Понедельник, 25.11.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                   Найранейшыя пісьмовыя звесткі аб паселішчах Хойнікшчыны 

Азярын або Азярына, Азяраны (сёння ў межах Глінішча) – паселішча ў маёнтку Станіслава Аскеркі, аднадворская рэвізія 1844 г. [Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (надалей: НГАБ). Ф. 333. Воп. 9. А. з. 710. А. 176 адв. – 177];
Алексічы – "села Олексичи а Оводовичи” Загальскай нядзелі; "село Олексичское”, у апісанні Мазырскага замка 1552 г., аддадзена зямяніну Андрэю Абуху (продку паноў Абуховічаў) [АрхивЮго-Западной России (надалей АрхивЮЗР). Ч. VII. T. I. Киев, 1886. С. 636, 644]; ёсць таксама дакумент з няпэўным датаваннем
1550-я гг. (гл. "Гісторыя І"); тут, у маёнтку Новы Двор Антонія Аскеркі ў 1843 г. нарадзіўся Фёдар, малодшы сын Ігнацыя Ігнацыевага і Аляксандры Іванавай (з брагінскіх сялян Скараходаў) Стравінскіх, будучы знакаміты артыст Марыінскага тэатра ў Пецярбургу і бацька сусветна вядомага кампазітара Ігара Стравінскага (ніжэй: маёнт. Новы Двор на фрагменце схематычнага плану Рэчыцкага павету 1800 г.);

Амелькаўшчына – аднаімённая вёска з паташным заводам згаданая ў "Камеральном описании Речицкой округи..." 1796 г., складзеным паводле рэвізіі 1795 г.; належала графам Ракіцкім, але знаходзілася ў падвойнай заставе ў паноў Прозара і Паўшы [Петреченко І. Є. “Камеральное описание… Речицкой округи” 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурноевзаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). – Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72];
Аравічы –"купилъ есми у Марка [папраўдзе: Макара] Орменина Киевского две службе, у-въ Оревицкои волости…”, памятны запіс 1526 г. ігумена Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя [Акты, относящиеся к истории Западной России (надалей АЗР) Т. 2. (1506 – 1544). С.-Петербург, 1848. №. 140]. Воласць тая, пэўна, – Беласароцкая з цэнтрам на сучаснай Нараўляншчыне (Аравіцкая ніколі не існавала). Але памылка ігумена сведчыць пра тое, што на левым беразе Прыпяці (у межах Беларусі) найбольш вядомым, прынамсі яму, сялом былі Аравічы;
Аркадзія. З інвентара 1844 г. Юзафаўскага (Езапоўскага) маёнтка, прыналежнага сыну Караля Прозара Юзафу, даведваемся пра фальварак Аркадзія, да якога былі прымацаваныя сяляне вёскі Уласы [НГАБ Ф. 142. Воп. 1. А. з. 1481. А. 40], а ў метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла пад 1850 годам названая таксама і вёска Аркадзія [НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. А. з. 1. А. 115];
Бабчын – "село Бабчин”, 15 сакавіка 1574 г., у "дзельчым лісце” брагінскага маёнтка князёў-братоў Аляксандра і Міхаіла Вішнявецкіх; дасталося Міхаілу [НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. А. з. 871. А. 18 адв.];
Багуславец (Грачыхіна) – "villa Bogusławiec” у метрычных кнігах Юравіцкага касцёла згаданая ў сувязі з хростам у верасні 1789 г. дзяцей Мацея і Катарыны з Прыбыткоўскіх Кулешаў
