Пятница, 19.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

    Наступная (яна ж і апошняя) праца Ч. Пяткевіча манаграфія "Духоўная культура Рэчыцкага Палесся"4 выйшла пасля смерці аўтара. У пачатку яе даецца невялікі пералік усяго 12 пазіцый-публікацый, падрыхтаваных за няпоўнае дзесяцігоддзе навуковай дзейнасці аўтара (з 1925 да 1933 г.). У прадмове Станіслаў Панятоўскі, пад кіраўніцтвам якога працаваў апошнія гады жыцця Пяткевіч, назваў даследчыка Палескага краю "незвычайнай постаццю ў свеце навуковых працаўнікоў". Адзначыў ён і чалавечыя якасці Пяткевіча: "Шляхетны характар, да ўсіх зычлівы ўдзел, непадобныя дабрыня і вялікая сціпласць схілялі да яго людзей, перад ім раскрываліся душы палешукоў. 3 удзячнасцю ўспрымаў усякую дапамогу".
     Як і папярэдняя манаграфія, другая кніга ахоплівае шырокае кола тэм, размеркаваных аўтарам па дваццаці раздзелах. Фальклорная стыхія палешука, да асэнсавання якой ішоў Пяткевіч, выяўлялася нават у тэмах, на першы погляд далёкіх ад вуснай паэзіі. Трапнае народнае выказванне давала нечаканую характарыстыку самым розным паняццям, прадметам, дзеянням. Так, у самым першым раздзеле "Арыентацыя ў прасторы і меры" адлегласць абазначаецца з дапамогай такіх фразеалагізмаў, "як на валовы рык", "як палку закінуць", "як да паповае грушы" і інш. Калі адзін чалавек хацеў выказаць другому сумненні адносна назвацай тым нібыта дакладнай адлегласці, то звычайна карыстаўся прыказкай: "Каморнік мераў, а чорт парваў". Пра паміраючых звычайна казалі: "Скора яму "касы сажань". У раздзеле "Лічэнне" даслоўна прыведзены надзвычай цікавы расказ селяніна Аляксея Белага з Карчова, які быў абраны зборшчыкам падаткаў за тое, што сам па сабе рашыў даволі складаную для неадукаванага задачу "100 гусей".
     Вусны народны каляндар здаўна і беспамылкова вёўся селянінам, выяўляючы яго лёгкую арыентацыю ў складаных, не пастаянных чаргаваннях свят і прысвяткаў, у прадказанні надвор'я нават на аддаленае будучае. Менавіта гэтай арыентацыі і звязаным з ей назіранням за прыроднымі з'явамі прысвечаны наступны раздзел "Час". У падзеле года, як і ўсюды, селянін вылучаў 4 пары. Вясна, лічылася, настае "на сарака" (9 сакавіка), а сапраўдная - калі салавей запяе ды загрыміць гром з цёплым дажджом. Пачаткам лета паляшук называў дзень Мацвея (10 ліпеня), восені другую прачысту (8 верасня. "Справядлівая" зіма трывала ад піліпаўкі да стрэчання. Дакладных межаў між 12 месяцам! селянін не ведаў, а арыентаваўся на святы: 1 Каляды, 2 Стрэчанне, 3 Вялікі пост, або марац, 4 св. Юр'я, 5 май, 6 пятроўка, 7 св. Ілля, 8 спасаўка, 9 другая прачыста, 10 Пакрова, 11 піліпаўка, 11 12 да Раства. Неаднолькавая працягласць летняга і зімовага дня выявілася ў параўнаннях: "Доўгі, як пятроўскі дзень", "Кароткі, як піліпаўскі дзень". Вымярэнне часу таксама было трапна схоплена ў народнай гаворцы: "як волас перапаліць" (1 сек.), "як 'лусту хлеба з'есці", "як схадзіць у гумно (збегаць у карчму) і вярнуцца".
