Воскресенье, 28.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

      І. Яшын Ствараецца музей
      У Велікаборскім сельскім Доме культуры ствараецца музей нашага земляка, пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўных прэмій імя Я. Коласа, І. Мележа, аўтара твораў ''Вялікі лес'', ''Апошнія і першыя'' ,''Чужое неба'' і іншых – Барыса Сачанкі. Вялікую работу правёў педагагічны калектыў Велікаборскай базавай школы на чале з дырэктарам Д. Д. Быстрыкам.
     Жыхары не толькі нашага раёна ў музеі будуць мець магчымасць глыбей знаёміцца з жыццём і творчасцю нашага знакамітага земляка.
     К. Карнялюк Вялікі мастак з Вялікага Бору
     Ен нарадзіўся ў 1936 годзе ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна. Бацька Б.Сачанкі Іван Мікалаевіч працаваў у хімлясгасе, маці, Вера Міхайлаўна, хадзіла на працу ў калгас, але больш павінна была клапаціцца пра дзяцей, якіх у сям'і было сямера.
     Б. Сачанку не было і шасці год, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. У 1943 годзе фашысты спалілі Вялікі Бор, у агні загінула 128 аднавяскоўцаў, астатніх жыхароў вывезлі ў Нямеччыну. Сям'я трапіла на ферму нямецкага землеўладальніка, дзе давялося працаваць да самага вызвалення ў маі 1945 года. Затым трапілі ў лагер для перамешчаных асоб, якіх амерыканцы агітавалі ехаць у ЗША. Але Сачанкамі валодала жаданне хутчэй вярнуцца на малую радзіму, на Палессе.
     У 1945 годзе Барыс пайшоў у першы клас Велікаборскай сямігодкі, а пасля заканчэння Хойніцкай СШ у 1955 годзе паступіў у БДУ. Дарэчы, у Хойніцкай школе вучыўся і яго знакаміты зямляк Іван Мележ. Так супала і потым, калі Сачанка працаваў рэдактарам аддзела прозы часопіса "Полымя", яму першаму давялося чытаць і рэдагаваць "Палескую хроніку" I. Мележа.
     Тэма малой радзімы знайшла адлюстраванне ў творчасці Сачанкі. Ей ён прысвяціў цыкл "Палессе" (апавяданні "У веску, да маці", "Навальніца", "Ваўчыца з Чортавай Ямы", "Соль", "Вясковыя эагадкі", "3 казкі маленства", "Дзік-бадзяга" і нарыс "Баравое рэха"). Гістарычнае мінулае Палесся паказана ў аповесцях "Варэйка золата", "Англіцкая сталь", "Дыярыуш Мацея Белановіча". Не абышоў празаік і тэму Чарнобыля, якой прысвяціў “Запіскі аб радыяцыі", аповесць "Родны кут".
     Вось як апісвае ў кнізе "Чужое неба" сваю радзіму пісьменнік: "На Палессі, на самым поўдні Беларусі, ёсць куточак зямлі асабліва мілы, дарагі майму сэрцу. Дзе б ні быў я, куды б ні закінула мяне даля, не-не дый згадаю яго. У радасці і ў журбе, з блізкіх і далекіх дарог я вяртаюся зноў і зноў туды, дзе сярод старых пракаветных лясоў і вялізных неабсяжных балот на пясчанай выспе раскінулася вёска, у якой я нарадзіўся..."
     Сваю аповесць "Апошнія і першыя" аўтар прысвяціў светлай памяці аднавяскоўцаў - жыхароў Вялікага Бору, якіх спалілі нямецкія фашысты ў чэрвені 1943 года...
    "Дома, у роднай весцы. – успамінае пісьменнік, – першыя гады таксама жылося не салодка. Пакуль пабудавалі хату, агоралі карову, узбіліся на такую-сякую гаспадарку, хапіла ўсім, а найбольш бацьку – ён захварэў на раматус і праляжаў у бальніцы мала не год, не могучы стаць на ногі..."
     За свой творчы шлях Б. Сачанка выдаў звыш 40 кніг, амаль на кожны год жыцця прыходзіцца ў яго па адной кнізе.
