Понедельник, 25.11.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

Уладальнікі Хойнік
(11 жніўня 2012 г.)

         Кожны, хто жадае адшукаць нешта пра ўладальнікаў Хойнік, натуральна, звернецца да сучасных энцыклапедый і даведнікаў. Але высветлілася, што ў іх тэма выкладзена не толькі супярэчліва, але і памылкова. Наступны матэрыял ёсць спробаю, па магчымасці, заўважаныя памылкі выправіць ды і самую праблему выкласці больш поўна.
        Што маем зараз?
     Даследчыкі М. І. Камінскі і А. М. Кулагін сцвярджалі, што Хойнікі вядомыя "з 1512 г. як вёска Брагінскага графства ў Вялікім Княстве Літоўскім. Належала Вішнявецкім…". А. М. Зелянкоўскі з У. Ф. Ісаенкам яшчэ і растлумачылі, адкуль паходзяць звесткі, – з "апісання межаў Брагінскага графства дзяка Івана Кніцічава", у ім жа нібыта засведчана: "Хойнічак размешчаны на захадзе графства з вёскамі Лісцвін, Драгічын, Кажушкі…".
     Пра Хойнікі, як уладанне князёў Вішнявецкіх, гаворыцца ў энцыклапедыях "Гісторыя Беларусі", "Гарады і вёскі Беларусі”, "Вялікае Княства Літоўскае" ды іншых выданнях.
    Найперш аб "графстве". Для ВКЛ пачатку XVI ст. гэткі тэрмін, што да азначэння прыватнага ўладання, нехарактэрны, калі наогул магчымы. Так, дакумент 1512 г., на які спасылаюцца, мае назву "Akt ograniczenia hrabstwa Brahińskiego", але ён уяўляе сабой запіс у польскамоўнай актавай кнізе Мазырскага гродскага суда ад 2 жніўня 1776 года. Самое абмежаванне 7 сакавіка 1512 года датычылася "воласці Брагіня" і запісана "рускай" мовай. Інакш кажучы, тут мы маем справу з больш позняй традыцыяй, калі некаторыя з Вішнявецкіх пісаліся не толькі "князямі на Вішняўцы…", але і "графамі на Брагіне…". Паны Ракіцкія, да якіх урэшце адыйшоў Брагінскі маёнтак і для якіх складзены запіс 1776 г., у XIX ст. таксама зваліся "графамі", а некаторыя з іх нават паспяхова даводзілі права на графскую годнасць у Дэпартаменце Герольдыі, пра што пісаў С. Я. Рассадзін. Але ці сапраўды мелі яны на тое права? Магчыма невыпадкова ў радаводнай справе прэтэндэнтаў сцвярджаецца пра перамену прозвішча з Пшэжэмбскіх на Ракіцкіх, а гербу з "Навіна" на "Равіч"? Прынамсі, ні ў справах аб гайдамаках 1750 і 1752 г. ротмістр ашмянскага павету Францішак Антоні, ні ў згаданым "Акце" 1776 г. палкоўнік пяцігорскі Міхал і ротмістр ашмянскі Алаізы Ракіцкія графамі не названыя. Няма ніякіх звестак пра тытул ды тоеснасць з Пшэжэмбскімі і ў працы С. Урускага "Rodzina".
   Аўтары матэрыяла ў кнізе "Памяць" не толькі ўвялі Хойнікі ў межы Брагінскага "графства", але і далучылі да іх вёскі будучага раёна, падаўшы ўсё як цытату з дакумента. Але гэтага ў "Акце" няма. Лісцвін сапраўды названы "сялом брагінскім", аднак востраў Хойнічак, які, заўважым, не мае ніякага дачынення да нашых Хойнік, змешчаны асобна ад яго. Астравы Дронькі (не Драгічын!) і Кажушкі – угоддзі сёння адселеных вёсак Хойніцкага раёна, што на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, – былі памежнымі пунктамі, належалі, як вышэй сказана, не да Брагінскай, а да Беласароцкай нядзелі Чарнобыльскай воласці. Ды і ўкладальнік апісання Іван Андрэевіч Кміціч (не Кніцічаў) быў не "дзякам", а каралеўскім дваранінам.
