Суббота, 20.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

     Аляксандр Ярашэвіч

Пакуты Юравіцкага касцёла

    Як вядома, касцёлы езуітаў у Расійскай імперыі аднымі з першых трапілі пад канфіскацыю 1832 г. і толькі некаторыя захавалі каталіцкую прыналежнасць да 1863 года, у прыватнасці, юравіцкі. Першыя звесткі пра рэзідэнцыю езуітаў у Юравічах адносяцца да 1673 года і звязаны са з’яўленнем тут абраза Маці Божай, які неўзабаве праславіўся цудамі і карыстаўся ў ХІХ ст. вялікаю пашанаю ў навакольнага насельніцтва. Гэты абраз і прыцягнуў да сябе ўвагу духоўных і грамадскіх уладаў, тым болей, што ў 1857 г. у Мінску была перавыдадзена гісторыя яго з’яўлення і цудаў. У вялікім томе царкоўна-будаўнічых дакументаў Мінскай губерні адлюстраваная барацьба за касцёл у Юравічах адразу пасля разгрому паўстання 1863 г.

    У 1864 г. архіепіскап Мінскі і Бабруйскі звярнуўся адносна юравіцкага касцёла да М. Мураўёва, той зрабіў запыт да мінскага губернатара – па пытаннях: а) калі, кім і з чыйго дазволу быў адчынены касцёл; колькі там парафіянаў і ці нельга іх прылічыць да навакольных касцёлаў, як далёка яны знаходзяцца; б) апрача спакушэння праваслаўных прыхажанаў у лацінства, ці не прымалі кcяндзы гэтага касцёла ўдзелу ў паўстанні, а таксама ў рэвалюцыйных маніфестацыях і спяванні гімнаў, пачынаючы з 1861 года. Губернатар звярнуўся да начальніка Мазырскага павету і той падаў неабходную матывацыю. Ён напісаў, што касцёл пабудаваны езуітамі ў 1746 годзе, але "паводле падання перароблены з праваслаўнай царквы [нешта такое прыдумлялі і ў дачыненні да збудаванага Уладзіславам Прозарам нэагатычнага касцёла ў Хойніках! – С. Бельскі], адтуль жа ўзяты і абраз Маці Божай, які там знаходзіцца. У 1831 годзе кляштар зачынены за ўдзел у мецяжы, але ў 1840 г. касцёл вернуты католікам. Парафіяне – толькі навакольныя памешчыкі, іх аканомы і прыслуга, патрэбы ў касцёле няма ніякай… Ксяндзы і цяпер не прапускаюць нічога, што магло б прынізіць рускую царкву і прыцягнуць народ да іх; у мястэчку, дзе амаль усё насельніцтва праваслаўнае, руская царква наведваецца вельмі мала і збірае ў год усяго дзесяць рублёў, у той час як касцёл запаўняецца і тысячы рублёў трапляюць у маёмасць ксяндзоў. Хоць няма юрыдычных фактаў аб тым, што ксяндзы ўдзельнічаюць у мецяжы, але агульная думка прымушае моцна падазраваць іх у палітычнай ненадзейнасці"1.

 

 

    Губернатар Шалгуноў, ведаючы цану паліцэйскай інфармацыі, звярнуўся па гістарычныя звесткі ў Мінскую рыма-каталіцкую кансісторыю. Адтуль паведамілі, што пасля езуітаў парафіяй кіравалі капуцыны, у 1787 г. на іх месца прышлі дамініканцы, а ў 1799 г. па загадзе біскупа Дадэркі  бернардынцы. Тады ж імператар Павел І прызначыў ім на штогадовае ўтрыманне 112 руб. 50 кап. срэбрам. У 1831 г. парафія не зачынялася, а цяпер налічвае 1077 душ. Такія ж звесткі змешчаны ў рапарце мінскаму біскупу А. Вайткевічу ад кс. Гадэцкага, які спасылаўся на кнігу "Krynice łask cudownych…" і паведамляў, што, калі ў 1832 г. касцёл быў зачынены, парафія існавала пры капліцы на могілках, а ў 1841 г. адчыніўся касцёл, а кляштар аддалі пад плябанію. Парафія налічвае 1077 чалавек, з іх 742 – сяляне. Навакольныя касцёлы далёка: Мазыр – 23 вярсты, Кімбараўка – 19, Хойнікі – 35, Астраглядавічы – 502.