Гісторыя Беларусі – таксама ў яго кнігах. Вось як сваю малую радзіму аўтар згадвае ў аўтабіяграфіі: "Помню барвовыя пажарышчы на ўсе неба, плач асірацелых дзяцей, жахлівыя размовы пра немцаў, пра тое, што ўсіх нас чакае тут, у акупіраванай ворагам вёсцы. Потым прыйшлі і самі немцы – пачалося жыццё, поўнае трывогі і страху. Па вечарах выюць сабакі значыць, уначы з лесу прыйдуць партызаны. Пасля партызан удзень абавязкова прыедуць з Хойнікаў карнікі і будуць расстрэльваць усіх тых, хто чым-небудзь памагае партызанам. Зноў усю веску згоняць на майдан да клуба, зноў будуць апытваць людзей і зноў забіваць. Маці мая ўвесь час калоціцца і за сябе, і за пяцярых дзяцей, якія не падымуць яшчэ і адзін аднаго, – бацька ж на фронце! – і за таго старога яўрэя, што кожны раз, як прыязджаюць немцы, прыбягае хавацца да нас на гарышча пад ляжак... У хаце холад, есці... няма чаго..."
    Найбольш эпічны твор пісьменніка – раман "Вялікі Лес". А за Вялікім Лесам зноў жа выразна бачыцца Вялікі Бор. "Як Антэй, дакрануўшыся маці-зямлі, набіраўся новых сіл, так і я, наведаўшы родныя мясціны, гаюся, на доўгі час пазбываюся сноў. Сноў свайго трывожнага, абпаленага нягодамі маленства...
     Падзеі твора ў пераважнай большасці і разгортваюцца ў родных мясцінах Б. Сачанкі.
Палессе – душа пісьменніка, прырода ў яго творах палеская, героі – людзі, надзеленыя своеасаблівай, палешукоў, псіхалогіяй. Яго творы насычаны водарам палескіх лясоў і балот, у іх роднае і чыстае неба бацькоўскай зямлі.
     А вось гэтыя радкі празаіка ўжо чытаеш з болем. Гэта – "Запіскі аб радыяцыі": "Нарэшце, праз тры гады пасля аварыі надрукавана карта, дзе і якія грыбы можна збіраць. Мае родныя мясціны ў першай зоне, куды, як сказана ў каментарыях, у лес з кошыкам" уваходзіць не трэба. Паўраспад цэзію-137 доўжыцца каля трыццаці трох гадоў... Значыцца я больш ніколі ўжо не патрымаю ў руках, не з'ем ні баравіка, ні падасінавіка, ні рыжыка, ні якога іншага грыба са свайго лесу..."
     М. Герасименко И снятся сны о Беларуси (К 70-летию Бориса Саченко)
     Брагинская центральная библиотека провела цикл мероприятнй, посвященных 70-летию со дня рождения Бориса Саченко. В их числе – выставки, обзоры, беседы, литературный вечер “Снятся сны о Беларуси”.
     На Полесьи, в южной его части, примерно на равном расстоянии от городов Мозыря, Речицы, Лоева, Брагина и рек Припяти и Днепра, на большом песчаном острове стоит полесское село – Великий Бор Хойникского района. Именно здесь 15 мая 1936 года и родился Борис Саченко. “Великий Бор – сказка моего детства, первая моя радость, первая печаль и боль”, – писал в своих “Автобиографических заметках” Б. Саченко. Его детство вначале было, очевидно, как и любое детство: полное радости. Потом – война, семью на долгие месяцы угнали в Германию. Страшные, недетскне испытания, впечатления на всю жизнь. Через много лет Б. Саченко напишет, что война заставила всех, в том числе и его ровесников “повзрослеть сразу лет на десять, увидеть ужас разрушений, голод и неволю”. А возвращение на родину после фашистской неволи было подлминным счастьем.
     Прошли годы, и жизненные дороги повели Б. Саченко далеко от Великого Бора. Новые встречи, новые впечатления...
     Работать начал писатель в 1958 году в журнале “Вожык”, затем стал редактором “Полымя”.
   Воздухом родного Полесья насыщены страницы лучших произведений писателя. В литературе существует парадоксальная закономерность: чем дольше во времени художник отдаляется от своей малой родины, тем больше в творчестве его к ней тянет. Достаточно вспомнитьтворчество Кузьмы Чёрного, Ивана Мележа, Янки Брыля. Это же видно и в творчестве Бориса Саченко, который от лирико-публицистического восхищения родным уголком земли, его прошлым и настоящим приходит к глубокому историческому, социально-этнографическому, да и философскому его постижению. Наиболее заметные и вы-разительные вехи на этом пути – "Земля моих предков”, “Чужое небо”, “Великий лес”, “Пока не рассвело”, “Последние и первые”. В их основе – жизненные события, происходившие на Полесье, герои – люди со своеобразной полешуцкой психологией.