    Адкуль з’явілася перакананне, нібы першымі атрымалі Хойнікі ад караля ва ўласнасць князі Вішнявецкія? Магчыма, тэзіс запазычаны са слоўнікавага артыкула "Chojniki" А. Ельскага ды з залежнага ад яго краязнаўчага нарыса "Брагинская волость" М. Запольскага. Большасць асобаў, якія звярталіся да тэмы пазней, паўтаралі гэтую версію без праверкі, ператварыўшы яе ў традыцыю. Аднак, ні А. Ельскі, ні М. Запольскі ў гэтых сваіх працах не абапіраліся непасрэдна на крыніцы XVI ст., а навуковыя творы аўтары нават навейшых энцыклапедычных выданняў чамусьці не ўлічвалі. Таму агульная карціна атрымалася неадэкватная.
    Спачатку Хойнікі ў складзе Брагінскай воласці былі дзяржаўным уладаннем. У 1506 г. кароль і вялікі князь Аляксандр аддаў апошнюю ў трыманне Данілу Дзедкавічу, пакуль той не выбера належныя яму 230 коп грошай. Але неўзабаве манарх памёр, яго ж брат і пераемнік Жыгімонт Стары "взяли есмо тую волостку Брягин" пад сваю руку. Ненадоўга, бо прывілеем ад 25 кастрычніка 1509 г. воласць тым жа каралём была аддадзена "до живота его" князю Міхаілу Васільевічу Збаражскаму, які раней ужо карыстаўся даходамі з яе "до воли господаръское". У хуткім часе князь М. Збаражскі, жадаючы атрымаць тую воласць "на вечность" біў чалом каралю аб правядзенні яе абмежавання, што і выканаў у пачатку 1512 г. дзяржаўца трахтамірскі і дымірскі І. Кміціч.
   У Літоўскай метрыцы ёсць запіс, паводле якога, князь Міхаіл Васільевіч Збаражскі, які першы назваўся Вішнявецкім (ад замка Вішнявец на Валыні), у канцы 1514 г. атрымліваў ад караля Жыгімонта Старога на вечнасць "…тую волостку Брягин з местом и с корчмами, и з мытом, и з городищом, и со всими селы, и з людми, кром тых сел, што первеи того кому у тои волости будем дали". Нагадаем, што ў ранейшым каралеўскім 1509 г. лісце-падараванні Брагінскай воласці князю М. В. Збаражскаму "до его живота" такой агаворкі мы не сустракаем, а гэта значыць, што яна заставалася яшчэ тэрытарыяльна адзіным уладаннем.
      Але што і каму аддалі "первеи того"?
     Прынамсі, Хойнікі і Астрагляды ўжо належалі оўруцкаму намесніку Сямёну (Сенку) Палазовічу (на здымку яго пячатка з дакумента 1513 г.). Ускосна аб гэтым сведчыць "Akt ograniczenia..." 1512 г., паводле якога паўночная мяжа ўладання М. Збаражскага на Хойнікшчыне праходзіла ад вострава Кажушкі праз угоддзі сяла Лісцвін да ўгоддзяў сяла Дамамірка, што ў сучасным Лоеўскім раёне. А значыць, Хойнікі засталіся па-за той мяжой. Ці не таму, што напярэдадні з "волостки Брягин" былі выключаныя?
