Воскресенье, 16.12.2018
Хойнікшчына
Меню сайта
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Аляксандр Юстыніян Аскерка
(1830 1911)
Туга пустэльных бальшакоў
Пад ценем вербаў круглаверхіх
Карэта ўзорная Аскеркі
Скрыпіць, прастуе ў Рудакоў
Мікола Мятліцкі

      Наш знакаміты зямляк Аляксандр Юстыніян, сын Уладыслава і Ядзвігі з Гечэвічаў, Аскерка нарадзіўся ў маёнтку Рудакоў у 1830 г. Скончыў Пецярбургскі універсітэт. Там жа, на берагах Балтыкі адбываў вайсковую службу ў грэнадзёрскім імя караля Фрыдрыха Вільгельма палку. Як афіцэр рэзерву мог стаць непасрэдным удзельнікам Крымскай вайны 1853 – 1857 гг. Звольнены ад службы па хваробе ў чыне паручніка, у Рудакове, які пасля смерці бацькі перайшоў да старэйшага брата Генрыка, не жыў, а пасяліўся ў сваім маёнтку Раеўшчына, што ў Вілейскім павеце. З гэтага часу і пачалася яго актыўная грамадская дзейнасць.
     У 1858 г. А. Аскерка працаваў у Мінскім губернскім па сялянскіх справах камітэце. Браў удзел у рабоце рэдакцыйных камісій у Пецярбургу, а з 1861 г. працягваў рыхтаваць умовы правядзення сялянскай рэформы ўжо ў Вільні. Быў супрацоўнікам Віленскай археалагічнай камісіі ды камісіі, якая займалася апекаю над дзецьмі. У газеце "Kurier Wileński" прапагандаваў неабходнасць стварэння сельскіх школ і бібліятэк для беларускага, польскага і літоўскага насельніцтва, якое пражывала на Віленшчыне. У 1862 г. арганізаваў у Варшаве выданне "накладам кнігарні Цэльса Лявіцкага ў Гмаху Тэатру", у друкарні К. Кавалеўскага буквара-катэхізіса ("Элементаж для добрых дзетак-католікаў"). На 40 старонках брашуры змяшчаўся алфавіт, азы арыфметыкі і асноўныя рэлігійныя павучанні, сярод якіх: "Старайся, каб дзеткі твае вучыліся… чытаць і пісаць".
     Відавочна, пасля апублікавання Маніфесту 19 лютага 1861 г. аб адмене прыгону, каб забяспечыць эканамічныя інтарэсы шляхты ад яго стратных наступстваў, А. Аскерка стварыў і ўзначаліў Літоўскае Земскае Крэдытнае Таварыства (ЛЗКТ). Меркавалася, што сябрамі яго стануць усе дваране-землеўладальнікі заходніх губерняў і такім чынам у рамках арганізацыі, непадкантрольнай дзяржаве, будуць аб’яднаныя землі і фінансы краю. Гэта, побач з чаканым дыпламатычным ціскам з боку Вялікабрытаніі і Францыі, быў адзін з тых мірных спосабаў дасягнення незалежнасці ад Расійскай імперыі, на якія спадзяваліся сябры партыі "белых" у Беларусі і Літве.
       Змест радкоў "Інакш было б усё тады, Каб не спалохам трэсла "белых" з верша М. М. Мятліцкага "Вяртанне Аляксандра Аскеркі" (зборнік "Бабчын") не адпавядае рэальнасці. Сам жа Аскерка быў у кіраўніцтве "белых". І як афіцэр у мінулым ён, падобна Рамуальду Траўгуту і многім іншым, разумеў, што адно толькі ўзброенае выступленне не здольнае супрацьстаяць ваеннай машыне Расіі, колькі б тая ні цярпела паражэнняў ад знешніх праціўнікаў. Гісторык, аспірант ГрДу імя Я. Купалы, С. П. Марозаў* падаў архіўныя звесткі, паводле якіх ЛЗКТ, магчыма, не ад самога заснавання, але было сапраўдным цэнтрам падрыхтоўкі паўстання, а ў выпадку яго перамогі стала б гатовым урадам для адноўленага Вялікага Княства Літоўскага. Даследчык прывёў меркаванне нейкага чына з царскай адміністрацыі С. Крэйца, які ў другой палове 1860-х гг. рыхтаваў да выдання выкрывальныя матэрыялы пра А. Аскерку: "если разобрать деятельность этого мирного революционера и его намерения, они окажутся несравненно выше всех подвигов Сераковских, Звиждовских и Калиновских. Пресловутый воевода Сераковский просто приехал на готовое уже восстание, которого ни повести, ни поддержать не сумел... Калиновский... это был полусумасшедший человек, одарённый сильною волею, известной дозой ума и так называемой мужицкой хитростью... Он стремился к осуществлению какой-то идеальной Литвы из простого народа..."**. Гэта ацэнка праціўніка.