     Одной из главных в творчестве Бориса Саченко является тема войны. Она присутствует в рассказах, повестях, романах писателя. Да и как мначе?! Саченко относится к тому поколению, чье детство было обожжено пламенем войны, чьм детскне сладкие сны не раз прерывались стрельбой и чужой бранью.
     В своей автобиографии Саченко вспоминал: “Помню багровое зарево пожаров, плач осиротевших детей, страшные разговоры о немцах, о том, что всех нас ожидает здесь, в оккупированной врагом деревне... Потом пришли и сами немцы, началась жизнь, полная тревог и страха”.
     В повести – “Последние и первые” с глубокой силой отражено все то, что сегодня мы называем “памятью Хатыни”. Б. Саченко целенаправленно шел к широкому эпическому воспроизведению и осмыслению судеб белорусских деревень в годы войны. Каждое из его произведений по-своему неповторимо и занимает особое место во всей белорусской литературе о войне.
    Борис Саченко умер 5 мюля 1995 года. Он является лауреатом Государственной премии Беларуси им. Я. Коласа, награжден двумя орденамн Почета, медалями “За трудовую доблесть” и Ф.Скорины, многочисленными Почетными грамотами. Произведения Б. Саченко переведены на англйский, болгарский, немецкий, польский, русский, украинский, французский языки. И там, где есть подлинная заинтересованность действительностью, стремление лично вмешаться в жизнь, сказать о ней свое слово, там творчество отмечено искренностью, художественной глубиной и гражданственностью, там есть открытие. И мы желаем всем читателям и жителям района открыть для себя творчество нашего земляка Бориса Саченко.
      Іван Шамякін Слова жалобы і смутку
     Законы прыроды няўмольныя. Але прымірыцца з імі немагчыма, калі чалавек памірае заўчасна, у росквіце сіл.
   Я без малога 50 гадоў у Саюзе пісьменнікаў, каля трыццаці гадоў быў у кіраўніцтве і развітаўся, можа, з сотняй сваіх калег і сяброў. Але незалежна ад рангу адыход любога шчырага працаўніка літаратуры пакідаў адчуванне збяднення нашага баявога палку, пустату ў яго шэрагах. Прыходзілі маладыя, станавіліся ў строй, але пустату не запаўнялі. Бо ніхто не можа замяніць мастака! Ён непаўтормы.
     Раптоўная смерць Барыса Сачанкі – незалечная рана сям'і, боль блізкіх і сяброў і невымерная страта для беларускай літаратуры, якая і без фізічных смерцяў творцаў яе перажывае калапс.
Мне асабліва балюча. Барыс Іванавіч – мой зямляк, вучань і сябра. Я шчыра любіў гэтага чалавека і пісьменніка. Ен радаваў сваёй творчасцю. Празаік шырокага дыяпазону, дальняга бою і аптычнай трапнасці. Усё, што ён пісаў, прыцягвала ўвагу калег, яго чытачоў, крытыкаў: апавяданні і аповесці, трылогія раманаў, нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, даследаванні. Барыс Іванавіч быў самы актыўны шукальнік забытых пісьменнікаў, тых, каго лёс занёс на край свету, і згубленых твораў, а іх нямала нават у класікаў нашай літаратуры. У некролагу пералічаны яго кнігі. Але не магу не нагадаць эпічныя творы – “Чужое неба”, трылогію “Вялікі Лес”, незвычайную па лірызме і любові да сваіх землякоў кнігу “Зямля маіх продкаў”. Барыс Іванавіч быў змагар. А кожны змагар – пакутнік, бо гэта чалавек у якога баліць сэрца за людзей, за справу, а ў пісьменніка яно асабліва баліць, бо яго справа, яго клопат – гэта жыццё ва ўсіх яго праявах, высокіх і нізкіх.
     Хлопчыку Барысу абпаліла сэрца вайна – палон. Палон дзіцяці! Што можа быць больш пачварнае, антычалавечае, як узяць у палон дзіця! Вядомаму пісьменніку паліла сэрца яго сумленне, бо не мог ён быць абыякавы да збяднення народа, да збяднення яго літаратуры, культуры.
