Пятница, 26.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

     Міхаіл МІХАЙЛЕЦ
                                                                                              ФАЛЬКЛОРНАЯ КАЛЕКЦЫЯ
                                                                                     ХОЙНІЦКАЙ ЭКСПЕДЫЦЫІ 1981 ГОДА

   Значная калекцыя фальклорных матэрыялаў з тэрыторыі Хойніцкага раёна прадстаўлена ў фальклорнай калекцыі аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая аб’яўлена Саветам Міністраў нацыянальным набыткам.
    Першая экспедыцыя па тэрыторыі Хойніцкага раёна была здзейснена супрацоўнікам Інстытута В. Скіданам у 1964 годзе. Вынікам яе сталі запісы  традыцыйных і сучасных песень розных жанраў, а таксама сучасных жартаў і анектотаў. Усе матэрыялы экспедыцыі захоўваюцца ў тэкставым выглядзе (ф. 8, воп. 1, спр. 98, сш. 1 і 4).
    Нашмат больш матэрыялаў прынесла навуковая экспедыцыя супрацоўнікаў Інстытута ў Хойніцкі раён 1981 года. У фальклорнай калекцыі тэкставыя запісы членаў экспедыцыі (І. П. Кабашнікава, І. І. Крука, Г. А. Барташэвіч, Л. П. Барабанавай, Л. М. Салавей) скаладаюць пяць асобных спраў. Акрамя таго, у фондзе фоназапісаў захоўваюцца магнітафонныя стужкі з аудыёзапісамі фальклорных твораў, зробленых падчас гэтай экспедыцыі (усяго 24 стужкі з 81 вопісу 20 фонда).
    Матэрыялы, сабраныя Г. А. Барташэвіч, паходзяць з вёскі Амелькаўшчына (ф. 8, воп. 81, спр. 182) і ўключаюць у сябе апісанне народнай драмы “Як у цары гулялі”, этнаграфічныя звесткі пра лекавыя травы і спосабы іх выкарыстання, апісанне абрадаў на такія святы як Троіца, Юр’я, Провады русалкі, Гуканне вясны, Вербная нядзеля, Масленіца, Купалле, абрады Пахавання стралы, выклікання дажджу, а таксама апісанне пахавальнай абраднасці. Справа змяшчае таксама тэксты васьмі прыказак і прымавак, пяці замоў, песень (лірычных, вясельных, веснавых, шчадровак, партызанскіх і часоў Грамадзянскай вайны).
    Значную цікавасць і навуковую вартасць маюць матэрыялы, сабраныя І. П. Кабашнікавым, Г. А. Барташэвіч і І. І. Круком у вёсках Барысаўшчына і Амелькаўшчына (ф. 8., воп. 81, спр.183). Яны ўключаюць у сябе апісанне святкавання Каляд з абрадамі “Конь” і ваджэння казы, народную драму “Цар Максімільян”, тэксты казак “Пра Марку багатага”, “Пра калдунняў”, “Пра сіняга”, “Як хлопец дзеўку любіў”, “Пра курку рабку”, “Пра чорта і бабу”, “Пра велікана”, “Пра кветку”, “Пра Фядота-стралка”, “Пра Копуля і пра Івана”, “Пра Ямелю-дурачка”, “Пра Іваньку-інцюрыста і Валодзьку-гімназіста”, “Пра купца”, “Пра гора”, “Пра трох братоў”.
    Фальклорныя матэрыялы з вёсак Слабажанка, Глінішчы і Віць прадстаўлены ў запісах І. П. Кабашнікава і І. І. Крука (ф. 8, воп. 81, спр. 184). Сярод іх вялікая калекцыя песень: 68 вясельных, 30 лірычных, 15 калядных і шчадровак, 10 жніўных, 5 юр’еўскіх, 3 русальных, 3 ваенных, 2 вялікапосныя, 2 турэмныя, па адной бурлацкай, веснавой, жартоўнай, масленічнай песні. У справе змешчаны таксама тэксты васьмі вясельных пажаданняў, шасці прыпевак, пяці замоў, трох прыказкак, апісанні святкавання Каляд, Провадаў русалкі, карагода.
