Пятница, 19.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                            Такое не забываецца
                                            14 верасня – Дзень памяці ўдзельнікаў ядзерных выпрабаванняў
     У армію я быў прызваны Палескім аблваенкаматам. Да гэтага працаваў сталяром у будаўнічым упраўленні г. Мазыра. З лістапада 1952 па лістапад 1953 года быў курсантам Мазырскага вучэбна-танкавага батальёна. З “вучэбкі” размеркавалі ў танкавы батальён 42-га палка 12-й гвардзейскай механізаванай дывізіі наводчыкам танка. У чэрвені 1954 г. з Брэста мы былі накіраваны вайсковым эшалонам у раён вучэнняў. Рухаліся пераважна ў начны час. На станцыі Тоцкая разгрузіліся і сваім ходам накіраваліся ў стэп паміж Самарай і Арэнбургам. У пачатку жніўня нам быў зачытаны загад па палку, якім забаранялася весці размовы з мясцовым насельніцтвам, пісаць лісты родзічам і знаёмым. Былі складзены спісы аб невыдаванні ваеннай тайны. 
     Увесь жнівень праводзіліся трэніроўкі асабовага саставу з тэхнікай на ўсю глыбіню наступлення ў саставе рот, батальёнаў, палка і дывізіі. На адной з трэніровак прысутнічала група генералаў на чале з маршалам Савецкага Саюза Г. К. Жукавым. У тое лета спякота была на 40 градусаў. З дня на дзень мы чакалі пачатку вучэнняў.
    На вайсковых вучэннях адпрацоўвалі прарыў тактычнай абароны з прымяненнем ядзернай зброі. Камандаванне вучэннямі было даручана маршалу Г. К. Жукаву, у іх брала ўдзел кіраўніцтва ўсіх груп войск, вайсковых акруг, супрацьпаветранай абароны, флота і флатыліі. Былі запрошаны міністры абароны ўсіх саюзных краін, а таксама вучоныя – стваральнікі ядзернай зброі – І. Курчатаў, К. Шчолкін і інш.
    Агулам у вучэннях было задзейнічана каля 45 тысяч чалавек асабовага саставу, 600 танкаў і самаходных артылерыйскіх установак, 500 мінамётаў, 600 бронетранспарцёраў, 320 самалётаў, 6 тысяч цягачоў і аўтамабіляў.
      Камандаванне вырашыла правесці бомбакіданне з самалёта ТУ-4. Камандзір экіпажа – маёр В. Куртычаў. Самалёт суправаджалі 2 знішчальнікі і бамбардзіроўшчык.
     У дзень вучэнняў 14 верасня 1954 года стаяла яснае сонечнае надвор’е. За 10 хвілін да нанясення ўдара быў пададзены сігнал “атамная трывога”, па якому войскі пайшлі ва ўкрыцці і сховішчы. Экіпажы танкаў і самаходных артылерыйскіх установак занялі свае месцы ў машынах і закрылі люкі. У 9 гадзін 34 хвіліны самалёт-насіцель з вышыні 8 тысяч метраў скінуў атамную бомбу.
     Пасля выбуху быў распачаты артылерыйскі агонь, нанесеныя бомбавыя ўдары авіяцыі. Такой іх шчыльнасці сусветная практыка не ведала, яна была ў два разы большая, чым пры штурме Берліна.
     Пайшлі ў бой танкі, на хаду страляючы з гармат. Усё грукатала, гудзела, гарэла. Сонца не было відаць з-за дыму. Потым сышліся сотні танкаў, бронемашын, аўтамашын з боку “наступаючых” і “адступаючых”. У паветры віселі аблокі пылу, за 50 метраў нічога не было відаць.
     “Бой” працягваўся амаль увесь дзень. Усе ўдзельнікі вучэнняў сталі не толькі відавочцамі выбуху каласальнай разбуральнай сілы, але на танках, БТРах прайшлі праз яго эпіцэнтр.
     Каля 12 гадзін ваеннаслужачыя, прыцягнутыя да вучэнняў, знаходзіліся на заражанай мясцовасці. Потым нас вазілі паказаць эпіцэнтр выбуху (!) – зямля там была як шлак.
     Ніхто з удзельнікаў вучэнняў тады не думаў пра наступствы іх для свайго здароўя. Войскі выконвалі загад. Дзякуючы Тоцкім вучэнням былі поўнасцю адпрацаваны дзеянні ва ўмовах атамнай вайны.
     За ўдзел у вучэннях усім ваеннаслужачым міністр абароны СССР аб’явіў падзяку. Але, на вялікі жаль, з асабовых спраў убралі ўсё, што сведчыла пра наша дачыненне да гэтых вучэнняў. І толькі ў 90-я гады XX ст. інфармацыя аб Тоцкіх вучэннях была ў значнай ступені рассакрэчана.
     У маі 1991 г. у Ленінградзе адбылася Усесаюзная канферэнцыя ветэранаў падраздзялення асаблівай рызыкі, у якой запрасілі прыняць удзел і мяне. Прагучалі такія словы контрадмірала: “Мы зробім усё, каб дапамагчы”.
     Выдалі пасведчанне. СССР распаўся. Калі я звярнуўся па дапамогу, мне адказалі, што жыву ў іншай краіне, каб мець ільготы, трэба прыняць расійскае грамадзянства.
    Сёння у Беларусі жывуць менш за 100 чалавек, якія ўдзельнічалі ў Тоцкіх выпрабаваннях. Усе мы былі свайго роду першаадкрывальнікамі, на нас, жывых людзях, выпрабавана сіла і магутнасць ядзернага шчыта.
     Я ніколі нікому не расказваў аб вучэннях. Хойніцкі райваенкамат 7 жніўня 1995 г. выдаў мне адпаведнае пасведчанне.
     На мой погляд, настаў час сказаць праўду аб падзеі. У сусветнай практыцы 14 верасня 1954 года яна адбылася ўпершыню. І, канешне, узнікае пытанне: ці магла тады ваенная навука прадугледзець усе меры абароны ад уплыву атамнага выбуху на навакольнае асяроддзе і, асабліва, на здароўе чалавека? Канешне, не. Тыя вучэнні назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю. 14 верасня штогод адзначаецца Дзень памяці ўдзельнікаў ядзерных выпрабаванняў. Хочаца пажадаць усім ім добрага здароўя.

Апавядаў Васіль Іванавіч Гардзейчык,
настаўнік Веляцінскай базавай школы

 

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024