. Цікава, што кумамі выступілі Караль Прозар, вялікі абозны ВКЛ, і Марыяна Аскерчанка, Фларэнцы Аскерка, уладальнік маёнтку Новы Двор (Алексічы), да якога належаў Багуславец, і Людвіка з князёў Шуйскіх Прозар, уладальніца маёнткаў Хойнікі і Астраглядавічы. На 1792 г. тут згаданая капліца Юравіцкага парафіяльнага касцёла [НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. А. з. 60. А. 36, 96]. Далей у розных крыніцах пад такой назвай выступалі мястэчка (у 1834 г. з пяці двароў тры належалі рамеснікам: кавалю, медніку і токару), засценак (фальваркавая зямля ў 20 дзесяцін, паловы якой паны Аскеркі падаравалі дзьвюм шляхецкім сем'ям Бяляцкім і Харэўскім) і вёска ў маёнтку Новы Двор паноў Аскеркаў, Вінчаў, Сушчынскіх. У парэформенны час засценак належаў "мяшчанам" Галубовічам, а ў вёсцы жылі малазямельныя сяляне. Названы ў гонар уладальніка маёнтка Багуслава Аскеркі. Версія, выкладзеная ў "Хойніцкіх навінах"[http://www.hoiniki.by/?p=5661] дылетанцкая інсінуацыя, не болей ("Была ў вёсцы вядомая ва ўсім наваколлі карчма, дзе спыняліся падсілкавацца ды застацца на начлег падарожнікі. Ехалі вандроўнікі адусюль, стомленыя, галодныя. І як толькі траплялі ў харчэўню (русізм у беларускамоўным матэрыяле, дапушчаны беларускім журналістам, ужо рэдка здзіўляе) казалі: "Богу слава!", маўляў, што "дацягнулі" да гэтага месца. З часам да вёскі "прычапілася" адпаведная мянушка – Багуславец"). Ці не таму сённяшнія газетныя мудрацы, у дапамогу колішнім, таксама дамарослым, раённым, прычапілі мянушку (!) да паселішча, каб апраўдаць бессэнсоўнае яго перайменаванне? ("Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савету БССР ад 11 чэрвеня 1977 г. вёска Багуславец...") Імя М. А. Грачыхіна нададзена вуліцы ў Тунеўшчыне, на ёй і пры павароце да вёскі з трасы ўсталяваныя абеліскі ў гонар гераічнага старшыны. Навошта амаль праз трыццаць чатыры гады было яшчэ перайменоўваць і вёску, што за тры-чатыры кіламетры ад месца апошняга боя?! Пагадзімся: загадаюць.., дурань лоб разаб'е! Але яшчэ і нашкодзіць нямала: памяць пра адно, ужо ўсім вядомае, гіпертрафуе, пра іншае, гістарычна ўнікальнае, знішчыць бязлітасна і на векі вечныя... [С. Бельскі]
Баршчоўка – "Возле Борщовки поле Михайловское звечное”, запіс 1526 г. ігумена Макарыя [АЗР];

Барысаўшчына – "sioło Borysewicze”*, у размежаванні Мазырскага павету ВКЛ і Кіеўскага ваяводства Кароны 1622 г., належала мазырскаму войскаму пану Храпавіцкаму [Źródła dziejowe (далей: ZD) T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów - Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. Warszawa, 1894. S. 96]; у сям'і ўладальніка аднаімённага маёнтку Фелікса Ястшэмбскага ў 1808 г. нарадзіўся сын Ян Мікалай Ксенафонт, будучы інжынер-палкоўнік, лаўрэат палавіннай Дзямідаўскай прэміі РАН, таленавіты літаратурны містыфікатар [вышэй копія запісу ў метрычных кнігах Сялецкага базылянскага кляштару: НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. А. з. 1451. А. 36];
Берасцечка (Раславіца) – хоць у спісе паселішчаў Мінскай губерні 1909 г. значацца аколіца Берасцечка і хутар Раславіца, але для першай паловы XIX ст. назвы азначалі адну вёску. У метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла з 1840 г. і пазней прысутнічала Берасцечка [НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1 А. з. 3. А. 4], а ў інвентары 1844 г. Хойніцкага маёнтка Уладзіслава Прозара – Раславіца [НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. А. з. 1475. А. 25 адв. – 27]. Прозвішчы жыхароў аднолькавыя (больш падрабязна гл.: Вёскі гэта людзі...);
