Пятница, 26.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

      Алена Кастрыца,
       к. ф. н., дацэнт

                                                                           ПРЫКМЕТЫ І ПАВЕР’І ХОЙНІКШЧЫНЫ
     Вельмі часта, нават самі таго не заўважаючы, мы, людзі XXI стагоддзя, звяртаемся да традыцыйных народных ведаў, да зярнятак мудрасці чалавечай, якія, правераныя стагоддзямі, перадаюцца з пакалення ў пакаленне, ашчадна зберагаюцца і надзяляюцца ўласцівасцямі казачнай цудадзейнасці і адначасова якасцямі побытавай прагматычнасці. Менавіта рэальныя ўмовы існавання чалавека – вытокі ўзнікнення народных вераванняў, вытокі ўзнікнення прыкмет і павер’яў, пра міфалагічную аснову якіх можна гаварыць і як пра пэўны тып успрымання навакольнага свету, і як пра спосаб адлюстравання жыцця, і як пра своеасаблівы шлях замацавання і перадачы ведаў і вопыту.
      Няма, напэўна, такой сферы жыцця і дзейнасці чалавека (гаспадарчыя справы і побытавыя клопаты, будучае жыццё і асабісты лёс, з’явы навакольнай рэчаіснасці і змены ў надвор’і), якая б не суправаджалася прыкметамі і павер’ямі, тэматычны дыяпазон якіх на Хойнікшчыне вельмі разнастайны. Значная частка тэкстаў знаходзіцца ў межах каляндарнай і сямейней абраднасці. Сярод каляндарных найбольш папулярны калядныя, благавешчанскія, юраўскія, троіцкія, купальскія. Калі гаварыць аб іх функцыянальнай скіраванасці, то варта вызначыць наступныя групы:
     прыкметы і павер’і аб жыцці і здароўі людзей (“Свянцоную пасхальную ваду налівалі ў глыбокую тарэлку, туды клалі яйка, і ўсе члены сям’і павінны былі ўмыцца ў гэтай вадзе, каб быць здаровымі, дужымі і прыгожымі” (запісана ў в. Веляцін ад Пугач М.С., 1929 г.н.);
     прыкметы і павер’і, што датычаць забеспячэння дабрабыту ў гаспадарцы (“Да Благавешчання не адкрываюць і акна, да Благавешчання не выносяць на вуліцу і качанае. На Благавешчанне, калі пасадзіш куру на яйкі, то ў яе вывядуцца ўсе калекі, а то і ваабшчэ загінуць” (запісана ў г. Хойнікі ад Прышчэп Ніны Мікалаеўны, 1933 г.н.); “ Сена з-пад каляднай куцці звязвалі і вясной садзілі куру, каб выводзіліся кураняты”, “Пад варотніцу на Юр’я клалі яйкі, каб карова прыходіла дадому” (запісана ў в. Вялікі Бор ад Дземідзенка Кацярыны Іванаўны, 1929 г.н.); “Гушчу з багатай куцці гаспадыня аддавала курам. Клала гушчу ў абруч бочкі. Калі дамашнія куры. Качкі, гусі з’ядзяць гушчу з гэтага абруча, то будуць яйкі несці добра і толькі ў сваім двары” (запісана ў в. Веляцін ад Пугач М.С., 1929 г.н. );
     прыкметы і павер’і аб забеспячэнні і захаванні добрага ўраджаю (“Картошку засыпаюць на семена на храненне, на зіму, ад мышэй у той дзень, кагда была галодная куцця: гэта 18 чысла, перад Крашчэннем, а Крашчэнне – 19-га. Тады ўсё харашо ад мышэй храніцца” (запісана ў г. Хойнікі ад Прышчэп Ніны Мікалаеўны, 1933 г.н.); “Калі ў галодную куццю вісіць на лесе іняй, то пад восень будзе багата грыбоў”; “Яркае і зорнае неба на Куццю абяцала, што ў лесе будзе многа грыбоў, на полі добры ўраджай. А ў хляве добры прыплод жывёлы” (запісана ў г. Хойнікі ад Еўжэнка Любові Аляксандраўны, 1930 г.н.); “Шалуху з яек (пасхальных) сыпалі на агарод, каб быў добры ўраджай”(запісана ў в. Веляцін ад Пугач М.С., 1929 г.н.));
