Понедельник, 25.11.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

    Да асвятлення гісторыі школ мястэчка Хойнікі і раёна 

     Па тэме, вынесенай у загаловак гэтага матэрыялу, аўтары раённай кнігі "Памяць" паведамілі: "Да 1928 года ў мястэчку Хойнікі была пачатковая чатырохкласная школа, а ў 1928 г. адкрыўся дагаварны 5 клас і бацькі плацілі 50 рублёў у год на навучанне свайго дзіцяці. У 1929 г. адкрыты 5 клас за дзяржаўны кошт, а шосты клас стаў дагаворным… У 1930 г. школа стала сямігадовай... Першы выпуск сямігодкі адбыўся ў 1931 г."1
     Тая самая інфармацыя, але ў перакладзе на рускую мову і нібыта пра гісторыю сваёй установы, выдадзеная на сайце ДУА "Сярэдняя школа № 1 г. Хойнікі"*.  СШ №1 м. Хойнікі  [дзіўна, але і Аляксандр Варабей, удзельнік Маскоўскай Алімпіяды 1980 г., чамусьці залічаны ў склад гэтай школы, хоць вучыўся ў СШ № 3...]
   Прыведзеныя звесткі з кнігі "Памяць" ад самага пачатку дэзарыентуюць чытача. Справа ў тым, што ў дакуменце пад назвай "Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости** Речицкого уезда", пазначаным часовым адрэзкам 08. 12. 1920 – 15. 04. 1921 г., ужо засведчана наяўнасць не адной, а цэлага шэрагу школ. Існавалі Хойніцкая школа II ступені (175 вучняў), 1-я Хойніцкая школа I ст. (58 вуч.), 2-я Хойніцкая школа (204 вуч., г. зн. не нашмат менш, чым у СШ № 2 на 2018  год), Хойніцкая яўрэйская школа (50 вуч.), Хойніцкая польская школа (69 вуч.) і Хойніцкая чыгуначная школа (70 вуч.) – усе I ступені2. З іх першыя дзве – гэта, можна сказаць, сённяшняя СШ № 1 (яна бо найраней стала сямігадовай, а потым і сярэдняй), а Хойніцкая чыгуначная – будучая СШ № 3, школа № 2 існуе дагэтуль пад сваім даўнім нумарам, польская і яўрэйская, якія сталі пазней сямігадовымі, былі ўрэшце зачыненыя.

   У анкетах, датаваных студзенем-лютым наступнага 1922 года, ёсць звесткі пра тры школы, у назвах якіх прысутнічае азначэнне "Хойніцкая" – Хойніцкая сямігадовая пакуль з шасцю класамі і 245 вучнямі3, 2-я Хойніцкая I ступені з чатырма класамі і 151 вучнем4 (і куды ўсяго хіба за год магла адыйсці паўсотня вучняў?; усё ж, верагодна, на 1921 г. маем справу з бязглуздымі бальшавіцкімі прыпіскамі), Хойніцкая яўрэйская (чамусьці названая ў змешчанай ніжэй запісцы "3-й Хойніцкай..."***I ступені з чатырма класамі і 21 вучнем (раней, як мы бачылі, – на 29 чалавек болей; прычына, відавочна, у тым, што ў яе не было свайго даху і заняткі пэўны час праводзіліся на другой змене ў памяшкані 2-й школы, а калі насталі кароткія дні і школе адмовілі ў выдачы лямпаў і газы (керасіну), дзяцей і наогул распусцілі; яны перайшлі ў агульныя школы.)5. Польская і чыгуначная школы анкеты своечасова не падалі6.

    Варта звярнуць увагу на тое, як былі пазначаныя адрасы сямігадовай і 2-й школы. Для першай з іх гэта "Ст. Хойники Речицкого уезда Гомельской губ.", для апошняй – "М-ко Хойники Речицкого уезда Гомельской губ." Да Рэчыцкага павету Хойнікшчына належала ў 1793 – 1926 гг. Гомельская губерня існавала ў 1919 – 1926 гг., калі наш рэгіён, паводле рашэння маскоўскіх бальшавікоў, знаходзіўся ў складзе РСФСР [ужо гэтыя бясконцыя, часта нікому непатрэбныя, а нават і шкодныя народу Беларусі "решения"!].

