Пятница, 29.03.2024
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0

                                                                                 Караль Прозар
                                                                      (каля 4. XI. 1759, Болцін на Жмудзі – 1. XI. 1841, Хойнікі)
     Адным з самых знакамітых уладальнікаў Хойнік быў Караль Прозар. Сапраўды, ён не адно пан-прыгоннік – уласнік вялікіх маёнткаў, тады як масы яго сялян маглі жыць у нястачы. Для гісторыі найперш – гэта чалавек, які ўсяго сябе прысвяціў служэнню Айчыне. Яго жыццё з’яўляецца выдатным узорам патрыятызму і для сённяшняй моладзі. Варта звяртацца да памяці асобы вялікага абознага і не адно ў пэўныя гадавіны...
    Падрыхтаваць сістэматызаваную работу ва ўмовах раённага цэнтра складана, калі размова заходзіць пра старасветчыну, але і асобныя факты з жыцця і дзейнасці К. Прозара ўяўляюць немалую цікавасць. Іх можна з годнасцю выкарыстоўваць на ўроках гісторыі пры разглядзе тэмы "Наш край”.
     Аб паходжанні роду
    Марыян Дубецкі (Karol Prozor, oboźny W. W. Ks. Litewskiego... Kraków, 1897), спаслаўшыся на сямейны архіў Прозараў, падаў версію, нібы ў канцы XVI ст. адзін з князёў Празароўскіх на імя Пракоп перасяліўся з Расіі ў Вялікае Княства Літоўскае, дзе недалёка ад Дзісны атрымаў маёнтак Празарокі. Пазней прозвішча было скарочана да формы Прозар, а яго носьбіты, дзеля прызнання шляхецкай роўнасці, адмовіліся ад свайго княскага тытула, змяніўшы адначасова і герб: замест дзвюхгаловага арла (!) у левай частцы – палова арла з пярсцёнкам у дзюбе, а ў правай – тры зоркі; на шчыце княжая мітра. 
    Сам аўтар у княскае паходжанне Прозараў, што праўда, не верыў, але інфармацыя пра гэта была перанесена ў кнігу "Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна”. Яна, аднак, абвяргаецца геральдыстам графам Севярынам Урускім. Апошні пісаў, што на пячатках XVII ст. той самай радзіны Прозараў выяўлены толькі тры зоркі, а палова арла і княжая мітра дабаўленыя ў XVIII ст. Відавочна, тады ж складзена і легенда аб Пракопе, бо ўжо ў попісе войска ВКЛ 1528 г. сярод баяраў Вількамірскага павету названы Мацей* Прозар. Інакш кажучы, Пракоп моцна "спазніўся” з перасяленнем. І наогул, асноўныя ўладанні Прозараў заўсёды знаходзіліся ў Літве; маёнтак Празарокі, верагодна з-за сугучнасці назвы і прозвішча, прыпісаў ім М. Дубецкі, бо нават у сямейнай легендзе пра яго – ні слова.
       Вядома яшчэ, што наш герой называўся "графам на Хойніках і Астраглядавічах”. Як гэта растлумачыць?
     Заўважана, што княскія роды ў Рэчы Паспалітай асобныя не галоўныя, але даволі значныя маёнткі, называлі "графствамі”. Напрыклад, Міхал Сервацы Вішнявецкі ад 1733 г. падпісваўся "князем на Вішняўцы”, але "графам на Брагіне”. Статус графства Брагінскіх добраў, зразумела, быў неафіцыйны. Ігнацы Шуйскі пісаўся "на Жэрэбужу, Хойніках і Яснагародцы", г. зн. быў іх уладальнікам, меў тытул князя і пасады харунжага ваяводства Брэсцкага, старасты Ялоўскага1. Парадніўшыся з князямі Шуйскімі, К. Прозар мог спакусіцца на тое, каб "графам” назвацца. Дарэчы, у сямейным архіве Шуйскіх і Прозараў Хойніцкі маёнтак неаднаразова і называны "графствам". Гэткім шляхам урэшце рушылі паны Ракіцкія, калі завалодаўшы Брагінскімі добрамі Вішнявецкіх, пажадалі звацца "графамі". Адразу, як адбыўся выкуп маёнтку ў 1754 г., Францішак Антоні, а пазней у вядомым "Акце абмежавання Брагінскага графства” ад 1776 г. і яго нашчадкі палкоўнік пяцігорскі Міхал ды ротмістр Ашмянскага павету Алаізы Ракіцкія на тытул як быццам яшчэ не прэтэндавалі. Іх жа спадкаемцы ў часы Расійскай імперыі, калі дазваляла займаная пасада, дык бывала і паспяхова, даводзілі сваё права на графскую годнасць.
