Понедельник, 10.02.2025
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

[з "Рэчыцкага Палесся" Чэслава Пяткевіча
(Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004)]
Лічэнне

Усе арыфметычныя веды палешука абмяжоўваюцца лічэннем. Правільна лічыць ён ад аднаго да дваццаці дзевяці ўключна, але заместа трыццаці – дваццаць дзесяць, затым трыццаць адзін і г. д. аж да сотні. Звыш сотні амаль ніколі не лічыць (прынамсі гэтак было 60 гадоў таму); рэдка здараецца лічыць да сотні, хіба тады, калі акажацца абраны збіральнікам падаткаў. Будучы непісьменным, ён вымушаны дапамагаць сабе вугалем, ставячы крэскі, альбо лічыць пры дапамозе гарохавін, бабоў ці фасолін. Выкладвае іх дзесяткамі, якія злучае ў сотні, даходзячы часам да тысячы.
Я ведаў такога смельчака, што ўзяўся быў вырашыць пры дапамозе гароху задачу, вядомую і ў іншых мясцінах Беларусі, якая на Палессі выглядае як своеасаблівая квадратура круга.
Ішло сем баб, у кожнае бабы па сем кіёў, на кожным кію па сем сукоў, на кожным суку па сем кашалёў, у кожным кашалю па сем кошак, у кожнае кошкі па сямёра кацянят. Сколькі ўсяго будзе?
Ён спрабаваў рашыць яе пры дапамозе рысак, але калі спісаў усе сцены, а да рашэння было яшчэ далёка, узяўся за гарох. Праз нейкі час ён прыйшоў да переканання, што адлічыў столькі гарохавін, колькі ёсць баб разам з усімі прыналежнасцямі, і толькі ўвесь гарох у колькасці звыш 100 000 зярнятаў, ён не здолеў пералічыць.
А вось іншая задача:
Ляцела сто гусей, аж ідзе чалавек дай кажа:
– Здаровы, сто гусей!
– Здароў, чалавеча, – кажуць, – калі б нас яшчэ столькі, да яшчэ палавінка етаго, да яшчэ чвертка етаго і ты з намі, дак тагды б было нас сто.
Ось такую загадку загадаў мне валасны пісар дай кажа:
– Ну сашчытай, сколькі тых гусей ляцела; справядліва сашчытаеш, то зробім цябе зборшчыкам подацей.
– Адчапіся ты ад мяне, – думаю сабе, – сатана. Хіба я – ку – граматны? А, праўда – не? Дак на чорта ж етае кіркаваньне?
Сказаўшы ета, пайшоў моўчкі дадому. Іду, да ўсё быццам то чую: "Калі б на яшчэ, да яшчэ палавінка етаго і ты з намі, дак тагды б нас было сто”. Думаю, да што шаг, то большая цікавасьць бярэ, сколькі тых гусей было? Давай папробуем, уцёк не ўцёк, а пабегці можна; не буду зборшчыкам, то хаць пасьмяюся з пісара. Прыйшоў дадому да давай вуглем палкі пісаць на сьцяне; пісаў, пісаў і нічога не выйшло, да толькі сьцену запаскудзіў і жонка налаяла. Выйшаў на двор, да трохі пахадзіўшы то сюды, то туды, быццам то за дзелам, а папраўдзі, то без ніякаго дзела, сеў на прызьбі дай так думаю: чвертка і палавінка, то разам тры чверткі,а сколькі там, у тых гусях, асталося чвертак? Палавінка, то дзьве чверткі, а цэлае то кажуць будзе ўдвайне, нацца чатыры, ета будуць гусі, а тое, што "калі б нас яшчэ столькі”, то шчэ чатыры – нацца ўсех чвертак адзінаццаць. Вярнуўся ў хату, ухапіў вугаль дай хутка на сьцяне начыркаў адзінаццаць палак. Жонка як угледзела да як раскрычыцца:
– Ах ты такі-сякі – я толькі што змыла сьцену, а ты ізноў стаў паскудзіць! Мо на цябе напаў сьвіньнячы крутагалоў, дак я ось зараз табе вуха разрэжу, то і ачуняеш.
– Я больш не буду, я толькі напісаў адзінаццаць чвертак, а цяпер буду думаць за гусі.
– Як адзінаццаць чвертак выпіў, мальне паўгарца? А калі ж ты ўсьпеў, ты етакі п’яніца?
– Чаго ты – ку – прыстала, якое табе паўгарца?
– А што, мо не нахлёбаўся? Дак дунь мне ў нос.
– На! Калі хочаш – ку!
– А Божачка, а міленькі і сапраўды не піў, а ета яму нешта зроблено.
Загаласіла дай пабегла на двор, а мне і не ў памкі, бо праклятыя гусі не даюць збыту. Адзінаццаць чвертак, а што ж мне цяпер рабіць? Пасядзеў трохі, задумаўся да бяспамяцтва, а далей пайшоў у камору, набраў жменю гароху, адлічыў сто каліў да паклаў на стале ў радок адзінаццаць гарошын, быццам то чверткі, а паўз еты другі радок, далей трэйці, аж да дзевятаго, а тагды адна гарошына асталася. Цяпер толькі пабачыў, што ў кожнай чвертцы дзевяць гарошын, дак перш адсунуў адну чвертку, патом палавінку, а нарэшці цэлае чы бок тое, што "яшчэ столькі”, дак асталося чатыры чверткі па дзевяць гарошын. Цяперака ж як каліво, што асталося ў руках, то быў той дурніла, што задароваўся з гусямі.
Як толькі кончыў справу да пасьціраў вугаль на сьцяне, то прыйшло перш два суседы, а трохі згадзіўшы, і трэйці, бо іх жонка ўзбударажыла, што мне нешто зроблено, але я іх то сім, то тым збыў, і яны сабе разыйшліся.
Назаўтра не выцерпеў дай пайшоў к пісару пахваліцца. Пераступіўшы парог, не сказаў "Дабры дзень”, да "Трыццаць шэсьць! Трыццаць шэсьць!”
– Хто табе сказаў? – схапіўся пісар.
– Гарох – ку – ось хто сказаў!
Як ён прыстаў: скажы да скажы, як ты дагадаўся; дак такі і мусіў сказаць.
– Ну – кажа – з цябе маладзец. Мне ніколі на ум не прыйшло, што і етак можна разгадаць.
З тых пор я астаўся зборшчыкам (збіральнікам падаткаў), то ўжэ сёмы год служу.

(Апавядаў Аляксей Белы з Карчова)

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Февраль 2025  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
2425262728
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2025