Валокі – магчыма, "wieś Naboki”, у іншым месцы "Nawluki”, названая ў люстрацыі падымнага падатку 1683 г. пасля Навасёлак перад Дворышчам, і ёсць Валокі, хоць бы таму, што іншыя сугучныя і з адпаведнай колькасцю літараў назвы адсутнічаюць. Уласнасць князя Канстанціна Яна Шуйскага [АрхивЮЗР. Ч. VII. T. I. С. 488, 506]. Наступная, ужо бясспрэчная згадка датуецца 12 лютага 1694 г., калі Сэбасціян Яроцкі з іншай шляхетнай чэляддзю прыехаў у Хойнікі дзеля закупкі правіянту на ўтрыманне сваёй харугвы ды спыніўся на ноч "w domu wdowy Kozaczychy na Wołokach” [тамсама. 1868. Ч. III. Т. II. С. 286]. У інвентары 1698 г. вёска Валокі налічвала 27 дымоў [НГАБ. Ф. 320. Воп. 1 А. з. 1 А. 130], што паказвае на яе ўжо немалы ўзрост;
Варацец – "Worotec”, 13 сакавіка 1581 г., сярод уладанняў пана Шчаснага Харлінскага, якія меркавалася размежаваць з маёнткамі князя Міхаіла Вішнявецкага і княгіні Аляксандравай Вішнявецкай з дзецьмі [Руська (Волинська) метрика. Регести документів Коронної канцелярії для українських земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернигівське воєводства) 1569 – 1673. Київ, 2002. С. 301 – 302];
Веляцін – упершыню згаданы ў 1541 г. як сяло ў Брагінскім маёнтку князя Аляксандра Міхайлавіча Вішнявецкага [Archiwum Główny Akt Dawnych. Warszawa. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 3, 4];
Высокае – "дворец (панская сядзіба) Высокое”, належаў А. Вішнявецкаму, 15 сакавіка 1574 г. [НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. А. з. 871. А. 17 адв., 19];
Вялікі Бор – Wielki Bór, 26 чэрвеня 1600 г.; сярод паселішчаў Астраглядаўскага маёнтка, адпісаных Шчасным Харлінскім сыну Мікалаю [ZD. T. XXI. S. 60];
Гарошкаў – "Horoszkow”, 12 чэрвеня 1618 г., у пераліку вёсак Хойніцкіх добраў Мікалая Харлінскага, адкуль падданыя маёнтка Юравічы пані-маці Гальшкі (з Гулевічаў) і пана-сына Міхала Лозкаў (ім належалі таксама Небытаў і Казялужжа; гл. ніжэй) увялі валоў [ZD. T. XXI. S. 281];
Глінішча – "bona Olexicze et Hliniszcze”, 30 жніўня 1658 г., каралеўскі лацінамоўны ліст-пацвярджэнне на леннае валоданне маёнткамі Алексічы і Глінішча мазырскаму харунжаму Рыгору Круневічу [Metryka Litewska, Księga wpisów Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. Warszawa, 2001. № 540]. Напэўна Глінішча існавала задоўга раней, бо ў прывілеі караля Стэфана Баторыя Давыду Есману на дзве часткі Вадовічаў і Алексічаў па памерлых без нашчадкаў "мужсъкого рожаю” братах Кандрату ды Іосіфу Круневічах ад 25 лютага 1585 г. сказана, што тыя "колько селъ и прыселъковъ на воляхъ засадили” [Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кніга запісаў 70. (1582 - 1585). Падрыхтаваў А. А. Мяцельскі. Мінск, 2008. № 178]. На жаль, ні тыя новыя сёлы, ні прыселкі не названыя; у першым томе Вялікага гістарычнага атласа Беларусі ( ВГАБ) першая згадка пра вёску Глін датаваная 1591 г. (яе і прымаем?);