     Больш за тое, як засведчыў Браніслаў Клечыньскі, у 1813 г. імператар Напалеон Банапарт даслаў з Дрэздэна абознаму ордэн Ганаровага легіёну, а разам і патэнт на графскі тытул. Пасля, у 1829 г. імператар Мікалай І, падпісаўшы вызваленне К. Прозара з казематаў Петрапаўлаўскай фартэцыі, назваў яго графам, як бы прызнаючы папярэдняе наданне. Увогуле абозны быў надта выбітной асобай. Увесну 1787 года ён абраны маршалкам Галоўнага Літоўскага Трыбунала – вышэйшага апеляцыйнага суда Княства, да якога з 1726 года перайшла частка функцый Скарбовага трыбунала, напрыклад, кантроль за даходамі дзяржаўнага скарбу. У 1787 – 1793 гг. у чыне генерал-маёра – на пасадзе вялікага абознага ВКЛ, г. зн. мусіў, калі б да таго дайшло, займацца раскватараваннем войск: выбарам месца пад лагер, яго ўмацаваннем. У сярэдзіне 80-х гг. быў адзначаны вышэйшай узнагародай Рэчы Паспалітай – ордэнам Белага Арла, а таксама ордэнам Святога Станіслава.
      Апошні наезд у Хойніках
     Як і калі Прозары займелі дачыненне да Хойнік?
    У 1782 годзе бацька Караля, віцебскі ваявода Юзаф Прозар ажаніўся з удавой князя Адама Шуйскага, старасты загальскага, княгіняй Марыянай з дому Халецкіх. А 16 студзеня 1783 года ўжо сам Караль, не шукаючы сабе партыі ў асяроддзі паненак старэйшых, хоць бы і пры двары караля Станіслава Аўгуста, пабраўся шлюбам з маладзейшай ад яго ледзьве не на дзесяць вёснаў дачкой княгіні Людвікай Канстанцыяй.
    Чакалася, што пасагам Людвікі, адзінай спадчынніцы па бацьку, стануць Хойнікі. Але не ўсё было так проста. Хойніцкі маёнтак з ключом Астраглядаўскім, які месціўся, дарэчы, у Оўруцкім павеце Кіеўскага ваяводства (цэнтр быў у Жытоміры) Каралеўства Польскага, знаходзіўся пад апекаю князёў Шуйскіх, старастаў ніжынскіх. Спачатку прычынай гэтага было малалецтва князя Адама, а пасля яго смерці (ва ўзросце 23 гадоў, за некалькі тыдняў да нараджэння дачкі) – малалецтва Людвікі. Апекуны, паводле М. Дубецкага, маглі штогод атрымліваць 60 тыс. злотых з маёнтку, але за 20 гадоў, выбіраючы каля 100 тыс., займелі 2 млн. злотых. Вяртаць жа Хойнікі законнай уладальніцы і па выйсці яе замуж не жадалі.
    Таму давялося Каралю Прозару, як Графу ў неўміручай паэме Адама Міцкевіча "Пан Тадэуш”, зрабіць, хоць і не крывавы, але наезд на хойніцкі маёнтак, каб сілай прымусіць апекуноў паважаць правы спадчынніцы. Выканаў гэтую акцыю яго plenipotent або ўпаўнаважаны шляхціч Гадзяеўскі з групай узброеных людзей.
    Войцех Шуйскі, стараста ніжынскі, які жыў  у Яснагародцы пад Кіевам, пісаў сваім людзям у Хойнікі, каб узбройваліся і разам з лоеўскімі яго падданымі выступалі супраць брагінцаў (людзей Гадзяеўскага), што сам выязджае "także nie bez ludzi”, маючы намер са зброяй у руках вярнуць Хойнікі якім заўгодна коштам ("...і żeby jeden na drugim ginął – dobyć!.. jak najsurowiej zalecam!..”).
