Пятница, 19.04.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
 Таццяна МАРОЗАВА,
 к. ф. н., дацэнт

                                                                            ФАЛЬКЛОРНАЯ ПРАКТЫКА Ў ХОЙНІЦКІМ РАЁНЕ:
                                                  ПА СТАРОНКАХ РЭГІЯНАЛЬНАГА АРХІВУ ВУЧЭБНА-НАВУКОВАЙ ЛАБАРАТОРЫІ БДУ

     Фальклорная практыка студэнтаў з 60-х гадоў ХХ ст. з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбнага працэсу пры падрыхтоўцы спецыялістаў-філолагаў. Адбылося гэта дзякуючы намаганням выкладчыкаў філалагічнага факультэта БДУ Веры Анісімаўны Захаравай і Ніла Сымонавіча Гілевіча. Менавіта яны яшчэ ў той час прыйшлі да разумення неабходнасці фіксацыі і наступнага выдання твораў фальклору, як і распрацоўкі рэгіянальнага напрамку збіральніцка-выдавецкай дзейнасці.
     Самыя першыя выязныя экспедыцыі студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта БДУ здзейснілі ў 1965 годзе, і адбылося гэта на тэрыторыі Заходняга Палесся. У гэты час выкладчыкамі фальклору толькі наладжваліся сувязі з прадстаўнікамі ўлады ў пэўных раённых цэнтрах, распрацоўвалася методыка збіральніцкай работы і назапашваўся арганізацыйны вопыт. На месцах плануемых экспедыцый неабходна было дамовіцца аб размяшчэнні і сілкаванні студэнтаў, аб мясцовым транспарце. Калі камандзіровачныя выдаткі на суткі (“сутачныя”) для студэнтаў і выкладчыкаў аплочваў БДУ, то на мясцовыя ўлады клаўся клопат па прыманні экспедыцыі. Адпаведна той час можна назваць прапедэўтычным у адносінах выкрышлізоўвання методыкі арганізацыі выязных планавых экспедыцый. Не апошнюю ролю ў адборы тэрытарыяльна прыярытэтнага напрамку збіральніцкай дзейнасці адыгрывалі тыя абставіны, што выкладчыкі – арганізатары практыкі – былі родам з мясцін, у якіх планавалася экспедыцыя. Менавіта таму напачатку ўвага студэнтаў і выкладчыкаў БДУ была скіравана на Палессе. А ў пачатку 80-х гадоў ХХ ст. у планах збіральніцкай студэнцкай практыкі з’явіўся Хойніцкі раён Гомельскай вобласці.
     Аналіз фальклорных матэрыялаў з фондаў рэгіянальнага архіву Гомельскай вобласці, якія цяпер захоўваюцца ў вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору пры кафедры тэорыі літаратуры БДУ, паказаў наступнае. Па-першае, экспедыцыя ў Хойніцкі раён ладзілася адзін раз у 1982 г. сіламі студэнтаў, якія былі накіраваны загадам рэктара на праходжанне фальклорнай практыкі менавіта ў дадзены раён. Адпаведна гэта была выязная планавая экспедыцыя, якая, тым не менш, мусіла стаць абмежаванай па ахопу адміністрацыйных адзінак. Абумоўлена гэта было тым, што вёскі Тульгавічы, Глінішча і Ломыш, дзе працавалі студэнты, аказаліся настолькі багатыя на фальклорную спадчыну, што часу праходжання практыкі ледзьве хапіла на тое, каб запісаць як мага больш твораў ад мясцовага насельніцтва. Па-другое, пасля 1982 г. запісы з Хойніцкага раёна ў архіў лабараторыі беларускага фальклору БДУ не траплялі, што было абумоўлена правядзеннем экспедыцый у іншых абласцях Беларусі, у тым ліку і ў іншых раёнах Гомельскай вобласці. Кардынальна сітуацыя выправілася напачатку новага стагоддзя, калі ў архіве з’явіліся фальклорныя запісы з Хойніцкага раёна, зробленыя ў 2000, 2003, 2005 і 2006 гг. Гэта ўжо былі не планавыя або выязныя экспедыцыі студэнтаў і не разавыя паездкі, ажыццёўленыя супрацоўнікамі навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору БДУ [* 1], а фальклорныя практыкі студэнтаў філалагічнага факультэта па месцы жыхарства [* 2]. Дадзеная акалічнасць сведчыць на карысць таго, што такія студэнты добра ведалі носьбітаў фальклору і мелі магчымасць зафіксаваць самае “дарагое” для інфармантаў – творы, якія “чужым” не давяралі (замовы, галашэнні, плачы, духоўную паэзію.
