Пятница, 22.11.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 3
Гостей: 3
Пользователей: 0
      С. Бельскі
Замак у Хойніках

    У кнізе Д. Л. Вінаградава "Хойнікшчына. Легенды*, падзеі, людзі" (Мінск, 2010. С. 26) па тэме сказана наступнае: "Кім і калі ўпершыню пабудаваны замак у Хойніках, дакладна ўстанавіць не атрымалася. Хутчэй за ўсё, адначасова з наданнем Хойнікам статуса мястэчка… Раскопкі на астраўку, што знаходзіўся ў паўднёвай частцы вадаёма, паказалі, што на гэтым месцы сапраўды ў XVI – XVII стагоддзях стаяў замак". Далей аўтар падаў апісанне замка М. А. Ткачова, выкарыстанае таксама ў энцыклапедыі "Вялікае Княства Літоўскае".
   Пачнём з апошняга сцвярджэння. Акрамя М. А. Ткачова замак у Хойніках ніхто з археолагаў не даследаваў, а ён пісаў пра ўзвядзенне гэтай драўляна-земляной мініфартэцыі ў пачатку ці ў сярэдзіне XVII ст. Адкуль жа ўзятае стагоддзе XVI? Спрычынілася сталае жаданне Д. Л. Вінаградава "…нашим Хойникам (тут не ім ужо, а нашмат больш позьняму замку!) добавить старины…"? Узнікае пытанне: ці можа ўласнае жаданне (хачу, каб вось так, а не інакш!) быць імператывам пры вывучэнні мінулага краю? Для гісторыка, які валодае методыкай даследавання, бясспрэчна, – не. Але для інжынера-будаўніка, як бачым...
    Другое. Пабудову замка можна было б прывязаць да надання Хойнікам статуса мястэчка**. Але ў адным з шматлікіх судовых дакументаў паноў Харлінскіх на 1623 год згаданыя замак (здаецца, яго наяўнасць засведчана і на карце 1613 г., выгравіраванай Т. Макоўскім; гл. ніжэй) і вёска Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі) і вёска Хойнікі. Як бачым, замак і мястэчка – у розных населеных пунктах. З тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1628 г., аднак, вынікае, што і тады Хойнікі не былі сапраўдным мястэчкам і нават не значыліся ў назве маёнтка пана Мікалая Абрагамовіча, які іменаваны Астраглядавіцкім. Самыя Астраглядавічы выступаюць тут сялом, статус жа астатніх паселішчаў – Багушоў, Стралічава, Хвойнік, Паселічаў, Малешава, Вялікага Бору, Лахані, Краснаселля – не пазначаны, мяркуем, дзеля таго, каб не паўтараць слова "сяло” шматразова (сёламі былі таксама Дворышча з Навасёлкамі, якія трымаў у заставе пан Зыгмунт Копець). І ў актавай кнізе Жытомірскага гродскага суда 1635 г. са слоў вознага запісана, што з-за няўплаты чопавага падатку ён "Перши позовъ по его милостъ п̃на Абрамовича, воеводича смоленъского, до села Оcтроглядовичъ, маетности его милости, того року и д̃ня деветнастого м̃ца сепътемъбра однеслъ и въ дворе тамошнимъ урядникови в руки одъдалъ..."***
    Найбольш ранняе афіцыйнае азначэнне Хойнік як мястэчка сустрэлася нам пакуль што ў "Люстрацыі падымнага падатку Кіеўскага ваяводства паветаў Оўруцкага і Жытомірскага года 1683, месяца студзеня 25 дня", а звестка пра мясцовыя кірмашы, якая дадаткова засведчыла, што менавіта Хойнікі былі цэнтрам маёнтка, – у судовым дакуменце аб падзеях восені-зімы 1693/94 г. Прымаючы пад увагу сказанае і ў адпаведнасці з датаваннем падзеі М. А. Ткачовым, можна меркаваць, што замак у Хойніках быў збудаваны недзе ў др. палове 1620-х – 40-я гг., калі імі валодалі паны Абрагамовічы. Тут мы ўлічваем сталае дачыненне да вайсковай справы Мікалая Абрагамовіча (гл. матэрыял "Абрагамовічы (Абрамовічы) гербу Ястшэмбец зменены"), а таксама інфармацыю Чэслава Пяткевіча са спасылкай на Браніслава Клечынскага, які бачыў нейкую нататку аб зруйнаванні замка і  знішчэнні  вайсковай залогі ў часы "хмяльніччыны" (у 1648 або 1649 г.), захоўваную ў архіве Прозараў. Магчыма, Хойніцкі замак Абрагамовіча****, размешчаны у менш населенай мясціне за парослым хвоямі ўзвышшам, сярод балот, а значыць і лепш абаронены самой прыродай, замяніў Астраглядаўскі замак Харлінскіх.
    Пра знаходжанне замка "на астраўку… у паўднёвай частцы вадаёма".