Запісы Л. П. Барабанавай (ф. 8, воп. 81, спр. 185) зроблены ў вёсках Амелькаўшчына і Рашаў. У іх багата прадстаўлены песенны матэрыял: вясельныя (19), калядныя і шчадроўкі (11), лірычныя (9), балады (3), веснавыя (3), па адной сенакоснай, партызанскай, жартоўнай, купальскай і песня на Радуніцу. Сярод матэрыялаў даследчыцы таксама 15 прыпевак, 12 загадак, 7 апісанняў карагодаў, 4 апісання дзіцячых гульняў, адна казка. Традыцыйная абраднасць рэгіёна багата прадстаўленая апісаннямі святкавання Каляд, Гукання вясны, Пахавання стралы, Вялікадня, Юр’я, Троіцы, Провадаў русалкі, Троіцы, Купалля.
Разнастайныя фальклорныя творы, запісаныя ў вёсцы Амелькаўшчына, прадстаўлены ў запісах Л. М. Салавей (ф. 8, воп. 81, спр. 186). Сярод іх калекцыя песень (23 лірычныя, 5 балад, адна чумацкая, адна казацкая, адна вясельная, адна шчадроўка і адна русальная), пяць прыпевак, этнаграфічныя звесткі пра чарадзеяў і ведзьмаў, тры народныя прыкметы, апісанні святкавання Каляд, Новага года, Масленіцы, Троіцы, Капалля, Пахавання стралы, а таксама паданне “Пра дачку і бярозу” і казкі “Чаму жанчына не мае часу”, “Пра камара і аводня”, “Чараўнік на вяселлі”.
М. А. Міхайлец,
кандыдат гістарычных навук,
загадчык сектара захавання фальклорнай спадчыны
аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў
ІМЭФ імя К. Крапівы НАН Беларусі

Брагінска-Хойніцкая экспедыцыя 1981 г.
Ф. 8, воп. 81, спр. 183.
Зап. К. П. Кабашнікаў
№ 1 Святкаванне Каляд "Конь"
в. Барысаўшчына, Барысаўшчанскі с/с,
Хойніцкі р-н, Гомельская вобл.
Інфарматары:
1) Віннік Марыя Данілаўна, 1911 г.н.;
2) Талюк Лука Назаравіч, 1915 г.н.,
жыхар суседняй вёскі Віць;
3) Пракопенка Якаў Мартынавіч, 1908 г.н.
Зап. Канстанцін Паўлавіч Кабашнікаў у 1981 г.
ІМЭФ імя К. Крапівы НАН Беларусі

Каляды звязаны з нараджэннем Хрыста, у гэты час наладжваліся гульні. Такія гульні называліся шчадрухай. Шчадравалі ўсе – дарослыя і дзеці. Яны хадзілі па-пад вокнамі і па хатах, гуртам, са звяздой, канём і казой. Удзельнікі гульняў пелі рэлігійныя песні, звязаныя з нараджэннем Хрыста, а затым арганізоўвалі і выпіўкі. Больш за ўсё цанілася гульня з канём. Гэта ваенная гульня. У склад гэтай гульні ўваходзілі сам цар са сваёй світай, былі тут і рыцары з воінам, княгіня з доктарам, цыган, яўрэй і сам дзед-мароз.
У гульні з канём аднаго разу ўдалося ўдзельнічаць і мне [Талюк], гэта было ў 1927 годзе, у 12 год, роля мая была жэнская і называлася княгіняй, падобна нашай снягурачцы. Адзет я быў у жэнскае адзенне, у ботах, апрануты валянай суконнай хусткай. У сваё апраўданне гаварыў такія словы:
– Я, княгіня Кацярына, па ўсім полі хадзіла, усё поле схадзіла, падымуся пад самыя воблакі, апушчуся на сіняе мора, на марсавае [марцава] поле.
После мяне гаварылі другія:
– Богі мае, богі, што я бачу, што я чую…
[Далей Талюк слоў не ведаў].