     Летапіс экспедыцый вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ сведчыць аб наступным.
    І. Планавая выязная экспедыцыя на тэрыторыю Хойніцкага раёна, як мы ўжо сказалі вышэй, ладзілася адзін раз – у 1982 г. Гэта была вельмі плённая экспедыцыя па колькасці зафіксаваных песенных твораў фальклору, хаця абследаваны былі, як мы згадвалі, толькі тры вёскі – Тульгавічы, Глінішча і Ломыш. З запісаў бачна, што ўзрост інфармантаў на той час быў вельмі паважаны: у некаторых год нараджэння пазначаны 1905-м, 1906-м і 1907-м, што на год правядзення экспедыцыі складала 77 і больш гадоў. Калі прааналізаваць запісы, зробленыя ў Хойніцкім раёне ў 2000-я гг., можна ўбачыць, што тут узрост інфармантаў “узвышаецца” і ніжэйшай часавай планкай з’яўляюцца ўжо 1930-я – 1950-я гады нараджэння. Хаця назіраюцца і выключэнні. Так, у 2000 г. студэнтка Г. Л. Сакалоўская зрабіла запісы ад перасяленкі з вёскі Тульгавічы К. С. Туравец (1912 г. н.), якой на той момант было 88 гадоў! Супастаўленне новых запісаў з існуючымі паказала, што падчас экспедыцыі 1982 г. ад гэтага інфарманта творы не запісваліся. Такім чынам, названыя матэрыялы значна ўзбагацілі архіў лабараторыі, а не сталі паўтарэннем ужо запісанага, нягледзячы на тое, што запісаны яны былі ў вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці, куды сям’я інфарманта пераехала пасля Чарнобыльскай катастрофы. Гэтыя запісы каштоўныя ўдвая, улічваючы тое, што афіцыйна вёска не існуе з 1986 года [* 3].
    ІІ. Падчас планавай студэнцкай экспедыцыі былі зафіксаваны творы большасці жанравых разнавіднасцей сямейна-абрадавых вясельных песень, каляндарна-абрадавых і пазаабрадавых сацыяльных і бытавых, дзіцячага фальклору і малых жанраў – прыказак, прымавак, загадак. Значна менш запісана твораў казкавай і няказкавай прозы. І гэта не дзіўна. У нашым артыкуле, прысвечаным фальклору Мазырска-Прыпяцкага Палесся, мы звярталі ўвагу на гэтую акалічнасць. Справа ў тым, што, па сведчанні кіраўнікоў практык, якія разам са студэнтамі займаліся збіральніцкай дзейнасцю на месцах, інфарманты з лёгкасцю спявалі, больш ахвотна ўспаміналі менавіта песні, “сыпалі” прымаўкамі і прыказкамі, анекдотамі, апавядалі пра жыццёвыя здарэнні. Што датычыць казкавай прозы, успаміналі творы з неахвотай, выкарыстоўваючы ў якасці адмовы штампы тыпу “часу няма”, “трэба сена грэбці”, а то і зусім “не памятаю” ці “стамілася” і да т. п. [1, с. 234].
     У 2000-я гг. вопіс Хойніцкага раёна, акрамя вышэйназваных жанраў, папоўніўся і новымі разнавіднасцямі песень. Так, збіральнікі звярнулі ўвагу на спадчыну перыяду Вялікай Айчыннай вайны (тылавыя песні, рэалістычную прозу – успаміны), творы гарадскога фальклору, у тым ліку гарадскіх субкультур (блатной, фанацкай), а таксама дыскурсіўную прозу (тлумачэнні сноў, прыкметы, адказы на пытанні праграмы-апытальніка). Адзначым, што фальклорная проза ва ўсёй яе разнастайнасці пачала запісвацца студэнтамі філалагічнага факультэта толькі з другой паловы 90-х гадоў, калі выкладчыкамі фальклору кафедры тэорыі літаратуры Рымай Мадэстаўнай Кавалёвай і Вольгай Віктараўнай Прыемка быў падрыхтаваны спецыяльны апытальнік “Метадычныя ўказанні і праграма-апытальнік да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў І курса філалагічнага факультэта” (Мінск, 1995). У дадзеным выданні было прапанавана пашырыць разуменне фальклорнай адзінкі да адказу інфарманта на адно пытанне з праграмы-апытальніка, у тым ліку і па этнаграфічных тэмах, звязаных з хатнім бытам, будаўніцтвам, звычаямі, перасцярогамі і інш. Увесь гэты масіў адказаў прапаноўвалася класіфікаваць у адпаведнасці з прызначэннем. Названыя заўвагі праз 11 гадоў былі дапрацаваны ў новым выданні “Фальклорная практыка: метадычныя рэкамендацыі і праграма-апытальнік” (аўтары-складальнікі Р. М. Кавалёва, В. В. Прыемка, Т. А. Марозава), якое выйшла ў свет у 2008 годзе [*4].
