Суббота, 11.05.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                                              Барыс Сачанка
    Вялікую страту панесла беларуская літаратура. 5 ліпеня 1995 года раптоўна памёр таленавіты пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, грамадскі дзеяч Барыс Іванавіч Сачанка. Цяжка змірыцца з думкай, што не стала цудоўнага, поўнага творчых сіл і жыццёвай энергіі чалавека, які да апошняга дыхання аддаваў сябе вялікай справе нацыянапьнага Адраджэння, роднай літаратуры.
    Барыс Іванавіч Сачанка нарадзіўся 15 мая 1936 года ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна ў сям'і рабочага. У сямігадовым узросце разам з бацькамі быў вывезены ў Германію. Пасля вяртання на радзіму скончыў Хойніцкую сярэднюю школу N 1, а затым Беларускі дзяржаўны універсітэт, спалучаючы вучобу з працай у часопісе "Вожык". Шмат гадоў працаваў у аддзеле прозы часопіса "Полымя". 3 1976 па 1986 гады – сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Апошні час актыўна займаўся выдавецкай дзейнасцю, працуючы спачатку загадчыкам рэдакцыі выдавецтва "Мастацкая літаратура", а потым галоўным рэдактарам выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя".
     Першае апавяданне Барыса Сачанкі з'явілася ў друку ў 1956 годзе ў часопісе "Маладосць". Яркая, самабытная проза маладога аўтара адразу звярнула на сябе ўвагу прыхільнага чытача і крытыкі. Увесь наступны шлях пісьменніка быў пазначаны высокай творчай актыўнасцю, разнастайнасцю тэматыкі. Ен пісаў пра мінулую вайну, вяскоўцаў, пра сваё роднае Палессе таленавіта, шчыра, пранікнёна. Першыя зборнікі прозы "Дарога ішла праз лес”, "Барвы ранняй восені", "Зямля маіх продкаў", "Пакуль не развіднела", "Апошнія і першыя" ўбачылі свет у 60-я гады. Яшчэ больш адметнымі былі наступныя творы: "Дарогі" і "Аксана" (1971), "Памяць" (1973), "Тры аповесці" (1976), "Ваўчыца з Чортавай Ямы" (1978), "Горкая радасць вяртання" (1987), "Вечны кругазварот" і "Родны кут" (1989), раман "Чужое неба" (1975), трылогія "Вялікі лес" (1980,1982,1984). Плённа працаваў Барыс Сачанка ў галіне дзіцячай літаратуры, сатыры і гумару, крытыкі, шмат перакладаў з моў іншых народаў. Значнымі былі і яго літаратурныя даследаванні.
   Шмат жыццёвай энергіі аддаваў ён грамадскай дзейнасці, абіраўся дэпутатам раённага і гарадскога Саветаў, з'яўляўся членам многіх грамадскіх фарміраванняў, рэдкалегій мастацкіх выданняў, удзельнічаў у рабоце сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
    За вялікі ўклад у нацыянальную літаратуру, актыўную грамадскую дзейнасць Барыс Сачанка ўзнагароджаны двума ордэнамі "Знак Пашаны", медалём Францішка Скарыны, ушанаваны літаратурнай прэміяй І. Мележа.
     Барыс Іванавіч Сачанка назаўсёды застанецца ў нашай памяці як сумленны, зычлівы чалавек, старанны, руплівы працаўнік, таленавіты летапісец нашага жыцця.
     Ён моцна любіў сваю родную Беларусь і аддаў ёй увесь свой талент.

                                       “Пісьменнік – гэта творы, ёсць творы – ёсць пісьменнік”
  З пісьменнікам Барысам Сачанкам я пазнаёміўся спачатку завочна. Працуючы ў “Звяздзе”, у аддзеле літаратуры і мастацтва, не раз чуў ад загадчыка гэтага аддзела Алеся Траяноўскага прозвішча Сачанкі: то яны некуды разам ездзілі, то адзін у аднаго гасцявалі, то гаварылі па тэлефоне… Але чамусьці Барыс Іванавіч ні разу не зайшоў у рэдакцыю, каб я мог нарэшце яго пабачыць.
   А неўзабаве я перайшоў на працу ў ЦК КПБ, у сектар мастацкай літаратуры. І здарыўся невялічкі цуд: адным з першых, хто пазваніў і павіншаваў мяне з новай пасадай, быў… Барыс Сачанка! Неўзабаве пасля гэтага адбылася і наша першая сустрэча, знаёмства і непрацяглая, трохі раскіданая размова.
