Чэслаў Пяткевіч і яго навуковая спадчына
Лёс Чэслава Пяткевіча як вучонага незвычайны. Яго шлях у навуку пачаўся тады, калі ён дажываў сёмы дзесятак. Прычым на гэты шлях вывеў яго чалавек, які лічыў Пяткевіча сваім хросным бацькам у навуцы, – вядомы вучоны Казімір Машынскі. Ён прыцягнуў ужо старога па ўзросту сябра да напісання навуковых прац і ніколькі не памыліўся: багацейшыя веды Пяткевіча пра ўсё, што было звязана з жыццём і культурай палескага народа, увасобіліся ў яго працах, якія і сёння, праз дзесяцігоддзі, уражваюць сваей змястоўнасцю, фактаграфічнай насычанасцю і з'яўляюцца надзвычай каштоўнымі дакументамі з гэтага цікавейшага кутка беларускай зямлі.
Чэслаў Пяткевіч нарадзіўся 20 ліпеня 1856 г. ў Бабчыне, непадалёку ад Хойнікаў. Маці – Паўліна (родам з Кшыжаноўскіх) – была здольнай, таленавітай жанчынай. Усе пяцёра сыноў атрымалі хатнюю адукацыю менавіта дзякуючы яе намаганням. Бацька – Генрык (дарэчы, брат паэта Антонія Пяткевіча – Адама Плуга) – служыў у паноў Прозараў старшым ляснічым у Прушыне, дзе меў смалакурню. У гэтай лясістай мясцовасці прайшло дзяцінства Чэся. За ўдзел у студэнцкім паўстанні (?! – С. Б. ) бацька быў асуджаны на двухгадовае турэмнае зняволенне, у выніку чаго маёмасны стан сям'і значна пагоршыўся. У падлеткавым узросце разам са старэйшым братам Адольфам Чэслаў зведаў цяжкую фізічную працу, авалодаў амаль усімі рамёствамі жыхароў навакольных вёсак. Усе магчымыя веды ён атрымліваў самавукам. Адчуваючы ў сабе схільнасць да тэхнікі, Ч. Пяткевіч працаваў у розных смалакурнях і броварах, раскіданых па палескім краі. У 1887 г. (Хойніцкі маёнтак як раз тады быў прададзены расійскім купцам М. Аўраамаву і Г. Курындзіну. Але гл. аўтограф. – С. Б.) юнак пакінуў Палессе, пошукі працы кідалі яго ў самыя розныя мясціны: на Падолле, потым у Семежава пад Слуцкам, на Смаленшчыну. У 1904 г. Ч. Пяткевіч выехаў на Украіну, дзе прыняў кіраўніцтва маёнткам Абрамоўскіх у Стэафаніне Васількоўскага павета, недалёка ад Кіева, і маёнткам свайго пляменніка Юзафа. Працаваў эканомам Пяткевіч на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў, з невялікімі перапынкамі, калі ў 1912 – 14 гг. служыў у Лодзі на пасадзе тэхніка па бяспецы. Тут, у Стэфаніне, у 1911 г. і адбылася сустрэча немаладога ўжо Чэслава Пяткевіча з пачынаючым прыватным настаўнікам Казімірам Машынскім, які ў той час марыў заняцца даследаваннямі ў галіне народнай культуры. Пяткевіч быў сапраўднай знаходкай для маладога краязнаўца, бо мог даць адказ на любое пытанне пра свой родны край Рэчыцкае Палессе, мала яшчэ вядомае тагачаснай навуцы. Калі выйшла манаграфія Машынскага "Усходняе Палессе" (1928 г.), то на першай старонцы значылася, што праца прысвечана Чэславу Пяткевічу, выказвалася падзяка і падрабязна паведамлялася пра яго ўдзел у падрыхтоўцы кнігі.