     Такім чынам, параўнальны аналіз зафіксаваных на тэрыторыі Хойніцкага раёна і захоўваемых ў вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ фальклорных твораў паказаў, што жанрава-відавы склад адзінак фальклору характарызуецца яскравым дамінаваннем песенных твораў – каляндарна- і сямейна-абрадавых, пазаабрадавых бытавых, сацыяльных, рознатэматычных прыпевак. Дастаткова поўна прадстаўлены парэміялагічны фонд (прыказкі, прымаўкі, загадкі), сфера дзіцячага фальклору (калыханкі, пацешкі, дражнілкі, дзіцячыя гульні, лічылкі, страшылкі), часткова – замовы. Сустракаюцца творы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, сярод якіх, акрамя песень, маюцца запісы няказкавай рэалістычнай прозы, у прыватнасці ўспаміны. Найменш зафіксавана празаічных жанраў казкавай і няказкавай фальклорнай прозы, а духоўных вершаў і псальмаў, твораў народнай драмы зусім не выяўлена. Прычым увага збіральнікаў да твораў дыскурсіўнай прозы (ці адказаў інфармантаў на пытанні аб мясцовых звычаях, забабонах, перасцярогах, персанажах вышэйшай і ніжэйшай міфалогіі, будаўніцтве, арганізацыі хатняга побыту і многім іншым) з’яўляецца ў тых справаздачах студэнтаў, якія датуюцца 2000 гадамі. Дзякуючы гэтаму вопіс Хойніцкага раёна вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ папоўніліся запісамі некаторых відаў фальклорнай прозы, у большай ступені – каляндарна-святочнай і сямейна-абрадавай, у меншай – няказкавай, смехавай, магічнай. На жаль, зусім не сутракаюцца запісы міфалагічнай прозы (аб прадстаўніках вышэйшай і ніжэйшай міфалогіі). Акрамя таго, як паказваюць запісы, студэнты працягваюць актыўна запісваць фальклорныя творы ў вёсках, прычым дамінуюць у іх справаздачах усё роўна аўтэнтычныя песні розных жанраў, што сведчыць аб адзінстве развіцця і наследаванні фальклорнай традыцыі.

     ЗАЎВАГІ
     *1. Каб пазбегнуць блытаніны ў назвах лабараторыі беларускага фальклору БДУ, лічым мэтазгодным даць наступную даведку.
     Да 1981 года ўсё фальклорныя запісы захоўваліся на кафедрах, якія ажыццяўлялі фальклорную практыку, – беларускай літаратуры і рускай савецкай літаратуры. Калі, дзякуючы пастанове Савета Міністраў БССР ад 1 студзеня 1981 г., БДУ былі вылучаны сродкі для правядзення даследаванняў па беларускім фальклоры і дыялекталогіі, у складзе Праблемнай НДЛ сацыялагічных даследаванняў (якая існавала як структурнае падраздзяленне Навукова-даследчай часткі БДУ) быў утвораны сектар “Даследаванне беларускага фальклору і дыялекталогіі”. Сектар афіцыйна функцыянаваў на філалагічным факультэце, і з часам у ім была сканцэнтравана ўся збіральніцкая фалькларыстычная дзейнасць: практыкі па фальклору і дыялекталогіі, рэгулярныя комплексныя экспедыцыі супрацоўнікаў. Адразу пасля адкрыцця сектара пачалі фарміравацца архівы з фальклорнымі і дыялекталагічнымі запісамі і фонаархіў, запісы з якіх класіфікаваліся і рыхтаваліся да выдання.