Гноеў (Віць) – "село Гновъ, в нем дымов двадцать пять" "у волости старостъва Мозырского", 25 лютага 1585 г., ліст караля Стэфана Баторыя Давыду Есману на пажыццёвае валоданне [Метрыка ВКЛ. Кн. 70. № 177];
Губарэвічы – "село Губаровичи”, 15 сакавіка 1574 г., належала М. Вішнявецкаму [НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. А. з. 871. А. 18 адв.]. У змешчаным ніжэй відэароліку прысутнічае ці не традыцыйная ў сялянскім фальклоры інсінуацыя "а зайшоў памешчык із сабакам...[С. Б]. Мікола Згубарэвіч (Ляшчун) прывёў яшчэ звестку: – Эге, унучак, расцягнулі і ў нас, у Губарэвічах, царкву, па паленцу, па дошчачцы, знаку дайжа не асталося... аповяду нябожчыцы бабулі Аксінні);

Двор (Чырвоны Араты) – былы фальварак Карчовае, названы ў шляхецкіх рэвізіях 1811 і 1816 г., трымаў у пажыццёвым валоданні "ад графіні” Людвікі (з Шуйскіх) Прозар ротмістр Кобрынскага павету Ян, сын Казіміра, Арліцкі [НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. А. з. 263. А. 167; А. з. 244. А. 67];
Дворышча – вёска вядомая ад 30 сакавіка 1590 г., як прыналежная да Астраглядаўскага ключа пана Шчаснага Харлінскага [AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 8];

Дронькі – "остров (урочышча) Дронки”, 7 ) сакавіка 1512 г., акт абмежавання Брагінскай воласці [НГАБ. Ф. 1728. Воп. 1. А. з.. 19. А. 1049 адв.];
Дубровіца –"wieś Dąbrowica”, нехрысціянская частка якой належала да Хойницкага кагала, красавік 1765 г., перапіс яўрэйскага насельніцтва ў Оўруцкім павеце Кіеўскага ваяводства [АрхивЮЗР. 1890. Ч.V. Т. II. С.710];
Дэлістаў або Далістаў (будучы пасёлак  Дэлістаў, перайменаваны пазней у Зялёны Гай, спалены ў чэрвені 1943 г.) – фальварак Езапоўскага/Юзафаўскага маёнтка ў 1844 г., да якога былі прымацаваныя сяляне вёскі Навасёлкі [НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. А. з. 1481. А. 25];
Езапоў (Юзафаў) – у крыніцы, складзенай паводле рэвізіі 1795 г., згаданыя "деревня Дворище с двором Юзефовым", якія былі ў арэндзе ад уладальніцы Хойніцкага маёнтку Людвікі Прозар у регента рэчыцкага Фелікса Ястржэмбскага [Петреченко І. Є. “Камеральное описание… Речицкой округи” 1796 р. С. 72];
Забалаць1811 г., вёска, прыпісаная да фальварка Лянтэрня, арандаванага ў Прозараў ротмістрам Брэсцкага павету Ваўжынцом Балашэвічам [НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. А. з. 263. А. 3];
Загалле – “неделя Загалиская”, “село Загалье”, у апісанні Мазырскага замка 1552 г. [АрхивЮЗР. Ч. VII. T. I. С. 636, 644];
Засценак – хутар, пазней фальварак паноў Абуховічаў, вядомы на 1796 г. [Петреченко І. Є. “Камеральное описание… Речицкой округи. С. 73]. У 1845 г. угоддзі яго складалі каля 1800 дзесяцін, з якіх толькі 12 дз. прыпадалі на ворыва, але была вінакурня з гадавым прыбыткам 12 400 руб. і 41 галава жывёлы на адкорме [Памяць. Калінкавіцкі раён. Мінск, 1999. С. 90];
Звяняцкае – адным дваром у вёсцы "Zwiniaczki" ў 1683 г. валодаў пан Самуэль Сіліч [АрхивЮЗР. Ч.VII. T. I. С. 489]; “futor Zwiniarskie” ўвосень 1687 г. названы ў пераліку паселішчаў, пацярпелых ад пастою казакоў запарожскага палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага. Належаў ваяводзічу бэлзскаму Яну Канецпольскаму [АрхивЮЗР. 1868. Ч. III. Т. II. С. 155];
