Пятница, 19.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
  Ненадзейная энцыклапедыя 
(верасень/кастрычнік 2007 г., з больш познімі дадаткамі)

      Памятаем, з якім нецярпеннем чакаўся выхад у свет першай кнігі энцыклапедыі "Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць” (далей – ГіВБ). Яно і нядзіўна, бо падобных выданняў у нас раней не было. Так, у раённых кнігах "Памяць” (на жаль, не ў хойніцкай) з канца 1990-х гг. з’явіліся матэрыялы з гісторыі паселішчаў, але яны рыхтаваліся ў спешцы і былі вельмі ўжо лаканічныя. У 2001 г. А. І. Атнагулаў выдаў "Хроніку Убарцкага Палесся” – адзін з найбольш удалых на сённяшні дзень досведаў напісання гісторыі адміністрацыйнага раёна (Лельчыцкага), а яшчэ праз тры гады выйшла манаграфія "Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе” гісторыка В. Л. Насевіча, натхнёнага як замежнымі публікацыямі на вясковую тэму, так і кніжкай "Была такая вёска” старэйшага беларускага калегі М. М. Улашчыка. Гэта – капітальнае даследаванне гісторыі вёскі XIV – сярэдзіны XX ст. на прыкладзе невялікай папуляцыі ў сучасным Лагойскім раёне, з якой паходзілі продкі самога аўтара. Хацелася, аднак, даведацца пра гісторыю вёсак нашага рэгіёна.
      І вось у 2004 г. з’явіўся том, прысвечаны першым 11 раёнам Гомельскай вобласці, уключна з Брагінскім і Калінкавіцкім. Уражанне ён выклікаў не самае лепшае, бо ў кнігах "Памяць”, пры ўсіх недахопах, інфармацыя артыкулаў была больш вывераная. Тое ж пацвердзіў і выдадзены ў 2005 г. другі том, які ўвабраў у сабе матэрыялы пра паселішчы Хойніцкага, Мазырскага, Нараўлянскага, Рэчыцкага, Лоеўскага і пяці астатніх раёнаў.
     Узяць артыкул пра Хойнікі. Зноў даводзіцца абвяргаць сцвярджэнне, нібы ў XVI ст.  паселішча належала да Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства. Гэтая памылка, якой усё не могуць пазбыцца некаторыя навукоўцы, грунтуецца на звестках карты ВКЛ, складзенай у канцы XVI ст. Томашам Макоўскім, надрукаванай упершыню ў 1603 г. і перавыдадзенай у 1613 г. (на вытворнай ад яе карце Алексіса Жубэра Жаліё, выдадзенай у Парыжы каля 1685 г., памылковая мяжа Рэчыцкага павету праведзена яшчэ больш выразна; гл. ніжэй абодва фрагменты з "Вялікага гістарычнага атласу Беларусі" Т. 2. Мінск, 2013). Але тыя звесткі супярэчаць дакументам павятовых архіваў, як, здараецца, нязгодныя яны і паміж сабой. Сапраўды, ці можна сабе ўявіць, каб, напрыклад, Брагін належаў да Рэчыцкага павету, а Астраглядавічы да Кіеўскага, калі абодва паселішчы, як і Хойнікі, здаўна былі ў складзе адной воласці – Брагінскай, пакуль не сталіся ўладаннямі розных асобаў? А такая сітуацыя як раз і паказана на згаданай карце. Ці, магчыма, памылка з'явілася з-за бяздумнага запазычання інфармацыі аўтараў XIX – пачатку XX ст., якія пісалі аб прыналежнасці Хойнік да Рэчыцкага павету ў іх час, каб геаграфічна зарыентаваць сваіх чытачоў.

     На самой справе большая частка Хойнікшчыны – гэта тэрыторыя Кіеўскага ваяводства спачатку Кіеўскага, а пазней, у XVII ст. Оўруцкага павету. У Рэчыцкім жа Хойнікшчына ўпершыню апынулася ў 1793 г., калі адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Тады павет увайшоў у Чарнігаўскую губерню (намесніцтва), а пасля 1796 г. – у губерню Мінскую. Наколькі супярэчліва аўтар ГіВБ вызначае адміністрацыйную прыналежнасць населеных пунктаў і рэгіёнаў ілюструе яго тэзіс з першага тому: у 1564 г. Брагінская воласць увайшла ў склад Мазырскага павету (да рэформы 1565 – 1566 гг. не існаваў) Кіеўскага ваяводства, а потым – Мінскага ваяводства (і гэта няпраўда). У матэрыяле пра Хойнікі, сяло Брагінскай воласці, такія звесткі адсутнічаюць. Інакш кажучы, тут мы маем справу з аўтарскай самадзейнасцю без апоры на крыніцы. Што да мяжы, якая раздзяляла Мазырскі і Кіеўскі паветы пасля 1569 г., дык яна праходзіла паміж Хойнікамі і Настоллем, а мяжа Кіеўскага і Рэчыцкага паветаў – на поўначы ад Вялікага Бору.