    Загадам па БДУ ад 14 лістапада 1985 г. на базе сектара “Даследаванне беларускага фальклору і дыялекталогіі” была створана навукова-даследчая лабараторыя беларускага фальклору і дыялекталогіі пры кафедры беларускай літаратуры. Фінансаванне лабараторыі ажыццяўлялася на аснове навуковых праектаў.
    1 красавіка 2003 г. вучоным саветам Навукова-даследчай часткі БДУ было прынята Палажэнне, у якім афіцыйна замацоўвалася новая назва лабараторыі як лабараторыя беларускага фальклору. Скасаванне ў назве “і дыялекталогіі” было абгрунтавана тым, што з 1996 г. навуковыя даследаванні этналінгвістычнага характару ў лабараторыі не распрацоўваліся, а матэрыялы дыялекталагічных практык пачалі канцэнтравацца ў архіве новастворанай на філалагічным факультэце кафедры гісторыі беларускай мовы, якая з 1997 г. пачала самастойна ажыццяўляць дыялекталагічную практыку.
    1 красавіка 2005 г. загадам па БДУ НДЛ беларускага фальклору была рэарганізавана ў вучэбна-навуковую лабараторыю (ВНЛ) беларускага фальклору на бюджэтнай аснове фінансавання (упершыню ў гісторыі).
    *2. Фальклорная практыка студэнтаў БДУ з 1994 г. ажыццяўляецца выключна самастойна па месцы жыхарства з прадстаўленнем справаздачы аб выніках збіральніцкай дзейнасці. Планавыя палявыя экспедыцыі з таго часу здзяйснялі толькі супрацоўнікі навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору філалагічнага факультэта, на базе якой у красавіку 2005 г. была створана вучэбна-навуковая лабараторыя. Нагадаем, што, у адпаведнасці са Стандартам па фальклорнай практыцы, на сённяшні дзень у ВНУ Беларусі афіцыйна зацверджаны наступныя формы ажыццяўлення вучэбнай практыкі па фальклору:
1) выезд груп з навуковым кіраўніком у запланаванае месца экспедыцыі (на фінансавых умовах аплаты ўсіх выдаткаў ВНУ);
2) пры адсутнасці фінансавання:
    2.1. самастойнае праходжанне практыкі студэнтамі па месцы жыхарства з прадстаўленнем справаздачы аб выніках збіральніцкай дзейнасці; 2.2. праца ў архіўных фальклорных фондах пры кафедры, якая ажыццяўляе практыку ў ВНУ; 2.3. праца па індывідуальных праграмах (замежныя студэнты).
    *3. Вёска Тульгавічы Хойніцкага раёна “ўвайшла” ў 30-кіламетровую “зону адсялення” і зараз не існуе на карце Беларусі.
   *4. Адзначым, што у 2009 г. у Выдавецка-рэдакцыйны цэнтр БДУ названымі аўтарамі быў прадстаўлены дапоўнены і дапрацаваны рукапіс дадзенага дапаможніка. У ім змешчаны асобным раздзелам карагодныя песні (карагоды), а таксама прадстаўлены патрабаванні да афармлення выніковай справаздачы студэнтаў у электронным варыянце і на аўдыё(відэа)носьбітах.

     ЛІТАРАТУРА
1. Марозава, Т. А. Фальклор Мазырска-Прыпяцкага Палесся: з вопыту палявых экспедыцый студэнтаў і выкладчыкаў БДУ // Палявая фалькларыстыка: даследаванне лакальных культур Беларусі: зб. артыкулаў / уклад. І. Ю. Смірновай; пад навук. рэд. В. А.Лабачэўскай. – Мінск: БДУКіМ, 2008. – С. 229–235.

     Рыма КАВАЛЁВА,
      к. ф. н., дацэнт
                                                                    ФАЛЬКЛОРНАЕ ЛЕТА 1982 ГОДА Ў ХОЙНІЦКІМ РАЁНЕ

      Вёскі Тульгавічы, як, на жаль, і многіх іншых палескіх паселішчаў, ужо няма на карце сярод “жывых”, але ў нашай удзячнай памяці застаўся яе вобраз, просты і прывабны адначасова, – хаты, іх начынне, двары з калодзежамі, вуліцы, сады, сенажаці, рэчка Віць, усё, што так міла і люба воку беларуса, а ў сэрцы – яе людзі, тыя, каго навукоўцы называюць носьбітамі фальклорнай традыцыі. Чарнобыль – катастрофа не толькі экалагічная, яшчэ больш жудасныя яе наступствы для народнай культуры, непаўторнай у сваіх мясцовых варыянтах. Некалькі старонак, прысвечаных фальклору вёсак Тульгавічы, Глінішча, Ломыш і некаторых іншых, якія даследаваліся студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1982 годзе, калі яшчэ нічога не прадвяшчала страшнай падзеі 1986 года, – вельмі малы ўнёсак у справу прэзентацыі і навуковага апісання духоўнай спадчыны жыхароў Хойніцкага раёна, па-свойму багатай, цікавай, разнастайнай.
