Вторник, 16.07.2019
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

           Чалавек з легенды
      Наша Айчына дала свету нямала выдатных асобаў, якія ў свой час праславіліся сваімі дасягненнямі ў самых розных галінах творчасці. Адзін з такіх людзей – беларус з паходжання, дыпламат, вучоны-мовазнаўца, паліглот, прыродазнаўца, арыенталіст Іосіф Антонавіч Гашкевіч, 200-годдзе ад дня нараджэння якога з ініцыятывы UNESCO пачало ўжо шырока адзначацца ў Беларусі. Бацька яго, Антон Іванавіч, служыў спачатку ўніяцкім, затым праваслаўным святаром у царквах былога Рэчыцкага павета. Блізкім родзічам сям’і Гашкевічаў быў ураджэнец мястэчка Стрэшын сённяшняга Жлобінскага раёна Іван Гашкевіч, які ў 1997 годзе быў кананізаваны як Св. Іаан Кармянскі.
        Па сцяжынках Іосіфа Гашкевіча
      Аб месцы нараджэння Іосіфа Гашкевіча існавалі супярэчлівыя звесткі. У кнізе расійскага пісьменніка Віталя Гузанава “Адысей з Беларусі”, дзе распавядаецца аб жыццёвым шляху І. Гашкевіча, я знайшоў радкі, дзе аўтар піша, што дзіцячыя гады І. Гашкевіча прайшлі ў вёсцы Якімава Слабада былога Рэчыцкага павету (сёння – Светлагорскі р-н). І калі ў кнізе “Памяць. Светлагорскі раён” я прачытаў, што наш знакаміты зямляк і нарадзіўся ў гэтай вёсцы, то вырашыў наведаць гэтыя мясціны і прайціся па сцяжынках яго дзяцінства. Хто, як не супрацоўнікі музеяў павінны валодаць інфармацыяй аб выдатных людзях – земляках? Кіруючыся гэтым, я звярнуўся у Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей, і не памыліўся. У прыгожым музеі, колькасці экспанатаў якога можна хіба пазайздросціць, мяне гасцінна сустрэлі загадчыца Ірына Валянцінаўна Заяц са сваімі супрацоўнікамі. Пачэснае месца ў музеі займае стэнд, прысвечаны І. Гашкевічу, з якім мяне азнаёміла старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Жызнеўская. Затым у суправаджэнні Ірыны Заяц і загадчыцы Светлагорскай дзіцячай бібліятэкі Алены Шкірман наведаў вёску Якімава Слабада, дзе, згодна з кніжнымі звесткамі, нарадзіўся і правёў дзяцінства І. Гашкевіч. У вясковай бібліятэцы маю ўвагу прыцягнуў партрэт І. Гашкевіча, які намаляваў, як мне паведамілі, мясцовы мастак Сяргей Каваль. Бібліятэка месціцца ў будынку сельскага Дома культуры, а колісь на гэтым месцы стаяла царква. Ці не ў ёй вёў набажэнствы бацька І. Гашкевіча? Перад ад’ездам супрацоўнікі музея азнаёмілі мяне з артыкулам пра І. Гашкевіча ў кнізе “Памяць. Рэчыцкі раён”, дзе сцвярджалася, нібыта нарадзіўся ён у вёсцы Перасвятое сённяшняга Рэчыцкага раёна. У пошуках ісціны аб месцы нараджэння І. Гашкевіча, адразу пасля прыезду ў г. Мінск я звярнуўся ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. У гэтай кампетэнтнай установе мне паведамілі, што нарадзіўся І. Гашкевіч у сяле Стралічаў былога Рэчыцкага павета (цяпер Хойніцкі раён), дзе яго бацька служыў святаром у Міхайлаўскай царкве.