Ізбынь – Ізбін; ці не першую згадку сустракаем у лісце пана Антонія Аскеркі, маршалка мазырскага, датаваным 28 лютага 1722 г., з просьбаю да князя Мікалая Шуйскага, харунжыча берасцейскага, каб яго падданыя з вёскі Вялікі Бор не ўдзіраліся ўва ўгоддзі ізбінцаў ды не чынілі тым усялякіх крыўдаў. Меліся на ўвазе здарэнні папярэдняга 1721 г. [AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 34];
Казялужжа – “Kozie Łozy” ў павеце Мазырскім, 9 мая 1618 г., дэкрэт аб выданні збеглых з вёскі ў Хойнікі або Новы Харленж да Мікалая і Гальшкі Харлінскіх сялян, падданых Гальшкі і Міхала Лозкаў [ZD. T. XXI. S. 234];
Кажушкі – “остров Кожушки”, 7 сакавіка 1512 г., акт абмежавання Брагінскай воласці [НГАБ. Ф. 1728. Воп. 1. А. з. 19. А. 1049 адв.]; “Кожушковцы на Припети Бискупа Киевскаго и иншие села по всемъ повете Чорнобыльскомъ…”, “Кожушковичи” ў апісанні Чарнобыльскага замка 1552 г. [АрхивЮЗР. Ч. VII. T. I. С. 588];
Каралін – на карце-трохвярстоўцы Ф. Ф. Шуберта 1850 г. не паказаны, але згаданы ў метрычных кнігах Мікуліцкай царквы як фальварак яшчэ ў 1837 г. (верагодна, ф. Каралін – тое, што і ф. Карнеліянаў; пасёлак савецкіх часоў, аднак, знаходзіўся бліжэй да Петраша і Лісцвіна); хутчэй за ўсё, менавіта тут 12 ліпеня нарадзілася Вольга, дачка Ігнацыя Ігнацыевага і Аляксандры (Елізаветы) Іванавай Стравінскіх [НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 539. А. 495адв.]; хоць вядомы ф. Каралін, пазначаны і на даўніх картах, у Калінкавіцкім раёне, але гэта далекавата ад Лянтэрні і Карнеліянава, якія ў 1835 і 1839 г. арандаваў І. Стравінскі;

Карчовае – “wieś Korczowie”, 22 чэрвеня 1600 г., належала Шчаснаму Харлінскаму [ZD. T. XXI. S. 56];
Клівы – “Павлу а Давыду Есманомъ у волости Мозырскои – село Загале, Клевцы”, жнівень 1563 г., рэестр раздачы каралём Жыгімонтам Аўгустам маёнткаў шляхце, якая пазбавілася сваіх уладанняў у Полацкім ваяводстве, акупаваным войскамі цара Івана Грознага [Метрыка ВКЛ. Кн.44. (1559 – 1566). Падрыхтаваў А. І. Груша. Мінск, 2001. № 82]; зрэшты, у польскамоўнай актавай кнізе 1777 г. апісана “Granica sioła Zahala y Klewow”, вызначаная рэвізіяй Мазырскага староства 1560 г. [АрхивЮЗР. Ч.VIII. Т. V. C. 481];
Княжыца (Слабажанка) – “Слобода Княжица”, сялянская рэвізія 1795 г. [НГАБ. Ф. 333. Воп. 9 А. з. 59. А. 516 – 517, 519 – 519 адв.];
Краснаселле – пачатковая назва Кузцоўцы або Кузняцоўцы (Кузняцоўшчына), "село Кузцовское" (1556 г.), а "люди кузцовские", прыналежныя да маёнтку князя Дзмітрыя Любецкага і жонкі яго Фенны, згаданыя ў судовай скарзе ад 24 кастрычніка 1550 г. Назву "село Красносельское" або "Красноселе" атрымала пры панах Харлінскіх; у выпісцы 1603 г. з гродскіх кніг Кіеўскага ваяводства чытаем: "...з ыменем его млсти п. Харлинского (Мікалая) Кузницовцами, новопрозываемым Красноселем..." [Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ–ХVІІІ ст. Зб. Док. Київ, 2011 (далей: ДсМм). № 289, 290, 293, 297 і інш.]; з пацвярджальнага ліста караля Жыгімонта Старога пану Сямёну Палазовічу ад 26 лютага 1509 г., аднак, даведваемся, што яшчэ "братъ нашъ... Александр, корол и великии князь, за его служъбу далъ ему две земли пустовъскии на Прыпяти у Белосороцкои волостъце Киевсъкого повету на имя Пилиповъщыну а Кузнецовъщыну" [Lietuvos Metrika.Knyga Nr. 8 (14991514). Vilnius, 1995. N 424], кароль жа Аляксандр памёр у 1506 г.;