      Вёска Глінішча была абрана для даследавання свядома. Студэнты вельмі хацелі пабываць на радзіме Івана Мележа, аўтара славутай “Палескай хронікі”, каб адчуць тое культурнае асяроддзе, якое паўплывала на фарміраванне мастацкага мыслення пісьменніка, надало адметныя рысы стылю яго твораў. І Глінішча нас не падманула. Пра Мележа расказалі не кнігі, а людзі, з якімі ён рос, гуляў, купаўся ў Прыпяці, сябраваў. Таварыскі, прыязны, завадатар і ўдзельнік усіх забаў дзетвары, высокі, прыгожы, дужы юнак – аб такім Мележу расказаў яго родзіч, Канстанцін Іванавіч Мележ (1923 г.н.), якога Іван навучыў пераплываць Прыпяць. Пачуццё справядлівасці, бясстрашнасць, актыўная жыццёвая пазіцыя былі ўласцівы Івану Мележу з дзяцінства. Калі ў піянерскім лагеры, дзе ён быў разам з Косцікам, дзяцей пачалі дрэнна карміць з-за недагляду загадчыка гаспадаркі (а можа, і крадзяжу прадуктаў), Іван адгукнуўся на гэта выпускам сатырычнай сценгазеты. За падобную смеласць, сказаў Канстанцін Іванавіч, маглі ў тыя часы не толькі пакараць, але і турнуць з лагера, паведаміць у школу. Мер выкаранення самастойнасці і незалежнасці тады хапала. Праўда, на той раз усе абышлося.
      Надзвычай цікавы быў расказ Аляксея Нічыпаравіча Бельскага, мясцовага медработніка (1930 г.н.), з сям’ёй якога Іван Мележ быў вельмі блізкі. Са старэйшым братам ён вучыўся ў адным класе, малодшага Алёшу заўсёды браў у лес, на рэчку, вучыў катацца на веласіпедзе, а ў хату да Бельскіх прыходзіў слухаць радыёпрыёмнік, якім (першым на вёсцы) быў узнагароджаны бацька Бельскіх, старшыня перадавога калгаса. Іван не проста слухаў радыё, а запісываў вершы і песні, якія яму падабаліся. Бацька Мележа вучыў сына бандарскай справе, расказваў яму казкі, якія потым Іван пераказваў малым. Калі ў Глінішчы прывезлі першы кінафільм – “Мы из Кронштадта”, то ніхто іншы, як Іван Мележ, гучна каменціраваў для астатніх гэты “нямы” фільм. Пасля вайны браты Бельскія не вельмі часта сустракаліся з Іванам, прычым той неяк вінавата спасылаўся на няхватку часу: “Пішу, пішу…”. Калі паслухаем ўспаміны людзей пра Івана, становіцца бачна, як усе дэталі яго даваеннага жыцця, калі ніхто не мог прадракаць будучай славы пісьменніка Мележа, складваюцца ў нейкі лагічны ланцуг выспявання таленту.
      На фальклорную практыку ў в. Тульгавічы я паехала з шасцігадовай дачкой Марынай, таму была некалькі абмежавана ў магчымасці запісваць фальклор, назіраць за яго бытаваннем у натуральных умовах. Тым не менш наша гаспадыня Марыя Міхайлаўна Зых (1916 г.н.) і яе суседзі амаль цалкам задаволілі маю цікавасць да мясцовага красамоўства, каляндарных свят, сямейных абрадаў.
     У сваім маўленні Марыя Міхайлаўна даволі часта і заўсёды да месца ўжывала трапныя выразы. Для яе – “восень на рабым кані едзе”. Пагадзімся, што ў горадзе такога не пачуеш. А пра людзей, якія, маючы вялікую дзялянку зямлі пры сядзібе, яшчэ заводзяць лецішча, Марыя Міхайлаўна па-філасофску сказала: “Прэдзелу багаццю няма”. Характарызуючы аднаго мужыка, яна заўважыла: “Як п’ян – капітан, а праспіцца – свінні баіцца”.