    На паўторны запыт Мураўёва Шалгуноў адправіў кампіляцыю з абедзвюх даведак, здаецца, не без іроніі ўказаўшы 1077 паноў, аканомаў і прыслугі ў адной парафіі. Але лёс касцёла быў прадвызначаны ад самага пачатку, і віленскі дыктатар прытрымліваўся толькі бюракратычнай працэдуры. 11 лістапада 1864 г. Мураўёў падпісаў загад аб закрыцці касцёла, таму што «ён ператвораны з праваслаўнай царквы, ужо закрываўся за мяцежныя дзеянні ксяндзоў і быў вернуты толькі па хадайніцтве некаторых памешчыкаў. Паводле дакладу сапраўднага стацкага саветніка Старажэнкі, у касцёле ў час нядаўніх беспарадкаў навакольныя памешчыкі і шляхта спявалі рэвалюцыйныя гімны, і апрача таго, гэты касцёл… вельмі шкодны для праваслаўя», а таксама і "ў палітычных адносінах". Для падтрымкі працэдуры перадачы касцёла праваслаўным Мураўёў накіраваў штаб-ротмістра Самарына, але прасіў мінскага губернатара "соблюсти благопристойность и осмотрительность", а таксама пакінуць у царкве цудатворны абраз. 27 лістапада 1864 г. касцёл быў зачынены і перададзены ў веданне паліцыі, а літургічная маёмасць – мазырскаму і рэчыцкаму дзекану. Аднак аўцюцевіцкі благачынны адмовіўся пераносіць іканастас са старой царквы ў былы касцёл3.

    16 снежня 1864 г. мітрапаліт рыма-каталіцкіх касцёлаў у Расіі Станевіч атрымаў з Юравічаў скаргу на скасаванне касцёла і разбурэнне яго інтэр’ера. Парафіяне аспрэчвалі аргументы Мураўёва ("з 1127 парафіянаў у адных Юравічах налічвалася 250 сялянаў"), сцвярджалі, што не ўдзельнічалі ў паўстаннні, і кс. Гадэцкі не меў да яго дачынення (некалькі вобыскаў у яго не далі ніякіх доказаў). Касцёл ніколі не быў царквою, некалькі гадоў стаяў зачынены, але паколькі заўсёды быў парафіяльным, то ў 1840 г. імператар Мікалай Паўлавіч дазволіў яго адчыніць. Жыхары з Юравічаў, Тульгавічаў і Паташні, (33 мяшчаніны і каля 120 сялянаў [сярод іх было шмат аднадворцаў асабліва з Паташні. С. Б.]), якія падпісалі скаргу, прасілі заступіцца перад царом і высокімі ўладамі4. Пісалі яны таксама ў Міністэрства ўнутраных спраў і да самога манарха, але згодна з бюракратычнай сістэмай іх скаргі адсылаліся губернскім уладам. Каб супакоіць насельніцтва, улады дазволілі адпраўляць Імшу ў капліцы на могілках, а паліцыя пачала расследаваць, хто адважыўся турбаваць асобу імператара. Ад падпісаўшых петыцыю дамагаліся пісьмовай адмовы, а селяніна Язэпа Луцкевіча за яе напісанне пасадзілі пад арышт. Жыхары зноў напісалі скаргу, але і на гэты раз безвынікова. Больш за тое, 19 ліпеня 1865 г. зачынілі і капліцу на могілках, перадаўшы старую алтарную ікону ў астраглядавіцкі касцёл (ці не "Маці Божую Снежную"?).

 

 

   Першы праект, распрацаваны ў 1865 г. памочнікам архітэктара Іванова, быў адхілены губернскім архітэктарам Скуратавым, які сцвярджаў неабходнасць новага праекта, таму што "касцёл у Юравічах з пункту гледжання памераў, прыгажосці, рэлігійнага рангу і становішча над суднаходнай Прыпяццю заслугоўвае таго, каб яго перабудавалі на выдатную царкву без вымушаных абмежаванняў" (у выдатках – А. Я.). Скуратаў сам распрацаваў два варыянты перабудовы: першы – коштам 4430 руб., з купалам на сярэдзіне даху; другі – коштам 8467 руб., апрача купала меркавалася паставіць дзве вежы ззаду, што разам з дзвюхвежавым фасадам стварала б неабходнае для праваслаўнага храма пяцікупальнае завяршэнне.