Куравое – “Слобода Куревая (Куравая)”, рэвізія 1795 г. [НГАБ. Ф. 333. Воп. 9 А. з. 59. А. 531 – 531 адв.]. Згаданая мяжа Загалля і Клівоў 1560 г. ад рэчкі Рабца балотам Чарнышоўскім даходзіла "do mostu Korowoha, od mostu w Mutnice (на поўдзень ад Вялікага Бору ёсць урочышча Мутвіца)..." [АрхивЮЗР. Ч. VIII. T. V. С. 481]. Дык магчыма і аднаіменнае паселішча ўзнікла яшчэ да XVIII ст.?;
Лісцвін – “село Листвин брагинское”, 7 (17 н. ст.) 1512 г., акт абмежавання Брагінскай воласці, належала князю Міхаілу Збаражскаму [НГАБ. Ф. 1728. Воп. 1. А. з. 19. А. 1049 адв.]; як і меркавалася, назва нададзена з-за кантрасту з паўночнымі хваёвымі лясамі, што вынікае з урыўка граматы 1574 г. нашчадка М. Збаражскага князя А. Вішнявецкага “Што ся дотычет подданых моих села Листвина, иж они дубровы собе на поля розробили и вычертили первеи сего и тепер ново от острова его милости князя, брата моего, (л. 20 об.) // Рудакова, которыи ся его милости на делу от мене зостал, тогды вже болшь тое дубровы вычертивати роспахивати не мают над тые теперешние и старые поля и чертежи. Але тых всих своих пол, чертежов яко старых, так и новых вечне вживати мають.” [НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. А. з. 871. А. 20 адв. –  21. Публікацыя М. Ф. Спірыдонава ў выданні: Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 1. Мінск, 2000. С. 185 – 194];
Ломыш – у анатацыі да справы № 20559 НГАБ у Мінску [Ф. 147. Оп. 3], датаванай 1835 г., сказана, што Ломыш – паезуіцкае ўладанне, г. зн. раней належаў самым езуітам. Касацыя іх ордэна адбылася ў 1773 г. Да таго часу варта дапасаваць і першую магчымую згадку пра вёску Ломыш;
Людзвін – Людзвінопаль, 1841 г., метрычныя кнігі Астраглядаўскага касцёла [НГАБ. 1089. Воп. 1. А. з. 3. А. 9 адв.]; (справа памятны крыж)
Лянтарня (Лятарня, Лінтэрны, Чырвоная Ніва) – паводле Юзафа Антонія Ролле, які працаваў з запісамі Караля Прозара, у ліпені 1794 г. абозны хаваўся ад расійскіх уладаў у леснічоўцы, што месцілася на ўскрайку пушчы і называлася “latarnią” [Dr. Antoni J. Opowiadania historyczne. Serya trzecia. T. 1. Karol Prozor, ostatni oboźny litewski. Warszawa, 1882. S. 33]. У 1811 г. гэта ўжо фальварак Linterny, арандаваны ў Прозараў ротмістрам Брэсцкага павету Ваўжынцом Балашэвічам [НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. А. з. 263. А. 3]; 15 сакавіка 1835 г., згодна з метрычным запісам у кнігах Мікуліцкай царквы, тут нарадзіўся Аляксандр, старэйшы сын Ігнацыя Ігнацыевага і Аляксандры (Елізаветы) Іванавай Стравінскіх [НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 537. А. 404], будучы ўдзельнік расійска-турэцкай вайны 1877  1878 гг., пазней генерал-маёр;