  Ад сустрэчы той засталося ў мяне цёплае, шчырае пачуццё. Асабліва кранула тое, што Барыс Іванавіч, разважаючы пра творчасць маладых, узгадаў і некаторыя мае публікацыі, што прамільгнулі ў “Звяздзе”, у “Полымі”. І, можа, не столькі кранула, як уразіла: аказваецца, пісьменнік знаходзіць час, каб уважліва сачыць за ўсім, што адбываецца ў літаратуры, у журналістыцы.
  Увогуле, мне здаецца, Барыс Сачанка далёка не поўнасцю рэалізаваў свой не абы-які талент арганізатара, талент кіраўніка. Калі справядлівасць нарэшце нібыта перамагла і яго прызначылі галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, з якім энтузіязмам узяўся ён за новую, складаную, але такую блізкую, дарагую для яго справу! Колькі цікавых, перспектыўных планаў выношваў у тыя месяцы!
  Барыс Іванавіч прыйшоў на сваю турботную пасаду ў перабудовачны час, не вельмі спрыяльны для энцыклапедычных выданняў. І ўсё ж ён шчыра і з рашучасцю ўзяўся за стварэнне сваёй – менавіта сваёй! універсальнай, 18-томнай энцыклапедыі. Былі створаны слоўнікі па ўсіх галінах ведаў, падрыхтаваны першыя тамы… Аднак здзейсніць сваю задуму да канца яму, на вялікі жаль, не ўдалося выданне “БелЭН” было завершана пасля яго смерці.
   І ўсё ж, аддаючы належнае арганізатарскаму таленту, шматлікім грамадскім клопатам, хочацца зазначыць, што не гэта было для яго галоўным у жыцці. Сам Барыс Сачанка неаднаразова казаў: “Пісьменнік гэта творы. Ёсць яны ёсць пісьменнік. Няма твораў няма пісьменніка”.
  Барысу Сачанку можна не саромецца зробленага. За няпоўныя чатыры дзесяцігоддзі творчай дзейнасці ім выдадзена амаль чатыры дзясяткі кніг. Напісаны сотні апавяданняў, адзінаццаць аповесцяў, тры раманы.
  У маім архіве захаваліся запісы гутарак, якія мы вялі з Барысам Іванавічам на працягу многіх гадоў. І хоць з таго часу, як той казаў, сплыло шмат вады, думкі пісьменніка не страцілі сваёй цікавасці і актуальнасці.
  Часовае і вечнае
  – Барыс Іванавіч, мы часта гаворым пра літаратуру, што яна, маўляў, і крыніца эстэтычнай асалоды, і магутны сродак выхавання, і яшчэ шмат чаго карыснага ёй прыпісваем. Але ці так яно насамрэч? Ці не перабольшваем мы значэнне мастацкага слова ў нашым жыцці?
  – Можа, у нечым і перабольшваем, але неістотна. Спашлюся на класікаў. Леў Талстой вельмі высока цаніў ролю і прызначэнне мастака. “Мэта мастака, казаў ён, не ў тым, каб неаспрэчна вырашыць пытанне, а ў тым, каб прымусіць любіць жыццё ў бясконцых, ніколі не спатольных усіх яго праявах”. Гэткай жа думкі прытрымліваўся Някрасаў, які сцвярджаў, што «у нашай айчыне роля пісьменніка ёсць перш за ўсё роля настаўніка і па магчымасці заступніка за безгалосых і прыгнечаных».
  Я не буду паўтараць вядомыя ісціны, што літаратура мае выхаваўчае значэнне, што яна заўсёды была і будзе тэндэнцыйнай, сацыяльна і гуманістычна скіраванай. Што мастацкае слова, зноў-такі спашлюся на Льва Талстога, акрамя “часовых інтарэсаў грамадства, павінна адлюстроўваць вечныя, агульначалавечыя інтарэсы, самыя дарагія, задушэўныя ўсведамленні народа”.