[высьветлілася, што Д. Л. Вінаградаў казаў пра гэта яшчэ ў 2007 г. на святкаванні юбілею СШ № 2 г. Хойнікі; канешне, тады ніхто з прысутных не ацаніў абсурднасць заявы; гл. відэаролік у матэрыяле пра школы, прыкладна ад 1. 57. 32 http://hojniki.ucoz.ru/index/prablemy_shkol_rajona/0-484].
   Кожны, хто бачыў гэтую выспачку справа ад дома № 9Б па вуліцы У. В. Жыляка (на здымках), пагадзіцца, што на ёй не толькі замак, а нават хату не паставіць, бо і месца мала, і занадта нізка – заўсёды ў вадзе будзеш. Падобныя контраргументы даводзілася выказваць і Д. Л. Вінаградаву, але яны былі праігнараваныя. Таму вымушаны іх апублікаваць. Вельмі нядобра, што аўтар прыпісаў прафесійнаму археолагу пошукі рэшткаў замка ў балоце. На самой справе абследавалася тэрыторыя вакол дзіцячага садка (сёння тут пустка)  тая самая прыродная пясчаная дзюна, на якой быў збудаваны замак.   Апісанне замка ці не ўпершыню змешчанае ў 1995 годзе ў брашуры А. М. Зелянкоўскага "Па залах Хойніцкага гісторыка-краязнаўчага музея”. Падаём яго ў сваім выкладанні яшчэ раз. Аўтарам кнігі "Хойнікшчына" яно, пэўна, не ўлічана, таму паўтараем відавочнае: узвядзенне няхай сабе і параўнальна невялікай фартэцыі, але з гэткай колькасцю будынкаў, патрабавала дастатковай прасторы. На вялікі жаль, сёння месца, дзе стаяў замак Абрагамовіча альбо, хутчэй за ўсё, Бжазоўскага**** і надалей Шуйскіх не ў надта прыглядным стане, каб змяшчаць яго фотаздымак на старонцы, але гэта, настойваем, – тэрыторыя былога дзіцячага садка каля СШ № 2 г. Хойнікі, а не той позні (XX ст.) насып на ўскрайку балота, які бачым на вышэй пададзеных фотаздымках.

 

 
*У кнізе няма ніводнай легенды, але ў назве слова "легенды" з аўтарскага рукапісу засталося…
**Дарэчы, Хвойнікі яшчэ да 1532 г. сталіся прыватным уладаннем і замак тут мог збудаваць кожны гаспадар, які меў на тое патрэбу і сродкі. Яшчэ: уладальніку, каб ператварыць сяло ў мястэчка або заснаваць новае (мястэчка), прынамсі, з 1588 г. не трэба было прасіць дазволу ў караля.
***Акти Житомирського гродського уряду: 1590 р., 1635 р. Підготував до видання В. М. Мойсієнко. Житомир, 2004. № 40 (274 зв.)
****Нядаўна высветлілася, што ёсць яшчэ адзін прэтэндэнт на пабудову замка ў Хойніках напярэдадні "хмяльніччыны" – кіеўскі падстолі (пазней кашталян) Максіміліян Бразоўскі, які ўжо ў 1643 г. названы ўладальнікам Астраглядавічаў (а значыць і Хойнік); гл.: Документальна спадщина Свято-Михайлівського Золотоверхого монастиря у Києві ХVІ–ХVІІІ ст. з фондів Національної бібліотеки України імені В. І. Вернадського. Зб. док. Київ, 2011. № 306. Менавіта праз шлюб з дачкой апошняга Зофіяй, наступным уладальнікам маёнтка стаў князь Канстанцін Ян Шуйскі. Такім чынам, дарэчы, Шуйскія і аселі ў Кіеўскім ваяводстве. "Ланцужок замкнуўся" і на сённяшні дзень вядомыя ўсе ўладальнікі Хойнік. (С. Б.)
 
