Чараўнік, альбо знахар
Яшчэ ў першай палове мінулага [г. зн. дзевятнаццатага] стагоддзя кожны майстар на смалакурні (атаман), паколькі ён нейкім чынам мае стасункі з чортам, лічыўся, у залежнасці ад умення пераконваць у сваёй чарадзейнай сіле, знахарам ці чараўніком. Да такіх належаў, здабыўшы славу на даволі значным абшары Палесся, чараўнік-знахар з вёскі Рашаў – Мірон Козыр, якога паўсюль называлі атаман Мірон.
З чортам смаляным усе атаманы дружаць і пераймаюць ад іх усякае знацьце і ўхваткі; кожны нешта знае. Ось, недалека шукаючы, калісь атаман Мірон быў вялікі знахар, хаць і вялікі грэшнік, бо быў чараўніком, Госпадзі яму прасьці на том сьвеці. Знаў ён, што дзе робіцца і што будзе, хто чым хварэе і якое яму трэба даць зельле. Чуў, што гаворыць кожная пціца, кожны зьвер і дзерава. Бывала, па начам, нячыстая сіла прэ яму ўсякае дабро, а кругом хаты чорны казёл тупча*. Затым то ён быў багаты, да, знаючы ўсё добрае і ліхое, зла нікому не чыніў, як робяць другія чараўнікі за чарку або за грошы; яго шчэ ўсе звалі адрабляць ў\усялякае чартавіньне**.
Чараўнік-атаман за ўсе дабрадзействы, што яму аказвае чорт, становячыся на закляцце, якое выклікае штохвілінна, абавязаны бескарысліва навучаць гэтаму закляццю ўсіх, хто звернецца да яго і хто гатовы прадаць душу.
Чараўнік і знахар могуць перадаць свае веды толькі перад кананнем і толькі каму-небудзь малодшаму, бо іначай усе чары страцілі б сваю моц.
Чараўніца (ведзьма)
Жаночым адпаведнікам чараўніка з’яўляецца чараўніца. Палешуку яна ўяўляецца сапраўдным кашмарам, тым больш што ў кожнай вёсцы іх дастаткова, у той час як чараўнікоў існуе адносна мала. Яна можа рабіць амаль усё тое, што і чараўнік, але звычайна здавальняецца меншым – завівае завіткі і шкодзіць жаночай гаспадарцы: адбірае малако ў кароў, сурочвае, псуе хлебную дзяжу – словам, няма ў хатняй гаспадарцы галіны, куды б не сягаў яе згубны ўплыў. Шкодзіць яна таксама пры злучэнні сямейных пар.
Ведзьме ў шэрагу выпадкаў не патрабуецца звяртацца да нейкіх дзеянняў, а дастаткова толькі позірку ці пахвалы каго-небудзь ці чаго-небудзь, каб прыцягнуць да іх няшчасце.
Ведзьма можа хадзіць і ляжаць на паверхні вады, не тонучы.
Ведзьма ў вадзе не тоне, кажуць, што як ляціць на Лысую Гору на ступі або на лапаці да ўтоміцца, дак ляжа на рацэ і ляжыць, не паварушыўшыся, а вада яе нясе. Ета бачылі багамольцы, каторыя ходзяць у Кіеў.
Ведзьмы дзеля прыгатавання чарадзейскіх зёлак ужываюць асіну на распальванне, а таксама асінавыя калкі дзеля іншых чараў.
Кажуць, што чараўніца мае хвосцік.
Кожная ведзьма мае маленькі хвосьцік, ета людзі ўжэ даўно падгледзелі, хоць яна яго журбліва хавае.
Знахар
Ён часта атаясамліваецца з чараўніком, і тым часцей, чым большай славай цешыцца ён у сваіх землякоў. Ёсць, аднак, між імі прынцыповая розніца, бо чараўнік ужывае свае веды і ўменне на шкоду людзям, а знахар – на карысць ім.
Знахар – часцей за ўсё чалавек салідны, недурны, добры гаспадар і нічога агульнага з чарамі не мае. Ён ведае ўласцівасці некаторых зёлак і іншых лекаў, умее сяк-так паставіць дыягназ, тлумачыць значэнне сноў, прадказвае надвор’е і г. д. Усе яго закляцці – гэта малітвы, пераплеценыя шматлікімі іншымі, не зразумелымі ў значнай сваёй большасці выразамі.
* Атаман за тое, што мае кантакты з чортам, не ідзе на неба, нават калі потым замажа гэты грэх. У пекле ж ён зойме выключнае становішча між чарцей.
** Калі слава атамана Мірона дасягнула свайго апагею, быў ён развенчаны на той час у Хойніках збройнікам Кандратам Жураўскім, суседзі якога падгаварылі, каб ён паклікаў гэтага знахара да хворае жонкі. Не верачы ў яго майстэрства, Жураўскі прымусіў Мірона засведчыць публічна, што ён ніякі не знахар, а толькі ашуквае. На той момант гэта выклікала ўражанне не на карысць Мірону, але неўзабаве ўсе пра гэта забыліся, і слава яго працягвала расці аж да канца жыцця.
Запісаў Чэслаў Пяткевіч |