Конь абыкнавенны, з галавы як жывы. Такі конь з бумагі слеплены, грыву, хваста чапляюць, а тады так дугу абгоняць, ужо абруч такі, ужо асінавы ці што, вось так апінаюць і на воіна вешаюць – казак носіць яго. Ну а жандармы ўжо ходзяць пад вокнамі, пытаюцца, ці можна з канём пагуляць. Ну, хазяін разрашыць, і тады ўжо ўсе ідуць, начальства ўсё, у хату, хто ў ём участуе, у етым кані. Усе гуртом заходзяць, і тады цар ужо:
– Здрастуйце, гаспада, здрастуйце. Чаго маўчыце, разве вам языкі папрысыхалі?
– Папрысыхалі, нада прамачыць, пастарайцеся!
– Адпушчу бочку-саракавушку, дам чорнага хлеба на закуску [гарбушку]. Давольна з вас будзе?
– Давольна.
– За ета "давольна" пакараю вас павольна турэшчынай, нямеччынай, трэйцяе месца, катора самі пажалаеця.
– Паслушайце, рабята: здзесь крутыя горы, нянасныя пагоды, буйныя вятры, жаркія агня, здзесь нам жыць няльзя. Што я слыхаў за непрыятнасць, што какой-та цар Андрон ідзець на мяне вайною, хаціць мяне зваяваць, войска мае забраць. Не знайшоўся б такі чалавек смелы, умелы, вумны, разумны, хто мог ба грозна і смела стаяць, непрыяцеля адбіць?
Ну, тады ўжо ўваходзіць воін ці казак [тут у інфарматараў не было адзінай думкі і ўпэўненасці] і гаворыць:
– Я магу грозна-смела стаяць, непрыяцеля адбіваць. Сіла не вазьмець, лошадзь паб'ець, кроў гарачую разаллёт.
Гуляў я ў чыстым полі, пацяшаў рускую волю, а хто мяне хоча ўбіць, пушчай мой меч ізмерыць.
Уваходзіць ужо воін:
– На горы стану – горы трашчаць,
На воды стану – воды кіпяць,
На караб стану – караб павярнецца,
На зямлю стану – зямля здрыганецца.
Я – воін Аніка, сем лет ваяваў, шашкі не ачышчаў, зваяваў руска-прускую граніцу, на руска-прускай граніцы пёк булкі-паляніцы, галушкі катаў – у Торань пападаў.
Усе рабята здзесь?
– Усе.
– Прашчайце, гаспада.
[Чые зараз пойдуць словы, інфарматары дакладна не вызначылі, меркавалі, што княгіні].
– Што ты за рыцар, што ты за марац, што ты ўсех князей прэпаручаеш? Ка мне ўсе князя-багатыры з'язджаюцца, славу-чэсць аддаюць, а ты мне хаціш падасці хітрасцю, сэрца маё разрубіць, кроў гарачу разліць.
– Да я не хачу падыйсці к табе хітрасцю, я хачу з табой біцца-рубіцца, на войструм мячы расхадзіцца.
[Кабашнікаў: – Гэта хто хоча біцца?
Інфарматар: – Рыцар із воінам. А тады ўваходзіць княгіня, пачынае гаварыць. Яшчэ ж Адолька, цараў сын.]
– Я, Адолька верны друг, умесце пілі, умесце елі, умесце к дзяўчатам на вячоркі хадзілі. А за што на мяне папаша рассярчаў, хаціт галаву зняць, но ні ён зніме, я зніму, свой меч падхвачу, ва гроб палажу. Ідзі ні пабядзі.
А тады ўжо княгіня:
– Я, княгіня Кацярына, па ўсём полю хадзіла, усе поле карыла, адно Марца непакорна. Падымусь-падымусь пад самыя аблака, апушчусь-апушчусь на сіняе мора, на марцава поле. Еслі злой Марац не явіцца, маяму мячу (маёй сіле) не пакарыцца, нашлю на яго тучы-молніі, патаплю войска яго.
Воінаў было штук 5, маленькі ролі ў іх.
Цар гаварыў больш за ўсіх. Яшчэ спявалі песні.
Што ж то за воін ваяваў,
Адзін ён у полі ваяваў||.              – 2 разы
Конную пеш(ч) пешаваў.