     Калі я тры гады назад адыходзіў на пенсію з пасады галоўнага рэдактара выдаведства “Беларуская энцыклапедыя”, то назваў сваім пераемнікам Барыса Сачанку. І неўзабаве ён заняў гэтую пасаду. Працаваць яму было значна цяжэй, чым мне: рынак дыктаваў жорсткія ўмовы. Нядоўга давялося Барысу Іванавічу ўзначальваць пачэсны ўчастак нацыянальнай культуры. Але як многа пад яго кіраўніцтвам энцыклапедысты зрабілі!
     Памёр Барыс Іванавіч як салдат, на баявым пасту ў сваім рабочым кабінеце.
     Вельмі балюча развітвацца з дарагім паплечнікам, таварышам сябрам. Няхай жа вечна жыве памяць пра выдатнага чалавека. Мастака. Няхай жывуць, дарагі Барыс Іванавіч, твае кнігі, твая выдавецкая праца!
      Бывай, сябра! Няхай пухам будзе табе родная зямля!
      Святлана Явар Я любіла яго...
      Успаміны дачкі пра Барыса Сачанку (да 70-годдзя пісьменніка)
      Сёння, калі трыумф ідэй фемінізму захапіў, здаецца, увесь свет, некаторыя эмансіпіраваныя дамы (у тым ліку і я) часамі пачынаюць думаць: “А можа, гэтыя мужчыны і зусім не патрэбныя?”
Дык вось, з мужчынам у хаце жыць неяк лепей. Як сірата, я заяўляю аб гэтым з поўнай адказнасцю. І хай сабе на дадзены момант я цалкам самастойная і зусім-зусім адзінокая, усё ж бацьку свайго я ўспамінаю з пачуццямі любасці, заўсёднай пяшчоты і шкадавання аб тым, што ён цяпер не са мною.

      Можа, таму я і адзінокая, што ўсіх сваіх патэнцыяльных кандыдатаў на шлюб я параўноўвала і параўноўваю са сваім бацькам. А ён быў надзейным і адказным чалавекам, на якога ў цяжкую хвіліну можна было разлічваць. Ён браў на сябе, як сапраўдны мужчына, клопат пра матэрыяльнае сгановішча і духоўнае жыццё сваіх сямейнікаў. Не дазваляў нам ленавацца, распускацца... А галоўнае, бацька выдатна разумеў: самае страшнае – страціць пачуццё уласнай годнасці.
      Ён вырас у вялікай працавітай сялянскай сям'і, дзе добра ведалі цану хлебу. Таму даражыў кожнай хвілінай свайго жыцця. Уставаў у 6 гадзін, не шкадаваў сябе цэлы дзень – пісаў, друкаваў, рэдагаваў, арганізоўваў і наладжваў, кантакгаваў – і вельмі позна клаўся адпачываць. Гэты няспынны кругаварот людзей і падзей у рэшце рэшт і звёў яго раней часу ў магілу.
      Ён нас смяшыў, падбадзёрваў, пацяшаў. Прымушаў быць больш уважлівымі да з'яў прыроды, да раслін, жывёл і птушак, любіць усё жывое на зямлі...
     Яму ўласцівая была жыццёвая практычнасць, вынаходлівасць. Ён ведаў, як адстойваць свае інтарэсы, не прайграваць, дасягаць неабходных мэтаў. Таму ніколі не трапляў у незайздроснае становішча, быў здольны “выкруціцца” з любой складанай сітуацыі. Падтрымліваў сяброўскія стасункі з усімі знаёмымі — ці мала хто з іх акажацца карысным.
      Бацька не быў абыякавым да мастацтва. Вельмі цікавіўся фальклорам, нават некалі праслухоўваў з Янкам Сіпаковым запісы, прывезеныя мною са студэнцкай фальклорнай практыкі (там былі гарадскія рамансы, балады і г.д.). Ніколі не адмаўляўся паглядзець добры фільм. Часам мог пагартаць мастацкі альбом, любіў творчасць Марка Шагала, Міхаіла Савіцкага, Ільі Глазунова, Аляксандра Шылава…
      Любіў вёску, рамантызаваў яе, часта наведваў родныя палескія мясціны. Нават тады, калі выбухнуў Чарнобыль і “засыпала” радыяцыяй Хойнікі і бацькаву вёску Вялікі Бор. Найбольшай жа страсцю бацью былі кніжкі.