Мне здаецца, што ў гэтым у нас, пісьменнікаў, разыходжанняў няма. Усе мы хочам служыць свайму народу, хоць гэтае служэнне кожны разумее па-свойму. Адзін бачыць яго ў адкрытай, страснай публіцыстыцы. Другі сцвярджае свае ідэалы сілай мастацкіх вобразаў. Трэці абуджае чалавечыя душы тонкай пранікнёнай лірыкай. І немагчыма сказаць, што тут больш важна, неабходна. Кожны выбірае сваё, тое, што грэе сэрца, жывіць розум.
  Літаратура адзін з самых інтымных відаў мастацтва. Чалавек чытае кнігу часцей за ўсё на адзіноце, калі побач з ім нікога няма: толькі ён і кніга. Гэта не кіно, не тэатр. Таму чытачу, застаўшыся сам з сабою, хочацца пра многае падумаць, зразумець і сябе, і іншых людзей, асэнсаваць тое, што рабілася вякамі і што робіцца цяпер навокал яго. І кніга тут найпершы сябар, памочнік і дарадца. Не бяда, калі падчас чытання ён засмяецца, заплача альбо адкладзе кнігу на пэўны час убок, захоча засяродзіцца, паглыбіцца ў сябе. Не варта забываць, што чытач шукае ў кнігах пэўнай апоры ў сваім жыцці, у сваёй дзейнасці. І пісьменніку, калі толькі ён хоча, каб яго паважалі, важна не падмануць чалавека, спраўдзіць яго надзеі.
  – А што для гэтага патрэбна? Які, на тваю думку, самы галоўны складнік мастацкага твору?
 – Такіх складнікаў многа. І я, бадай, не вазьмуся вызначаць, што сярод іх галоўнае, а што другараднае. Усё важна і форма, і змест. Паміж імі павінна быць, як кажуць філосафы, дыялектычнае адзінства. Але калі ты ўжо задаў такое пытанне, то я адкажу на яго словамі таго ж Льва Мікалаевіча (прабач, што так часта яго цытую). Дык вось Талстой на гэты конт прызнаваўся, што галоўны герой усіх яго твораў, “якога я люблю ўсімі сіламі душы, якога імкнуўся перадаць ва ўсёй прыгажосці і які заўсёды быў, ёсць і будзе цудоўны, праўда”.
  Не толькі адзін Леў Талстой, а і многія іншыя пісьменнікі-класікі папярэджвалі, што літаратура можа быць патрэбнай народу, стаць яго сумленнем толькі тады, калі яна не будзе баяцца гаварыць праўду, якой бы горкай яна ні была, калі літаратура нічога не будзе ўтойваць ад людзей.
  – Але ж, пагадзіся, што праўда, якая б яна шчырая ні была, яшчэ не мастацтва…
 – Цалкам пагаджаюся. Сапраўды, адной голай праўды мала для літаратуры. Для літаратуры патрэбна сіла мастацкага слова, магія пісьменніцкага суперажывання, каб праўда жыцця стала мастацкай праўдай.
  – А ў чым жа ўсё-такі розніца паміж жыццёвай праўдай і мастацкай?
 – Мастацкая праўда гэта праўда жыцця, убачаная творцам і прапушчаная праз яго розум, веды, сагрэтая яго сэрцам. Яна, гэтая праўда, нічога агульнага, вядома, не мае з “фольгай”, з упрыгожваннем, падмалёўваннем праўды. Разам з тым мастацкая праўда можа прымаць самую разнастайную форму рэалістычную, фантастычную, фантасмагарычную, містычную. Узяць, напрыклад, раман “Людзі на балоце” Івана Мележа. Вядома ж, у рэальнасці такіх людзей, як Васіль Дзятлік, Ганна, Міканор у тых мясцінах, адкуль родам пісьменнік, не было. Але былі дзясяткі іншых, якіх Іван Паўлавіч добра ведаў сам альбо пра якіх яму расказвалі яго бацькі, аднавяскоўцы. Ад кожнага з іх пісьменнік узяў нейкую рысу характару, нейкую дэталь, падрабязнасць і намаляваў сваіх, надзвычай яркіх, самабытных герояў. Герояў, у якіх праўда жыцця ўвасоблена куды больш поўна і пераканаўча, чым у любым дакуменце.
  – А якім табе падаецца сённяшні стан беларускага прыгожага пісьменства?
  – Разумею падтэкст твайго пытання. Падчас перабудовы некаторыя гарачыя галовы надта ж ужо ўзяліся крытыкаваць нашу літаратуру, закрэсліваючы ледзь не ўсё, што напрацавана за савецкім часам. Насамрэч мы маем не такую ўжо і благую літаратуру. Лепшыя творы яе гавораць самі за сябе яны перакладзены на многія мовы і сталі здабыткам культурных людзей усяго свету.