          Пытанне: чаму ў сямігадовай школы  будучай СШ № 1  як быццам неадпаведны адрас?
      Здавалася б маем справу са звычайнай неахайнасцю, бо ж каля чыгункі была толькі пачатковая школа – сённяшняя СШ № 3; навошта заблытваць сітуацыю? Але магчыма і іншае, таксама адпаведнае сумбурнаму бальшавіцкаму часу, тлумачэнне. 2-я школа месцілася бліжэй да станцыі, але сапраўды знаходзілася ў цэнтры мястэчка, радыюс абслугоўвання яе ўсяго дзве вярсты. Сямігадовая ж, хоць і на ўскрайку, з супрацьлеглага адносна станцыі боку мястэчка, але з радыюсам абслугоўвання ажно ў пяць вёрст, які ахопліваў і станцыю. Анкета дасылалася ў Рэчыцу, звязаную з Хойнікамі чыгункай, дык якая ім там у Рэчыцы розніца, – знойдуць, як спатрэбіцца, не абмінуць…

      Гэтая акалічнасць, аднак, увяла ў зман аўтараў кнігі "Памяць", а следам і ўкладальнікаў адпаведнага матэрыялу на сайце СШ № 1, якія дапасавалі да сваёй установы пачатковыя звесткі пра будучую СШ № 2 г. Хойнікі****.

*Дарэчы, у СШ № 1 не так і даўно адзначылі яе 80 угодкі; прынамсі, пазней пра гэта пісалі "Хойніцкія навіны" з падачай інтэрвію дырэктара. Пачынаўся рэпартаж слушна: "Гарадская СШ № 1 па праву лічыцца старэйшай школай нашага раёна...", а следам і нечаканае: "...два гады таму яе калектыў адзначыў свой 80-гадовы юбілей". Хойніцкія навіны За пачатак гісторыі школы калегі прынялі 1934 год, бо тады яна, ці бачыце, стала сярэдняй (!). Усё, што было раней, некаштоўна? Сітуацыя аналагічная той, як бы чалавек пачаў адзначаць уласныя дні нараджэння ад паўналецця, свядома выкрасліўшы з памяці дзіцячыя і юнацкія гады. Ці магчыма такое ўявіць? 
**Włość Chojnicka ў Рэчы Паспалітай, вядомая з другой паловы XVII ст., уяўляла з сябе хіба прыватны маёнтак князёў Шуйскіх. Адміністрацыйнай жа адзінкай у складзе павету Хойніцкая воласць была ў Расійскай імперыі і ў СССР, існавала ў 1861 – 1926 гг. У дасавецкі час, аднак, значныя часткі пазнейшага раёна належалі да Дзёрнавіцкай (з цэнтрам на Нараўляншчыне), Мікуліцкай (цэнтр на Брагіншчыне) і Юравіцкай (цэнтр у Калінкавіцкім р-не) валасцей, дык там па вёсках пры бальшавіках таксама было створана нямала школ. Яшчэ некалькі – у Аўцюцевіцкай і Маладушскай валасцях. Пачатковая задача ў бальшавікоў: школа ў кожнай вёсцыКрыху "астудзіліся" ўжо пасля. У гэтым дакуменце бачым звесткі пра восем з адзінаццаці школ, якія існуюць у Хойніцкім раёне на сённяшні дзень (праўка пачатку 2020/21 н. г. – С. Б.). Глінішчанская і Княжыцкая (Слабажанская) школы месьціліся тады ў Юравіцкай воласці, а Судкоўская школа (тут улічваем і наймалодшую СШ № 4 г. Хойнікі альбо гімназію) з'явілася на адукацыйнай ніве значна пазней.
***Магчыма, польская і чыгуначная школы ў Хойніках неафіцыйна, але ў свядомасці валаснога кіраўніцтва ад адукацыі, выступалі адпаведна пад нумарамі 4 і 5?..
****На сайце СШ № 2 СШ № 2 м. Хойнікі сустракаем неабгрунтаванае сцвярджэнне, маўляў, гісторыя яе пачынаецца ад 1937 г., з узвядзення сённяшняга двухпавярховага будынку: "В него вошли учащиеся четырёх начальных русских школ города [a) дакладней – мястэчка; b) і ўсё гэта таму, што вучні розных класаў аднае школы займаліся ў асобна прыстасаваных памяшканнях! С. Б.]. Ад таго году і вырашана адлічваць усе юбілеі, установу бо скончыла ў свой час нямала знакамітых людзей. Пра святкаванне нібыта 70-годдзя школы (разам і 40-х угодкаў спартыўнай залы) гл.: Ленінскі сцяг. 12. XII. 2007, артыкул У. Сямёнава (Уладзіміра Сямёнавіча Далгалычанкі) з кранальнай назвай "Радость встреч чуть-чуть с печалью и невозвратностью прожитое горчит" і відэаролік. Дарэчы, у апошнім  пра СШ № 3 сказана: "...это были бараки на вокзале", пра СШ № 1 – "деревянное здание на месте теперешнего банка" і, нарэщце, пра СШ № 2 – "наша двухэтажная кирпичная школа.., самая лучшая, самая красивая, самая светлая". Але ж пра будынак (чытай: наконт камфорту і эстэтыкі) ніхто б спрачацца і не стаў, бо гэта зусім іншая тэма.