Макет замка (выгляд уяўны), экспанаваны спачатку ў СШ № 2, а сёння ў раённым краязнаўчым музеі, старанна выкананы інжынерам-будаўніком і пісьменнікам Д. Л. Вінаградавым. 

                                                             Апісанне Хойніцкага замку 1721 году

   Пры ўездзе ад мястэчка знаходзіцца брама, па абодва бакі ў якой размешчаныя турмы, над ёй зала з апраўленымі ў дрэва вокнамі, ужо папсаванымі і патрабуючымі рамонту, дзверы на жалезных завесах, ганак вакол яе [брамы]1*, дранкай пакрытай; ад брамы ў будынак уваходзячы перад усім вялікі ганак, на ім капліца, вокны ў свінец апраўленыя, але ўжо пабітыя, патрабуюць рамонту, тамсама і камора; ад той капліцы зышоўшы па сходах да ганку, у сенцы ўваходзячы, па левую руку сталовы пакой, дзверы якога на жалезных завесах, леплены з гліны камінак, печка зялёнай кафляй абкладзеная, толькі ўжо старая, каля печы алькеж** з дзвярыма на жалезных завесах, ад таго алькежа спіжарка*** малая, па сходах трапляем да другога алькежа, на якім ёсць алькежык малы, пад тым алькежам піўніца****, да якой адзін праход з алькежа па сходах, а другі з двара; усе вокны ў тым будынку апраўленыя ў дрэва; па правую руку ад ганку другая святліца, ад якой праз сенцы з дзвярыма на жалезных завесах, малы камінак, печка, пакрытая зялёнай кафляй, таксама старая, далей алькежык малы, потым каморка, дзверы да сенцаў; і ў тым будынку вокны таксама ў дрэва апраўленыя, разбітыя; у сенцах два вялікія каміны перад печамі з гліны лепленыя, усе дахі крытыя дранкай, апрача капліцы, пакрытай гонтамі; усе тыя будынкі рэстаўрацыі патрабуюць. З сенцаў трапляем да крытай дранкай кухні з гліняным камінам, ад кухні ідучы месціцца бровар, па левую руку каля таго бровара саладоўня для сушкі соладу, у бровары ёсць дзве кадзі для зацірання брагі, а трэцяя для вылівання солада ў трубы, адзін кваснік; каля саладоўні стаяць два хлявы, каля іх знаходзіўся будынак, у якім была святліца з маленькім камінам і печкай з простай кафлі, далей алькежык і каморка, якая выходзіла на панадворак, вокны апраўленыя ў дрэва, дах крыты дранкай; [будынак] згарэў у часы яго міласці ксяндза біскупа валошскага. Далей, ідучы ад бровару да брамы, стаяць два свіранкі – долі і на гары, у абодвух дзверы на жалезных завесах. Гонтамі крыты ганак2*, каля яго два свірны пад адным дахам, дранкай крытым. Ад брамы дзве стайні, вазоўня – усе пад адным дахам, крытым дранкай; каля вазоўні павець, крытая саломай, ад той павеці святлічка малая з сенцамі і печкай з простай кафлі, разбітае вакно апраўленае ў дрэва і такое ж старое, як і печка, дах дранкай крыты. Агарод для авашчэй адзін за стайняй, а другі за свірнамі. Паркан з боку мястэчка загароджаны напалову.
  НГАБ у Мінску. Фонд 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 121 (матэрыял, па магчымасці, адаптаваны)

1*тое ж і 2*Відавочна, гэта той самы балкон-ганак, які, паводле М. А. Ткачова, акружаў увесь будынак замка на ўзроўні другога паверху (Замкі і людзі. Мінск, 1991. С. 161).
**Так называлася вуглавая вежапажобная прыбудова да асноўнага будынка пад асобным дахам (звычайным або купалам, шатром); таксама – невялікі пакойчык у сядзібным доме, адведзены, часцей за ўсё, пад спальню або гардэроб.
 ***Кладоўка, спіжарня.
 ****Склеп.