     Нам пакуль недаступны тэкст прывілея самому пану Сямёну Палазовічу, які можа быць пазначаны і больш раннім годам, чым 1512-ты
*. Але ў 2008 г. украінскім гісторыкам Андрыем Блануцай быў апублікаваны ліст караля Жыгімонта Старога, складзены ў Кракаве 3 сакавіка 1532 г. Ён дазваляе сцвярджаць, насуперак энцыклапедыям, што Хойнікі князям Вішнявецкім, у адрозненне ад іх продка князя Міхаіла Васільевіча Збаражскага, ніколі не належалі. Гэтым дакументам кароль вяртаў Хвойнікі, Астраглядавічы і Навасёлкі зяцю С. Палазовіча князю Дзмітрыю Раманавічу Відэніцкаму (Любецкаму).
     Калі ў 1558 г. князь Дзмітрый памёр, яго жонка пані Фенна Палазоўна запісала маёнткі на імя сына Богуша Любецкага, але той пакінуў свет жывых беспатомным. Яго сястра, таксама Фенна, пасля смерці мужа Мельхіёра Насілоўскага, у 1568 г. узяла шлюб са Шчасным (Феліксам Адауктам) Харлінскім гербу Бонча (на здымку), запісаўшы яму ў вышэйзгаданай грамаце "именя свое отчизные, дедизные, материстые".
     Такім чынам, Астраглядамі і заўжды неад’емнымі ад іх Хойнікамі ў апошняй трэці XVI ст. завалодала кіеўская галіна роду Харлінскіх герба “Бонча”, гісторыя якога ў дакументах ці не скрозь судовыя працэсы, наезды, сваркі, калатнеча; у валынскай галіне здарылася нават забойства на сямейнай глебе. Паводле Т. Жыхлінскага, Шчасны, чалавек шырокай славянскай натуры, выхаваны ў атмасферы палітычных свабод, сцяснёны адно ранейшым незаможным побытам на пясчаных глебах Харленжа ў Люблінскім ваяводстве, дзякуючы багатаму жончынаму пасагу, пачуўся даволі магутным і зусім не стрымліваў свае буйныя фантазіі, пры кожным выпадку лёгка рабіў наезды на суседнія маёнткі. Найбольш пацярпелі ад яго ўладанні Кіеўскай мітраполіі Унін і Дзедаўшчына Пячорскага манастыра. Дайшоў нават да таго, што пазбавіў пасады аднаго архімандрыта і прызначыў іншага. Прычым манахі думалі, што рабілася гэта згодна з воляй караля і падпарадкоўваліся, ажно пакуль не высветлася, што гэта быў свавольны гвалт.
    Што да ўладанняў князёў Вішнявецкіх. У тэксце ліста ад 15 сакавіка 1574 г., які размяжоўваў уладанні князёў-братоў Міхаіла і Аляксандра Вішнявецкіх, "дарога Хвойніцкая", Астраглядавічы (статус гэтага паселішча таму і не пазначаны) выступалі хіба памежнымі арыенцірамі, тады як сёлы Лісцвін, Веляцін, Губаровічы, Бабчын, "дварэц" (панская сядзіба) Высокае ды востраў Рудакоў "цягнулі" да Брагіна. Дарэчы, імя харунжага кіеўскага Шчаснага Харлінскага запісана ў канцы тэкста сярод імёнаў іншых сведкаў, а яго пячатка была адной з васьмі, якія зацвердзілі дакумент (гл. Акт о разделе имения Брягин. 1574 г .).
    Яшчэ да сваёй смерці ў пачатку 1600-х гг. падкаморы кіеўскі Шчасны запісаў маёнтак старэйшаму сыну Мікалаю. М. Харлінскі і яго жонка Гэлена або Гальшка (з Адравонжаў) фундавалі ў Астраглядавічах касцёл, з ім жа ўзнікла і першая ў рэгіёне каталіцкая парафія. Адбылося гэта да 1622 г., калі памёр М. Харлінскі. У 1623 г. Гальшка Харлінская ўжо сама судзілася са сваякамі Харлінскімі за іх наезд на замак Астраглядаўскі, вёску Астраглядавічы, на мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Стралічаў, Паселічы, Малішаў, Вялікі Бор, Краснаселле, Гарошкаў, Дворышча, Навасёлкі, Храпкаў, Плоскае, Руднае, Уласы, Варацец, Карчоўка, Рашаў.
