Суббота, 20.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Запісаў Чэслаў Пяткевіч
Пра тое, штó творыць чорт з добрымі людзьмі, калі яны нецвярозыя

Кум Піліп, пахаваўшы сваю жонку, спраўляў хаўтур, дак мы, суседзі, чалавек з дзесятак, з бабамі сабраўшыся ў яго хаці, разпілі за душу пакойніцы біклагу гарэлкі. Пагаманіўшы да паплакаўшы, як у нас заведзена, госьці сталі разходзіцца, а кум на мяне маргнуў, штоб я астаўся. Калі астанні хаўтурнік выйшаў і гоман на дварэ сьціх, мы пашлі ў карчму, да так нахаўтурыліся, што кум там, кажысь, і заснуў, а я павалокся да гасподы. Па дарозі прычапіўся нейкісь бес, да калі я іду да хаты, то ён мяне – піхець на сярэдзіну вуліцы, я другім бокам паўз барканы, ён зноў і адтуль піхае назад; ледзьві не ледзьві дабіўся. Было ўжэ пазьненька, усе спалі, а я як стаяў, так і лёг долі, штоб нікого не трывожыць. Трохі згадзіўшы, мне стало пагана, так пагана, бы начэ кот ... на сэрца; трэба выйсці на двор. Хацеў падняцца – нельга; нешта важкае стала – на сьпіні, дай шэпча: не пойдзеш, паўзі! Паўзу, да вельмі важка... і цесна... штораз важчэй і цясьней... ох, утаміўся і чыста абамлеў...
Калі прачнуўся, то ў сам перад нехаця абмацаў нейкія дошкі, падняў руку ў гору – зноў якіесь дошкі. Нацца я ў труне, нацца мяне жывога пахавалі!
– Людзі добрыя, хто ў Бога верыць, ратуйце, бо скоро задушуся! – крыкнуў з усей сілы дай зірнуў туды, дзе мае ногі; палянь! Начэ сьвеціцца з таго сьвету. Яшчэ не ўсьпеў разабраць, што ета робіцца, аж чую, жонка разсакаталася:
– Ах ты, п’яніца, падлюка! Запаскудзіў хату, надраўшы казлоў паўнюсенька, залез пад печ, як сьвіньня, да яшчэ кепкуеш? Вылазь зараз да прыбірай, бо я ось прыскам пасыплю твае блёвіны, няхай апрышчыць тваю сабачую морду.
– Я – ку – сам не залез, да мяне сюды чорт запер.
– Чорт запер, а я цябе качаргою выграбу!
І сапраўды, ухапіла качаргу і давай мяне жарыць па чом папала, пакуль не вылез.

(Апавядаў Антон Краўчанка з Хойнік)


 

Мой нябожчычак чалавек, Майсей лясьнік, вечная яму памяць, калісь у нядзелю за тыжджэнь перад Першаю Прачыстаю, узяўшы стрэльбу на плечы, пайшоў на сваю дуброву* паглядзець, чы заўтра не можна будзе грэбці сена, што ўжэ пяты дзень ляжыць у пакосах. Ідучы паўз карчму, чуе, што там вельмі голасно гамоняць, дак і ён зайшоў. Людзі былі ўжэ трохі падвесяліўшыся, дак ждалі хаць якоісь пусьцячнае прычыны, штоб яшчэ паправіцца. Як толькі пераступіў ён парог, дак усе к яму і кінуліся.
– Дзед, дзед наш прыйшоў!
Той кварту, той другую, той трэйцюю, а далей і лік прапаў, так што стары і не агледзеўся, як добрыя суседзі яго набахтурылі. Сонца ўжэ нізка спусьцілася. Калі ўсе сталі разходзіцца па хатах, і дзеду раілі, штоб не ішоў на дуброву, бо ўжэ позно, да і ён сам вельмі томны, але стары нікого не паслухаў, да такі пайшоў. Пакуль дабраўся да грэблі за сялом, то ўжэ і зьмерклася; тут зараз падбеглі нячыстыя да давай цягаць, адзін к сабе, а другі к сабе, а патом каторысь як піхануў, дак дзед з грэблі паляцеў у балота. Тагды чэрці давай па ём таптаць, да што падымецца, то яго зноў затопчуць.
– Адчапіцеся вы, – кажа, – нячыстыя ад мяне, бо я ось зараз да вас запалю з ружжа**.
– Трасцы збярэш, – адказуюць, – як мы порах замачылі, а скалку затапталі ў балота.
Доўго яшчэ над ім знушчаліся і, можа б, на смерць замучылі, як бы Бог не даў яму сілы вырваць руку з нячыстых когцяў да перахрысьціцца; тагды пакінулі дай пайшлі, зубы скалячы.
* Мацеева Дуброва – меншае ўрочышча ў вялікім урочышчы Будзішча, за 4 км ад Дубровіцы.
** Ружжэ – вайсковы карабін, але, грозячы каму-небудзь, паляўнічую зброю замест стрэльбы можна назваць ружжэ.