Кожная, нават самая дробная дэталь, запазычаная ад Пяткевіча, была ва "Усходнім Палессі" пазначана ўмоўным знакам Rz, г. зн., матэрыялы з Рэчыцкага павета. (Як вядома, уласныя кнігі Ч. Пяткевіча выраслі менавіта з гэтых дапаўненняў, якія ў працы Машынскага былі прадстаўлены шматлікімі апісаннямі матэрыяльнай культуры рэчыцкіх палешукоў, хатняй, гаспадарчай і іншай бытавой тэрміналогіяй.) Істотна ажывілі кнігу маладога дэбютанта ўзоры вуснай народнай творчасці. Напрыклад, народныя прыкметы, назіранні, якія датычыліся земляробчага календара: "Да Юр'я сена павінна хваціць і ў дурня", "Як май (клён, пастаўлены на сёмуху пры хатах. – У. В.) пасохне на Тройцу, то і сена будзе сохнуць". Падказаў Пяткевіч і розныя народныя спосабы лячэння хвароб: замовы ад крыві ("Ішла Саламання Хрыста бабіць, несла ў прыполе ячмень сеяць. Пакуль еты ячмень з-пад серабра і золата ўзойдзе, так етая кроў не пойдзе"); ад зубоў ("Маладзік малады, у цябе рог залаты, чарвяк точыць мае зубы, а ты патачы чарвяку губы!"); ад звіху ("Ехаў цар Давыд на белай кабылцы з Богам ваяваць. Стой, цар Давыд, не едзь з Богам ваяваць, а будзь сведам араць! А ты, звіх, не будзь ліх, касцей не ламі, сэрца не тужы, жывата не сушы!"; пры гэтым трэба было тройчы дзьмухнуць у вывіхнутае месца).
Машынскі выкарыстаў у сваей кнізе некаторыя звесткі аб тых ці іншых сямейных і каляндарных звычаях. Так, Пяткевіч паведаміў, што ў Рэчыцкім павеце ўзводзяць на магілах драўляныя нізкія прадаўгаватыя хаткі; што на Юр'я перад узыходам сонца сяляне голыя качаюцца на расе; што на веснавога Міколу жанчыны збіраюць травы і купаюцца ў іх для ўмацавання здароўя. Здольнасць пастухоў іграць на дудцы, як лічылі ў вёсцы, адпаведна сказвалася і на іх працы: пастуха, які добра валодаў інструментам, жывёла слухалася, а няздатны да музыкі не заўсёды ігрой мог сабраць статак. Гэта даносіць і народная прыказка: "Хто трубіць – валы губіць, а хто грае – валы мае". Прыведзена ў кнізе і іхаведамленне пра лірнікаў. Іх, паводле сцвярджэння Ч. Пяткевіча, "на Палессі няшмат, а тых, якія ёсць, навакольныя сяляне добра ведаюць, дзе які жыве. Ліра нічым не розніцца ад украінскай".
Значны, дзякуючы Пяткевічу, атрымаўся ва "Усходнім Палессі" раздзел "Вусная літаратура". Увагу прыцягваюць гукаперайманні галасоў прыроды. Змешчана там таксама некалькі прыказак і прыма вак з Рэчыцкага Палесся: "Усе бабры – дабры, толькі адна выдра ліхая", "Дурань і мяла зломіць", "На вяку давядзецца варыць і ў гляку", "Дзяры лыка, калі дзярэцца", "Купіў бы сяло, да грошай гало", "Свая сярмяжка не цяжка" і інш.
Перыяд актыўнай навуковай дзейнасці пачаўся для Ч. Пяткевіча з 1923 г., калі ён разам з братам Зыгмунтам і яго сям'ёй пераехаў у Варшаву. Падтрыманы Машынскім, з 1924 г. пачаў працаваць у Аддзеле этналогіі Інстытута антрапалагічных і этналагічных навук Варшаўскага навуковага таварыства, дзе ў поўнай меры раскрыўся яго схаваны дагэтуль дар этнографа, даследчыка і мастака.
Першыя кнігі Машынскага і Пяткевіча выйшлі амаль адначасова – у 1928 г. Аднак манаграфія пра матэрыяльную культуру Рэчыцкага Палесся была не першай навуковай працай Ч. Пяткевіча: ёй папярэднічала некалькі артыкулаў, змешчаных у часопісе "Ziemia" ("Зямля"), некаторыя з ix потым ляглі ў аснову асобных раздзелаў яго манаграфій.
Дэбютаваў Ч. Пяткевіч у часопісе ў 1925 г. артыкулам "Да пытання гісторыі шкларобства на Валынскім Палессі". Назіранні за тапанімічнымі назвамі вёсак (Рудня, Руда, Руднянка) дазволілі аўтару меркаваць пра існаванне на Беларускім, Кіеўскім і Валынскім Палессі ў мінулыя часы жалезнага промыслу, пра што сведчылі таксама сляды печаў і выплаўкі ў іх жалеза з мясцовай руды. Шматлікія вандроўкі па тэрыторыі роднага краю далі матэрыял для артыкула "Дарогі на Рэчыцкім Палессі ў другой палове XIX стагоддзя" (1926 г.), які стаў невялікім даследаваннем пра самыя розныя тыпы дарог: грэблі, сезонныя і прасёлкавыя дарогі, "шляхі" (паштовыя дарогі), а таксама пра спосабы перамяшчэння цераз рэкі і рачулкі з дапамогай мастоў, паромаў, кладак.
