Па заканчэнні інстытута ў 1939 г. займаў пасаду кансультанта-метадыста ў Наркамасвеце.
У час Другой сусветнай вайны Я. Калубовіч быў сябрам Беларускай Рады Даверу (1943), Беларускай Цэнтральнай Рады, старшынёй Беларускага культурнага згуртавання.
Эмігрыраваў у ЗША. Памёр 25 мая 1987 года.
(Звесткі Іны Каханоўскай, жонкі Я. Калубовіча, апублікаваныя ў яго кнізе "Крокі гісторыі. Дасьледаваньні, артыкулы, успаміны”. Беласток – Вільня – Менск, 1993. С. 279 – 280)
** Информационно-следственный отдел.
*** Каравульны начальнік.
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024