     Абсалютна недарэчным з’яўляецца таксама наступны ўрывак: "Пад 1528 г. [Хойнікі] упамінаюцца ў пісьме намесніку Рэчыцкаму С. Палазовічу і намесніку Горвальскаму Б. Шалуху аб спрэчных землях паміж Рудабельцамі і Хвайнічанамі”. Але пры чым тут Хойнікі?! Рудыя Белкі – гэта сучасны раённы цэнтр Акцябрскі, а Хвойня – вёска ў Лучыцкім сельсавеце сумежнага Петрыкаўскага раёна. На вядомай аўтару ГіВБ карце "Беларусь в конце ХVI в." з кнігі М. Ф. Спірыдонава (1993 г.), аднаго з найбольш кампетэнтных у нашай краіне спецыялістаў па гісторыі перыяду, паміж гэтымі паселішчамі адсутнічаюць якія іншыя, а таму і зямельныя спрэчкі выглядаюць зусім натуральнымі. Да нашых жа Хойнік занадта далёка. Лепш уявіць сітуацыю можна, звярнуўшыся да карты "Мазырскае староства ў першай палове ХVI ст."  В. Насевіча, які абапіраўся на матэрыялы картатэкі М. Спірыдонава (Атлас гісторыі Беларусі Мінск, 2004. С. 42; тамсама карта "Рэчыцкі павет у канцы XVI ст.”, а на С. 31 – "Мазырскі павет у канцы XVI ст.” самога М. Спірыдонава), або да сучаснай больш-менш падрабязнай карты Гомельскай вобласці.
    Хто б мог падумаць, што ў выданні, якое мусіць утрымліваць выключна даследаваныя факты, або, калі такіх па тэме яшчэ няма, – непасрэдна архіўныя звесткі, з’явіцца выпадковая інфармацыя, невядома кім і калі даведзеная. Менавіта такое ўражанне стварае найбольш ранняя звестка пра пабудову царквы ў Хойніках. Запазычана яна з "Описания церквей и приходов Минской епархии” (Минск, 1879. Вып. VIII. С. 139.), дзе сказана: "В церкви хранится древняя богослужебная книга (?) от 1705 года, т. е. от времён построения Хойникской церкви князем Игнатием Шуйским, что видно из находящейся в той книге надписи".
    Па-першае, што азначае пытальнік пасля слова "кніга"? Па-другое, да 1720 г. Хойнікамі валодаў князь Дамінік Шуйскі, потым нядоўга трымаў у арэндзе біскуп Юзафат Парышэвіч, а з сакавіка 1721 г. аблытаны даўгамі маёнтак пераняў сын князя Дамініка Мікалай. Князь Ігнацы стаў уладальнікам пасля смерці брата ў 1725 г. Магчыма, у тым годзе і адбылася падзея. Меркаваная памылка ў 20 гадоў магла з’явіцца як з-за недакладнага прачытання ўказанага года аўтарам "Описания" (рукапіснае "2"лёгка прыняць за "0"), так і з-за простай неахайнасці. Асабліва, калі ўлічыць, як у гэтым выданні падаюцца назвы вёсак: Слобода Княжичъ (трэба: Слабада Княжыца), Моплище (Маклішча), Руданов (Рудакоў), Волотец (гэта Варацец аскеркаўскі, а Варацец прозараўскі запісаны правільна), Маланы (Масаны), Рудин (Радзін), Клевъе (Клевы/Клівы), Козелулень (Казялужы/Казялужжа), Пуданов (Пудакоў), Велешин (Велетин/Веляцін), Дронск (Дронкі/Дронькі), Малетов (Малешаў/Малішаў), Поселига (Паселічы). Адсюль вынікае, што "Описание" нельга выкарыстоўваць як аўтэнтычную крыніцу па нецаркоўных пытаннях, але толькі ў спалучэнні з іншымі, больш грунтоўнымі.