У наступных публікацыях у часопісе "Зямля" Чэслаў Пяткевіч працягваў знаёміць чытачоў з палескай тэматыкай. Нарыс "Хойнікі" (1927 г.) змяшчае гісторыка-геаграфічнае апісанне мястэчка," расказвае пра найболып прыкметныя збудаванні ў навакольных мясцінах. У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу прыведзены малюнак дома ў Хойніках, фотаздымак і план дамоў у Дудзічах і план у разрэзе замка "Гарадок" на беразе балота.
Артыкул "Палессе ў канцы XIX стагоддзя: Пажары сасновых лясоў і балот" (1927 г.) напісаны вельмі вобразна. Пяткевіч на свае вочы бачыў у сярэдзіне жніўня 1884 г. жудасныя пажары ад засухі ці няшчаснага выпадку, дзе ён атрымаў сур'ёзныя апёкі.
Першая грунтоўная манаграфія Ч. Пяткевіча "Рэчыцкае Палессе"1 з'явілася абагульняючай працай па матэрыяльнай культуры гэтага рэгіёна. Уступ да кнігі напісаў К. Машынскі, шматлікія малюнкі зрабіў сам аўтар. Намаляваныя прадметы, падкрэсліваў Машынскі, Пяткевіч "неаднойчы трымаў у руках, а значную частку сам вырабляў". Чатырнаццаць раздзелаў кнігі асвятляюць літаральна ўсе заняткі і рамёствы палешукоў: збор, ужыванне і захоўванне дзікіх пладоў; паляванне, бортніцтва, пастухоўства і ўтрыманне жывёлы, вырошчванне раслін, прыгатаванне страў, апрацоўку дрэва, бондарства, выраб колаў, будаўніцтва; апрацоўку валакна, скуры, воску; кавальства, слясарную справу, вытворчасць катлоў, бляхі, стан дарог... Прычым гэтая схема дае далека не поўнае ўяўленне пра змястоўнасць аўтарскіх апісанняў (для прыкладу, у раздзеле "Апрацоўка дрэва" пра кожны від дрэва і асаблівасці яго выкарыстання сказана асобна). Здаецца, кожны матэрыяльны прадмет з сялянскага ўжытку застаўся зафіксаваны не толькі на словах, але і на дакладных малюнках (іх каля 300). У раздзеле "Паляванне", напрыклад, можна сустрэць малюнкі стрэльбаў, ражкоў, паляўнічых сумак, капшукоў і інш.
У гэтым выключна "матэрыяльным" томе час ад часу выкарыстоўваліся і трапныя народныя выразы, сялянскія назіранні, якія набылі форму прыказак. Напрыклад, звязаныя з земляробчым календаром: "Каля святой Алены (21 мая; тут і далей стары стыль. – У. В.) гароды ўжо добра зялёны", "На пятроўскага Івана (24 мая) павінны быць гуркі ў мужыка, не толькі пана". У народных выказваннях нярэдка гучалі карысныя павучанні, як лепш выконваць тую ці іншую работу: "Калі сена без меры на возе, то будзе бяда ў дарозе", "Хто, увязваючы воза, з высілку аж плача, той, едучы, весела скача", "Сенным канем не ездзіць, а саломенным валом не араць".
Кніга "Рэчыцкае Палессе" сведчыла не толькі аб прыходзе ў навуку цікавага сур'ёзнага працаўніка, але і стала пэўным этапам у развіцці даследаванняў пра Палессе.
Але задумы Ч. Пяткевіча не спыняліся на гэтым, маштабы іх былі куды большыя, чым ужо зробленае. Веды даследчыка не абмяжоўваліся культурай. Духоўны свет палескага селяніна, не раскрыты яшчэ ў навуковай літаратуры, вабіў этнографа, і Ч. Пяткевіч, пакуль яшчэ ставала сіл, пачаў распрацоўку гэтай тэмы. У час працы ў Аддзеле этналогіі Варшаўскага навуковага таварыства Пяткевічу былі прызначаны стыпендыі з Міністэрстваў веравызвання і народнай асветы, якія матэрыяльна падтрымалі яго і дазволілі цалкам прысвяціць сябе навуцы без лішніх клопатаў пра сродкі для існавання.