     Заўсёды вабіла чалавека таямнічасць начнога неба. Зоркам, сузор'ям паляшук даваў свае імёны: Вялікая Мядзведзіца мела назвы Воз, Вазок, Карэц; Пляяды Рэшата; Арыён Касар, Матавіла; Венера Зарніца, Вечарніца, Месяцава дружына (ці таварышка). Метэор успрымалі вогненным змеем, які сыпле іскры і прадвяшчае няшчасці. Камета, паводле народных вераванняў, нясе памор на людзей; калі яна хвастом закрыв ўсё неба, наступіць канец свету. Падаючая зорка азначала смерць грэшнай душы.
     Але найбольшую цікавасць на начным небе выклікаў, вядома, месяц. Кожная яго фаза мела ў народзе сваю назву: маладзік, падпоўня, поўня, сходный дні. 3 кожнай з іх было звязана шмат павер'яў, забабонаў, прадказанняў на будучае. Так, з маладзіком звязвалі бурнае развіццё ўсяго жывога. I таму не пажадана было ў гэты перыяд, напрыклад, выкарчоўваць зараснік ці палоць (каб не аджыло ізноў), вывозіць гной на поле, каб не зарасло потым пустазеллем; не раілі квасіць, саліць агародніну, бо іначай усё атрымаецца кіслым і цвёрдым; сеяць лён, бо апляце павітуха; разразаць нарывы, бо раны могуць доўга не загойвацца і інш. І наадварот раілася на маладзік перасаджваць дрэвы і іншыя расліны; касіць, калі разлічваеш на атаву, стрыгчы валасы... На поўню рэкамендавалася пачынаць ці працягваць заняткі, звязаныя з накапленнем запасаў: свежаваць кабана, купляць ці мяняць карову, пачынаць сеяць збожжа (але не сеяць агуркоў, гарбузоў, гароху, бобу, маку, бо ўсё гэта пойдзе ў пустацвет). У апошнюю квадру нельга рабіць справы, звязаныя з размнажэннем: садзіць на яйкі квактуху, пазычаць насенне, купляць хатнюю жывёлу на прыплод. I наадварот, спрыяльнымі лічыліся тыя заняткі, якія непажаданымі былі маладзіком: знішчэнне паразітаў, выкарчоўванне, праполка і інш.
      Вобразна называў паляшук і атмасферныя з'явы. Дождж у залежнасці ад часу, ад патрэбы наракаўся самымі рознымі імёнамі. Той, што ішоў ад Юр'я да часу, пакуль наліваліся зярняты, звалі "хлебавіком", той, што ліў падчас жніва "гніляком", праліўны "урэдным лівуном", асенні дробны дождж "непагадзь, халяпа". Свае назвы меў і вецер: "свістун", "ледавік", "снегавік", "хукач". Віхор "чортава вяселле".
     Асабліва распаўсюджаным у народзе было (і палешукі тут не выключэнне) прадказанне надвор'я паводле розных станаў прыроды. Калі ў галодную куццю вісіць на лесе іней, то пад восень будзе багата грыбоў. Сонца прыпякае пад вечар будзе дождж. Тое ж чакалася, калі сонца заходзіць, а насупраць яго грэецца хмара. Маладзік з задранымі ўгору рагамі абяцаў тыдзень моцных маразоў; калі ён улетку чырванеў, гэта быў знак на дождж. Прадказвалася надвор'е таксама на падставе назіранняў за агнём, дымам, вадой, за некаторымі днямі года ("Якая пагода на Пакравы, такая і зіма", "Юрай мосціць, Варвара разварвае, а Мікола гвоздзіць"); за паводзінамі млекакормячых ("Разгуляўся, як сабака на дождж"), птушак, змей і жаб, насякомых; за асаблівасцямі росту раслін і іншымі з'явамі.
     Адносіны палешука да агню, вады, зямлі фарміраваліся пад уздзеяннем шэрага павер'яў, якія часам успрымаліся як жыццёвыя правілы. Так, напрыклад, сезон, калі дазвалялася купацца, абмяжоўваўся дакладнымі датамі: ад пераплаўной се рады (1-я серада пасля Сёмухі), "як Хрыстос пераплыве цераз ваду, то вада стане цёплая" і да дня св. Іллі. Нельга купацца і пасля заходу сонца. Да Благавешчання нельга было араць у агародзе, калі не ворана ў полі.