                                                                       Харлінскія гербу Боньча

    Адзін з Тамашэўскіх гербу Боньча, набыўшы ў спадчыну  маёнтак Харлэнж (была яшчэ Харлеёўская Воля) у Люблінскім ваяводстве, узяў ад яго прозвішча Харлэнскі, якое змянялася на Харленцкі, Харленьскі і Харлінскі; астатняя форма прозвішча замацавалася за адной лініяй яго нашчадкаў.
    У палове XVI ст. у кіеўскіх і луцкіх судовых актах з’явіліся згадкі пра братоў Мікалая і Шчаснага Харлінскіх, якія паклалі пачатак адпаведна валынскай і кіеўскай галінам роду. Да апошняй належалі ўладальнікі Хойнік.
   Дваранін і трукчашы гаспадарскі Шчасны (Фелікс Адаукт) Харлінскі у 1568 г. ажаніўся з Феннай Дымітраўнай, князёўнай Друцкай-Любецкай, маладой удавой па князю Мельхіёру Насілоўскаму, якая і запісала яму ўсе свае ўладанні. Апошнія дасталіся ёй ад маці, таксама Фенны, дачкі Сямёна Полаза (Палазовіча), фаварыта каралёў-братоў Аляксандра і Жыгімонта Старога. Сярод тых, ці не магнацкіх  добраў самымі паўночнымі былі Хвойнікі, Астраглядавічы і Навасёлкі.
   Паводле Т. Жыхлінскага, Шчасны, чалавек шырокай славянскай натуры, выхаваны ў атмасферы палітычных свабод, сцяснёны адно ранейшым незаможным побытам на пясчаных глебах Харленжа, дзякуючы багатаму жончынаму пасагу, пачуўся даволі магутным і зусім не стрымліваў свае буйныя фантазіі, пры кожным выпадку лёгка рабіў наезды на суседнія маёнткі. Найбольш пацярпелі ад яго ўладанні Кіеўскай мітраполіі Унін і Дзідоўшчына Пячорскага манастыра. Дайшоў нават да таго, што пазбавіў пасады аднаго архімандрыта і прызначыў іншага. Прычым манахі думалі, што рабілася гэта згодна каралеўскага мандату і падпарадкоўваліся ажно пакуль не высветліўся свавольны гвалт.
    Наогул Ш. Харлінскі даволі хутка здабыў пасады ў Кіеўскім ваяводстве. Адразу стаў харунжым (каля 1570 г.), а ў 1581 г. ён ужо – падкаморы кіеўскі. Заняць апошні, даволі значны ўрад было немагчыма без галасоў мясцовай русінскай шляхты на павятовым сейміку. Відавочна, паляк сваімі якасцямі заслужыў яе давер. У 1598 г. вальны сейм прызначыў кіеўскага падкаморага Шчаснага Харлінскага адным з камісараў дзеля размежавання Кіеўскай зямлі (ваяводства) Кароны Польскай і Мазырскага павету, які яшчэ раней быў выведзены з яе складу і перададзены ваяводству Мінскаму Вялікага Княства Літоўскага.

    Пасля смерці Фенны, у 1573 г. пан Харлінскі ажаніўся з князёўнай Катарынай Збаражскай. Сярод яго дачок Алена выйшла замуж за Міхаіла Ратамскага, старасту осетрскага, Барбара – за Абрагама Тышкевіча, Зузанна – за Грыбоўскага, Крыстына – за Барталамея Цэброўскага, Катарына – за Барталамея Асінскага, нарэшце, Зофія – за Самуэля Паўлоўскага. Двое сыноў ад князёўны Фенны – Мікалай і Станіслаў, адзін ад князёўны Катарыны – Юры.
     Пры раздзеле спадчыны маёнтак Астраглядавічы з прылегласцямі дастаўся Мікалаю. Апошні быў жанаты з Гальшкай, дачкой Каспера Адравонжа, удавой па князю Дымітру Булыгу Курцэвічу, намесніку брацлаўскім, з якім мела дачку Еву, замужнюю за Мікалаем Абрамовічам, ваяводай троцкім. Актыўны ўдзельнік маскоўскай "смуты". Сейм 1613 г. прызначыў М. Харлінскага ў камісію па люстрацыі добраў Любеча. У  1623 г. пані Гальшка, ужо ўдава, судзілася з братамі мужа Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі з-за гвалтоўнага наезду іх на замак Астраглядаўскі, мястэчка Новы Харленж і навакольныя вёскі. Надалей маёнтак перайшоў да пана Мікалая Абрамовіча, а набожная ўдава жыла ў Луцку, ахвяравала мясцовым дамініканам 3000 злотых ды 1000 зл. на аздабленне касцёльнага алтара, тамсама і пахавана ў 1670 г.