павер’і аб спосабах абароны ад неспрыяльнага ўздзеяння навакольнага асяроддзя, у тым ліку чараўнікоў, ведзьмакоў і да т.п. (“Першы раз выганялі скаціну на Юр’я. Перад гэтым абходзілі вакруг скаціны, абсявалі яе макам, абсявалі хлеў, каб агарадзіць жывёлу ад злых духаў”, “Рвалі веткі ліпы, ішлі ў царкву, свяцілі гэтыя веткі. Закраплялі ліпавыя веткі на абразах, над уваходнымі дзвярамі, каб выгнаць злых духаў з хаты, ачысціць паветра ад зла” (запісана ў в. Стралічаў ад Бордака М.К, 1938 г.н.));
    прыкметы аб надвор’і (“Якая пагода на Пакровы, такая і зіма” (запісана ў г. Хойнікі ад Еўжэнка Любові Аляксандраўны, 1930 г.н.)). Большасць хойніцкіх метэаралагічных прыкмет не была прымеркавана да пэўных каляндарных свят. Часам надвор’е прадказвалі па паводзінах прадстаўнікоў жывёльнага свету (“Калі зімой сабакі качаюцца на снезе, то будзе завіруха. Вараб’і чырыкаюць – к цяплу. Калі ў зімовы час паукі бегаюць узад-уперад; вешаюцца на новых ніцях, то праз 9-10 дней наступіць холад, а калі павукі схаваюцца, то будзе адліга” (запісана ў в. Веляцін ад Пугач Марыі Сцяпанаўны, 1929 г.н.); “Варона ж каркае на дождж. Еслі ўдод крычыць, то будзе холадна” (запісана ў г. Хойнікі ад Прышчэп Ніны Мікалаеўны, 1933 г.н.); “Колiсь казалi, калi гусь стаiць на адной назе, то ета к вялiкаму холаду. Калi нiзка над зямлёю лётаюць ластаўкi, то ета к дажджу” (запiсана ў г. Хойнiкi ад Раманчык Iрыны Андрэеўны, 1935 г.н.)).
    Не меншай папулярнасцю сярод жыхароў Хойніцкага раёна карыстаюцца прыкметы і павер’і сямейнай абраднасці – радзінна-хрэсьбінныя, вясельныя, пахавальныя. Шмат тэкстаў, зафіксаваных падчас экспедыцый, адлюстравалі рэгламенцыю паводзін цяжарнай жанчыны, якой, каб забяспечыць добрае здароўе і шчаслівае жыццё будучаму дзіцяці, забаранялася дакранацца да цела падчас пажару (“Як бярэменная, нельзя брацца ні за што, калі пажар, бо дзіцёнак будзе весь у красных пятнах” ((запісана ў г. Хойнікі ад Прышчэп Ніны Мікалаеўны, 1933 г.н.)), пераступаць праз вяроўку, “аглоблю” і да т.п. (“Як бярэменная, нельзя пераступываць і вяроўку, і аглоблю ў вазу, забор пералазіць, а то дзіцёнак будзе абматаны пупавінай” ((запісана ў г. Хойнікі ад Прышчэп Ніны Мікалаеўны, 1933 г.н.)), пазычаць (“Жанчыне бярэменнай трэба быць спакойнай, нікуды не нада хадзіць, што-та аддалжаць. А то пойдзеш аддалжаць, а людзі могуць і адказаць. І каб мышы нічога ў іх не паелі, яны могуць кінуць за бярэменнай што-ліба. Харашо, як хлеб кінуць, так дзіцёнак будзе хлеб есці, а як вугаль, мел, пясок, зямлю, тады дзеці, як растуць, так яны гэта ядуць сільна. Было такое, што дзеці дажа сцены абгрызвалі” (запісана ў г. Хойнікі ад Прышчэп Ніны Мікалаеўны, 1933 г.н.); валасы абразаць (“Нельзя рожаніцы валасы абразаць” (запісана г. Хойнікі ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г.н.)), на парозе стаяць (“Нельзя ў парозе бярэменнай стаяць: як ішла, так і пайшла, штоб дзіцятка добра радзілася” (запісана г. Хойнікі ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г.н.)) і інш.
     Вясельныя павер’і, накіраваныя на забеспячэнне шчаслівага лёсу маладых, не адрозніваліся ад агульнабеларускіх (“Каравай павінны былі замешваць жэншчыны, якія ўсю сваю жызнь пражылі з адным мужам. Каб і маладым усю жызнь пражыць разам” (запісана ў г. Хойнікі ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г.н.).