     Вялікі раздзел у кнізе складаюць народныя вераванні, звязаныя з жывёльным светам. Яны ахопліваюць ледзь не ўсіх прадстаўнікоў фауны, якія ўвасабляюцца ў самыя разнастайныя фальклорныя жанры. Божай кароўцы былі прысвечаны не толькі агульнавядомыя дзіцячыя прыгаворкі, але таксама варажба: у які бок яна паляціць з рукі, адтуль трэба чакаць сватоў. Насякомыя згадваюцца і ў параўнаннях ("Набраўся, як сабака кляшчоў"). Шмат прадказанняў на будучае (часам яўна прымхлівых) было звязана з асаблівасцямі паводзін птушак. Вобразнай асацыятыўнасцю прасякнуты павер'і, якія датычыліся буслоў. Напрыклад, калі бусел скідваў з гнязда яйкі, лічылі, што гэта паказвае на ўраджай, калі ж птушаня на неўраджай. Калі дзяўчына вясной ўпершыню бачыла бусла ў палёце, гэта прадказвала ёй хуткае замужжа, калі ж на зямлі ці ў нерухомым стане успрымалася як знак доўгага чакання жаніха. У раздзеле змешчаны легенды пра зязюлю, дзятла, жаўранка, бабра, казла, мядзведзя, кажана, свінню, ваўка, зайца і інш.
     У наступным раздзеле манаграфіі аўтар прыводзіць некалькі легенд з сацыяльнакласавым гучаннем пра паходжанне людзей на зямлі, узнікненне багатых і бедных; пра веліканаў; павер'і, звязаныя з асаблівасцямі чалавечай знешнасці і рыс характеру; апісанні варажбы; тлумачэнне сноў.
     У аснову звестак раздзела "Гігіена" быў пакладзены раней надрукаваны артикул "Гігіена ў жыцці палешукоў"5. Гэтая тэма асветлена аўтарам з выкарыстаннем прыказак, жартаўлівых выразаў, загадак.
     Блізкай да пытанняў гігіены была тэма лячэння людзей і жывёл ад розных захворванняў. Адначасова з прыроднай аптэкай палескага краю селянін нярэдка карыстаўся паслугамі шаптух. "Лячэнне" замовамі, шэптамі было паўсюдным, і вера ў іх была надзвычай вялікая. Ч. Пяткевіч прыводзіць замовы ад лішая, ад зубоў, ад змяі, ад уроку, ад чарвей (апошняя наканавана для хатняй жывёлы). Некаторыя з іх былі вельмі лаканічныя ("Дабры-дзень, лішай, ідзі свінням памяшай"), часам яны гучалі проста як праклён ("Соль у вочы, галаўня альбо галуза ў зубы"), а іншыя мелі развіты сюжэт, выразную паэтыку ("У полі стаіць кіёк шлюб Хрыстоў, да таго кія змяя - я тую змяю на сябе бяру. Прыбывайце да мяне: Рабушкі, Чарнушкі, Палушкі, Макушкі, Палавушкі і ўсякі гад, а я вас заклінаю, праклінаю кроўю Хрыста. Амінь").
     У раздзеле "Хрысціянскія вераванні" Ч. Пяткевіч выкарыстаў шмат чутых ім на Палессі казак, легенд, прыказак пра бога, анёлаў, святых. Заступнікі сялянскага дабрабыту маляваліся ў сялянскім асяроддзі вельмі заземлена. Дні некаторых святых, як гаварылася раней, былі ў земляроба арыенцірамі для пачатку ці заканчэння пэўных работ: "Толькі да Іллі паглядай на вуллі" (г. зн., пасля Іллі пчолы не раяцца); на Алену (21 мая) рэкамендавалася сеяць лён, каб добры ўдаўся; ад Спаса (6 жніўня) можна было сеяць азімыя і г. д.