     Дарэчы, пра гэтую жывёлу. Карову Марыя Міхайлаўна ўжо не трымала, гадавала толькі кабанчыка. Увесь дзень ён неяк своеасабліва, на розны лад, з рознай інтанацыяй рохкаў у сваім хлеўчуку. Мы называлі яго гаварлівым. Здавалася, што кабанчык быццам размаўляе сам з сабою, часам спакойна, часам дапытліва-здзіўлена, а то і крыху трывожна, ну проста як чалавек.
Шэраг прыказак, прымавак, выслоўяў запісалі студэнты: “Куды ні датыкнешся – усюды Іван бедны”, “Куды ні кінуся – асадзі назад”, “Улезла, як жаба ў гразь”, “Улезла – ні ўзад, ні ўперад”, “Кладка такая, што хоць катком каціся”, “Пашлі дурнога, а за ім другога”, “З гразі ды адразу ў князі”, “За аднаго бітага дзесяць нябітых даюць, ды і тых не бяруць”, “Галодны з’есці і боршч халодны”, “Кожная хата горам напхата”, “Без камандзіра і войска гіне”, “Не пераскочыў, дык не кажы гоп”. Асабліва цікавымі нам падаліся выразы, дзе прысутнічае жаночы пункт погляду. З аднаго боку, сярод іх назіраюцца калі не песімістычныя, то ва ўсякім разе не натхняльныя: “Пой, як пяецца, а выйдзеш замуж, усё мінецца”, “Муж не бес, а жонку б’е”. З другога боку, прыказкі і выслоўі давалі жанчынам карты ў рукі, прычым казырныя, каб падкрэсліць уласную годнасць праз кпіны з мужчын: “Такога малайца (вар.: жаніха) я і з гліны зляплю”. Антытэза хлопцы-дзеўкізнаходзіць выражэнне і ў тапанімічна адзначаных гумарыстычных прыпеўках:

                                                     Тульгавічскае сяло,
                                                     Чым яно акружано?
                                                    Вілкамі, лапатамі
                                                 Да хлопцамі гарбатымі.

                                                Тульгавічскае сяло,
                                                Чым яно акружано?
                                                 Соснамі, асінамі
                                             Ды дзеўкамі красівымі.

       Будні і святы, сур’ёзнае і вясёлае, жарты і праца складалі ў Тульгавічах, як і ў іншых палескіх вёсках, тое гарманічнае адзінства, якое абумоўлівала танальнасць каляндарна-абрадавай паэзіі. Праз увесь цыкл гадавых свят і абрадаў праходзіць клопат пра ўраджай, дабрабыт, будучае сям’і. Натуральным чынам у каляндарны фальклор уключаюцца прыказкі-парады, на якія, відаць, арыентавалася не адно пакаленне вяскоўцаў:            
                                                                                Сей авёс у гразь, будзеш князь.
                                                                             А рож-барыня любіць у залу да ў пару.
      На пытанне пра Каляды М. М. Зых сказала, што яны адзначаюцца паўсюдна, але ў розных вёсках з рознай ступенню пышнасці. Напрыклад, у Кажушках і Барысаўшчыне гэта адно з галоўных святаў, а ў Тульгавічах, хоць і калядуюць, аддаюць перавагу Юр’ю. Тут прынята, каб мужчыны ахвяравалі на карысць царквы накалядаваныя грошы. “Цяпер усё звялося,” – заўважыла наша гаспадыня, але, здалося мне, перабольшыла. Калядныя песні мы запісвалі ад людзей рознага ўзросту, я, праўда, ад 75-гадовай суседкі – Надзеі Дзмітрыеўны Міхед (1907 г.н.). Яна праспявала шырока распаўсюджаную калядку пра трох госцікаў: “першы госцічак – дробен дождзічак, другі госцічак – ясен месячык, трэці госцічак – ясна сонейка”. Да іх прыходу гаспадара заклікаюць належным чынам падрыхтавацца – устаць з пасцелі, адчыніць дзверы, замясці двары, станавіць сталы, сцяліць скацеркі. І нечакана для мяне Надзея Дзмітрыеўна заўважыла: “У каго дзяцей няма, адзінокія, без дзяцей, тым спяваюць”. Нідзе пра такую функцыю твора я не чула і не чытала. Такім чынам, дзякуючы тульгавіцкім матэрыялам высвятліўся дадатковы нюанс адрасацыі калядных спеваў. Наступная вельмі прыгожая калядка-псальма пра імянарачэнне сапраўды адрасавалася ўсёй сям’і. Яна складаецца з дзвюх частак. Першая – малюнак двара, агароджанага чырвонаю ружаю, на якім святы вараць рыбку Багародзіцы на радзіны, другая – уласна пошукі імя для немаўляці па кнізе, адмаўленне ад імя Пётр на карысць Ісус Хрыстос. Толькі праз сапраўднае імя Божая Маці дзіцятка “да й злюбіла, сынам назвала”. Падзеі ў песні апісваюцца так, быццам бы яны адбываюцца тут і цяпер, на гэтым двары, на вачах гаспадара і калядоўшчыкаў. Можа, таму Ражаство пад час калядавання перажывалася беларусамі неяк асабліва інтымна, сардэчна, чулліва.