     Да вайны, аднак, справа не дайшла – ліст апынуўся ў вернага Прозарам Гадзяеўскага. Былі скаргі Шуйскіх на гвалт у гродскі суд Жытоміра, абразы на адрас "гвалтаўнікоў”, потым – перамовы з восені 1783 да 1785 года. Скончыліся яны станоўча для князёўны Людвікі. 

      Недзе ад 1788 г. К. Прозар стала пасяліўся ў Хойніках, сур’ёзна займаўся гаспадарчымі справамі, каб вызваліць маёнтак ад цяжару даўгоў, якімі аблыталі яго неахайныя апекуны. Тады ж, верагодна, быў збудаваны і новы сядзібны дом. У гэтым, так бы мовіць, "палацы", сярод векавых ліп і клёнаў, у цішыні, якая толькі ўвесну парушалася галасам жаб, шчабятаннем балотнага птаства ды спевамі салаўёў, працякалі тыя шчаслівыя дні Людвікі і Караля Прозараў, калі ім выпадала быць разам. Гаспадыня нярэдка бавіла час за чытаннем кніг (у прыватнасці, Ж. Ж. Русо) і ігрой на фартэпіяна, а муж яе, акрамя чытання, удасканальваў сваю англійскую мову (веданне французскай і нямецкай было тады звычайнай з’явай), займаўся з дасланымі з Англіі мікраскопамі, электрарухавікамі і рознымі даведнікамі, напрыклад, – аб выкарыстанні электрычнасці ў лячэнні хваробаў. Больш за ўсё, аднак, гаспадара захапляла паляванне. Як ён сам распавядаў: "... тое астатняе досыць шчасліва для мяне праходзіць... палявалі мы на двух мядзьведзяў, абодва на мяне выбеглі разам, і я абодвух забіў двума стрэламі...”. Яно і не дзіўна, бо адвагі і умення валодаць сабой вялікаму абознаму ніколі не бракавала.
     Тут, у Хойніках, суджэнцы спарадзілі пяцёра дзяцей, з якіх двое заўчасна памерлі...
    
Айчыны збаўлення памочнікі
     3 мая 1791 года Вялікі сейм у Варшаве прыняў Урадавую ўставу – першую ў Еўропе і другую ў свеце (пасля ЗША) Канстытуцыю. Яе з’яўленне было паклікана ўмацаваць Рэч Паспалітую і забяспечыць ад пагрозы канчатковага падзелу Аўстрыйскай, Прускай і Расійскай манархіямі. Большасць шляхты Вялікага княства Літоўскага, да якога належала асноўная тэрыторыя Беларусі, і Каралеўства Польскага, куды ўваходзіў Хойніцкі рэгіён, прыязна ўспрыняла Канстытуцыю 3 мая. Па ўсёй краіне пракацілася хваля ўрачыстасцяў з нагоды вялікай падзеі. Не застаўся ў баку ад яе і гэткі слынны патрыёт, як Караль Прозар.
    Варшаўская "Gazeta narodowa і obca” ад 13 ліпеня 1791 г. пісала, што ўжо 11 чэрвеня рэзідэнцыя ў Хойніках сустракала гасцей з суседніх Мазырскага і Рэчыцкага ды з свайго Оўруцкага павету. А назаўтра, на самым світанні, сотняй стрэлаў з гармат быў абвешчаны пачатак святкавання. Каля 10-й гадзіны гаспадары, Караль і Людвіка Канстанцыя Прозары, разаслалі прыбылым гасцям знакі патрыятычнай еднасці: кавалерам – нагрудныя банты з зялёна-белых стужак (колераў параднага касцюма эпохі каралявання дынастыі Сасаў), а дамам – белыя галаўныя стужкі з надпісам "Кароль, Права і Айчына”. Вялікае ўражанне ў сваіх аднастайных строях выклікала гэтая грамада прыхільнікаў Канстытуцыі, зычліўцаў шчасця і росквіту ўласнай Айчыне!