       У госці да бацькі часта прыходзілі яго сябры, сярод іх былі і пісьменнікі, дзеячы культуры, і навукоўцы. Памятаю сярод гасцей нашай сям'і народных пісьменнікаў Івана Шамякіна і Андрэя Макаёнка, лаўрэатаў Дзяржпрэміі .Анатоля Вярцінскага, Янку Сіпакова, а таксама Анатоля Бутэвіча, Максіма Лужаніна, Масея Сяднёва і іншых. Бывалі мастакі – Рыгор Сітніца, Фелікс Янушкевіч... Быў у нас колісь кампазітар Ігар Лучанок, пераступалі парог нашай кватэры маці спевака Данчыка – спадарыня Юля Андрусішына, дзеячы беларускай эміграцыі Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель, айцец Аляксандр Надсан. Гаманілі, спрачаліся – пра духоўныя каштоўнасі.
      Яшчэ вельмі важным момантам у жыцці нашай сям'і былі пісьмы, якія прыходзілі ад бабулі — бабы Веры з Вялікага Бора. Яны ўяўлялі сабой, па сутнасці, таленавітыя творы, трапныя абразкі-замалёўкі аб жыцці велікаборцаў. Часам прыходзілі з вёскі і пасылкі — тады, як калолі кабана. Баба Вера дзяліла між сынамі, якія жылі ў Мінску, усё па справядлівасці: “Гэта Алесю, гэта Івану, а гэта Барысу”.
      Прыгадваецца напружаная праца бацькі за пісьмовым сталом. Ліст за лістом ён ствараючы апавяданні, аповесці, раманы... У яго быў нервовы почырк, і мама пастаянна перапісвала, а то і друкавала рукапісы. Мы часам вычытвалі, выпраўлялі недакладнасці (бацька сам прасіў аб гэтым). Увогуле былі мы дружнаю сям'ёй. Улетку выязджалі на дачу, апрацоўвалі ўчастак, рабілі нарыхтоўкі... Абмяркоўвалі літаратурныя творы, падзеі культурнага жыцця. Наведвалі вечарыны, удзельнічалі ў розных імпрэзах. Слухалі радыёперадачы, расповеды аб жыцці бацькі – непаўналетняга вязня – у Германіі, аб ягоных падарожжах у ЗША, Францыю, Галандыю і Польшчу. I ўсё гэта адбывалася нязмушана, весела, лёгка, з натхненнем.
      Бацька любіў як сваіх, так і чужых дзяцей, ставіўся да іх з сімпатыяй, частаваў цукеркамі. Цешыў байкамі, чытаў вершыкі. Песціў, мілаваў, клапаціўся пра іх, як самая чулая маці. Пытаўся, што дзіця сніла, цікавіўся, ці з той нагі яно ўстала. Сілавых метадаў у асноўным не прымяняў. Але, паколькі ён быў сапраўдным мужчынам, яго лёгка было пакрыўдзіць сказаным не ў час, неабдуманым словам. Тады бацька мог даць суровы адпор...
      Ён быў маім ідэалам. Аднак баюся, як пісаў Мікалаяй Гогаль “впасть в умиление”. На заканчэнне заўважу толькі, што калі мне бывае горка і цяжка, я вяртаюся душою да свайго бацькі і, нібыта ў дзіцячыя гады, даверліва бягу насустрач яму па вясновым квітнеючым лузе…
      Я любіла яго. А больш, магчыма, нікога. Закаханая ў свайго бацьку, я пакуль што не стварыла сям'і, не нарадзіла дзяцей. Так ужо атрымалася... Ніхто ў гэтым не вінаваты.
      Янка Сіпакоў Асоба
      Ён памёр раптоўна, на працы, у сваім кабінеце – не вытрымала сэрца напружанага, знясільваючага рытму, якім жыў ён апошнія гады. Мы, яго сябры і паплечнікі, развіталіся з ім на Купалле, на старажытнейшае наша народнае свята аддалі яго назаўсёды роднай зямлі, якую Барыс Іванавіч Сачанка любіў і шанаваў усе сваё жыццё, годнасць якой абараняў і зблізку, і здалёк. Здавалася, няма мяжы і нішто не пагражае той напорыстай, скіраванай у будучыню энергіі, якая сыходзіла ад яго, нават стомленага. I вось раптам... Як стрэліў хто ў сэрца...