Праходу мальчык не даваў.        – 2 разы
Цяпер жа бярыця рубіць,
Не плачце горко аба мне.            – 2 разы
Гэта ўжо спяваюць, як усе чыста з хаты выходзяць.
А гэтыя ролі пераігралі, затым – вызваць сюды доктара. А доктар вызваў дзеда і гаворыць:
– Чым, стары, жалішся?
– Да ногі баляць.
– Тваі ногі паставіць на парогі, кіпятком апарыць, малатком ударыць – будуць як прэжнія былі.
А кравец ужо, ета яўрэй, там прышые што-небудзь ды атарве.
– Я ня ўмею ні шыць, ні кроіць, толькі латачку прыстроіць.
Паследняму дзеду заіграла музыка, пайшлі яўрэй, дзед і цыган танцаваць. А цыган дурыў:
– Дай, бацю, конікам аўса, дай, бацю, гарэлкі, дай, бацю, хлеба.
А ўжо дзед, да ўжо цыган там у печ лазяць, цягнуць, што там па каморках і ўсюды. А тыя ж на "начальства" глядзяць, на цара, воіна.
Музыка была – гармошка, танцавалі "Гапака".
Доктар:
– Я лячу-праўлю, на ногі стаўлю. Ва ўторак чуць свет прыходзіла ка мне 77 чалавек. Я ўсі адправіў на той свет.
Як каня ўбіралі, гэта ўжо для прыкраскі, прама нахраст лентамі такімі, ну як ўсё роўна конь запрэжаны.
А яго дзелалі з такіх лазовых сухіх палачак пад фігуру каня, абцягвалі мацерыялам і клеям абклеівалі, тады бумагай разукрашвалі, і ён лёгкі, ну форменны конь. Уся аддзелка была, што паглядзіш на гэтага каня – гэта дзейсвіцельна конь. Усе ў шашках былі драўляных.
– Цяпер жа бярыце, рубіце,
Не плачце горка аба мне –
і тут ужо шашкі бразкацяць.
Спявалі і такія песні:
За Уралам за ракой
З казакамі драўся,
А казакі непрацякі,
Вольныя рабята.
І яшчэ:
Цар на шаблю апіраўся
[…] стаяў,
Падоўгу з мілаю прашчаўся.
Ні сказаў: душа, прашчай.
Па лінеячке хранцузскай
Прадвадзіцель рускі цар.
У адказ на словы княгіні Марац гаварыў:
– А богі мае, богі, што я бачу, што я чую (што я віжу, што я слышу), што жэнска плоць-непрыятны голас па полю таскаецца, сама сабой выхваляеца, на мяне, Марца, наразаецца.
Адольку вялі, каб галаву рубіць:
– Цяпер жа бярыця, рубіця.
Не плачця горка аба мне.        – 2 разы.
Цар меў пагоны, шапка без кіціц, тры красты, а ў астальных воінаў былі высокія шапкі з кіціцамі. А ў цара быў цаліндр. Ну як вядро, а ў эціх – конусныя шапкі, як трубкі, што на канхветы круцяць.
Я круг здзелаў, перагаврыў і ў сторану, а потым другі выходзіў і таксама казаў сваё.

Брагінска-Хойніцкая экспедыцыя 1981 г.
Ф. 8, воп. 81, спр. 183.
Зап. Г. А. Барташэвіч
№ 2 Народная драма "Цар Максімільян"
в. Амелькаўшчына,
Хойніцкі р-н, Гомельская вобл.
Інфарматар:
Саўчанка Ігнат Іванавіч, 92 гады.
Зап. Галіна Аляксандраўна Барташэвіч,
ІМЭФ імя К. Крапівы НАН Беларусі

– Дзядуся, дык вот вы мне раскажыце, колькі чалавек хадзіла з гэтымі царамі.
– Дванацаць чалавек.
– Ну і што, і ўсе яны былі аднолькавыя?
– Не, не аднолкавыя, разныя ж былі: скараход буў, бурмалей буў, была княгіня – разнае такое вот было.
– У кожнага была свая роля?
– Свая роля.
– А быў адзін цар, а ўсё эта былі ўжо яго падчыненныя?