  – А яшчэ часам раздаюцца галасы: маўляў, колькі можна пісаць пра вайну? Пакаленні, якія ўдзельнічалі ў баях, альбо тыя, што перажылі жахі вайны, ужо адыходзяць. А пасляваенная моладзь што яна ведае пра вайну, якую праўду пра яе можа сказаць?
  – Давай разважаць так. Нават сёння, праз столькі гадоў пасля заканчэння вайны, ніхто не можа сказаць, што пра вайну мы ведаем усё. Час адкрывае новае і новае, чаго раней не ведалі, а калі і ведалі, дык не асмельваліся ці не мелі магчымасці паказваць. Нічога дзіўнага ў гэтым няма праўда аб вайне шматлікая, шматаблічная. Дый, як выяўляецца, у кожнага свая, кожны ж перажыў сваю вайну. Бо ваявала з фашызмам не толькі армія, ваяваў увесь народ. І Перамога здабывалася не толькі на палях бітваў, але і ў глыбокім тыле, на заводах і фабрыках, у калгасах і саўгасах, мужчынамі і жанчынамі, дарослымі і дзецьмі. Літаратура ўжо многае пра вайну сказала. Але не ўсё. І не заўсёды так, як трэба было б сказаць. Так што перад пісьменнікамі шырокае поле дзейнасці. Гэта да пытання “колькі можна пра яе пісаць?..”
  Тэма вайны адна з найгалоўнейшых тэм літаратуры. І няма, не можа быць больш сучаснай тэмы, як гэтая. Бо калі не адстаім мір, калі, не дай Бог, успыхне новая вайна усе самыя актуальныя, як некаторым здаецца, тэмы і праблемы стануцца непатрэбнымі.
  – Барыс Іванавіч, апошнім часам ты двойчы на пленуме праўлення ў 1978 годзе і на з’ездзе Саюза пісьменнікаў у 1981 годзе выступаў з дакладамі аб стане літаратуры для дзяцей і моладзі, у якіх адзначаў шэраг сур’ёзных праблем і недахопаў у гэтай галіне.
  – На жаль, многія недахопы, пра якія не раз гаварылася на нашых пісьменніцкіх форумах, па-ранейшаму ўласцівыя дзіцячай літаратуры. І справа не ў колькасці напісанага і выдадзенага, а ў якасці. А яна не надта высокая, а ў некаторых выпадках і зусім нізкая. Яркія ж, самабытныя творы з’ява пакуль што рэдкая. І гэта павінна ўсіх нас трывожыць. Каб нас чыталі, каб наша літаратура магла канкурыраваць з сусветна вядомымі ўзорамі трэба падымаць яе ўзровень, яе якасць. Для даўгавечнасці і жывучасці твораў адной толькі праўды недастаткова. Трэба яшчэ, каб яны былі таленавітыя, каб у іх быў запас пачуццяў і думак, якія б аднолькава хвалявалі не толькі сучаснікаў, але і тых, хто прыйдзе нам на змену. Дык вось такіх твораў у мастацкай прозе для дзяцей і юнацтва мала, недаравальна мала…
   Рамантыка і драматызм адраджэння
  – Барыс Іванавіч, ведаю, што пэўны перыяд нашай літаратуры 20-30-я гады ты даследаваў даволі глыбока і сур’ёзна і маеш сваю пазіцыю, сваю думку наконт тых працэсаў, якія тады адбываліся.
  – Гэты час я б назваў рамантычна-драматычным. Рамантычным, бо пасля столькіх гадоў то паланізацыі, то русіфікацыі ў беларусаў паявілася нарэшце надзея на адраджэнне. У Мінску адкрыліся Беларускі дзяржаўны тэатр, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Дзяржаўнае выдавецтва, Інстытут беларускай культуры, Дзяржаўная публічная бібліятэка, выходзілі часопіс “Полымя”, газеты “Савецкая Беларусь”, “Звязда”… Ліквідоўвалася непісьменнасць, пераводзіліся на родную мову справаводства і нават армія ішла так званая “беларусізацыя”.