    У пахавальных павер’ях адлюстраваны і павага да памерлага, імкненне зрабіць усё магчымае, каб пасля смерці яму было добра (“Калі дзеўка памірала, то яе абязацельна на палаценцах спускалі, то не разразалі палаценца і не дарылі, бо яна не пайшла замуж і падаркаў не давала. Рабілі так, каб на тым свеце пайшла замуж” (запісана ў г. Хойнікі ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г.н.)), і адначасова страх перад ім, дакладней перад “тым светам ”(светам памерлых), неспазнаным, таемным і таму такім небяспечным для нас, жывых (“Таксама закрываюць зеркала, калі ў хаце пакойнік, каб не захавалася атражэнне мёртвага. А еслі хто ўбачыць пакойніка ў зеркале, таму самаму плоха стане” (запісана ў г. Хойнікі ад Прышчэп Ніны Мікалаеўны, 1933 г.н.)); таму, напэўна, існавала шмат магічных дзеянняў, накіраваных на папярэджанне шкодных уздзеянняў з боку “пакойніка” і ўсяго неспрыяльнага, што з ім звязана (“Як пакойніка выносяць, стараюцца ўсё зрабіць і зварыць, і печ закрыць, каб у хаце добра ўсё было” (запісана ў г. Хойнікі ад Прышчэп Ніны Мікалаеўны, 1933 г.н.)).
    Як сведчаць прыклады, спецыфічнай рысай прыкмет i павер’яў з’яўляецца факт устойлiвасці iх бытавання: нават пасля таго, як прычыны, што выклiкалi іх узнікненне, перасталi функцыянаваць, яны засталіся ў народнай памяцi, ператварыўшыся ў адметны утылiтарна-практычны кодэкс, які, як ні дзіўна, дзейнічае і ў наш час, пэўным чынам мадэлюючы і рэгламентучы паводзiны чалавека.
ПРЫКМЕТЫ І ПАВЕР’І
Як молнія, дак нада грабяшча з галавы знімаць, шоб молнію не прыцягваў.
Запісана ў в. Казялужжа
ад Чэкан Еўдакіі Пятроўны, 1917 г.н.,
студэнткамі Краўчанка Н., Касцюковай М., Мішынай А.
Напрымер, прыйшлі маладую сватаць, а яна не сагласна, адказываецца. Эта мая бабка ішчэ гаварыла, дык тады бяруць і гарбузу нясуць, дык ён бірэ і ўцякае з хаты. Знае, што ўжо ўсё, яна не згодна іці.
У цыганей ідуць. Дык ужо ў маладой дома ўкрадуць што ўжэ там. Ды могуць і цяля ўзяць і парася, што хочаш, і кур. Да нясуць тады к маладому, да ўжо зноў гулянка, што там прынеслі.
Запісана ў в. Карчовае
ад Ефіменка Сафіі Мікалаеўны, 1933 г.н.,
Шпарун Евы Васільеўны, 1933 г.н.,
Камеш Алены Іосіфаўны, 1970 г.н.,
Арловай Алены Іванаўны, 1942 г.н.,
Новак В.С.,
студэнткай Касцюковай М.
Ад грому бралi лапату, на якой пяклi хлеб з дзяжы i выкiдалi яе на вулiцу.
Калi кура заквокча, пад куранят клалi сена пасля куццi.
Калi быў пустацвет у агурцах, бралi, рвалi гэтыя цвяты i перад каровай перасыпалi iмi вулiцу.
Крэст з абодвух бакоў вёсцы паставiлi тады, як у вёсцы часта гарэлi хаты, палiлi хлявы. Тады людзi паехалi ў цэркву, прывезлi папа, ён малiўся, а патом зраблi красты драўляныя без адзiнага гвазда i паставiлi ў пачатку i ў канцы вёскi. Крэст прадахраняў ад грому.
Яшчэ ад маланкi абворвалi вёску кругом.
Запiсана ў в. Клiвы
ад Гардзiенка Марыi Пятроўны, 1919 г.н.,
студэнткамi Максiмчык А., Дыба Г., Сухой Ю. (2003 г.)
Каляндарныя прыкметы і павер’і
Еслі пад вечар багата зорак, то ноч будзе марознай. А сонца еслі заходзіць не за хмары, то будзе цёпла. Па сонцу ўзнавалі, і кагда абед. Стаіць забор, ад яго цень, еслі ад забора да канца цені шаг, то абед, час дня.