    Не мае падставы сцвярджэнне аўтара ГіВБ пра пабудову ў 1863 г. мураванай Пакроўскай царквы "на месцы старой драўлянай". Звесткі 1860 г. і 1865 г. адпаведна праваслаўных архіепіскапа Міхаіла Галубовіча ды брагінскага благачыннага Максіма Ярэміча пераконваюць у тым, што мураваны будынак у цэнтры мястэчка першапачаткова ўзводзіўся як касцёльны, драўляная ж царква стаяла тады недзе ў іншым месцы (гл. матэрыял "Прозараўскія мясціны ў Хойніках" ў раздзеле "Адметныя мясціны..."). І сядзібны дом Аўраамавых пабудаваны ў пачатку XX ст. не ў цэнтры Хойнік, якім тады была Базарная плошча (каля "Замка"), а за паўвярсты ад яго на месцы былой сядзібы Валокі (Увалокі).
    Нямала памылак у вызначэнні часу, умоўна кажучы, першай згадкі пра населеныя пункты. Да прыкладу, для Рудакова і Краснаселля названа XVIII ст., для Звяняцкага і Чахоў – XIX ст., для Мокіша – 1844 г., хоць Чахі фігуруюць у акце Оўруцкага гродскага суда 1687 г., сяло Веляцін, востраў Рудакоў, "дварэц" Высокае запісаныя яшчэ ў грамаце 1574 г., складзенай для князёў-братоў Аляксандра і Міхаіла Вішнявецкіх. Краснаселле, як высветлілася, мела пачатковую назву Кузцоўцы (Кузніцоўцы?) або "село Кузцовское" (1556 г.), а "люди кузцовские", прыналежныя да маёнтку князя Дзмітрыя Любецкага і жонкі яго Фенны, згаданыя ў судовай скарзе ад 24 кастрычніка 1550 г. Назву "село Красносельское" або "Красноселе" атрымала пры панах Харлінскіх; у выпісцы 1603 г. з гродскіх кніг Кіеўскага ваяводства чытаем тлумачэнне ўсяго: "...з ыменем его млсти п. Харлинского (Мікалая) Кузницовцами, новопрозываемым Красноселем...". Пазней тое сяло, разам з Мокішам названае ў сувязі з бітвай пад Загаллем 1649 г. Звяняцкае ж, як і Валокі, – у "Люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага і Жытомірскага паветаў” 1683 г. Адзін Варацец, хутар Яна Канецпольскага, сапраўды згаданы  ў 1687 г. Але яшчэ ў 1581 г. названа аднаімённае паселішча Шчаснага Харлінскага. І пазней, як ужо зазначана, існавалі два Варатцы  – прозараўскі (былы Харлінскага) і аскеркаўскі (былы Канецпольскага).
    Нібыта з XVIII ст. вядомыя Дворышча, Дронькі, Малочкі, Стралічаў і Храпкаў. Але Дронькі (няхай і не сяло, а востраў) разам з востравам Кажушкі і сялом Лісцвін прысутнічаюць у абмежавальным акце 1512 г., а Малочкі – у прывілеі 1671 г. Слабоды Стралічаў і Паселічы, паводле А. Ябланоўскага, значацца сярод уладанняў паноў Харленскіх ужо ў 1581 г., Дворышча і Храпкаў – у 1600 г., Карчовае і Рашаў вядомыя не з XIX ст., а адпаведна з 1600 і 1618 г. Да XIX ст. аўтар энцыклапедыі памылкова аднёс першыя звесткі пра Грачыхіна (Багуславец), Віць (Гноеў), Клівы, Плоскае, Руднае, Уласы. Але Гноеў падараваныя каралём Стэфанам Баторыем пану Давыду Есману яшчэ ў 1585 г. Клівы (Клевы) згаданыя ў рэвізіі Мазырскага стараства 1560 г. Інфармацыя пра Багуславец найраней сустрэлася нам у лацінамоўных метрычных кнігах Юравіцкага касцёла пад 1794 г. Вёскі Казялужжа і Небытаў вядомыя з 1618 г. Плоскае названае як аднадворнае паселішча ажно ў 1581 г., а Руднае як wieś Rudki або wieś Rudnaja – адпаведна ў 1600 і 1623 г. Уласы вядомыя, прынамсі, з 1600 г., Лясок існаваў не з 1920-х гг., бо згаданы як селішча Лыскаўшчына ажно ў 1516 г., калі нават Пагоннае было толькі "зямліцай пагоннай".
    Сяло Тульгавічы ў 1506 г. было падаравана не "царкоўнаму служачаму”, а будучаму ўдзельніку мяцежу князя Міхала Глінскага князю Васілію Мунчы. І гэта на сёння самая ранняя згадка пра населены пункт Хойніцкага раёна. Сёлы Аравічы, Баршчоўка, Масаны вядомыя не з 1570-х гг., Пагоннае не з XVIII ст., бо ўсе яны названыя ў памятным запісе 1526 г. ігумена Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя. Блізкі да іх Радзін вядомы ў пісьмовых краніцах не з XIX ст.; ужо ў 1563 і 1581 г. ён належаў кіеўскаму Пячорскаму манастыру.