    Потым усе рушылі да касцёла (відавочна, у Астрагляды), дзе ўзялі ўдзел у святой імшы, слухалі казань, змест якой ксёндз Глінскі, пробашч астраглядаўскі, дастасаваў да урачыстай падзеі. Як заўжды ў падобных выпадках прысутныя праспявалі гімн Te Deum laudamus (Цябе, Бога, услаўляем).
    Пасля набажэнства гасцей запрасілі на святочны абед. Пасярод вялізнага, адмыслова і з густам сервіраванага стала, была пастаўлена мадэль Касцёла Славы, на чатырох фасадах якога – гербы Кароны (Белы Арол) і Літвы (Пагоня), караля і маршалкаў Літоўскай канфедэрацыі. Унутры, на алтары, складзены быў вянок з прысвячэннем ад грамадзян краіны "Станіславу Аўгусту, каралю польскаму, айцу і збаўцу Айчыны...”. З абодвух бакоў алтара пастаўлены калоны з каралеўскімі знакамі і лічбамі.
    Пры канцы абеда быў агалошаны тост: "Віват кароль з народам і народ з каралём!” Затым пачаліся танцы. Весялосць трывала ўсю ноч ажно да наступнага дня пры бясконцых воклічах: "Віват кароль! Віват народ! Віват Канстытуцыя 3 мая! Віват дабрадзейныя Айчыны збаўлення памочнікі!”...
    Пазбавіць Айчыну ад небяспекі не атрымалася. Прыняццё Канстытуцыі толькі паскорыла інтэрвенцыю, дзеля якой урадам імператрыцы Кацярыны ІІ ужо была падрыхтавана 60-( на момант вайны амаль 100-) тысячная армія, а пазней створана Таргавіцкая канфедэрацыя з ліку магнатаў і шляхты – праціўнікаў Канстытуцыі.
    23 студзеня 1793 года Расія і Прусія падпісалі пагадненне аб другім падзеле Рэчы Паспалітай, паводле якога Хойнікшчына апынулася ў складзе Расійскай імперыі.
      З’езд шляхты
      У пачатку жніўня 1793 года сядзіба ў Хойніках прымала ўжо іншых гасцей (пераважна з Кіеўшчыны і Валыні) – удзельнікаў канспірацыйнай нарады, мэтай якой была падрыхтоўка ўзброенага выступлення супраць падзелаў Рэчы Паспалітай і за аднаўленне Канстытуцыі 3 мая. Сярод іх М. Дубецкім і К. Барташэвічам названыя адзін з галоўных арганізатараў Ігнацы Дзялынскі з Траянова, оўруцкі падкаморы і уладальнік Олеўскага ключа Тадэвуш Нямірыч, сеймавы пасол Каятан Праскура, стражнік літоўскі з суседняга Барбарова Ян Мікалай Аскерка, абат оўруцкіх базылян, кляштару якіх належалі, дарэчы, вёскі сучаснага Хойніцкага раёна Дронькі і Малочкі, Юзафат Ахоцкі з Шэпелічаў, яго пляменнік, аўтар успамінаў пра падзею Ян Дуклан Ахоцкі, прэзідэнт тагачаснага (пасля пераходу Кіева пад уладу Расіі ў 1667 г.) цэнтра Кіеўскага ваяводства г. Жытоміра Левандоўскі, суддзя Дуброўскі, староста Богуш, рэгент Асташэўскі, канонік Кулікоўскі, ксёндз Саламановіч, Станіслаў Траццяк і інш. – усяго два дзесяткі асобаў. Усіх удзельнікаў, як слушна заўважыў М. Дубецкі, назваць немагчыма, бо іх імёны засталіся невядомыя нават расійскай следчай камісіі ў Смаленску. З Хойнік жа шэф І. Дзялынскі, акрамя карысных рашэнняў, вывез дваццаць пяць тысяч дукатаў, сабраных патрыётамі (у другой палове жніўня Я. Ахоцкі2, наведаўшы маёнтак К. Прозара, атрымаў яшчэ восем тысяч, а ў канцы снежня – шаснаццаць тысяч чырвоных злотых; акрамя таго, М. Паўша паказаў на следстве, што Прозар даваў дзве тысячы дукатаў на ўтрыманне Пінскай паўстанчай брыгады3).