Варона ж каркае на дождж.
Еслі ўдод крычыць, то будзе холадна.
Картошку засыпаюць на семена на храненне на зіму ад мышэй у той дзень, кагда была галодная куцця. Гэта 18 чысла, перад Крашчэннем, а Крашчэнне – 19-га. Тады ўсё харашо ад мышэй храніцца. Мамка как-та маркоўку ў эты дзень палажыла, а буракі не, так крысы ўсе буракі паелі, а маркоўку не.
На Благавешчанне дзеўка не пляце касу, нее расчосвае валасы, таму што пцічка нават не пляце гнязда ў гэты дзень. Валасы ж падстрыгаюць, калі маладзік абойдзецца каб раслі больш.
Да Благавешчання не адкрываюць і акна, да Благавешчання не выносяць на вуліцу і качанае. Калісь ткалі палатнянае і яго жлукцілі, залівалі залою. А патом сырым качалі. На двор да Благавешчання яго ўжо не выносілі, а сушылі ў хаце. На Благавешчанне, калі пасадзіш куру на яйкі, то ў яе вывядуцца ўсе калекі, а то і ваабіэ загінуць.
Калісь я жыла, так свякруха гаварыла, што ў панядзелак жанчыне нікагда не трэба перадзявацца і мыцца. Не купалі дзень дзіця ў той дзень, калі ён радзіўся, да года. Каб здаровы быў. У пятніцу не ткалі, мая свякруха ў пятніцу толькі пер’е драла.
Прыкметы і павер’і ў радзінным абрадзе
Як бярэменная, нельзя брацца ні за што, калі пажар, бо дзецёнак будзе весь у красных пятнах. Ведаю такі случай. Быў пажар, жанчына схвацілася леваю рукой за галаву, так дзіця радзілася з фіалетавай ўсёй левай стараной і рукою, і два разы большаю. А яшчэ ў нас жанчына жыве, так яезавуць цвяток таму што ліцо ў яе цвятное. Відна матка, як ёй хадзіла, то схвацілася за што-та.
Як бярэменная, нельзя пераступываць і вяроўку, і аглоблю ў вазу, забор пералазіць, а то дзіцёнак будзе абматаны пупавінай. Эта такія случаі былі.
Жанчыне бярэменнай трэба быць спакойнай, нікуды не нада хадзіць, што-та аддалжаць. А то пойдзеш аддалжаць, а людзі могуць і адказаць.У каб мышы нічога ў іх не паелі, яны могуць кінуцьза бярэменнай што-ліба. Харашо, як хлеб кінуць, так дзіцёнак будзе хлеб есці, а як вугаль, мел, пясок, зямлю, тады дзеці, як растуць, так яны гэта ядуць сільна. Было такое, што дзеці дажа сцены абгрызвалі.
Быў случай такі, што дзед, калі работаў, еў семячкі. А ў іх была бярэменная жанчына. Яна папрасіла ў яго семячак, а ён не даў, да адвеціў, што “я не гарбуза”. І вот ён ёй не даў, а ў нас усю семянную картошку ператачылі мышы, і па кварціры тожэ мышы пайшлі. Кагда я спрасіла, што з картошкаю случылася, ён кажа: “У гэтым я вінаваты, у мяне Манька папрасіла семак, а я не даў”. Ён пайшоў на работу і сказаў ёй пра гэта. Кагда ён толькі высказаў гэта, так у нас мышы суняліся.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Прышчэп Ніны Мікалаеўны, 1933 г.н.,
студэнткай Жмачынскай Н.
Раз такая прымета была, што запомніла яе на ўсю жызнь. Гэта перад вайной было, я тады малая была яшчэ. Пашлі мы ў лес па ягады, былі з намі і дзеці, і старыя, і жанчыны. Чалавек нас мо пятнаццаць было. Ідом мы па лесу, тут навстрэчу, от так у глаза далася, і прытом усім, выходзіць гроб на чатырох нагах, ідзе, качаецца, а ў гэтым гробе поўна краві, аж выліваецца. Мы як папужаліся. А адна старая бабка нам і гаворыць: “Нешта страшнае, дзеткі, будзе, ці не вайна, ды яшчэ і чатыры гады.” Патом кудысь усё і дзелася, і не стала. Во як было!