– Адолька, гэта ўжэ ўродзі наследнік.
– А як цара звалі?
– Ну, цар, цар да і ўсё.
– А Адолька, эта ўжо быў яго наследнік?
– Яго наследнік.
– Гэта значыць сын.
– А хто яшчэ там быў?
– Ну, княгіня была, эта жэншчына, ну бурмаліл (бурмаіл), патам скараход, ну доктар буў, жыд буў, дзед буў.
– І музыкант быў?
– Ну а як жа.
– Дзядуся, скажыце, а як гэта развучвалі, кожны павінен быў нешта сваё гаварыць?
– Не, буў спецыяльны ўстаў такі, ну вабшчэ састроены, кромі нас, а з естага уставу завучалі так вот, як і цяпер кніжкі вучаць, што нада, завучалі, значыць, і патом, называўся ўжэ цар, скараход; скараход гэта самую бальшую роль іграў.
– Ну што ён прыходзіў і што-небудзь гаварыў?
– Ну расказваў, прыходзіў; па хатах жа хадзілі, ета не то што там дзе-нібудзь у клубі, тады ж і клубаў ні було, па хатах хадзілі; вот пріходзяць, просяцца: "Пусціце з царамі пагуляць". – "Ідзіце". Ну і пріходзюць у хату, значыць, прадстаўляюць сваё ета; кончылі ў етай хаці, піряходзяць у другую хату. Просяца ж, не то што так нахальна ідуць.
– Эта адны і тыя ж хадзілі кожны раз?
– Адны.
– А яны ўжу зарань вывучылі тое, што трэба гаварыць?
– Ну.
– А хто іх навучаў?
– Ну дык я ж вам гаварыў, што быў устаўчык такі напісаны.
– І хто-небудзь арганізоўваў гэта ці так ужо самі арганізоўваліся?
– Самі.
– Не то што каб хто з горада ці адкуль прыехаў?
– Не, з горада нікога не было.
– Ну і што яны там з шаблямі, ці як яны былі апранутыя?
– Ну падзеланыя шаблі былі дравяныя, ну пакрашаны краскаю, абарудаваны, а еты ўжу цары каждага адзёжа: у бармаліла свая адзёжа, у скарахода свая адзёжа, у Адолькі свая адзёжа, у цара свая адзёжа, і сколькі было там іх і ўсі ў сваёй адзёжы. Адзёжу шылі з бумагі самі, партны тут буў у нас адзін.
– Дзядуся, а што гэта галоўны цар гаварыў, не помніце?
– А што ён гаварыў? Ён сваю роль іграў і ўсё.
– А вы не помніце, якая была ў яго роль, што ён там прадстаўляў?
– Ну спрашываў, спрашываў у Адолькі: "Дзе ты буў раней, чаго не явіўся раньшы?"
– Ну а Адолька, што яму казаў?
– "[Па] Волгі-речкі катаўся і з разбойнічкам відаўся".
"А вас многа там было?"
"Дзвінаццаць чалавек".
"А еслі б я там буў?"
"І вам ба б галава з плеч".
Ну ён атвячаў: "Ці можна сыну царскаму Адольку прі Волгі-речкі катацца, з разбойнічкам відацца?"
– Ну і што ён атвячае?
– Ну атвячае, значыць, ну кажны за сваё дзела атвячаў.
– Ну а тады з Адолькаю рабілі што ці не?
– Не, не. Ну было так, гульня була такая, ігралі.
– Ну і доўга яна цягнулася гэта гульня?
– Ну, пака ўсе не выскажуць сказы свае.
– А што бармаліл высказваў?
– Ну што ён тожа катаўся, значыць, і тожа так ваяваў, значыць, і там наказваць нада за ета. Ну і яўрей жа буў, і дзед буў.
– А што яўрэй гаварыў?
– Яўрэй бальшую роль іграў.
– Ён пра што гаварыў?
– Ну гаварыў пра то, што паложана было яму. Пытаецца ўжу ў яго скараход: "Што ты відзеў там прі Волгі-речкі?" – Ён гаворыць: "Многа відзеў чаго". – "Ну што там?" – "Разбойнікаў многа відзеў". – "А как ты?" – "А я, – гаворыць, – ня мяшаўся ў ета дзела".