     Бог маляваўся ў прыказках не толькі як увасабленне дабраты і справядлівасці ("Над сіратою бог з калітою", "Працуй, нябожа, то і бог паможа"), але і як строгі суддзя ўсіх чалавечых учынкаў ("Бог доўга церпіць, да строга наказуе", "Бог шэльму меціць", "Ляцеў, як хацеў, а ўпаў, як бог даў"). Цікава перадаў Пяткевіч уяўленні палешука пра пекла, дзе караюцца ўсе людскія заганы. 3 народных апавяданняў можна даведацца, што самыя вялікія грэшнікі будуць варыцца ў смале, а іншыя - пакутаваць у даліне слёз.
    Адначасова з верай у замовы, у нячыстую сілу жыла ў народзе вера ў дзейсную сілу чараў, якімі нібыта валодалі асобныя людзі, празваныя чараўнікамі, ведзьмарамі або знахарамі. Пералічаныя ў манаграфіі шматлікія чары падзяляюцца этнографам паводле іх функцыянальнага прызначэння на шкадлівыя, зладзейскія, паляўнічыя, любоўныя.
    Раскрываючы ў чарговым раздзеле "Духоўнай культуры Рэчыцкага Палесся" музычны свет селяніна, Ч. Пяткевіч падрабязна апісаў працэс вырабу асобных інструментаў: скрыпкі, бубна, дудкі. Яму самому ў свой час даводзілася іграць на скрыпцы на сялянскіх вяселлях. Акрамя сапраўдных, існавалі ў палешукоў инструменты, створаныя іх фантазіяй: то струна прывязвалася адным канцом да скрыпачкі, а нацяжэнне рэгулявалі рукой, водзячы па струне смыком, і атрымлівалі гукі розных ні.шіыні., нават у межах актавы, то рэйкай йэўнай формы і памеру, выразанай са смалістай сасны, вадзілі па вострым канцы дошкі стала, акна ці лавы. То выстуквалі мелодыю востраканечным нажом, то арэхам аб зубы. То, падгледзеўшы ў шляхты, ігралі на грэбені праз папяросную паперу. Любімым народным інструментам былі цымбалы. Сярод папулярных у народзе танцаў фалькларыст называв "Лявоніху", "Казака", "Жыдоўку", "Мікіту", але найболыы любімы на вёсцы танец "Мяцеліца".
    У манаграфіі выдзелены раздзел, прысвечаны псіхічнаму жыццю народа. Аўтар адзначыў, што па гэтай тэме нарадазнаўчая літаратура сабрала яшчэ вельмі мала звестак. "Матэрыялы ў гэтай галіне можа сабраць перш за ўсё той, хто з гэтым народам знаходзіўся амаль з дзяцінства, хто з ім зжыўся, заваяваў яго поўны давер і шчырасць, хто пранік у сферу пачуццяў і зразумеў механізм яго мыслення", пісаў Ч. Пяткевіч. Вядома, што сам ён якраз і ўвасабляў сабой такое рэдкае шчаслівае выключэнне і прадстаўніка народа і яго назіральніка адначасова. Сяляне, сярод якіх ён пражыў доўгія гады, лічылі яго за свайго чалавека, бо ён жыў аднолькавым з імі жыццём, гэтаксама, як і яны, зарабляў цяжкай працай на хлеб. Часта вяскоўцы запрашалі яго прымаць удзел у сямейных урачыстасцях. Ч. Пяткевіч на падставе апавяданняў, пачутых на іх, раскрыў аблічча палешука ў самых розных жыццёвых сітуацыях вясёлых, сумных, анекдатычных. Якія сцэнкі, якія характеры ажываюць на старонках кнігі! Тут паўстае этычны светапогляд палешука, выяўляецца ацэнка розных чалавечых якасцей і ўчынкаў, раскрываюцца ўяўленні пра благое і добрае. Гэты раздзел як разгорнуты тлумачальны слоўнік, дзе побач з азначэннем пэўнага абстрактнага паняцця, дзеяслова, прыметніка ва ўсёй мнагазначнасці іх выкарыстання ў розных кантэкстах прыведзены ілюстрацыі з жывой народнай гаворкі, якія падаюцца ці ў форме дыялога, ці прыказкамі, ці цэлымі апавяданнямі, ці песнямі.