    У 1627 г. пані Гальшка Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча) гербу Ястшэмбец зменены (ніжэй на здымку), жанатага з яе дачкой Евай, народжанай у шлюбе з князем Дзьмітрыем Курцэвічам. Актавая кніга Жытомірскага гродскага суда 1635 г. са слоў вознага засведчыла, што з-за няўплаты чопавага падатку ён "Перши позовъ по его милостъ п̃на Абрамовича, воеводича смоленъского, до села Оcтроглядовичъ, маетности его милости, того року и д̃ня деветнастого м̃ца сепътемъбра однеслъ и въ дворе тамошнимъ урядникови в руки одъдалъ..." Валодаў маёнткам М. Абрамовіч яшчэ і ў 1637 г., калі за 12 000 зл. перадаў фальварак і вёску Руднае ды вёскі Дворышча і Навасёлкі на тры гады ў карыстанне зямяніну Стэфану Воўку, намінальна, і ў 1639 г., калі заставіў Астраглядавічы гданьскаму мешчаніну Ежаму Гэўлу за 33 600 зл. ды меў судовую справу з кіеўскім Свята-Міхайлаўскім (Залатаверхім) манастыром, і ў канцы 1641 г., калі вяртаў доўг сыну нябожчыка Ісааку Гэўлу. Уражанне такое, нібы генерал артылерыі ВКЛ М. Абрамовіч ці не кожны раз пазычаў грошы дзеля таго, каб аддаваць папярэднія даўгі то дзяржаве, то прыватным асобам, застаўляючы Астрагляды.
    Пад 1643 г. дзедзічам Астраглядавічаў (г. зн. і Хойнік) названы кіеўскі падстолі Максіміліян Бразоўскі. Праз шлюб з яго дачкой Зофіяй маёнтак урэшце дастаўся князю Канстанціну Яну Шуйскаму. 26 чэрвеня 1664 г. пані Зофія перапісала свае маёнткі ў Берасцейскім ваяводстве ВКЛ і ў Кароне на мужа. Тады Шуйскія сталіся ўласнікамі гэтых і іншых добраў у Кіеўскім ваяводстве ды трымалі іх каля паўтары сотні гадоў. Дарэчы, менавіта пры іх цэнтрам маёнтка сталі Хойнікі. Паспрыялі гэтаму, відавочна, дзве акалічнасці: 1) Астраглядавічы знаходзіліся ў атачэнні брагінскіх уладанняў, а Хойнікі – на поўначы па-за іх межамі; 2) размешчаныя на ўскрайку балота, апошнія былі лепш абароненыя, у тым ліку і ад казацкіх наездаў. Замак у Хойніках, узведзены, відавочна, М. Бразоўскім, паступова пераняў функцыі ранейшага замка Харлінскіх у Астраглядавічах. Што праўда, ён, як і самі Хойнікі, у адрозненне ад Астраглядавіцкага, так і не з’явіўся на картах XVII – XVIII стст., першая з якіх была складзена Томашам Макоўскім і выдадзеная ў 1603 г. ды перавыдадзеная ў 1613 г.
    Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага в-ва 1683 г. (урывак з дакумента гл. ніжэй), большая частка колішняга Брагінскага маёнтка Вішнявецкіх (уключна з сёламі і хутарамі на Хойнікшчыне) належала ваяводзічу бэлзскаму, будучаму серадзкаму ваяводзе Яну Канецпольскаму, а астатняе – панам Сілічам, Бялабжэскаму, Чэрскаму, Катарскаму, Гаварэцкаму, Ясінскаму, пані Бруханьскай.