І так яно адно за адно чаплялася і шло так.
– А цыган? Цыган прадстаўляўся проста, штукі разныя рабіў, ці тожа што гаварыў?
– Не, мала ён гаварыў.
– А пра што княгіня гаварыла?
– А княгіня гаварыла так вот, кагда бармаліл гаварыў, што нападае, значыць, дак ён гаварыў ужо, бармаліл, што "я перад сабою відзець віжу і слышаць слышу, што ты за княгіня, пракрасна дзявіца, тока па ўсіх палях таскаеце, на мяне, бармаліла, наразаеце. Я дзенна-ночна сплю, да войстры шашкі тачу, а табе на бок голаву звярну". Ну і так кажды расказвае такое.
– Ну а што княгіня яму атказвала?
– Ну дак яна же і атвячала ета, што "я па ўсіх палях таскаюся, на цябе... наразаюся".
– А што рабіў мужык?
– Мужык? Там жа мужыка ўжу не було.
– Ну там што – і танцавалі?
– Ну а як жа, музыка іграець і танцуюць.
– І песні якія пелі?
– І песні пелі.
– А якія песні? Салдацкія, мабыць?
– Не, такія, вабшчэ, так сказаць, як яно было па ўставу напісана, такія і пелі.
– А якія па ўставу былі напісаны?
– Напісаны, што, значыць, як вам сказаць, ну, чалавек той займаўся тым, а той тым.
– А дзе гэты ўстаў бралі?
– Дык яго ў раёне бралі. Спеціяльна разрашэнне было, так нільзя было, толькі разрашэнне.
– А хто разрашэнне даваў?
– Паліцыя.
– А як паліцыя не разрашае, дык і не вадзілі?
– Не, ну яна ўжу мала ўказанне на эта.
– Гэта яшчэ да рэвалюцыі ў цара гулялі?
– Ага.
– Ну і да каго ў хаты заходзілі, з каго пачыналі?
– У любой хаце, начыналі з канца і да канца. Хто гаварыў не нада, туды не заходзілі. Скараход ходзіць і пытаецца, ён адзін ідзе, а ўсе стаяць на дварэ, а як ён спрасіў, значыць, разрашаеце, тыя, на вуліцы, ідуць у кварціру і начынаюць прадстаўленне сваё.
Што ж, хадзілі, красіва було. Убор жа буў увесь, увабраны, значыць, у касцюмах, патом эці палеты былі рознага колеру, шапкі былі разныя.
– А пан у вас быў у вёсцы?
– Не.
– І пану не паказвалі?
– Не. Можа яно ў другіх, эта, знаеце, не ў каждым месце, не ў каждым раёне. У нас не была етага.
– Дзядуся, а вы, кажуць, ў рэвалюцыі ўдзельнічалі. Дзе вы тады былі?
– У арміі быў, патом партызаніў да етага таксама.
– На той на германскай вайне былі таксама?
– Да, буў. Ранены, два раза ранены. У мяне ж во тут пранізнула пуля, дак вот цяраюся, цяпер вот з галавой на старасць стала плоха, – расказваю што-небудзь і путаюся, забываюся.
(...)
– Дзядуся, яшчэ хачу запытацца пра тыя цары, вы самі ўдзельнічалі?
– Ну.
– А каго вы там прадстаўллі?
– Скарахода.
– Дык вы добра ведаеце, што скараход казаў, скажыце мне, што ён казаў.
– Ну прыходзіць скараход, просіцца: "Пусціце з царамі пагуляць". Разрашаюць. Ён уходзіць і гаворыць: "Вот звініце, гаспадар, што я прібыў к вам сюда, ізвініце аб том, што я ў адзеянні худом, у меня есць мундзір другой, светла-празднічный галубой, як я пайду яго надзяваць, дак будзіце ўремя долга ажыдаць. Звініце, – гаворыць, – пачценні гаспада, січас явіцца цар Максімільян к вам сюда". Ну ён пріходзіць, царь, у хату, там якая скамейка стаіць, ён гаворыць: "Для каго еты сільный трон саружон?" – "Для цара Максіміл'яна". – "Я, – гаворыць, – як сажуся на еты сільный трон, дак трасёцца зімля перада мной. Ясуджу вінных, невінных, правільных, неправільных; еслі я, – гаворыць, – не па-правільнаму суджу, знясі мяне, божа, на сіняе мора, на жоўтыя пяска, дзе цару Максіміляну жыць таска".