   Аднак пакуль што гэта заставалася на паперы. За два тыдні павысілі падлогу ў прэзбітэрыі, разламаўшы старую каменную; абсеклі выступы ў алтарных пілонах і бакавых алтарах, каб паставіць іканастас; адбілі і затынкавалі некаторыя дэталі бакавых алтароў. Галоўны алтар пры сцяне ў асноўным ацалеў, зламалі толькі бакавыя сходы і галерэі, якія вялі да высока размешчанага цудатворнага абраза (накшталт Вастрабрамскай капліцы). Дубовы іканастас выразаў мінскі майстар Антон Саковіч, ён жа скапіраваў у мінскім катэдральным саборы 21 абраз на дошках з залатымі фонамі, "Спас"і "Маці Божую" меўся прыслаць з Пецярбурга Бацюшкаў5. 8 верасня 1865 г. царкву высвяцілі пад назвай Нараджэння Багародзіцы пры вялікім людскім зборы, а цудатворны абраз Маці Божай быў змешчаны ў іканастасе.

   Знешні выгляд храма застаўся без зменаў. Епархіяльныя архітэктары ці праваслаўныя заказчыкі як быццам не адважваліся сапсаваць цудоўны барочны сілуэт езуіцкага касцёла. Касцёл, асвечаны ў 1746 г. Феліксам Тавянскім, уяўляў сабою трохнававую базыліку даўжынёй 36,5 м і шырынёй 20,5 м з двухвежавым фасадам. У паўднёвай вежы віселі званы, у паўночнай – гадзіннік. У 1819 г. касцёл быў накрыты жалезам. У 1821 г. яшчэ існаваў "старасвецкі" галоўны алтар, напэўна, той самы, што быў выразаны Тарасам Аршыцкім у 1729 г. і пазалочаны ў 1732 г. Стэфанам Пятроўскім. У ім знаходзіўся цудатворны абраз, а з бакоў далучаліся праз ляпніну абразы "Звестванне" і "Ахвяраванне Езуса ў святыні". Няясна, ці ацалеў ён да 1865 г. Дзесяць бакавых алтароў былі мураваныя, аздобленыя штукавай ляпнінай: Францішка Серафіцкага, Беззаганнага Пачацця, Міхала Арханёла, св. Юзафа, Францішка Ксаверыя, св. Дамініка, св.Антонія, Укрыжаванага Езуса, св. Сям’і, св. Яна Непамука6. Архітэктурныя структуры васьмі з іх былі захаваныя пры перабудове.

   У 1865 г. з’явіўся чацвёрты праект перабудовы верху, які склаў сапраўдны стацкі саветнік Бацюшкаў. Усе чатыры былі перададзены на зацверджанне ў Міністэрства ўнутраных спраў, і тэхнічная камісія на іх падставе склала новы праект, смета якога была распрацаваная ў 1874 – 1876 гг. Цікава, што праваслаўны архірэй не дазволіў разбурыць восем бакавых штукавых алтароў. Праект тэхнічнай камісіі прадугледжваў: 1) захаваць старую форму купалоў над фасаднымі вежамі; 2) каб не перагрузіць скляпенне, было вырашана не ставіць купалы на сярэдзіне царквы, а зрабіць каменны купал над алтаром. На даху меркавалася паставіць дзевяць маленькіх купалаў, каб агульная іх колькасць склала дванаццаць; 3) у бакавых навах было вырашана змяніць лучковыя вокны як "не адпаведныя характару царквы". Кіраваў работамі губернскі архітэктар Іваноў.

   Але, на жаль, у савецкі час святыню чакаў больш сумны лёс, які давёў яе да стану руіны. Так выглядае яна і сёння.

 

1НГАБ у Мінску. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 88. А. 3

2Тамсама. Ф. 1781. Воп. 32. Адз. зах. 112

3Тамсама. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 88. А. 23

4Тамсама. Ф. 1781. Воп. 32. Адз. зах. 112

5Тамсама. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 88. А. 64 – 94

6Тамсама. Ф. 1781. Воп. 27. Адз. зах. 375. А. 1 – 3.

 