    Дзіўна, аўтар ГіВБ карыстаўся матэрыяламі рэвізіі 1795 г. (напрыклад: Ф. 333. Воп. 9. Спр. 58), але не менш патрэбную справу 59 чамусьці праігнараваў. У іншым выпадку не атрымалася б так, што названыя ў ёй Куравое (Слабада Куравая), Рудзенька, Слабажанка (Слабада Княжыца), Хвойнае запісаны ў XIX ст., як і Дубровіца, вядомая з перапісу яўрэйскага насельніцтва 1765 г.
    Сустракаецца ў энцыклапедыі і атаясамліванне аднаімённых ці з сугучнымі назвамі паселішчаў розных рэгіёнаў або розных частак аднаго рэгіёна. З такой менавіта прычыны "пашанцавала” хойніцкаму Малішаву, які вядомы нібыта яшчэ з XV ст. Але ён хутчэй за ўсё пераблытаны з паселішчам Малешаў (Малішаў), што знаходзіцца паміж Туравам і Давід-Гарадком, бо толькі апошняе пазначана на карце М. Спірыдонава, хоць на ёй было дастаткова месца і для нашага.
    Хойніцкае сяло Малешаў адпісана Шчасным Харлінскім сыну Мікалаю ў 1600 г. Але ў інвентары Астраглядаўскага маёнтка 1698 г. Малешаў разам з Карчовым і Гарошкавам ды нейкімі Мікалаеўкай  і Клешчаўкай пазначаны як wsi puste. У 1721 г. населеная вёска Карчовае яшчэ не згадваецца, аднак, вядома што там, як у Навасёлках і за мілю ад Вялікага Бору існаваў млын. Пра вёску Малішаў з яе 15 дварамі сялян і 10 дварамі баяр (тут: асабіста вольных чыншавікоў) ёсць інфармацыя ў рэвізіі 1795 г.
    Нешта падобнае, мяркуем, здарылася і ў выпадку з Барысаўшчынай. Складаецца ўражанне, быццам на яе перанесеныя звесткі, знойдзеныя ў крыніцах XVI ст. пра Барыскавічы (Барысавічы) ў сучасным Мазырскім раёне. У каралеўскім прывілеі 1580 г. шляхцічу Стэфану Лавейку названыя маёнткі Барысавічы, Патачышча, Тульгавічы, Зіновішча і Гарбавічы. Тульгавічы тут безумоўна нашыя, але атаясаміць Патачышча з Паташняй, як і Барысавічы з Барысаўшчынай цяжка: не маглі ў тыя часы маёнткі цясніцца на такой невялікай тэрыторыі! Побач яшчэ мястэчка Загалле – будучы цэнтр староства, да якога ў XVII – XVIII стст. належалі вёскі Старое Загалле, Гноеў, Клевы, Казялужы, Небытаў. Прынамсі з пачатку XIX ст. на яго землях вядомая і шляхецкая аколіца Паташня (назву запазычыла ад папярэдняй буды?). А вось мазырскія Барыскавічы, Зімовішчы і Гарбавічы (усе змешчаныя на карце М. Спірыдонава) знаходзяцца на дастатковай адлегласці, каб быць асобнымі маёнткамі аднаго ўладальніка. Бясспрэчна наша Барысаўшчына выступае пад назвай "sioło Borysewicze"у размежаванні Мазырскага павету ВКЛ і Кіеўскага ваяводства Кароны 1622 г., калі яна належала мазырскаму войскаму пану Храпавіцкаму з жонкай.
    Наш пасёлак Града, які знаходзіўся паміж Дронькамі, Пагонным і Аравічамі (тэр. Дзёрнавіцкай вол. у парэформенны час) у ГіВБ атаясамлены з вёскай Града Юравіцкай воласці (Калінкавіцкі р-н), а хойніцкі пасёлак Дуброва (тэр. Юравіцкай вол.) – з аднаімённай вёскай* Дзёрнавіцкай воласці, што на Нараўляншчыне. Адпаведна на іх перанесеныя звесткі пра вёскі з XIX ст., як быццам аўтару невядома, што пасёлкі ўзнікалі на былых фальваркавых землях і час заснавання іх рэдка выходзіў за мяжу XX ст.