   Наступна прапануем характарыстыку Я. Гейштара***, які быў знаёмы з А. Аскеркам ад 1846 г. і моцна паўплываў на яго погляды. З урыўка становіцца зразумелым, чаму кандыдатура нашага земляка афіцыйна прапаноўвалася ў будучы Нацыянальны ўрад.
   "То быў чалавек замкнёны ў сабе, спакойны, халодны. Розум вялікі, погляд ясны, цвярозы, упартасць у працы непараўнальная, амбіцыя вялікая, але не кідкая, здольная вычэкваць, бо ўпэўненая ў сабе. Да апладысментаў не прагны, хоць імкнецца міжволі да прыцягнення на свой бок усіх, бо ніколі нікому востра не супярэчыў. Пачуццё моцнае, але ўмее падпарадкоўваць яго абавязку. Перад ніякай асабістай ахвярай не адступае, але халоднакроўна падпіша кожны прысуд. Пры тым, аднак, бракуе ініцыятывы, жыватворнага духу; натура больш пасіўная, але з уменнем прысвоіць чужую ідэю і лепш яе выканаць, чым тыя, хто яе падаў, бо крытычна яе ацэніць і настойліва давядзе да выканання. Меркаванне пра людзей і іх веданне досыць добрае, не спакушаецца бачнасцямі, пяшчотнасцямі не забаўляецца, але ўмее быць добрым прыяцелям, мужам, бацькам і сынам. З яго пасіўным, чакальным характарам заўсёды і ўсюды можна быць карысным, але найменш у рашучыя хвіліны. У яго самастойныя погляды, у здольнасці вядзення самым чаго-небудзь не веру, але нават як міністр змог бы ўтрымацца і ні адну партыю супраць сябе канчаткова не настроіць… У Усоллі [А. Аскерка] казаў, што ўдзелам у арганізацыі і паўстанні абавязаны мне. Але ні на хвіліну ён не вагаўся, не падманваўся, бачыў, што гэта не забаўка, дарога да смерці без розгаласу, без славы! У справе сялянскай быў прыхільнікам вызвалення з прыгону, у грамадзянскай сферы найлепшым працаўніком, чынным апекуном дзяцей [памерлага] Сыракомлі. Калі я поруч з іншымі, магчыма, быў жыватворным духам грамадзянскай арганізацыі, то ён быў галавой, якая ўпарадкоўвала, а ў значнай частцы рукой, якая найбольш працавала. Адмоўнай рысай у Аляксандры была заўжды тая залішняя пасіўнасць, спадзяванне на час. Ён і Францішак [Далеўскі] – то дзве скрайнасці. Францішак ні з чым не ішоў на кампраміс, Аляксандр ні з кім не ўспыляў". Той жа Я. Гейштар заўважаў яшчэ, што А. Аскерка "доўгі час не быў для грамадства сімпатычны, пакуль шчырай працай, адданасцю справе не пераканаў усіх у сваёй высакароднай душы і вялікай карыснасці".
      У канцы лютага 1863 г. А. Аскерка ўвайшоў у склад паўстанцкага Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы – цэнтра кіравання паўстаннем, дзе загадваў вайсковымі справамі і віленскай гарадской арганізацыяй (на пасадзе начальніка г. Вільні). Лідар "чырвоных" К. Каліноўскі некаторы час быў адным з памочнікаў і толькі пазней узначаліў рэвалюцыйны ўрад.
     31 мая (12 чэрвеня) 1863 г. А. Аскерка арыштаваны, аб чым паводле былога ковенскага ваяводы, доктара Дзячкоўскага, шкадавалі роўна і "белыя", і "чырвоныя", прызнаючы, што з ім "рэвалюцыя панесла вялізную страту"****. На допытах істотных паказанняў не даў. Паводле Ежы М. Солдэка, мог быць прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага пасля рэвізіі прысуду на 15 гадоў сібірскай катаргі з пазбаўленнем "прав состояния" і канфіскацыяй маёнтка. Следам за асуджаным паехала да саляварняў Усолля ў Іркуцкай губерні і яго нявеста Тэадозія Грабоўская з Вялікага Мажэйкава (сучасны Шчучынскі р-н). Сціплая цэрымонія зашлюбінаў адбылася там жа, прычым выканаў абрад ксёндз-катаржнік.