Дадатак змешчаны С. Бельскім
НГАБ у Мінску. Ф. 1781. Воп. 32. А. з. 112.
(1864 г. Жалоба жителей местечка Юровичи
Речицкого уезда Минской губернии на уничтожение
римо-католического прихода и сломку приходского костёла
для устройства православной церкви).
Его Высокопреосвященству
Митрополиту Римо-Католической Церкви
в Российской империи Станевскому
      Прошение
   Приход римского исповедания, к которому мы принадлежим, состоящий в Минской губернии Речицкого уезда, называемый Юровичским и расположенный в местечке Юровичах, заключает тысячу сто двадцать семь душ Римлян, а в самом местечке Юровичах, исключая другого звания, … нас собственно временнообязанных крестьян и причисленных из этого звания в мещане около двесте пятьдесят душ…
   Жители местечка Юрович, мещане из временнообязанных крестьян происходящие: Иван Козловский, Данила Козловский, Михаил Иван Бенецкий, Викентий Бенецкий, Антон Бенецкий, Августин Бенецкий, Иван Матусевич, Иван Коробка, Степан Коробка, Фаддей Луцкевич, Стефан Плевака, Фаддей Плевака, Андрей Пруткевич, Иван Пруткевич, Амброзий Юшкевич, Каетан Юшкевич, Яков Юшкевич, Михаил Юшкевич, Фелициян Юшкевич, Михаил Юшкевич, Фома Дудовский, Роман Дудовский, Иван Дудовский, Ефим Козловский, Павел Козловский, Фома Козловский, Степан Козловский, а за них, как неграмотных, подписался мещанин Иван Козловский.
  Временнообязанные крестьяне из местечка Юровичи: Викентий Маланич, Иван Маланич, Франц Гопчик, Казимир Луцкевич, Иван Луцкевич, Денис Луцкевич, Михаил Луцкевич, Михаил Томашовский, Иван Ковшун, Франц Маланич, Николай Маланич, Киприян Пахила, Иван Телеш, Фома Юшкевич.
    …от Юрович на расстоянии 18 вёрст деревни Паташни
[названыя таксама людзі з Загалля, Клівоў, Дзеравішча, Азярына, Багуслаўца, магчыма, Старча, – гэта толькі тыя, пра якіх я ведаю дакладна. Паташэнцаў тагачасных тут каля 60% ад усіх названых, магчыма, і меней 
С. Б.] казённые крестьяне и однодворцы: Франц Орловский, Михаил Орловский, Фаддей Орловский, Валериян Михаловский, Иван Михаловский, Семён Корженевский [пэўна, – храпкавец], Людвиг Цишкевич, Рафаил Цишкевич, Пётр Новицкий, Антон Смолич, Франц Козловский, Валериян Козловский [у 1876 г. у яго і жонкі Адэлі (з Будзішэўскіх) нарадзіўся сын Уладзіслаў – прадзядок Ванды Валянцінаўны, былой настаўніцы СШ № 3 г. Хойнікі], Каетан Козловский, Иван Козловский, Каспер Цишкевич, Евхим Дубиковский, Фома Дубиковский, Казимир Соколовский, Антон Соколовский, Мартин Скоротецкий, Михаил Новицкий, Фелициян Новицкий, Фелициян Цишкевич, Людвиг Окушка, Григорий Яворский, Михаил Яворский, Викентий Яворский, Каликст Яворский, Иван Топчевский, Викентий Андрейчик, Фелициян Григорович, Мартин Григорович, Викентий Григорович, Карл Цишкевич, Амброзий Цишкевич, Ричард Цишкевич, Павел Цишкевич, Каспер Цишкевич, Иван Цишкевич, Виктор Мурашка, Адам Мурашка, Николай Мурашка, Флор Котарский [пэўна, – з аколіцы Храпкаў], Михаил Вислоух, Адам Томкович, Фабиан Томкович [жыў у Азярыне, што каля Глінішча], Каспер Кулицкий, Марцель Кулицкий, Людвиг Кулицкий [гэтыя – з Дзеравішча, а пазней паселяцца ў Старчы], Михаил Марковский, Яков Михаловский, Венедикт Скоротецкий, Василий Яворский, Викентий Ярмаркевич,  Иван Корженевский, Михаил Корженевский, Константин Голяк, Иван  Лаханский, Станислав  Лаханский, Людвиг Лаханский [у 1876 г. ён жыў у Багуслаўцы], Иван Лаханский, Валер  Лаханский, Пётр Лаханский, Каспер Тишкевич, Эдуард Тишкевич, Иван Тишкевич, Франц Смычковский, Станислав Смычковский, Сильвестр Смычковский, а за них неграмотных, а равно и за себя расписался государственный крестьянин Сильвестр Смычковский.             
    Временнообязанные крестьяне села Тульговичи: Мартин Шатило, Иосиф Шатило, Венедикт Шатило, брат Венедикта Иосиф Шатило, Игнатий Волосюк, Пётр Волосюк,  Казимир Волосюк, Доминик Лисовский, Игнатий Лисовский, Михаил Лисовский, Франц Красноборода, Роман Красноборода, … Красноборода, Михаил Красноборода, Стефан Красноборода, Андрей Гулевич, Фелициян Гулевич, Игнатий Гулевич, Марцин Красноборода,  Михаил  Дудовский,  Фелициян  Дудовский, Пётр Дудовский, Адам Дудовский, Иван Дудовский, а за них яко неграмотных по их личной просьбе расписался Даниель Козловский.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024