       Дзіцячыя і юнацкія гады Іосіфа Гашкевіча
     З дзяцінства Іосіф быў маўклівым хлопчыкам, любіў адасобленнасць, шмат часу праводзіў за чытаннем кніжак. Любіў ён адасабляцца таксама на царкоўнай званіцы, дзе было шмат галубоў. Вучыўся хлопчык спачатку дома, а ў прыходскай школе, якую ён скончыў, адзіным настаўнікам быў яго бацька. Да 12 гадоў ён рос у вёсцы, а потым бацька аддаў яго, як і старэйшага сына Івана, у Мінскую духоўную семінарыю. У час вучобы семінарыст Іосіф захапляўся чытаннем не толькі духоўнай, але і свецкай літаратуры; у яго пакоі можна было ўбачыць і “Ветраград” Сімяона Полацкага, і “Бедную Лізу” Мікалая Карамзіна, кнігі Пушкіна, Карамзіна. Чытаў ён без разбору ўсё запар. Лепшым сябрам сям’і Гашкевічаў быў вядомы беларускі гісторык, мовазнавец, пратаіерэй Іван Грыгаровіч, па рэкамендацыі якога Іосіф Гашкевіч паступіў вучыцца ў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. За час вучобы ў акадэміі ён праявіў вялікія здольнасці да вывучэння замежных моў, і па заканчэнні ён нядрэнна ўжо валодаў шасцю мовамі: грэцкай, лацінскай, іўрытам, нямецкай, французскай, англійскай. Гэта і вызначыла далейшы лёс студэнта духоўнай акадэміі Іосіфа Гашкевіча; пасля заканчэння вучобы ён атрымаў званне магістра багаслоўя і яго накіравалі на стажыроўку ў Пекінскую духоўную місію.
         І. Гашкевіч у Паднябеснай імперыі
     У Кітай Гашкевіч адправіўся ў снежні 1839 года. Сухапутны шлях маладога вучонага-багаслова пралягаў праз усю Расію. Знаходзячыся ў Пекіне, І. Гашкевіч вывучаў мову, філасофію, мастацтва, старажытную культуру, літаратуру Кітая, і за 10 гадоў знаходжання ён засвоіў кітайскую, мангольскую, маньчжурскую, карэйскую мовы, пачаў вывучаць японскую. Галоўнай справай Іосіфа Гашкевіча ў Кітаі было спрыянне пашырэнню руска-кітайскіх сувязяў. Акрамя сваіх галоўных спраў, ён займаўся метэаралагічнымі і астранамічнымі назіраннямі, вынікі якіх адсылаў у Пулкаўскую Галоўную абсерваторыю, сабраў вялікую калекцыю насякомых. Начальнік Пекінскай духоўнай місіі, архімандрыт Палікарп быў задаволены незвычайнай працалюбівасцю, любоўю да навукі свайго падапечнага, нашага земляка. Здольнасць І. Гашкевіча лёгка засвойваць мовы была заўважана ў Міністэрстве замежных спраў Расіі, і калі ў 1852 годзе ў Пецярбургу фарміравалася экспедыцыя ў Японію, ён у якасці драгамана (перакладчыка) быў прымацаваны да начальніка экспедыцыі, віцэ-адмірала Я. Пуцяціна.
       Падарожжа на фрэгаце “Палада” увайшло ў гісторыю руска-японскіх сувязей. Вядомым рускім пісьменнікам Іванам Ганчаровым, аўтарам шырока вядомага рамана “Абломаў”, які ў плаванні быў сакратаром Я. Пуцяціна, падарожжа было апісана ў яго рамане “Фрэгат “Палада”. У юнацкія гады аўтар артыкула з вялікім захапленнем прачытаў гэтую цікавую кнігу, а нядаўна, каб аднавіць памяць, зноў прачытаў яе. У гэтым доўгім паходзе да берагоў Японіі наш суайчыннік І. Гашкевіч і І. Ганчароў моцна пасябравалі. Пісьменнік І. Ганчароў, які жыў у адной каюце з І. Гашкевічам, адзначаў мяккі характар свайго сябра, нецярпімасць да канфліктаў. Такая яго памяркоўнасць, уласцівая беларускаму нацыянальнаму характару, паляпшала ўзаемаадносіны І. Гашкевіча з усімі ўдзельнікамі экспедыцыі. І. Ганчароў у сваёй кнізе піша, што наш суайчыннік моцна пакутваў ад марской хваробы. Яшчэ да адыходу ў плаванне І. Гашкевіч наўчыўся карыстацца рэдкім на той час фатаапаратам. А калі экспедыцыі давялося на працяглы час зрабіць прыпынак у Паўднёвай Афрыцы, ён шмат здымаў навакольныя пейзажы, сваіх спадарожнікаў па плаванні. Разам са сваімі памочнікамі І. Гашкевіч рабіў геалагічныя даследванні, склаў геалагічную карту значнай тэрыторыі Паўднёвай Афрыкі, збіраў калекцыю насякомых і гербарый паўднёваафрыканскай флоры, расшукваў шкілеты выкапнёвых жывёл. Галоўнай мэтай экспедыцыі ў Японію было заключэнне дамоў аб дружбе і гандлі, а таксама вырашэнне пытання аб мяжы паміж Расіяй і Японіяй. І гэтыя пытанні былі паспяхова вырашаны. А калі экспедыцыя Я. Пуцяціна вярталася на Радзіму, карабль, на якім плыў І. Гашкевіч, у Ахоцкім моры сутыкнуўся з англійскім ваенным патрулём, і наш суайчыннік разам з іншымі трапіў у палон да англічан, дзе прабыў 9 месяцаў. Засвоіўшы японскую мову, І. Гашкевіч, знаходзячыся ў палоне, пачаў складаць руска-японскі слоўнік. У гэтым яму дапамагаў японскі манах Тацібана Каосай. Першы ”Руска-Японскі слоўнік” быў выдадзены ў Пецярбургу, за які І. Гашкевіч быў узнагароджаны Дзямідаўскай прэміяй* з уручэннем залатога медаля.