(Апавядала 80-гадовая Хрысціна Майсеіха з Дубровіцы)
 

Чорт, які пераследуе п’яных, часам з’яўляецца ў змененым абліччы і перад экс-п’яніцам, не чапляючыся да яго, а бывае гэта ў абраных месцах,напрыклад, на грэблях.
Яшчэ за паншчыны, калі пан Быкоўскі ў Хвайніках быў гонцам, чы бок то камісарам, як цяпер кажуць, а ў Гудові аканамаваў пан Равіч, мне тагды было ўжэ лет пад 40, да рабіў я ў гудоўскам бровары чапы-квасільнікі. Ось у адну суботу, перад самаю Другою Прачыстаю, выпрасіўся я ў пана Равіча заранне дадому ў Хвайнікі, бо 24 вярсты перайці, ета не пальцам пераківаць. Яно нічога хаць бы і прыпазьніцца трохі, штоб не праклятая кураўская грэбля. Трэба яе коньчэ мінуць яшчэ завідно, бо поначы там нешто людзей пужае. Выйшаў я, паабедаўшы, калі сонца рушыла з палудня, да як пашоў, то і не агледзяўся, як мінуў Вялікі Бор, да ўжэ і Рудзенька недалека. Стала хмарыць, а далей і дожджык крапае, а я іду да іду; мінуў Рудзеньку, аж пашоў добры дождж. Стаў я пад кучараваю хвояю дай жду, покуль перастане, а ён ідзе да ідзе. Што тут рабіць – думаю сабе – як бы не грэбля, дак можна б пастаяць, покуль разпагодзіцца. Пайду хіба, бо і не агледзішся, як сонца зайдзе, а да Куравого яшчэ вярстоў з пяць, да адтуль да грэблі добрая вярста. Іду да іду, а дождж то пойдзе, то сунімецца, то зноў пойдзе, то перастане, да ось і Куравое відно за балотам, – ось яшчэ трошкі і першая грэбля, да глядзі, сколькі гразі нарабіло… Нешта бы начэ цямнее, а мо так здаецца? Усё ж такі трэба трошкі ногі выцягнуць, штоб тую чортаву, Госпадзі прасьці, грэблю заране мінуць, бо хаць і там, у лясках, будзе не мед, што цяпер гразко, да бліжэй дому. Ну, ось, хваліць Бога, і грэбля, да яшчэ і відно. О! Тутака больш балота; ну што – думаю сабе – як бы па етай гразі прыйшлося якому пан… тху! Нашто я ета падумаў?! …Палянь! З таго каньца грэблі ідзе пан Быкоўскі. Ну – думаю сабе – дастанецца ж і мне, і пану Равічу за тое, што мяне так рана адпусьціў з работы дадому, дай іду, што ўжэ Бог дась, і пан Быкоўскі падходзіць, штораз бліжай, ужэ чую, як яго чабоцікі скрыпяць… да як жа ета так, па балоці? Далей бачу – на ём чорны храк (фрак), толькі што дзіво: у ўсіх паноў, як я бачыў у палацы, хвасты ззаду, а ў яго зпераду. Раўняецца ён са мною, я шапку скінуў, дай стаю сам не свой, а ён моўчкі мяне мінае. Вецярок дзьмухнуў, паварушыў хвост ад храка, дак паказалася чырвоная подшыўка, такая, як я бачыў у другіх паноў, але чаму хвост зпераду? Мінуў мяне, чабоцікі яшчэ скрыпяць па балоці, а тут як схопіцца вецер: зашумеў, завыў, засьвістаў, лаза пакланілася аж да долу, гальле ў лесі затрашчало, а вецер, сьвішчучы да начэ рагочучы, панёсся па ўсёму лесу. Агледзеўся я кругом, аж нідзе нічога; вецер адразу сьціх, лаза стаіць, як стаяла, а грэбля якая была, такая і е. Я перахрысьціўся дай пайшоў не аглядаючыся.
Кажуць некаторыя: ты быў п’яны, то да цябе і прыстала нячыстая сіла. Праўда, я калісь піў запоям, як кажуць, да за пяць лет перад тым, што бачыў на кураўской грэблі, пакінуў етую хваробу і прысягнуў перад сьвятым храстом, што ніколі піць не буду. Цяпер жа клянуся Богам. Што з тых пор досі і каплі етае нячыстае вады ў рот не ўзяў.

(Аўтар аповяду не названы)

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024