   Пасля нарады, ва ўмовах канспірацыі, абозны разам з іншымі патрыётамі пачалі актыўную працу па нарыхтоўцы "медыкаментаў” (зброі), па падбору "лекараў” (камандзіраў), каб урэшце распачаць "лячэнне” (паўстанне).
  У пачатку 1794 г. Караль Прозар прадаў або аддаў у заставу свае літоўскія маёнткі4, ахвяраваўшы на арганізацыю паўстання вялікую суму грошай. М. Дубецкі дапусціў, што яна магла складаць каля мільёна злотых5, хоць ні ў адным дакуменце гэта не значыцца. У Варшаве спіскоўцы (удзельнікі барацьбы) нават прапаноўвалі вялікаму абознаму стаць на чале ўсяго руху, але ён адмовіўся, спаслаўшыся на недасведчанасць у вайсковай справе, што магло толькі дарэмна загубіць людзей. Разам з тым пагадзіўся паехаць у Дрэздэн і пераканаць Тадэвуша Касцюшку прыняць гонар быць дыктатарам паўстання, ад чаго той дагэтуль таксама адмаўляўся. Гэта яму з цяжкасцю, але ўдалося. Т. Касцюшка прызначыў К. Прозара намеснікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і сваім паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх дывізіях войска ВКЛ.
      Сярод лясоў і багнаў Палесся
    Разгарнуць паўстанне ў нашым рэгіёне не хапіла часу. Давялося ратавацца. К. Прозар і капітан Гамількар Касінскі 20 красавіка 1794 г. выехалі з Хойнікаў да Юравічаў. Але Ян Аскерка, стражнік літоўскі і ўладальнік Барбарова ў сучасным Мазырскім раёне, праз свайго пасланца папярэдзіў, што іх там ужо чакаюць расійскія жаўнеры. Выратаваўшы сяброў, сам пацярпеў – быў арыштаваны і ўрэшце памёр у сібірскай ссылцы ў Табольску.
    У Хойнікі расійскія аддзелы ўступілі ў аўторак 22 красавіка апоўдні. Ішлі з двух бакоў, збліжаючыся да двара (г. зн. да "Замку”), як быццам засцерагаліся засады. Камандзірамі іх былі "паляк на расійскай службе” Яворскі і падпалкоўнік Таўберт. Не заспеўшы абознага ў Хойніках, узялі ў заложнікі дзесяцімесячнага сына Уладыся6. На маёнтак быў накладзены секвестр (забарона карыстацца ім), а Людвіка Канстанцыя з іншымі дзецьмі і маці Марыянай вымушана выехаць за аўстрыйскую мяжу ў Львоў, дзе і жыла пэўны час пад прозвішчам "мадам Прэво (Prevot)”7.
    А як жа К. Прозар? Ён блукаў сярод лясоў і багнаў, рэдка сустракаючы чалавека ды маючы дах над галавой. Зофія Аскерчанка, жонка Мечыслава Прозара, у кароткай нататцы згадала пра вядомае кожнаму валасцяніну ўрочышча Княжа, як абознага часта называў мясцовы люд (!), відавочна, па старой звычцы звяртацца да папярэдніх уладальнікаў Шуйскіх. Нібы ў тым менавіта ўрочышчы яго, ледзь жывога, напаткаў і перавёз у сваю леснічоўку просты чалавек, а пасля, калі расійскія жаўнеры прыйшлі, папярэдзіў аб небяспецы8. Шэсць доўгіх тыдняў хаваўся Прозар ад праціўніка і за гэты час ніхто з сялян, нягледзячы на жаўнерскія катаванні ды ўладныя абяцанні шчодрай узнагароды, не выдаў яго месцазнаходжанне так, каб абознага схапілі  (ніжэй змешчаны ліст Кацярыны ІІ да Туталміна).