  А з другога боку, гэты час быў напоўнены вялікім унутраным драматызмам і, я б нават сказаў, трагізмам. Як зазначаў адзін са старэйшых беларускіх пісьменнікаў Максім Лужанін у сваёй аўтабіяграфічнай нататцы, літаратура ўваходзіла ў пару бурных дыспутаў, зацяжных дыскусій, жорсткіх узаемных атак адной літаратурнай арганізацыі на другую.
  Асаблівай ваяўнічасцю вызначалася суполка БелАПП, якая па прыкладзе РАПП падзяліла ўсіх беларускіх пісьменнікаў на буржуазных, сялянскіх і пралетарскіх. І ў адпаведнасці з гэтай градацыяй “адпускаліся” слава і няслава. І не мела значэння, хто, што і як піша, важна было адно “свій” ён ці “чужы”… Сваіх, вядома, без меры хвалілі, а чужых знішчалі аглабельнай крытыкай.
  А ўслед за крытыкай ішлі і рэпрэсіі. Былі звольнены з працы і арыштаваны былы дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства Інбелкульта, намеснік загадчыка Белдзяржкіно Дыла, акадэмікі Ластоўскі, Смоліч, Некрашэвіч, Лёсік, Пічэта, прафесар Эпімах-Шыпіла, пісьменнікі Гарэцкі, Грамыка, Дубоўка, Пушча, Жылка, Бабарэка, Чарнушэвіч, Гурло і многія, многія іншыя.
  Арыштаваныя абвінавачваліся ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай арганізацыі. Ужо ўвосень 1930 года на старонках газет пачалі друкавацца больш чым дзіўныя лісты, у якіх іх аўтары самыя аўтарытэтныя і вядомыя ў Беларусі людзі прызнаваліся ў грахах і памылках, якіх не мелі, публічна каяліся ў тым, у чым не былі вінаватыя. Хачу прывесці некаторыя ўрыўкі з гэтых лістоў, малавядомыя нашым чытачам, каб яны адчулі ўвесь драматызм моманту.
  Першы такі ліст з’явіўся за подпісам Якуба Коласа. “У шкоднай контррэвалюцыйнай рабоце, — пісаў паэт, — побач з актыўнейшымі прадстаўнікамі нацыянал-дэмакратызму, прымаў удзел і я, падпаўшы пад уплыў нацыянал-дэмакратычных ідэй і настрояў… Адарваны ад жывых крыніц пралетарскіх мас, замкнёны ў цесным крузе нацыянал-дэмакратычнай інтэлігенцыі і атручаны нацыянал-дэмакратычным дурманам, я па-прымірэнцку і апартуністычна адносіўся да ўсіх яго праяў, ні разу не выступіўшы супраць іх ні ў друку, ні ў парадку пралетарскай самакрытыкі…”
  Менш чым праз месяц таго ж года газета “Звязда” змясціла на сваіх старонках ліст за подпісам народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У ім былі тыя ж горкія радкі самабічавання: “…пачаўшы з 1908 года, у часы самае чорнае рэакцыі, працаваць у “Нашай ніве”, я падпаў пад уплыў нашаніўскага дробнабуржуазнага і кулацкага нацыяналістычнага адраджанізму, захапіўся адраджэнцкімі ідэямі нацыянал-дэмакратычнай дзяржаўнасці і пачаў іх адбіваць у сваёй далейшай творчасці, апяваючы, як нешта цэлае, пазакласавае, беларускі “народ”, ідэалізуючы ў некаторых сваіх творах гістарычнае мінулае, значыцца, феадальна-паншчыннае Беларусі, зацямняючы гэтым самым клясавую сутнасць сацыяльнае і нацыянальнае барацьбы за вызваленне…
  Парываючы сам катэгарычна і беспаваротна з беларускім нацыянал-дэмакратызмам, як з нейкай хвараблівай зданню, якая палоніла мяне на працягу доўгіх год майго свядомага жыцця, я шчыра жадаю, каб гэты мой горкі вопыт паслужыў навукай для той часткі беларускай інтэлігенцыі, якая яшчэ не зусім вызвалілася ад нацыянал-дэмакратычнага шалупіння, якая канчаткова не прыйшла да пераканання, што толькі працуючы пад кіраўніцтвам Камуністычнае партыі, гэтага авангарду рабочае клясы, толькі аддаючы свае сілы на сацыялістычнае будаўніцтва, яна не будзе адмецена жыццём, як агідная памятка рабскага мінулага…”
  – Калі мы ўжо загаварылі пра лёс Янкі Купалы, то хацеў бы пачуць ад цябе тваю версію яго загадкавай заўчаснай смерці. Ты ў свой час правёў на гэты конт грунтоўнае пісьменніцкае расследаванне…
  – Сваю версію я магу выкласці вельмі коратка: тое, што адбылося 29 чэрвеня 1942 года ў сталічнай гасцініцы “Масква”, ніякае не няшчаснае здарэнне, а самае сапраўднае забойства.