        Першы консул Расіі ў Японіі
    З мэтай замацавання дасягнутых поспехаў у адносінах паміж двума краінамі урад Расіі вырашыў адкрыць у Японіі, на востраве Хакайда, у г. Хакадатэ рускае консульства. На пасаду консула, фактычна першага пасла Расіі ў Японіі, быў прызначаны наш зямляк беларус Іосіф Гашкевіч. Менавіта з тых часоў была закладзена аснова добрых ўзаемаадносінаў паміж Расіяй і Японіяй. Сваімі паводзінамі, тактоўнасцю, добрымі справамі І. Гашкевіч і яго падначаленыя змаглі выклікаць павагу японцаў да Расііі. “Белавалосы пасланец” – так ласкава называлі японцы І. Гашкевіча за яго мяккі характар і добрыя справы: у г. Хакадатэ наш зямляк адчыніў рускую школу, у якой быў настаўнікам; яму, аднаму з першых чужаземцаў, было дазволена наведваць двор сёгуна (правіцеля Японіі) у Эда (зараз г. Токіа). Адчыніў ён і бальніцу, у якой працавала яго першая жонка Лізавета (памёрла і пахавана ў г. Хакадатэ). Ён жа навучыў японцаў майстэрству фатаграфавання, падарыў ім барометр і маячны ліхтар, выдаў першую рускую азбуку для дзяцей. У Японіі, краіне будызма, існавала ў тыя часы забарона прапаведваць іншую веру, а парушальнікаў закона маглі пакараць смерцю. Рызыкуючы жыццём, І. Гашкевіч прапаведваў хрысціянскую веру, і дзякуючы яму ў г. Хакадатэ была пабудавана Уваскрасенская праваслаўная царква. Галоўнай ежай японцаў былі дары мора. Супрацоўнікі консульства ў сваёй гаспадарцы трымалі карову і авечак, прывезенных з кантынента, і дзякуючы гэтаму, японцы ўпершыню пакаштавалі і ацанілі смак малочных прадуктаў: малака, масла, смятаны.
         Вяртанне на родную зямлю
       У 1865 годзе І. Гашкевіч вярнуўся ў Пецярбург. Адпрацаваўшы пасля Японіі два гады ў Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў Расіі, ён у ліпені 1867 года выйшаў у адстаўку і прыехаў у родную Беларусь. Недалёка ад Астраўца І. Гашкевіч купіў невялікі маёнтак Малі (зараз вёска Малі), дзе і пасяліўся. Там, у вясковай цішыні, працягваў займацца ўсходняй філалогіяй, вёў метэаралагічныя назіранні, вынікі які, як і раней, адсылаў у Пулкаўскую абсерваторыю. Шматлікія калекцыі насякомых і флоры Паўднёвай Афрыкі і Паўднёва – Усходняй Азіі , сабраныя ў падарожжах, ён перадаў ў дар заалагічнаму музею Акадэміі навук у Пецярбургу. У 1871 г. І. А. Гашкевіч з яго другой жонкай Кацярынай былі зацверджаныя ў спадчынным дваранстве. На Астравеччыне ў 1872 годзе ў іх нарадзіўся сын Іосіф, які таксама, як і бацька, аставіў пасля сябе значную навуковую спадчыну. Памёр наш выдатны суайчыннік 5 кастрычніка 1875 года у сваёй сядзібе Малі, а ў 1899 годзе, у Вільні, была надрукавана яго праца “О корнях японского языка”.
