Четверг, 25.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

       [з "Рэчыцкага Палесся" Чэслава Пяткевіча
(Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004)]
       Крыж
      У рэлігійным жыцці палешука вялікую ролю адыгрываюць культавыя рэчы, сярод якіх на першым месцы – крыж.
     Хрэст сьвяцей за ўсё, сільней усякае сілы і за ўсё дарожай. Маці як пачэпіць хрэсьцік дзіцятку на шыйцы або пакладзе ў люльку, то яно з ім і зраднілася на ўвесь свой век. Жывучы хрышчоным чалавекам, ніколі з ім не разлучаецца; з ім разам сходзіць у магілу і адтуль яшчэ журыца за свайго друга. Храста не трэба і сьвяціць, бо яго Хрыстос пасьвяціў сваёй кроўю.[...]
      Хрэста пераставіць на другое месьцца няможна, а зрубаць, то вельмі вялікі грэх, і Бог такога антыхрыста зараз пакарае.
     Ось нашто далёка шукаць: калі Насовічу* (работніку прушынскай смалакурні) ангел у сне сказаў, штоб ён паставіў хрэст на раздарожжы, дзе ад рэчыцкага шляху паваротка чэраз Будзішча ідзе ў Гудоў. Ён етак і зрабіў; і цяпер яшчэ жыў Шаціло, лясьнік, той, што яму памагаў у етай справі. Хрэст сабе стаяў, усе, хто толькі ехаў або ішоў, то, як вядзецца між хрышчонымі людзьмі, скідаў шапку і хрысьціўся. Людзі прывыклі і радаваліся, бо, бач, недалёка завод, а там жа смаляная нячыстая сіла арудуе, дак цяпер, баяўшыся сьвятога храста, меньш робіць капасьці. Аж ось настала воля (вызваленне ад прыгону), а далей мяцеж (паўстанне), дак, трохі паждаўшы, наехало ўсялякаго начальства і папоў, да ўзялі дай увесь народ у Дубровіцы, у Ізбіне і ў Вялікім Бару перавярнулі на рускую веру, касьцёл перахрысьцілі на цэркву, а пасьля прычапіліся і да храста. Ета – кажуць – варожы хрэст, панскі, ён несправядлівы хрэст, дак трэба яго зрубаць.
     – Хто ахвотнік зрубаць хрэст?! – крыкнуў станавы прыстаў, а ўсе маўчаць. Ён другі і трэйці раз гаркнуў так сама, а ўсе, бы начэ вады поўныя раты панабіралі. Тагды прыказаў старшыне (валасны войт) прымусіць таго, на каго мае надзею, штоб рубаў, а старшына да мяне кажа:
     – Ты ж сьмялей за ўсіх, дак бяры сакеру і рубай.
     – Мяне – ку – трэйчы хрысьцілі: раз хрысьціў ксёндз, другі раз выскуб (біскуп) міджаваў (рабіў мірапамазанне), а цяпер (грэх чы два) перахрысьціў поп, дак я бязбожнікам не буду.
     – І ніхто не будзе! – крыкнулі ўсе ў адзін голас.
     І ўсе мы ашукаліся, бо ось выступіў дубровіцкі Каленік Лабада дай ідзе к храсту. Тут мы ўсе так і абамлелі са страху, бо прачулі, што от зараз зробіцца нешто нядобрае – і зрабілася.
     Небавам хрэст упаў, а Каленік стаіць, разкарачыўшыся, і не варушыцца, да толькі мармыча, як немец (глуханямы). Яго паставіла колам (спаралізавала). Бязбожніка забралі на сані, дай завезьлі ў Хвайнікі да лазарэту. Там ён памармытаў зо дзьве нядзелі, з рукамі і нагамі стылымі, як кольле, дай чорту аддаў паганы дух*.

(Апавядаў Кастуль з Вялікага Бору)

     * Гэты выпадак, пацверджаны і іншымі сведкамі, меў месца за паўтары кіламетры ад Прушына, дзе я тады жыў, маючы 10 гадоў. Было гэта ў 1865г., пасля ўвядзення праваслаўя ў адзіных у тым наваколлі трох каталіцкіх вёсках. Апісанае здарэнне з Каленікам Лабадою зрабіла ўзрушальнае ўражанне. Добра памятаю таго чалавека, як і яго ахвяру – крыж, які, пасля таго як быў ссечаны, знаходзіўся ля сасны, абаперты адным плячом на зямлю, і нарэшце згарэў увосень 1867 г., падчас пажару ў лесе.

      Маці Божая
     Божая Маці ў рэлігійным кульце мясцовага люду займае раўназначнае месца з Богам Айцом і Сынам. Той культ праяўляецца як ва ўшанаванні Яе выяваў, так і ў падкрэсліванні значэння прысвечаных Ёй святаў, асабліва такіх, як Першая Прачыстая (15. VIII) і Другая Прачыстая (8. IX). Жанчыны маніфестацыйна выказваюць значэнне Божай Маці, узвышаючы Яе над усімі святымі.
     Калі яна Мацер Божая, дак павінна быць старшэй за Бога, але няхай сабе Бог старшэй, бо ён як не есьцека – Бог, дай усё ж такі Прачыстая сьвяцей за ўсіх сьвятых. Ось пайдзі на хвэст у Стралічаў к сьвятому Міхайлі, а шчэ лучшай у Храпкаў к старшаму сьвятому, к угодніку Мікалаю, то пабачыш, сколькі там народу ў цэркві? – так, як бывае на ліхой раллі, што, маўляў, колас ад коласу не чуе голасу (прыказка), а заглянь у Юравічы, к Чудатворнай Божай Мацеры (8. IX), што там робіцца? Ось што: не толькі паўнюсенька цэркаў людзей, да і ў ваградзі негдзе пальца ўваткнуць. Да нашто далека шукаць: ось Вялікаборская не чудатворная, да так сабе Прачыстая, а з усіх сёл едуць дай едуць або йдуць на хвэст. А ў Губарэвічах, палянь, толькі каплічка Божай Мацеры, дай там бывае больш народу, чымся ў інных сьвятых. Да шчэ і то на славу сьвятой Багародзіцы, што ў нашом краю есьцека хоць адна чудатворная ў Юравічах*, а чудатворца нідзе нігоднаго**.

C Z E S Ł A W  P I E T K I E W I C Z
KULTURA DUCHOWA POLESIA RZECZYCKIEGO

M A T E R I A Ł Y  E T N O G R A F I C Z N E
W A R S Z A W A
1938

Запісаў Чэслаў Пяткевіч

   * Заўважым, што ў размове між кабетамі аб святых ані згадкі пра фэст у Хойніках і ікону Маці Божай Благодатное Небо...
   ** Бліжэйшы па той бок Прыпяці ў Беласароках на Нараўляншчыне. (С. Бельскі)
     

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024