Тады вызываіш, штоб нам Скараход явіўся з паклонам  к цару. Скараход яўляіцца: "Здраствуй, цар Максімілян, я прібыў к вам сюда". – "Я цібе вот загадаю дзела". – "А якое, цар, дзела?" – "Узяць ніпасредствінна вызваць сына Адольку ка мне".
Ну і я ўжу вызываю. Ну і ён пріходзіць, к яму падходзіць, астанаўліваецца і гаворыць: "Здрасце, папаша, какіе дзела павелічаеце, зачэм мяне вызываеце?" – "Дзе ты раньшы быў, пачаму не пріхадзіў?"
Ён ужу расказвае, што прі Волгі-речкі быў, катаўся, з разбойнічкамі відаўся, – і вот эта ўжо, сколькі вас было, спрашываець, і так і так расказываець.
"А еслі б я, – гаворыць, – там буў?" – "І вам ба б галава з плеч". Вот ён гаворыць: "Ці можна сыну царскаму Адольку прі олгі-речкі катацца, з разбойнічкам відацца?"
Вызывае мяне абратна: "Скараход, з паклонамі явіцца перада мной". Ну, я яўляюся: "Што, цар Максімільян, требуець?" – "Узяць майго сына Адольку, завезці ў цёмну цямніцу, адпусціць яму пол кружкі вады, сухар хлеба і давольна с няго".
Астальныя гавораць: "Казніць, казніць, за ета нільзя прасціць".
– Ну і што, і казнілі таго Адольку?
– Не.
– А што яго толькі вазьмуць і выведуць, ці тут ён астаецца?
– Не, астаецца ён у радах. Тады зноў вызываюць скарахода, патом яўрэя вызываюць.
– Цар вызывае яўрэя?
– Не, скараход, ета яго роль. І старіка ўжо вызываюць.
– Ну а што ім гаворыць цар?
– Ну, пашыць, значыць, сыну Адольку на смерць разнае плацце с халста, так ён ужу і прыкладае.
– Эта яўрэю такі загад?
– Ну, яўрэю. Так ён атвячае, што "паш'ем, паш'ем с свінога хваста". – "Да какіе хвасты паганяеш, гавары правільна, а то галаву зніму," – я ўжэ так на яго гавару. Ну і ён яшчэ што-небудзь такое прыдумае, я ўжо і сам пазабываў.
– А што старыку ён гаворыць?
– А старыку ўжэ захараніць яго, как-будта яго ўжэ ўніштожылі, сказнілі, дак ужэ захараніць нада Адольку. Дык ён прыйдзе ўжэ к яму да пастаіць, да гаварыць: "Наследніка схаранілі, сам нездароў стаў". Тады ўжэ доктара вызываюць.
– А каго доктар лечыць?
– Дак ён спрашываець, ён... лячэнне якое, хіба тады. "Што ты, старічок бальны". – "Бальны". – "Я віжу, які ты бальны, як альховы пень. Што цябе на сяле бабушкі лячылі?" – "Лячылі". – "Я, – гаворыць, – панімаю бабскія лекі: с хвартушка ды ў пялёнку да ўсё старіку ў галёнку". Да і гаворыць: "Дак чым жа ты, старічок, бальной?" Ну ён гаворыць брухам, там, вухам, гаворыць ён, прідстаўляе. "Я віджу, старічок, чым ты бальной, ты бальной, як альховы пень. Дак што ў цябе баліць?" Дак ён гаворыць: "Вуха". – "Дак вот тваё вуха, пріставіць шчалабанскую муху, штоб ні было старіка чэраз тры мінуці духу", – і так далей. Яшчэ што – башку. "Вот тваю башку завязаць у мяшку, варам пріваріць, тры разы чакухай ударіць – будзіць здарава".

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024