      А. Аскерка быў паважаным чалавекам і сярод зняволеных ды пасяленцаў; абраны імі за старасту*****, усяляк дамагаўся паляпшэння умоваў знаходжання людзей у месцах адбыцця пакарання за прагу да волі. Пазней царскім маніфестам катарга была замененая на пасяленне і Аскеркам з дзецьмі далі магчымасць перабрацца ў Іркуцк. У дарозе, аднак, здарылася бяда – памёр іх маленькі сынок…
      У 1868 г. А. Аскерку дазволена было вярнуцца ў еўрапейскую частку імперыі, але не ў Беларусь і не ў Літву. Праз год сям’я дабралася да Салікамску ў Пермскай губерні, яшчэ праз два – да Екацярынаславу (сучасны Днепрапятроўск). Ад 1872 г. А. Аскерка з жонкай і дачкой Ядзвігай асеў у Варшаве, дзе пасля нарадзіліся яшчэ Зофія і Марыя. Рэдагаваў часопіс "Ateneum" і публікаваў артыкулы па сацыяльна-эканамічнай праблематыцы. У 1882 г. купіў на імя жонкі, як сведчыць Е. Солдэк, пляц на паўднёвым адхоне Гарматнай Гары ў Налэнчове і пабудаваў там драўляную вілу "Падгор'е", у якой жыў улетку з сям’ёй, а таксама здаваў пакоі пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт Антоній Эдвард Адынец, у свае маладыя гады быўшы сябрам Адама Міцкевіча і Яна Чачота, ды ветэраны паўстання 1863 года. У 1884 г. заўчасна памерла аслабленая сібірскімі выпрабаваннямі Тэадозія.
     А. Аскерка скарыстаў з дазволу варшаўскага генерал-губернатара на пераезд у Вільню, дзе ў 1885 – 1904 г. служыў дырэктарам тамтэйшага філіяла Варшаўскага таварыства страхавання ад агню. Як да нашага рэгіёну, то паводле ўспамінаў унука А. Раствароўскага******, у гэты перыяд дзядок найчасцей гасцяваў у старэйшай дачкі Ядзвігі Горват у Нароўлі (напэўна, заязджаў і ў Рудакоў да пляменніцы Алены, дачкі Генрыка, Ваньковіч). Астатнія ж гады жыцця правёў у малодшай – Марыі Мінейкі ў маёнтку Відзы Лаўчынскія, што ў сучасным Браслаўскім раёне на Віцебшчыне.
    Памёр 11 (24) студзеня 1911 г.*******, знайшоўшы сталы прытулак на віленскіх могілках Роса (на фотаздымку – магіла А. Аскеркі; на плане пазначана лічбай 40). Як сведчылі сучаснікі, пахаванне Аляксандра Аскеркі, апошняга прадстаўніка былога паўстанцкага ўраду на Літве, нягледзячы на паліцэйскі і вайсковы кардон, ператварылася ў вялікую патрыятычную маніфестацыю грамадскасці Вільні.

*Марозаў С. П. Літоўскае Земскае Крэдытнае Таварыства – малавядомы праэкт адраджэння Вялікага Княства Літоўскага // Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі (апошняя чвэрць ХІХ – пачатак ХХІ ст.): матэрыялы Рэсп. навук. канф. (Гродна, 23-24 кастр. 2008 г.) /ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: І.І. Коўкель (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2009. С. 70 75.
**Зразумела, што гэткая "ідэальная Літва" (ці Беларусь) – фантасмагорыя і на той час, і на сёння.
***Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857 - 1865. Tom I. Wilno, 1913. S. 165, 240 – 242
****Улады арыштоўвалі таксама брата Генрыка, які мусіў выконваць абавязкі начальніка Рэчыцкага павету, калі б паўстанне ахапіла наш рэгіён. Але гэтага не здарылася і старэйшаму Аскерку ўдалося апраўдацца.
*****Giller A. // Stuletniej niewoli rok pierwszy. Dzieło zbiorowe. Poznań, 1872. S. 172; Zofja Kowalewska. Ze wspomnień wygnańca z roku 1863. Wydanie drugie. Wilno, 1912. S. 144 – 145
******Сын сярэдняй дачкі А. Аскеркі Зофіі і архітэктара Тадэуша Раствароўскага; паводле яго праэкту, у 1905 – 1906 гг. у Рудакове збудаваны сядзібны дом, той самы з чырвонай цэглы, рэшткі якога мы можам бачыць і сёння (гл. кнігу: Rostworowski Andrzej. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. Warszawa, 2001)
******* А. Раствароўскі, аднак, сведчыць, што адбылося гэта на Веліканоч (у беларускай традыцыі: Вялікдзень, Пасха)…

Падрыхтаваў С. Бельскі

Вход на сайт
Поиск
Календарь
«  Декабрь 2018  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2018