Boniecki A. Herbarz Polski. Warszawa, 1900. Tom II.
Constitucię seymu walnego Koronnego Warszawskiego, MDXCVIII
Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. Warszawa, 1905. T. II
Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. Poznań, 1893. Rocznik XV

                                                      Абрагамовічы (Абрамовічы) гербу Ястшэмбец зменены
Прынамсі, адзін чалавек з гэтага ваярскага роду валодаў Хойніцкім маёнткам паміж Харлінскімі (канец 1568 – каля 1624 г.)* і Шуйскімі (каля 1676 – 1828 гг.). Гэта  пан Мікалай (? – люты 1651) Абрагамовіч. Што вядома пра яго паходжанне і заслугі?

   Герб – у блакітным полі залатая або натуральнага колеру падкова, у ёй левая палова рыцарскага крыжа; на шчыце паўлінні хвост, на якім, паводле геральдыста Альберта Каяловіча, мусіў быць Слепаврон, павернуты ўлева і трымаючы ў дзюбе пярсцёнак.
   Сенатары ў радзіне: Ян, Мікалай, Енджэй, каштэлян брэсцкі-літоўскі ў 1657 – 1663 гг.
    Запісвалі іх таксама Абрамовічамі, а ў XVI ст. калі-нікалі і Аўрамовічамі. 
   Гняздом-рассаднікам роду была нібыта паўночная Мазовія, адкуль перасяліліся на Падляшша (Падляссе) і ў Хэлмскую зямлю; змянілі свой герб, змясціўшы ўнутры падковы паўкрыжа або крыж і наогул не ўжываючы. Адна яго галіна падалася ў Літву, дзе набыла значныя маёнткі, сярод якіх Варняны; паводле перапісу войска ВКЛ 1528 г. Ян Аўрамовіч мусіў выстаўляць 43 узброеных коннікаў.
  Яго, відавочна, унук, таксама Ян, сын Станіслава, прэзідэнт дэрпцкі (годнасць тая адпавядала каштэлянцкай, г. зн. сенатарскай), ваявода мінскі з 1593 г., ваявода смаленскі ў 1596 – 1599 гг., вендэнскі і лідскі стараста, адзін з найбольш руплівых вызнаўцаў кальвінізму ў ВКЛ, фундаваў і шчодра забяспечыў збор (храм), шпіталь і школы тае канфесіі ў Варнянах. Сваім коштам выдаў у Вільні ў 1598 г. евангеліцкі катэхізіс віленскага прапаведніка С. Суроўскага, які ўтрымліваў каля 300 рэлігійных песень. Памёр у 1602 г.
   Мікалай, сын Яна, у 1603 г. быў аддадзены на выхаванне да двара біржанскіх Радзівілаў. Каралеўскі палкоўнік, генерал артылерыі ВКЛ з 1634 г., адначасова чашнік літоўскі ў 1638 – 40 гг., каштэлян мсціслаўскі ў 1640 – 43 гг., мсціслаўскі ваявода ў 1643 – 47 гг. (пасля, з 1647 г. і троцкі, што яшчэ больш прэстыжна). Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы і дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У першай палове 1620-х гг. ваяваў супраць шведаў у Курляндыі і Інфлянтах, у 1626 – 27 гг. супраць іх жа ў Памор’і і Прусіі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632 – 34 гг. са студзеня 1633 г. камандаваў палком пяхоты, з 1634 г. артылерыяй; дужа спрычыніўся да паспяховага заканчэння ўсёй смаленскай кампаніі. Камісар пры падпісанні Палянаўскага міру 1634 г. У 1646 г. прызначаны камісарам на перагаворах з Масквой і па даручэнні караля перадаў Расіі Трубчэўскую воласць, за што трыбунальскім судом прыгавораны да штрафу ў 60 тысяч злотых і смяротнага пакарання. У 1648 г. прызначаны камісарам для перагавораў са Швецыяй. Быў адным з кіраўнікоў кальвіністаў ВКЛ, старшынёй правінцыйнага сіноду 1644 г. У нашым рэгіёне, акрамя Астраглядаўскага маёнтка** (Оўруцкі павет Кіеўскага ваяводства), валодаў Холмечам у Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства.
 