  – Але ж многія сур’ёзныя даследчыкі аспрэчваюць такую версію. І прыводзяць, як быццам, пераканаўчыя аргументы.
  – Хай сабе прыводзяць, колькі хочуць. А я перакананы: смерць Купалы справа рук адпаведнага ведамства.
  – Твае контраргументы?
  – Купала прыехаў у Маскву 18 чэрвеня на Другі кангрэс Усеславянскага камітэта, дзе павінен быў выступіць з прамовай. І правёў у сталіцы практычна дзесяць дзён. Усе, хто бачыў паэта ў гэтыя дні, хто з ім сустракаўся, размаўляў, адзінадушна сведчаць: паэт быў у добрым настроі, выгляд меў свежы, бадзёры. Купала прызначаў спатканні, запрашаў на свой блізкі юбілей, марыў, як будзе жыць і працаваць пасля перамогі, калі вернецца на родную зямлю… Ды і навошта ехаць у Маскву, каб здзейсніць самагубства, калі можна было зрабіць гэта ў любы час і ў любым месцы? Не! Не бачу тут ніякай логікі.
  Насцярожвае і сама таямніца вакол гэтай смерці столькі гадоў мінула, а ніхто афіцыйна ў друку ніякага паведамлення пра гэтую смерць не зрабіў. Тут адно з двух: альбо ў гэтай трагедыі не ўсё ясна, альбо настолькі ясна, што той-сёй не асмельваецца пра гэта паведамляць. Ва ўсякім выпадку, спроба музея Янкі Купалы займець матэрыялы камісіі, якая займалася высвятленнем смерці паэта, ні да чога не прывяла матэрыялы не толькі не былі прысланы ў музей, але нават нікому з супрацоўнікаў музея не паказаны.
  Шанаваць і ўзбагачаць
  – Ты даволі часта выступаеш у друку з вострымі публіцыстычнымі артыкуламі, у якіх узнімаеш важныя, надзённыя праблемы. Што найбольш цябе хвалюе, трывожыць сёння?
  – Як пісьменніка і як чалавека, які нарадзіўся і вырас у самым прыгожым кутку Беларусі, Палессі, мяне даўно хвалюе праблема экалогіі. А дакладней, тое, як ідзе меліярацыя на Палессі. Замест таго, каб падыходзіць да гэтай справы разумна, па-гаспадарску, забяспечваць на асушаных землях двухбаковае рэгуляванне вады, гора-меліяратары спрамляюць, нішчаць нашы цудоўныя, спрадвечна-шчодрыя рэкі і рэчачкі, капаюць глыбозныя, прамыя, як стрэлы, каналы, пасля якіх не застаецца ні кроплі вільгаці не толькі на тарфяніках, але і на прылеглых мінеральных глебах. І ў выніку такога нядбайства, а я нават сказаў бы, варварства, вялікія тэрыторыі зямлі ператвараюцца ў пустыню.
  Не менш вострая, на маю думку, і праблема спадчыны стаўленне да тых вялікіх духоўных скарбаў, што пакінулі нам нашы папярэднікі. Я, вядома, турбуюся найперш пра спадчыну культурную, літаратурную. А яна ў нас не такая і малая, як некаторым уяўляецца. Ва ўсякім выпадку, вывучаць, выдаваць, перавыдаваць, прапагандаваць нам ёсць што. Пра гэта гаворыцца не адзін год, аднак… Дзіва дзіўнае, дый толькі але і сёння яшчэ даводзіцца даказваць, як неабходна ведаць кожнаму свае карані, вытокі, як неабходна мець народу сваю гістарычную памяць.