     Тэма сватання распрацоўваецца ў калядках у розных варыянтах і версіях, у тым ліку ў гераічнай. Вялікае войска вершнікаў рухаецца да горада, але не на вайну, а за краснай панначкай. Вобраз паходу ўражвае сваёй маштабнасцю – “то не дымы, с коней пара йдзе”, таму разумееш гараджан, якія імкнуцца адкупіцца ад малайца, выводзячы каня, даючы грошы, утаймоўвае яго толькі трэці дар – паненка. Прыгажосць маладой пары нясе адзнакі нябеснай. Пра хлопца кажуць – “месяц сышоў”, на дзяўчыне “шапачка як месяц свеціць”, “пярсцёнак – ручанька ззяе, русая каса след замятае”. “Таткаў двор заззяў”, як уз’ехалі на яго маладыя. Святло і ззянне – спадарожнікі дзяўчыны з песні “У лузе, лузе каліна красна”. Здаецца, сама зара спусцілася з неба: “Па двару хадзіла – увесь двор красіла, // Увайшла ў сені – сені заззялі”. Пра дзяўчыну, да якой сваты прыходзяць проста на поле, дзе яна жне пшаніцу, калядка “А ў полі, полі да на раздолі”. Толькі дарма. Прыстойная паненка з годнасцю адказвае: “Сватайце мяне ў таткавым доме”.
      Калядкі сведчаць пра багатае эстэтычнае асяроддзе чалавека фальклорнага. Адсюль становяцца зразумелымі асновы тонкага эстэтычнага густа тульгаўскіх жанчын, маральнага выхавання дзяцей і моладзі, у рэшце рэшт глыбей спасцігаеш вобразы мележаўскіх гераінь, добрых, сціплых, працавітых, прыгожых, вытанчаных. Яны не прыдуманы аўтарам, а нібы ўзяты з жыцця – цяжкага, але афарбаванага ў паэтычныя колеры святочных песень.
      Далікатнасць нашых спявачак вельмі ярка праявілася ў тых выпадках, калі надыходзіла чарга зневажальных песень, дзе сустракаліся не вельмі прыстойныя, на іх погляд, словы, якія яны імкнуліся замяніць на іншыя. Як вядома, скупыя гаспадары, што не адорваюць калядоўшчыкаў, могуць пачуць: “А ў етай хаце // Нечага даці: // Салому таўкуць // Пірагі пякуць. // А сучку ўбілі, // Сала тапілі”. Па інерцыі жанчыны пачалі яшчэ адну: “А ў полі грушка, // А ў домі цвяток, // А в нашага хазяіна // Кіла як гаршчок...” І раптам: “Ой, не пішыце гэта, неяк нядобра”. Пытаюся: “А як?” Даюць варыянт: “Нос як гаршчок”.