         Ці будзе ў Хойніках і Астраўцы вуліца імя І. Гашкевіча?
       Выдатныя заслугі Іосіфа Гашкевіча былі высока адзначаны : яго імем названы заліў у Японскім моры (па-карэйску Чосанман), апісаныя ім многія віды насякомых таксама названыя яго імем. Прайшло шмат гадоў, але ў Японіі і сёння памятаюць пра нашага земляка. У гэтай краіне існуе Таварыства імя Іосіфа Гашкевіча, у г. Хакадатэ, дзе месцілася рэзідэнцыя, ля праваслаўнага храма Хрыста Збавіцеля яму ўстаноўлены бюст (аўтар – расійскі скульптар А. Комаў). Як я ўжо упамінаў, расійскі пісьменнік В. Гузанаў напісаў пра І. Гашкевіча цікавую кнігу “Одиссей с Белой Руси”, якая Янкам Саламевічам была перакладзена на беларускую мову. Шануюць памяць І. Гашкевіча і на Беларусі. У г. Мінску, у мікрараёне Лошыца, яго імя нададзена вуліцы, ў г. Астраўцы, перад будынкам раённай газеты “Астравецкая праўда”, ёсць яго бюст работы беларускага скульптара В. Янушкевіча, а ў вёсцы Малі быў усталяваны памятны камень з выявай І. Гашкевіча работы скульптара Р. Грушы. У Астраўцы і на раёне праводзяцца чытанні ды іншыя культурныя мерапрыемствы, прысвечаныя памяці І. Гашкевіча. Трэба спадзявацца, што і на Хойнікшчыне таксама будзе ўшанавана памяць пра Іосіфа Гашкевіча: гэта і ўсталяванне бюсту ў в. Стралічаў, правядзенне навуковых чытанняў, адкрыццё экспазіцыі ў раённым краязнаўчым музеі ў Хойніках. Магчыма, на яго радзіму, у в. Стралічаў, з цягам часу наведаюцца і госці з Японіі, дзе вельмі паважаюць нашага земляка. Добра было, каб адна з вуліц у Хойніках** і Астраўцы*** атрымала імя І. Гашкевіча.

       Вялікая заслуга ў тым, каб больш жыхароў Беларусі ведала пра І. Гашкевіча, належыць буйному беларускаму вучонаму-філолагу, пісьменніку і журналісту Адаму Мальдзісу, ураджэнцу Астравеччыны. У свой час ён прыняў цэлую дэлегацыю з Японіі на чале са старшынёй Таварыства імя Гашкевіча Такада Касічы, суправаджаў дэлегацыю ў паездцы па Астравеччыне. Менавіта паважаны Адам Іосіфавіч удакладніў месца пахавання Іосіфа Гашкевіча. Па запрашэнню гэтай грамадскай японскай арганізацыі ён наведаў у Японіі мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю І. Гашкевіча на японскай зямлі. Ён паведаміў, што ў г. Хакадатэ збярогся нават надмагільны помнік, дзе пахавана першая жонка І. Гашкевіча Лізавета. Жыццё нашага выдатнага суайчынніка нагадвае легенду, і калі б беларускія кінематаграфісты стварылі замест прапагандысцкага “Авеля” шматсерыйны прыгодніцкі мастацкі кінафільм аб ім, гэты фільм з вялікім задавальненнем глядзелі б людзі ў многіх краінах свету і праславіў бы нашу айчынную кінаіндустрыю. Але…
      Святкаванне 200-гадовага юбілея І. Гашкевіча пачалося 16 сакавіка, у г. Мінску з вечарыны пад назвай “Сустрэча з І. Гашкевічам”, якая адбылася ў памяшканні чытальнай залы мінскай гарадской бібліятэкі імя Л. Талстога. Вядомы беларускі вучоны, д. ф. н., прафесар Адам Мальдзіс, які вёў рэй, расказаў шмат цікавых фактаў з жыцця І. Гашкевіча, аб паездцы ў Японію па мясцінах, дзе працаваў наш выдатны зямляк. А к. г. н. Лідзія Кулажанка распавяла аб сям’і Гашкевічаў. Цікава было ад яе даведацца, што ў царкве вёскі Якімава Слабада сённяшняга Светлагорскага раёна служыў святаром малодшы брат Іосіфа, Андрэй, і старэйшы часта наведваўся да брата ў госці. Так што не выпадкова жыхары Светлагоршчыны так шануюць І. Гашкевіча, які хоць не паходзіў з гэтых мясцінаў (даследчыца пацвердзіла факт яго нараджэння ў хойніцкім Стралічаве, што засведчана метрычнымі кнігамі НГАБ у Мінску), але бываў тут. Аб дабрачыннай дзейнасці І. Гашкевіча ў Японіі паведаміла Масако Тацумі, кіраўнік інфацэнтра японскай культуры, а Наталля Обухава, метадыст Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра, расказала пра жыццё і працу І. Гашкевіча ў Пекіне. З паведамленнем аб паездцы ў Светлагорск выступіў і аўтар гэтага артыкула. 21 сакавіка на факультэце міжнародных адносінаў Белдзяржуніверсітэта адбыліся ІІІ Міжнародныя чытанні ў гонар знакамітага суайчынніка, на якіх прысутнічалі навукоўцы і грамадскія дзеячы Японіі, Расіі і Беларусі.
