Пятница, 19.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

(з "Рэчыцкага Палесся” Чэслава Пяткевіча)
Этнаграфічныя ўрыўкі

Яблыкі (Pirus malus L.). Растуць у лісцёвых лясах; таму падчас касьбы яблыні, якія растуць у недалёкіх дубровах, абтрасаюць, і яблыкі ўкладаюць у стагі сена, дзе яны ляжаць на працягу ўсёй зімы, і толькі перад вясной прывозяць іх дадому разам з сенам. За гэты час яны трацяць даўкасць, мякчэюць і становяцца прыдатнамі для спажывання. У глыбіні лясоў яблыкі абтрасаюць усёй сям’ёй позняй восенню, пасля замаразкаў, альбо збіраюць ужо апалыя, калі не выперадзілі іх дзікія альбо свойскія свінні, што вандруюць па лесе часта аж да зімы. Парэзаныя на скрылікі яблыкі кладуць у шаткаваную капусту, ядуць гатаванымі, а таксама сушаць*.
* Яблынь паблізу хат нідзе няма; толькі ў палявых вёсках некаторыя заможныя гаспадары валодаюць 1 – 4 прышчэпленымі дрэвамі, а ўсю іншую садавіну, патрэбную галоўным чынам свянціць на Спаса 6. VIII ст. ст., на месцы ці на кірмашы купляюць у жыдоў, што арандуюць сады ў дварах. У наддняпроўскія вёскі садавіну прывозяць кацапы – стараабрадцы (стараверцы) з Магілёўшчыны і Чарнігаўшчыны, дзе маюць уласныя невялікія сады і стала арандуюць большыя.
Свіння. ... часта сустракаліся свінні ў чорныя і рудыя палосы ўздоўж хрыбта (жарыя, жарай масьці), вельмі падобныя да дзікіх ад скрыжавання з дзікімі, што мае месца ў лясных вёсках. Бо там у час паспявання і ападання жалудоў, а часта і нашмат раней, свінні ўцякаюць як найдалей у лес, і гэта ім не забараняюць гаспадары. У лясах яны знаходзяцца аж да вялікага снегу, які пазбаўляе іх спажывы і якога-небудзь падабенства гнязда. Тады, лагодненькія, самі вяртаюцца дадому. У лесе затое, трымаючыся разам, каб у выпадку неабходнасці паспяхова бараніцца ад ваўкоў*, пазбягаюць нават сустрэчы людзей**.
* Як статак свіней умее бараніцца, я меў мажлівасць бачыць выпадкова ў лясніцтве пры мястэчку Хойнікі, дзе ў прадмесцях сельскага характару гадавалі шмат свіней. У падвор’і была псярня, абгароджаная густым частаколам вышынёй 3 м, дзе гадавалі 40 – 50 ганчакоў. Аднаго разу ўціснулася туды некалькі свіней і рассыпалася па двары, а вартаўнік, хочучы іх выгнаць, выпусціў сабе ў дапамогу 4 ганчакоў, якія, скавычучы, як на паляванні, пачалі рваць свіней, віск якіх справакаваў рэшту сабак пераскочыць высокі плот і далучыцца да барацьбы першых. На вялікі галас двор мігам замільгацеў свіннямі ўсялякага ўзросту, і пачалася смяротная барацьба, са страшным віскам свіней і скавытаннем сабак. Хутка ўсё ж свінні змаглі заняць моцную абаронную пазіцыю, адступіць шчыльнымі радамі да паркана, дзе сталі паўколам; большыя асобіны, злосна скрыгочучы ікламі, з пенай на лычах высунуліся наперад, хаваючы малых за сабой. Тады ўдалося паступова пабраць сабак за шворкі, карыстаючыся чым свінні (іх было некалькі дзесяткаў) адышлі без паразы, а на полі бою засталося некалькі ганчакоў пры смерці і больш як дзесятак цяжэй ці лягчэй параненых.