  Апошнім часам сітуацыя, здаецца, пачала паляпшацца да лепшага. Выдадзены творы Ядвігіна Ш., Каруся Каганца, Сяргея Палуяна, Максіма Гарэцкага, Язэпа Дылы, Янкі Нёманскага, Уладзіміра Жылкі і іншых незаслужана рэпрэсаваных пісьменнікаў. Выходзяць шматтомныя выданні “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”, “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва”… Але многае, што варта было б, што таго заслугоўвае, яшчэ не сабрана, не выдадзена.
   Надышоў час напісаць і выдаць новую гісторыю беларускай літаратуры, бо ў тых, што дасюль выходзілі, занадта шмат пропускаў, замоўчваюцца імёны, творы і факты, без якіх літаратура наша ўяўляецца няпоўнай, збедненай і далёкай ад таго, што было на самой справе. Проста недаравальна, якія мы непаваротлівыя, як мала робім па вяртанні нашай такой каштоўнай і багатай спадчыны. Ох, як сяму-таму яшчэ і сёння хочацца, каб у беларусаў не было сваёй гісторыі, свайго мінулага, а значыць, і ніякіх святынь. І дзеля гэтага шукаецца любая прычына, каб парваць сувязь сучаснага з мінулым, пазбавіць народ сваіх каранёў. А без мінулага хіба ж можна па-сапраўднаму ацаніць сучаснае? Як тут не прыгадаць словы Абуталіба, горскага мудраца, якія прыводзіць у сваёй кнізе “Мой Дагестан” Расул Гамзатаў: “Калі ты стрэліш у мінулае з пісталета, будучыня стрэліць у цябе з гарматы”.
  – Ведаю, што ў свой час ты прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы Закона аб мовах. Скажы, калі ласка, чым было выклікана прыняцце гэтага закона?
  – Выклікана адным клопатам аб захаванні і развіцці роднай мовы. Але, перш чым гаварыць аб праблемах сённяшніх, хачу зрабіць невялікі экскурс у мінулае. Як вядома, наша мова мае даволі багатую гісторыю. Вытокі яе пачынаюцца амаль пяць стагоддзяў таму, яшчэ ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ва ўсякім разе, Статут ВКЛ быў напісаны менавіта на старажытнабеларускай мове. Дзякуючы Статуту, беларуская мова бытавала ў судзе дый у справаводстве досыць доўга, аж пакуль у 1697 годзе не была скасавана спецыяльнай пастановай польскага сейма.
  Бедная беларуская мова хто толькі з яе ні здзекаваўся. За гады свайго існавання яна перажыла некалькі драматычных этапаў. На жаль, і сённяшні стан яе незайздросны. Асабліва трывожыць у апошні час мова ў нашых тэатрах. Здавалася б, дзе яшчэ, як ні ў тэатры, павінен паказвацца прыклад сапраўднай дбайнасці, чысціні ўжывання і вымаўлення роднага слова. Аднак на справе ўсё не так. Прычым псуюць мову аднолькава і драматургі, і акцёры. Драматургі бо хочуць дамагчыся найбольшага сцэнічнага эфекту, але, як выяўляецца, не ўсе добра ведаюць мову. Акцёры ж бо не маюць жывой размоўнай практыкі, беларуская мова для большасці з іх гэта мова не жыцця, а толькі працы. Таму не дзіўна, што ў некаторых такое вымаўленне, што хоць вушы затыкай.
  Далёкая ад дасканаласці, прабач за прамату, і мова сродкаў масавай інфармацыі. Яна збедненая, спрошчаная да прымітыву, засмечана рознымі канцылярызмамі, штампамі. Гэта сведчыць пра нізкую моўную культуру нашай журналістыкі, пра тое, што мове не надаецца належная ўвага ні падчас падрыхтоўкі журналістаў, ні потым, у час іх працы…
  – А можа, праблема пачынаецца яшчэ раней?
  – Вядома! Выйсце, рашэнне праблемы мне бачыцца ў тым, каб школьнікі аднолькава добра ведалі і рускую, і беларускую мовы, а яшчэ лепш і адну замежную. Веданне моў дае чалавеку магчымасць засвойваць культуру іншых народаў, пашырае яго свет, межы зносін, працы, жыцця… Вядома, усё гэта трэба рабіць спакойна і мудра, без шараханняў.
  Мова ж кожнага народа гэта не толькі нацыянальнае багацце, яна каштоўнасць агульначалавечая, якая патрабуе аховы і абароны дзяржавы.

Гутарку вёў
Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

 Далей....

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Май 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024