   Хойнікамі, Астраглядамі і прыналежнымі да іх сёламі да 1695 г. аднаасобна валодаў харунжы брэсцкі, пазней пісар літоўскі Канстанцін Ян Шуйскі. У 1697 г. дзедзічам валасцей Хойніцкай і Загальскай (воласць каралеўская, таму мог быць хіба яе старастам) названы яго сын Дамінік Ян (дарэчы, народжаны менавіта з Зофіяй Бразоўскай, пасля смерці якой князь Канстанцін браў шлюб яшчэ тры разы).

    Заўважым, што спадчынныя ўладальнікі нярэдка перадавалі кіраванне, а адначасова і арэнду добраў іншым асобам. Гэтак, ад 1698 г. маёнтак, паводле адпаведнага інвентара, арандаваў пан Зыгмунт Шукшта. 29 лютага 1716 г. быў складзены тэкст рэвізіі Хойніцкага маёнтка, праведзенай скарбнікам брэсцкім Станіславам Шуйскім, пасля якой З. Шукшта быў адхілены ад кіравання. У маі-чэрвені 1716 г. брэсцкі харунжы князь Д. Шуйскі і стражнік вількамірскі З. Шукшта абмяняліся ўзаемнымі скаргамі у Кіеўскі гродскі суд, звязанымі з той арэндай (прэтэнзіі па ёй выказвала яшчэ ў студзені 1724 г. удава З. Шукшты пані Елізавета сыну Д. Шуйскага князю Мікалаю).

 

     Князь Дамінік памёр блізка да красавіка 1720 г. Відавочна, яшчэ раней Хойнікі перайшлі ў вельмі няўдалую пасэсію да ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пры якім маёнтак усё ніяк не мог управіцца з выплатай даўгоў і гэта абмяркоўвалася нават на паседжаннях Радамскага і Люблінскага трыбуналаў. Дзеля іх кампенсацыі ў лютым 1719 г. Жытомірскі гродскі суд пастанавіў перадаць сяло Дворышча і фальварак Храпкаў нашчадкам чарнігаўскага падкаморага Канстанціна Залескага, а ў верасні т. г. Оўруцкі гродскі суд, выконваючы рашэнне Люблінскага трыбунала, перадаў маёнтак Краснаселле оўруцкаму мечніку Мацвею Трыпольскаму.

     Ад таго валоскага біскупа Ю. Парышэвіча 20 сакавіка 1721 г., як сведчыць інвентар з адзіным вядомым апісаннем замка ў Хойніках, "добра" зноў вярнуліся да аднаго з Шуйскіх – да князя Мікалая, сына Дамініка**. Пасля смерці яго ў 1725 г. новым уладальнікам стаў брат Ігнацы. З 1754 г. спадчыннікам выступаў сын Ігнацыя князь Адам, будучы стараста загальскі, які з прычыны малалецтва быў пад апекаю падканцлера ВКЛ Міхала Антонія Сапегі. Апошні здолеў вызваліць Хойнікі, а таксама Церабунь на Берасцейшчыне і Яснагародку на Кіеўшчыне ад цяжару даўгоў. Пасля яго смерці ў кастрычніку 1760 г. апякунства прынялі сваякі Шуйскія, старасты ніжынскія, і зноў жа аблыталі маёнтак вялізнымі даўгамі. Памёр дваццацітрохгадовы князь Адам, апошні мужчына гэтага роду ў нашым рэгіёне, незадоўга да нараджэння дачкі Людвікі ў 1767 г.
