Понедельник, 22.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

            Вёскі – гэта людзі...
   (май 2006 г.)

     У другой частцы сваёго артыкула пра вёску Стралічаў (ЛС. 19. IV. 2006) М. С. Скрыпчанка паспрабаваў атаясаміць аднаімённы хутар 1909 года з Раславіцай 1844 года. Але ж ўсё паказвае на тое, што спроба атрымалася занадта смелай.
   Па-першае, у выданні "Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. – Минск, 1909, якое меў на ўвазе аўтар, акрамя хутара Стралічаў, згаданы таксама і аднадворны хутар Раславіца ажно з 32 жыхарамі (С. 172).
    Па-другое, на фрагменце "Военно-топографической карты Российской империи 1846 – 1863 гг.”, складзенай пад кіраўніцтвам Ф. Ф. Шуберта і П. А. Тучкова, а менавіта той яе часткі, якая прысвечана Мінскай губерні на 1850 год, паказаныя фальварак Раславіца і вёска Раславіца. Прычым, апошняя пазначана на месцы сённяшняга Берасцечка. Сяло і фальварак Стралічаў змешчаны там, дзе ім і належыць быць (гл. здымак). А вось вёскі або аколіцы Берасцечка, згаданай у "Списке…” (С. 9), на карце няма. Ці не магло здарыцца так, што фальваркі Раславіца і Стралічаў да пачатку XX ст. сталі хутарамі? Час парэформенны: у каго былі грошы, той не адно меў права набыць зямельную ўласнасць, але і рабіў гэта.

 