** У 1875 годзе ў лесе паміж засценкам Старча і вёскай Муціжары на мяне напаў статак свіней, які налічваў больш дзесяці жывёлінаў. Хочучы іх прагнаць, я выстраліў, але ўбачыўшы, што яны не спалохаліся і скрыгаючы зубамі набліжаюцца да мяне, мусіў узлезці на дрэва, дзе прасядзеў досыць доўга, пакуль не супакоіліся і не пайшлі прэч.
Бусел (Сiconia Briss). Вёска, якая мае бусьленіцу (дрэва з бусліным гняздом, а часам самое гняздо на стадоле), ганарыцца гэтым, а той, хто мае яе на даху сваёй стадолы, лічыцца шчаслівым. Таму кожны дамагаецца такога гонару, размяшчаючы на даху ці на вершаліне дрэва старое кола ад воза ці зламаную барану ў якасці фундамента пад гняздо, але птушка рэдка дае сябе заахвоціць на такую палёгку, бо аддае перавагу над іншымі выгодамі той мясціне, дзе поўна гадаў і паўзуноў*. Зруйнаванне гнязда ці іншая крыўда, нанесеная птушкам, лічыцца вялікім злачынствам**, тым больш што такога роду ўчынак можа наслаць смяротныя хваробы для дзяцей. Калі б птушкі пакінулі гняздо, адляцеўшы ў іншую мясціну, што здараецца вельмі рэдка, то дрэва з гняздом спілоўваць нельга, бо гэта справакавала б на ўсё сяло няшчасце.
Бусла звычайна чакаюць у дзень Благавешчання (25. ІІІ. ст. ст.), і найчасцей ён з’яўляецца не ў пары, а адзін, адсюль вывад, што спачатку ён робіць разведку, а потым вяртаецца па сваю палавіну.
Легенда пра паходжанне бусла тая самая, што і ў іншых кутках Беларусі. Калісьці гэта быў чалавек, які праз сваю цікаўнасць аказаўся ператвораны ў бусла, і яму было загадана вечна лавіць гадаў і паўзуноў, выпушчаных ім з мяшка.
Бусла грэх убіваць, бо ён быў калісь чалавекам. То толькі кацапы. не баяўшыся Бога, і б’юць, і мяса жруць.
Часта паводзіны бусла маюць прарочы характар:
Калі буслы з гнязда скінуць яйцэ, то будзе такі ўраджай, што і за яйцэ дастанеш хлеба, а як жа скінуць маленькае, голенькае бусьлянятка, то і за роднае дзіця не дадуць.
Калі дзяўчына на весну першы раз убачыць бусла ў палёце, то на той год пойдзе замуж, а калі ўбачыць, як ён ходзіць ці стаіць нерухома, то мусіць чакаць яшчэ.
* У 1912 г., знаходзячыся ў доме паноў Аскеркаў у маёнтку Глінішча, за 16 км ад Хойнікаў, на вялізным поплаве, зрэдку усеяным таполямі (сокарамі), за якім цягнуцца бязмежныя балоты над ракою Віццю (прыток Прыпяці), як можна было ахапіць вокам, я налічыў да 200 гнёздаў, па адным на кожным дрэве, без боранаў, колаў і розных іншых прыстасаванняў з боку чалавека.
У Хойніках, якія размяшчаюцца паблізу балота з усходняга боку, на адной тоўстай таполі, што расце каля першых будынкаў пры дарозе з Юравічаў, у тым самым 1912 г. я бачыў 18 бусліных гнёздаў (!), што ёсць нечуванай з’яваю нават у гэтых краях.
** У 1867 г. у сярэдзіне кастрычніка ст. ст., у вёсцы Гарошкаў быў знойдзены падстрэлены бусел, які з-за параненых крылаў не мог адляцець і валачыўся па лузе. Гэта выклікала абурэнне сярод мясцовага люду; пачалі шукаць віноўніка гэтага злачынства і пераканаліся, што ім быў вандроўны селянін з Чарнігаўшчыны, дзе бусел не зведвае гасціннага прыёму. Гняздзіцца там ён вельмі рэдка і толькі паблізу польскіх двароў, а ўглыб Расіі наогул не заглядвае, бо там яго забіваюць і з’ядаюць нараўне з іншым дзікім птаствам, пра што паляшук заўсёды гаворыць з абурэннем.

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024