      Цікава, што ў кожнай жанчыны былі свае любімыя часткі каляндарнай абраднасці і песень. Калі для Н. Д. Міхед гэта калядкі, для Ганны Міхайлаўны Купрыенка, сястры нашай гаспадыні, – вяснянкі, то для яе самой – юраўскія, русальныя, жніўныя песні. Ад Вольгі Іванаўны Галай (1913 г.н.) запісалі шэраг жартоўных канцовак да калядак: “Калядзін, калядзін, // Я ў бацькі адзін”, “Каляда, каляда, // Падавай пірага” і інш. Анастасія Аляксандраўна Малачэнка (1915 г.н.) праспявала надзвычай добрую шчадроўку “Ой, дзе мы ходзім, пахаджаем” з такім вобразным ланцужком: у гаспадара Мікола за сталом – з яго слязы ручайкі пайшлі – з ручайкоў стала возера – у возеры сам бог купаўся – запрашаюць бога на вячэру – на цясовых сталах кубачкі ў тры радкі – віно зеляно то хазяіну, мядок саладок то хазяюшцы, шчасце ды доля для іх дзетачак. Зачароўваюць спалучэнне боскага і людскага, пераходы ад звычайнага да звышнатуральнага, гульня памерамі і прапорцыямі і апошні вобраз – кубак з шчасцем і доляю для малодшага пакалення. Чарнобыль пазбавіў тульгавіцкіх дзяцей не проста прытулку, а шчасця роднага кута, дзе спакон веку жылі іх продкі. Шчасце і доля ў песні мудра не канкрэтызуюцца, каб кожны зразумеў, што для яго найдаражэйшае і чаго не хапае.
     Палескае калядаванне рэдка абходзіцца без ваджэння “казы”. Класічная песня “Го-го-го, каза” ў выкананні Любові Трафімаўны Рэвяка (1923 г.н.) з в. Глінішча ўяўляла сабой цікавы прыклад спалучэння частак з розных тэкстаў і фінальнай партрэтнай характарыстыкі казы: “А ў нашае козкі // Залатыя рожкі, // Чорная грыва, // Сама чарнабрыва”.
     Існавала ў Хойніцкім раёне традыцыя гукання вясны. Сястра Марыі Міхайлаўны праспявала “Ой, весна, весняначка” і патлумачыла: “Ета калі дзецьмі былі, на вуліцы пелі. На вуліцы гоман! Там адзін табун гуляе, там другі, кожнае па сваёй роўні”. Далей яна без перадыху заспявала веснавую песню з вельмі цікавым рытма-меладычным малюнкам і трайным паўторам цотных радкоў, прычым у трэці раз гукі расцягваюцца:
                                                                                            А вжэ весна, а вжэ красна,
                                                                                            А з стрэх вада капле,
                                                                                            А з стрэх вада капле,
                                                                                            А з стрэ-э-х ва-да ка-а-пле-е...
       Больш сур’ёзная Марыя Міхайлаўна заспявала баладную песню пра нядобрую свякроў, што закляла нялюбую нявестку ў таполю, “Ажаніла маці сына, сына паняволі // Да ўзяла нявестку да не да любові”. Як вядома, балады прымяркоўваліся да пастоў, складаючы разам з духоўнымі вершамі ядро паставога рэпертуару.
      Нам не ўдалося запісаць велікодных песень, можа, таму, што спецыяльна не шукалі. Адно можна сказаць дакладна: у Хойніцкім раёне існавала традыцыя духоўных вершаспеваў. Пра гэта сведчыць сэнсава звязаны з Пасхай духоўны верш “Сон Прэсвятой Багародзіцы”, запісаны ў в. Глінішча ад Любові Рыгораўны Чарняк (1936 г.н.), мясцовай жыхаркі, кіраўніка фальклорна-этнаграфічнага гурта. Багародзіца распавядае сыну, што бачыла яго ў сне “каванага, рубанага, прабічаванага, к крэсту распіналі, шукшынай пераразалі, кроў гарачу пралівалі”. І сын гаворыць маці, што ўсё гэта “шчыра праўда”.
      З вуснаў М. М. Зых мы пачулі традыцыйную беларускую прыказку пра Юр’я: “Два Юр’і да абодва дурні: адзін галодны, а другі халодны”. Пра веснавога, галоднага, Юр’я яна расказала наступнае: “Навек на Юр’я хвасты худобе падразалі. Кажуць, на Юр’я расу самы празднік худобе. Адна жонка казала, кароўка ў яе не ўставала. А выгнала на юр’еву расу, так і ўстала. Даўно казала, ламышанская жонка, не наша… Колісь царква була. Так на Вербніцу вербу свяцілі, так той вярбою і выганялі тавар”. Разам з сястрою Ганнай Марыя Міхайлаўна праспявала дзіўную юраўскую песню, якая, на наш погляд, патрабуе ўважлівага вывучэння і асэнсавання:

Далей

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Апрель 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024