Воскресенье, 24.11.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                                                        Нязгасны прамень святла


     Карані Аляксандра Максімавіча Зелянкоўскага ў вёсцы Малішаў, дзе ён нарадзіўся 12 красавіка 1921 года. Яго бацькі Максім Яфімавіч і Еўдакія Лаўрэнцьеўна займаліся сельскай гаспадаркай, аднымі з першых у 1929 г. уступілі ў калгас. У гэтым жа годзе Аляксандр паступіў у першы клас Малішаўскай пачатковай школы, а ў 1939 г. скончыў 10 класаў СШ № 1 і, прайшоўшы курсы пры інстытуце павышэння кваліфікацыі кадраў народнай адукацыі ў г. Мінску, працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Антонаўскай няпоўнай сярэдняй школы Мазырскага раёна. У кастрычніку таго ж 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію, служыў спачатку ў горадзе Саратаве ў 110-м артылерыйскім палку, а з 1940 г. служба праходзіла ў Малдове, Літве, Латвіі. Вялікая Айчынная вайна заспела яго на службе ў Ждановічах. Частка, у якой служыў, перакідваецца на Калінінскі фронт, на станцыю Нялідава. [...] Удзельнік баёў за вызваленне гарадоў Белага, Вялікіх Лук, Новасакольнікаў, Невеля. Так з баямі рухаліся на захад, а 18 ліпеня 1944 г. перайшлі мяжу Калінінградскай вобласці і Латвіі. 27 ліпеня штурмавалі горад Рэжыцу, за што частка была адзначана ў загадзе Галоўнага камандавання і ёй было прысвоена званне “Рэжыцкай”. Наступленне працягвалася ў напрамку Рыгі.
    У снежні 1944-га часць уваходзіць у склад Беларускага фронта ў раёне Варшавы, дзе 17 студзеня 1945 г. пачалося наступленне ў берлінскім накірунку. Да 20 красавіка часць падышла на адлегласць артылерыйскага выстралу ад сталіцы Германіі, якая капітулявала 2  мая. У дзень Перамогі старшы сяржант А. М. Зелянкоўскі, які ўступіў у шэрагі КПСС у адным з баёў, сфатаграфаваўся са сваімі баявымі сябрамі і ўдзельнікам штурма рэйхстага Еўтушэнкам і партыйным актывам 136-й артылерыйскай брыгады на чале з яе камандзірам Героем Савецкага Саюза Пісаравым. У лістападзе 1945 г. А. М. Зелянкоўскі ў званні старшыны быў дэмабілізаваны з германскай вёскі Бергіту.
     Пасля непрацяглага адпачынку былы воін стаў загадчыкам Валоцкай хаты-чытальні, затым па красавік 1952 г. працаваў у раённым зямельным аддзеле на пасадзе землеўпарадчыка.
    У 1961 г. А. М. Зелянкоўскі паступіў, а ў 1966 г. скончыў Мазырскі педагагічны інстытут імя Н. К. Крупскай і 24 гады працаваў у Хойніцкім РК КПБ на пасадзе загадчыка агульнага аддзела, выбіраўся сакратаром партыйнай арганізацыі райкама КПБ і доўгі час быў на грамадскіх пачатках старшынёй райкама прафсаюза работнікаў культуры. Таксама на грамадскіх пачатках выконваў абавязкі старшыні раённай камісіі садзейнічання Савецкаму фонду міру.
    З выхадам на пенсію ў 1981 г. грамадская дзейнасць А. М. Зелянкоўскага набывае шырокі размах. Ён праводзіць вялікую работу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Асаблівае мастацтва звяртацца да розуму і сэрца кожнага педагога і вучня здабыло яму вялікі аўтарытэт і павагу сярод педагогаў нашага горада і раёна.
    Сустрэчы з Аляксандрам Максімавічам чакалі і вайскоўцы, якія ў 1986 г. займаліся ліквідацыяй наступстваў катастрофы на ЧАЭС. З кожнай аўдыторыяй на першых жа хвілінах усталёўваўся давяральны кантакт, у зале стаяла чуйная цішыня, а потым – удзячныя апладысменты, бо аратару  было што сказаць людзям у форме.
    Увесь час працягваў актыўна супрацоўнічаць з раённай газетай “Ленінскі сцяг”, на старонках якога надрукавана больш за 100 матэрыялаў актыўнага пазаштатнага карэспандэнта. Тут ён яскрава, неабыякава расказваў пра сваіх герояў, іх дасягненні, клопаты, праблемы, уздымаў гістарычныя тэмы. Усе яны ўвайшлі ў кнігу “Памяць. Хойніцкі раён”, што пабачыла свет у красавіку 1993 г. За гэткую самаадданую працу А. М. Зелянкоўскаму прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г. Хойнікі”.
     Штаб па складанню гэтай кнігі размяшчаўся ў хойніцкім гарвыканкаме, куды людзі неслі і неслі патрэбныя звесткі, сам Аляксандр Максімавіч правёў сапраўды тытанічную работу складальніка, некалькі разоў выязджаў у тыднёвыя камандзіроўкі ў Падольскі ваенны архіў для ўдакладнення звестак, адзін з пакояў яго дома на час стварэння кнігі ператварыўся ў рабочы кабінет.
     Каля 10 гадоў А. М. Зелянкоўскі працаваў у раённым Савеце ветэранаў, кіраваў секцыяй прапаганды, а ў 1993 г. быў зацверджаны дырэктарам раённага краязнаўчага музея. Разам з М. С. Скрыпчанкам яны сталі ініцыятарамі і выканаўцамі работ па пераносу музея ў новае памяшканне па вул. Савецкая, сабралі шмат новых экспанатаў. Тут жа зноў праявіўся літаратурны талент Аляксандра Максімавіча: пад яго рэдакцыяй тыражом у 2000 экземпляраў у Хойніцкай узбуйненай друкарні выйшла ў свет брашура “Па залах раённага краязнаўчага музея”.
    Супрацоўнічаў А. М. Зелянкоўскі з рэдакцыяй Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, дзе ў першым томе змешчаны яго звесткі пра населеныя пункты нашага раёна: Аўраамаўскую, Аравічы і Амелькаўшчыну.
    Да самага апошняга дня – сэрца нашага выдатнага земляка спынілася ў 1997 г. – А. М. Зелянкоўскі знаходзіўся ў страі. Гэта была цэльная асоба ва ўсіх адносінах. А. М. Зелянкоўскі быў закаханы ў сваю вялікую Радзіму – СССР, верыў у кампартыю і яе ідэалы, жыў ва ўнісон сваёй краіны. Ён прырос да Айчыны сваімі каранямі і ганарыўся ёю. У гэтым чалавеку ні кроплі не было няшчырага, як ніхто іншы ён умеў радавацца чужым поспехам. Вось хто валодаў талентам чалавечнасці!
    Як сумна пісаць матэрыял, ведаючы, што ён яго не прачытае. Але, здаецца, гэта духоўны помнік чалавеку, які рабіў усё, каб Хойнікшчына была лепшай, прыгажэйшай, багацейшай. На шчасце, велізарная работа сапраўднага спадзвіжніка адзначана на розных узроўнях. Душа ў А. М. Зелянкоўскага была ўзвышанай і чыстай. Святло яе не згасла і ніколі не згасне.

Клаўдзія Босак

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Ноябрь 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024