Четверг, 25.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
     Так скончыліся паўстанні ў Оўруцкім і Радамышльскім паветах. Рэшткі паўстанцаў, галоўным чынам, радамышлянаў, шукалі сховішча ў Мухаедаўскіх лясах у Рэчыцкім павеце. Неўзабаве пасля няўдалай бітвы пад Міхалкамі, тамсама з’явіліся і рэшткі аддзела Ф. Кеневіча. Лясы і балоты дазволілі паўстанцам пратрываць яшчэ пару тыдняў, хоць з усіх бакоў яны былі абложаныя непрыяцелем. Левы бераг Прыпяці пільна ахоўваўся; з-за боязі, каб рухі не былі перанесеныя на іншыя тэрыторыі, зліквідаваныя ўсялякія пераправы праз раку.
    Нягледзячы на тое, на правым беразе Прыпяці паўстанне яшчэ не поўнасцю згасла. Каля 18 чэрвеня пад камандай шляхціча Міхала Легензы, афіцыяліста абшарніка Ю. Крушэўскага, быў створаны партызанскі аддзельчык, які налічваў крыху больш за дваццаць чалавек з ліку дворскай службы (у асноўным – згаданага Крушэўскага, Валовіча і Кунцэвіча з Янаўкі). Пераадолеўшы некалькі дзесяткаў кіламетраў і пераправіўшыся праз Прыпяць, ён шчасліва прыбыў у наваколле Брагіна. Уначы з 18 на 19 чэрвеня Легенза прайшоў праз вёскі Шкураты і Мікулічы, імкнучыся да Хойнік; 20 чэрвеня большая колькасць паўстанцаў (верагодна, даўкамплектаваны ўсё той жа аддзел) рушыла праз Нароўлю на поўдзень.
     У пачатку чэрвеня ст. ст., у час выбуху паўстання на Палессі, у Рэчыцы знаходзіўся аддзел расійскіх салдат-інвалідаў у дваццаць з нечым чалавек, якіх узначальваў падпаручнік Міцінскі. Па атрыманні весткі аб узбраенні Аскеркаў (прычым колькасць паўстанцаў у Вадовічах падавалася ў 50 чалавек), Рэчыцкі земскі суд, за адсутнага часова спраўніка, 11 чэрвеня разаслаў эстафеты да каменданта Бабруйска генерал-лейтэнанта Берга, а таксама да чарнігаўскага грамадзянскага губернатара, просячы як найхутчэйшай дапамогі. Прасіў, каб аддзелы з Чарнігаўскай губерні маршыравалі на Рэчыцу, з Бабруйска – у наваколле Мазыра. Падпаручнік Міцінскі, які тады часова знаходзіўся з 15 салдатамі ў Хойніках, адмовіўся рухацца да Вадовічаў, дзе паўстанцы нібыта канцэнтраваліся. Бараніўся тым, што, паводле найсвяжэйшых (ад 12 чэрвеня) звестак, у Вадовічах ужо было да 300 інсургентаў, і што яго аддзел занадта слабы, каб "падстаўляць лоб” такой сіле. Міцінскі адступіў да Рэчыцы і ажно тыднем пазней, сам не пакідаючы места, наважыўся паслаць у той рызыкоўны паход 10 чалавек пад камандай падафіцэра. Але неўзабаве прыйшлі суцяшальныя для ўрадавых вайскоўцаў весткі пра бітву пад Угламі і з Рэчыцы выправілася судовая камісія да Вадовічаў; адначасова туды ж быў накіраваны аддзел падпаручніка Кітыцына, які прыбыў з Чарнігаўскай губерні.
      Вышэйзгаданая інфармацыя ўладаў аб узбраеннях паўстанцаў была вельмі перабольшаная. Рэчыцкі земскі спраўнік Карвоўскі, аб’ехаўшы ў першай палове чэрвеня ст. ст. наваколлі Прыпяці, у рапарце мінскаму грамадзянскаму губернатару, складзеным 17 чэрвеня, паведамляў пра вялікае хваляванне сярод люду і сярод шляхты чыншавай і дворскай, якое лёгка магло дайсці да выбуху, аднак, нідзе паўстанцаў не сустрэў. Пасля баёў пад Міхалкамі і Угламі яны трымаліся ўжо толькі ў Мухаедаўскіх лясах.