    У 1782 г. пані Марыяна (з дому Халецкіх) Шуйская, удава па князю Адаму, выйшла замуж за ваяводу віцебскага Юзафа Прозара. У хуткім часе пабраліся шлюбам іх дзеці Людвіка Канстанцыя і Караль – будучы вялікі абозны, потым знакаміты арганізатар, а паводле дакументаў смаленскай следчай камісіі, апублікаваных Я. К. Анішчанкам, да Я. Ясінскага і лідар пакуль што ў падрыхтоўцы будучага паўстання 1794 г. у ВКЛ. Пасля смерці жонкі і свайго вызвалення з-пад арышту ў 1829 г. К. Прозар стаў уладальнікам Хойніцкага маёнтка. Памёр абозны, як сведчаць метрычныя кнігі Астраглядаўскага касцёла, 20 кастрычніка (1 лістапада) 1841 года. З інвентара 1844 г. вынікае, што частка "добраў" разам з мястэчкам захоўвалася за яго малодшым сынам Уладзіславам. У 1862 – 1864 гг. адзіным уладальнікам выступаў унук Мечыслаў. Праўнук жа Канстанцін канчаткова змарнаваў спадчыну Шуйскіх і Прозараў. Страчваючы фальварак за фальваркам, у 1887 г. быў вымушаны маёнтак прадаць. Набылі яго расійскія купцы з Арлоўскай губерні: карачаўскі Міхаіл Пятровіч Аўраамаў і трубчэўскі Гаўрыла Сямёнавіч Курындзін.
    У "Списке землевладельцев Минской губернии 1911 г." хойніцкімі памешчыкамі названы сыны М. П. Аўраамава Андрэй Міхайлавіч, уладальнік сядзібнага дома ў сённяшнім парку, Сямён Міхайлавіч, Васіль Міхайлавіч, Мітрафан Міхайлавіч, магчыма, уладальнік былой прозараўскай сядзібы "на Замку", Іван Міхайлавіч. Зразумела, што для парэформеннага часу мы маем справу ўжо не з уладальнікамі Хойнік, а толькі з найбуйнейшыміў рэгіёне землеўласнікамі.
     Такое становішча захоўваўлася да канца 1917 года.

*Сёння (26. XI. 2019) гэта вядома больш дакладна: 3 (13) чэрвеня 1504 г. Прывілей на Хойнікі і Астраглядавічы выдадзены каралём Аляксандрам [гл.: АGAD. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 3, 200]. Усё адбылося яшчэ да пана Данілы Дзедкавіча і тым болей князя М. В. Збаражскага. Відавочна, не адно асабіста зацікаўлены С. Палазовіч, але і каралеўскія дарадцы заўважылі неасвоеную частку Брагінскай воласці на поўнач ад Хвойнікаў ажно да межаў воласці Рэчыцкай. Гэта ўсё і вырашыла. Бо зямлі для каралеўскіх падараванняў, чым далей, усё больш бракавала.
**Гэта тая падзея, якую А. М. Зелянкоўскі і У. Ф. Ісаенка ў кнізе "Памяць" выдалі за продаж маёнтка біскупам Парышэвічам М. Шуйскаму ды яшчэ нібыта цытуючы дакумет! Вышэй бачым арыгінальны загаловак інвентара, у якім ані слова аб тым прыдуманым продажы, але: "Інвентар маёнтку Хойніцкага з прылегласцямі (cum attinentiis), атрыманага ад яснавяльможнага ягамосці ксяндза Юзафата Парышэвіча, біскупа валоскага, вяльможным ягамосцю панам Мікалаем, князем Шуйскім, харунжычам ваяводства Брэсцкага ў годзе тысяча семсот дваццаць першым дня дваццатага месяца сакавіка". 

                                                                       Крыніцы і літаратура
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску. Ф. 142. Воп. 1. А. з. 1475, 1481; Ф. 299. Воп. 5. А. з. 861; Ф. 320. Воп. 1. А. з. 1;
Ф. 333. Воп. 9. А. з. 59; Ф. 694. Воп. 7. А. з. 871; Ф. 1089. Воп. 1. А. з. 3; Ф. 1728. Воп. 1. А. з. 19
Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. (1506 – 1544). С.-Петербург, 1848
Акты, относящиеся к Южной и Западной России. Т. 1 (1361 – 1598). С.-Петербург, 1863; Т. 12 (1675 – 1676). 1882
Архив Юго-Западной России. Киев, 1868. Ч. 3. Т. 2; 1871. Ч. 1. Т. 4; 1886. Ч.7. Т. 1; 1910. Ч. 2. Т. 3; 1911. Ч. 8. Т.6
Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ–ХVІІІ ст. з фондів Національної бібліотеки України імені В.І. Вернадського. Зб. док. [Текст] / Автори-укладачі: Ю.А. Мицик, С.В. Сохань, Т.В. Міцан, І.Л. Синяк, Я.В. Затилюк; Нац. акад. наук України, Нац. б-ка України ім. В.І. Вернадського, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М.С. Грушевського. – Київ, 2011
Описи актовых книг Киевского центрального архива. № 38. Сост. Е. П. Дьяковский.