Пяткевіч узяў на сябе абавязкі па падрыхтоўцы пасмяротнага выдання 4-га тома "Люду беларускага" Міхала Федароўскага (1935). Тэты том ахопліваў фальклорныя матэрыялы малых жанраў– жарты, загадкі, выслоўі. Шмат працы і сіл аддаў Ч. Пяткевіч на ўпарадкаванне запісаў, сабраных М. Федароўскім на працягу 1877 -1905 гг., на тлумачэнне і дапаўненне ўласнымі назіраннямі і каментарыямі. Накіраваныя для друкавання матэрыялы налічвалі каля 28 000 картак, кожную з іх трэба было патрымаць у руках, знайсці ёй адпаведнае месца, адабраць наибольш дасканалыя варыянты і адкінуць слабейшыя. (У выніку засталося 13 230 нумароў.) Ч. Пяткевічу часта даводзілася ўносіць свае дапаўненні і заўвагі на старонках "Люду беларускага". Такіх карысных "умяшальніцтваў", адзначаных у кнізе фігурнымі дужкамі, было каля 200. Часам трэба было растлумачыць малавядомае слова, сэнс некаторых прыказак, не ва ўсіх тонкасцях зразумелых польскаму чытачу. Напрыклад, выраз "Хавала грошык на зязюлю", напэўна, мала што мог сам па сабе паведаміць чытачу, і Пяткевіч з веданнем предмета ўдакладняў: "Існуе звычай пазвоньваць грашыма, пачуўшы першы раз голас зязюлі, каб у кішэні заўсёды грошы званілі ад зязюлі да зязюлі". Ч. Пяткевіч параўноўваў асаблівасці ўжывання таго ці іншага выразу ў рэгіёнах, дзе запісваў М. Федароўскі, з яго бытаваннем на Палессі; прапанаваў сваю трактоўку тых выказванняў, каментарыі да якіх самога Федароўскага здаваліся недакладнымі ці памылковымі; змяшчаў на пэўныя лексічныя пазіцыі прыклады, чутыя ім на Палессі.
Дасканалае веданне матэрыялу, спрыяльныя ўмовы для працы дазволілі Пяткевічу вельмі шмат зрабіць на схіле гадоў. Ён збіраўся падрыхтаваць да друку і песенны збор Федароўскага, аднак смерць перашкодзіла яго намерам.
У апошнія гады даследчык апублікаваў некалькі артыкулаў пра народныя ўяўленні, пра характер правядзення некаторых свят на Палессі, пра асаблівасці сялянскага побыту. Пераважная болыпасць гэтых артыкулаў стала потым старонкамі другой манаграфіі Ч. Пяткевіча.
У артыкуле "Душа і смерць у вераваннях беларусаў", надрукаваным у 1930 г. ў часопісе "Зямля", Пяткевіч выкарыстаў не толькі ўласныя назіранні, як звычайна, але прыцягнуў этнаграфічныя матэрыялы М. Федароўскага, Ю. Крашэўскага, Е. Раманава, П. Чубінскага, Т. Нарбута, А. Плуга і інш. Ва ўяўленнях беларускага селяніна існавала цвёрдае перакананне ў існаванні душы і яе несмяротнасці.
Блізкі па тэме да гэтай публікацыі быў артыкул Пяткевіча "Мёртвыя ў вераваннях беларусаў"2. Ён таксама, як і папярэдні, насіў кампілятыўны характар, у ім скарыстаны, акрамя ўласных запісаў, працы А. Афанасьева, У. Дабравольскага, М. Федароўскага, К. Машынскага, Л. Шэйна. Гэтая публікацыя была цікавыя чытачу дзякуючы шырока ўжытым у ёй абрадавым апісанням і прыкладам вуснай паэзіі беларусаў, прычым запісы многіх твораў належалі самому Ч. Пяткевічу і да таго часу не былі вядомыя.