     Беларусь страціла свайго дастойнага, мужнага сына і абаронцу, а я найлепшага, шчырага і вернага сябра. Амаль сорак гадоў доўжылася наша дружба: як сустрэліся, паступіўшы ва універсітэт, у інтэрнаце на Немізе, так увесь гэты час, лічы, і не разлучаліся – разам жылі ў адным пакоі, разам працавалі ў часопісе “Вожык”, а калі нашы працоўныя сцежкі разыходзіліся, мы ўсё роўна сустракаліся як не штодзень. І ні разу сур'ёзна не пасварыліся. Спрачаліся, але не сварыліся. Колькі перагаворана, перадумана, перамроена! І я ўдзячны лёсу за гэтае незабыўнае сяброўства.
      Сябраваць Барыс Іванавіч умеў. Сярод яго сяброў былі міністры і прэм'ер-міністры, партакраты і дэмакраты, кнігалюбы і старшыні калгасаў, камуністы і бэнээфаўцы, дыпламаты і эмігранты. Для яго не мела значэння, да якіх партый і рухаў належалі сябры. Галоўнае, каб чалавек быў шчыры, сумленны, разумны і каб гэтак жа неўтаймоўна, як і ён сам, любіў Беларусь і рабіў усё для яе будучыні. Колькі такіх мудрых, цікавых людзей штогод збіралася ў шчодрай і гасціннай хаце Сачанкаў на 15 мая – на Барысоўе, як мы між сабою звалі дзень нараджэння Барыса Іванавіча.
     Ён быў мужны і сумленны. Ніколі не мяняў сваіх думак, ні пад каго не падрабляўся, заўсёды да канца адстойваў свае погляды, за што яго паважалі нават непрыяцелі. Ён не здаў сваёго партыйнага білета, не адмовіўся ад нязручнага на сёння членства ў ЦК КПБ і той жа час увесь быў аддадзены абнаўленню жыцця, беларускаму Адраджэнню, абараняў мову і гонар свайго народа. Нават пасля рэферэндуму, на якім людзі адмовіліся, па сутнасці, ад сваёй мовы, у апошнім інтэрв'ю-запавеце ён сказаў: “Я пра свой народ вельмі высокай думкі. І нават вынікі рэферэндуму не робяць на мяне негатыўнага уражання”.
      Барыс Іванавіч верыў у свой народ і быў перакананы, што ён ўсё ж некалі загаворыць на сваёй мове.Ён быў бескампрамісны ў спрэчках пра мову, ён абараняў яё ўсюды, дзе толькі мог.
Яшчэ ў 50-ыя гады ён надрукаваў ў "ЛіМе" свой слынны артыкул "Шанаваць родную мову", які, здавалася, ускалыхнуў цэлы свет – шумелі за мяжою, шумелі ў нас на радзіме нядобразычліўцы нашага старажытнага слова. Тады гэта было небяспечна, і студэнта Сачанку ледзь не выключылі з універсітэта. А пасля, колькі гадоў таму назад, ён быў адным з галоўных, хто напісаў і падрыхтаваў Закон аб мовах Беларусі, які прыняў Вярхоўны Савет і ў якім беларускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай.
     Барыс Іванавіч умеў працаваць. На сур'езную, удумлівую працу ён, здаецца, быў скіраваны з самага нараджэння. Закончыў школу з сярэбраным медалём. У студэнцкія гады больш за ўсё праседжваў у бібліятэцы: калі мы, упэўненыя, што перад намі вечнасць, што ўсё яшчэ паспеем, бавілі а то і марнавалі час, ён выкарыстоўваў кожную хвіліну, каб больш пабыць з кнігаю. "Веды, веды, веды" – быў яго жыццёвы прынцып. Таму не дзіўна, што за сваё жыццё ён сабраў унікальную бібліятэку, найпаўнейшы з усіх прыватных кнігазбораў Мінска, а яго веды і сапраўды сталі энцыклапедычныя.
      На кожную новую працу ён прыходзіў звычайна са сваімі планамі і задумамі. I што вельмі важна – здзейсняў іх. Колькі такіх задум збылося ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, дзе ён у свой час працаваў сакратаром прэўлення. У выдавецтве "Мастацкая літаратура" Барыс Іванавіч прынёс таксама шмат цікавых, карысных ідэй, сярод якіх і самая найважнейшая – выданне стотомнай бібліятэкі "Скарбы сусветнай літаратуры". Падрыхтаваў спіс твораў для гэтай серыі і найперш намаганнямі яго, загадчыка рэдакцыі зарубежнай літаратуры Барыса Сачанкі выйшла каля двух дзесяткаў тамоў гэтай бібліятэкі. Шырока разумеў ён месца ў свеце незалежнай Беларусі і шчыра дбаў пра яе культурны набытак.