*Гл. вышэй папраўку з улікам дзедзіцтва М. Бразоўскага.
**… Jego mość pan Mikolay Abrahamowicz, woiewodzic Smoleńsky, z maiętności potomków swoich Ostrohladowskiey z sioła Ostrohladowicz: z dymów piętnastu po złotych trzy, z ogrodników dwu po złotemu i sześc groszy; z Boguszów: z dymów trzech po złotych trzy; z Strełkowa (відавочна: z Strzeliczówa) z dymów ośmi po złotych trzy; z Chwoynik (арыгінальная форма назвы захаваная і ў польскай мове): z dymów iednastu po złotych trzy, z ogrodników dwu po złotemu y sześć groszy; z Posielicz: z dymów sześci po złotych trzy; z Maleszówa: z dymów dwu po złotych trzy; z Wielkiego Boru: z dymów sześci po złotych trzy, z dwu koł młynowych po złotych sześć; z Łochani: z dymów dwu po złotych trzy; z Krasnosila (а тут – украінізм): z dymów dwu po złotych trzy; – summą za sześc poborów złotych sto ośmdziesiąt cztery groszy dwadzieścia cztery. Pan Zygmónt Kopieć z maiętności swey zastawney sioła Dworzyszcz y Nowosiołek: z dymów ośmi po złotych trzy; – summą za sześć poborów złotych dwadzieścia cztery...
Архив Юго-Западной России. Киев, 1886. Ч.7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. C. 396 – 397
(Урывак з тарыфа падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1628 г.)

Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 1. А – К. Мінск, 2005
Boniecki A. Herbarz Polski. Warszawa, 1899. Tom I
Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. Warszawa, 1904. T. I

 

З кнігі М. А. Ткачова "Замкі і людзі" (Мінск: Навука і тэхніка, 1991)*

*Пры ўсёй павазе да св. памяці прафесара Міхаіла Аляксандравіча Ткачова (1942 1992), мусім канстатаваць: спасылкі 201, 202, 203, 204, 205 – фальшывыя (магчыма таму, што матэрыял да доктарскай дысертацыі дапамагали збіраць іншыя асобы; гэта звычайная практыка; альбо блытаніна ўзнікла ў працэсе публікацыі...). Анічога пра Хойнікі ў тых крыніцах няма. Невытлумачальна пераблытаныя звесткі, прыведзеныя пад спасылкай 208. У абмежаванні Брагінскай воласці 1512 г. інфармацыя пра Хойнікі адсутнічае; згаданыя хіба "востраў Хойнічак" (паланізм у актавай кнізе 1776 г.) і пасля яшчэ "чысты рог Хвойнічак". Брагінская воласць у ВКЛ і Рэчы Паспалітай належала не да Рэчыцкага, а да Кіеўскага, пазней да Оўруцкага павету. Князі Вішнявецкія і пан Служка ніколі Хойнікамі не валодалі. Прозары не былі князямі, а паходзілі яны з Літвы, займелі дачыненне да Хойнік надта позна – ажно ў 1780-я гады. Ці збягалі з Расіі продкі тутэйшых Шуйскіх? Дакументальных сведчанняў гэтага няма. Біскуп Ю. Парышэвіч некалькі гадоў (пасля 1716 і  да сакавіка 1721) быў усяго толькі пасэсарам (часовым уладальнікам, арандатарам) Хойніцкага маёнтку князёў Шуйскіх, а не атрымаў яго ў 1721 г., як сцвярджаецца ў манаграфіі. Таго году Шуйскія пачалі займацца маёнткам самі (князь Мікалай). Зразумела, гэткія дробязі (толькі не для жыхароў Хойнікшчыны!) ні навуковаму рэдактару Г. В. Штыхаву, ні рэцэнзентам Л. У. Дучыц і Г. А. Каханоўскаму таксама не былі вядомыя. Яны, як і аўтар кнігі, – археолагі, а Хойнікшчынай дык наогул ніколі не займаліся. Адпаведны і вынік... (С. Б.) 

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Ноябрь 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024