    У другой палове чэрвеня ст. ст. у межы абодвух паветаў увайшлі большыя расійскія сілы. Першы прыбыў з Чарнігаўскай губерні вышэйзгаданы падпаручнік Кітыцын, які некалькі дзён бяздзейна правёў за Дняпром, насупраць Лоева. Каля 20 чэрвеня, на распараджэнне рэчыцкага спраўніка, рушыў адтуль у накірунку Барбарова з мэтай захапіць магчыма яшчэ быўшых там паўстанцаў. На загад генерала Красоўскага, начальніка штаба 1-й арміі, у Рэчыцкім павеце з’явіўся палкоўнік фон Брадке, камандзір Барысаглебскага уланскага палка, які папярэдне стаў у Чарнобылі, а потым меў намер праз Ладыжычы, Савічы і Хракавічы ісці да Лоева. Мазырскія ўлады прапанавалі яму стаць у Брагіне або ў Хойніках. Але побыт вышэйзгаданых аддзелаў у Мінскай губерні ў хуткім часе стаў непатрэбным, таму што каля 20 чэрвеня на памежжы Мазырскага і Оўруцкага паветаў з’явіўся прыйшоўшы з Бабруйска камандзір 23-га палка стральцоў падпалкоўнік Туталмін, які распачаў энэргічныя дзеянні. Высланы ім ротмістр Чугуеўскага палка уланаў Башкірцаў (II-гі) 25 чэрвеня каля вёскі Рудні Сітаўкі ў Мухаедаўскіх лясах (ужо на тэрыторыі Оўруцкага павета) даў бой, у якім паўстанцы былі рассеяныя********. Страты забітымі і параненымі, відавочна, не былі значныя (сярод іншых загінуў М. Легенза), але частка паўстанцаў трапіла ў палон. Вязні былі змешчаныя ў Мазырскую і іншыя турмы. Пасля бітвы частка паўстанцаў, якія здолелі выратавацца, з’явілася да ўладаў (пераважна да Туталміна), просячы аб амністыі; пакінулі краіну, падобна, вельмі нямногія.
    Невядома, ці ўдзельнічаў у бітве Фелікс Кеневіч. Можна дапусціць, што яшчэ раней ён пакінуў Палессе, каб адправіцца да Варшавы, дзе ў жніўні таго года ўвайшоў у сейм як пасол ад Мазырскага павета. Не ведаем таксама нічога пра колькасць інсургентаў, якія бралі ўдзел у бітве. Змучаныя бадзяннямі, расчараваныя няўдачамі, вынішчаныя ў папярэдніх сутыкненнях, напэўна, яны ўжо не былі добра арганізаванай групай. Ведаем толькі, што разам з іншымі быў разбіты аддзел Бараноўскага, у склад якога ўваходзілі паўстанцы М. Легензы.
     Паўстанне ў нашых краях было цалкам падаўленае. Некалькімі днямі пазней, 1 ліпеня, палкоўнік фон Брадке мог данесці з Брагіна Рэчыцкаму земскаму суду: з прычыны таго, што ў павеце ўжо няма паўстанцаў, на наступны дзень ён яго пакідае. Для канчатковага замірэння абодвух паветаў заставаўся надалей толькі падпалкоўнік Туталмін.
    Такім чынам, можна зрабіць выснову, што паўстанцкі рух 1831 г. хоць і закрануў наш рэгіён, але не набыў значнага размаху, падобна як у паўночна-заходняй Беларусі, Літве і асабліва ў Польшчы. Вельмі нясмелыя, прытым арганізаваныя занадта позна, у часы менш зручныя, яны не прывялі ні да стварэння мясцовых канфедэрацый і ўсталявання паўстанцкіх урадаў, ні нават да часовага вызвалення якой большай тэрыторыі краю ад расійскіх войск. Разбітыя ў пары сутыкненняў, яны ўжо ў сваім зародку былі цалкам задушаныя. Аднак, у адрозненне ад Польшчы, дзе ў паўстанні брала ўдзел ці не выключна шляхта, на ўсходзе Палесся нямала было сялян, сярод якіх сустракаліся і добраахвотнікі. Акрамя вайсковых аперацый, дзеля аслаблення і падаўлення руху расійскія ўлады актыўна выкарыстоўвалі рэпрэсii супраць інсургенцкіх сем’яў, а таксама подкуп тых сялян асабліва, якіх паны сілай прымусілі да ўдзелу ў паўстанні, каб яны выкрывалі і выдавалі апошніх.