     Асабліва яскрава ўсё гэта ўбачылася, калі Барыс Іванавіч узваліў на свае плечы цяжкую ношку – узначаліў выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя". Шчыра кажучы, я адгаворваў яго, ведаючы Барысава здароўе і апантанасць усім, за што ён браўся. Але сябра не згадзіўся са мною – "некаму ж трэба", – а потым перацягнуў у выдавецтва і мяне самога.
     Ён быў дзяржаўным чалавекам і выданне новай універсальнай васемнаццацітомнай энцыклапедыі лічыў найважнейшаю дзяржаўнаю справаю. Гэта таксама была яго глабальная задума – завяршыць ХХ стагоддзе, як пісаў ён усё ў тым жа інтэрв'ю-запавеце, зборам усіх ведаў пра Беларусь, якія накоплены светам і Беларуссю, выдаць да двухтысячнага года ўсе васемнаццаць тамоў "БелЭн", каб Беларусь у новае тысячагоддзе ўступіла годна, як і нале-жыць сапраўды высокакультурнай краіне.
      I для гэтай святой справы Барыс Сачанка зусім не шкадаваў сябе. Увесь свой час, усяго сябе ён аддаваў энцыклапедыі: а палове дзевятай уранку ён ужо на працы, а палове шостай увечары ён яшчэ на працы. Калі не зойдзеш – у кабінеце, за сталом, сядзіць над слоўнікамі, макетамі, вёрсткамі, сядзіць над фінансавымі падлікамі. Нарады, абмеркаванні, планёркі... I размовы – толькі пра знцыклапедыю. Калі я злаваўся, казаў: "Хопіць пра энцыклапедыю, давай пра жыццё пагаварым", ён неяк задумліва ўсміхаўся: "А гэта ж і ёсць наша жыццё".
     I глядзеў на кніжную паліцу ў кутку перад ім, на якой стаялі выданні апошніх, ягоных, гадоў. Ён ганарыўся гэтым кутком. Нягледзячы на круты час, на ўсеагульны развал і абвал, калі распаліся амаль усе энцыклапедычныя цэнтры новых краін, што ўзніклі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, яму цаною неймаверных намаганняў удалося зберагчы "Беларускую энцыклапедыю" І выдаць больш за дзесятак такіх унікальных энцыклаледычных даведнікаў, як "Архітэктура Беларусі", "Археалогія і нумізматыка", два тамы “Гісторыя Беларусі”, шасцітомнік "Беларускія пісьменнікі" і інш.
      Ён расказваў мне, што калі гэтую палічку ўбачыла госця – супрацоўніца энцыклаледыі з іншай новай дзяржавы, яна расплакалася – не магла даць веры, што ў гэтым хаосе можна выдаць столькі унікальных кніг.
     Таму ён і ганарыўся гэтай палічкаю. I з любоўю і пашанаю ставіў на яе кожную новую, выдадзеную з такімі цяжкасцямі, кнігу. I ўсе разумелі яго, бо ў тым, што не распаўся беларускі энцыклапедычны цэнтр, – вялікая ягоная заслуга.
       Так, ён умеў многа і плённа працаваць. Барыс Сачанка пакінуў народу больш за сорак кніг арыгінальнай, змястоўнай, разважлівай прозы, дзе ў раманах, аповесцях, апавяданнях, эсэ усё пра родны народ і родную зямлю, з якою лёс разлучаў двойчы: адзін раз, калі яго малога разам з сям'ёю фашысты вывезлі ў Германію, і ў другі раз, калі Чарнобыль адабраў малую радзіму, пасыпаўшы радыяцыйным попелам Гомельскую вобласць, Хойніцкі раён... А яшчэ ж яго яркая, змястоўная публіцыстыка, якой ён апошнія гады аддаваў шмат увагі і сіл і дзе ўсё зноў жа пра Беларусь, пра яе мінулае, сённяшняе і будучае...
        Ён, здаецца, усё ўмеў і мог на гэтай зямлі. I толькі адзінае, што не ўмеў і не мог, – шанаваць, берагчы сябе. Працаваў на знос. Апошнія тры гады не быў у адпачынку. Калі я казаў яму, што трэба вырвацца хоць на тыдзень, з'ездзіць куды-небудзь у вёску, развеяцца, злаваўся ўжо ён: як гэта, маўляў, я паеду, а як жа энцыклапедыя.