Киев, 1906; № 32, 34. Сост. А. Т. Белоусов. Киев, 1907 
Русская историческая библиотека. Т. XXX. Литовская метрика. Отд. 1-2. Ч. 3. Т. 1. Юрьев, 1914
Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 8 (1499 – 1514). Vilnius, 1995; Nr. 9 (1511–1518). 2002 [2004]; Nr. 6 (1494 - 1506). 2007
Źródła dziejowe. T. XX, XXI, XXII. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX, X, XI. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów - Bracław). Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. Warszawa, 1894 – 1897
Анішчанка Я. К. Ля вытокаў паўстання 1794 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік (БАШ). Вып. 1. Мінск, 2000
Блануца Андрій. Земельні надання Сигізмунда І Старого на Українські землі Великого Князівства Литовського // Україна в Центрально-Східній Европі. 2008. № 8
Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 1 – 2. Мінск, 2005 – 2006
Вялікі гістарычны атлас Беларусі. Мінск, 2009. Т. 1; 2013. Т. 2
Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць. Энцыклапедыя. Кніга II. Мінск, 2005
Запольский М. Брагинская волость (исторический очерк) // Календарь "Северо-Западного края” на 1889 год. Москва, 1889
Зелянкоўскі А. М. Па залах Хойніцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Хойнікі, 1995
Зелянкоўскі А. М., Ісаенка У. Ф. Старонкі мінулага // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна. Мінск, 1993
Камінскі М. І., Кулагін А. М. Хойнікі // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць. Мінск, 1985
Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли. Т. 1. Литовский период. Одесса, 1912
Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV - XVIII вв. Киев, 1992
Літвін Г. Сувязі эліты ВКЛ з Кіеўшчынай у 1569 – 1648 г. // Беларускі гістарычны агляд (БГА). Мінск, 2011. Т. 18; Падалінскі У. Рэц.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569–1648. Warszawa, 2009 // БГА. 2012. Т. 19
Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. Исторические очерки. Москва, 1892
Малішэўскі У. А., Пабока П. М. Нашы гарады. Мінск, 1991
Спиридонов М. Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV – XVI вв.). Минск, 1993 [карта "Беларусь в конце XVI в.”]
Спиридонов М. Ф. Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // БАШ
Список землевладельцев Минской губернии. 1889 г. Минск, 1889
Список землевладельцев Минской губернии 1911. Б. м. Б. г.
Boniecki A. Herbarz Polski. Warszawa, 1899. T. I; 1900. T. II.; 1905. T. VIII
Dubiecki M. Karol Prozor, oboźny W. W. Ks. Litewskiego. Przyczynek do dzieów powstania Kościuszkowskiego. Monografia. Kraków, 1897
Jelski A. Chojniki // Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. Warszawa, 1880. T. I; Ostrohlady // 1886. T. VII
Halecki O. Przyłączenie Podlasia, Wołynia i Kijowszczyzny do Korony w roku 1569. Kraków, 1915
Pietkiewicz Cz. Chojniki // Ziemia: Ilustrowany miesięznik krajoznawczy. Warszawa, 1927. T. 12. № 15-16
Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. Warszawa, 1917. T. XIV
Wolff J. (Ożarowski hr. Konstanty) Kniaziowie litewsko-ruscy od czternastego wieku. Warszawa, 1895
Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. Poznań, 1893. Rocznik XV

С. Бельскі

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Ноябрь 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024