А прыметы тожа былі такія, што вот нельзя было здаровацца, не пераступіўшы парог, аддаваць чэраз парог. Яшчэ, бабка мая казала, што як пераступіў парог, калі выходзіш, нельза абарачвацца, бо можа штось дрэннае з табой прыключыцца.
Пасля жніва абавязкова пучкі неслі ў царкву асвяціць, каб засцерагчыся ад агню і дажджу.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Лашкевіч Надзеі Адамаўны, 1925 г.н.,
студэнткай Жураўскай Т. (2004г.)
Прыкметы
Колiсь казалi, калi гусь стаiць на адной назе, то ета к вялiкаму холаду.
Там, дзе пакачаўся конь, нельга было хадзiць, бо будзе лiшай.
Калi нiзка над зямлёю лётаюць ластаўкi, то ета к дажджу.
Яшчэ казалi такое: калi сабака вые ўгору галавой, то ета на пажар, калi ўнiз, то на смерць.
Запiсана ў г. Хойнiкi
ад Раманчык Iрыны Андрэеўны, 1935 г.н.,
студэнткамi Максiмчык А., Дыба Г, Сухой Ю. (2003 г.)
Пад варотніцу яйкі клалі і ніткі, каб карова прыходзіла дадому.
Запісана ў в. Вялікі Бор
ад Дземідзенка Кацярыны Іванаўны, 1929 г.н.,
студэнткай Харошка В. М.
Першы раз выганялі скаціну на Юр’я. Перад гэтым абыходзілі кругом скаціны, абсявалі яе макам, абсявалі хлеў, каб аградзіць жывёлу ад злых духаў.
Запісана ў в. Стралічаў
ад Бордак Матроны Канстанцінаўны, 1938 г.н.,
студэнткай Харошка В. М
Рвалі веткі ліпы, ішлі ў царкву, свяцілі гэтыя веткі. Закраплялі ліпавыя веткі па абразах, над уваходнымі дзвярамі, каб выгнаць злых духаў з хаты, ачысціць паветра ад зла.
Запісана ў в. Стралічаў
ад Бордак Матроны Канстанцінаўны, 1938 г.н.,
студэнткай Герасіменка В.
Святая вада ад усяго памагае. Калі лажышся спаць, вазьмі святую ваду, трапі ў пасуду і папырскай етай вадой сваю краваць, як бы перакрысці.
Мёртавая вада – несвячоная вада, вада, што мыеш пакойніка. Ваду не надо ліць на двор. Нельзя, каб іголку, што шыюць падушку пакойніку, укралі, кажуць, што калі украдзеш, дак можна хлопца прываражыць.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1919 г.н.,
студэнткамі Вайтовіч К., Салаўёвай Т., Івашчанка О.
Прыкметы і павер’і ў пахавальным абрадзе
Калі нехта памрэ, так у хаце за пакойнікам вымятаюць, каб вымясці яго сляды, каб ён не вярнуўся. Таксама закрываюць зеркала, калі ў хаце пакойнік, каб не захавалася атражэнне мёртвага. А еслі хто ўбачыць пакойніка ў зеркале, таму самаму плоха стане. Партрэты мёртвага таксама закрываюць ці пераварочваюць. Там, дзе он ляжаў, калі яго снімуць, садзяць самага блізкага яму чалавека, ці матку, ці жонку, ці дзяцей, -- каб яго быстрэй забыць.
На кладбішчах, калі хароняць,то старыя людзі сыпяць таксама пясок за пазуху (за карак) самаму блізкаму чалавеку, каб таксама забыць яго быстрэй, каб ён не сніўся. Мне тоже сыпалі так, калі дзед памёр.
Калі выносяць з хаты гроб з пакойнікам, то сыпяць зярно. У стакан набіралі жыта ці ячмень, тое што расце, ставілі туды свечку, запалівалі і патом, кагда свечка згарэла, яе знімаюць. А эцім жытам сыпяць за пакойнікам. А эта для таго, каб радзіў хлеб пасля смерці блізкага. Жыта сыпалі са славамі: “Жыў, быў і няма”. І так паўтараюць тры разы.
У хаце, дзе мяртвец, нельзя, каб сабакі і каты бегалі. Кот ваабшчэ ў хаце, дзе пакойнік, прыкмета плахая.
Як пакойніка выносяць, стараюцца ўсё зрабіць і зварыць, і печ закрыць, каб у хаце добра ўсё было. Закрываюць печ і тады, калі нехта ў дарозе, каб у яго ўсё добра ды складна было.