    Пра Маклішча і Міхалёў (з 1929 г. Нарыманаў) ёсць звесткі 1796 г., а не толькі сярэдзіны XIX ст. і пазней. Двор Міхалёў, да якога належалі вёскі Старч, Муціжар і Маклішча, атрымаў сваю назву ад імя ўладальніка – Міхала, сына Багуслава, Аскеркі. Старч названы ў радаводнай справе Аскеркаў у ліку паселішчаў, прыналежных Багуславу, а той памёр яшчэ ў канцы XVIII ст. І Глінішча вядомае не з XVIII ст., бо ў 1658 г. ім валодаў мазырскі харунжы Рыгор Круневіч, што засведчана ў дакуменце Літоўскай метрыкі. Раней, чым у XIX ст., з’явілася Тульгавіцкая Рудня: ў кнігах Юравіцкага касцёла яна згадана пад 1790 г. Берасцечка вядомае ў крыніцах не з другой паловы, а прынамсі з 40-х гг. XIX ст.
    Алексічы ў 1568 г. знаходзіліся ў валоданні братоў Круневічаў, а не Ф. Кміты, а Судкоў, насуперак энцыклапедыі, у інвентары 1721 г. адсутнічае. Верагодна, ён пераблытаны са Стралічавам. У шляхецкай рэвізіі 1811 г. побач з Паташняй названа аколіца Сачкоў (Шацкоў?), якая знаходзілася ў межах Загальскага староства, г. зн. на казённых землях. Суцькоў пазначаны на генеральнай карце для канца XVIII ст. у другім томе Вялікага гістарычнага атласа Беларусі.
    У матэрыяле пра Лісцвін канца XIX ст., акрамя вёскі і фальварка, згадана аднаімённая аколіца, а ў дачыненні да Мархлеўска сказана, нібы заснаваны ён у пачатку XX ст. Але ж Мархлеўск – гэта і ёсць былая аколіца Лісцвін, якую Я. Н. Рапановіч чамусьці запісаў у сваім слоўніку "слабадой”. Нам засценак (тут: адпаведнік аколіцы) Лісцвін сустрэўся ў метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла 1876 г., а ў запісах А. М. Зелянкоўскага – пад 1874 г.
    Вёска Дворышча Вербавіцкага с /c Нараўлянскага р-на ўскосна атаясамлена з хойніцкай, бо на 1811 г. названа ўладаннем Прозараў. Але апошнія, у адрозненне ад сваіх суседзяў, паноў Аскеркаў і Горватаў, ніколі не мелі "добраў” на Нараўляншчыне.
    Каралін (былы фальварак Карнэліянаў) у Паселіцкім с/с, угоддзі якога ў парэформенны час маглі належаць толькі да Мікуліцкай воласці, атаясамлены з аднаімённым фальваркам воласці Юравіцкай (у межах Калінкавіцкага р-на, на паўднёвы захад ад Тунеўшчыны), а пасёлак Чырвоны Араты (Двор = фальварак Карчовае) у тым жа Паселіцкім с/с зблытаны з аднаімённым пасёлкам, створаным пры землеўпарадкаванні сяла Губарэвічы. Абодва Чырвоныя Аратыя пазначаныя на тапаграфічнай карце Генштаба РККА 1929
1934 гг.
    Жыхарам Чырвонай Нівы, Настолля і Будаўніка (няхай у апошнім усяго адзін двор!), мяркуем, крыўдна будзе даведацца, што іх паселішчы, як названая побач Пальміра, сёння "не існуюць".
   Пэўна, у гэтым крытычным матэрыяле названыя хіба тыя памылкі, якія мы былі ў стане заўважыць, абапіраючыся на ўласныя звесткі. Мяркуем, аднак, іх дастаткова, каб прызнаць доўгачаканую энцыклапедыю не вельмі надзейнай, хоць і небескарыснай наогул. Відавочна, выданне атрымалася б больш грунтоўным, калі б яго рыхтаваў не адзін спецыяліст (сёння, на жаль, нябожчык), а цэлая група і пры абавязковых кансультацыях з гісторыкамі раёнаў, якім яно прысвечана.

 *У гэта цяжка паверыць, але нараўлянская Дуброва пераблытаная з Дубровай… Крукавіцкай воласці Рэчыцкага павету (сённяшняя Петрыкаўшчына), а тая, у сваю чаргу, – з таксама петрыкаўскай, але Капаткевіцкай воласці Мазырскага павету Дубровай! Такім чынам, аўтар падаў памылковую інфармацыю ажно пра чатыры аднаімённыя паселішчы трох адміністрацыйных раёнаў вобласці.

С. Бельскі

     Астатнія абнаўленні гл. у матэрыяле "Найранейшыя пісьмовыя звесткі аб паселішчах Хойнікшчыны”

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024