Я знарок гаварыў, успамінаў пра Барыса Іванавіча Сачанку як пра мужнага, сумленнага, шчырага, дзяржаўнага чалавека, як пра асобу, якая ўсё сваё жыццё, працу і творчасць аддала роднай Беларусі.
       А можна ж было яшчэ ўспомніць, які чулы і ўважлівы быў ён чалавек. Як, да прыкладу, калі ўся мая сям'я, цяжка грыпуючы, ляжала э высокаю тэмператураю, ён сам нечакана з'явіўся ў нашай хаце з поўнаю авоськаю. Ці як у звычайны, будзённы дзень майго нараджэння, на які забыўся і я сам, ён раптам з'явіўся на парозе з вялікім букетам руж.
       Але такія ўспаміны, мусіць, не для гэтага горкага развітальнага слова з чалавекам, пісьменнікам, асобаю, сябрам.
       Бывай, дарагі, незабыўны дружа.
       В. Белаш Яго нарадзіла зямля Беларусі
     Чалавек звязаны з часам, у які жыве. Гэта – ісціна, што да звычайнага чалавека. Гэта асабліва важна для разумення тых людзей, для якіх жыццё нашай рэспублікі становіцца асабістым жыццём.
     Жыццё Барыса Іванавіча Сачанкі – гэта жыццё чалавека, які жыў трывогамі і радасцямі свайго народа. Пра яго, як мала пра каго, з поўным правам можна сказаць – гэта быў у самым высокім значэнні - сын беларускага народа.
      Які ж той час, калі рос, жыў, радаваўся и трывожышся Барыс Сачанка? Аб гэтым размаўлялі старшакласнікі гарадской сярэдняй школы № 1 на пасяджэнні літаратурнай гасцінай пад назвай "Яго нарадзіла зямля Беларусі". Гэтае мерапрыемства было адным з галоўных у час правядзення творчай справаздачы калектыву школы перад сваімі калегамі з Судкова і Віці.
Пачынае расказ пра пісьменніка настаўніца беларускай мовы і літаратуры В. П. Мартыненка. Яна прапанавала ўдзельнікам пасяджання пераступіць у той час, калі Б. І. Сачанка нарадзіўся, як па яго асабистаму лёсе прайшла Вялікая Айчыйнная вайна, як дасягнуў ён вышынь літаратурнай творчасці.
    Трэба адзначыць, што вучні Вольга Ядчанка, Вераніка Барысенка, Аляксандр Салаўёў, Аляксандр Момат, Дзмітрый Чубукоў і іншыя старанна рыхтаваліся да гэтага пасяджэння, паказалі добрае веданне і жыццёвага шляху пісьменніка, і яго творчасці.
      Запрошана была ў школу ў гэты дзень і былая настаўніца Л. Ф. Шахрай.
      – Я вучыла Барыса Сачанку ў 1956-1957 гадах, – расказала Людміла Фёдараўна. – Жыў ён у Хойніках на прыватнай кватэры, бо з Вялікага Бору кожны дзень не находзішся ў школу.
    Гэта быў вельмі смуглы, невысокага росту юнак. Адразу было відаць, што вучань вельмі здольны. Вельмі любіў літаратуру, пісаў змястоўныя сачыненні. 3 нашай школы ён пастуніў у Беларускі дзяржаўны універсітэт. Ужо будучы на вучобе ў Мінску, дасылаў мне віншавальныя паштоўкі. Я ж сачыла за яго творчым ростам, і ганаруся тым,што мне давялося вучыць гэтага выдатнага чалавека.
      Праўда, што кожны чалавек непаўторны. Непаўторнасць – асаблівая адзнака людзей таленавітых. Б. І. Сачанку была ўласціва непаўторнасць самая яркая, бліскучая, іскрыстая, хараство гэтай непаўторнасці ва ўсіх яго творах, у кожным літаратурным вобразе. Гэта быў талент, надзіва шчодра адораны прыродай, цудоўна адшліфаваны вялікай, нястомнай працай.
    Выключную прывабнасць яго літаратурнаму таленту надавала тое, што ён, як мала хто, быў зліты з народам: у яго творах ззяла найбагацейшымі фарбамі ўсе тое, што стварае хараство народнай душы. Гэта быў сапраўдны народны пісьменнік, надзвычай арганічны, на рэдкасць натуральны.

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024