-----------
* Прынамсі, вольналюбівых поглядаў сваіх абозны К. Прозар не змяніў і ў глыбокай старасці: знойдзеныя ў 1965 г. у Хойніках паўстанцкія манеты (дукат і два злотыя1831 г.), пакладзеныя ў склеп перазахаванай у 1829 г. жонкі Людвікі Канстанцыі, пераканаўча сведчаць пра тое.
** Мазырскі спраўнік Шышко знаходзіўся тады ў Оўручы. Дзеяннямі супраць паўстанцаў кіравалі падпаручнік Артабаеўскі, мазырскі гараднічы маёр Міткевіч і калежскі сакратар Карыцкі. Два астатнія, на прапанову князя Далгарукага, атрымалі чарговыя званні: Міткевіч ва ўзнагароду "за старанную службу і ўдзел у распараджэннях напярэдадні падзеяў”, Карыцкі – за ўдзел у бітве пад Міхалкамі. За ўдзел у бітве пад Мазыром тытулярны саветнік Макараў быў павышаны да звання калежскага асэсара.
*** Паводле А. Пузырэўскага, Севасцьянаў меў Пензенскі полк, 120 казакоў і 2 гарматы. У Ф. Вратноўскага памылкова пададзена, што оўручан разбіў палкоўнік Лявіцкі.
**** Шышко, калі ўспомніць яго агульную колькасць паўстанцаў, казаў пра некалькі дзесяткаў забітых, пра 300 спайманых шляхцічаў, пра адпушчаных сялян, якіх мусіла быць пару сотняў, урэшце пра тое, што з Галавінскім пайшло 300 чалавек. А М. Вратноўскі кажа, што пад камандаю Галавінскага сабралася "звыш 500 збройных ахвотнікаў”.
***** Калі б бітва пад Будай-Любаўкай адбылася адразу пасля бітвы пад Оўручам, спраўнік Шышко, безумоўна, пра яе даведаўся б, неадкладна данёс бы пра поўную перамогу над паўстанцамі і захоп Галавінскага. У адным з лістоў палкоўніка фон Брадке ёсць згадка пра сцягванне паўстанцаў, а таксама пра бітву ў наваколлі Хабна. Адбывалася яна прыкладна ў тым самым часе. Палкоўнік фон Брадке, які быў тады ў Чарнобылі, мог выслаць аддзел у наваколле Хабна, каб перашкодзіць Галавінскаму дабрацца да Беласарокі.
****** Расійскія сілы складаліся з 1-го батальёна пяхоты, 2-х эскадронаў конных стральцоў, аддзелу казакоў і 2-х гармат.
******* То былі чатыры браты Зялёнкі– Ігнацый, Генрык, Людвік і Нарцыз, а таксама Людвік Солтан, Антоній Сухавецкі, Людвік Чайкоўскі, Станіслаў Рагуцкі, Палідор Янкоўскі, Ян Івоні і Станіслаў Крамчкоўскі.
******** Башкірцаў меў 4-ты эскадрон Чугуеўскага уланскага палка і дзве гарматы конна-артылерыйскай роты № 15. У бітве пад Рудняй, апрача Башкірцава, вызначыліся: карнэт Чарнякоў (II-гі), падафіцэр Васіль Розэнбайн і Канстанцін, барон Розэн; юнкера – Мікалай Імменіцкі, Сцяпан Зубаў і Пётр Енішэрлаў – усе з Чугуеўскага уланскага палка, а таксама камандзір гарматчыкаў паручнік Смірніцкі.
Паводле Станіслава Дангэля
Dangel St. Rok 1831 w Mińszczyźnie. – Warszawa, 1925. Tom II.
Падрыхтаваў С. Бельскі
Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024