      Выглядае так, што нам, беларусам, можна ганарыцца светлай постаццю аднаго з першых дыпламатаў-землякоў, дзейнасць якога, яго спадчына, пераканана сведчаць аб даўняй прысутнасці Беларусі, яе слаўных сыноў і дачок на міжнароднай арэне.
       Лявон Целеш,
      м. Койданава (Дзяржынск)
*Заўважым, гэта ўжо другі ўраджэнец Хойнікшчыны, які ў XIX ст. стаў лаўрэатам Дзямідаўскай прэміі Расійскай акадэміі навук. У раздзеле меню "ЗЕМЛЯКІ I}" прозвішчы Ястшэмбскага і Гашкевіча месцяцца побач.
**Найбольш прыдатнай для перайменавання ўяўляецца сённяшняя вуліца Калгасная (калгас ад вуліцы ўсё ж далекавата, таму назва "ні пра што"). Яна бо вядзе да Брагінскага кальца, ад якога направа і да Стралічава – радзімы І. Гашкевіча. На вялікі жаль, дзве іншыя вуліцы на выездах з Хойнік, як і Калгасная, атрымалі ў свой час неадэкватныя найменні: тая, што вядзе да Вялікага Бору, радзімы Б. Сачанкі, носіць імя І. Мележа, а вуліца ў напрамку Глінішча, радзімы І. Мележа, імя К. Маркса... [меркаванне-прапанова С. Бельскага]
***У Астраўцы вуліца імя І. Гашкевіча ўжо ёсць! (С. Б).

                                                                                                                  *****

            Дзякуючы навукоўцам і жыхары Хойнікшчыны ведаюць дакладна, што:
       У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску захоўваюцца метрычныя звесткі, якія пралілі святло на дату і месца нараджэння першага консула Расійскай імперыі ў Японіі ў 1858-1865 гадах, праваслаўнага місіянера, лінгвіста Іосіфа Гашкевіча.
       Да гэтага часу ў прысвечаных яму працах існавала блытаніна з дакладнай датай і месцам нараджэння. Часта канкрэтная дата нараджэння не пазначалася ўвогуле – толькі год.
      Але ж, згодна з метрычнай кнігай уніяцкай Свята-Міхайлаўскай царквы ў сяле Стралічаў Рэчыцкага павету Мінскай губерні (цяпер – Хойніцкі раён Гомельскай вобласці) за 1814 год, Іосіф Гашкевіч нарадзіўся 4 красавіка (паводле грыгарыянскага календара – 16 красавіка) у сям’і святара гэтай жа царквы:
       "Того жъ села [Стралічава] у священника Антонія Иванова Гошкевича и его жены Гликеріи Яковлевой родился сынъ Іосифъ, который крещенъ Брагинскимъ Благочиннымъ Іаковомъ Варсобой, при отправленіи требы былъ шляхтичъ Александръ Василевскій". Хросным бацькам выбітнога ў будучыні чалавека стаў святар з сяла Глухавічы Ян Бярнацкі.

Фота метрыкі: НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 13. А. з. 514. А. 594 адв.
І. А. Гашкевіч у Вікіпедыі  

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Июль 2019  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2019