А ў Крычаве кідаюць лапкі яловыя, калі вязуць пакойніка. Я раз спытала, чаму гэта робяць, дык мне адказалі, што гэта для таго, каб пакойнік не прыходзіў дадому, бо ён будзе ісці і паколець ногі. А ў нас так не робяць. Праўда ў нас, калі маладых хароняць, так усцілаюць дарогу цвятамі на той свет у паследнюю свадзебную дарогу.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Прышчэп Ніны Мікалаеўны, 1933 г.н.,
студэнткай Жмачынскай Н.
Уперад пакойніка нельзя ісці, штоб не ўмер упярод, у вокны глядзець нельзя.
Грошы кідаюць у ямку. Ета называецца пакойніку купіць сваю зямлю, штоб з яго там не бралі грошы.
Вот толькі як пакойніка возьмуць з лаўкі, дак тады ўжэ, хто такі самы раднейшы жывы астанецца, дак садзяць яго на тое месца, штоб ён трошкі пасядзеў, вот тады ён трошкі скарэй забудзецца.
У яму кідаць вяроўкі і палаценцы нельзя, патаму што як будзе ўставаць пакойнік на страшны суд, дак будзе блытацца з тымі палаценцамі.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г. н.
(перасяленка з в. Дворышча Хойніцкага р-на),
студэнткамі Салаўёвай Т., Вайтовіч К.
Калі чалавек памірае, апускаюць гроб на палаценцах, як памёр, абразаюць палаценца і аддаюць тым, хто капаў. Калі дзеўка памірала, то яе абязацельна на палаценцах спускалі, то не разразалі палаценца і не дарылі, бо яна не пайшла змуж, і падаркаў не давала, і каб на тым свеце пайшла замуж.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1919 г. н.,
студэнткамі Вайтовіч К., Салаўёвай Т.
Першую Куццю варылі з ячменю. Што астанецца з куцці, дык яе ўранні акружаць аборай і пасыплюць, каб куры з’елі, былі гуртам і нікуды не разыходзіліся. Калі адкрываюць куццю, глядзяць, ці іе раса. Калі іе, то будзе багаты год, так прыкмячалі людзі. Сена з-пад каляднай куцці звязвалі і вясной садзілі куру, каб выводзіліся кураняты.
Запісана ў в. Вялікі Бор
ад Дземідзенка Кацярыны Іванаўны, 1929 г.н.,
студэнткай Харошка В.М
Як сільна багата на Коляды звёзд – эта будзе грыбоў сільна багата, а як будзе хмурна – будзе такое даждлівае лета.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г.н.
(перасяленка з в. Дворышчы Хойніцкага раёна),
студэнткамі Салаўёвай Т., Вайтовіч К.
Гушчу з багатай куцці гаспадыня аддавала курам. Клала гушчу ў абруч з бочкі. Была такая прыкмета. Калі дамашнія куры, качкі, гусі з’ядзяць гушчу з гэтага абруча, то будуць яйкі несці добра і толькі ў сваім дварэ.
Запісана ў в. Велянін
ад Пугач Марыі Сцяпанаўны, 1929 г.н.
(перасяленка з в. Калыбань Брагінскага р-на),
студэнткай Санцэвіч В.
Сена, на якое ставілі куццю, звязвалі і хавалі да вясны. Вясной, як начыналі куры квахтаць, дык іх садзілі на стог сена, каб буў добры вывадак, каб ваділіся кураняты.
Запісана ў в. Вялікі Бор
ад Дземідзенка Марыі Сяргееўны, 1932 г. н.,
студэнткамі Бяспалай М., Харошка Н.
Свянцоную воду налівалі ў глыбокую тарэлку, туды клалі яйка, і ўсе члены сям’і павінны былі ўмыцца ў гэтай вадзе, каб быць здаровымі, дужымі і прыгожымі.
Шалуху з яек сыпалі на агарод, каб быў добры ўраджай.
Запісана ў в. Веляцін
ад Пугач Марыі Сцяпанаўны, 1929 г. н.
(перасяленка з в. Калыбань Брагінскага р-на),
студэнткай Галаўчук Н.
Зімовыя прыкметы і павер’і
Колькі на асенняга Юр’я снегу, столькі на вясенняга – травы.
Калі ў галодную куццю вісіць на лесе іняй, то пад восень будзе багата грыбоў.