Лясок (Ляскі) – ліст караля Жыгімонта Старога ад 14 мая 1516 года: "тое селищо Лысковщину и землицу нагонную (пагонную – С. Б.)… потвержаем сим на(ш)им листом вечно ему самому (паводле караля, гэта “арменин киевскии, толмач [перакладчык] н(а)шь татарскии Макар Ивашкович”)  и его жоне, и их детем и напотом будучим их щадком...” [Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 9 (1511–1518). Vilnius: Žara, 2002 [2004]. № 204]. Пазней сустракаем "село Лысковское", "село (таксама "имене", "люди") Лысковцы", "dobra duchowne… Łyski" [ДсМм. № 289, 292, 299 і інш.]; на карце 1935 г. хутора Лески;
Маклішча – вядомае з радаводнай справы Аскеркаў у ліку іншых паселішчаў, належала Багуславу Леапольду, які склаў тэстамэнт сынам у 1782 г. [НГАБ. Ф. 319. Воп. 2. А. з. 2386. А. 71 адв.];
Малішаў – “sioło Maleszow”, 26 чэрвеня 1600 г., адпісана Шчасным Харлінскім сыну Мікалаю [ZD. T. XXI. S. 60];
Малочкі – “wieś Mołoczki”, прывілей-пацвярджэнне караля Міхала Карыбута Вішнявецкага ад 30 кастрычніка 1671 г., належала Міхайлаўскаму манастыру ў Кіеве [Дсмм. № 27];
Мархлеўск (у слоўніку Я. Н. Рапановіча чамусьці названы "Лісцвінскай слабадой") – аколіца або засценак Лісцвін, 1876 г., метрычныя кнігі Астраглядаўскага касцёла [НГАБ. Ф. 1115. Воп. 1. А. з. 42. А. 158 адв – 159]. У запісах А. М. Зелянкоўскага пазначаны 1874 г.  Аколіцай паселішча значылася і пасля перайменавання ў Мархлеўск (1925 г.) ажно да 1938 г., калі ўсе аколіцы пачалі называць вёскамі, гл.: Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 – 30 е  гг. XX в.). Выпуск I. Гомель, 1999. С. 56, 91;
Масаны – “зъ Масановича земле две ведре меду идетъ”, запіс 1526 г. ігумена Макарыя пра чалавека-першапасяленца Масановіча [АЗР]; у апісанні Чарнобыльскага замка 1552 г. ужо ў множным ліку – “Масоновичи” [АрхивЮЗР. Ч. VII. T. I. С. 588];
Міхалёў (Нарыманаў) – двор Міхалёў, да якога належалі вёскі Старч, Муціжар і Маклішча, атрымаў сваю назву ад імя ўладальніка – Міхала, сына Багуслава, Аскеркі. Адбыцца гэта магло каля або адразу пасля раздзелу спадчыны паміж сынамі Багуслава ў 1782 г. [НГАБ. Ф. 319. Воп.2. А. з. 2386. А. 71 адв.];
Мокіш – “sioło Mokisz ”, тарыф падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1628 г., трымаў у заставе ад князя Вішнявецкага (Канстанціна?) Андрэй Клікашэўскі   [АрхивЮЗР. Ч. VII. T. I. С. 394; ZD. T. XX. S. 81];
Навасёлкі – “имене Новоселки”, 1532 г., уласнасць нябожчыка пана Сямёна Палазовіча**, перададзеная каралём Жыгімонтам Старым яго зяцю князю Дзьмітрыю Відэніцкаму [дакумент апублікаваны як дадатак да артыкула: Андрій Блануца. Земельні надання Сигізмунда І Старого на Українські землі Великого Князівства Литовського // Україна в Центрально-Східній Европі. 2008. № 8. С. 69 – 70];
Настолле – у рэвізіі Мазырскага стараства 1560 г. мяжа Загалля і Клівоў даходзіла "...do sieliszcza Stali***", а шырыня таго грунту ад Рабца "do sieliszcza na Stali*** wdłuż na pułtrzeci mili..." [АрхивЮЗР. Ч. VIII. Т. V. С. 481]; "sieło i dwór Nastole", размежаванне 1622 г., у трыманні пана Іскарастынскага [ZD. T. XX. S. 97];
Небытаў – “Nebytow” у павеце Мазырскім, 9 мая 1618 г., дэкрэт аб выданні збеглых з вёскі ў Хойнікі ці Новы Харленж да Мікалая і Гальшкі Харлінскіх сялян паноў Гальшкі і Міхала Лозкаў [ZD. T. XXI. S. 234];

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Ноябрь 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024