       Урэшце, яму давялося пайсці да мазырскага гараднічага Пшыборы і прызнацца, хто ён, сказаўшы пры тым: "Калі адчуваеш яшчэ ў сабе… шляхетную кроў, – ратуй нешчаслівага Прозара”. Узрушаны гараднічы абяцаў паратунак і ведаючы аб размяшчэнні расійскіх войск, задумаў прабрацца абыходнымі шляхамі. Узяўшы Прозара за свайго "вазніцу”, праехаў з ім небяспечныя месцы. Цікава, што ў гэтым падарожжы абозны трымаў пад сярмягай пісталеты, але і ў Пшыборы былі свае. У дарозе занепакоены Прозар сказаў гараднічаму, што праз чвэрць мілі будзе казацкі пост, і ці не спакусіцца той на вялікую ўзнагароду ды не здасць яго нешчаслівага? На што Пшыбора адказаў: "Аддаю пану мае пісталеты і калі падману, дык зараз жа выпалі з іх мне ў грудзі”
      Пасля 1794 года… 
      Паўстанне пацярпела паражэнне і Караль Прозар быў вымушаны эмігрыраваць. У Парыжы, Венецыі, Вене ён разам з іншымі эмігрантамі, многіх з якіх утрымліваў за свой кошт, распрацоўваў планы стварэння легіёнаў дзеля вызвалення польскіх земляў, якія адышлі да Аўстрыйскай імперыі паводле першага і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай.
    У 1797 годзе многія аднадумцы і сябры Прозара (з тых, хто выжыў) вярнуліся з Сібіры на Радзіму; ён таксама атрымаў амністыю, але ў Хойнікі вярнуўся толькі ў 1802 годзе. Да актыўнай палітычнай дзейнасці абозны вярнуўся ў 1812 годзе, з прыходам напалеонаўскай арміі: вітаў у Смаленску французскага імператара ад імя шляхты былога ВКЛ, падтрымаў яго намеры адносна Расіі, марна спадзеючыся, што той дапаможа ўзняць з каленаў гаротную Айчыну, заняў пасаду старшыні Скарбовага камітэту ў Часовым урадзе.
    Пасля разгрому французаў зноў выехаў з Беларусі (гэтым разам у Кракаў). Амністыя 1814 года дазволіла яму вярнуцца ў Хойнікі.
   У 1819 годзе Караль Прозар стаў сябрам створанай у Варшаве тайнай арганізацыі "Нацыянальнае масонства”, пераўтворанай у 1821 годзе ў "Патрыятычнае таварыства” на чале з Валерыянам Лукасінскім. Ш. Аскеназы ў кнізе "Łukasiński" (Warszawa, 1908. T. II. S. 78-79) засведчыў, што дзеля каардынацыі дзейнасці ў вызвольным руху трох правінцый Падольскай, Валынскай і Кіеўскай меркавалася стварыць асобны Цэнтральны Камітэт на чале з К. Прозарам і з месцам паседжанняў папераменна ў Кіеве і Любары. Яму ж "Таварыства" нібыта даручыла ўсталяваць кантакты з дзекабрыстамі. Ці меў К. Прозар хоць якое дачыненне да паўстання апошніх? Дзекабрысты называлі яго ў сваіх паказаннях дзеячам "Патрыятычнага таварыства" ў Варшаве, але пра сувязі з ім не сказалі ні слова. Арыштаваны В. Лукасінскі таксама не апраўдаў спадзяванняў імперскага следства. Аднак абозны быў зняволены.
    У ліпені 1826 года К. Прозара прывезлі ў Мінск, адтуль перавялі ў былы кармеліцкі кляштар у Варшаве. На ўсіх допытах ён прызнаваў свой удзел у тайнай масонскай ложы, але адмаўляў прыналежнасць да патрыятычнага таварыства. Не здолеўшы нічога даказаць па справе абознага, яго, на ўсялякі выпадак, адправілі ў Пецярбург у Петрапаўлаўскую крэпасць9.
   Людвіка Канстанцыя, спадзеючыся сустрэцца з мужам, выехала ў Варшаву, дзе маглі трымаць Караля. Затрыманая ўладамі ў Брэсце, яна неаднаразова звярталася з лістамі да імператарскага намесніка ў Польшчы вялікага князя Канстанціна Паўлавіча Раманава, але гэтак і не дачакаўшыся адказу, у лютым 1828 года памерла тамсама ў Брэсце. Пахавалі Людвіку ў бліжэйшай на шляху жалобнага картэжу уніяцкай царкве Хойніцкага маёнтка ў сяле Вялікі Бор10.