Маладзік з задранымі ўгару рагамі абяцаў тыдзень моцных маразоў.
Якая пагода на Пакровы, такая і зіма.
Яркае і зорнае неба “на куццю” абяцала, што ў лесе будзе многа грыбоў, на полі добры ўраджай. А ў хляве добры прыплод жывёлы.
Запісана ў в. Настолле (цяпер г. Хойнікі)
ад Еўжанка Любові Аляксандраўны, 1930 г.н.,
Новак В.С.,
Студэнткай Касцюковай М. (2003 г.)
Каб у доме было добра і ціха дом будавалі з жывога высушанага дрэва. Нельга браць мёртвае, рыпучае (бо ў ім душа нябожчыка – грэшніка заключана) дрэва на будоўлю і тое, у якое трапіла маланка.
Каб засцярагчыся ад нячыстай сілы раней каля парога стаўлялі сякеру, а карову пры першым выгане на пашу застаўлялі пераступіць чераз яе. Старыя косы ці сярпы запіхвалі пад страху хлява, каб адвесці ад жывёлы дрэнны позірк.
Каб не было дрэннага ў хаце, у сям’і парог заўсёды павінен быць чыстым. Цераз парог нельга вітацца за руку і нешта даваць. А пасля заходу сонца наогул нельга выносіць мусор з хаты, аддаваць даўгі ці даваць у доўг – бо не будзе грошай. Цераз парог нельга вымятаць з хаты мусар. Насупраць увахода ў хату, парога нельга вешаць люстэрка, бо як прыйшло дабро у хату, так і пойдзе. Люстэрка б’ецца да няшчасця. Люстэркі ў хаце трэба таксама трымаць у чыстаце, каб наш адбітак у ім не атрымаў брудную негатыўную энэргію.
Калі бусел звіў гняздо у двары, гэта к згодзе, дабру і міру ў хаце. Нельга бурыць гняздо буслоў.
А калі стая варон злятаецца ў двор – гэта нядобра.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Пальцавай Аксаны Мікалаеўны, 1956 г.н.,
студэнткай Шаціла Н. (2004 г.)
Венік, смецце
Нельга венік пераступаць, а то ўмочышся ноччу.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г. н.,
студэнткамі Салаўёвай Т., Вайтовіч Н.
Як маладая ідзе замуж, дак яна далжна сама выткаць рушнік, бо гэта яе абяшчанне перад мужам быць з ім ўсё жыццё.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г. н.,
студэнткамі Вайтовіч К., Салаўёвай Т.
Ад засухі колісь казалі, што кідалі гладышку ў калодзец. Гладышку ўдава далжна была ўкрасці ў яўрэя. Далжна ўдава злавіць жабу і ў калодзец кінуць. У вёскі заўсёды ставілі красты з дзвюх старон, і каб удава за адзін дзень далжна была выткаць, напрасці і павесіць на гэтыя красты рушнік.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Хадасок Марыі Адамаўны, 1914 г. н.,
студэнткамі Вайтовіч К., Салаўёвай Т.
Нельзя было ткаць у забаронены дзень, патаму шта ета ж нельзя. Там быў такі дзень, калі можна ткаць, а ў кожны святы нельзя прасці, нельзя ткаць. Кажуць у нас: у пятніцу не прадуць, а ў суботу я нарадзілася. А чаго нельзя прасць, таго што ты прадзеш, тчэш із яго, а яно па-Божаму што-та е, вот і нельзя прасці у Коляды, у нядзелю. От раскажу вам. У первы дзень Каляд аж да Новага году нельга нічога рабіць. Ні рубаць, ні вязаць. А мы былі маладыя, неразумныя, нам ніхто нічога не казаў. А раней жа не было нічаго не абуць, не адзець, дык мы бралі ды такія чуні плялі, а ў нас была свінка-паросна. І што ж думаеце, было пяць парасят (прывяла) дык у іх усе ножкі пазакручваныя - эта ж е штосьці на свеце.
Нельзя ад Каляд да Новага года печку бяліць. Асобенна еслі есць жэншчына бярэменная, ці скот бярэменны, то родзіць, - прасціце мяне, - замажаш ёй праход, дзіця памірае.
Запісана ў г. Хойнікі
ад Рудабельскай Эміліі Людзвігаўны, 1913 г.н.
(перасяленка з в. Рудакоў),
студэнткамі Салаўёвай Т., Вайтовіч К., Івашчанка О.
 

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024