     Ці не найбольшае значэнне для фалькларыстыкі і фразеалогіі мае заключны раздзел манаграфіі "Духоўная культура Рэчыцкага Палесся", які ахоплівае 1933 нумары фальклорных твораў малых жанраў. Праводзячы класіфікацыю гэтых матэрыялаў, аўтар вылучыў кожную жанравую разнавіднасць пад асобнымі літарамі, і ўсе групы давялося абазначыць амаль усім алфавітам! Класіфікацыя парэміяграфічных жанраў Палесся, створаная Ч. Пяткевічам, наўрад ці мела да таго часу аналагі ў фалькларыстыцы любога народа. Нават далека не кожны спецыяліст-збіральнік здолеў бы выявіць такую масу паджанравых адгалінаванняў, убачыць адметнасць кожнай групы.
     Найбольшая колькасць запісаў прыпадае, зразумела, на прыказкі і дасціпныя выразы (1250 нумароў), якія размешчаны ў алфавітным парадку заключаных у іх апорных слоў (часам вылучаецца не адно, а два апорныя словы, і некаторыя прыказкі можна сустрэць у розных месцах). Часта Пяткевіч раскрываў сэнс малазнаёмых выразаў (напрыклад, прыказку "Меншы грэх за тое, што ў рот, чымся за тое, што з роту" ён тлумачыў: "Лепш парушыць пост, чым счарніць бліжняга"; выраз "Ехаў нейкі раззявака, да заехаў аглобляю мне ў рот" як "кпіны над уласнай няўважлівасцю"), прыводзіў польскі адпаведнік, адзначаў варыянты, што трапляліся ў зборах іншых фалькларыстаў.
     Сукупнасць народных прыказак і прымавак, у якіх адбіўся шматвяковы вопыт чалавечых назіранняў, выглядае як збор законаў сялянскай этыкі і маралі. Прыказка здольна падказаць у любым здарэнні, даць трапную ацэнку розным абставінам і ўчынкам: "Дай дзіцяці волю, то сам пойдзеш у няволю", "Хто топіцца, той і за вострую касу схопіцца", "Саромеючыся жонкі, дзяцей не мець", "У свінушніку жыве, да хоча кашляць папанску", "Не будзь вельмі горкі, бо пераплююць, і не будзь вельмі салодкі, бо пераклююць (пераліжуць)". Трэба адзначыць, што шмат матэрыялу з адзначанага Пяткевічам бытавала ў выключна вузкім рэгіёне і фактычна не мела варыянтаў у іншых фальклорных выданнях. Выкарыстанне яго ў манаграфіі ўзвысіла яе каштоўнасць і значна ўзбагаціла ўяўленні пра цікавейшы жанр беларускай вуснай творчасці. Сярод ужытых упершыню народных выказванняў можна вылучыць наступныя: "Гаворыць, як спявае, а робіць, як у разбіты чаун бразкае", "Хто ў пятроўку сена не косіць, той зімою ў сабак просіць", "Разумных дзесяці варагоў не так бойся, як аднаго дурнога друга" і інш.