   Толькі ў маі 1829 года Караля Прозара прызналі ад "тае справы свабодным” і дазволілі вярнуцца ў свой маёнтак. Даведаўшыся пра смерць жонкі, ён перавёз яе труну ў Хойнікі. Тады і адбылася жалоба, пра якую паведаміў стары пергамент, знойдзены ў 1965 годзе ў час земляных работ. Каля хойніцкіх могілак быў адкрыты склеп з жаночым пахаваннем. Паводле слоў старажылаў, ранейна тым месцы была каталіцкая капліца (людзі казалі "касцёл”). У труне ляжалі таксама бутля ўрэцкага шкла са скруткам пергаменту і манеты: дукат і два злотыя 1831 года...11. На пергаменце – эпітафія, пазначаная 9 мая 1829 года, у якой былі словы: "Лёс люты і тыранскі, які трымаў мяне ў жорсткай няволі за інтарэсы Айчыны, не дазволіў мне раней аддаць Табе апошні доўг. Страціўшы Цябе, я і дзеці мае агарнуліся вечным і бясконцым смуткам...”
    Гэтае прысвячэнне падпісалі не адно Караль Прозар і родзічы, але многія з тых, хто знаў Людвіку Канстанцыю пры жыцці.
   Паўстанне 1830 – 1831 гадоў прайшло без непасрэднага ўдзелу абознага. Не абышлося, праўда, без "прафілактычных” даносаў з боку рэчыцкага павятовага спраўніка ды заўсёдных і дабраахвотных інфарматараў расійскіх уладаў у Беларусі – праваслаўных святароў. Паводле іх, паны Солтан і Манцэвіч разам з Прозарам меліся актыўна намаўляць сваіх валасцян да ўдзелу ў паўстанні і арганізоўваць узброенныя аддзелы. Даносы гэтыя былі беспадстаўныя. Так, маршалак Ануфры Галецкі прапаноўваў 70-гадоваму Каралю Прозару ўзначаліць нават агульны для Рэчыцкага, Мазырскага і Оўруцкага паветаў урад. Меркавалася стварыць вайсковы кантынгент колькасцю да 1000 чалавек пад яго камандай і пра гэта стала вядома расійскім уладам. Але былы абозны ВКЛ адмовіўся, спаслаўшыся на фізічную слабасць і негатыўнае стаўленне да гэтай прапановы сыноў Уладзіслава і Юзафа. А калі б не адмовіўся, дык ці налічвалі б аддзелы паўстанцаў на Хойнікшчыне ўсяго некалькі дзесяткаў чалавек?! Фізічная слабасць... Як ён сам прызнаваўся, ні турмы, ні іншыя мучэнні фізічныя і пакуты душэўныя за Айчыну так не пахіснулі яго здароўе, як смерць жонкі Людвікі.

    Але ўсё ж пэўную сувязь з паўстанцкімі коламі Караль Прозар падтрымліваў, пра што пераканаўча сведчыць хойніцкая знаходка 1965 года. Маюцца на ўвазе манеты. Справа ў тым, што і дукат, і два злотыя – гэта "манеты мяцежныя” або "манеты рэвалюцыйныя”, як называлі іх у афіцыйным расійскім справаводстве 1830-х гадоў. Яны мелі сімволіку незалежнай Рэчы Паспалітай – польскага Белага Арла і літоўскую Пагоню, – выпускаліся з ініцыятывы паўстанцкага ўраду Варшаўскім манетным дваром і толькі ў 1831 годзе. Расійскі ўрад вельмі актыўна выводзіў гэтыя манеты з абароту. Таму, як лічыць В. Н. Рабцэвіч, недзе ў 1831 або 1832 годзе К. Прозар адчыніў жончын склеп і пакінуў у ім "мяцежныя манеты”. Там іх, прынамсі улады, шукаць бы не ўзяліся.   

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Март 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024