Нягледзячы на значную неадпаведнасць узросту школы, калектыў СШ № 2
у 2007 г. узорна прадэманстраваў тое, як можна святкаваць юбілей установы

 

      Летась, у пачатку каляндарнага года, нехта з аддзелу адукацыі, не назваўшы сваё імя, праз раённую газету падаў ідэю святкавання 50-годдзя СШ № 3 выключна дзеля таго, што ў 1967 г. установа распачала заняткі ў новым трохпавярховым будынку па вуліцы Першамайскай, 18*****, як яно ёсць на сёння. Інакш кажучы, нам прапаноўвалася не ўспамінаць пра ранейшыя часы, калі школа была пачатковай (чыгуначнай, станцыённай), сямігадовай (зноў жа станцыённай, напрыклад, у 1949 г., пакуль з 5-цю класамі)7 і нарэшце сярэдняй (з 1955/56 н. г., пакуль толькі з дзявятым класам, у які прыйшлі, пэўна, былыя васьмікласнікі СШ № 2****** і СШ № 1, з ліку мясцовых жыхароў)8. Адрас яе ў апошніх двух выпадках запісваўся па-рознаму: "ст. Хойники", "г/п Хойники" (бо ў 1954/55 н. г. наша Хойніцкая беларуская няпоўная сярэдняя школа згаданая побач з сельскімі сямігодкамі, калі дзьве іншыя Хойніцкая беларуская (№ 1) і Хойніцкая руская (№ 2) – ужо даўно былі сярэднімі), "Станция", "г. п. Хойники, улица Олега Кошевого, 16". Не сказаць, каб дарэчы, у раздзел меню "О школе" на сайце СШ № 3, ужо і не даведацца з чыіх слоў, трапіла інфармацыя, нібы яна арганізавана ў 1918 г., адкуль лагічна вынікае быццам сёлета ёй спаўняецца сто гадоў******* СШ №3 м. Хойнікі
    Маем яшчэ тыповае выказванне: "В 1888 г. в деревне Поселичи была построена церковно-приходская школа" (прыходская царква месьцілася ў Хойніках9; дарэчы, жыхары суседняга Лісцвіна належалі да прыходу Бабчынскай царквы10, у вёсках якога ў той час было пяць школ11). СШ в. Паселічы
   Нешта падобнае сустракаем і далей: "Первая школа в деревне Княжица была открыта в 1918 году… Церковно-приходская школа располагалась в крестьянской избе [прыходская царква – у Алексічах12; цікава, якое дачыненне яна магла мець да школы 1918 г.? Аналагічна з Бабчынам, у выпадках з Паселічамі13 і Княжыцай маем справу з гэтак званымі "школами грамотности" (была такая і ў Дворышчы) адпаведна Хойніцкага і Алексіцкага царкоўных прыходаў, ад якіх школы бальшавіцкіх часоў наўпростую аніяк нельга выводзіць]... В 1922 году была построена небольшая начальная школа, которая просуществовала до 31 августа 1956 года." [выкарыстоўваем менавіта гістарычную назву Княжыца (накшталт: Багуславец для Грачыхіна), бо слабажанка гэта дзяўчына (жанчына) з слабады, а не сама вёска! Але на сёння школа ўжо не існуе. – С. Б.]
    Мяркую, нам усім варта назаўжды засвоіць: як і вёска альбо мястэчка, школа гэта людзі (вучні, настаўнікі, тэхнічныя работнікі), якія арганізавана аб'ядналіся дзеля агульнай справы, а не сцены будынкаў драўляныя ці мураваныя, малыя ці вялікія. І гэта не "ликбез" для людзей з універсітэцкай адукацыяй, хіба нагадванне.
     Не тое, аднак, ёсць галоўнай праблемай, але іншае: у родным для шмат каго з беларускіх пісьменнікаў і навукоўцаў Вялікім Боры, як у мележавым Глінішчы і ў гашкевічавым Стралічаве, найвялікшых сёлах раёну, шаноўныя калегі і дагэтуль не ўважаюць гісторыю ўласнай школы вартай хоць бы якога сціплага асвятлення; шкада...
  

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Ноябрь 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024