     Акрамя прыказак і дасціпных выразаў у настунныя раздзелы Пяткевіч вынес такія жанравыя разнавіднасці, як благаславенні і пажаданні, тосты, вітанні нры рабоце (напрыклад, таму, хто доіць карову "Дай, божа, так багата, як вады", а таму, хто выдзёўбвае вулей "Дай, божа, паўнюсенька, як вока"), прывітанні, развітанні, падзякі ("Дзякую! Няхай бог дасць, штоб вы век давалі, а самі ніколі не прасілі"), просьбы і мальбы, адмаўленні, нараканні, папрокі, кпіны ("Дармаед ты! 3 цябе такая карысць; як з таго быка, што ні коўны, ні малака"), урыўкі дыялогаў, пагрозы, зняважлівыя выкрыкі, лаянка і выдумлянкі, каламбуры, адказы, жарцікі, выкрыкі і недагаворы. Шырока пададзены праклёны. Побач са злосцю на крыўдзіцеля ("Набрахаў на мяне, штоб ты анямеў да канца веку", "Штоб табе і стыламу аддыху не было", "Штоб табе баржджэй лоб забрылі") у праклёнах можа панаваць і незласлівая інтанацыя. Вылучаны таксама праклёны на жывёл і сацыяльныя. Цікавасць уяўляюць мянушкі людзей, частак чалавечага цела (напрыклад, барада дзяркач, мачалка; язык - лізняк, лепятун).
     У кнізе Ч. Пяткевіча шырэй, чым ва ўсіх папярэднікаў-фалькларыстаў, пададзены ўзоры пераймання галасоў жывёл і механічных гукаў. Найбольш уражваюць падслуханыя чуйным вухам галасы птушак. Вось цецярук: "Твой парабак у майго парабка ўкраў тапарок! Няхай твой парабак майму парабку аддасць тапарок чы чуеш?" Вось дрозд: "Цімох! Захаваўся ў мох, да не захаваў ног, ото ж дам кіем, кіем, мах, мах! Па нагах, па нагах!" Вось шчабеча ластаўка, вярнуўшыся з выраю: "Перапілі, пераелі, пералушчылі, пакінулі гумна поўны, а засталі пустыя". Крытыкуючы работу гаспадара "Паехаў мужык на ніўку, узяў хлеба скарынку, а як едзе, дак і скрыпіць". Механічныя гукі добра паказаны ў імітацыі пераліваў царкоўных званоў.
     Завяршае том невялікая падборка загадак, сярод якіх сустракаюцца таксама не запісаныя нікім да таго часу ўзоры: "Ідзе баба на кут, цягне дзеда за пуп" (дзверы), "Круць-верць, у чарапочку смерць" (вугор), "Людзей гукае, а сам у цэркву не заглядае" (звон).
     Чэслаў Пяткевіч памёр 10 кастрычніка 1936 года. Не ўсе яго працы мелі шчаслівы лес. "Духоўная культура Рэчыцкага Палесся", хоць і пасмяротна, але была выдадзена і такім чынам засталася захаваная для гісторыі. Рукапіс жа 3-й часткі яго збораў па Рэчыцкім Палессі, у якой асвятляліся пытанні грамадскай культуры, знаходзіўся пэўны час у касе імя Юзафа Мяноўскага ў Варшаве. Сёння сляды гэтай працы страчаны. Мяркуецца, што яна беззваротна загінула ў агні 2-й сусветнай вайны.
     Пяткевіч не пісаў для сваіх кніг заключэнняў, не рабіў у іх абагульняючых вывадаў надта позна прыйшоў у навуку, каб фарміравацца як тэарэтык. Але тая бяспрыкладная па вычарпальнасці інфармацыя ў галіне народнага побыту і культуры Палесся, якая была сабрана ў яго манаграфіях і артыкулах, забяспечыла яму трывалую пасмяротную славу і ўдзячнасць нашчадкаў.
     Спасылкі:
1 Pietkiewicz Cz. Polesie Rzeczyckie: Materjaly etnograficzne. Cz. 1. Kultura materjalna. Z 291 rysunkami w tekscie. Krakow, 1928 (Prace Komisji etnograficznej Polskiej Akademji Umiejetnosci; № 7).
2 Pamietnik Warszawski. 1931. Zesz. 2. S. 34-49; zesz. 3. S. 78-89.
3 Wiadomosci Ludoznawcze. 1933. Zesz. 1-2. S. 14-21.
4 Pietkiewicz Cz. Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego: Materjaly etnograficzne. Warszawa, 1938.
5 Lud. 1931. T. 30, zesz. 1 - 2, ser. 2. S. 14-35.

Уладзімір Васілевіч

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024