Сапраўдным упрыгожаннем артыкула стала прыведзенае ў ім на мове арыгінала апавяданне 90-гадовага Ільі Бурака, жыхара в. Гарошкаў, пра народныя павер'і. Паводле яго слоў, русалкамі лічыліся дзяўчаты, якія памерлі на русальным тыдні, або якіх матка пракляла, а таксама тапельніцы і маленькія няхрышчаныя дзяўчынкі. Да людзей яны з'яўляюцца голыя, толькі з вянкамі на галаве, як знак іх бязгрэшнасці. Русалкі-казыткі жывуць у жыце. Бог пасылае іх туды пільнаваць, каб ніхто не атрасаў расы з калосся, бо інакш жыта не нальецца. Пагроза, што русалка можа заказытаць таго, хто палезе ў жыта, асабліва палохала дзяцей. Русалкамі ў народных павер'ях насяліліся таксама вадзяныя глыбіні, якія найбольш былі небяспечныя для купания. На Рэчыцкім Палессі праводзіны русалкі адзначаліся пасля зялёнага чацвярга і святкаваліся як маляўнічы, рамантычны абрад: "Дзяўчаты з вянкамі на галовах і з рознакаляровымі стужкамі ў распушчаных валасах вельмі старанна прыбіраюць у кветкі, зеляніну і каснікі, як русалку, дародную дзяўчыну са свайго асяроддзя. Пасля заходу сонца (а калі ноч абяцае быць месячная, то ў прыцемку) з русалкай на чале выходзяць на жніўнае поле. Перад тым, як рушыць, першая пара, пабраўшыся за рукі, падымае іх, утвараючы арку, пад якой праходзяць усе пары са спевам:
Правядзем русалак
З бору ў барок,
У дубраву зялёну,
За ніву хрышчону,
Русаўкі ў дзявочак
Прасілі сарочак:
- Дайце ліхенькі,
Да што б хаць бяленькі(...)
За жоўты пясок,
Штоб не пужалі,
Не слакаталі
Нашых дзявок(...)
Прывяду русалак
У зялёнае жыта,
Там мой каласочак,
Як бы яварочак...
Прайшоўшы межамі праз зялёныя ад збожжа палі, затрымліваюцца сярод лесу, дзе пры дапамозе хлопцаў, якія праводзілі коней на начлег, распальваюць агонь і бавяцца так, як у купальскую ноч, спяваючы русальныя песні".
Нават і сёння, калі фальклорнаэтна-графічная спадчына нашага народа сабрана і выглядае прадстаўніча, многія матэрыялы артыкула Ч. Пяткевіча "Мёртвыя ў вераваннях беларусаў" не проста захоўваюць сваю каштоўнасць, а ў нейкай меры застаюцца унікальнымі, непаўторнымі.
Артыкул Ч. Пяткевіча "Вялікдзень на Беларусі", надрукаваны ў 1932 г. ў часопісе "Зямля", пабудовай паўтарае ранейшыя. Для раскрыцця тэмы аўтар выкарыстаў побач з ужо згаданымі вышэй працамі матэрыялы П. Бяссонава, У. Дабравольскага, беларускага календара "Нашай нівы" і інш. Нягледзячы на назву, Пяткевіч ахапіў у артыкуле не адзін святочны дзень, а перыяды, якія папярэднічаюць і надыходзяць пасля Вялікадня. Разгляд веснавога цыкла святаў, непасрэдна звязаных з Вялікаднем, Пяткевіч пачынае з вербнай нядзелі, калі асвячаюцца галінкі вярбы, якімі ўпрыгожваюць абразы ў хаце і якія ўторкваюць на магілах у той самы дзень ці ў чацвер на велікодным тыдні ў час правядзення памінак. Асвечаная вярба выкарыстоўвалася таксама і ў іншыя святы: на Юр'я (ею выганялі першы раз на пашу жывёлу, паколькі лічылася, што гэтыя галінкі павінны ахоўваць яе ад ваўкоў і хвароб) і на Купалле (яе падвешвалі пад дзвярамі аборы, каб чараўніцы не шкодзілі каровам). У артыкуле апісваецца штодзённая падрыхтоўка ў сялянскай хаце да Вялікадня – навядзенне парадку ў хаце і ва ўсёй гаспадарцы, а потым і правядзенне свята ў царкве. У вёсках, дзе цэркваў не было, выпраўлялі сваіх нешматлікіх пасланцоў з невялікай колькасцю прадуктаў для асвячэння. Калі ж разводдзе не дазваляла дабрацца да царквы, абмяжоўваліся тым, што салілі яйкі асвечанай летась ці пазалетась соллю. На святочным стале ставіўся чыгунок з прызначаным для насення збожжам і закапаным у ім фарбаваным яйкам, якое павінна надаваць яму памнажальную сілу. Любімай жа гульнёй моладзі на Вялікдзень былі "біткі". Трапляліся і хітруны, якія запаўнялі яйка воскам і ў выніку заўсёды былі пераможцамі. У паслявелікодных звычаях сустракаюцца цікавыя моманты, павер'і, прымхі. Закопваючы на магіле крэўнага крашанку, селянін прагаворваў: "Свяці яму ясным сонейкам у яго цямніцы!" Пачуўшы першыя грымоты, мыліся вадой, у якой ляжала крашанка, што павінна паспрыяць у здароўі, прыгажосці і шчасці. Каб пазбегнуць плямаў на твары, выціралі яго першым яйкам ад пярэстай курыцы. На Юр'я, выганяючы жывёлу, гаспадыня выцірала яйкам карову, а гаспадар – каня. Каб аберагчы жывёлу ад ваўкоў, першае яйка ад чорнай курыцы абносілі вакол пашы і пакідалі там. Свянцонае яйка абносілі вакол пажару, а кінутае ў запалены ад перуна агонь, яно нібыта павінна было патушыць яго.