     Патлумачым:  абедзьве назвы – Берасцечка і Раславіца – існавалі яшчэ ў першай палове XIX ст. Тое, што яны належалі аднаму паселішчу, лёгка высвятляецца параўнаннем прозвішчаў жыхароў в. Берасцечка ў метрычных кнігах Астраглядаўскага парафіяльнага касцёла за 1840 – 1851 гг. (НГАБ у Мінску. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 1, 2, 3) і жыхароў в. Раславіца ў інвентары 1844 г. Хойніцкага маёнтка Ўладзіслава Прозара (Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475). У абедзьвюх крыніцах сустракаем прозвішчы Курэнь, Сабадаш, Аўдзеенка і інш. ( усяго ў інвентары з яго больш кампактна размешчанымі звесткамі – 7 прозвішчаў).
     Узнікае пытанне: чаму калі пра назву паселішча даведваліся ў яго жыхароў, дык гэта было "Берасцечка”, а калі ў пана або яго службы, – "Раславіца”?
     Мне ўжо даводзілася перадаваць звестку Марыяна Дубецкага пра тое, што Караль Прозар  заснаваў шэраг фальваркаў, адзін з якіх назваў Рацлавіцай (Рацлавіцамі) у гонар перамогі Тадэвуша Касцюшкі 4 красавіка 1794 г. (ЛС. 23. VII. 2005). Але назваўшы тады паселішча шляхецкім (аднадворскім), я абапіраўся на артыкул "Chojniki” Чэслава Пяткевіча, не ведаючы, як і ён, што пры фальварку спачатку жылі сяляне, а не беззямельная шляхта.
    Жыхары, аднак, прызвычаіўшыся да "Берасцечка”, не здолелі прыняць новую, няхай сабе і знакамітую назву. Напэўна стаўленне да "Раславіцы” перамянілася хіба пасля 1861 года, г. зн. у парэформенны час, калі – паспрабуем рэканструяваць – Прозары вырашылі, што выгадней здаць берасцечкаўскую зямлю ў арэнду беззямельнай шляхце, чым безнадзейна чакаць хуткага выкупу яе сялянамі. А грошы астатнім у нашых мясцінах  Прозарам былі патрэбныя як ніколі! Як бы гэта ні адбылося, але ў Берасцечку пачалі жыць Шацілы, Куліцкія, якія ў шляхецкіх рэвізіях 1811 і 1816 г. (Ф. 333. Воп. 9. Спр. 244; 263), у згаданых метрычных кнігах, як і раней  у кнігах 1835 – 1837 гг. (Ф. 937. Воп.4. Спр. 134), разам з іншымі сем’ямі, пісаліся "з Высокага” графа Ракіцкага. Сялян жа, наадварот, у паселішчы не стала. Верагодна, іх пасялілі (вярнулі?) у Валокі або ў Малішаў, з якімі яны падтрымлівалі сваяцкія сувязі. На гэтую думку наводзіць тое, што нябожчыкаў з Берасцечка першай паловы XIX ст. хавалі, як не дзіўна, менавіта на валоцкіх могілках."Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. – Минск, 1870. засведчыў пражыванне ў засценку Берасцечка 27 мужчынскіх душ аднадворцаў, прыпісаных да воласці (Л. 69). І ўсё. Афіцыйны расійскі дакумент не назваў паселішча Раславіцай. Назва была непажаданая, бо толькі ў 1868 г. улады адмянілі ваеннае становішча, уведзенае ў нашым краі ў сувязі з паўстаннем.
    А вось у запісах краязнаўца А. М. Зелянкоўскага ёсць інфармацыя пра выкупныя акты 1869 г. дзесяці былых вольных людзей другога разраду з аколіцы Раславіца. Да вольных людзей імператарскім указам ад 01. 08. 1857 г. былі залічаныя аднадворцы, якія жылі на панскіх землях. Другі разрад азначаў, што сваёй зямлі яны пазбавіліся яшчэ да таго часу. Адзін з раславіцкіх гаспадароў Станіслаў Куліцкі, напрыклад, жадаў выкупіць 28 дзесяцін зямлі, якімі карыстаўся. Дарэчы,  імёны першых Куліцкіх на Хойнікшчыне мне пашанцавала сустрэць у спісе астраглядаўскіх зямян у інвентары 1721 г. (Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1), і з таго часу, падобна, ніхто з іх не быў запрыгонены. Як і Лаханскія. Звесткі пра апошніх ёсць у дакументах 1698, 1716, 1721 г. (зямяне), 1768, 1770, 1795 г. (баяры), а ў першай палове XIX ст. яны выступаюць або "вольными хлебопашцами”, або аднадворцамі. Іншы лёс напаткаў нашчадкаў зямян Аляксандра, Яна Пабядзінскіх з Храпкава і зямян Галдэцкіх: у крыніцах XIXст. яны значыліся ўжо ў ліку прыгонных сялян.
    Што праўда, калі ў астраглядаўскіх  метрычных кнігах першай паловы XIX ст. да чалавека з прозвішчам, напрыклад, Сабадаш і Курэнь з Берасцечка, Гапоненка і Купрэйчык з Забалаці, Такарскі, Крывенчык і Машэўскі з Хойнік, Дзядзіцкі з Малішава, Свірыдзецкі з Рудакова, Сачанка і Харошка з Вялікага Бора, Шаціла і Жураўскі з Гарадзішча або з Пясочанскай Рудні дастасоўвалася слова "pracowity”, як з 1849г. – "крестьянин”, да Куліцкага і Васілеўскага – "szlachetny”, "urodzony”, "дворянин”, "благородный”, "однодворец”, да Шацілы і Дваракоўскага з Высокага, да Дубінскага –"szlachetny”, "urodzony”, "однодворец”, але аднойчы сустрэліся і "pracowici” Дубінскія, да Рудабельскага з Хойнік –”urodzony”, хоць нашмат часцей "pracowity”, дык у кнігах 1876 г. (Ф. 1115. Воп. 1. Спр. 42) усе яны названы аднолькава – "крестьяне”. Зразумела, што цяпер гэта былі асабіста свабодныя,  хоць і рэдка калі заможныя, сяляне.  Пасля такога ўраўнавання канчаткова перамагла і назва "Берасцечка”, што з’явілася, зрэшты,  вяртаннем "на колы свае”.
    Калі перафразаваць выказванне пра гарады афінскага стратэга Нікія, аднаго з герояў "Гісторыі” Фукідзіда, то можна сцвердзіць, што і вёскі – гэта людзі, а не сцены.  Таму  лёсы вёсак і людзей, як і лёсы назваў-імёнаў, звязаныя непарыўна.

С. Бельскі

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019