Апошні прыжыццёвы артыкул Ч. Пяткевіча "Земляробчыя боствы ў вераваннях беларусаў"3 быў прысвечаны персанажам міфалогіі і стаўленню да іх сялян. Разнастайныя рытуальныя дзеянні падчас правядзення шматлікіх абрадаў скіраваны былі на тое, каб задаволіць вышэйшыя сілы і дамагчыся іх спрыяння ў земляробчых справах. У артыкуле Пяткевіч параўноўваў беларускі матэрыял то з рускім, то з польскім.
У дні правядзення тых ці іншых прысвяткаў звычайна выконваліся пэўныя земляробчыя работы, і таму за многімі святамі народнае ўяўленне замацавала строга вызначаныя гаспадарчыя функцыі: св. Юрай адмыкае жыццядайныя росы, св. Мікола – сейбіт яравога збожжа, св. Пётр даглядае калоссе і зерне, прарок Ілля кіруе жнівом. Між Пятром і Іллёй, як лічылі ў народзе, існуюць нязгоды, клапатліваму Пятру Ілля стараецца нашкодзіць дажджамі, градам, віхурамі пад час красавання жыта ("Ілля нарабіў гнілля"). Калі ж снапы пасохнуць, Ілля напускае свайго суседа Барыса Палікопа (24 ліпеня), каб той забіваў перуновымі стрэламі палявых д'яблаў. А той, не здатны пацэліць у іх, часцей спальваў копы. Таму ў пахмурны дзень некаторыя сяляне пазбягалі быць на полі ("На Барыса за хлеб не бярыся").
Калі ўраджай ужо быў сабраны, Юрай зноў вяртаўся на поле, накрываючы яго першым снегам у другі дзень сваіх імянін (26 лістапада). Следам з маразамі прыходзіў св. Мікола. Беларус верыў у існаванне двух Юр'яў і двух Мікалаяў. Назіранні за станам прыроды ў іх дні знайшлі адлюстраванне ў народных прыкметах: "Сколькі на асенняга Юр'я снегу, столькі на вясенняга – травы", "Да вясенняга Міколы (9 мая) няма вясны, а да асенняга (6 снежня) – няма зімы". Народныя святыя ў земляробчым календары як бы перадавалі эстафету адзін аднаму, па чарзе апякуючы поле селяніна. Аднак святыя пры ўсёй іх недасягальнасці маляваліся селяніну постацямі, надзеленымі звычайнымі чалавечымі недахопамі, і адначасова з пашанай людзі прад'яўлялі да іх строгія патрабаванні. Неспрыяльныя для росту раслін прыродныя ўмовы ў пэўныя моманты сяляне тлумачылі нядбальствам святых, іх няўмельствам, легкадумнасцю ці нязгодамі між сабою, вынікам пометы.
Селянін асцерагаўся праяўляць няўвагу да сваіх апекуноў, ад якіх, верыў, залежыць плён будучага ўраджаю, а значыць – і хатняга дабрабыту. Гэта і было прычынай стараннага, з усімі падрабязнасцямі выканання спрадвечных абрадаў і, у прыватнасці, каляндарных. Ч. Пяткевіч падкрэсліваў, што ў народнай інтэрпрэтацыі святыя не маюць нічога агульнага з хрысціянствам.